355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча » Текст книги (страница 3)
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 04:47

Текст книги "Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 18 страниц) [доступный отрывок для чтения: 7 страниц]

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
ДАРУЧЭННЕ СУДДЗІ ЮДЫЦКАГА

Старажытныя кёльты верылі, што калісьці ў Ірландыі над ручаём Тройцы раслі дзевяць кустоў ляшчыны з чароўнымі арэхамі цёмна-малінавага колеру: хто іх сарве ды з’есць, спазнае таямніцы сусвету. Разумнікаў, аднак, не знаходзілася, арэхі ціхенька сабе падалі ў ваду разам з таямніцамі, і там іх глыналі тлустыя лянівыя ласосі. Вось гэтыя рыбіны і зрабіліся наймудрэйшымі ў свеце, асабліва пасля таго, як чароўныя ляшчыны засохлі з-за цікаўнасці адной кабеты. А толку з мудрасці тых ласосяў? Што яны распавядуць? Хіба злавіць якога ды з’есці… Аднаму кёльтскаму герою, Фіну Мак Кумхэйлу, удалося такую рыбу сасмажыць ды зрабіцца мудрацом. А так – суцэльнае расчараванне: ласосі паныла сноўгаюць у рэчцы, шукаючы арэхаў, людзі вылоўліваюць ласосяў, спадзеючыся напаткаць патрэбнага…

Пан суддзя Юдыцкі, напэўна, таксама спадзяваўся праз паяданне рыбы зрабіцца мудрацом. Таму што зацята калупаўся ў кавалку ласасіны, запечаным з цытрынай. Увогуле стол, за якім сядзела ўсяго два чалавекі, суддзя ды ягоны госць, быў устаўлены далікатэсамі аж надзіва: мядзвежыя лапы пад вішнёвай падліўкай, бабровыя хвасты з ікрой, ласіныя ноздры з мігдаламі, смажаныя вожыкі і яшчэ нешта, чаму Пранціш Вырвіч і назвы не ведаў. Проста магнацкі баль… Другая дзіўната была ў тым, што гаспадар амаль нічога з гэтага не з’ядаў – прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак у рот не лез. Суддзя, заўважыўшы неўразумелыя позіркі драгуна, патлумачыў:

– Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria![5]5
  Належыць ахвяраваць усім дзеля радзімы (лац).


[Закрыть]

Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў «дзеля вышэйшых ідэалаў», калі хацеў употай прадаць «ведзьмака» Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.

– А потым надыйшоў час, – працягваў гаспадар, – калі нават самую простую і лёгкую ежу мой страўнік перастаў прымаць, і думаў я ўжо, што аддам у вогненнае мора залатыя ключыкі… Дай Бог здароўя шаноўнаму доктару пану Лёдніку, вашаму вучонаму сябру, – Юдыцкі злёгку пакланіўся Пранцішу. – Адратаваў мяне… Але ж прапісаў спецыяльную дыету! А як толькі мы чагосьці пазбаўляемся – тут і пачынаем прагна гэтага жадаць, грэшнікі… – скрушліва прамовіў суддзя і адправіў у рот кавалачак смажанага вожыка. – Таму й вырашыў я, не губячы здароўя дзеля чэраваўгодніцтва, усё-ткі спазнаць высакароднае мастацтва шляхецкай ежы. А якія радасці яшчэ ў жыцці ў мяне, хворага, страціўшага Фартуну, засталіся, дарагі пан Вырвіч!

Юдыцкі мройна пажаваў кавалак і выплюнуў на паднос. Ага, калі не маніць наконт апошняй радасці – значыць, мужчынскую сілу Лёднік пану суддзі ўсё-ткі не вярнуў, зласліва падумалася Пранцішу. На здаровага чалавека суддзя не выглядаў: худы, зжаўцелы… Але не сказаць, каб кволы, а ўжо хітручы які! Нібыта сапраўды патрапіўся яму ласось, які з’еў чароўны арэх. Чаго гэтак абхаджвае маладога драгуна, як бы сам Радзівіл у дом завітаў, робячы выгляд, што забыўся на колішнюю варожасць? Пранціш больш за ўсё на свеце хацеў апынуцца падалей ад гэтага шыкоўна накрытага стала і запляванага перажаваным смакоццем срэбнага падносу.

– Ах, як шкада мне сённяшніх маладых людзей, адважных і кемных, якія не маюць яснай мэты і слаўнай кар’еры на полі бойкі! – амаль са шчырай скрухай завёў Юдыцкі. – Якіх магчымасцяў яны пазбавіліся, калі лепшыя сілы краіны апынуліся ў выгнанні!

Словы суправаджаў востры позірк, які правяраў паводзіны драгуна на гэтае прызнанне. Вырвіч надаў сваім блакітным вачам самы шчыры, наіўны выраз – як перад прафесарам на лекцыі, да якой не падрыхтаваўся. Суддзя вычыкаў трохі, але ж працягнуў, хаця й вельмі асцярожліва.

– Так, мала сёння, у наш сапсаваны час, людзей, якія заслугоўваюць даверу. Вось ягоная мосць пан Малішэўскі напісаў мне, што пан Вырвіч якраз рэдкае выключэнне. Нездарма я чуў, што пан Вырвіч збіраецца ў паломніцтва ў Гуту.

Вырвіча ажно скаланула. Эх, кругом шпегі… Гэта ж ён учора ў карчомцы, дзеля якой адклаў на дзень спатканне з Юдыцкім, сустрэў аднакурсніка родам з-пад Гуты, дый пачаў распытваць пра Гутаўскі кляштар, і ці ёсцека там прыгожыя мнішкі. Гаворка пасля пары-тройкі куфляў зрабілася куртуазнай і гучнай, перацякла ў другую карчомку, потым у трэцюю… Сябрук гучна абвяшчаў, што ягоны таварыш пан Пранціш Вырвіч – самы што ні на ёсць дабрадзейны і збіраецца ў паломніцтва… Карацей, Пранціш цьмяна памятаў падрабязнасці. Так што цяпер уся Вільня тэарэтычна магла ведаць, што драгун Пранціш Вырвіч збіраецца ў Гуту.

Юдыцкі паклаў відэлец, павольна перажагнаўся.

– Рэдка, рэдка сярод моладзі сустрэнеш такую ўхвальную пабожнасць.

Пранціш сціпла апусціў вочы, успомніўшы, як у карчомцы яны крычалі, што трэба ратаваць манашак, і якім чынам гэта належыць рабіць. Ці шпегі данеслі Юдыцкаму ўсё недакладна, альбо сам суддзя хітрыў, але Вырвіч пастараўся надаць твару выраз патрэбнай ступені пабожнасці.

– Хачу з панам Вырвічам параіцца, – мякка сцяліў суддзя. – Ёсць у мяне далёкі сваяк… Хварэе, небарака, пасля перанесеных няшчасцяў, і не толькі цялесна, але і, так бы мовіць, разумова. Няшчасце адно блізкім назіраць за ягонымі пакутамі. Адзінае выйсце – цуд Божы… Таму і вырашылі мы адвезці яго напачатку ў Менск, да цудатворнага абраза Маці Божай, з’яўленага на беразе Свіслачы і пісанага апосталам Лукою. Вы ж, пан Вырвіч, праваслаўны, гэты абраз таксама шануеце?

Пранціш старанна заківаў галавою. З якога перапуду везці хворага на галаву з Вільні ў Менск, прамінаючы іншыя святыні? Для старца міля не круг? Юдыцкі задаволіўся маўклівай згодай слухача і працягваў:

– А тады і ў Гутаўскі кляштар, дзе зараз захоўваецца дзясніца святога Лукініяна. Таму як пачуў пра намеры васпана, палічыў гэта знакам Божым. З Божай дапамогай сваяка майго перастрэнуць і давязуць да рымскага прастолу, дзе, магчыма, пан і будзе ацэлены. Але карэту трэба суправадзіць. А дзе знайсці надзейнага чалавека, які гэта зробіць? Апекуны хворага гатовыя такому заплаціць дзвесце дукатаў.

Вырвічу ажно дух заняло. Менавіта за дзвесце дукатаў Лёднік калісьці і запрадаў сябе ў рабства – запазычыўшыся на рэдкія інгрэдыенты для здабывання філасофскага каменю. Пасля гэтыя грошы князь Багінскі ахвяраваў Лёдніку, каб той выкупіў сябе на волю і ў падзяку палез разам з Саламеяй у полацкія сутарэнні, здабываць рэліквію для будучага караля. Якім, вядома, павінен быў стаць Міхал Багінскі. За дзвесце дукатаў многа можна купіць! Гэта два гадавыя заробкі падхаружага Вырвіча!

– Думаецца, які —небудзь малады драгун мог бы і ўзяцца, – задумліва прамовіў Пранціш. – Плата някепская… Толькі…

Юдыцкі, які звык аrgenteis hastis pugnare, змагацца срэбнымі дзідамі, па-свойму растлумачыў ваганні маладога госця і дадаў:

– Прабачце, ваша мосць, маю някемнасць… Вядома, мне трэба было адразу назваць плату ў трыста дукатаў!

Вырвіч няпэўна хмыкнуў, спрабуючы схаваць узрушэнне. І мімаволі прыпомніў папярэджанне Лёдніка, што самы смачны кавалачак сала гаспадар кладзе ў пастку. Успамін пра доктара тут жа матэрыялізаваўся, бо Юдыцкі зноў лісліва ўсміхнуўся бледнымі адтапыранымі вуснамі, словы яго ліліся, як мёд на заручынах непрыгожай старой дзеўкі:

– Ваш камандзір ацэніць, калі выканаеце гэтую справу, дарагі пан Вырвіч, магчыма, і наконт вашага павышэння па службе справа зрушыцца. Але вось незадача… Для суправаджэння хворага патрэбны не толькі вой, але і доктар. І самы таленавіты. Вось бы такі майстар, як ваш сябар, прафесар Лёднік! Для яго была б і цікавая практыка, і ганарар шчодры! Але, выбачайце, я разумею, што гэта немагчыма, прафесар заняты, да таго ж, не дужа прыслухоўваецца да маладзейшых… – Юдыцкі перабольшана сумна ўздыхнуў. – Наўрад пан Вырвіч мае на яго цяпер нейкі ўплыў. Не думаю, што доктар – а ён цяпер такая важная персона – згадзіўся б паехаць з панам Вырвічам, простым драгунам, у Гуту.

Вырвіч раздражнёна прыкусіў губу. Юдыцкі што, лічыць, быццам сын полацкага гарбара цяпер настолькі ўзняўся над нашчадкам Палямона?

– Вось яна, сваволя Фартуны… – пацягваў Юдыцкі, робячы выгляд, што не заўважае перайманняў госця. – Учорашні слуга сёння камандуе сваім панам… Хаця, між намі кажучы, – голас Юдыцкага зрабіўся агідна-змоўніцкім, – зараз шаноўнаму прафесару лепей за ўсё таксама на час з’ехаць з Вільні. Пасля ягонага вельмі смелага дакладу.

Нельга сказаць, каб Пранціш зусім не западозрыў падвойнага дна. Больш за тое – Пранціш быў упэўнены, што гэтае дно існуе, і вельмі гразкае. Але зарабіць за які тыдзень-два трыста з верхам дукатаў! А галоўнае, Вырвіча вельмі пакрыўдзіў намёк суддзі, што Лёднік ім камандуе, пагарджае меркаваннем былога гаспадара. І праўда, чаму пан Пранціш Вырвіч даў над сабою столькі ўлады нейкаму прасталюдцу, якога некалькі год таму меў права сцябаць бізуном з ранку да вечара! Цёмнае, балючае адчуванне несправядлівасці, якое сапсаваны французскай філасофіяй драгун апошнія гады душыў у сабе, выплюхнулася вонкі… Ён – шляхціц! Калісьці, у родным Падняводдзі, пан Даніла Вырвіч прымушаў вясковых хлапчукоў цалаваць у ручку малога Прантасія Вырвіча кожны раз, як той зробіць ласку пагуляцца з імі ў чыжа. Хаця паніч бегаў такі ж босы, як і яны. Фартуна можа адвярнуцца ад шляхціца, але кроў ягоная застаецца такой жа высакароднай, і ён мае магчымасць стаць і вялікім гетманам, і нават каралём.

– Прабачце, ваша мосць пан Вырвіч, што закрануў непрыемную тэму наконт слугаў, якія робяцца панамі. Забудзьцеся, што я казаў пра доктара, нават не гаварыце з ім пра гэта. Ён вас усё роўна не паслухаецца, а вам, нашчадку Палямона, арыстакрату, залішняе прыніжэнне…

Хітрыя словы Юдыцкага Пранціш ледзь чуў – так ад гневу шумела ў вушах кроў…

– Вашамосць памыляецца! Калі я скажу, Баўтрамей Лёднік адразу ж паедзе са мной у Гуту! Слова шляхціца! – выгукнуў раззлаваны Вырвіч з усёй шчырасцю, бо Лёднік даў жа яму слова, што паедзе выручаць паненку Ганну.

Суддзя ўсім выглядам паказаў асцярожны недавер.

– Не магу сумнявацца ў словах вашай мосці… Але, паўтару, доктар чалавек важны, заняты…

– А я кажу, што ён са мной паедзе!

Юдыцкі паважліва пакланіўся.

– Ваша мосць народжаны для вялікіх справаў. У такім разе вы не адмовіцеся прыняць грошы наперад? Магчыма, і за доктара таксама? А па выкананні высакароднай справы вас будуць чакаць і іншыя ўзнагароды…

Суддзя падаў камусьці знак і зноў засяродзіўся на пачастунку.

Гнеў схлынуў з драгуна, як халодная вада. І ў душы заварушыўся агідны вусень раскайвання – а так бывала амаль заўсёды пасля такіх вось гнеўных прыпадкаў, ад якіх Лёднік Пранціша ўвесь час засцерагаў. Цяпер Вырвіч адгадваў у дробных рысах твару суддзі зласлівую радасць. Што ён нарабіў! Не, драгун – не муха, якая даверліва ляціць на саладуху з мухаморамі, пастаўленую рупным гаспадаром у сподачку на падваконні.

– Вельмішаноўны пан суддзя так і не назваў імя хворага… – нагадаў Пранціш. Юдыцкі выплюнуў на срэбны паднос яшчэ адзін перажаваны кавалачак. Лёкай адыйшоўся, з цікаўнасцю паглядаючы на чарговую дзівосную страву, да якой пацягнуўся відэлец пана. Ясная рэч, усё, што на стале застанецца – а застанецца шмат – даядаць будзе прыслуга.

– Гэта адна з умоў нашага кантракту, дарагі пан Вырвіч, – у голасе суддзі трошкі дадалося металу. – Ніякіх імёнаў, ніякіх роспытаў. Не варта назаляць цікавасцю і без таго абяздоленай персоне, і не варта распаўсюджваць звесткі, што ў паважанай сям’і ёсць такі… прэцэдэнт.

Між тым іншы слуга прынёс і паклаў на стол два цяжкія мяшэчкі, у якіх спакусна бразнулі манеты. Вырвіча раздзірала на часткі, як гаспадара прабітага пасярэдзіне ракі чоўна, які і мех з золатам кінуць не хоча, і разумее, што з гэтай ношкай да берага не даплыве. Не, мусіць, трэба ўсё ж з доктарам параіцца…

– Няхай вашамосць дасць мне час абдумаць гэтую пачэсную прапанову.

Юдыцкі не пакрыўдзіўся і не засмуціўся.

– Мы не развітваемся, пан Вырвіч. Вашу долю вазьміце, а доктараву забярэце пасля. Шчырыя прывітанні ад мяне пану Лёдніку! Перадайце, што я строга выконваю ягоныя рэкамендацыі, чаму вы былі сведкам.

Толькі на вуліцы Вырвіч зразумеў, як увесь гэты час яго не пакідала напруга. Так што зараз нібыта ўпалі нябачныя ланцугі. Але што за хітраван гэты суддзя – угаварыў Пранціша на сваё даручэнне, хаця той ад пачатку ні дробачкі даверу не меў.

Трыста талераў… Пранціш узважыў у руцэ цяжкі мяшэчак. Прыкупіць зямлі ў радавым Падняводдзі, якое калісь усё належала продкам… Вярнуць славу роду… Арабскага жарэбчыка набыць, як у пана палкоўніка… Маністы для адной гожанькай кабеты з вуліцы Шкельнай… Толькі курыца ад сябе грабе. Вось толькі што Лёднік скажа? Слова сваё назад не забярэ, але…

Па дарозе Пранціш зноў завітаў у знаёмую карчомку, дзе падавалі піва, моцнае, як шляхецкае слова, і з куфлямі бегала гожанькая шынкароўна Рыўка, з вуснаў якой у цёмным закутку драгун сарваў не адзін салодкі пацалунак. Шынкароўна госцю ўзрадвалася, піва было на славу…

 
«Па вуліцы, ля студніцы мне з табою не хадзіці,
Чарнявае, бялявае за ручаньку не вадзіці!», —
 

выводзіў нястройны хор п’яных галасоў, і жыццё на некалькі туманістых хвіляў набыло сэнс.

Так што калі Вырвіч вярнуўся ў дом з зялёнымі аканіцамі, мяшэчак з манетамі быў трохі лягчэйшы, а вусны самі сабой напявалі песеньку пра сівога каня, які ўсё бяжыць-бяжыць, пакуль дзяўчыначка да шлюбу не з тым малойцам ідзе…

А ў доме быў госць.

Вырвіч нават рот па-дзіцячы раззявіў, утаропіўшыся ў прыхадня, як гусь на бліскавіцу. Маленькі шчуплы старэча з жоўтым зморшчаным тварам, з вузкімі, як прарэзанымі нажом, вачыма быў апрануты ў сіні халат і смешную шапачку з пампонам, бародка і вусы рэдкія, так, некалькі сівых валасінак. Але, калі ўгледзецца, ад усяго аблічча сыходзіў ціхі спакой, на дне якога драмала нешта небяспечнае, як у сухім калодзежы кубло гадзюкаў. Кітаец, ці што? Адкуль Лёднік яго выпараў?

Не тое, каб Пранціш ніколі раней не бачыў людзей з далёкіх краінаў – пры магнацкіх дварах былі і мурыны, і эскімосы, і індыяны. Падумаеш! Кожны князь альбо манарх імкнуўся пазбіраць у палац яшчэ і розных пачвараў, – не робячы розніцы паміж карлікамі, гарбунамі і двухгаловымі цялятамі. Многія свята верылі ў існаванне цыклопаў, латафагаў ды іншых неверагодных народаў. Як пісаў мніх з Корбі Ратрамн прасвітэру Рымберту ў пасланні пра кінакефалаў, «Падобна таму, як у кожным народзе сустракаюцца людзі, якія, здаецца, нарадзіліся на свет насуперак законам натуры, напрыклад, двухгаловыя, трохрукія, карлікі, гермафрадыты ці андрагіны і шматлікія іншыя, якія жывуць насамрэч не насуперак законам прыроды, але выконваюць сваю прызначэнне, бо законы прыроды ўсталяваныя Госпадам, гэтак жа сярод рода чалавечага натуральным чынам існуюць тыя, якія лічацца звыродлівымі стварэннямі, – напрыклад, пігмеі, антыкаўды, – у адных памер цела дасягае локця, у другіх ступакі вывернутыя назад, а на нагах па восем пальцаў. Гіподы – людзі, што спалучаюць чалавечае аблічча з конскімі нагамі. Макробіі, якія амаль удвая вышэй за людзей, а ў Індыі ёсць племя жанчын, якія зацяжарваюць у пяць гадоў і жывуць не долей васьмі, а таксама шмат іншых, у існаванне якіх з цяжкасцю верыцца».

Чым жа можа здзівіць дзядок-кітаец?

Але вось так пабачыць яго ў хаце Лёдніка, да таго ж, падобна, ён тут госць звыклы… Ды і займаліся госць і гаспадар, якія сядзелі па розныя бакі доўгага абедзенага стала, нечым дзіўным. Паміж імі – на адлегласці сажня ад абодвух – стаяла свечка, яе агеньчык свяціўся спалоханым памаранчава-блакітным вокам. Лёднік і кітаец узіраліся ў гэтае вока, нібыта ў марскую далеч, не зважаючы на зухаватага драгуна, які застыў у дзвярах. Раптам Лёднік маланкавым рухам выкінуў у бок свечкі сціснуты кулак – нават агеньчык трохі здрыгануўся. Што за фокусы? Твар прафесара зрабіўся кіслы, як бы агрэст разжаваў.

– Вы недастаткова канцэнтруеце сваю энергію, пан доктар, – смешна перакрыўляючы словы, прамовіў тонкім галаском дзядок. – Мы з вамі пра гэта ўжо гаварылі… Я нават не адчуў вашай сілы – хаця яна ў вас ёсць.

Кітаец таксама выкінуў наперад і прыбраў кулак – прычым рух ягоны быў яшчэ больш імклівы, чым у Лёдніка, хоць уявіць такое цяжка, і здарылася дзіўнае: агеньчык свечкі зараз жа згас, як бы хтось прыціснуў кнот. Доктар пры гэтым відовішчы ўпарта нахмурыўся, ноздры ягонага дзюбападобнага носу пагрозна раздзімаліся, рука паднялася…

За вокнамі пачуўся звонкі крык:

– А ну, давай! Наперад! Давай, Піфагор! Што ж ты!

Паніч Алесь Лёднік муштраваў на двары дабрэннага сабаку. Піфагор радасна гаўкнуў – падобна, не разумеючы карысці баявой навукі. А ў пакоі з партрэтам Арыстоцеля прафесар Віленскай акадэміі зноў паспрабаваў забіць свечку, хаця яна яму дакладна нічога кепскага не зрабіла.

– Пайшлі, не перашкаджай ім… – прашаптала за спінай Пранціша Саламея. – Яны яшчэ з гадзіну будуць мэнчыцца.

У другім пакоі, дзе на каміне стаяў сіні галандскі гадзіннік-ваза і вісеў партрэт сэра Ньютана, Пранціш нарэшце змог задаволіць цікаўнасць.

– Кітайца завуць Чунь Лі, кухарам працуе ў графа Разанцава, – патлумачыла пані Лёднік. – Той яго ажно з Сібіры прывёз. Модна зараз мець па некалькі кухараў-іншаземцаў. А гэты так прыгатуе, што не зразумееш ні па выглядзе, ні па смаку, што ясі – рыбу, мяса, гародніну ці ўвогуле якуюсь жамяру. Час ад часу прысылае нам ад графскага стала пакаштаваць сваіх вырабаў. Праўда… – Саламея замялася, – неяк яно не надта нам смакуе, не кажы толькі нікому. Дзядок няпросты, і медыцынай займаецца, і ўсялякімі баявымі штукарствамі. Бутрым неяк падгледзеў, як ён забіў добрага такога бычка, адкормленага дзеля панскай кухні… Няўзброенай рукой. З аднаго ўдару. А ты ж ведаеш, наш Фаўст ніколі не адмовіцца ад новых ведаў. Ну і паразумеліся… Бутрым яшчэ і кітайскую мову засвойвае.

– А што гэта яны са свечкай робяць? – зацікавіўся Пранціш.

– Спадар Лі вучыць Бутрыма сакрэтнаму ўдару на адлегласці, – стрымана адказала Саламея, якой, падобна, гэтая навука зусім не падавалася добрай.

– Гэта як? – не зразумеў Пранціш. Пані Лёднік паморшчылася.

– Калі ты не дакранаешся да цела ворага, але пашкоджваеш ягоныя тканкі так званай «вызваленай энергіяй». Спадар Лі сцвярджае, што найперш закранаюцца ўнутраныя органы, і ўсе наступствы такога ўдару праяўляюцца паступова.

На прыгожым твары жанчыны была грэблівасць. Але Пранціш уявіў, як можна выкарыстаць такое ўмельства… Прыдатна!

– Учора Бутрым паўночы сядзеў і спрабаваў гэтак вось загасіць свечку на адлегласці, – змрочна прамовіла Саламея. – Каб яму хто паказаў, як ілбом мур разбіваць – страшна ўявіць, чым скончылася б. Вясной спадар Лі прапанаваў яму сабраць раструшчаны збан проста ў мяху, праз тканіну. Казаў – добрая трэніроўка для доктара, які складае паламаныя суставы і косткі.

– А сам кітаец сабраў? – здзівіўся Вырвіч.

– Сабраў, – адказала Саламея.

– А Бутрым?

– Два тыдні змагаўся, – пані Лёднік раздражнёна ўздыхнула. – Злосны быў – не падыходзь. Нібыта мала яму непрыемнасцяў у Акадэміі. Ну, ды Бог з імі, пайшлі на варыўню, павячэраеш. Чамусьці мне здаецца, што ў суддзі Юдыцкага пан падхаружы не асабліва наеўся.

Цяпер Пранціш ведаў, адкуль ягоны былы слуга навучыўся скакаць па сценах. Пэўна ж, кітаец досведам падзяліўся.

Бліны пані Саламеі сапраўды смачныя, ды яшчэ са смятанкай… Добра, што не пост, да таго ж Пранцішу не трэба было пільнавацца дыеты, як суддзі Юдыцкаму. Так што паспеў прыгаварыць бліноў пяць, пакуль кітаец не сышоў, і на варыўні не з’явіўся змрочны Лёднік. Відаць, удар на адлегласці так пану і не ўдаўся.

Доктар моўчкі выслухаў красамоўны расповед пра спакусную прапанову суддзі.

– Усё роўна нам жа трэба ў Гутаўскі кляштар!

– Нешта я не надта веру ў такія шчаслівыя супадзенні… – прабуркатаў Лёднік. – Спадзяюся, ты нічога не паабяцаў пану – ні ад свайго імя, ні ад майго?

Пранціш трохі замяўся… Але з самым сумленным выглядам падазрэнні доктара адпрэчыў. А загашальнік свечак сядзеў сумны, унураны, твар завешаны чорнымі патламі. Спытаў стамлёна:

– І чаму радзівілаўскім кляўрэтам патрэбныя менавіта твае ды мае паслугі, а, Вырвіч? За такія грошы маглі б наняць хоць Германа Ватмана, прафесійнага забойцу самага высокага рангу. Што ў нас ёсць такога, што адрознівае ад звычайных наймітаў?

Замест драгуна мужу адказала пані Саламея, вельмі ўстрывожаная расповедам:

– Ды проста вы не належыце да кола праціўнікаў караля! Вы праваслаўныя, сябруеце з расейцамі, у пана Вырвіча нават клопаты з-за гэтага ў войску, а ў цябе – у Акадэміі. Вас нельга западозрыць у закалоце супраць Панятоўскага і Расіі! Значыць, хочуць выкарыстаць вас для маскіроўкі нечага сумніўнага.

Доктар уздыхнуў.

– Вось і я так думаю. І як жа мне гэта абрыдла… Быць інструментам у чужых руках. Усё, ніякіх авантур! Ніякіх спакусных прапановаў! У Гутаўскі кляштар з’ездзім самі.

Вырвіч пастараўся не паказаць расчаравання. Падобна, полацкага Фаўста не адразу ўдасца ўгаварыць. А патрабаваць, каб выканаў дадзенае слова, пакуль не хацелася – Пранцішу ўсё яшчэ было трохі сорамна за нядаўнія нядобрыя пачуцці да доктара, які любіў яго, як родны бацька.

У пакой забег малы Алесік, быццам уварваўся ветрык:

– Пан бацька, пані маці! Спадар Лі прыслаў яшчэ адну страву!

За малым гаспадаром сунуўся Хвелька, старанна несучы на выцягнутых руках цяжкі гліняны гаршчок, накрыты бялюткім ільняным рушніком. Ад гаршчка распаўсюджваўся незразумелы, рэзкі водар. Але на таўсманным твары слугі чамусьці не адлюстроўвалася зацікаўленасць у змесціве пасудзіны, хаця Хвелька не ўпускаў ніводнага выпадку перахапіць смачненькі кавалак. Гаршчок быў урачыста пастаўлены на стол, зняты рушнік і накрыўка… Сямейства насцярожана схілілася над падарункам, вывучаючы кітайскае смакоцце. На нейкі час запанавала маўчанне.

– Спадар Лі не сказаў, як гэта называецца? – папытаўся доктар. Алесік, які ўскараскаўся на зэдлік, каб зазірнуць у гаршчок, заківаў галавой:

– Гаварыў! Фан… фін… цзя… ця…

– Ясна… – уздыхнуў доктар. – Ну, хто пакаштуе?

Хвелька сціпла адыйшоўся ўбок.

– У мяне пячонка хворая, пан доктар ведае!

– А з чаго гэта зроблена, Бутрым? – папытаўся Пранціш, разглядаючы бела-чырвона-зялёную куламесу.

Лёднік уцягнуў доўгім носам вохкую пару:

– A prima facie[6]6
  На першы погляд (лац).


[Закрыть]
, кураціна тут дакладна ёсць. Лі неяк распавядаў пра нацыянальную страву «Цмок, тыгр і фенікс», якая рыхтуецца з курыцы, коткі і змяі…

Хвелька гучна зглынуў, нібыта яго заванітавала. Пранціш скрывіўся.

– Ты што, думаеш, твой кітаец корміць графа Разанцава варанымі коткамі і змеямі?

– Ну, не так радыкальна, – меланхалічна прагаварыў Лёднік, пацягнуўся за доўгай лыжкай, памяшаў ёю ў гаршчку, ад чаго і Пранціш адчуў, як нешта падступіла пад горла. За лыжку чапляліся доўгія белыя локшыны, падобныя да чарвякоў, што плавалі ў чырвонай падліўцы. А самае застрашлівае – боўталася чыёсьці вока. Круглае, з вішню, з чорным зрэнкам, яно быццам пазірала з гаршка, ад гэтага не было зразумелым, хто каго збіраецца з’есці. Адразу ўспомніўся суддзя Юдыцкі, які выплёўваў пажаваныя кавалкі на паднос.

– У кітайскай кухні спалучаюцца неспалучальныя элементы, – адкашляўшыся і тыцнуўшы лыжкай у варанае вока, пачаў лекцыю прафесар. – Напрыклад, у страве «Буда пералятае праз сцяну» у адным гаршку знаходзяцца плаўнік акулы, кальмар, качаціна, кураціна, свіная нага, бараніна, парасткі бамбука, грыбы і яшчэ немаведама што. Паводле легенды, адзін падарожны гэткім чынам схаваў у гаршку ўсе свае прыпасы, і атрымалася такая смачная страва, што на яе пах з бліжэйшага кляштара палезлі праз сцяну манахі, апраўдваючыся, што гэтак зрабіў бы і сам Буда.

– Я не хачу гэта… з вачыма… есці! – рашуча заявіў Алесік. – Я бліноў хачу!

– Колькі галодных людзей былі б шчаслівыя мець такі пачастунак на стале! – строга сказаў Лёднік, які сам, аднак, не спяшаўся несці лыжку ў рот. – І спадар Лі пакрыўдзіцца… Кулінарыя – таксама від мастацтва!

– Усё, заканчвайце дзівіцца! – рашуча заявіла Саламея. – Спадар Лі – жартаўнік, ён спецыяльна прысылае такія… спецыфічныя стравы. Помніш, Бутрым, як ты мінулы раз соду глытаў пасля ягоных прыправаў? Маіх бліноў хопіць на ўсіх.

Палачанка ўзяла рушніком са стала цёплы гаршчок і паставіла на падлогу.

– Піфагор, любіш кітайскую кухню?

Руды сабака падсунуўся да гаршчка, прынюхаўся, падціснуў хвост, пакрыўджана гаўкнуў і выбег з пакою. Пранціш не стрымаў смеху.

– Гэтую страву трэба назваць не «Буда пералазіць праз сцяну», а «Піфагор уцякае на двор».

Куды ўрэшце адправіліся кітайскія далікатэсы, Вырвіч не высвятляў.

Гасіў уночы прафесар свечку кулаком на адлегласці ці не, невядома, але наўрад. Таму што, калі ў горадзе зніклі агні самым звычайным спосабам, у дом з зялёнымі аканіцамі прыбеглі ад чарговага пацыента, якому стала кепска, і Лёднік, сабраўшы доктарскую валізку і прачытаўшы кароткую малітву святому Панцеляймону-ацаляльніку, адправіўся ратаваць яшчэ адно чалавечае жыццё, і, пэўне ж, начхаць няшчаснаму хвораму было на ўсе гумаральныя і магнетычныя тэорыі, на вучоныя дыспуты і на блюзнерствы ягонага лекара.

Але калі драгун Вырвіч прадраў нараніцу свае блакітныя сумленныя вочы, гаспадар з дому ўжо сышоў. Пані Саламея патлумачыла – выклікалі ў дэканат. Трохі трывожна, вядома, але ж вось-вось пачатак навучальнага году, у прафесуры справаў шмат. Вырвіч хадзіў па доме, пазяхаючы, і падумваў, ці не падацца ў карчомку…

І тут вярнуўся гаспадар. Прайшоў хуткім крокам праз вітальню, здымаючы на хаду капялюш і перавязь з шабляй.

– Вырвіч, у кабінет!

Да бабкі не хадзі – здарылася нешта паганае.

Прафесар глядзеў на свайго былога ўладальніка, як бацька кінутай нявесты на здрадлівага жаніха.

– Калі я прысягаў вашай мосці, што паеду з вамі ў Гутаўскі кляштар, я не думаў, што патрапляю ў такую пастку. За трыста дукатаў мяне Юдыцкаму запрадаў? Мая цана ўзрасла за апошнія гады?

Вырвіч разгубіўся. Ён жа долю доктара не ўзяў… За ім пакінуў права вырашаць. У чым драгун горача і паспрабаваў пераканаць Лёдніка. Прафесар махнуў рукой.

– Ну, усё роўна позна на малако дзьмуць, калі кіпнем апёкся… Мне даюць адпачынак на месяц. Каб я мог выканаць богаўгодны ўчынак, суправадзіць хворага ў паломніцтва, за што мне абяцана, аказваецца, трыста дукатаў. Калі я не еду – маю кафедру закрываюць. Зусім. Яшчэ і студэнтаў, з якімі я індывідуальна займаўся – каторыя з бедных – вытураць з Акадэміі.

Пранціш унурыўся. Падобна, што ў хітрамудрай навуцы дыпламатыі ён яшчэ навіцыянт, і заслугоўвае не дукатаў, а галавы казла, якую цар Іван Жахлівы паслаў старасце Аршанскаму Філону Кміце-Чарнабыльскаму за правал «выбарчай кампаніі», што мусіла ўзвесці маскоўскага ўладара на трон Рэчы Паспалітай.

– Ясна, Юдыцкі да езуітаў звярнуўся…

– Не Юдыцкі, а тыя, чыю волю выконвае суддзя, – строга сказаў Лёднік. – І цяпер у мяне выбар – альбо ўсё кінуць, забіраць сям’ю і з’язджаць – але тут могуць пацярпець бязвінныя людзі, альбо… ехаць з табою суправаджаць хворага пана да святых мясцінаў.

– Як жа, хворага… – скептычна прабурчэў Вырвіч, хаваючы няёмкасць. – Будзе такі ж маскарад, што калісьці ўчыніла нам панна Багінская. Памятаеш, пераапранулася ў мужчынскі касцюм і ўвязалася за кампаніяй?

Лёднік, аднак, нават не ўсміхнуўся.

– Не забывай, што я – спрактыкаваны лекар. І калі патрабуюцца мае паслугі, значыць, ёсць што лячыць – думаеш, я не адрозню таго, хто прыкідваецца, ад сапраўды хворага? Рэктар прасіў, каб я ўзяў у дарогу як мага больш лекаў, асабліва ад запаленчых працэсаў.

Пранціш зразумеў, што Лёднік у душы пагадзіўся з тым, што давядзецца адпраўляцца ў падарожжа. І – насуперак усяму – у душы драгуна, як бурбалкі ў шампанскім, узвіхурыла радаснае прадчуванне новых прыгодаў.

І ўжо зусім не здзівіла, калі тым жа вечарам падхаружаму Вырвічу прынеслі ліст ад паручніка Малішэўскага з дазволам працягнуць адпачынак, каб суправаджаць хворага шляхціца Якуба Шрэдэра.

Дык, можа, і няма нічога падступнага ў гэтым даручэнні? Можа, дарэмна прафесар пераймаецца і Пранціша палохае?

Пані Саламея так і разважала, праз два тыдні рыхтуючы мужчын у дарогу, жартавала, напявала… Але Пранціш бачыў у яе сініх вачах тугу і спалох.

Вырвіч не паленаваўся схадзіць да банкіра Мамоніча, спраўдзіць, што належыць перадаць Ганульцы. Куфэрачак з каштоўнасцямі, упрыгожаны срэбнымі налепкамі з выявай герба Агінец, Пранціш перабіраць не стаў, але здагадваўся, што пасаг у цемнавокай сціплай паненкі Макавецкай цяпер немалы.

Куфлі ў апошні вечар перад выправай у дарогу прыгожанькая Рыўка налівала Пранцішу Вырвічу з верхам, а ўсміхалася з абяцаннем… Зоры над Вільняй былі буйнымі, як залатыя яблыкі, здавалася, іх можна стрэсці з нябёснага дрэва, варта толькі знайсці, дзе звісаюць ягоныя галінкі, каб ухапіцца… І няхай дзесьці за акіянам пані Паланэя гушкае рудавалосага сынка, знойдзецца вялікае каханне для пана Вырвіча і на Беларусі…

 
Хто бярэцца з намі піці,
Той нясумна будзе жыці.
У забавах гора гіне,
Зноў лье піва гаспадыня.
Захлябнецца гора півам,
Грукнуць келіхі шчасліва.
Будзем піці, жартаваці,
Будзем славіць Вакха, браце.
Першы тост звычайна п’ецца
За ўсіх тых, хто тут збярэцца.
П’ем, другі, каб волю меці,
За жыццё падымем трэці.
Чацьвёрты за Царкву Хрыстову,
Пяты за моц князёву.
Шосты за людзей вольных,
А потым п’е хто здольны.
 

А раніца нагадвала стол, накрыты па старажытным звычаі, калі мяса абавязкова падавалася пад чатырма падліўкамі: жоўтай, з шафранам – гэтак выглядаў таненькі пасак аблокаў, пазалочаны сонцам; чырвонай, з вішнямі – бо вышэй неба чырванела; чорнай, з працёртымі слівамі – цямнелі абрысы вострашпілевых віленскіх будынкаў на фоне золку; і шэрай, з варанай цыбулі. Шэрага было больш за ўсё, бо халодны туман адступаў неахвотна, быццам начны драпежнік, які не паспеў загнаць кіпцюры ў здабычу, пакуль не развіднела, і цяпер змушаны сыходзіць у логвішча галодным.

Маўклівы Лёднік, захутаны ў чорны дарожны плашч, ад чаго страшэнна прыпадабняўся змерзламу крумкачу, пахмура пазіраў на брукаванку, аб якую нетаропка пацоквалі капыты ягонага каня, гэткага ж пахмурага. На брукаванцы не валялася нічога цікавага, акрамя разбітых надзеяў. Змястоўная карэта са шчыльна заторгнутымі чорнымі фіранкамі, якую належала суправаджаць да Гуты, была вельмі звычайнай. Без гербаў, без асаблівых аздобаў. Колькі такіх трасецца на дарогах краю, везучы падарожных па слядах няўлоўнай Фартуны! Але Пранцішу Вырвічу гэтая карэта чамусьці нагадвала пахавальную. Можа, таму, што ў ёй было ціха, як у труне, і яна гэтак жа захоўвала страшную таямніцу. А што, калі і праўда там нябожчык? Той пан Якуб Шрэдэр ні разу не высунуўся, голасу не падаў. Толькі ягоны суправаджаючы, ён жа – галоўны ў іхнім падарожжы, які прадставіўся панам Зыгмунтам Гросам, паказаўся быў з вакна карэты, каб прывітаць Баўтрамея і Пранціша, але Вырвіч у прыцемку толкам яго і не разгледзеў. Фурман маўклівы, як брукаванка, ды й моцны, як камень: вунь якія плечы, і два пісталеты за поясам…


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю