355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Максим Горецкий » Досвiткi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Досвiткi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 31 октября 2016, 01:50

Текст книги "Досвiткi (на белорусском языке)"


Автор книги: Максим Горецкий



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Горецкий Максим
Досвiткi (на белорусском языке)

Максiм Гарэцкi

Досвiткi

Доўга цягнуцца зiмовыя досвiткi. За вокнамi цёмна i лютая сцюжа, а ў сцюдзёнай хаце невясёла гарыць цямнявая лучына, нудна трынкаюць марудныя верацёны. Да свету яшчэ далёка-далёка!

Не пяюць удосвецця песень, i маўклiвыя праллi толькi цiха думаюць свае цiхiя досвiтныя думы.

Але бяссонны дзядуля, размачыўшы лыкi i сеўшы ў кажусе на калодачку пасярод хаты, любiць гэтым часам развеяць сонны сум у маладых сваiмi пераказамi аб розных прыгодах з даўняе мiнуўшчыны.

Пляце дзядуля старадаўнiя плятнi i любiць iх, як свае лапцi, а ўжо яго старэйшы ўнук, яшчэ i не дзяцюк, а толькi ладны хлопчык, што нi ў вошта, аднак, ставiць лапцi перад ботамi, ужо ён не можа ўцерпець – i перабiвае цiхую стройную плынь казання i слухання. Бунтуецца яго маладое сэрца супроць незразумелай для яго пакоры панскiх падданых.

– А каб на мяне, – кажа ён дзеду, – то ўзяў бы я добры кол, прыпiльнаваў бы пана дзе-небудзь у зручным куточку ды так бы свiснуў яго па ўху, што ён бы i сваiх не пазнаў! Не стаў бы другi раз сячы людзей.

– Эх, братка ты мой, братка! – усмiхаецца на ўнука дзед. – Няўжо ж ты гэтак любiш бiцца? Цi табе, такому маладому, так казаць! Брыдка гэта бiцца... Але быў у нас адзiн: бывала, як яго сячы, возьме кол, стане ў кут i не даецца. "Палезьце толькi! Першаму, кажа, растаўку мазгаўню". А потым уцячэ ў лес i бадзяецца дзён дзесяць. Але што ж? Недзе ж яму дзецца – вернецца сам або яго зловяць. Схопяць знянацку, звяжуць, пакладуць на ўслоне, пара людзей сядуць на ногi, пара на галаву, а трэцяя пара з двух бакоў так адлупцуюць беднага, што пасля яшчэ дзён колькi ляжыць ды стогне...

– Каб усе не давалiся, як ён, то не абсеклi б!

Дзед толькi засмяецца i кажа далей перарваную гiсторыю.

– А каб на мяне, – зноў замiнае дзеду ўнук, – узяў бы я карабочак сернiкаў i добры пук саломы, выбраў бы я цёмную восенную ночку i так бы засвяцiў у панскiм двары, што пан той i сваiх бы не пазнаў.

– Эх, братка ты мой, братка! – усмiхаецца дзядуля. – Лацвей табе цяпер казаць, – не тое было ў даўнi час. Быў у нас гэткi адзiн. Бывала, як толькi восень – гарыць гумно ў нашага пана. Згарэла раз, паставiў цераз год другое. Згарэла i тое, паставiў трэцяе. А пасля прыехалi к пану казакi, сагналi ўсiх людзей у двор, выбралi ад кожных дзесяцi сем'яў па чалавеку, разлажылi iх голых на таку ў гумне. Прыйшоў пан, запалiў свечку ўвелькi з добрую качалку i ну па радоўцы падсмальваць задраныя бароды, дый пытаецца: "Не ведаеш, цераз чый грэх спалiлася гуменца ў твайго пана?" – "Ой паночку, змiлуйцеся, не ведаю". Абышоў усiх, а ляжалi ў два рады, як снапы, – i нiхто не ведае... "Ну, то, кажа, як вы такiя святыя, што нiхто з вас не мае грэху, – царства вам нябеснае!" Выйшаў з казакамi за вароты, сказаў заперцi там нягрэшных i запалiць, i гэтае гумно... Божухна-бацюхна! Пан багаты, што яму значыць спалiць гумно (пустое, без хлеба) i страцiць сотнi дзве падданых, калi ў яго лесу таго за колькi дзён вокам не скiнуць, а падданых не адна тысяча. Завылi ўсе людцы, што стаялi ў вокнах, кiнулiся да пана, але не з коллем, а з гаручымi слязьмi, каб не губiў невiнаватых. Плачуць, галосяць, поўзаюць наўкол пана па зямлi, як ракi або чэрвi. "Запальвайце! – крычыць пан. – Мае людзi, мой адказ!" Хацелi ўжо казакi палiць, аж крычыць з гумна адзiн: "Мой грэх!" Выпусцiлi ўсiх, а яго звязалi, павезлi некуды скрозь ноч. Дзейкалi ў нас людзi, што спалiў яго пан у лесе. Можа – праўда, можа – не, толькi ўжо ён прапаў недзе навекi, нiколi не вярнуўся. А начальству пан сыпнуў грошы, каб не слухала людскiх дзейканняў i не шукала чалавека. Сам жа пан быў i начальнiк...

– Каб усiм кагалам кiнулiся на пана, то не прапаў бы чалавек, – спiраецца задуманы хлапец.

– Эх, братка ты мой, братка! – кiвае галавою дзед. – Паглядзiм што-то ўжо будзе з вас, маладых ды бойкiх.

Маўчыць тады, бывала, малады ўнук.

I так цягнуцца доўгiя-доўгiя зiмовыя досвiткi... Да свету яшчэ далёка, i кажа дзед, як загiнуў малады Васiль, што кахаў харошую дзяўчынку-немку i любiў яе маляваць, i як звялася па смерцi дзедавага дзеда багатая пчэльня, i як трасла дзедавага дзядзьку трасца, здаўшыся яму начою ў лесе нямою бабаю...

– Не ймецца веры, дзедку, у тое, што ты кажаш, – усмiхаецца нарэшце такi i ўнук. – Трасца не можа здацца бабаю, бо гэта ёсць толькi хвароба.

– Можа i так, – пакорна згаджаецца дзядуля, – а людзi кажуць, i я кажу... Мне самому нiчога нiколi не здавалася. Вам жа, маладым, лепей тое ведаць, што вам у школе кажуць, а нам, цёмным, што... Што мы ведаем?

– Як чалавек хворы, дык яму тады здаецца ў хворых мазгах... – спяшаецца ласкавей сказаць унук, бо цяпер жаль ён чуе да свайго цёмнага, пакорнага дзядулi...

1926 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю