355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Людміла Рублеўская » Я - мінчанін » Текст книги (страница 1)
Я - мінчанін
  • Текст добавлен: 29 сентября 2016, 03:50

Текст книги "Я - мінчанін"


Автор книги: Людміла Рублеўская



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 4 страниц)

Людміла Рублеўская

Я – мінчанін


Я
правяду цябе па сваім родным горадзе, дружа…

Магчыма, гэта і твой родны горад, і ты таксама можаш з гордасцю сказаць: “Я – мінчанін”. І нават калі гэта не так, павер: гэты горад – самы прыгожы ў свеце.

Ты можаш запярэчыць мне: на свеце столькі гарадоў большых і старажытнейшых, дзе ёсць хмарачосы ў сотні паверхаў і помнікі гісторыі, збудаваныя тады, калі на берагах Свіслачы толькі пракаветныя сосны гайдалі на сівым галлі беларускае сонца…

Ці ведаеш ты сапраўднае аблічча свайго горада? Ці здагадваешся, што хаваецца пад шэрай роўняддзю асфальту, за каменнымі фасадамі дамоў, у карункавым прыцемку паркаў, памяць пра якія легенды там жыве? Гісторыя была да нас нялітасцівай. Наш горад шмат разоў знішчалі ворагі. Нават не часткова – цалкам, бязлітасна, так, каб не адрадзіўся… А ён адраджаўся. Нашы продкі прыходзілі на гэтае месца і адбудоўвалі дамы і храмы, млыны і бровары, брукавалі вуліцы і ладзілі кірмашы… Але мала, да крыўднага мала што засталося, каб сведчыць нам аб былых часах, аб слаўнай гісторыі Мінску. Здаралася, самі гараджане не надта дбалі аб захаванні старажытнага аблічча свайго горада – і такое больш не павінна паўтарыцца. Столькі герояў на працягу стагоддзяў гінула, каб на гэтым месцы квітнеў горад… Забыць сваю гісторыю – здрадзіць іх памяці.

Так давай жа пройдземся па драўляных насцілах, па бруку і па асфальце Мінску. І горад адкрые свае таямніцы.

Пачнем сваё падарожжа са знаёмства з “пашпартных дадзеных” горада.

Імя – Мінск (Менск, Менеск, Меньск).

Год нараджэння –1067.

Званне – сталіца Рэспублікі Беларусь.

Месцазнаходжанне – паўднёва-усходні схіл Мінскага ўзвышша.

Але калі ты ўяўляеш наш горад у выглядзе вялікага пляцу, памыляешся – у ім ёсць узгоркі і нізіны, розніца між якімі – 100 метраў. Самае высокае месца – паміж вуліцамі Ціміразеўская і Харкаўская, самае нізкае – у пойме Свіслачы ў мікрараёне Чыжоўка. Галоўная рака – Свіслач, у якую ўпадаюць прытокі Няміга, Вяча, Ратамка, Слепня, Трасцянка, Цна.

Жыве ў Мінску на сёння каля 1 мільёна 700 тысяч жыхароў. У ім больш 600 вуліц і праспектаў. Яго тэрыторыя падзяляецца на 9 раёнаў: Заводскі, Кастрычніцкі, Ленінскі, Маскоўскі, Партызанскі, Першамайскі, Савецкі, Фрунзенскі, Цэнтральны.

Як і кожная сталіца, Мінск мае свой герб і свой гімн.

Паглядзі, які прыгожы гэты герб: на блакітным, як вясновае неба, фоне Багародзіца, перад якой укленчылі два анёлы.

Прывiлей, права на герб Мiнск атрымаў 12 студзеня 1591 года. Але чаму на гербе нашага горада – выява Прасвятой Багародзiцы?

13 жнiўня 1500 года мiнчукi заўважылі дзiўнае святло над Свiслаччу, непадалёк ад таго месца, дзе зараз знаходзiцца мост, якi злучае Траецкае прадмесце i вулiцу Нямiга. Напэўна, было гэта яшчэ ўранку, калi не паспела добра развiднець... Людзi збеглiся, каб пагледзець на цуд, i ўбачылi, што хвалi Свiслачы вынеслi на бераг абраз з выявай Прасвятой дзевы Марыi. Паводле падання, абраз гэты быў намаляваны самiм святым апосталам Лукою. У 989 годзе князь Уладзiмiр Святаславiч вывез святыню з вiзантыйскага гораду Херсанэсу ў Кiеў. Але не менш, чым на Мінск, нападалi ворагi i на слаўны горад Кiеў... У канцы XV стагоддзя ўварваліся за гарадскія сцены крымскiя татары. Адзiн з рабаўнiкоў кiнуў абраз у Дняпро. І здарылася дзiва – той паплыў супроць цячэння... i патрапiў у Мiнск. Такiм чынам Мацi Божая стала заступнiцай нашага горада i ўсiх яго жыхароў. І сёння вы можаце паглядзець на яго, папрасiць дапамогi, калi прыйдзеце ў Кафедральны Свята-Духаў сабор. Цудадзейны абраз захоўваецца ў нефе злева ад алтара.

А гімн у нашага горада з’явіўся значна пазней, ужо ў ХХ стагоддзі. Напачатку гэта была проста песня, якую напісаў кампазітар Ігар Алоўнікаў на словы паэта Івана Панкевіча. На пачатку ХХІ яна стала гімнам горада.



Гімн горада Мінска

 
1
Краса беларускага краю
І творчае думкі ўзлёт,
Табе сваю песню складаю,
Мой горад герой-патрыёт.
 
 
Прыпеў:
Хай удалеч песня мчыцца
Над краінай дарагой.
Ты спявай, мая сталіца,
Родны сэрцу горад мой.
 
 
2
І паркі твае, і бульвары
Люблю я вячэрняй парой.
Паусюль закаханыя пары,
І шэпат, і смех над ракой.
 
 
Прыпеў:
 
 
3
Тваёй ганаруся я славай,
І рады я шчырай душой,
Што э гэтай красе велічавай,
Ёсць доля і працы маёй.
 
 
Прыпеў:
 

Ёсць у нашага горад свой Устаў, прыняты ў 2001 годзе. Калісьці былі ў Мінску войты, бургамістры, губернатары. Дарэчы, вядомае імя першага войта, які кіраваў горадам у пачатку ХVI стагоддзя – Гаўрыла Гарнастай. А сёння ў Мінску ёсць мэр, органы самакіравання – як даўней была гарадская рада. Сярод ганаровых жыхароў горада – мастак Міхаіл Савіцкі, артыст Расціслаў Янкоўскі, нобелеўскі лаўрэт у галіне фізікі Жарэс Алфёраў, трохкратны алімпійскі чампіён Аляксандр Мядзведзь, кампазітар Ігар Лучанок.



2. Паходжанне Мінска.

Мы адлічваем узрост горада, пачынаючы ад першай згадкі пра яго ў летапісах. Але насамрэч людзі на гэтым месцы жылі вельмі, вельмі даўно… Чаму яны тут пасяліліся? Напэўна, прывабілі іх чыстыя рэкі і поўныя дзічынай лясы… Вадзіліся тут і зубры, і мядзведзі. І яшчэ такія-сякія жывёлы. У 1908 годзе пры будаўніцтве Аляксандраўскай чыгункі знайшлі косткі маманта, тура і выкапнёвага каня. У 1923 годзе на правым беразе Свіслачы ў раёне Лошыцы – чэрап аўцабыка. Нават зусім нядаўна, у 70-х гадах ХХ стагоддзя на скрыжаванні вуліц Харкаўскай і праспекта Пушкіна, пракладваючы вадаправод, убачылі абломак біўня маладога маманта даўжынёй 82 см. Так што там, дзе ты зараз ходзіш у школу, магчыма, праходзіў мамант!

А першыя людзі пасяліліся каля Старажоўкі і ў раёне вуліц Ціміразева і Гвардзейскага завулка ў канцы 5 –пачатку 4-га тысячагоддзя да нашай эры. Ты толькі ўяві, якая даўніна! Людзі яшчэ не навучыліся рабіць бронзу. Затое з’явіліся першыя ветразі, а ў Старажытным Егіпце прыдумалі сонечны каляндар. У той час нашы продкі лавілі рыбу ў Свіслачы, палявалі на зубраў і вучыліся ляпіць збаны. Ёсць у Мінску і сапраўдныя курганы – напрыклад, у раёне праспекта Любімава.

Называўся наш горад у розныя часы па-рознаму. Менеск, Меньск, Менск, Мiнск... Адкуль такое iмя?

... Было гэта, калі на Беларусі раслі камяні і жылі волаты... Пасялiўся на беразе Свiслачы волат-млынар Менеск. Пабудаваў на рацэ свой млын на сямі калёсах... Ды не зерне перамолвалася ў чароўных жорнах – а... камянi. Здалёк даносiўся грукат волатава млына, баялiся ворагi нават блiзка падыходзiць... Была ў Менеска прыгажуня-дачка Менка. Гавораць, шмат хто са слаўных вояў аддаваў ёй сваё сэрца... Дзеля красуні і йшлі служыць да яе бацькі. Ноччу раз’язджаў Менеск па дарогах і збіраў дружыну. Пад ахову чарадзея-млынара і ягоных вояў адусюль прыязджалі людзі. Яны будавалі свае дамы ля млына, на берагах хуткай рэчкі, і паступова там узнік цэлы горад. Але звялiся волаты на Беларусi, перасталi расцi камянi, i рассеялася каменная мука з Менескава млына па берагах Свiслачы... Можа быць, каменьчыкi, што ты можаш убачыць там пад нагамi – з валуноў, патрушчаных у чароўных жорнах? Толькі прымаўка засталася – “Не пайду я да Менска ад шляху Віленска; а пайду па шляху Віленскім, спаткаюся з Менескам”.

Ёсць i больш звычайная версiя – нiбыта назвалi Менск ад слоў "мена", абмен, бо прыязджалi на тутэйшыя кiрмашы купцы з усяго свету. Не дзіва – знаходзіцца наш горад на скрыжаванні гандлёвых шляхоў... Магчыма, i ў гэтай версii калiва праўды...

А вось у 16 кiламетрах на захад ад нашага горада, там, дзе цяпер музей народнага драўлянага дойлiдства Строчыцы, струменіць цiхая, амаль перасохлая рака Менка... Здаецца, дзе яна, i дзе наш горад? Але на берагах Менкi знайшлi старое гарадзiшча. Вось i ўзнiкла версiя: а раптам летапiсны Менск быў менавiта тут, на рацэ Менка, ад назвы якой i атрымаў сваё імя? А пасля таго, як ворагi напалi на горад i спалiлi яго дарэшты, людзi вырашылi не будавацца на папялiшчы, бо лiчылi гэтае месца ўжо выклятым, i перашлi на iншае.

Хто цяпер вызначыць, якая версiя больш праўдзiвая? Ну а Мiнскам старажытны Менск зрабiўся ў вымаўленнi палякаў. Такі варыянт i патрапiў на геаграфiчныя карты.



3. Няміга. Бітва на Нямізе.

Хто з мiнчан не любiць гуляць па ўзбярэжжы Свіслачы ў раёне Траецкага прадмесця, глядзець, як люструюцца белыя аблокi ў цёмнай вадзе? І гасцей у першую чаргу вядуць сюды, дзе адноўлены кавалачак старажытнага горада. Не дзiва, што прыцягвае гэтае месца – тут сэрца горада, тут яго дзядзінец, Замчышча... Ты не памылiўся – ад слова "замак"... Збудавалi Менскi замак у другой палове ХІ стагоддзя. Напачатку быў ён драўляны, потым з’явіліся мураваныя сцены. Як па нашых сучасных мерках – невялiкi, але моцны... І храм у ім меўся – Менская замкавая царква, ад якой сёння застаўся адзін падмурак. Вакол замка сяліліся рамеснікі, з’явілася пад аховай яго сценаў гандлёвая плошча – Ніжні рынак. Шмат аблогаў вытрымаў замак, шмат вояў абараняла яго... Сярод іх самы славуты – князь Глеб Менскі, сын полацкага князя Усяслава Чарадзея. Глеб любіў свой горад, і хацеў, каб ён узвысіўся і над Полацкам, і над Кіевам. Вось і даводзілася шмат ваяваць. Як і наступнікам Глеба – з усіх бакоў прыходзілі нападнікі на горад. Адам Кіркор, вучоны, які пісаў пра Мінскі замак ў канцы ХІХ стагоддзя, сведчыў, што ў равах, якія абкружалі яго, знайшлі некалькі каменных ядраў, адно з іх мела ў дыяметры да двух метраў. Уяві, якая вялізная мусіла быць гармата! А яшчэ Кіркор засведчыў, што з развалінаў замка мінчане ХІХ стагоддзя цягалі камяні, з якіх будавалі свае дамы... Так што і сёння ў падмурку якога непрыкметнага дома, напэўна, ляжаць камяні з мінскага замка.

Абаранялi замак i схiлы ўзгорка, i воды рэк. Злiвалiся тут дзве ракi – Нямiга i Свiслач. Апошняя i сёння – галоўная рака горада, а вось другую ты можаш заўважыць толькi калі падыдзеш з боку Траецкага прадмесця, ля кнiжнай крамы "Вянок", i ўважлiва прыгледзішся да паверхнi Свiслачы каля мосту. З квадратнай чорнай адтулiны бетоннай трубы цячэ ў Свiслач струмень... Гэта i ёсць Нямiга – падземная паланянка. Летапiсная рака, якую ведаюць ва ўсiм свеце...

Гэта было ў 1067 годзе. Многія князі былі між сабой у сваяцтве, многія ваявалі між сабою. Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч напаў на Пскоў ды Ноўгарад. Палютаваў, павесяліўся сіле сваёй... Каб адпомсціць, кіеўскі князь Ізяслаў Яраславіч з братамі – пераяслаўскім князем Усеваладам ды чарнігаўскім князем Святаславам прыйшлі пад Менск, які тады падначальваўся Полацку. І наш горад расплаціўся напоўніцу за перамогу палачан... Усіх мужчын выразалі нападнікі, жанчын і дзяцей забралі ў палон... Падыйшло войска князя Усяслава, і 3 сакавіка 1067 года адбылася крывавая бітва...

Вось як апісаў яе аўтар знакамітага “Слова аб палку Ігаравым” :

 
На Нямізе галовы сцелюць снапамі,
Харалужнымі малоцяць цапамі,
Жыццё кладуць на таку злюцела,
Веюць душу ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
Не збожжам былі засеяны зноў –
Засеяны касцьмі сыноў.
 

Так і ўвайшоў наш горад у гісторыю – трагічнай згадкай пра братазабойчую вайну.

А як жа трапіла летапісная Няміга пад зямлю? Да канца ХІХ стагоддзя калісьці прыгожая рэчка ператварылася ў брудны раўчук... Але дастаткова было прайсці вялікаму дажду, як яна выходзіла з берагоў. Сто гадоў таму Свіслач і Няміга, разліўшыся, затаплялі цэлыя кварталы, цэнтр Мінска ператвараўся ў сапраўдную Венецыю, і жыхары плавалі там на чоўнах. Але наўрад спявалі, як венецыянскія гандальеры, – не да песень, калі затоплены твой дом. Нават гінулі людзі ў хвалях... І хаця пазней ад тых паводак засталіся адны ўспаміны, у ХХ стагоддзі ад неахайнай і непакорлівай рачулкі вырашылі... пазбавіцца. Замкнулі яе ў бетонную трубу. Але, можа быць, надыдзе час, і мінчане зноў змогуць любавацца славутай ракой? Было ж калісьці ў Нямізе столькі рыбы, што хоць рукамі лаві. А яшчэ вадзіліся ў ёй... цмокі. Прынамсі, ёсць сведчанні, што яшчэ ў ХІХ стагоддзі ў тым месцы, дзе зліваюцца Няміга і Свіслач, лавілі дзіўных вялізных яшчарак з цёмнай лускою, тлустых, з чатырма кароткімі лапамі... Хто ведае, магчыма, далёкі продак гэтых істотаў і быў цмокам з беларускіх паданняў?



4. Ратуша. Магдэбургскае права.

Быў наш горад у ліку 15 мацнейшых гарадоў магутнай дзяржавы, Вялікага княства Літоўскага. 15 ліпеня 1410 года Менская харугва – атрад вояў з нашага горада – брала ўдзел у славутай Грунвальдскай бітве. Жылі ў Менску тады адважныя рыцары і чароўныя дамы, рамеснікі і купцы, манахі і лекары – такія, як і ва ўсіх гарадах сярэдневяковай Еўропы. І ў 1499 годзе па ўказе Вялікага Князя Літоўскага Аляксандра наш горад, як іншыя вядомыя гарады, атрымаў Магдэбургскае права.

Гэта значыла, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат, гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя гараджане. Атрымліваў горад свой герб і сцяг. Каб Менск адпавядаў свайму новаму званню, там належала пабудаваць ратушу – будынак, у якім стане збірацца гарадская рада, а побач – хлебныя лаўкі, “пастрыгальную камеру” для раскрою тканінаў на продаж ды іншыя неабходныя для горада ўстановы. Паўстала ратуша на прыгожым, высокім месцы – Саборнай плошчы (зараз плошча Свабоды), а рынак каля яе назвалі Верхнім, у адрозненне ад старога, Ніжняга, што месціўся каля замка. Першую – драўляную – ратушу знішчыў пажар. І ў ХVI стагоддзі, і ў XVII-м адбудоўвалі сімвал гарадскіх вольнасцяў... У 1656 годзе маскоўскі ваявода пісаў свайму цару, што мінская ратуша “добре велика, каменная”. З’явіўся на яе вежы гадзіннік і звон. Збіраўся там радзецкі, або ратушны, суд, вырашаліся важныя справы... А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Цэхі гандляроў і рамеснікаў – шаўцоў, залатароў, мечнікаў, рымароў – выходзілі кожны са сваім штандарам, у адпаведным сваёй гільдыі ўбранні, у яркіх жупанах ды куртках, пад звон бубнаў. Можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць містэрыю пра цара Ірада, на штукарствы мядзведзяў – выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзвежай акадэміі, падзівіцца на батлейку – беларускі лялечны тэатр.

А ў першай палове ХІХ стагоддзі, калі Мінск ужо быў горадам Расійскай імперыі і былым вольнасцям прыйшоў канец, чаго толькі не змясцілі ў старую ратушу – суд, гауптвахту, паліцыю, архіў, музычную школу і нават тэатр. Па святочных днях на галерэі другога паверха граў гарадскі аркестр. За час існавання ратушы горад палілі і руйнавалі і татары, і французы, і шведы, і рускія... Здараліся голад і пошасць, ад якіх вымірала большасць насельніцтва. Але якія б няшчасці не напаткалі мінчан, ратуша нагадвала ім слаўнае мінулае горада. Ды не ўсім гэта падабалася. На выданым у 1851 годзе загадзе пра знішчэнне мінскай ратушы меўся ўласнаручны подпіс цара Мікалая І. Падстава смешная – нібыта ратуша займае занадта шмат месца на плошчы... Насамрэч расійскія улады не жадалі, каб будынак і надалей нагадваў мінчукам “пра звычаі даўно мінулага часу, пра Магдэбургскае права”. Гараджане вельмі не хацелі выконваць гэты загад. На торг, дзе прадаваўся “выгадны заказ” на разбурэнне ратушы, ніхто не з’явіўся. Давялося звяртацца да вайскоўцаў.

У 1857 годзе сімвал гарадской незалежнасці знеслі...

13 верасня 2002 года быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння ты можаш прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам. Ратушу Мінска, сталіцы незалежнай дзяржавы.



5. Свята-Петра-Паўлаўскі сабор

Кожны беларускі храм – не толькі сведка, але і ўдзельнік трагічных падзей гісторыі, кожны, як стары вой, мае “шнары”, сляды людской бязлітаснасці… Мінскія цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, кірхі... Многіх з іх ужо няма і следу.

Будавалі беларускія храмы і для духоўнай патрэбы, і для абароны ад ворагаў. Адзін з іх – Свята-Петра-Паўлаўскі сабор каля гандлёвага дома “На Нямізе”. Прыгледзься пры выпадку, якія ў гэтага храма магутныя муры, вокны-байніцы. Не аднойчы даводзілася гэтым мурам вытрымліваць аблогу... І прыхадняў, і сваіх жа землякоў іншай веры.

У XVI стагоддзі крымскі хан Мехмет-Гірэй спаліў Мінск, амаль усе жыхары былі знішчаныя або забраныя ў палон. Але горад паступова насяляўся зноў – каталікамі, уніятамі, праваслаўнымі... Апошніх было менш, бо каталіцкая царква ў дзяржаве пачала лічыцца галоўнай. Тады і аб’ядналіся мінскія праваслаўныя ў брацтва. І вырашылі на свае грошы збудаваць каменны храм і манастыр. Княжна Аўдоцця Друцкая-Горская, удава каралеўскага маршалка Багдана Сцяткевіча, падаравала брацтву ўчастак зямлі каля Свіслачы. Пачалося будаўніцтва... Шмат сустракалася перашкодаў. Але храм, асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, паўстаў, і манастыр, пры якім ён дзейнічаў, нават атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей – адкрыць школу і друкарню. Аднак да канца ХVIII стагоддзя зусім заняпаў – у ім заставалася ўсяго 5 манахаў, а зімой унутры будынка ляжаў снег. Калі Мінск апынуўся ў складзе расійскай імперыі, у якой, наадварот, шанавалася праваслаўе, царыца Екацярына ахвяравала на аднаўленне храма 7000 рублёў серабром. А таксама падарыла тры невялікія срэбныя падсвечнікі і... свой асабісты гардэроб. Цікава, як яго скарысталі манахі? Але храм пачалі называць Екацярынінскай царквой. Калі ў 1797 годзе на богаслужэнні прысутнічаў імператар Павел І, будынак яму вельмі спадабаўся...

У 1812 годзе праз Мінск прайшла армія Напалеона. У Екацярынінскай царкве французы зладзілі лазарэт для сваіх салдат. Усё каштоўнае з убрання храма стала ваеннай здабычай. Кажуць, нават коней у святы будынак заводзілі...

Пасля вайны храм у чарговы раз адрамантавалі. Аднак улады аднялі ў яго званне кафедральнага, гэта значыць, галоўнага – палічылі, што знаходзіцца ў не вельмі зручным месцы. Затое перарабілі так, каб Екацярынінская царква была больш падобнай да рускіх цэркваў. Прыбудавалі купал, распісалі сцены... Па сведчаннях сучаснікаў, роспісы не саступалі фрэскам знакамітага маскоўскага храма Хрыста-Выратавальніка.

Але вось у Мінску ўсталявалася Савецкая ўлада. У 1930 годзе ў горадзе быў забаронены царкоўны перазвон. Екацярынінскую царкву падзялілі на тры паверхі і зладзілі склад. На першым паверсе захоўвалася сялёдка. Увесь царкоўны двор быў застаўлены бочкамі, ад якіх сыходзіў адпаведны пах.

Затое падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі людзі ўспомнілі пра Бога, у храм перанеслі найвялікшую святыню горада – Мінскі абраз Божай Маці.

Пасля Перамогі храм на пяцьдзесят гадоў ператварыўся ў архіў. Вакол паўставалі новыя дамы. Паглядзі, як заціснуты старажытны будынак паміж сучаснымі… Гэта не выпадкова – раз ужо дазволілі ацалець рэлігійнаму збудаванню, яно не мусіла прыцягваць увагі. Але на фасадзе старой царквы яшчэ доўга чытаўся надпіс: “Дом мой домам малітвы нарачэцца”. Як яе не замазвалі, праз нейкі час выяўлялася зноў. Словы былі прарочымі. На пачатку 90-х гадоў ХХ-га стагоддзя ў храме прагучаў першы малебен.

І сёння ты можаш прыйсці ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор, і ўбачыць старажытныя роспісы, якія зараз аднаўляюцца, і пачуць, як звоняць на высокай вежы званы – гэтак жа, як шмат стагоддзяў таму.


6. Саборная плошча.

“Найцікавейшае месца ва ўсім горадзе, безумоўна, так званы Высокі рынак, да якога сыходзяцца ўсе галоўныя вуліцы і які абступаюць высокія дамы і гмахі. Размешчаны высока на пагорку, забрукаваны, шырокі – гэты рынак імпануе здалёк, добра бачны з прамых, як страла, прылеглых вуліц”. Так пісаў пра Высокі рынак, або Саборную плошчу, на пачатку ХІХ стагоддзя пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля. Зараз гэтае месца называецца плошчай Свабоды, хаця Саборная была куды большая. Тут стаялі храмы і манастыры, палацы арыстакратаў і дамы багатых гандляроў, рэстараны і магазіны мод, аптэкі і цукерні, тэатры і нават – у сярэдзіне ХІХ стагоддзя – драўляны будынак першага мінскага цырку... Калісьці быў і “каралеўскі двор” – там мог спыняцца кароль. На жаль, мала засталося сёння з тых будынкаў… Самыя прыкметныя – два кафедральныя саборы: праваслаўны Свята-Духаў і каталіцкі Марыінскі.

Гісторыя Марыінскага касцёлу пачалася, калі ў сярэдзіне ХVII стагоддзя біскуп І. Сангушка выкупіў у багатага мінчука Ягора Гегера ягоную сядзібу – невялікі палац на Высокім рынку. Там і вырашыў пабудаваць рэзідэнцыю магутны ордэн езуітаў: калегіум – навучальную ўстанову, манастыр, касцёл... Храм асвяцілі ў гонар Іісуса, Марыі і Барбары ў 1710 годзе. На адну з фасадных вежаў устанавілі гадзіннік, прывезены з Гданьску, а на другой – званы. Адзін з тых званоў, дастаўлены з Каралеўца, быў такі вялікі, што меў нават уласнае імя – Ян Салагуб. Пэўна, вялікі настолькі, што немагчыма было ім карыстацца! Бо па загаду біскупа Якуба Дадэркі з яго зрабілі два званы, адзін з якіх назвалі, зразумела чаму, Якуб. У школе чыталіся курсы граматыкі і філасофіі, існавала бурса – інтэрнат для бедных студэнтаў. У касцёле меліся прыгожыя роспісы, капліца з целам святога Феліцыяна, рыцара і пакутніка. Калі ордэн езуітаў у канцы XVII стагоддзя быў закрыты, храм захаваў сваё значэнне – ён стаў Марыінскім кафедральным саборам... У будынку калегіума падчас Паўночнай вайны спыняліся Пётр І, украінскі гетман Мазепа, у 1812 годзе – маршал Даву. Тут дзекабрыст Мураўёў напісаў “Паўночную праўду”, варыянт канстытуцыі для будучай рускай дзяржавы. Потым быў тут дом мінскага губернатара. Вежу калегіума з гадзіннікам ператварылі ў пажарную каланчу. У 1914 тут спыняўся цар Мікалай ІІ... Потым засядаў Часовы працоўна-сялянскі ўрад БССР... А цяпер у старажытных мурах – музычны каледж.

Яшчэ нядаўна пра былую славу муроў Марыінскага касцёлу мала хто здагадваўся. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл зачынілі. У 1947-м у ім захоўваліся дэкарацыі тэатра імя Янкі Купалы. А потым, на працягу паўстагоддзя, знаходзілася ў ім спартыўнае таварыства “Спартак”. І там, дзе калісьці ўзносіліся малітвы, юныя мінчане трэніраваліся ў захватах і кідках на барцоўскіх дыванах. Будынак умуравалі ў шэраг іншых дамоў гэткім жа безаблічным каменным “простакутнікам”... Толькі нядаўна касцёл набыў сваё ранейшае аблічча, і цяпер здалёк бачныя яго вежы.

А ў будынку кафедральнага Свята-Духава сабора напачатку быў касцёл кляштара бернардзінак – манашак ордэна Святога Бернарда. Але пасля паўстання 1863-1864 гадоў для храма пачалася новая гісторыя. Манашак разагналі. У будынку працавала следчая камісія, і была нават вязніца. Сярод іншых паўстанцаў у мурах храма была зняволена дачка пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Каміла. Праз нейкі час у будынку размясціўся праваслаўны манастыр Святога Духа. А ў 20-х гадах ХХ стагоддзя ў скляпеннях храма зноў была вязніца, і там нават расстрэльвалі зняволеных. Тады крыжы на вежах храма змянілі два чырвоныя сцягі...

Сёння кафедральны Свята-Духаў сабор – адзін з прыгажэйшых будынкаў горада. На яго фасадзе – герб Мінска, Прасвятая Багародзіца з анёламі. Найвялікшыя святыні храма – гэта Мінская ікона Маці Божай , а таксама мошчы – нятленнае цела святой благавернай Сафіі Слуцкай, унучкі Анастасіі Слуцкай, пра подзвігі якой нядаўна зняты фільм. Сафія была апошняй з магнацкага роду Алелькавічаў. Яе багацце ледзь не стала прычынай крывавай вайны паміж апекуном Соф’і магнатам Геранімам Хадкевічам і бацькам яе жаніха, грозным ваяром Радзівілам па мянушцы Пярун. Але Сафія не магла дапусціць, каб з-за яе пакутаваў народ. Кажуць, менавіта яе малітвы спынілі сварку. Апошняя з Алелькавічаў стала жонкай Януша Радзівіла і памерла пад час родаў. Калі ты прыйдзеш у Свята-Духаў сабор, то можаш убачыць яе нятленнае цела ў бакавой нішы злева ад алтара. Гавораць, што Святая Сафія заўсёды дапамагае тым, хто моліць аб чыстым, шчырым каханні.

Шмат таямніц захоўвае Саборная плошча. Ёсць паданне, што калісьці ўсе яе храмы злучалі падземныя хады, якія існуюць і сёння, пад асфальтам і брукаванкай, побач з лініяй метро, якая зараз праходзіць проста пад гістарычным цэнтрам Мінска, праз яго гісторыю.



7. Кальварыйскія могілкі.

Калі ты спытаеш, ці ёсць у Мінску загадкавае месца, я параіла б табе схадзіць на Кальварыйскія могілкі. Адкуль таямніца побач з шумнай Ракаўскай шашой, у абкружэнні звычайных жылых кварталаў? Але варта зайсці за агароджу могілак, як ты трапляеш у іншую эпоху. Тут на магільных плітах выбітыя імёны, якія гучаць нібыта на фоне паланэзу і размеранай гаворкі свецкага салона: Вярыга-Дарэўскі, Вайніловіч, Абуховіч-Паўлікоўская...

Калісьці паэт Уладзіслаў Сыракомля, які наведаў Кальварыю напачатку ХІХ стагоддзя, заўважыў па дарозе цяністыя бярозавыя прысады і буйную збажыну. А этнограф Павел Шпілеўскі – арэхавы лес, багаты на грыбы і розныя ягады. Цяпер мы падыходзім сюды па звычайнай гарадской вуліцы. Сустракае нас белая ўяздная брама, змрочна-урачыстая, з барэльефамі, што выяўляюць атрыбуты смерці: перакуленыя паходні, дзіды... Як сведчыць надпіс на браме, пабудавана яна ў памяць шляхецкага сакратара Юрыя Кабылінскага ў 1830 годзе. Па цэнтральнай прысадзе падыходзім да касцёлу – ён адноўлены ўжо ў наш час. Але храм стаяў на гэтым месцы яшчэ ў XVII ст. Хаця самым старым помнікам, якія захаваліся на Кальварыі, 170 гадоў, могілкі тут з’явіліся нашмат раней. Паводле падання, хавалі тут 6 стагоддзяў. Кальварыя – гэта наша гісторыя. Тут ляжаць і праваслаўныя, і каталікі, і габрэі, што загінулі ў мінскім гета. Тут магілы паўстанцаў супраць царызму і царскіх чыноўнікаў, магілы салдат напалеонаўскай арміі, салдат аўстрыйскіх, польскіх, шведскіх і безыменныя пахаванні ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут – брацкія магілы савецкіх салдат.

На Кальварыйскіх могілках знайшоў спачын патомны мінскі шляхціч Янка Лучына, беларускі паэт, у сапраўднасці – Іван Неслухоўскі. А пад алтаром касцёлу пахавалі мастака Яна Дамеля. Гэта – майстра з сусветным імем, яго карціны на гістарычную тэматыку ёсць у лепшых галерэях свету. Калісьці захоўваліся яго творы ў Кальварыйскім храме, была тут і капліца, на фасадзе якой ён намаляваў велічную фрэску – выяву Галгофы, гары, на якой распялі Ісуса Хрыста. Назва “Галгофа”у старажытнаяўрэйскай мове мае тое ж паходжанне, што і назва “Кальварыя”у лацінскай – ад слова “чэрап”.

Надпісамі на старых помніках з намі гаворыць сама гісторыя... Ян Баляслаў Луцкевіч, паўстанец 1863-64 г., бацька Івана і Антона Луцкевічаў, якія на пачатку ХХ стагоддзя заснавалі ў Вільні газету “Наша Ніва”. Вайніловічы, фундатары Чырвонага Касцёлу... Падрадчык Пішчала, які кіраваў будаўніцтвам Пішчалаўскага замку, што і зараз стаіць у прадмесці Раманаўская Слабада...

А перад Кальварыяй месціўся яшчэ ў 40-х гадах мінулага стагоддзя маленькі летні дамок, у якім пасля рэвалюцыі пасялілася Пальміра Мрачкоўская, мастачка-пейзажыстка. Мрачкоўская была жонкай вядомага доктара Камоцкага і славілася сваёй невымернай дабрынёй – дапамагала бедным мастакам, вучыла сялянскіх дзяцей маляванню, утрымлівала бяздомных старых, падкормлівала бадзяжных сабак і катоў... Можна ўявіць, колькі жыўнасці збіралася ля яе дамка! У час вайны Кальварыю бамбілі.. Там і цяпер –варонкі ад выбухаў. Дом мастачкі загарэўся... І Пальміра не стала ўцякаць – таму што не захацела пакідаць свае карціны. Так і згарэла разам са сваймі творамі, якія для яе былі, відаць, як дзеці...

Калі вы хочаце лепш зразумець гісторыю свайго горада – схадзіце на Кальварыю, паблукайце пад яе старымі ліпамі... І не палянуйцеся прыбраць сухое голле з нечае забытае магілы.



8. Залатая Горка

Ля шумнага скрыжавання праспекта Францыска Скарыны і вуліцы Казлова, за шкляным будынкам Палаца мастацтваў знаходзіцца касцёл Святога Роха на Залатой Горцы. І вуліца побач называецца Залатая горка…

Адкуль такое дзіўнае, паэтычнае найменне? Вось што кажуць легенды…

Паводле адной з іх, на Залатой Горцы часта знаходзілі скарбы. Паводле другой – сюды зварочвалі з Ігуменскага тракту на адпачынак багатыя купцы, у якіх мелася дастаткова залатых манетаў. А можа, назва ўзнікла проста таму, што ўвосень узгорак ззяў ад “золата” клёнаў, што раслі на ім? А вось што гаворыць яшчэ адна легенда… У Менску часта здараліся пошасці, страшныя хваробы, ад якіх вымірала ледзь не ўсё насельніцтва. Пасля чарговай эпідэміі халеры гараджане вырашылі пабудаваць каменны касцёл замест драўлянай капліцы, якая стаяла тады на Залатой Горцы – верылі, што святыня абароніць іх ад новых пошасцей. Трэба было сабраць сродкі. Адзін доктар, выйшаўшы з капліцы, зняў плашч, разаслаў на зямлі і кінуў на яго некалькі залатых манет. Тыя, хто гэта бачыў, не засталіся абыякавымі. На плашч пасыпаліся залатыя, сярэбраныя, медныя манеты… Цэлая бліскучая горка… Так і назвалі ўзгорак, на якім быў пасля пабудаваны каменны храм – Залатая Горка.

Імя Святога Роха з’явілася ў гісторыі Мінску таксама невыпадкова. Хаця Святы Рох нарадзіўся далёка адсюль, у Францыі, у ХІІІ стагоддзі. Ён стаў манахам і ўсё жыццё прысвяціў догляду за цяжка хворымі. Напачатку ХІХ стагоддзя, калі лютавалі пошасці, аднаму з мінчукоў прысніўся дзіўны сон: паратунак прыйдзе ад Святога Роха, чыя драўляная статуя знаходзіцца пад руінамі старога касцёла ордэна баніфрантаў. Пасля доўгіх росшукаў статую знайшлі і ўрачыстай працэсіяй, праз увесь горад перанеслі ў капліцу на Залатой Горцы. Пасля гэтага пошасць спынілася.

А каменны касцёл на Залатой Горцы быў пабудаваны ў 1864 годзе. У яго двухпавярховай вежы склікалі на малітву званы “Леанард”, “Стэфан”, “Браніслава”. Былі ў касцёле прыгожыя роспісы. Асабліва прыцягвалі ўвагу алтары і шэсць гіпсавых выяў святых. Дзейнічала свая школа арганістаў. Каля касцёлу знаходзіліся вялікія могілкі – там хавалі і тых, хто паміраў падчас пошасці. Сучаснікі апісваюць шматлікія каменныя крыжы, радавыя капліцы… Цяпер на іх месцы – Палац мастацтваў.

Залатагорскаму касцёлу Святога Роха пашанцавала – ён не знік... Хаця перажыў некалькі рэстаўрацый. У чэрвені 1941 года ён амаль згарэў. А ў 80-х гадах мінулага стагоддзя будынак прыстасавалі пад залу камернай музыкі Беларускай філармоніі. Арган, які знаходзіцца у цэнтры алтара, лічыцца адным з лепшых у Еўропе. Не так даўно аднавілі ў касцёле і службы... Але па-ранейшаму туды можна прыйсці паслухаць канцэрт.

Цяпер, калі ты будзеш падыходзіць да касцёлу Святога Роха, успомні і тых мінчукоў былых стагоддзяў, якія ведалі, што варта аддаць апошнюю манету, каб далёкія нашчадкі маглі зайсці ў прыгожы храм. Ад магілаў іх не засталося следу. Але Залатагорскі касцёл яшчэ не аднаму пакаленню гараджан будзе нагадваць пра трагічныя і слаўныя старонкі гісторыі іх горада.



9. Лошыца

На паўднёвай ускраіне нашага горада, у сутоку рэк Лошыца і Свіслач, ёсць яшчэ адно таямнічае, авеянае паданнямі і легендамі месца – Лошыцкі парк. Мы прыязджаем туды паглядзець, як ладзяцца рыцарскія турніры, паблукаць па прысадах з магутнымі, маўклівымі старымі дрэвамі... Усё тут дыхае даўніной – сядзібны дом, у якім захаваліся ляпная столь, старажытная кафля, і нават сцяна з чырвонага дрэва з патаемнымі дзверцамі... Будынак вінакурні XVIII стагоддзя, руіны млына і капліцы...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю