Текст книги "Над Вугерай — дождж (СИ)"
Автор книги: Маргарыта Латышкевіч
Жанр:
Классическое фэнтези
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
З асцярогаю спусціліся на дно яра і пакрочылі следам за вадою. У гліне ля звонкай плыні Ільга ўхапіла звыклым вокам і ямінкі ад капыткоў казуль, і клінапіс птушыных слядоў, і выразныя частыя адбіткі лісіных лап. І яшчэ, паверх усіх астатніх, іншыя, незнаёмыя сляды – трохпальцыя, глыбокія, у тры Ільзіны далоні даўжынёю.
– Праходзіў тут колькі разоў, мабыць, на вадапой, – прагаварыў Йурай, вывучыўшы сляды. І дадаў паўшэптам: – Ужо блізка.
– Блізка, – рэхам паўтарыла Ільга.
Пайшлі як мага цішэй па трохпальцых слядах – цмокаваю сцежкаю. Хутка ручай вільнуў, пераскочыў цераз асклізлыя альховыя карані, упарта пракладаючы сабе дарогу праз рознакалёрны друз, нанесены працавітаю вадою. За каменным россыпам маячылі чырвоныя скалы – добра ўкрытыя зелянінай, зарослыя травою ды мохам. Некалькі маладых хвоек ускараскалася на самы верх, гайдала слабымі галінкамі, быццам ад ветру.
Але ветру тут не было – гэта цяжка дрыжэла сама зямля, мерна скаланаючыся.
– Нібы. дыханне, – прагаварыла Ільга. І – зразумела.
Пад чырвонаю скалою чарнеў цмокаў ход – агромністы правал у цемру. Трохпальцыя сляды спярэсцілі чырвоную гліну перад пячораю, так што іх можна было чытаць, як кнігу. Ільга адрозніла і досыць свежыя сляды, яшчэ выразна акрэсленыя, і даўнія, з акругленым краем, паўсцёртыя, запоўненыя дажджавою вадою ды ігліцаю. На некалькіх блізкіх хваінах – на вышыні двух-трох яе ростаў – заўважныя былі сляды кіпцюроў ды падпаліны, а да смалы там і сям прысталі невялікія залатыя лускавінкі.
З цемры патыхала невыноснаю гарачынёю, ад якой спірала дух і слязіліся вочы, і душным трывожным звярыным пахам. І тое, і другое надта занепакоіла пярэстую: кабылка забілася, заржала тоненька, баязліва. Йурай ласкава пакудлаціў пярэстую па галаве, шапнуў штось на вуха – і тая вокамгненна прыціхла, супакоілася.
– А з цмокам? – шапнула паэту Ільга. – Што, з цмокам гэтаксама зрабіць нельга?
– О, хочаш праверыць? – таксама шэптам адказаў ён з заўсёднаю сваёю кпліваю усмешкаю. Ільга паціснула плячыма. Падумала: наўрад цмоку спадабаецца, калі Йурай паспрабуе яго пагладзіць. Ды і каб шапнуць штосьці змею на вуха, паэту давядзецца ўскараскацца на хвою. І, вядома, папярэдне вельмі ветліва папрасіць таго стаяць на адным месцы ўвесь гэты час.
І, падумаўшы так, Ільга шчыра сама сабе ўразілася – якія ж дурныя рэчы лезуць у галаву.
– Эт, усё лухта, – прамармытала сабе пад нос. І ўспомніла: хтосьці казаў тое самае. Даўнодаўно. Быццам у мінулым жыцці.
– Не бойся, – шапнуў Йурай – здаецца, усхваляваны. Ільга павяла плячом і адказала вельмі спакойна, трохі здзіўленая, што ён не разумее відавочнага:
– Я не баюся.
І лёгкім крокам пайшла да правала ў цемру, які струменіў гарачыню. Хітра звіўшы пальцы – так, як калісьці яшчэ бацька вучыў, – свіснула радасна, звонка. Раз, другі, трэці.
Ажно пакуль поўная гарачыні цемра не адазвалася пранізлівым, аглушальным свістам.
І зямля застагнала, задрыжэла, забілася дажджавая вада ў звярыных слядах – адгукаючыся на глыбінны рух, на цяжкія крокі.
З непрагляднай цемры спачатку вырвалася цэлае воблака нясцерпнай гарачыні, змешанай з гарам ды звярыным смуродам. Ільга закашлялася, закрыла твар рукою. І з-пад далоні, халадзеючы, пабачыла, як пашча пячоры выплюнула агромністы цень, што засланіў сонца.
Зыркім злым золатам успыхнула, асляпляючы, луска, касцяныя грэбні горда ўзняліся вышэй за лес, працялі неба, а за грэбнямі разгарнуліся, хвостка ўдарыўшы стылым ветрам, магутныя крылы, падобныя да кажановых. Перакотваліся пад лускаю таўшчэзныя канаты мышц, поўныя неўтаймаванай сілы, даўгія кіпцюры глыбока ўпіліся ў чырвоную гліну. Кольцы звівастага хваста, усеянага вострымі шыпамі, з вусцішным шаргаценнем папаўзлі амаль пад ногі Ільзе. А на доўгай гнуткай шыі, увенчаная каронаю рагоў, сядзела выцягнутая сухая галава з паўраскрытаю пашчаю, поўнай вострых іклаў.
І глядзела гэтая галава ўважлівымі барвовымі вачыма, і пагрозліва сычэла, выпусціўшы вострае атрутнае джала.
Ільга зніякавела, спынілася. Глядзела – і не магла адарваць пагляд. І думала: прыгажосць. Пагрозлівая, драпежная, жудасная нават, бясконца небяспечная, але – якая ж прыгажосць!..
– Іль-га! – прыглушана – быццам здалёк – крыкнуў Йурай. Яна паматала галавой, трохі апрытомнела. А цмок выдыхнуў праз тонкія ноздры лёгкія воблачкі пары – і раптам зароў, забіў хвастом па зямлі, высока ўзбіваючы шматкі гліны.
Унутранае чуццё падказала Ільзе слізнуць долу, і ў час: ледзьве ўнікла ўдару вострых кіпцюроў, праехаўшыся ўпрост пад цяжкою лапаю. Кроў у жылах нібы застыла, сэрца забілася павольней. Ільга нават паспела са здзіўленнем пабачыць, як замерлі, падвіслі ў паветры драбочкі зямлі і сцябліны сухой травы, і – рушыла, пакацілася да пярэстай.
Побач з пакутаю ўсхліпнула парваная струна – і Йурай вылаяўся праз зубы. Рэха азёрнай музыкі ўсплёснула сярэбранаю хваляю, раскацілася вакол, адгукнулася тройчы. Раз'юшаны цмок прыпаў да зямлі, выпусціўшы глухі вантробны рык, але голас звера абледзянеў, замёр у яго горле, і сам цмок спыніўся, павольна-павольна раззяваючы пашчу, каб дыхнуць агнём.
– Руш! – Йурай з сілаю падштурхнуў Ільгу. – Доўга мне яго не ўтрымаць!
Ад яго голасу Ільга зусім ачомалася, узляцела ў сядло, ударыла пярэстую пяткамі. Кабылка заржала і сарвалася з месца. Побач успыхнула, завірыла белае полымя – і з яго калматай завеяю выкаціўся, кульнуўшыся, скочыў следам снежны воўк.
Замарожаны час з невыносным скавытаннем зноў прыйшоў у рух, заспяшаўся – і ў спіны ім дыхнуў ненажэрны агонь. Ашалелы цмок з сілаю рвануўся наперад, уварваўся ў зараснікі. Ударыў хвастом наводмаш – і са страшэнным трэскам павалілася некалькі хвой. Ільга жвава павярнулася ў сядле, падняла лук і выпусціла адразу некалькі стрэл, нават асабліва не цэлячы: галоўнае было – утрымаць увагу звера на сабе.
Адна страла пры канцы лёту слаба клюнула наканечнікам залатую луску на цмокавым плячы. Цмок зароў, шумна забіў крыламі, узняўшы сапраўдную буру. Пярэстая закрычала ад жалу: яе разам з Ільгай душны смуродны вецер пацягнуў назад, так што капыты кабылкі пакідалі барозны ў сырой зямлі. Ільга, ледзьве перасільваючы вецер, зноў падняла лук, стрэліла, не бачачы, не дыхаючы, усляпую – і амаль аглухла ад пранізлівага, поўнага лютасці і болю звярынага крыку. Бура адступіла, так што Ільга, праміргаўшыся, здолела пабачыць: неяк умудрылася пацэліць. Яе страла з бела-чырвоным пер'ем усё яшчэ трапяталася ў згібе скурыстага крыла.
Цмок, адступіўшы адным падскокам, помсліва плюнуў агнём. Ільга рванула аброць, праклінаючы сябе за маруднасць і з адчаем разумеючы, што адысці не паспявае, што момант безнадзейна згублены. Нават прыкрыла вочы і згорбілася ў сядле, чакаючы пякельнага болю.
Але побач зноў сярэбрана запела азёрная музыка, акружыла беражліва, акрэсліла вакол Ільгі бяспечнае кола прахалоды. Лютае цмокава полымя слізнула па самым краі гэтага кола і адразу ж апала, зняможанае, долу. Белае ваўчынае футра бліснула срэбрам наперадзе, паказваючы дарогу ў густым малінніку. Ільга прыспешыла пярэстую, і тая – няма дурных – узбрыкнуўшы, панеслася частым галопам.
За сабою Ільга пачула драпежны звярыны крык і аглушальны бой крылаў. Не паварочваючы галавы, ведала: узлятае. Сапраўды, вялізны цень лёг на траву і зараснікі, цягнучыся далёка наперад, а пасля ў парыве ветру распоўзся вакол Ільгі, атачыў варожа, пагрозліва. Звярыны крык груба прарэзаў паветра над самаю яе галавою, зверху дыхнула невыноснаю гарачынёю. Пярэстая, адчуўшы Ільзін дотык, доўгім зграбным скачком, не губляючы хуткасці, сышла ўбок. З трэскам схапілася агнём сухое кустоўе, папоўз, блытаючыся ў чарніцах, белы задушлівы дым.
Азёрная музыка вілася вакол Ільгі, падхоплівала яе валасы, серабрыстай пенаю ўскіпала на капытах пярэстай. Засланяла, быццам шчыт, і вяла за сабою, ззяйкай ніткаю пракрэслівала між маўклівых дрэў сцежку.
Яны мінулі чырвоны яр з лясным вадапоем, адным духам праляцелі страшны чорны прагал. Цмок не адступаўся, біў крыламі зусім нізка, віўся над самымі вершалінамі, сычэў і гнеўна роў, шалёна пляваўся агнём. Дзяўчына раз-пораз падагравала яго імпэт, цэлячы з лука ўверх, у цень над дрэвамі, што засланяў неба. Галоўнае, зацята думала Ільга, звыкла прыслухоўваючыся да сухога рыпення лука, самае галоўнае, каб не адстаў. Каб не згубіў след і шалу да самага канца, да Калінавага моста.
За прагалам цмок упаў – паваліўся цяжка, як камень, ламаючы хвоі і яліны. Забіўся з вісклівым лямантам, ушчэнт крышыў страшэннымі ўдарамі крылаў і хваста ўсё вакол – векавыя дрэвы, валуны. Ад бяссільнай злосці грыз зямлю, душыўся ўласным агнём і атрутаю. Ільга, прыпыніўшыся на лясным пагорку, чакала, пільна сачыла за зверам паверх насцярожанага лука і, як толькі цмок падняўся на лапы, стрэліла – раз, другі, трэці. Цмок засычэў, павярнуўся на дзіва імкліва для такой махіны. І рушыў, падвалакваючы падстрэленае крыло, на Ільгу бегма, з хуткасцю лепшага каня, і тугія канаты мышц шпарка ўзвіваліся пад блішчастаю лускаю. Ад такога відовішча пярэстая ўзбрыкнула пад сваёй вершніцай, захрыпела ад жаху, так што з храпы пасыпала пена.
Ільга ўладна нацягнула цуглі, пусціла кабылку ў галоп. Зямля скаланалася, страшна гула пад цяжкімі крокамі, ад пранізлівага рову і свісту закладвала вушы. Цмокава пашча раз ці два прагна шчоўкала над Ільзінай галавой, абдаючы невыносным смуродам, і тады пярэстая заходзілася ў гучным ржанні, яшчэ хутчэй, яшчэ часцей пачынала перабіраць точанымі нагамі. Ад удараў шыпастага хваста са стогнам і трэскам падалі дрэвы, і тады з крыкамі разляталіся птахі. Ненажэрны цмокаў агонь шугаў па траве, па кустоўю, караскаўся па галінах, спрабаваў, як і сам цмок, нагнаць, ухапіць і раздзерці.

Лес гуў ад жаху, гарэў і дыміўся. Атрутная цмокава сліна падала на зялёнае лісце – і радасная веснавая зеляніна скурчвалася, чарнеючы, ссыхала. І доўга, жудасна, бясконца доўга вакол быў толькі агонь, дым ды атрута, і смуроднае цмокава дыханне, і пранізлівы рык, ад якога завязваліся вузлом вантробы, і цяжкі тупат, што балюча адгукаўся ў самых касцях. Ільга задыхалася, кашляла, лавіла ротам паветра, слепла ад гарачыні і смуроду, ад густога дыму. Настойлівая азёрная музыка гучала далей, ратуючы, выводзячы, слізгала па крутых плячах напятага лука, танчыла на вастрыях стрэл, жыла ў звоне спушчанай цецівы. Ільга раз за разам паварочвалася, страляла, адчуваючы гулкую пустату ў галаве, ад якой ламіла патыліцу і абмякала, рабілася на дзіва слухмяным цела. Ільга як бы глядзела на сябе збоку, спакойна і разважна адзначаючы: вось тут трэба пераскочыць цераз глыбокую прамывіну, тут лепей ашчадна прытрымаць стралу на цеціве, выбіраючы лепшы момант,тут варта прыгнуцца.
Прасвет між стваламі дрэў падаўся Ільзе чаканым збавеннем. Пярэстай, мабыць, таксама: кабылка заржала радасна, прыспешылася, як магла, з апошніх сіл. Голас блізкай ракі, такі лагодны, такі ласкавы, накотваў разам з ясным святлом шэранькага пахмурнага дня, нёс з сабою і свежасць, і надзею. Ільга вырвалася на ўзлессе, вылузалася з дыму і гару, – і нарэшце змагла ўздыхнуць на поўныя грудзі. Унізе звілістая Вугера спакойна несла свае хвалі між высокіх узгорыстых берагоў, шчыльна зарослых светлымі бярэзнікамі. За нешырокім пясчаным валам, за чорнымі вольхамі горбіўся, патанаючы ў белай квецені каліны, стары мост, і за ім раптам, папярэджваючы, запеў баявы рог: з-за моста сачылі і заўважылі.
Цмокаў рык прагучаў быццам у адказ, паляцеў далёка над рачною далінаю. Па сыпучым пяску, праз трапяткі паўпразрысты бярэзнік, міма пахкага лісця вольх, навыперадкі з цмокам, Ільга шпарка панеслася да шэрага гарба старога моста. Узмыленая пярэстая цяжка і часта дыхала, раздуваючы бакі, пачала злёгку прыпадаць на адну нагу і паступова збавіла ход.
– Яшчэ трошачкі, – прасіла Ільга. – Трошачкі, любая, давай!..
Узляцелі на мост – белы воўк і пярэстая кабылка з Ільгай. Даўніх камянёў месцамі не хапала, а тыя, што былі, калываліся, вохкалі пад любым цяжарам, і ўвесь мост часта тросся, заходзячыся, быццам у ліхаманцы. Ільга лёгка саскочыла на мост у самай сярэдзіне, прыхапіўшы з-пад сядла бацькаву дзіду. Учапілася ў дрэўка аберуч, наставіла вастрыё на цмока, які, трывожна прынюхаўшыся, замёр перад самым мостам у нерашучасці – мабыць, зразумеў ненадзейнасць такой пераправы або счуў блізкую пастку.
– Ну?.. – голасна сказала Ільга цмоку. Павольна, на паўсагнутых нагах рухалася з боку ў бок, асцярожна ступаючы, адчуваючы падэшвамі гуд і напружанне выцертых часам камянёў.
Цмок выскаліўся, пагрозліва засычэў, торгаючы параненым крылом. Ударыў хвастом, узняўшы воблакі пылу. За зверам палымнеў лес, сыходзіў языкамі шалёнага агню і клубамі густога чорнага дыму.

Вывернуўшыся з ваўчынага футра, ступіў бліжэй Йурай – захаканы, бледны, увесь нібы выцвілы, з чорнымі кругамі пад стомленымі вачыма. Занадта шмат сілы выцягнулі з яго тыя чары, са шкадаваннем падумала Ільга. Яшчэ трошачкі – і зусім нічога не застанецца.
Йурай, цяжка дыхаючы, плаўна падняў руку. Азёрная музыка павольна закруцілася вакол яго, зырка прабліскваючы ў валасах, на скуры, на адзенні вострымі сярэбранымі іскрамі.
– Чакай, – ледзь варушачы вуснамі, мовіла яму Ільга. – Не трэба так. Дай лепш я сама.
Кружэнне музыкі рэзка апала, спеўнае срэбра згасла. Йурай хіснуўся і ледзьве ўтрымаўся на нагах. Пераводзячы дыханне, паглядзеў на цмока, на дзяўчыну – і, прыкусіўшы вусны ад болю, схапіўся за запясце.
– Я змагу, – сказала Ільга, праглынуўшы сухі камяк у горле і лацвей перахапіўшы дрэўка. Сказала і паэту, і – можа, нават найперш – самой сабе.
Рушыла маленькімі крокамі бліжэй да звера, напружана не зводзячы з яго вачэй. Цмок глуха рыкнуў, з прысвістам уцягнуў ноздрамі паветра. Ну, давай, думала яна, аблізваючы перасохлыя вусны. Я ж зусімзусім блізка, толькі лапу працягнуць. Ну?..
Цмок затупаў на месцы і выдыхнуў струмень полымя. Ільга жвава кулычулася цераз плячо, апынулася з другога краю моста. Дражнячы пачвару, голасна свіснула – і зноў была вымушана кульнуцца, ратуючыся ад агню. Сырыя кусты каліны падхоплівалі полымя з неахвотаю, патрэсквалі і моцна дымілі.
Ільга з раздражненнем падзьмула на лёгкія пасмы, што ўпалі на вочы. Рукі ў яе пачыналі трохі падрыгваць ад напружання. Не зводзячы позірку са звера, яна намацвала падэшваю каменныя пліты, асцярожна перасоўваючыся, чакаючы новага вогненнага ўдару.
І раптам пад нагою апынулася вусцішная пустка. Ільга пахаладзела і, вохнуўшы, страціла раўнавагу.
Быццам толькі таго і чакаў, цмок падабраўся і адным моцным рыўком кінуўся наперад, скрабянуўшы доўгімі кіпцюрамі зусім побач з Ільзінай галавою. Яна ўхілілася, адкацілася прэч – і амаль сарвалася ўніз, туды, дзе плылі халодныя хвалі Вугеры. Затрымалася на паўразбураным ад часу і непагадзі краі, упіўшыся пальцамі ў адну з хісткіх каменных пліт. Пацягнулася да згубленай дзіды – і сягнула зброі самымі кончыкамі пальцаў, але ўхапіць не змагла і адразу ж саслізнула ніжэй. Аскялепкі разбітага моста, патрывожаныя рэзкім Ільзіным рухам, пасыпаліся долу.
Мост тросся, прагінаўся пад цмокавым цяжарам, сырыя камяні курыліся ад гарачыні. Звер быў ужо на сярэдзіне – прынюхваўся, прыглядаўся. Звесіўся над Ільгаю з глухім сычэннем, абдаў гарачым дыханнем. Сталёвыя кіпцюры магутных лап упіліся ў камяні, выкрасаючы злыя калючыя іскры, у горле, закаваным у залатую луску, клекатала, збіраючыся, прагнае полымя.
– Кола, Ільга! – хрыпла крыкнуў нябачны Йурай. – Ахоўнае кола!
Глупства, падумала Ільга, зажмурыўшыся. Якое яшчэ ахоўнае кола! Што тут увогуле можа выратаваць, абараніць? Гэта ж не які-небудзь не-людзь, ад якога можна схавацца за...
Яна павісла на адной руцэ, другою сутаргава схапіўшыся за ножны на поясе. Бацькаў нож ладна і спраўна лёг у далонь. Ільга выдыхнула і ўсадзіла нож па самае ўзорыстае дзяржальна ў цмокаву лапу – паміж двух пальцаў, у тонкі зазор між лускавінамі, дзе прасвечвала бялёсае цела.
З ровам адхінуўшы лапу, цмок адхіснуўся і сам, выпусціўшы набранае ў грудзі полымя проста ў неба. Раз'юшаны, грозны, затупаў, гнеўна забіў хвастом і крыламі.
І тады, нарэшце, здрыгануўся да самага падмурка стары мост – і пайшоў доўгаю рванаю расколінаю ўпрост пасярэдзіне. Каменныя пліты лавінаю пасыпаліся ў бурлівую ваду, са скрыгатам падламіўся роўны шэраг пазелянелых ад часу калон. Добрую палову моста павяло ўбок, і цмок, учапіўшыся ў старыя камяні, дарэмна спрабаваў утрымацца. З таго берага ракі ў звера, быццам цэлы рой куслівых вос, пасыпаліся стрэлы вугеркаўскіх вояў, а змей роў і пляваўся ў лучнікаў агнём. Стрэлы шкодзілі яму не болей, чым пчалінае джала мядзведзю, але злавалі, адцягвалі ўвагу.
У гэтай сумятні Ільга паспрабавала выбрацца – падцягнулася на руках, намацала нейкае апірышча для ног. Пліта, за якую яна трымалася, раскалолася напалову і папаўзла ўніз. Ільга адчула спінаю бездань, паспрабавала ўтрымацца за іншую пліту, але не дастала, адно вырвала колькі высахлых былінак, што прараслі ў шчыліне.
Аднак не ўпала – Ільгу цвёрда ўхапілі за руку. Матляючы нагамі над далёкай – усё яшчэ далёкай – вадой, Ільга падумала з палёгкаю: тры дні таму наўрад ці магла ўявіць, што настолькі рада будзе бачыць не-людзя.
Йурай выцягнуў яе, і своечасова: мост хіліўся набок усё мацней і мацней, калоны пад ім крышыліся ад бязладнага тупату і ўдараў цмокавага хваста. Давялося бегчы па плітах, якія ад першага ж дотыку падалі, сыпаліся, бегчы навыперадкі з расколінамі, з праваламі, што расходзіліся ўсё далей і далей, аплятаючы старыя камяні шчыльнаю сеткаю. Цмок, адчуваючы пад сабою зыбанне, закрычаў успуджана, працяжна. Паспрабаваў распрасцерці крылы, ударыў імі, разганяючыся, – і камнем паваліўся ў халодныя імклівыя хвалі. Упаў разам з абломкамі калон, расколатымі плітамі ды дробным друзам і знік у агромністым слупе іскрыстых пырскаў. Звер з пакутаю закрычаў зноў, і разам з яго крыкам ад вады паднялося воблака густой шызай пары, затапіла бераг, быццам ранішні туман.
Ільгу прабіў халодны пот, ад лёгкага павеву ветру яна задрыжэла, дробна застукала зубамі. З-пад яе ног сарваўся туды, ў вусцішную густую пару, каменьчык – і ў Ільгі валасы заварушыліся на галаве.
– А цмок... ён жа ўсё яшчэ там, так? – з цяжкасцю выціснула яна, дарма спрабуючы хоць нешта разгледзець унізе.
– Там, – пацвердзіў Йурай. Ільга паківала, зноў паглядзела ўніз і пругкім крокам пайшла да пярэстай, што схавалася ў алешніку. Зняла калчан са стрэламі, па-гаспадарску пералічыўшы, колькі засталося, прымацавала яго да пояса. Зняла лук, праверыла пальцам цеціву.
З кустоўя паказаліся чырвоныя плашчы вугеркаўцаў. Тамаш Дубыніч, вынырнуўшы з-пад ніцай вярбы, паклікаў Ільгу па імені, замахаў рукою. Пасля падбег, з асцярогаю косячыся на абрушаны мост.
– Дзеўка, – мовіў уражана. – Ты. ну ты, аднача, і штука! Сапраўды ж, бач, цмока. таго.
– Кон гэта! – гукнуў хтось з вояў. – Як прарочана было: дзева-вой!
І другі ўскрычаў з падобным захапленнем:
– Блаславенне багоў!
Ільга тольгі пагардліва чмыхнула. Ведала, што гэта ніякія не багі толькі што рызыкавалі ўласнымі каркамі.
– Ды яшчэ, бач, – працягваў Дубыніч, звонка пляснуўшы сябе па сцягну. – Трасца цябе вазьмі, адна!..
– Я была не адна, – суха выправіла яго Ільга, таропка папраўляючы наплечны шчыток.
І рушыла – далей ад іх позіркаў ды перашэптванняў – да высокага берага Вугеры. Агледзелася, прыкідваючы, як лепей было б спусціцца да вады і ці атрымаецца гэта ўвогуле зрабіць, не скруціўшы шыю. Бераг быў досыць круты, камяністы, густа парослы бадзяком і дзядоўнікам.
З пахмурнага нізкага неба зарадзіў дождж – лагодны, ціхі, дабратворны. Прыбіваў пыл і попел да зямлі, суцішваў палкае полымя, змінаў змяіны смурод, шчодра рассыпаючы сярэбраную свежасць.
Дождж рассцяліў над Вугерай шырокае шэрае радно, замгліў далі, адмыў пяшчотную маладую зеляніну, і тая ажно заззяла. Дождж змягчаў гукі і фарбы, горача шаптаўся з рачною вадою, дробна крочыў па густых зарасніках. Мусіць, недзе побач цвіў бэз, бо ад дотыку дажджу салодкі бэзавы водар зрабіўся больш акрэсленым, больш яўным, галавакружным, запаланіў усё вакол. Ільга стомлена прыкрыла вочы, падстаўляючы разгарачаны твар небу.
Добра было, што – вось вакол і бэз, і дождж, і засмужаная далячынь. Ільга адкінула валасы з твару і ўсміхнулася – дажджу.
Крокі Йурая, як звычайна, былі бязважкія, але Ільга неяк адчула яго прысутнасць побач самою скураю, як адчуваюць цяпло. Праміргалася, слаба кіўнула.
– Цмок унізе, – сказаў Йурай. – Здранцвелы, зняможаны, заложнік сцюдзёнай вады, звонкай і злой, звязаны і зломлены.
У гэтых словах перакотвалася чароўная сталь, і Ільга насцярожылася. А паэт моўчкі глядзеў на зацягнутую парай раку – з непрыхаванаю скрухаю, з жалем і шкадаваннем. Пасля пытальна зірнуў на Ільгу. Тая нахмурылася, бо прачытала ў яго вачах незададзенае пытанне.
Дакладней – неагучаную просьбу.
– Ну, не! – выгукнула Ільга сярдзіта. – Нават і не думай!
– Ты перамагла, – адчаканіў Йурай. – Гэтыя дурні і так будуць насіць цябе на руках. Чула? – і перадражніў, наўмысна гнюсавячы: – «Воля багоў».
– Воля-шмоля! – злосна мовіла дзяўчына, нават прытупнула. – Думаеш, мне да іх увогуле ёсць справа? Цымус не ў гэтым, хіба не разумееш?
Йурай звузіў вочы.
– О, вядома. Цымус у тым, каб зусім знішчыць. Каб выпаліць карэнне. Каб не засталося і звання.У голасе яго зноў бліснула тая небяспечная сталь, і Ільзе на імгненне зрабілася страшна – мусіць, нават страшней, чым тады, калі яна вісела над безданню, а на яе любаваўся крыважэрны вогненны змей.
Адчувалася, што размова ўжо не зусім пра цмока. А можа, нават і зусім не пра цмока.
Ільга зябка павяла плячыма.
– Ты атрымала сваю помсту. Атрымаеш сваю славу, – гаварыў Йурай з горыччу. – Але гэтага недастаткова, праўда, чалавечае дзіця? Вам жа ніколі не бывае дастаткова.
Ільга задумліва пацерла лоб, размазваючы сажу. Паглядзела з-пад сваёй рукі на Йураеў твар, на дзіва змрочны, і адзначыла пра сябе: такім паэта ёй яшчэ не даводзілася бачыць.
Чужая скруха зноў адазвалася ўнутры балючым рэхам, ажно знутры разанула вочы. І ўспомнілася з былой размовы: цмокаў даўно не было відаць. Гэты, мабыць, апошні.
Агніста-залаты, з каронаю з рагоў, з касцянымі грэбнямі, з магутнымі крыламі. Драпежны, злосны, крыважэрны. І, каб яго, – прыгожы.
– Нельга яго пакідаць, – не здавалася Ільга. – А калі адляжыцца і зноў пачне паляваць на людзей?
– О, не пачне, – упэўнена адказаў Йурай. – Ажно пакуль рэкі не зменяць сваіх рэчышчаў. Глядзі.
І махнуў рукою на раку пад разбураным мостам, быццам разводзячы ўбакі крылы шызай пары. Ільга ахнула.
Сцюдзёныя хвалі Вугеры амывалі чорную, гладкую, быццам шкло, скалу. У камні ледзьве згадваліся прытоеныя пад блішчастай паверхняй і звівы агромністага змеева цела, і золата лускі, і вострыя кажанавы крылы – застылыя, надзейна закаваныя ў камень.
Ільга злажылася і нават – на ўсялякі выпадак – стрэліла ў вяршыню скалы, што высока ўзносілася над вадою. Пацэліла, але страла, звонка стукнуўшыся аб камень, бяссільна ўпала ў Вугеру, закружылася, затанчыла ў хвалях і апусцілася на дно.
– Ты! – абвінаваўча мовіла Ільга, апусціўшы лук. – Ты ж з самага пачатку ведаў, што так адбудзецца. Што цмок не проста здранцвее, а скамянее. Так? Ведаў?
– Я не ведаў, чалавечае дзіця, – ускінуўшы галаву, зацягнуў сваю любімую песню Йурай. – Я проста ба...
Але дагаварыць не дагаварыў, бо асекся пад нядобрым позіркам Ільгі і, кашлянуўшы, прызнаўся:
– ...ведаў.
І адразу ж вохнуў, бо сярдзітая Ільга сунула яму кулаком у плячо. Нямоцна, збольшага для прыліку – бо няма чаго недагаворваць.
– Даруй, – папрасіў Йурай. І ўсміхнуўся квола, самым краёчкам вуснаў.
– Ну, ты і зараза, паэт, – сказала дзяўчына значна мякчэй, чым варта было б. Акінула позіркам скалу з застылым у ёй цмокам і падумала: рэкі не зменяць сваіх шляхоў яшчэ доўга-доўга. Прынамсі, для чалавека. І калі крылатаму аскялепку сівой даўніны няма месца ў свеце людзей, то, магчыма, будзе месца ў свеце пасля.
Маленькая, кволая надзея на будучыню – для даўніны.
А над Вугерай плыў сярэбраны звонкі дождж.
І гэта было – добра.
Ілюстрацыі аўтара.








