355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ричард Дэвис Бах » Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 18:33

Текст книги "Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)"


Автор книги: Ричард Дэвис Бах



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Бах Ричард
Чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан (на белорусском языке)

Рычард Бах

ЧАЙКА ПА IМЕНI ДЖОНАТАН ЛIВIНГСТАН

Сапраўднаму Джонатану Чайцы,

якi жыве ў кожным з нас

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Была ранiца, сонца толькi што ўзышло i золатам пералiвалася на невялiкiх марскiх хвалях.

За мiлю ад берага з рыбацкага судна раскiдалi прынаду; вестка пра гэта адразу данеслася да Чарады, i тысяча чаек зляцелася сюды, каб у бойцы або хiтрыкамi раздабыць сабе хоць крыху харчу. Надышоў новы поўны клопатаў i турбот дзень.

I толькi чайка па iменi Джонатан Лiвiнгстан у самотнай адзiноце воддаль ад карабля i ад берага практыкавалася ў палётах. На вышынi ста футаў Джонатан апусцiў свае перапончатыя лапы, узняў угору дзюбу i, напружыўшы ўсю сiлу, перамагаючы боль, стараўся трымаць крылы выгнутымi дугой. Гэтакi выгiн даваў магчымасць зменшыць хуткасць, i цяпер ён ляцеў так павольна, што вецер у твар адчуваўся як лёгкi шэпт, а акiян, здавалася, замёр на месцы. Ад неймавернага намагання вочы ў Джонатана звузiлiся, у яго заняло дух, ён выгiнаў крылы яшчэ... яшчэ... яшчэ на адзiн дзюйм, i тады пер'е на iм стала дыбам, ён быццам спатыкнуўся i... упаў.

Чайкi, як вядома, нiколi не спыняюцца ў палёце. Для iх спынiцца ў паветры – няслава, сорам i ганьба.

Але Джонатан Лiвiнгстан, якi, анi не саромеючыся, зноў i зноў аж да напружанага трымцення выгiнаў крылы i запавольваў палёт да замiрання на месцы, быў незвычайны птах.

У большасцi чаек палёт служыць толькi для сама элементарнага: дабрацца ад зямлi да харчу i вярнуцца назад. Для большасцi чаек значэнне мае не палёт, а харч, ежа. А для гэтай чайкi менавiта палёт, а не ежа было сама важнае. Больш за ўсё на свеце Джонатан Лiвiнгстан любiў лятаць.

Ён зразумеў, што з такiм складам думак яму не заваяваць павагi i любовi астатнiх птушак. Нават яго бацькi непакоiлiся, што ён цэлымi днямi ставiць на сабе доследы, планiруючы на малой вышынi.

Ён, напрыклад, не ведаў, чаму так бывае, але калi ён ляцеў над вадою на вышынi меншай за палову размаху яго крылаў, дык мог з меншымi намаганнямi даўжэй лунаць у паветры. I такi палёт канчаўся ў яго не звычайным усплёскам ад удару лап аб ваду: яго моцна прыцiснутыя да цела лапы пасля дотыку да паверхнi мора яшчэ доўга пакiдалi роўны след на вадзе. Калi ж ён пачаў з падкурчанымi лапамi планiраваць на бераг, а пасля вымяраць крокамi даўжыню следу па пяску, бацькоў проста жах ахапiў.

– Чаму, Джон, чаму? – дапытвалася мацi. – Чаму ты не можаш быць такi, як усе, Джон? Чаму ты не пакiнеш гэтыя палёты над самай вадой пелiканам i альбатросам? I чаму ты нiчога не ясi? Сынок, ад цябе засталiся пер'е ды косцi!

– Ну i хай сабе пер'е ды косцi, мама. Проста я хачу ведаць, што я магу рабiць у паветры, а чаго – не, от i ўсё. Проста хачу ведаць.

– Паслухай, Джон, – спагадлiва вучыў бацька. – Хутка зiма. Караблёў будзе мала, а верхаводная рыба сыдзе на глыбiню. Калi табе так трэба вучыцца, вучыся здабываць ежу, вывучай яе. Палёты – гэта добра, але ты ж разумееш, што сыты iмi не будзеш. Не забывай: ты лятаеш, каб есцi.

Джонатан паслухмяна кiўнуў. Некалькi дзён потым ён стараўся рабiць тое, што ўсе чайкi, шчыра стараўся: разам з усёй чарадой крычаў i бiўся каля пiрсаў i рыбацкiх суднаў, нырцаваў па кавалкi рыбы i хлеба. Але прымусiць сябе цалкам аддацца гэтаму не мог.

"Якая дурнота, – падумаў ён i знарок адкiнуў з цяжкасцю здабыты анчоўс галоднай старой чайцы, што гналася за iм. – Увесь гэты час я мог бы вучыцца лятаць. Мне гэтак шмат чаму яшчэ трэба навучыцца".

I неўзабаве Джонатан быў зноў адзiн далёка ў бязмежным моры, галодны, шчаслiвы, поўны прагi да ведаў.

Тэмай яго заняткаў была хуткасць, i неўзабаве ён ведаў пра яе куды больш, чым сама быстралётная чайка на свеце.

З вышынi тысячы футаў, шалёна махаючы крыламi, ён рынуўся ў пiке i сцямiў, чаму чайкi не пiкiруюць гэтак крута. Ужо праз шэсць секунд ён ляцеў з хуткасцю семдзесят мiляў у гадзiну, а пры такой хуткасцi крылы трацiлi ўстойлiвасць на ўзмаху.

Так было раз за разам. Як нi стараўся ён, як нi напружваўся i як нi захоўваў асцярожнасць, але, дасягнуўшы вялiкай хуткасцi, ён трацiў кiраванне.

Набор вышынi тысяча футаў. Спачатку на поўнай хуткасцi ўперад, потым, не перастаючы працаваць крыламi, пераварот i крутое пiкiраванне. I кожны раз яго левае крыло спынялася на ўзмаху, ён рэзка завальваўся ўлева, запавольваў рух правага крыла, каб выраўняцца, але шалёны паветраны паток цягнуў яго за сабой, прымушаў бязладна куляцца цераз правае крыло i пераходзiць у штопар.

Нiяк не ўдавалася захаваць асцярожнасць на ўзмаху. Дзесяць спробаў зрабiў ён, i ўсе дзесяць разоў, як толькi хуткасць дасягала сямiдзесяцi мiляў у гадзiну, ён ператвараўся ў некiроўны, ускудлачаны камяк пер'я i плюхаўся ў ваду.

"Уся справа ў тым, – нарэшце прыйшло яму ў галаву, калi ён прамок да апошняга перца, – каб утрымаць крылы нерухома на вялiкай хуткасцi: махаць iмi, пакуль не набяру пяцьдзесят мiляў у гадзiну, а потым трымаць нерухома".

З вышынi дзве тысячы футаў Джонатан зрабiў новую спробу: ён перавярнуўся, нацэлiў унiз дзюбу i з таго моманту, як набраў пяцьдзесят мiляў у гадзiну, перастаў варушыць крыламi. Гэта вымагала неверагоднага напружання, але ён дамогся свайго, усё выйшла як след: праз дзесяць секунд ён iмчаўся з хуткасцю дзевяноста мiляў у гадзiну. Джонатан устанавiў сусветны рэкорд хуткасцi для чаек!

Але нядоўга ён цешыўся перамогай. Як толькi ён пачаў выходзiць з пiке, як толькi трошачкi змянiў паставу крылаў, яго падхапiў усё той жа дзiкi шалёны вiхор i на хуткасцi дзевяноста мiляў у гадзiну разрываў яго на шматкi, нiбы выбухам дынамiтнага зараду.

Джонатан-Чайка быццам узарваўся ў паветры i грымнуўся аб цвёрдую, як камень, паверхню мора.

Даўно ўжо сцямнела, калi памяць вярнулася да яго, i ён убачыў, што плыве пры святле месяца па акiяне. Ён адчуў свiнцовы цяжар пашматаных крылаў, але груз няўдачы быў яму яшчэ цяжэйшы. "От каб гэты цяжар зацягнуў на дно i на тым усё скончылася", – падумалася яму.

Ён пачаў ужо апускацца ў ваду, ды тут раптам дзесьцi ў самiм сабе пачуў незнаёмы глухi голас: "Выйсця няма. Я чайка. Я абмежаваны самою сваёю прыродаю i магу толькi тое, што магу. Калi б я быў прызначаны для таго, каб так многа ведаць пра палёты, у галаве ў мяне была б спецыяльная вылiчальная машына. Калi б я быў прызначаны для хуткасных палётаў, я меў бы кароткiя, як у сокала, крылы i харчаваўся б мышамi, а не рыбай. Праўду казаў бацька. Трэба забыцца на ўсё гэтае глупства. Трэба ляцець дадому, да сваёй Чарады i быць задаволеным, што я такi, якi ёсць, – слабая, абмежаваная ў сваiх магчымасцях чайка".

Голас змоўк, i Джонатан пагадзiўся з iм. Уночы чайка павiнна знаходзiцца на беразе, а з гэтай хвiлiны, пакляўся Джонатан, ён стане сама звычайнай чайкай. Ад гэтага ўсiм будзе толькi лепей.

Ён стомлена адарваўся ад вады i паляцеў да берага, усцешаны ўжо тым, што навучыўся лятаць на малой вышынi, бо такiя палёты дазваляюць эканомiць сiлу.

"Ды не, – падумаў ён. – Скончана з усiм, што было раней, з усiм, пра што я даведаўся. Я такая самая чайка, як i ўсе, i лятаць буду, як усе". Перасiльваючы боль, ён падняўся на сто футаў i, энергiчна махаючы крыламi, заспяшаўся да берага.

Ён адчуў палёгку, што прыняў рашэнне быць, як i ўсе ў Чарадзе. Не будзе больш той невядомай сiлы, што прымушала яго вучыцца, не будзе нi дзёрзкiх спроб, нi няўдач. Прыемна проста так ляцець на ўзбярэжныя агнi i нi пра што не думаць.

"Цемра!.. – той самы глухi голас унутры забiў трывогу. – Чайкi нiколi не лятаюць у цемры!"

Джонатан не зважаў на яго. "Так хораша! – думаў ён. – Свецiць месяц, агеньчыкi мiгцяць на вадзе, быццам праменьчыкi маякоў, i цiшыня, спакой..."

"Знiжайся! Чайкi нiколi не лятаюць у цемры! Калi б ты быў прызначаны для начных палётаў, ты меў бы вочы, як у савы! У цябе была б у галаве вылiчальная машына! I ты меў бы кароткiя, як у сокала, крылы!"

Там, на вышынi, сярод начной цемры Джонатан Лiвiнгстан зажмурыўся. Знiк боль, не засталося i следу ад прынятага рашэння.

Кароткiя крылы. Кароткiя, як у сокала, крылы!

"Вось дзе разгадка! Якi ж я быў дурань! Усё, што мне трэба, – гэта маленечкiя крыльцы: усё, што мне трэба, – гэта ўсяго толькi скласцi крылы i ляцець на самых кончыках! Кароткiя крылы!"

Ён падняўся на дзве тысячы футаў над морам i, нi секунды не думаючы пра няўдачу i пагiбель, моцна прыцiснуў да цела шырокiя часткi крылаў, падставiў ветру ўсяго толькi вузкiя, выгнутыя, як крывыя кiнжалы, iх кончыкi i рынуўся крута ўнiз.

У вушах жудасна зароў вецер. Семдзесят мiляў у гадзiну, дзевяноста, сто дваццаць, i хуткасць усё нарастала. Пры ста сарака мiлях у гадзiну вецер не адчуваўся цяпер з гэтакай сiлай, як раней пры сямiдзесяцi, i, крышку павярнуўшы кончыкi крылаў, ён плаўна выйшаў з пiке i шэрым ценем праляцеў над хвалямi, нiбы гарматнае ядро.

Ад ветру ён зажмурыў вочы так, што засталiся толькi вузенькiя шчылiнкi, яго перапаўняла радасць. "Сто сорак мiляў у гадзiну! I не страцiць кiравання! Цiкава, а калi паспрабаваць не з дзвюх, а з пяцi тысяч футаў..."

Добрыя намеры, клятвы, якiя ён даваў толькi што, былi забытыя, змецены магутным ветрам. Але, парушыўшы слова, дадзенае самому сабе, ён не адчуваў за сабою вiны. Такiя абяцаннi могуць даваць чайкi, якiя нiчым не вылучаюцца сярод iншых. Для таго, хто хоць дакрануўся ў пазнаннi да дасканаласцi, яны не маюць значэння.

Як толькi ўзышло сонца, Джонатан зноў узяўся за свае практыкаваннi. З вышынi пяць тысяч футаў рыбацкiя судны глядзелiся маленькiмi трэсачкамi на сiняй марской роўнядзi, а чайкi з Чарады, што кружылiся над iмi, здавалiся лёгкiмi пылiнкамi.

Джонатан быў поўны сiлы i энергii i толькi крыху ўздрыгваў ад радасцi; ён ганарыўся тым, што здолеў перамагчы страх. Потым, доўга не думаючы, ён абхапiў сябе крыламi, пакiнуўшы пад вуглом самыя кончыкi, i рынуўся зверху ў мора. Джонатан праляцеў чатыры тысячы футаў i набраў гранiчную хуткасць – вецер ператварыўся ў шчыльную сцяну, якая гула, вiбрыравала i не давала яму рухацца хутчэй. Цяпер ён ляцеў строма ўнiз з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць мiляў у гадзiну. Ад адной думкi, што, калi ён разгорне крылы, яго разарве на мiльён драбнюсенькiх шматкоў, у Джонатана заняло дух. Але хуткасць – гэта сiла, хуткасць – гэта радасць, хуткасць – гэта само хараство.

На вышынi тысяча футаў ён пачаў выходзiць з пiке. Ад ураганнай сiлы ветру крылы трымцелi i трапяталiся так, што чуўся толькi глухi дрыгат, а проста на яго дарозе з фантастычнай хуткасцю вырасталi карабель i чарада чаек.

Спыняцца на такой хуткасцi ён не ўмеў, нават не ведаў, як зрабiць паварот пры такой хуткасцi.

Сутыкненне азначала б iмгненную смерць.

I тады ён заплюшчыў вочы.

Гэтым ранкам адразу пасля ўсходу сонца Джонатан Лiвiнгстан равучым камяком ветру i пер'я з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць мiляў у гадзiну ўварваўся якраз у сярэдзiну Чарады. На гэты раз Чайка Ўдачы ўсмiхнулася яму, нiхто не загiнуў.

Калi, нарэшце, Джонатан здолеў скiраваць дзюбу ў неба, ён усё яшчэ iмчаўся з хуткасцю сто шэсцьдзесят мiляў у гадзiну. А калi запаволiў палёт да дваццацi мiляў i змог урэшце зноў распасцерцi крылы, карабель знаходзiўся на адлегласцi чатырох тысяч футаў ззаду ў яго i здаваўся невялiчкай шкарлупiнкай.

Ён разумеў, гэта – перамога. Гранiчная хуткасць! Чайка ляцiць з хуткасцю дзвесце чатырнаццаць мiляў у гадзiну! Гэта быў прарыў, незабыўны i непаўторны момант у гiсторыi Чарады i пачатак новай эры ў Джонатана-Чайкi. Каб не спыняць трэнiровак, ён падаўся ў зацiшную зону; там ён складваў крылы, пiкiраваў з васьмi тысяч футаў i неўзабаве навучыўся рабiць павароты.

Выявiлася, што на вялiзнай хуткасцi даволi паварушыць адным-адненькiм перцам на канцы крыла, каб зрабiць плаўны разварот. Аднак перш чым даведацца пра гэта, ён спазнаў, што варта паварушыць некалькiмi перцамi на такой хуткасцi, i пачынаеш круцiцца, як куля, выпушчаная з вiнтоўкi... Так Джонатан стаў першай на зямлi чайкай, якая выконвала фiгуры найвышэйшага пiлатажу.

У той дзень ён не захацеў губляць часу на пустыя размовы з iншымi чайкамi i не спыняў палётаў i пасля захаду сонца. Ён адкрыў сабе мёртвую пятлю, запаволеную бочку, шматвiтковую бочку, перакулены штопар, адваротны iмельман, вiраж.

Глыбокаю ноччу вярнуўся Джонатан-Чайка на бераг, да Чарады. Ён страшэнна стамiўся, ажно кружылася галава. Але ад радасцi ён пры пасадцы зрабiў мёртвую пятлю, а перад тым як дакрануцца да зямлi, – шматвiтковую бочку. "Калi яны пачуюць, – думаў ён, – калi яны даведаюцца пра Прарыў, дык ашалеюць ад радасцi. Наколькi багацейшае будзе цяпер жыццё! Замест таго каб паныла махаць крыламi ад берага да рыбацкiх суднаў i назад, у нас з'явiлася мэта! Мы здолеем узняцца над невуцтвам, зразумеем, што створаны для жыцця дасканалага, разумнага. Мы станем вольныя! Мы навучымся лятаць!"

Ён нiбы чуў музыку, нiбыта бачыў прывабнае святло будучынi.

Калi ён прызямлiўся, дык убачыў, што чайкi сабралiся на Вялiкую Раду, сабралiся даўно i чагосьцi чакалi.

– Чайка Джонатан Лiвiнгстан! Выйдзi на сярэдзiну!

Словы Старэйшыны прагучалi нязвыкла ўрачыста. Выклiк на сярэдзiну азначаў адно з двух: найвялiкшую ганьбу або найвялiкшую славу. Для ўшанавання Славай на сярэдзiну выходзiлi сама выдатныя важакi чаек. "Ну вядома, – падумаў ён, сёння ранiцай Чарада бачыла Прарыў! Але мне не патрэбна слава. Я зусiм не хачу быць важаком. Я хачу толькi падзялiцца тым, пра што даведаўся сам, паказаць тыя неабсяжныя далягляды, якiя адкрываюцца перад усiмi намi". Ён выйшаў наперад.

– Чайка Джонатан Лiвiнгстан, – сказаў Старэйшына, – выйдзi на Ганьбу перад сваёй раднёй!

Яму здалося, што яго з усяго маху выцялi дошкай. Зашумела ў вушах, ногi ў каленях аслабелi, пер'е адразу абвiсла. Яго выклiкалi на Ганьбу? Не можа быць! А Прарыў! Яны нiчога не зразумелi! Гэта памылка, памылка!

– ...сваёй шалёнай дзiвацкай безадказнасцю, – урачыста гучаў голас, груба растаптаў i зняважыў годнасць i традыцыi Сям'i Чаек...

Выклiк на сярэдзiну для ганьбавання азначаў, што ён будзе выгнаны з Чарады i асуджаны на адзiноту сярод Далёкiх Скалаў.

– ...калi-небудзь, Чайка Джонатан Лiвiнгстан, ты даведаешся, што безадказнасць не можа цябе пракармiць. Нам не дадзена спасцiгнуць сэнсу жыцця, бо ён недаступны нашаму розуму; мы ведаем толькi адно: мы iснуём на гэтым свеце, каб есцi i старацца пражыць як мага даўжэй.

Чайкi нiколi не пярэчаць Радзе Чарады, але Джонатан асмелiўся ўзвысiць свой голас.

– Безадказнасць? Браты мае! – усклiкнуў ён. – Цi знойдзецца хто-небудзь з большым пачуццём адказнасцi, чым чайка, якая знайшла сэнс, найвышэйшую мэту жыцця i прытрымлiваецца яе? Тысячы гадоў мы гойсаем, шукаючы рыбныя галовы, а цяпер у нас ёсць мэта – спазнаваць свет, адкрываць новае, быць вольнымi! Дазвольце мне, i я пакажу вам, чаму навучыўся...

З такiм жа поспехам ён мог загаварыць да камення. Чарада быццам знямела.

– Ты больш не Брат нам, – нараспеў прамовiлi чайкi, усе разам узмахнулi крыламi, затулiлi вушы i адвярнулiся ад яго.

Джонатан-Чайка рэшту сваiх дзён жыў адзiн, хоць адлятаў i на вялiкую адлегласць ад Далёкiх Скалаў. Але засмучала яго не адзiнота, а тое, што астатнiя чайкi адмовiлiся паверыць у радасць палёту, у святло, што палала перад iмi, адмовiлiся расплюшчыць вочы i ўбачыць.

З кожным днём ён дазнаваўся ўсё больш i больш. Ён даведаўся, што, пiкiруючы на вялiкай хуткасцi, можна здабыць рэдкую i смачную рыбу, якая збiраецца ў гурт на глыбiнi дзесяцi футаў; яму больш не патрэбны былi, каб выжыць, рыбацкiя судны i чэрствыя скарынкi хлеба. Ён навучыўся спаць у паветры, навучыўся лятаць наперарэз ветру, што дзьме з берага, i не збiвацца з курсу ўночы; ён мог праляцець ад усходу да захаду сонца сотнi мiляў. Тое самае нутраное чуццё вяло яго праз густыя марскiя туманы, узнiмала да сляпучага чыстага неба... а астатнiя чайкi ў гэты самы час тулiлiся на зямлi i не бачылi нiчога, апрача туманнай iмжы i дажджу. Ён навучыўся, асядлаўшы на вялiкай вышынi вецер, залятаць далёка на сушу i ласавацца там смачнымi насякомымi.

Ён адзiн атрымаў усё, чым, як ён калiсьцi спадзяваўся, будзе валодаць уся Чарада, i не шкадаваў той цаны, якую заплацiў за ўменне лятаць. Джонатан адкрыў сабе, чаму такое кароткае жыццё ў чаек, – прычынай таму нудота, страх i злосць; сам ён збавiўся ад гэтых пачуццяў, i жыццё яго было доўгае i сапраўды прыгожае.

I вось аднойчы вечарам, калi Джонатан спакойна i самотна лунаў у сваiм любiмым небе, з'явiлiся яны. Дзве чайкi, што вынырнулi побач з яго крыламi, былi чыстыя, як святло зорак, а ззянне, якое праменiлася ад iх, было лагоднае i сяброўскае ў свежасцi вечаровага неба. Але сама дзiвоснае было ў майстэрстве iхняга лёту: кончыкi iх крылаў увесь час знаходзiлiся на адлегласцi аднаго дзюйма ад яго крылаў.

Не кажучы нi слова, Джонатан наладзiў iм экзамен, якога не ведала яшчэ нiводная чайка. Ён выгнуў крылы i зменшыў хуткасць да мiлi ў гадзiну. Дзве зiхоткiя птушкi запаволiлi палёт разам з iм, i дыстанцыя памiж iмi анi не парушылася. Лятаць павольна яны ўмелi.

Ён склаў крылы, гайдануўся i кiнуўся ў пiке з хуткасцю сто дзевяноста мiляў у гадзiну. Бездакорна захоўваючы шыхт, яны таксама рынулiся ўнiз.

Тады на ўсёй хуткасцi ён скiраваў угору, робячы доўгую вертыкальную запаволеную бочку. З усмешкай яны зрабiлi тое самае.

Ён перайшоў на гарызантальны палёт i, перш чым загаварыць, нейкi час ляцеў моўчкi.

– Ну добра, – сказаў ён. I спытаўся: – Хто вы такiя?

– Мы з твае Чарады, Джонатан. Мы твае браты. – Словы iх гучалi стрымана, але ўпэўнена. – Мы прыйшлi, каб паклiкаць цябе на новую вышыню, туды, дзе твой дом.

– У мяне няма дому. У мяне няма Чарады. Я – Выгнаннiк. Цяпер мы ляцiм каля вяршынi Гары Вялiкага Ветру, i вышэй, чым на некалькi соцень футаў, мне, старому, ужо не падняцца.

– Гэта няпраўда, Джонатан, бо ты ўжо вучыўся. Адна школа скончана, настаў час пачынаць другую.

Святло розуму, якое ўсё жыццё свяцiла Джонатану, азарыла яму гэтае iмгненне. Ён зразумеў: яны кажуць праўду. Ён можа ўзляцець яшчэ вышэй, i яму сапраўды пара выпраўляцца дадому.

У апошнi раз ён акiнуў доўгiм позiркам гэтае неба, гэтую вялiзную серабрыстую зямлю, дзе ён гэтак шмат чаго даведаўся.

– Я гатовы, – сказаў ён урэшце.

I Джонатан Лiвiнгстан узняўся разам з дзвюма зiхатлiвымi, нiбы зоркi, чайкамi i знiк у непраглядна цёмным небе.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

"Дык, значыцца, гэта i ёсць неба", – падумаў ён i ўсмiхнуўся сам сабе. Мабыць, гэта не вельмi пачцiва – разважаць, якое яно, неба, не паспеўшы яшчэ пабыць на iм.

Узняўшыся над зямлёю i воблакамi, летучы ў цесным шыхце з зiхоткiмi чайкамi, ён заўважыў, як i яго цела становiцца гэткiм жа зiхатлiвым, як i ў iх. Ён нiбы быў тым сама маладым Джонатанам-Чайкай, якi заўсёды жыў у яго залацiстых вачах, але знешне ён змянiўся.

Яго цела засталося целам чайкi, але ляцеў ён куды хутчэй, чым калi-небудзь раней. "Дзiўна, – думаў ён, – я трачу ў два разы менш намаганняў, а лячу ў два разы хутчэй, чым у найлепшыя свае днi на Зямлi!"

Яго пер'е зiхацела сляпучай белiзной, а крылы былi гладкiя i роўныя, як з адпалiраванага срэбра. Узрадаваны, ён узяўся вывучаць i даследаваць свае новыя магчымасцi i з усяе сiлы замахаў крыламi. Пры двухстах пяцiдзесяцi мiлях у гадзiну ён адчуў, што гэта максiмальная хуткасць для гарызантальнага палёту. Пры хуткасцi дзвесце семдзесят тры мiлi ён парашыў, што ляцець хутчэй ужо не здолее, i быў нават трошкi расчараваны. I новае цела таксама мела мяжу магчымасцей, якая, хоць i намнога перавышала яго колiшнi рэкорд, усё роўна была мяжой, i, каб перасягнуць яе, былi патрэбны велiзарныя намаганнi. "А на небе, – думаў ён, – не павiнна быць нiякiх межаў".

Раптам заслона воблакаў разышлася, абедзве чайкi, што суправаджалi яго, крыкнулi: "Шчаслiвай пасадкi, Джонатан!" – i быццам расталi ў паветры.

Ён ляцеў над морам да зрэзанага гарыстага берага. Некалькi чаек практыкавалiся ў адначасовым узлёце са скалаў. Далёка на поўнач ад iх, каля самага гарызонта, лятала яшчэ некалькi чаек. Новыя далячынi, новыя думкi, новыя пытаннi: "Чаму так мала чаек? На небе iх павiнны быць вялiзныя чароды! I адкуль у мяне нечакана такая стома? Чайкi ж на небе не павiнны нiколi нi стамляцца, нi адпачываць".

Дзе ён пра гэта чуў? Памяць пра зямное жыццё страчвалася. Само сабой зразумела, Зямля была месцам, дзе ён шмат чаму навучыўся, але паасобныя дэталi распадалiся – штосьцi звязанае з ежай, з выгнаннем.

З берага ўзняўся тузiн чаек, каб прывiтаць яго, усе яны маўчалi. Але ён адчуў, што яму рады тут i што ён трапiў дадому. Гэты дзень быў у яго вельмi доўгi, такi доўгi, што свiтання яго ён ужо не памятаў.

Ён зрабiў разварот для пасадкi на беразе, узмахнуў крыламi, замёр у паветры за дзюйм ад зямлi i мякка апусцiўся на пясок. Астатнiя чайкi таксама прызямлiлiся, але нiводная з iх не ўзмахнула пры гэтым i перцам. Яны шырока распасцерлi свае беласнежныя крылы, павярнулiся супроць ветру i нейкiм адмысловым спосабам так наставiлi перцы, што спынiлiся ў той самы момант, як толькi лапкi дакранулiся да зямлi. Дзiвоснае валоданне сваiм целам! Але Джонатан занадта стамiўся, каб паспрабаваць паўтарыць iх манеўр. Так i не прамовiўшы нi слова, ён заснуў, стоячы на беразе.

У наступныя днi Джонатан зразумеў, што тут яму давядзецца даведацца пра палёты не менш новага, чым ён даведаўся за ўсё сваё ранейшае жыццё. Але тут была i рознiца. Побач з iм тут былi чайкi-аднадумцы. Сама галоўным у жыццi кожнай з iх было дасягнуць дасканаласцi ў палёце, бо палёт – гэта якраз тое, што яны любiлi больш за ўсё на свеце. Усе яны, дзiвосныя птахi, дзень пры днi, гадзiна за гадзiнай трэнiравалiся ў палётах, выконваючы складаныя фiгуры найвышэйшага пiлатажу.

Джонатан нiбыта забыўся пра той свет, адкуль ён прыйшоў, пра зямлю, на якой жыла Чарада, што моцна зажмурвала вочы перад радасцю палёту i карысталася крыламi толькi дзеля таго, каб здабываць ежу i бiцца за яе. Але час ад часу да яго на iмгненне вярталася памяць, i ён успамiнаў.

Аднойчы ранiцай, калi разам са сваiм настаўнiкам яны адпачывалi на беразе пасля некалькiх iмклiвых бочак, зробленых са складзенымi крыламi, ён спытаўся:

– Салiван, а дзе ўсе астатнiя? – спытаўся ён бязгучна, бо к гэтаму часу ён цалкам авалодаў не дужа складанымi прыёмамi тэлепатыi, якой карысталiся тут чайкi замест крыку i ляманту. – Чаму нас тут гэтак мала? Там жа, адкуль я прыляцеў, жылi...

– ...тысячы i тысячы чаек. Я ведаю. – Салiван пакiваў галавой. – Адно магу сказаць, Джонатан. Ты – птушка адна на мiльён. Большасць з нас iшла сюды куды марудней. Мы пераходзiлi з аднаго свету ў другi, амаль гэтакi ж, як i колiшнi, i адразу забывалiся, адкуль прыйшлi, не думалi, куды iдзём далей, i жылi жыццём толькi гэтай хвiлiны. Уяўляеш, праз колькi жыццяў трэба было нам прайсцi, каб зразумець, што iснуём мы не толькi дзеля яды i бойкi за ўладу ў Чарадзе? Праз тысячу жыццяў, Джон, праз дзесяць тысяч! А потым яшчэ сто жыццяў, перш чым мы пачалi спасцiгаць, што ёсць дасканаласць, i яшчэ сто, каб нарадзiлася думка: мэта жыцця – знайсцi гэтую дасканаласць i паказаць яе ўсiм. Ну i, вядома, гэтага ж правiла мы прытрымлiваемся i цяпер: выбiраем сабе наступны свет, зыходзячы з таго, што даведваемся ў гэтым. А калi нiчога не даведваемся, дык наступны свет будзе такi самы, як i гэты, з тым самым свiнцовым цяжарам абмежаванняў, якiя трэба пераадолець.

Ён распасцёр крылы i павярнуўся тварам супроць ветру.

– Але ты, Джон, – сказаў ён, – адразу даведаўся так многа, што табе не спатрэбiлася праходзiць праз тысячу жыццяў, каб дасягнуць гэтага жыцця.

Праз хвiлiну яны зноў трэнiравалiся ў паветры. Шматвiтковыя бочкi ў шыхце давалiся цяжка: у становiшчы дагары нагамi Джонатану трэба было думаць "наадварот", у процiлеглы бок паварочваць крылы, каб iх рух супадаў з рухам крылаў свайго настаўнiка.

– Паспрабуем яшчэ раз, – зноў i зноў гаварыў Салiван. – Паспрабуем яшчэ раз. – I нарэшце: – Добра.

I яны пачалi адпрацоўваць знешнiя петлi.

Аднойчы ўвечары свабодныя ад начных палётаў чайкi сабралiся разам i ў задуменнi стаялi на пяску. Джонатан сабраў усю сваю мужнасць i падышоў да Старэйшыны, якi, як казалi, неўзабаве павiнен быў пакiнуць гэты свет.

– Чыанг, – з хваляваннем загаварыў ён.

Стары лагодна паглядзеў на яго.

– Што, сын мой?

З гадамi Старэйшына не аслабеў, а, наадварот, стаў яшчэ дужэйшы. Ён мог выперадзiць у палёце любую чайку з Чарады i навучыўся такому, да чаго астатнiя толькi спакваля наблiжалiся.

– Чыанг, гэты свет – гэта ж яшчэ не неба?

Месяц асвятлiў усмешку Старэйшыны.

– Ты зноў вучышся, Джонатан-Чайка, – сказаў ён.

– Ну але. А што будзе пасля? Куды мы iдзём? I цi ёсць наогул такое месца неба?

– Не, Джонатан, такога месца няма. Неба – гэта не месца i не час. Неба гэта адчуванне дасканаласцi. – Ён памаўчаў з хвiлiнку. – Ты ж умееш хутка лятаць, праўда?

– Хуткасць... яна дае мне шчасце i асалоду, – сказаў Джонатан. Ён i засаромеўся i ў той жа час ганарыўся тым, што Старэйшына прыкмецiў яго.

– Ты дакранешся да неба, Джонатан, у той момант, калi дасягнеш дасканалай хуткасцi. Гэта не азначае ляцець з хуткасцю тысяча мiляў у гадзiну, або мiльён мiляў, або ляцець з хуткасцю святла. Бо любая лiчба – гэта мяжа, а ў дасканаласцi няма межаў. Лятаць з дасканалай хуткасцю – гэта апынуцца вунь там.

I тут жа Чыанг знiк i з'явiўся каля самай вады на адлегласцi пяцiдзесяцi футаў, адбылося гэта за долю iмгнення. Пасля ён зноў знiк i з'явiўся побач з Джонатанам усё за тую самую тысячную долю секунды.

– Гэта толькi жарт, – сказаў ён.

Джонатан стаяў агаломшаны. Пра неба ён i пытацца забыўся.

– Як гэта ў цябе выходзiць? I што ты адчуваеш? Як далёка можна вось гэтак трапiць?

– Куды хочаш i ў якi хочаш час, – адказаў Старэйшына. – Я пабываў ва ўсiх пунктах прасторы i часу, якiя толькi задумваў. – Ён паглядзеў на мора. – I вось што дзiўна: чайкi, якiя пагарджаюць дасканаласцю дзеля далёкiх палётаў, нiкуды не ляцяць i лятаюць павольна. А тыя, хто дзеля дасканаласцi забывае пра далёкiя падарожжы, могуць як згледзець вокам апынуцца дзе хочуць. Запомнi, Джонатан, неба – гэта не нейкае пэўнае месца або час, бо нi месца, нi час не маюць значэння. Неба – гэта...

– Ты можаш навучыць мяне гэтак лятаць? – Ад прадчування, што ён авалодае яшчэ чымсьцi нязведаным, Джонатан ажно дрыжаў.

– Вядома, калi ты хочаш навучыцца.

– Хачу. Калi мы пачнём?

– Можам адразу ж цяпер, калi ў цябе ёсць жаданне.

– Я хачу навучыцца гэтак лятаць, – сказаў Джонатан, i ў вачах яго з'явiўся дзiўны бляск. – Скажы, што я павiнен рабiць.

Чыанг загаварыў павольна, пiльна ўглядаючыся ў свайго малодшага сябра:

– Каб ляцець з хуткасцю думкi ў любое месца, трэба перш за ўсё ўсвядомiць, што ты ўжо туды прыляцеў...

Паводле слоў Чыанга выходзiла, што ўсё заключалася ў наступным: Джонатан павiнен перастаць бачыць сябе замкнутым у пэўным целе, якое мае размах крылаў сорак два дзюймы i абмежавана хуткаснымi магчымасцямi, якiя можна накрэслiць на схеме. Сутнасць у тым, каб усвядомiць: яго сапраўднае "я", дасканалае, як бясконцы лiк, жыве адначасова ў любым пункце прасторы i ў любы момант часу, жыве ўсюды i заўсёды.

Джонатан трэнiраваўся нястомна i неўтаймоўна, дзень пры днi, ад усходу сонца да поўначы. Але, нягледзячы на ўсе намаганнi, яму i на валасок не ўдавалася зрушыцца з месца.

– Забудзь пра тое, у што верыш! – раз-пораз паўтараў Чыанг. – Табе не патрэбна была вера, каб лятаць, трэба было зразумець, як лятаць. Так i тут. Давай паспрабуем яшчэ раз...

I вось аднойчы, калi Джонатан, у глыбокiм задуменнi заплюшчыўшы вочы, стаяў на беразе, яго нiбы працялi гэтыя словы Чыанга.

"Ну вядома ж, так яно i ёсць! Я сапраўды дасканалая Чайка, i ў мяне няма нiякiх межаў!" Ён адчуваў, як яго перапаўняе радасць.

– Добра, – сказаў Чыанг, i голас яго гучаў урачыста.

Джонатан расплюшчыў вочы. Разам са Старэйшынам ён стаяў на нейкiм зусiм незнаёмым беразе: да самай вады падступалi дрэвы, над галавой свяцiлi два жоўтыя сонцы.

– Нарэшце ты зразумеў галоўнае, – сказаў Чыанг, – але трэба яшчэ папрацаваць над кiраваннем...

Джонатан не мог апамятацца ад здзiўлення.

– Дзе мы?

Старэйшыну нiколькi не турбавала тое, што яны апынулiся ў незнаёмых мясцiнах, i ён спакойна адказаў:

– Вiдаць, на нейкай планеце, дзе неба зялёнае, а замест сонца падвойная зорка.

Джонатан радасна закрычаў – гэта быў першы гук з таго часу, як ён пакiнуў Зямлю.

– ВЫЙШЛА!

– Вядома, выйшла, Джон, – сказаў Чыанг. – Заўсёды выходзiць, калi ты ведаеш, што робiш. А цяпер пагаворым пра кiраванне...

Ужо сцямнела, калi яны вярнулiся. У залацiстых вачах астатнiх чаек свяцiлася павага да Джонатана: яны бачылi, як ён раптоўна знiк з таго месца, дзе столькi часу стаяў нiбы ўкопаны.

Вiншаваннi ён прымаў не больш хвiлiны.

– Я тут навiчок! Я толькi пачынаю! Гэта мне трэба ў вас вучыцца!

– Гэта як сказаць, – прамовiў Салiван. Ён стаяў побач з Джонатанам. – У цябе менш страху перад нязведаным, чым у любой чайкi, што я сустракаў за дзесяць тысяч гадоў.

Чарада маўчала, а Джонатану зрабiлася няёмка.

– Калi хочаш, мы пачнём працаваць над часам, – загаварыў Чыанг, – каб ты мог лятаць у мiнулае i ў будучае. I тады ты будзеш падрыхтаваны да сама цяжкага, сама адважнага i сама радаснага. Ты будзеш гатовы ўзняцца i спазнаць, што такое дабрыня i любоў.

Мiнуў прыблiзна месяц, Джонатан вучыўся з незвычайным поспехам. Ён i раней заўсёды хутка засвойваў усё на звычайных занятках, а цяпер, калi яго вучыў сам Старэйшына, ён убiраў у сябе веды, як дакладна запраграмаваны крылаты кампутар.

Але надышоў дзень, калi Чыанг знiк. Перад гэтым ён спакойна гутарыў з iмi з усiмi, пераконваў нiколi не спыняцца ў пазнаннi, трэнiроўках, iмкненнi глыбей зразумець дасканалы нябачны закон жыцця. I ў той час, як ён гаварыў, пер'е яго рабiлася ўсё ярчэйшае i ярчэйшае, пакуль не зазiхацела так, што чайкi не змаглi на яго глядзець i зажмурылiся.

– Джонатан, – сказаў ён, i гэта былi яго апошнiя словы, – не пераставай спасцiгаць, што такое любоў.

Калi ўсе зноў змаглi глядзець, Чыанга з iмi больш не было.

Мiналi дзень за днём, i Джонатан усё часцей пачаў лавiць сябе на тым, што думае пра Зямлю, якую ён пакiнуў. Калi б там ён ведаў хоць бы дзесятую, хоць бы сотую долю таго, што даведаўся тут, наколькi паўнейшае было б яго жыццё! Ён стаяў на пяску i пытаўся сам у сябе: "А што, калi там жыве чайка, якая змагаецца, каб вырвацца з абмежаванняў, iмкнецца ўбачыць сэнс палёту не толькi ў пагонi за скарынкай хлеба з рыбацкага судна? Магчыма, там ёсць i Выгнаннiк, якi асмелiўся выказаць словы праўды перад Чарадой". I чым больш займаўся Джонатан урокамi дабрынi, чым больш ён стараўся зразумець прыроду любовi, тым мацней хацелася яму вярнуцца на Зямлю. Бо хоць i жыў ён калiсьцi на адзiноце, але ад прыроды быў настаўнiкам, а выказаць сваю любоў ён мог толькi дзелячыся здабытай i зразуметай iм праўдай з любой чайкай, якой быў патрэбны толькi шчаслiвы выпадак, каб убачыць гэтую праўду.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю