Текст книги "Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву (на белорусском языке)"
Автор книги: Мартин Вользер
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Вользер Мартин
Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву (на белорусском языке)
Мартын Вальзэр
Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву
Пераклад: Алесь Пяткевiч
Наш сябра зьдзейсьнiў бяскрыўднае злачынства. Ён лiчыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён, прынамсi, удае, быццам лiчыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён не гатовы прызнаць, што ягонае злачынства можа быць сур'ёзным, цяжкiм злачынствам. Ён робiцца вельмi чульлiвым, калi хтосьцi заводзiць гаворку пра ягонае злачынства. Нават калi хто-небудзь згадвае ягонае злачынства, выказваючы поўнае разуменьне i талерантнасьць, ён узьвiваецца. Якiм бы чынам нi згадвалi ягонае злачынства, ён рэагуе неадэкватна.
Ёсьць толькi адна магчымасьць схiлiць яго да мякчэйшай рэакцыi: трэба без канца хвалiць яго за ягонае злачынства. Трэба ўдаваць, што мы так захопленыя ягоным злачынствам, што нават не знаходзiм словаў. Толькi тады ён усьмiхаецца – як трынаццацiгадовая дзяўчынка, якой сказалi, што яна выглядае ў сто разоў спакусьлiвей, чымся Мэрылiн Манро ў свае лепшыя часы. Даводзiцца трываць гэта пэўны час, гэтае запiнаньне-ад-захапленьня. Даводзiцца трываць, аж пакуль яму самому не абрыдне. Праўда, гэта можа зацягнуцца надоўга.
Усьмiхаючыся вось так, ён хоць i паказвае, быццам яму няёмка, што яго так хваляць, ды толькi па iм вiдаць, што нiшто ў сьвеце не падабаецца яму больш за гэтае няёмкае пачуцьцё. Вiдаць, што ён пярэчыць хвальбе толькi для таго, каб заахвоцiць нас да новых пахвалаў. Пакуль ён удае, што ня можа прыняць гэтай хвалы, думае ён, мы ня можам кiнуць хвалiць яго. Мы мусiм спачатку, думае ён, пераканаць яго сваёй хвалой у тым, што ён яе заслугоўвае, тады толькi мы можам кiнуць хвалiць яго. Такiм чынам, ён не дае пераканаць сябе, а працягвае ўдаваць, быццам яму няёмка, што яго так хваляць. За злачынства! Толькi падумайце!
Так, так, кажам мы, можа быць, але па-першае, гэта, мабыць, бяскрыўднае злачынства, па-другое – i толькi гэта мае значэньне – якiм чынам ты ажыцьцявiў злачынства! Тваё злачынства – мастацкi твор! Вялiзны мастацкi твор! Злачынства, не злачынства, для нас мае значэньне форма, ня зьмест! I як ужо даўна не было нiчога падобнага да гэтага твайго злачынства! Ён усьмiхаецца, працягвае пярэчыць, кажа: не, не, маўляў, я сам проста ня магу забыць, што зьдзейсьнiў злачынства! Так, кажам мы тады, дык хто ж без заганы?! Цi можа ён назваць каго-небудзь, хто гуляе пэўную ролю ў гiсторыi чалавецтва i ня зьдзейсьнiў якогась злачынства! Ужо гуляць, цi хацець гуляць пэўную ролю ў гiсторыi чалавецтва – пачатак кожнага вялiкага злачынства...
Вось так мы ўгаворваем яго. I так ён пярэчыць, увесь час усьмiхаючыся, шчасьлiва i па-дзявоцку. Мы, гэта значыць, ягоныя сябры, мы – людзi, што зь якiхсьцi прычын шкадуюць яго. Некаторыя з нас спакваля пачынаюць нават ненавiдзець яго. Яны папросту сытыя па горла тым, што хтосьцi хоча, каб яго ўвесь час хвалiлi за нешта, што ўсё-такi ёсьць i застанецца злачынствам, хай нават – магчыма – бяскрыўдным. Але бяскрыўднасьць гэтага злачынства гэтаксама маладоказная, як i яго цяжкасьць. Галава заточыцца, калi паспрабуеш разабрацца ў гэтым злачынстве. Пра яго ўжо пiшацца не адна кандыдацкая дысэртацыя.
Наш сябра падазрае, што мы ўсе яго ненавiдзiм, што мы ўсе хлусiм, што нашая хвала – толькi хлусьня. Мы, натуральна, пярэчым. Ён жа сьцьвярджае, што насамрэч мы ўсе на баку iнспэктара. I што аднойчы мы ўсе адкрыта перакiнемся да iнспэктара i забясьпечым яму тую рэшту доказаў, якой яшчэ не стае да поўнага выкрыцьця. Iнспэктар, такiм чынам. Вялiкi працiўнiк нашага сябры. Ён увесь час гаворыць пра гэтага iнспэктара.
Вельмi мала хто з нас ведае iнспэктара асабiста. Нам застаецца, такiм чынам, толькi тое, што нам распавядае пра iнспэктара наш сябра. Але кожны раз, калi ён згадвае iнспэктара, ён кажа: я нiчога не магу сказаць пра iнспэктара, мы працiўнiкi, гэта змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Я не хацеў змаганьня, iнспэктар распачаў змаганьне. Усё-такi я зьдзейсьнiў злачынства, гэта слушна. Няхай i бяскрыўднае злачынства, але злачынства. Зрэшты, хiба злачынства можа быць бяскрыўдным?
Калi тое, што я зьдзейсьнiў – злачынства, тады, напэўна, усё адно, бяскрыўднае яно цi не бяскрыўднае. У параўнаньнi з кiмсьцi, хто ня зьдзейсьнiў нiякага, я злачынца. А для iнспэктара iснуюць толькi злачынцы ды бязьвiнныя, а да бязьвiнных я, безумоўна, не належу, таму iнспэктар перасьледуе мяне, таму мы змагаемся адзiн з адным, таму не пытайцеся ў мяне, што за чалавек гэты iнспэктар, я гэтага ня ведаю, я ведаю толькi, што ён iнспэктар, ушчэнт i дазваньня iнспэктар.
Калi наш сябра пачынае гаварыць пра iнспэктара, ён ужо ня можа спынiцца.Мы, зыходзячы галоўным чынам зь ягонай iнфармацыi, бачым усю справу так: iнспэктар хоча выкрыць i такiм чынам абясшкодзiць нашага сябру. Мiма ўсяе павагi, якую наш сябра адчувае да аналiтычных ды лягiчных здольнасьцяў iнспэктара, ён усё-такi ня можа прыбегчы да яго i распавесьцi яму ўсё, што той хоча пачуць. Гэта значыла б здацца. Наш сябра кажа, што раней ён часта адчуваў спакусу наведаць iнспэктара й поўнiцай адкрыцца яму. Раней ён лiчыў iнспэктара прыязным чалавекам. Ледзь ня кiмсьцi накшталт лекара. Але з таго часу ён, вiдавочна, набыў такi досьвед што да iнспэктара, што ён бачыць: яму застаецца толькi змаганьне.
Цяпер ён ужо ня лiчыць, што iнспэктар перасьледуе злачынства. Iнспэктар перасьледуе людзей, кажа ён. Iнспэктар шчасьлiвы кожнаму, хто мае хоць найменшае дачыненьне да якога-небудзь злачынства, бо тады яму зноў ёсьць каго перасьледаваць. Але замест таго, каб быць удзячным за тое, што яму зноў ёсьць каго перасьледаваць, гэта значыць, замест таго, каб пры перасьледзе часам прымружыць вока цi хоць раз спынiцца на ўтульную пярэрву, ён ужо ня ведае межаў, як толькi ў яго зьявiлася падазрэньне. Пры гэтым у яго няма нiчога, апроч ягоных падазрэньняў. Нiякiх доказаў. Падазрэньне ды руцiна – вось усё, што ён мае.
Доказаў няма, кажа наш сябра. Ёсьць, вядома, адзiн вялiкi доказ злачынства. Злачынства адбылося. Яно ляжыць проста навiдавоку ва ўсiх нас. Тое, што злачынец – наш сябра, таксама ясна. Кожны з нас гэта ведае. Iнспэктар таксама гэта ведае. Але яму трэба яшчэ i даказаць гэта. I таму, што ён ня можа гэтага зрабiць, ён такi злосны. Таму ён так зацята перасьледуе нашага сябру. Прызнаньне – вось чаго хоча iнспэктар. Магчыма, тады ён нават паставiў бы крыж на ўсёй гэтай прыгодзе з прычыны нязначнасьцi. Не, кажа наш сябра, калiсьцi i я так думаў, раней. Цяпер я ведаю, што гэта абсалютнае змаганьне. Ну, можа не абсалютнае, але сур'ёзнае змаганьне.
Iнспэктар – злачынца, якому хапiла мужнасьцi, каб нешта зьдзейсьнiць. Вось жа ён i стаў на бок закону й парадку. Яшчэ больш iмаверна, што iнспэктар перасьледаваў бы мяне, што б я нi ладзiў. Ягоны досьвед зрабiў зь яго кагосьцi, хто мусiць перасьледаваць такога, як я. Мой досьвед зрабiў зь мяне кагосьцi, хто мусiць аднойчы выбiць у гэтага iнспэктара люльку з пашчы.
Натуральна, ён мае люльку. I адмысловы капялюш. I маленькую машыну, якую можна паркаваць дзе-любя. I жонку, якая не губляе цярплiвасьцi й не пужаецца, нават калi ён праз усю ноч не вяртаецца дадому. I iрляндзкага сэтэра, якi заўсёды паскугольвае ад адданасьцi, калi ягоны гаспадар ранiшнiм прыцемкам вяртаецца дадому. Наш сябра ведае кожны крок, якi робiць iнспэктар, i кожнага ягонага начальнiка, i кожнага супрацоўнiка.
Наш сябра, строга кажучы, куды больш пiльна сочыць iнспэктара, чымся iнспэктар яго. Апошнiм часам у нас нават склалася ўражаньне, што ён упiкае iнспэктару нядбайнасьць. Iнспэктар замала пераймаецца iм, так ён кажа. Мусiць, тут ход толькi пра новы вiд змаганьня, кажа ён. Iнспэктар хоча справакаваць мяне. На жаль, наш сябра ня можа адказаць на стрыманасьць iнспэктара тым жа. Ён гутарыць пра iнспэктара тым больш, чым менш той пераймаецца iм. Мiжсобку, гэта значыць, калi нашага сябра няма, мы кажам: iнспэктар перамог.
Спадзяемся, што ён пра гэта ня ведае, кажам мы. Мы баiмся, што наш сябра разбурае свой апошнi шанец. Калi б ён здолеў авалодаць сабой, калi б ён кiнуў урэшце бегаць за iнспэктарам, калi б ён здолеў трохi больш пасьпяхова супрацьстаяць свайму прымусу ўвесь час гаварыць пра сваё стаўленьне да iнспэктара, тады была б яшчэ спадзяванка, што iнспэктар не даведаецца, наколькi ён ужо перамог нашага сябру. Проста калi ён аднойчы даведаецца пра гэта, ён будзе здатны абыходзiцца з нашым сябрам, як захоча. А што тады ён будзе здатны да ўсяго, мы ведаем. Гэтаму ёсьць прыклады.
Калi iнспэктар дазнаецца, што адолеў каго-небудзь з тых, каго ён перасьледуе, тады толькi бачна, чаго ён дамагаецца. Потым ён абыходзiцца са сваёй ахвярай зусiм як котка з мышай. Ён ня хоча пазбавiць сваю ахвяру сонечнага сьвятла, ён таксама ня хоча зусiм прыкончыць яе. Нiшто не цiкавiць яго болей, чымся рухi ягонай ахвяры. Калi затым партнэр проста ляжыць, паралiжаваны цi мёртвы, ва ўсялякiм разе, болей ня здольны варухнуцца, гэта псуе iнспэктару настрой гэтаксама моцна, як нерухомасьць мышы – котцы. Сапраўды, столькi ж было зроблена дзеля мышы. Яе толькi жартам пакусвалi, перакiдвалi з лапы на лапу, уцягнуўшы кiпцюры... I што робiць гэтая паскудная iстота? Ляжыць покатам, не гуляе больш, бастуе, сыходзiць, пакiдае цябе сам-насам са сьветам, пазбаўленым усякае чароўнасьцi.
Разглядаць дачыненьнi памiж iнспэктарам i нашым сябрам як дачыненьнi памiж коткай i мышай больш чымся законна. Хiба мыш ня ёсьць своеасаблiвым злачынцам, для перасьледу якога выкарыстоўваюць котку? I не зважаючы на гэта, нiхто з нас не бярэ выключна бок коткi. Мыш грае нам на нэрвах, а котка грацыёзна рухаецца. Але ж гэта далёка ня ўсё! Варта паглядзець, як мыш нерухома ляжыць памiж застыглымi ў чаканьнi лапамi!
Пэўны час справа была зусiм дрэнь. Наш сябра ўжо не варушыўся. Ён гаварыў толькi тады, калi яго прасiлi прамовiць, нарэшце, хоць адзiн сказ. Цi такiм чынам ён хацеў конча стрэсьцi зь сябе iнспэктара? Цi ён хацеў, каб iнспэктар уклякнуў перад iм i папрасiў, каб ён перастаў разбураць чары i сабатаваць жыцьцё? Фаза поўнай нерухомасьцi была, мабыць, апагеем змаганьня. Такое пакутлiвае для гледачоў, для нас, сяброў, здранцьвеньне было парушанае iнспэктарам. Ён, мусiць, згледзеў недзе новы рух. Маладую мыш, так бы мовiць. Сымпатычнага маладога злачынцу.
Наш сябра, адразу як iнспэктар перастаў зважаць на яго, пачаў ганяцца за iм, быццам бы ён цяпер быў iнспэктарам, а iнспэктар – злачынцам. Маўляў, iнспэктар перайшоў на танцавальны крок з таго часу, як палюе гэтага маладзёна. Маўляў, гэта выглядае так, быццам ён захапляецца тым, каго перасьледуе. У яго, нашага сябры, таксама спачатку было такое ўражаньне, быццам iнспэктар перасьледуе яго, бо захапляецца iм. Таго, што iм не захапляюцца, а перасьледуюць, наш сябра дайшоў значна пазьней. Маўляў, толькi праз быцьцё-перасьледаваным у iм абудзiлася сумленьне. Раней ён лiчыў сябе маладым, сымпатычным ды таленавiтым. Толькi зь цягам часу ён заўважыў, што яго перасьледуюць як злачынцу.
Мiж тым наш сябра кiнуў перасьледаваць iнспэктара. Цяпер ён сядзiць дома й летуценiць аб тым часе, калi iнспэктар яшчэ паляваў яго. Вось то быў час! Ягоныя словы гучаць цяпер так, быццам гэта было больш танцам, чымся перасьледам. Танцам, што падобны да бою на рынгу, ды ўсё ж застаецца танцам. Наш сябра цяпер лiчыць сябе пераможаным. Iнспэктар страцiў усякую цiкавасьць да яго. Для чалавека, для якога быцьцё-перасьледаваным сталася зьместам жыцьця, гэта, вiдавочна, самае горшае.
Наш сябра гадзiнамi распавядае пра бесхарактарнасьць ды непаўнавартаснасьць iнспэктара; але калi нехта з нас хоць кiўком галавы пагодзiцца з гэтым, ён абураецца ды пачынае баранiць iнспэктара ад нас. Наш сябра зрабiўся цяпер зусiм невыносным. Мы ў думках зычым нашаму сябру хуткага ды шчасьлiвага канца.
1978