355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Леонид Панасенко » Уратуйце нашы душы ! (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Уратуйце нашы душы ! (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 02:32

Текст книги "Уратуйце нашы душы ! (на белорусском языке)"


Автор книги: Леонид Панасенко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Панасенко Леонид
Уратуйце нашы душы ! (на белорусском языке)

Леанiд Панасенка

УРАТУЙЦЕ НАШЫ ДУШЫ!

Яшчэ нiколi ў жыццi ён не быў такi счаслiвы.

Усё сышлося, зладзiлася як мага лепей. У канторы – парадак. Нарэшце з'явiлiся грошы, а адкуль i як – што каму да гэтага. Дом – поўная чаша, жонка задаволеная жыццём, што з жанчынамi бывае астранамiчна рэдка, дзецi здаровыя. Што яшчэ, скажыце, трэба нармальнаму, сярэдняму чалавеку? Так, ён ведае, што не вызначаецца асаблiвым розумам i не дасягнуў вяршынь, ён ведае дзесяткi спакусаў, якiя недаступныя яму i будуць недаступнымi яго дзецям – i тым не менш шчаслiвы. Бо ведае ўсяму цану i мяжу. Ён даволi малады, Бог даў яму здароўе, дастатак i яшчэ – вось гэтае чароўнае юнае стварэнне, што сонна дыхае цяпер яму ў плячо. Зрэшты, якая лухта. Нiхто нiчога яму не даваў. Ён усё зрабiў сам, сам дасягнуў, здабыў, заваяваў. I калi ўжо дзякаваць за гэта, дык не Богу, не ўдачы, не выпадку, а сабе! Толькi сабе.

Ён усмiхнуўся ў цемры, ледзь прыўзняўся на локцi, вуснамi знайшоў плячо каханай, выгiн яе шыi. Неверагодна! Толькi аднойчы ў жыццi бачыў ён такiя шыi, калi выпадкова зайшоў у карцiнную галерэю i доўга ўстрывожана разглядаў партрэты даўнейшых майстроў, намагаючыся зразумець, што ў iх не так. Людзi як людзi, памерлi ўсе даўно, а нешта хвалюе, асаблiва вобразы жанчын. I калi ён месяцы тры таму спаткаў у запыленых i пракураных калiдорах канторы сваю фею, дык прайшоў бы, зразумела, мiма, каб не засвяцiла яму з туману клопатаў i штодзённасцi гэтая тонкая белая шыя. Ён загаварыў з дзяўчынаю, даведаўся, хто яна i з якога аддзела. Пасля, пры сустрэчах у калiдорах офiса, стаў спыняць яе, крыху гуллiва жартаваць, без нiякай задняй думкi.

Аднекуль пачулася музыка, i ён паглядзеў у бок закрытага шторкай iлюмiнатара. Там халодны красавiцкi акiян, плывучыя льды i нiколi раней не бачаныя iм айсбергi. Там, наперадзе, – Амерыка. Раскошная, яркая краiна, нечым падобная на iх велiзарны непатапляльны лайнер. Там, наперадзе, яшчэ тыдзень, а то i два, свята, а тут... Тут – галоўнае. Яго дзяўчынка, яго знаходка, дыямент, адшуканы на сметнiку жыцця.

Ён прыгадаў сваё нечаканае i крыху незвычайнае прызнанне ёй у каханнi.

Ён ужо даўно купiў за некалькi тысяч манет каюту другога класа на сама вялiкi ў свеце параход, якi рыхтаваўся ў сваё першае плаванне з Саўтгемптана да берагоў Амерыкi. Ён закiнуў справы, прадчуваючы Сама Вялiкае Свята свайго жыцця. Ён упiваўся гэтым прадчуваннем, выразна ў той жа час уяўляючы, што пасля падарожжа яго чакае звычайнае руцiннае жыццё, са сваiмi праблемамi i падкопамi, але гэта будзе потым, потым, а цяпер – Аддуха, Свята!

У гэтым эйфарычным стане, ужо склаўшы рэчы i аддаўшы апошнiя распараджэннi, ён абыходзiў кантору, развiтваўся, выслухоўваў жарты i пажаданнi, некаму абяцаў сувенiры i тут, як заўсёды ў калiдоры, сустрэў белашыюю дзяўчынку.

Ён узяў яе за рукi, гучна i весела загаварыў i раптам змоўк – у яго нават у роце перасохла, а язык здранцвеў, быццам ад наркозу.

Ён упершыню ўбачыў тое, чаго не заўважаў колькi месяцаў. Як прыгожа струменiцца па яе голай шыi танюткi срэбны ланцужок, як знiкае маленькi крыжык у мяккiм змроку лагчынкi...

– Што ж нам рабiць? – немаведама ў каго спытаўся Ён. – Разумееш, малеча. Вось я гляджу на твой крыжык i зусiм не думаю пра Бога, не магу пра яго думаць. У думках я выцалоўваю твае дзiвосныя грудзi, прытуляюся да iх вачамi, паколваю i казычу iх вейкамi. Бог пра гэта, дарэчы, ведае i даўно дараваў мне.

Дзяўчына маўчала. Яна апусцiла вочы, i Ён раптам зразумеў, што яго словы Ёй падабаюцца, што Яна ўспрымае iх як дзеянне i што калi Ён цяпер жа не скажа Ёй усяго, дык потым будзе iначай – горш цi наогул блага.

– Паслухайце, – сказаў Ён, пераходзячы на "вы" i горнучы Яе да сябе. Ён зусiм забыўся, дзе знаходзiцца, забыўся, што iх могуць убачыць. – Я паслязаўтра адплываю ў Амерыку. Я вас вельмi прашу, проста малю: складзiце мне кампанiю. Я буду чакаць вас у порце. Я ўжо чакаю.

– Добра, – слаба ўздыхнула Яна, i Ён, ашалелы ад нечаканага шчасця, пабег пераафармляць квiток.

I вось яго радасць побач! I хоць яны трое содняў запар п'юць шампанскае, дарагiя вiны i каньякi, хоць целы iх не паспяваюць астываць ад любоўнага агню, дыханне Яе па-ранейшаму чыстае i цнатлiвае, быццам дыханне дзiцяцi, а скура пахне кветнiкам – так думаў Ён, засынаючы i ўздыхаючы ад спакою i пяшчоты, разлiтых у кожнай клетачцы цела.

А карабель iх плыў, грукаючы ў трумах машынамi, свецячыся агнямi ўсiх адзiнаццацi жылых палубаў. Па-ранейшаму грымела i млява ўздыхала музыка ў яго кавярнях i рэстарацыях, кружылiся ў яе гуках закаханыя пары, мужчыны курылi i гулялi ў брыдж, пiлi, абмяркоўвалi сусветныя праблемы i жаночую прыгажосць частка зямнога свету рухалася ад аднаго мацерыка да другога.

Потым была ранiца. Яны заказалi сняданне ў каюту, Яна пiла шампанскае i многа смяялася. А яшчэ Яна дурэла ў тую ранiцу i, калi елi дэсерт, пачала вуснамi забiраць у яго ягады з марожанага (Ён нават не запомнiў – якiя), i чым гэта скончылася, нават сама нездагадлiвы цi па-пурытанску настроены чытач ужо, вядома, зразумеў.

Яны цешылiся раскошай гэтага плывучага палаца, пабывалi ва ўсiх яго барах i рэстарацыях, дзе бавiлi час каля дзвюх тысяч чалавек, i Ён паказваў Ёй мiльянераў i беднякоў-эмiгрантаў, але нi з кiм асаблiва не заводзiў знаёмстваў, бо перш за ўсё яны былi занятыя сабою.

Выявiлася, што яго маленькая фея выдатна танцуе. Ён з радасцю даведаўся, што яна любiць салодкае i баiцца цемры. Здаецца, на другi ж дзень Ён пералiчыў радзiмкi на яе целе, кожную пацалаваў i сказаў, што каб быў астролагам, дык будучыню прадказваў бы не па зорках, а па яе радзiмках. А ў адзiн з вечароў яго каханая ў размове працытавала нечыя вершы. Яны спадабалiся Яму. Ён спытаўся, чые гэта радкi, i Яна пачала чытаць Яму санеты Шэкспiра, i гэта было так хораша, што Ён слухаў, затаiўшы дыханне, хоць нiколi раней вершамi не цiкавiўся. А яшчэ... Зрэшты, гэта пусты занятак – апiсваць чужое шчасце. Якое б яно нi было, вялiкае цi малое, яго ўсё роўна трэба перажыць самому.

У той дзень яны вячэралi ў "Кавярнi Парызьен" i вярнулiся ў каюту рана.

Ён падхапiў Яе на рукi на парозе каюты, закружыў, потым апусцiў на ложак, пачаў нецярплiва расшпiльваць туфелькi...

– Я засынаю, пусцi мяне, любы, – сказала Яна праз нейкi час i адразу ж заснула, зняможаная ад хмелю кахання, ад iмi прыдуманага i здзейсненага свята, якое доўжылася ўжо чатыры цi пяць дзён.

На ёй не было нiчога, акрамя крыжыка, i Ён выцалаваў Яе ўсю, духмяную i цёплую, асцярожна датыкаючыся да ўсiх выгiнаў яе цела i ў душы дзiвячыся з гэтых сваiх пацалункаў: нiводнай жанчыны за ўсё сваё жыццё Ён так не цалаваў. Пад канец Ён пацалаваў крыжык на яе грудзях i патушыў начнiк.

Ён лёг на спiну i ўявiў зоркi, якiя бачыў на палубе, – калючыя, маленькiя, змерзлыя, – нездарма ж пад вечар так пахаладала.

Вусны яго ўсё яшчэ памяталi крыжык. Цi то па кантрасце – метал i цела, цi то з-за таго, што тут, на караблi, упершыню ажыццявiлася яго крыху дзiўнае прызнанне ў каханнi, якое Ён за гэтыя днi паўтарыў – не ў думках, а наяве! дзесяткi разоў, i кожны раз яго пранiзвала вострае пачуццё шчасця, што нi ў якое параўнанне не iшло з тым, падказаным фантазiяй.

Яно было такое вялiкае, усеабдымнае, што ўвабрала ў сябе цяпер i свята iх целаў, i бязмежнасць волi i пяшчоты, i гэты крыжык, i далёкiя халодныя зоркi, пераблытала ўсё, размыла ў перадсоннай асалодзе, i з гэтага марыва выплыла раптам думка пра Бога. Цiхая, спакойная, зусiм не адпаведная тым бурлiвым пачуццям, якiмi Ён жыў апошнiя днi, нават не думка, а малiтва, самаробная i наiўная, як уздых, як апошняе прызнанне.

"Калi ты ёсць... Там, сярод зорак... Калi ты ўсемагутны... Зрабi так... Зрабi так, каб гэта доўжылася вечна! Ну, не вечна, я разумею... Усё жыццё. Усё наша жыццё. Я не хачу вяртацца дадому, у кантору. Я не хачу страцiць яе. Не хачу хiтраваць, манiць, выкройваць некалькi гадзiн для сустрэч у гатэлi. Я не хачу былога жыцця, Госпадзi! Нi канторы сваёй, нi горада. Дай нам усё новае, Госпадзi. Падоўжы гэтае свята. Калi ты ўсемагутны, разбi, калi ласка, гэты карабель аб каралавыя рыфы i дай нам кавалачак раю! Не, не, не твайго, я яго i дарма не хачу. Хай гэта будзе незаселеная выспа, я ўсё зраблю сваiмi рукамi, Божа, я здолею, я люблю працаваць. Я складу сваё жыццё на выспе па цаглiнцы, як гэта робяць майстры-муляры. Мы народзiм шмат дзяцей. Я паклапачуся, каб мая каханая дзень i ночь насiла маё чарговае дзiця, Госпадзi. Тут тваёй дапамогi не спатрэбiцца. Ты толькi разбi, калi ласка, гэты карабель!.."

I толькi Ён паспеў дадумаць апошнiя словы малiтвы, як адбыўся цуд.

На iмгненне Ён некуды цi то нырнуў, цi то правалiўся i апрытомнеў ужо па пояс у вадзе з каханай на руках. Вось яна – выспа! Гарачае сонейка, пальмы, яркая зелянiна. Дзякуй табе, Госпадзi! Я нiколi не верыў у цябе, дакладней, не задумваўся над тваiм iснаваннем, а ты, значыцца, ёсць, такi шчодры, велiкадушны. Як б'ецца сэрца! Застаецца толькi пабудзiць маю новую жонку, паказаць ёй рай, якi ты нам падараваў, i падзякаваць табе, усемагутны...

Стукалi ў дзверы каюты.

Ён шчоўкнуў замком, яшчэ пагойдваючыся ў пяшчотных хвалях сну i шкадуючы, што гэта быў толькi сон.

У калiдоры стаяў марскi афiцэр.

– Мы тонем, – сказаў ён. – Тэрмiнова адзеньце выратавальныя камiзэлькi на сябе i на даму i падымайцеся на палубу, да шлюпак. Прашу як мага хутчэй.

– Вы паслалi сiгнал бяды? – ачмурэла спытаўся Ён, усё яшчэ не развiтваючыся са сном-мрояй i не прымаючы рэальнасцi таго, што адбывалася.

– Вядома, – адказаў афiцэр. – Радыст перадае яго няспынна. Абавязкова адзеньцеся ў цёплае. Прабачце, я мушу iсцi будзiць астатнiх пасажыраў.

Ён пайшоў, не зачынiўшы дзвярэй.

Наш герой дакульгаў да ложка, стаў тармасiць каханую.

– Супакойся. Дай мне паспаць, – слаба адбiвалася Яна, думаючы, напэўна, што Ён зноў дамагаецца кахання.

– Ды прачнiся ты! – закрычаў Ён. – Мы тонем!

Ён змарнаваў добрае паўгадзiны, каб пабудзiць яе i прымусiць адзецца, адзецца самому i нацягнуць жоўтыя выратавальныя камiзэлькi.

– Ты ўсё прыдумаў, скажы?! – жаласна паўтарала Яна, не знаходзячы патрэбных рэчаў. – Любы, скажы, што ты пажартаваў. Ты жартуеш, га? Наш карабель не можа патануць – пра гэта пiсалi ўсе газеты. Навошта гэтыя недарэчныя жарты? Я стамiлася. Я хачу спаць. Паслухай: усё спакойна. Нiхто нiкуды не бяжыць, не чуваць гудка.

У яе словах быў сэнс, i на нейкi момант Ён сам паверыў, што гэта недарэчны жарт дурнога цi п'янага афiцэра. Але нешта iнтуiтыўна падказвала яму не слухаць шалапутнае дзяўчо, а спяшацца, спяшацца з усяе моцы.

Не звяртаючы ўвагi на пратэсты i просьбы каханай, Ён сiлай выцягнуў яе ў калiдор, убачыў там iншых пасажыраў – разгубленых, здзiўленых – i зразумеў: усё гэта – праўда.

На шлюпачнай палубе тоўпiлiся сотнi людзей, навокал стаяў трывожны гоман.

Яго каханая нарэшце паверыла i цiха заплакала. Гэтыя слёзы адразу ж вярнулi Яму здольнасць думаць i дзейнiчаць. Цвярозым позiркам дзелавога чалавека Ён iмгненна вызначыў: калi сюды рынуцца ашалелыя пасажыры трэцяга класа, тых шасцi шлюпак, якiя пакуль яшчэ не спусцiлi на ваду, вядома ж, на ўсiх не хопiць.

Ён рушыў да блiжэйшай, на хаду супакойваючы сваю дзяўчынку, угаворваючы яе не плакаць.

– Кiнь. Нiчога страшнага не будзе. Ну, паплаваем крыху ў шлюпцы. Дробязь! Да нас ужо спяшаюцца на дапамогу.

Iх спынiў афiцэр:

– Толькi жанчыны i дзецi. Пакуль – толькi жанчыны i дзецi.

Яна заплакала яшчэ мацней, павiсла ў яго на шыi.

– Я нiкуды без цябе не пайду!

– Супакойся, любая, – угаворваў Ён яе i цiхенька падштурхоўваў да праходу, зробленага маракамi. – Iдзi! Хутчэй! Я буду побач з табою – вось убачыш.

I Яна паслухалася, божая авечка, як паслухалася тады, у калiдоры офiса.

А Ён, зарыентаваўшыся, тут жа разгарнуў бурную дзейнасць, дапамагаючы афiцэрам i матросам падтрымлiваць парадак пры пасадцы на шлюпкi. Краем вока ён увесь час сачыў за адзiнаццатаю, дзе была яго каханая, трымаўся побач. I калi адзiнаццатая рушыла ў цемру, за борт, Ён са спрытам звера слiзгануў праз матроскi кардон, апякаючы далонi, спусцiўся па канаце на карму шлюпкi i тут жа трапiў у абдымкi сваёй любай. У агульнай мiтуснi, у калейдаскопе асветленых iлюмiнатараў, паблiзу якiх апускалася на ваду шлюпка, яго ўчынак застаўся незаўважаны.

Спатрэбiлiся весляры – i Ён прабiўся скрозь натоўп да вясла. За iм следам у цемры ценем прайшла яго спадарожнiца.

Яны адплывалi ад карабля – ён, велiзарны, ззяў агнямi, а нос яго ўжо крыху асеў, i цяжка было паверыць, што гэты плывучы горад можа хутка пайсцi пад ваду. Сярод галашэнняў, уздыхаў, шэптаў, iстэрычных крыкаў Ён злавiў слова "айсберг" i здзiвiўся: як жа яны не адчулi ўдару ледзяной гары?

I тут Ён успомнiў сваю начную малiтву – i жахнуўся.

– Божа, – прамармытаў Ён, сутаргава працуючы вяслом, – ты ўсё пераблытаў. Дзе востраў, дзе каралавыя рыфы?! За бортам – ледзяная вада. Там смерць – за бортам. Што ты нарабiў, Госпадзi?! Хiба гэтага я ў цябе прасiў?

Шлюпку раптам рэзка гайданула. Каханая, адпусцiўшы на iмгненне яго локаць, ускрыкнула i ўпала ў ваду. Ён кiнуў вясло, скочыў услед за ёю i таксама ўскрыкнуў – апякла ледзяная вада.

Божа! Дзе Яна? Вось! Вось Яна! Вочы заплюшчаныя, але дыхае. Вiдаць, спужалася цi перахапiла дух ад холаду.

– Гэй, дапамажыце! – закрычаў Ён, убачыўшы, што абрысы шлюпкi адыходзяць у ноч. – Падбярыце нас!

У адчаi Ён схапiў каханую за плечы, пачаў трэсцi з усяе моцы.

– Працуй рукамi i нагамi, чуеш! Мы скачанеем у гэтай вадзе! Варушыся!

З карабля данеслася музыка, i Ён падумаў, што звар'яцеў. Не, на шлюпачнай палубе сапраўды вiдаць былi маленькiя постацi аркестрантаў. Гэта яны звар'яцелi: граюць "Блiжэй да цябе, Госпадзi!" Дзiва што!

– Дапамажыце! – зноў закрычаў Ён i папярхнуўся выпадкопай хваляй. Узляцела асвятляльная ракета. У яе прывiдным святле Ён убачыў побач дзесяткi людзей, якiя боўталiся ў ледзяной вадзе. Шлюпкi былi крыху наводдаль.

Падтрымлiваючы галаву каханай, каб не захлынулася, Ён падняў вочы да неба i зашаптаў – горача, умольна, шчыра:

– Уратуй нас, Госпадзi! Ахвярую табе нашыя душы i думкi. Аддам усе грошы, усё жыццё сваё на ўсхваленне тваё. Злiтуйся над намi! Уратуй хаця б яе.

Хваля зноў плюхнула ў твар. Ён ледзьве не захлынуўся. Адкашляўшыся, са слязьмi адчаю на вачах ён гнеўна крыкнуў небу:

– Не чуеш?! Дзе ж ты, каб цябе чорт узяў?!

– Паглядзi на сябе, чалавек. Клiчаш мяне перад смерцю i блюзнерыш.

Голас быў цiхi i бясконца стомлены.

Бог – сухенькi стары, ад якога зыходзiла слабое ззянне – стаў над iмi, абапёршыся на сукаваты кiй. Апрануты ён быў у каляны залатаны плашч, вакол яго лысаватай галавы, быццам нiмб, свяцiлiся рэдкiя i, вiдаць, вельмi лёгкiя сiвыя валасы. Акiянскiя хвалi дакраналiся да крысаў плашча, бо Гасподзь стаяў амаль па каленi ў вадзе.

– Ты ўвесь час клiчаш мяне, сын мой, – звярнуўся Бог да нашага збянтэжанага героя. – Дарэмна. Я не дапамагу табе ў тваёй бядзе.

– Чаму, Божа? Ты ж усемагутны. Хiба табе цяжка?

Бог сумна ўсмiхнуўся.

– Запомнi: не я вас, а вы мяне, людзi, калiсьцi стварылi, вера чалавечая. I пакуль вас, павернутых да мяне душою, было вялiкае мноства, я на самой справе быў усемагутны. Цяпер усё змянiлася. Нiхто нi ў што не верыць. Нi ў мяне, нi ў маiх няшчасных сыноў, якiя падзялiлi святло i цемру, нi ў сябе. Вось i знiкла мая сiла. Паглядзi: мяне ўжо вада не трымае, усе ногi прамачыў, а я ж па ёй акi па сушы павiнен хадзiць. I Хрыстос да вас больш не прыйдзе вы зноў здрадзiлi яму i другi раз забiлi.

– Цябе?! Не трымае?! – уражаны, Ён нават на iмгненне забыўся пра тое, што пагражае яму i яго каханай: сама большае праз гадзiну выратавальныя камiзэлькi будуць трымаць на вадзе два скачанелыя трупы. – Што ж рабiць?

– Каму, сын мой? Вам цi мне?

– Вам. Нам. Усiм нам.

– Выратоўвайце сябе самi, дзецi мае, – сказаў стары i паглядзеў на неба. Самотная зорка пасылала адтуль праменьчык. – Уратуеце свае душы – i я прыйду, я вярнуся. А цяпер бывай, мне ўжо пара вяртацца.

"Няўжо гэта не перадсмяротнае трызненне? – падумаў Ён, ахоплены халодным адчаем i тугою. – Я ж не верыў! Звяртаўся, паўтараў звыклыя словы, абяцаў усё на свеце – i не верыў. Так, на ўсялякi выпадак, бо спужаўся, страцiў надзею. А ён, бач ты, ёсць, але адначасова – яго ўжо як бы i няма... Што ж мы нарабiлi, людзi?! I хто, калi не ён, выратуе нас?! А хто яго выратуе?!"

Бог з натугай выцягнуў з вады спачатку адну нагу, паставiў яе па нябачную прыступку нябачнай лесвiцы, пасля другую, i стаў падымацца: марудна, трымаючыся за зорны праменьчык, увесь час губляючы i з цяжкасцю знаходзячы апору. Вiдаць, i нябесная лесвiца ўжо ледзь-ледзь трымалася.

Чалавек адчуваў пякучы боль i жах.

Забыўшыся на хуткую сваю пагiбель, на каханую, на шлюпкi, якiя трэба вышукваць у марской прасторы, ён у думках з апошняе сiлы дапамагаў Госпаду Богу свайму: падстаўляў плячо, падтрымлiваў, а там, дзе прыступкi нябеснай лесвiцы падгнiлi i абламалiся, не грэбаваў падставiць замест iх далонi свае.

I чым болей ён стараўся, тым мацней – зусiм невядома чаму – налягаў на сваё вясло правы вясляр сёмай шлюпкi, i нос яе iшоў улева, туды, дзе ў цемрадзi гiнулi ў ледзяной вадзе яшчэ не бачныя са шлюпкi людзi.

Пераклала Галiна Шаранговiч


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю