Текст книги "Археалагічныя помнікі Міншчыны"
Автор книги: Міхась Чарняўскі
Жанры:
История
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Міхась Чарняўскі
АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ МІНШЧЫНЫ
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Археалагічныя помнікі Міншчыны, – Мінск: Полымя, 1988. – 24 с., іл.
Рэдактар: Т. Г. Мінчукова
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Міншчына, размешчаная на водападзеле Дняпра, Прыпяці, Нёмана i ix прытоках, багатая разнастайнымі стаянкамі i селішчамі, гарадзішчамі i замчышчамі, курганнымі i грунтавымі могільнікамі i іншымі археалагічнымі помнікамі – матэрыяльнымі сведчаннямі жыццядзейнасці нашых далёкіх продкаў.
Пісьмовая гісторыя краю пачынаецца з X стагоддзя. Але наяўныя пісьмовыя крыніцы надзвычай урывачныя i скупыя, да таго ж яны пераважна апавядаюць аб палітычнай дзейнасці феадалаў. Раскопкі археалагічных помнікаў дазваляюць значна папоўніць веды пра нашу гісторыю, атрымаць звесткі пра народную матэрыяльную i духоўную культуру, побытавыя рэаліі. Археалагічныя помнікі – адзіная крыніца фактаў з дапісьмовай эпохі Міншчыны i ў гэтым ix неацэннае значэнне.
Тэрыторыю сучаснай Мінскай вобласці першабытны чалавек упершыню засяліў у глыбокай старажытнасці – больш дзесяці тысячагоддзяў назад, на мяжы старажытнага (палеаліту) i сярэдняга (мезаліту) каменнага веку, калі сюды, на берагі буйнейшых вадаёмаў, праніклі носьбіты так званай свідэрскай археалагічнай культуры. Тагачаснае насельніцтва, аб'яднанае ў мацярынскія родавыя абшчыны, займалася паляваннем, рыбацтвам, збіральніцтвам i карысталася пераважна каменнымі (крамянёвымі) прыладамі працы. Частка прылад выраблялася з рагоў i касцей жывёл.
Шэсць тысячагоддзяў назад на Міншчыне пачаўся новы каменны век (неаліт), для якога было характэрным з'яўленне ляпнога глінянага посуду – керамікі i распаўсюджанне вытвараючых формаў гаспадарання – земляробства i жывёлагадоўлі пры захаванні вядучага значэння ранейшых заняткаў. Прылады працы, як i раней, вырабляліся пераважна з крэменю. Берагі мясцовых рэк i азёр у той час засялялі плямёны розных археалагічных культур: нёманскай – на захадзе, днепра-данецкай – на паўднёвым усходзе, верхнедняпроўскай – на ўсходзе, тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі i нарвенскай – у басейне Віліі.
Чатыры тысячагоддзі назад першабытнае грамадства на гэтай тэрыторыі ўступіла ў бронзавы век, калі пры ранейшай дамінацыі каменных прылад працы i зброі тут упершыню з'явіліся медныя i бронзавыя вырабы, інтэнсіўна развіваліся жывёлагадоўля i земляробства. У той час пачала зараджацца маёмасная няроўнасць, значна ўзрасло ў гаспадарцы значэнне мужчынскай працы, што прывяло да складвання патрыярхальна-родавых адносін. У пачатку бронзавага веку тэрыторыю вобласці засялялі плямёны розных культур шнуравой керамікі. У другой палове II тысячагоддзя да нашай эры поўдзень Міншчыны займала насельніцтва тшцінецкай культуры, усход – сосніцкай. У познім бронзавым веку ва ўжытку жыхароў паўночнай Міншчыны распаўсюдзіліся керамічныя вырабы з заштрыхаванымі паверхнямі.
Каля двух з паловай тысячагоддзяў назад старажытныя жыхары Міншчыны авалодалі таямніцай выплаўкі жалеза з балотнай руды i кавання з яго прылад працы i зброі. Далейшае развіццё жывёлагадоўлі, інтэнсіфікацыя ляднага (падсечнага) земляробства, ворыва ралам, ужыванне больш эфектыўных, чым каменныя, металічных вырабаў прывялі да росту лішкаў прадуктаў, да далейшага ўзрастання маёмаснай няроўнасці паміж асобнымі родамi i нават сем'ямі. Такія сацыяльна-зканамічныя зрухі выклікалі рост узброеных сутычак, i таму з пачатку жалезнага веку (каля сярэдзіны i тысячагоддзя да нашай эры) насельніцтва пачало ўмацоўваць свае паселішчы, ператвараючы ix у гарадзішчы. Праз тысячагоддзе далейшае развіццё грамадства прывяло да таго, што людзі пачалі зноў перасяляцца на неўмацаваныя паселішчы —селішчы, выкарыстоўваючы пакінутыя гарадзішчы толькі як сховішчы пад час небяспекі.
Асноўнымі археалагічнымі культурамі жалезнага веку на тэрыторыі вобласці былі мілаградская i зарубінецкая – на поўдні, штрыхаванай керамікі – у цэнтры i на поўначы. У пазнейшы час тут складваецца банцараўская культура. У жалезным веку на Міншчыне ўжо вядомы паселішчы старажытных славян.
У чацвёртай чвэрці I тысячагоддзя на нашых землях фармуецца раннефеадальнае грамадства. У гэты час паўднёвую i цэнтральную Міншчыну засялялі славянскія плямёны дрыгавічоў, паўночны ўсход – крывічоў, a паўночна-заходні край займала балцкае насельніцтва.
Развіццё феадальных адносін прывяло да ўзнікнення на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнасці. У эпоху Кіеўскай Русі (IX-XII стагоддзі) большасць Міншчыны належала Полацкаму княству, паўднёвая ж яе частка ўваходзіла ў склад залежнага ад Кіева Тураўскага княства. У канцы эпохі гэтыя княствы распадаюцца на больш дробныя феадальныя ўтварэнні. У гэты ж час на Міншчыне ўзніклі першыя вядомыя па летапісах гарады – Ізяслаў (канец X ст.), Менск (1067 г.), Лагожаск (1071 г.), Случаск (1116 г.), Барысаў (1127 г.), Клечаск (1128 г.). У XIII стагоддзі Міншчына ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага i аб'ядналася з астатнімі землямі Беларусі ў адной дзяржаве. З 1793 года ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мінскія землі адышлі да Расійскай імперыі. Пачынаючы з гэтага часу ўжо маецца дастаткова вялікая колькасць пісьмовых крыніц, у музейных фондах захавалася даволі шмат рэчавых матэрыялаў, таму пазнейшыя археалагічныя помнікі страчваюць значэнне для асвятлення гістарычнага працэсу.
* * *
Стаянкі – рэшткі паселішчаў людзей каменнага i бронзавага вякоў. Гэтыя помнікі каменнага веку падзяляюцца на мезалітычныя i неалітычныя. Не выключана, што на тэрыторыі вобласці будуць знойдзены i рэшткі паселішчаў самага канца палеаліту.
Стаянкі размяшчаліся ў непасрэднай блізкасці ад рыбных вадаёмаў, але ў мясцінах, недаступных паводкам, – на паплаўных дзюнах, прыбярэжных мысах i невялікіх узгорках. Яны займалі плошчу да 2-5 тысяч квадратных метраў, а культурны пласт на ix мог дасягаць 0,5-0,7 метра ў таўшчыню.
Стаянкі выяўляюцца археолагамі ў агаленні берагоў рэк i азёр, на краях кар'ераў, у прамыінах i на ўзаранай паверхні па цёмнай афарбоўцы культурных напластаванняў i асабліва па характэрных знаходках. На мезалітычных паселішчах Міншчыны сустракаюцца амаль толькі крамянёвыя вырабы – наканечнікі стрэлаў i дзідаў, нажы, скрабкі, скоблі, праколкі, разцы, мікралітычныя ўкладышы ў састаўныя прылады, сякеры, нуклеусы, з якіх сколваліся нарыхтоўкі прылад працы. З часоў неаліту тут з'яўляюцца шліфаваныя каменныя сякеры i вялікая колькасць абломкаў ляпных вастрадонных гліняных гаршкоў, аздобленых штамлаванымі арнаментамі з ямак, адбіткаў грэбня, наколаў, насечак, нарэзак. На паселішчах бронзавага веку, пры захаванні традыцыйнага для папярэдніх эпох набору крамянёвых вырабаў, зрэдку трапляюцца медныя i бронзавыя ўпрыгожанні i прылады працы.
Стаянка каля вёскі Русаковічы Стаўбцоўскага раёна
Надзвычай характэрнымі для гэтага часу робяцца каменныя шліфаваныя сякеры з прасвідраванымі для рукаятак адтулінамі. Кераміка бронзавага веку прадстаўлена амаль выключна абломкамі гліняных пласкадонных пасудзін, аздобленых шнуравымі адбіткамі, нарэзкамі, рознымі штампаванымі ўзорамі.
На некаторых стаянках сустракаюцца крэменеапрацоўчыя майстэрні, рэшткі агнішчаў, наземных i паўзямлянкавых жытлаў, гаспадарчыя ямы,
Паселішчаў мезалітычнага часу з добра выяўленым культурным пластом на Міншчыне знойдзена пакуль што мала. Найбольш вядомыя размешчаны каля вёсак Канкаловічы Стаўбцоўскага, Пясчанка Салігорскага, Міраслаўка Бярэзінскага раёнаў. Неалітычных жа стаянак тут вядома каля сотні. Некаторыя з ix раскопваліся археолагамі каля вёсак Мікольцы Мядзельскага, Сосенка Вілейскага, Кругліца, Русаковічы, Сверынава Стаўбцоўскага раёнаў. На большасці неалітычных стаянак людзі працягвалі жыць i ў бронзавым веку.
У выніку кліматычных змен асобныя прыбярэжныя стаянкі аказаліся паступова затопленымі i з часам затарфаваліся. Пад торфам у слабакіслародным асяроддзі захаваліся шматлікія знаходкі з арганічных рэчываў – рагоў, касцей, дрэва, кары. Такія тарфянікавыя стаянкі– найбольш багатыя крыніцы звестак пра жыццё нашых першабытных продкаў. Падобнае паселішча на Міншчыне знойдзена пакуль што адно – каля вёскі Зацэнне Лагойскага раёна. Па сабраным на ім вугалі яно датуецца сярэдзінай IV тысячагоддзя да нашай эры.
Знаходкі ca стаянак Міншчыны:
1-4 – наканечнікі стрэл, 5 – разец, 6 – скрабок, 7 – мікраліт, 8 – наканечнік дзіды, 9 – нож, 10 – гліняны гаршчок, 11 – сякера. 1 – вёска Мікольцы Мядзельскага раёна; 2, 3 і 6, 7 – вёска Заямнае Стаўбцоўскага раёна; 4 – вёска Зацэнне Лагойскага раёна; 5, 8-10 – вёска Кругліца Стаўбцоўскага раёна; 11 – вёска Сверынава Стаўбцоўскага раёна
Тут сустракаюцца касцяныя i рагавыя наканечнікі стрэл, кінжалы, гарпуны, праколкі, абломкі арнаментаваных гліняных гаршкоў. Гарадзішчы – рэшткі старажытных умацаваных паселішчаў людзей жалезнага веку i эпохі феадалізму. Яны размяшчаліся на прырэчных мысах у вусцях прытокаў або яроў, на высокіх берагах i паасобных узгорках. Найбольш характэрнымі адзнакамі гарадзішча з'яўляюцца адносна роўная пляцоўка ў цэнтры паселішча i стромкія высокія схілы, часта ўмацаваныя валамі i равамі. У старажытнасці на вяршынях валоў i па краях пляцоўкі знаходзіўся паркан, драўляная або каменная сцяна. На раннім часе такую сцяну месцамі ўтваралі зрубы ўшчыльную збудаваных хат. З эпохі феадалізму на Міншчыне захаааліся i гарадзішчы найбольш умацаваных частак старажытных гарадоў – дзядзінцаў. Гарадзішчамі таксама лічацца месцы, дзе знаходзіліся ўллацаваныя феадальныя сядзібы – замкi. Іx нярэдка называюць замчышчамі.
Каменная сякера
Інтэнсіўная гаспадарчая i іншая дзейнасць чалавечых калектываў на невялікіх увогуле гарадзішчанскіх пляцоўках, абмежаваных умацаваннямі, прыводзіла да накаплення часам шматмятровых культурных напластаванняў цёмна-шэрага колеру. Пры раскопках на гарадзішчах сустракаюцца рэшткі жыллёвых, абарончых, гаспадарчых i культавых збудаванняў i мноства рэчаў матэрыяльнай культуры – металічныя, касцяныя, драўляныя прылады працы, палявання, рыбацтва, земляробства, зброя, упрыгожанні, творы першабытнага i сярэдневяковага мастацтва, абломкі самага разнастайнага ляпнога i ганчарнага пласкадоннага посуду, шкляных вырабаў i шмат чаго іншага. На некаторых гарадзішчах i замчыщчах, дзе культурны пласт насычаны вільгаццю, выяўляюцца нават вымашчаныя дрэвам вуліцы, скураны абутак, рэшткі вопраткі.
Найбольш плённы спосаб выяўлення гарадзішчаў – роспыты мясцовага насельніцтва. Людзі звычайна добра ведаюць бліжэйшыя старажытныя ўмацаванні, маюць для ix шмат тапанімічных найменняў (гарадзішча, гарадок, гарадзец, замак, замэчак, замчышча, замкавая гара, чорная гapa, царкавішча, касцелішча, вал i інш.) i звязваюць з імі розныя паданні. Знайсці сярэдневяковыя дзядзінцы i замкі дапамагае i вывучэнне пісьмовых крыніц.
Тарфянікавая стаянка каля вёскі Зацэнне Лагойскага раёна
Гарадзішчы вядомы па ўсёй Міншчыне. Але асабліва шмат ix у Мядзельскім, Лагойскім, Барысаўскім раёнах. Часам яны ўтвараюць цэлыя скапленні, што тлумачыцца існаваннем родаў, якія складаліся з вялікіх патрыярхальных сем'яў. Напрыклад, у Мядзельскім раёне паміж вёскамі Нарач i Дзягілі на адлегласці ў 30 кіламетраў вядома не менш 7 падобных помнікаў.
Часцей за ўсё сустракаюцца гарадзішчы жалезнага зеку, плошча якіх складае ў сярэднім 0,4-0,7 га. Археалагічнымі раскопкамі даволі грунтоўна даследавана больш 10 такіх помнікаў, сярод якіх гарадзішчы каля вёсак Банцараўшчына, Лабеншчына i Збаравічы Мінскага, Аздзяцічы Барысаўскага, Вязынка Маладзечанскага, Малышкі Вілейскага, Васількоўка Лагойскага раёнаў. На Лабенскім гарадзішчы добра прасочваецца характар абарончых збудаванняў. Спачатку паселішча было неўмацаванае, але пасля пажару, які, мабыць, узнік у выніку варожага нападу, яго жыхары зрабілі больш стромкімі схілы ўзгорыстага мыса, падсыпалі краі суглінкам і супессю, а па перыметру пляцоўкі збудавалі драўляную сцяну, якая падтрымлівалася ўкапанымі ў зямлю слупамі. На найбольш даступных краях гарадзішча былі насыпаны тры валы, а паміж імі выкапаны равы. Спадзістыя ўчасткі схілаў таксама ўмацаваны дадатковымі валамі. На самой пляцоўцы размяшчаліся доўгія жытлы слупнай канструкцыі, у якіх знаходзіліся каменна-гліняныя агнішчы падковападобнай формы. Каля аднаго з ix знойдзена 9 жалезных сярпоў, 3 шылы, нож, абломак невялікага наканечніка дзіды, 3 шпількі, бронзавыя падвескі, пярсцёнак, скроневае кальцо, абломкі тыгляў для плаўкі металаў, 48 праселак, абломкі гаршкоў i іншыя рэчы. Знаходкі сустракаліся i навокал іншых агнішчаў.
Гарадзішчаў эпохі феадалізму на Міншчыне выяўлена менш, але яны ўражваюць вялікімі памерамі i магутнымі зямляна-драўлянымі ўмацаваннямі. Так, паселішча каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна, дзе, як мяркуюці вучоныя, першапачаткова размяшчаўся старажытны Менск, займала больш аднаго гектара, a вышыня яго валоў дасягала месцамі 12 метраў.
Гарадзішча каля вёскі Кашчэлічы Валожынскага раёна
Важнейшае значэнне для папаўнення звестак пра нашу сярэдневяковую гісторыю маюць шматгадовыя даследаванні дзядзінца Мінска – замчышча. Тут раскрыты вуліцы ca шматслойнымі драўлянымі насціламі, рэшткі жыллёвых i гаспадарчых пабудоў, падмурак царквы, сабраны шматлікі рэчавы матэрыял, які дазваляе ўсебакоза асвятліць побыт i заняткі старажытных мянян. Сярод знаходак інструменты рамеснікаў – кавалёў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, ювеліраў; жалезныя побытавыя рэчы – нажы, нажніцы, замкі з ключамі, дзвярныя ручкі, спражкі ад паясоў, шпількі, крэсівы; упрыгожанні – бранзалеты, пярсцёнкі, падвескі з каляровых металаў; драўляныя, касцяныя i скураныя вырабы; кераміка i шкляныя рэчы; зброя i інш. Жыхары горада, акрамя рамяства i гандлю, займаліся сельскай гаспадаркай i паляваннем, Пра гэта гавораць знаходкі сашнікоў, сярпоў, кос, ручных i нажных ступ, жорнаў, касцей свойскіх i дзікіх жывёл, Раскопкі апошняга часу выявілі на замчышчы рэшткі абарончай вежы з уяздной брамай i вал з добра захаванымі ўнутрывальнымі драўлянымі канструкцыямі.
Знаходкі з гарадзішча каля вёскі Малышкі Вілейскага раёна:
1 – наканечнік дзіды, 2 – наканечнік стралы, 3 – серп, 4 – праселка, 5 – сякера, 6 – шпількі, 7 – глінянае грузіла, 8 – гліняны гаршчок.
Шырока вядомы таксама гарадзішчы іншых старажытных гарадоў Міншчыны, якія вывучаліся археолагамі. Шмат цікавых матэрыялаў атрымана на гарадзішчах-замчышчах Маладзечна i Мядзела. На месцы мядзельскага замка выяўлены рэшткі мураванай вежы, пераўзыходзячай памерамі слынную Белую вежу.
Селішчы – месцы, дзе пачынаючы з ранняга жалезнага веку, размяшчаліся неўмацаваныя паселішчы – вёскі. Калі стаянкі папярэдніх эпох мы знаходзім каля буйных вадаёмаў, то селішчы сустракаюцца i каля дробных рэчак i ручаёў, крыніц i нават на сухіх узвышэннях каля балот. Гэта ўскосна сведчыць, што насельніцтва асноўны спажытак мела не з рыбацтва i палявання, a з сельскай гаспадаркі.
Селішчы, асабліва калі там жылі працяглы час, адрозніваюцца цёмнай афарбоўкай глебы, на ix можна знайсці абломкі ляпнога (на помніках жалезнага веку) або ганчарнага (на помніках эпохі феадалізму) посуду, касцяныя i металічныя вырабы, перапаленыя камяні. Раннія па часе селішчы археолагі звычайна знаходзяць самі шляхам палявой разведкі, звесткі ж пра большасць падобных помнікаў сярэдневяковага перыяду яшчэ захаваліся ў памяці мясцовага насельніцтва. Іх у народзе так i называюць – селішчы.
Памеры селішчаў розныя, большыя займалі плошчу ў некалькі гектараў. Многія з ix размяшчаліся побач з гарадзішчамі жалезнага веку або вакол дзядзінцаў старажытных гарадоў.
Пры археалагічных раскопках на селішчах жалезнага веку сустракаюцца ў асноўным тыя ж вырабы, што i на гарадзішчах. Гэта абломкі ляпных, пераважна неарнаментаваных, гліняных гаршкоў, місак, кубкаў, жбаноў, гліня– ныя праселкі, што ўжываліся пры прадзенкі i ткацтве, зерняцёркі, металічныя, шкляныя i касцяныя ўпрыгожанні, жалезныя i касцяныя прылады працы, зброя. Выяўлены таксама жыллёвыя i гаспадарчыя збудаванні – на поўдні Міншчыны пераважна паўзямлянкі, на поўначы паўзямлянкі i зрубныя наземныя будынкі.
Асабліва добра даследавана селішча жалезнага веку каля вёскі Гарадзішча Мядзельскага раёна. Яно займала амаль усе схілы ўзгорка, на вяршыні якога размяшчалася гарадзішча. У раскопе, якім ускрыта больш дзвюх з пало– вай тысяч квадратных метраў культурнага пласта, зной– дзены 42 жытлы. Сярод ix былі наземныя збудаванні, жытлы з урэзанай у схіл узгорка падлогай i паўзямлянкі. Канструкцыя гэтых пабудоў слупная i зрубная, у ix размя– шчаліся адкрытыя агнішчы або печы-каменкі. На паселішчы знойдзены i гаспадарчыя ямы-кладоўкі.
Вялікае раннефеадальнае селішча (IX-XІ стагоддзі) размешчана вакол названага вышэй гарадзішча каля вёскі Гарадзішча пад Мінскам. Яно займае каля 30 гектараў i ўтрымлівае багатыя матэрыялы часоў росквіту Полацкага княства. Селішчы – колішнія пасады – маюцца i каля ўсіх дзядзінцаў старажытных гарадоў Міншчыны. Селішчы пры замках – гэта былыя падзамчы. На такіх помніках сустракаецца менш зброі, адмысловых упрыгожанняў феадалаў i багатых купцоў, але ўтрымліваецца разнастайны рэчавы матэрыял, які меўся ў штодзённым ужытку простых гараджан.
Знаходкі з селішча каля вёскі Гарадзішча Мядзельскага раёна:
1 – нож, 2 – запінка, 3 – наканечнік дзіды, 4 – шпора, 5 – гліняная лраселка, 6 – нож, 7 – серп
Курган на заходняй ускраіне Мінска
Сустракаюцца на тэрыторыі вобласці i шматлікія познефеадальныя селішчы, але яны пакуль што слаба ўлічаны i зусім мала даследаваны.
Грунтавыя могільнікі – мясціны, дзе маюцца пахаванні нябожчыкаў у ямах, над якімі не насыпаліся земляныя насыпы-курганы.
З часоў каменнага веку пахаванняў на Міншчыне пакуль што не знойдзена. Відаць, у тую эпоху існаваў нейкі пахавальны абрад, які не пакінуў сваіх слядоў. Першыя ж пахаванні вядомы з самага канца неаліту – пачатку бронзавага веку, калі на тэрыторыю вобласці, як i на ўсю Беларусь, праніклі плямёны культур шнуравой керамікі. Сваіх памерлых яны хавалі ў ямах, у якіх археолагі знаходзяць шкілеты, прылады працы i зброю, гліняны посуд i розныя ўпрыгожанні. Так, у грунтавой магіле каля вёскі Куранец Вілейскага раёна выяўлена 6 касцяных дрэваапрацоўчых інструментаў – долатаў i стамесак.
У сярэднім бронзавым веку ў сувязі з эвалюцыяй рэлігійных вераванняў трупаскладванне нябожчыкаў было заменена трупаспальваннем. Перапаленыя косці, попел з пахавальнага вогнішча ссыпалі ў невялікія ямы, туды ж клалі рэчы, неабходныя па тагачасных уяўленнях на «тым свеце». Рэшткі такіх магіл знойдзены на стаянцы каля вёскі Кругліца Стаўбцоўскага раёна.
У жалезным веку ў паўночнай i цэнтральнай Міншчыне зноў знікае абрад пахавання нябожчыкаў у зямлі. А вось на поўдні тэрыторыі вобласці i ў гэты час па-ранейшаму былі распаўсюджаны грунтавыя могільнікі з трупа– спаленнямі. У канцы жалезнага веку яны знікаюць i там. Іx замяняюць курганныя пахаванні. Але з XIII стагоддзя, a ў гарадах i раней, з паўсюдным распаўсюджаннем хрысціянскай абраднасці пачынае пераважаць абрад складання целаў памерлых у магільных ямах. У самых ранніх хрысціянскіх пахаваннях яшчэ захоўваліся даўнія язычніцкія перажыткі – нябожчыкам у магілу часам клалі прылады працы або зброю. Упрыгожанні, ставілі посуд.
Старажытныя грунтавыя могільнікі сустракаюцца пры раскопках стаянак або селішчаў. lx можна выявіць на развеяных пясчаных грудах, на сценках кар'ераў – па цёмных плямах магіл i характэрных знаходках.
На поўначы Міншчыны паверхні сярэдневяковых пахаванняў часам выбрукоўваліся. Такія помнікі археолагі называюць каменнымі магіламі.
Курганныя могільнікі – пахавальныя помнікі ў выглядзе вялікіх земляных насыпаў. На поўдні i паўднёвым усходзе тэрыторыі рэспублікі вядомы з II тысячагоддзя да нашай эры. На Міншчыне сталі пашыранымі ў другой палове I тысячагоддзя нашай эры i належалі славянскім плямёнам дрыгавічоў i крывічоў, а на крайнім паўночным захадзе – балцкаму насельніцтву.
Курганныя насыпы ў плане мелі круглую форму, часам авальную, вельмі рэдка – прамавугольную. Вышыня ix ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да двух i больш метраў, дыяметр ад 5-6 метраў да 20 i болей. На добра захаваных помніках навокал насыпаў прыкметны ровікі, з якіх бралі зямлю пры збудаванні курганоў. Як правіла, на могілках знаходзіцца ад дзесятка да сотні i больш насыпаў. Сустракаюцца i адзінкавыя насыпы, але тэта звычайна рэшткі знішчаных курганных груп.
У кургане размешчана пераважна адно пахаванне. Яно магло памяшчацца ў яме, на мацерыку або ў самым насыпе. Спачатку сярод мясцовага язычніцкага насельніцтва быў распаўсюджаны пахавальны абрад трупаспальвання, пры гэтым з нябожчыкам спальвалі i рэчы, прызначаныя яму ў «замагільнае жыццё». У самым канцы X стагоддзя, з прыняццем на Беларусі ў часы князя Ізяслава хрысціянства, пачаў дамініраваць абрад трупаскладвання. У курганах гэтага часу, акрамя касцякоў нябожчыкаў, якіх у большасці клалі галовамі на захад, археолагі знаходзяць рэшткі вопраткі, гліняны посуд, металічныя вырабы, жалезныя, медныя i шкляныя ўпрыгожанні. Большасць захаваных да нашых дзён курганных могільнікаў належала вясковаму насельніцтву, таму i знаходкі ў ix сціплыя. Курганы ж княжацкіх воінаў-дружыннікаў i саміх князёў, у якія змяшчалася шмат зброі i ўпрыгожанняў, знаходзіліся побач з гарадамі i зараз у большасці знішча– ны пазнейшай забудовай.
У XI стагоддзі гарадское насельніцтва, феадальныя слаі адмовіліся ад насыпання курганоў, вясковае ж, сярод якога даўжэй трымаліся язычніцкія перажыткі, хавала памерлых на курганных могільніках ажно да канца XIII стагоддзя.
Найбольш шматлікія курганныя насыпы захаваліся на поўначы i ўсходзе Міншчыны. Сярод ix выдзяляюцца помнікі каля вёсак Навасёлкі i Нагаўкі Мядзельскага, Ізбішча Лагойскага, Пчальнік Барысаўскага, Дулебы Бярэзінскага раёнаў. На малаяесным поўдні вобласці курганоў менш, большасць ix тут ужо разарана.
Знаходкі з курганоў каля вёскі Навасёлкі Мядзельскага раёна:
1 – пярсцёнак, 2 – бранзалет, 3 – нож, 4 – фібула-запінка, 5 – сякера, 6 – наканечнік дзіды, 7 – гаршчок, 8 – званочак
Вывучэнне курганных старажытнасцей папаўняе звесткі пра матэрыяльную i духоўную культуру, светапогляд нашых продкаў. Па жаночых упрыгожаннях з пахаванняў можна выявіць, напрыклад, межы рассялення розных плямёнаў.
Металічныя вырабы ca старажытных гарадоў Міншчыны:
1 – наканечнік дзіды, 2-4 – наканечнікі стрэя, 5 – ключ, 6 – крэсіва, 7 – спражка, 8 – падвеска, 9 – пісала, 10 – шпілька, 11 – наральнік, 12 – сякера, 13 – нажніцы, 14 – шпора. 1-5, 7,8 – Лагойск; 6-11 – гарадзішча каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна; 9, 10, 12-14 – Мінск
Мясцовае насельніцтва добра ведае размяшчэнне бліжэйшых курганных могільнікаў i называе ix курганамі, капцамі, валатоўкамі. Старэйшыя жыхары паходжанне гэтых помнікаў часам памылкова звязваюць з іншаземнымі заваёўнікамі, таму лічаць ix «французскімі, шведскімі або татарскімі» магіламі.
Унутраная канструкцыя абарончага вала старажытнага Менска. Раскопкі Г. В. Штыхава
Рудні – месцы выплаўкі жалеза з балотнай руды.
Важным заняткам людзей, пачынаючы з ранняга жалезнага веку, была здабыча жалезнай руды i выплаўка з яе жалеза. Яго выплаўлялі ў домніцах, што ўяўлялі сабой гліняныя стажкаватыя збудаванні з сопламі, праз якія скуранымі мяхамі нагняталася паветра. Пры згаранні дроў або драўніннага вугалю стваралася высокая тэмпература, руда разагравалася i з яе выдзялялася жалеза, якое асядала на дне домніцы ў выглядзе блінападобных крыц памерамі ў 20-30 сантыметраў. З ix у далейшым i выкоўваліся самыя розныя неабходныя чалавеку жалезныя рэчы. Домніцы перш былі невялікія, дыяметрам крыху больш паўметра. Пасля заканчэння плаўкі яны разбіваліся, каб можна было дастаць крыцы. Потым ix пачалі будаваць большымі, адпаведна атрымліваліся i большыя крыцы, якія вымаліся праз спецыяльную адтуліну ў сценцы.
Спачатку домніцы ставіліся на саміх гарадзішчах i селішчах, хоць i воддаль ад драўлянай забудовы. Пазней, калі ў эпоху феадалізму значна вырас попыт на жалеза, узніклі цэлыя вытворчыя комплексы– рудні, якія складаліся з некалькіх домніц, дзе метал выплаўляўся працяглы час. Яны размяшчаліся за межамі паселішчаў, бліжэй да крыніц паліва i сыравіны.
Зараз на месцах рудняў сустракаецца шмат перапаленай руды – жужла, абломкі сценак домніц або нават ix развалы, перапаленыя камяні, выкінутыя няякасныя крыцы.
Найбольш вядомая на Міншчыне рудніца знойдзена каля вёскі Бязводнае Вілейскага раёна.
Шкляныя гуты – невялікія прадпрыемствы, дзе варылі шкло, выдзімалі з яго разнастайны посуд, a таксама рабілі аконнае шкло. Шырокае развіццё шкларобства на Міншчыне пачалося з XVI стагоддзя. Зараз на месцах былых гут сустракаюцца рэшткі цагляных печаў, асколкі шкляных вырабаў, кавалкі шкламасы, перапаленая цэгла, чарапкі глінянага посуду i варніц, мноства попелу. Існаванне большасці шкляных гут зафіксавана ў сярэдневяковых дакументах. Канкрэтным пошукам на мясцовасці дапамагаюць роспыты старажылаў. На тэрыторыі нашай вобласці гуты былі ва Урэччы, Налібоках, Іллі. Выраблялі шкло таксама ў Мінску, Слуцку i іншых гарадах i буйнейшых мястэчках.
Іншыя помнікі. На тэрыторыі Міншчыны сустракаюцца i іншыя археалагічныя помнікі. Сярод лясоў можна выявіць земляныя валы, замкнутый ў правільнае кола, дыяметрам у некалькі метраў. Гэта месцы выпалу драўніннага вугалю, неабходнага ў гутнай i кавальскай справе. Дзе-нідзе захаваліся i высокія валы, што засталіся ад часовых фартыфікацыйных збудаванняў, якія ладзіліся пад час войнаў XVI-XIX стагоддзяў. Маладаследаванымі i загадкавымі з'яўляюцца камяні са старажытнымі выбіванымі знакамі. На старадаўніх могільніках, каля спрадвечных шляхоў узвышаюцца вялізныя каменныя крыжы. Месцамі яшчэ захаваліся свяшчэнныя камяні i каменныя божышчы, якім пакланяліся нашы продкі-язычнікі.
Мэтазгодна выявіць i зберагчы найбольш характэрныя ўчасткі з землянымі i жалезабетоннымі ўмацаваннямі часоў першай сусветнай i Вялікай Айчыннай войнаў. Вартыя ўвагі i захавання рэшткі старадаўніх гаспадарчых i іншых збудаванняў – млыноў, кузняў, корчмаў, бажніц, характэрныя ўчасткі старасвецкіх дарог з прысадамі i забрукоўкай.
Вялікае навуковае значэнне маюць i асобныя знаходкі з розных гістарычных эпох. Найчасцей гэта каменныя сякеры, булавы, матыкі, медныя, бронзавыя i жалезныя прылады працы, зброя, упрыгожанні, касцяныя i рагавыя вырабы, манетныя скарбы, гліняны i металічны посуд, рэчы з культавай сімволікай, рэшткі чоўнаў-даўбёнак i шмат чаго іншага. Побач з такімі знаходкамі можна шукаць адначасовыя ім паселішчы i могільнікі. Знойдзены пад'ёмны матэрыял неабходна перадаваць у бліжэйшыя краязнаўчыя або гістарычна-археалагічныя музеі.
Вывучэнке помнікаў старажытнага часу на Міншчыне пачалося ў мінулым стагоддзі, але асабліва інтэнсіўна гэта работа разгарнулася ў савецкі час. За апошнія дзесяцігоддзі археолагамі выяўлена i абследавана каля тысячы розных аб'ектаў мінуўшчыны, многія з якіх раскопваліся на вялікіх плошчах. На цяперашні час на тэрыторыі Мінскай вобласці маецца амаль 200 стаянак, 157 гарадзішчаў, 268 курганных могільнікаў, многія дзесяткі селішчаў i іншых помнікаў. Трэба адзначыць, што ў сапраўднасці археалагічных помнікаў значна больш, i ix выяўленне – справа будучых даследаванняў.
Раскопкі М. А. Ткачова
(Злева – Фрагмент падзямелля вежы Мядзельскага замка, справа – Каменная выява з-пад вёскі Даўгінава Вілейскага раёна)
* * *
На працягу стагоддзяў археалагічныя помнікі паступова разбураліся пад уздзеяннем прыродных фактараў – размываліся паводкамі, развейваліся вятрамі, старажытную муроўку нішчылі карані дрэў. Але сапраўднай бядою для ix стала непрадуманая гаспадарчая дзейнасць некаторых людзей, асабліва з выкарыстаннем машыннай тэхнікі. Гарадзішчы раскопваюцца пры будаўніцтве дарог, курганы зносяцца бульдозерамі i разворваюцца. Гумусаваныя культурныя напластаванні старажытных паселішчаў разбіраюцца на агароды. Псуюць даўнія пахаванні i скарбашукальнікі-марадзёры, якіх часам прыцягваюць да помнікаў беспадстаўныя паданні пра быццам бы закапаныя ў ix каштоўнасці. За апошняе паўстагоддзе знішчана або значна пашкоджана каля паловы археалагічных помнікаў вобласці.
Помнікі старажытнасці – своеасаблівыя летапісы даўняй мінуўшчыны, дзе звесткі не занатаваны на пергаменце або паперы, a ўтрымліваюцца ў рэчах. Гэта найбольш архаічная крыніца нашай гістарычнай памяці. А, як вядома, знікненне гістарычнай памяці вядзе да страты народам сваёй самабытнасці i ўрэшце да знікнення самога народу як этнічнай адзінкі. Таму знішчэнне нават аднаго гарадзішча, замчышча ці курганнага могільніка з'яўляецца несвядомым або наўмысным замахам не толькі на спадчыну, што засталася нам ад продкаў, але і на будучыню нашых нашчадкаў.
Пасля прыняцця Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР у 1978 годзе Закона аб ахове i выкарыстанні помнікаў гісторыі i культуры стан аховы археалагічных помнікаў палепшыўся. У пераважнай большасці раёнаў на гэтыя аб'екты заключены ахоўныя абавязацельствы, устанаўляюцца ахоўныя знакі. Актыўную работу па ахове i прапагандзе старажытных помнікаў праводзіць Мінскі абласны савет Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі i культуры i яго секцыі.