Текст книги "Па дарозе"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Черный Кузьма
Па дарозе (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Па дарозе
I
Зямля – як размах чалавечай радасцi – шырокая, бяскрайняя, здольная будзiць вялiкiя iмкненнi пачуццяў i думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамi i вострым пахам сваiм ад вiльгацi летняй ночы.
Цяжкiя хмары нiзка валакуцца над ёю i прабуюць сеяць на яе цёплую iмглу, а пасля адпоўзваюць на далёкую мяжу неба i поля i варушацца там дзiвоснымi абрысамi ў густой сваёй чарнаце.
Канца-краю зямлi не вiдаць, таксама, як i неба над ёю. Зямля – як чорная прастора, прыцiснутая хмарамi i маўклiвая ад iх. У цеменi палёў прытаiлiся цiхiя вёскi i слухаюць: з самага вечара дзьмуў вецер, i над полем плылi цiхiя песнi травы, а пасля, як нагнаў вецер хмар, адышоў, i адно слухаць засталося вёскам – шырокую маўклiвасць глыбокай ночы.
На зямлi дарога, як само жыццё: вiдна толькi каля ног, але ж i заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш i едзеш па ёй, i з кожным крокам яна ўсё новая праходзiць пад нагамi, i здаецца, што наперадзе там, за нечым няясным, дзiвосным i далёкiм, будзе нешта надзвычайнае, а тым часам – там кусты ды поле.
I ўяўляецца, што гэта хмары ўсё больш пачынаюць збiрацца там, куды iдзе дарога, што iх ужо там многа, усё там чарней, як усюды, i няма туды ходу. А як дабярэшся туды – зямля там родная, шырока-вольная, хмары адпаўзлi наперад, i зноў можна iсцi з радасцю ў бяскрайнiх прасторах.
Вiльготная зямля глуха аддае стукам пад калёсамi i капытамi коней, са стукам мяшаюцца дробныя званы жалеза цi бляхi вазоў, i яшчэ галасы людской гаворкi ды крыкi на коней, як зыкi кропель вады з дзiравага вядра ў цiхую ноч пры студнi.
Едуць фурманкi па цёмнай дарозе; ззаду следам навiсае вялiкая ноч, наперадзе паўзе яна, як бы хiтра паманьваецца.
Нi зямлi, нi неба не вiдаць.
На пярэднiм возе ехаў Алесь Мяльгун – шырокi ў плячах i высокi хлапец. Гэта яго голас мацней за ўсё чуўся, калi ён падганяў свайго каня. З заднiх фурманак яго постаць вырысоўвалася шырокаю цёмнаю лапiнаю, i голас выяўляў многа гордасцi сабой, усiм тым, што i як ён робiць.
I яшчэ дзяўчына сядзела з iм.
На другой фурманцы ехаў Павал Грыбок – хлапец з танклявым хрыплым голасам. Ён часцей за Алеся Мельгуна гукаў на свайго худога конiка, каб той не аставаўся ад сытага пярэдняга каня. У голасе яго адчувалася наiўна-сталая ўпэўненасць, што, вось, раблю я так, як i ўсе, разам з усiмi я еду, хоць зусiм яшчэ малады, яшчэ нават з падлеткаў не выйшаў, а так, як i iншыя, сталы гаспадар.
З свайго воза Павал Грыбок добра бачыў, як Алесь Мяльгун часта прытульваў да сябе дзяўчыну i чуў, як яны пацiху гаварылi.
З задняй фурманкi насмешна далятаў да Паўла грубы i зычны, як брэх здаровага сабакi, голас Сёмкi Цераховiча:
– Павал, паглядзi, як галубкi буркуюць.
Павал нiчога не адказаў, бо было яму неяк нялоўка перад Сёмкам, – цi то неглыбокая злосць, што ён варушыць у iм мiнулае. З'яўлялiся ў яго толькi чыстыя, як вада, i павольныя думкi аб гэтым.
Тады былi нудныя зiмовыя днi i ночы. Хаты, як трухлявыя грыбы, хавалiся ў сыпучым мёрзлым снягу, дымiлi ўгору дымам з камiноў i баязлiва блiшчалi на халодным сонцы маленькiмi акенцамi.
Людзi хадзiлi ўшушканымi ў лахманы – абы трохi больш чаго ўздзець на сябе ды ўгрэцца.
Вечарамi хаты прабавалi гульнуць цiха просценькiмi дзявочымi песнямi за пражай, хлопцы жартаўлiва не давалi нi спяваць, нi прасцi.
Насця, як вугаль, чорная, маленькая нейкая, i гэтакая любая, i, разам з тым, можа ад гэтага такая далёкая, што яму, Паўлу Грыбку, худому, вастраносаму, з бародаўкамi на непрыгожым твары, не было смеласцi падысцi да яе i гаварыць з ёю так, як гаварылi ўсе iншыя. Толькi раз, у цёмных сенях, як iшлi дадому, схвацiў ён яе раптам за руку, ды так i дайшлi да яе хаты цераз усю вулiцу.
"Можа гэта яна тады – от, абы пацвялiцца", – думае цяпер Павал. А тады былi спатканнi на цёмнай ад зiмовай ночы вулiцы, заваленай снегам. Была яшчэ тады вельмi ж вялiкая нуда, што з гэтага не можа нiчога выйсцi, бо гэта ж у яго нiчога няма, зусiм голы двор ды пустая хата, дый сам ён, як гнiлы грыб, часта хварэе. Але былi спатканнi вельмi доўга, i Насця была такая ж блiзкая, як i далёкая.
Вясною дык пачалi ўсе гаварыць пра гэта, i тады ж Насця пачала хадзiць з Алесем Мельгуном. Паўлу не хацелася тады жыць, а пасля пачало праходзiць гэта ў яго, i ўжо цяпер толькi злосць на шчаслiвага Алеся Мельгуна, крыўда на тое, што сам ён ва ўсiм мiзэрны такi, што нават, калi што i было, як у добрых людзей, дык i то цяпер тыя ж самыя людзi праходу не даюць.
– Но! – гукае Павал на каня ў адказ на насмешныя словы Сёмкi Цераховiча з задняга воза; i гэта ў яго выходзiць па-балагольску:
– Ё, ё...
Ззаду з Сёмкам Цераховiчам едзе стары Тодар Дрозд – хiтры i самаўпэўнены. I яны пачынаюць удвух гаварыць мiж сабою.
"Мусiць, нарочна гэта яны так моцна, каб чуў я", – думае сярдзiта Павал i слухае:
– Бач, падла, едзе сабе з Алесем, усё роўна як з гаспадаром, а гэты Грыбок трухлявы ззаду аж млее, мусiць, бачачы. Куды яму, смаркачу, яшчэ было зачэпвацца з ёю, а яна чорт яе ведае нашто яго за нос цэлую зiму вадзiла. Цяпер ён аж кашляць пачаў з нуды.
Павал пазнае голас Сёмкi, i яму ўяўляецца яго сытая гадкая постаць, шырокi твар, увесь у вуграх, i здаровыя валасатыя кулакi. Паўлу хочацца саскочыць са свайго воза, схвацiць дзе-небудзь на дарозе камень ды даць iм з размаху ў голаў Сёмку, каб таму аж чэрап трэснуў. А пасля яшчэ большая нянавiсць да Тодара Дразда, калi той пачынае гаварыць:
– Яго, значыць, бацька многа грашыў на сваiм жыццi, вельмi ж баб многа мяняў, як у смалакурнi служыў, ды яшчэ хварэў чорт ведае чым, дык ад гэтага i Павал выйшаў гэтакi нядошлы, як гнiлы. А яшчэ рызыкуе, будучы гэтакiм смаркачом.
– Бач, бач, – радасна раптам перабiвае сам сябе Тодар, – дальбог жа вунь, лiха яму, прыцiснуў, здаецца, да сябе, ды як галубiць... Эй, ты там, Алесь, асцярожна, а ты, Павал, чаму не глядзiш?!
Павал углядаецца наперад i бачыць, як чорная постаць Насцi, няясная ўночы, як голас хворага дзiцяцi, злiлася з постаццю Алеся, а пасля, як закрычалi ззаду, яна адсоўваецца ад яго – усё такая ж далёкая i зноў усё любая.
I такая глыбiня крыўды, злосцi i жадання паскардзiцца некаму з'яўляецца ў Паўла, што хочацца пакiнуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якiмi давялося ж то неяк разам з'ехацца, калi выязджалi з вёскi ў горад. Хочацца Паўлу пайсцi цёмным полем да таго месца, дзе за чорнымi дзiвоснымi абрысамi нечага начнога з'яўляецца маленькая ясная лапiнка, – гэта месяц, мусiць, спрабуе выбiцца з-за хмар. Робiцца там трохi святлей, вызначаюцца трохi шырокiя далi, завуць яны да сябе сваiм размахам i воляй, i там як бы няма нiкога такога злога, гадкага.
– Павал, Павал, глядзi, – зноў дабягае да Паўла голас Тодара з задняга воза, голас нейкi цвёрды, слiзкi, як мокрая гадзюка.
Павал на хаду паволi злазiць з воза; раптам чуе, як на пярэднiм возе пачынаюць рагатаць. Голас у Насцi бязвiнна-гуллiвы, без хiтрасцi: проста затым гэта рагоча яна, што смешна ёй; а рогат у Алеся страшны, як удар абухам па галаве, – i колькi ў iм самаздавальнення, жадання патаптаць усё сабе пад ногi, быць над усiм вышэй, i ўжо ўпэўненасць, што мацнейшы за ўсiх ён тут.
Павал паволi прывязвае лейцы да аглабiны i чакае задняга воза.
– Ты што, глядзець не хочаш? – падае голас Тодар. – Прамаргаў ты, браце, дзяўчыну, яшчэ як прамаргаў!
– Нiчога ты, Павал, браце, не варт, – дадае цвёрда Сёмка, – не варта было чапаць дзяўчыны, калi не чуў у сабе сiлы.
–Я яе не чапаў, – сказаў Павал.
– А ты яшчэ яе чапаць думаў?! – зарагаталi ўдвух. – А-я-яй, трэба-такi было табе яе зачапiць. Няхай бы ты ёй след свой пакiнуў, каб памятавала цябе навек. Не трэба было баяцца. Ты цяпер да яе адно падкацiся ды прыстрой ёй што-небудзь, – Алесь багаты, чорт яго не возьме, яму прыплод нястрашны. А тым часам зусiм цяпер гэта табе нястрашна, калi паглядзець з другога боку, цяпер на Алесевай шыi ты лоўка можаш выехаць... Алесь, сюды iдзi!
Вырасла раптам з цеменi каля воза высокая постаць Алеся Мельгуна.
"Будуць душу разварочваць", – са смуткам думае Павал.
– Ну, я пайду на свой воз, падрамлю трохi, – сказаў ён.
– Ча-чаго ты, дурны, што, з людзьмi пабыць не хочаш? – схапiў яго за плячо Алесь i сам сеў на воз да Тодара i Сёмкi i ўсцягнуў Паўла.
Павал зразу адчуў звярыную радасць Алеся Мельгуна ад таго, што вось ён сядзiць блiзка з тым чалавекам, над якiм так удалося яму ўзяць верх, не далажыўшы да гэтага многа старанняў. Гэта была радасць звера, радасць жывёлы, без думак, без жаданняў, тупая i нiкчэмная.
I яшчэ, з вялiкаю крыўдаю, адчуў Павал, што гэты вось самы Алесь Мяльгун зусiм нават не хоча нiчога кепскага яму; калi нават трэба будзе, дык паможа яму ад шчырасцi, хоць можа пасля i пасмяецца; што гэта не можа ён адчуць таго, што здзекуецца разам з гэтымi вось людзьмi над iм; што ён повен захаплення ад жыцця, ад здарэнняў, ад падзей, ад самога сябе i не прыкмячае таго, што мучыць другога.
I ў гэтым была вялiкая крыўда.
– Ну, я пайду, – зноў сказаў Павал.
– Куды ты спяшаеш, – схапiў яго за руку Сёмка, давай закурым.
– Я ж не куру.
– Затым, мусiць, цябе i бабы не любяць, што ты не курыш, – загаварыў Тодар. – Бабы, брат, любяць. Ого-го! Каб ты курыў, каб быў як дуб моцны i як агонь гарачы, каб быў упарты, цяжкi на руку...
– У Паўла якраз нiчога гэтага няма, – усмiхнуўся Алесь.
–Я ж к гэтаму i гавару, – абазваўся Тодар.
Тады Павал саскочыў з воза i загаварыў iм тром.
– Браткi мае! Ну, я ведаю, што вы гэткiя моцныя, а я – хворы, дык нашто ж вы гэта мне гаворыце? Што я вiнаваты, што я такi, а вы такiя? Нашто вы мне душу разварочваеце? Ну, не хачу я нiчога гэтага. Ну, Насця нада мною насмяялася, дык я не крыўдую, бо яна здаровая, а я хворы. Можа гэта сухоты ў мяне? Я i так дажыву, калi так, свайго веку. Насцi я не хачу... Хiба слова я ёй калi аб гэтым казаў?! Дык вы з ёю, Алесь, любецеся, дык цi ж я што гавару? Куды я ёй? Можа ў мяне i пераварочвалася ўсё нутро ад жалю, ад крыўды, але ж я маўчаў – куды там мне. Я гэта ведаю... Ды нашто вы косцi бацькi майго варушыце? Мне пакутаваць за гэта аднаму, калi за гэта яшчэ. Хто яго ведае, ад чаго гэта ў мяне... Ну, i я хачу так, як усе, але што ж я вiнаваты? Каб я не хворы, дык цi ў мяне ўсё так было б? Нашто вы ўсё гэта гаворыце, чаму ты, дзядзька Тодар, на сябе не паглядзiш, а майго бацьку памiнаеш?
А яны ўсе ўтрох тады зарагаталi. Рагаталi зычна, шчыра, весела. Рогат iх быў – жаданне, вольнае ад жыццёвых пут – шырокi, i затаiў ён у сабе сiлу грубой, навальнай i нiкчэмнай перамогi дзiкай, тупой сiлы над усiм слабейшым... Была ў рогаце гэтая перамога над слабым Паўлам, над усялякiмi дробнымi перашкодамi, якiх так многа, i перамагаць, змагацца з якiмi ёсць i ўся можа мэта i ўвесь сэнс жыцця. Не было ў рогаце радасцi, была адна сiла здаровая, як камень, цяжкая, як зямля.
Пачынаўся дзень, мусiць, бо шэраю стала вызначацца зямля. Сталi выяўляцца з цеменi далi, дарога больш вiдаць стала. Цi то гэта можа месяц больш выбiўся з-за хмар – там на даляглядзе жоўта пачало рабiцца. Зямля была бясконцым прасторам, якi зваў дыхаць вольнаю воляй.
Цi вёскi, цi лясы паднялiся белаватым i цёмным абрысам далёка, i ўсе вiднець пачалi.
Няйначай, гэта дзень пачынаўся.
Прыйшоў раптам вецер i адагнаў хмары за далёкiя лясы. Тады сонны месяц глянуў, каб развiтацца з зямлёй. Аблiў ён святлом сваiм, як плачам, дарогу, тры фурманкi i людзей на iх.
Наперадзе трос сытым задам конь Алеся Мельгуна, ззаду не адставалi два худзенькiя конiкi Паўла i Сёмкi. На пярэднiм возе гойдалася ў бакi постаць дзяўчыны. Была яна маленькая, тоўсценькая, галава, абкручаная белым тоўстым шалем, надавала ёй мажны выгляд. I постаць яе радавала вока. Месяц асвяцiў людзей на заднiм возе. Быў вясёлы Алесь Мяльгун, усмiхаўся ён шырока, таксама весела ўсмiхаўся, але з нейкай зайздрасцю, Сёмка Цераховiч. Тодар паблiскваў вачыма з-пад пасiвелых броваў на пажоўклым твары, ды хмуры Павал маўчаў, затаiўшы на дробным, вострым i худым твары жаданне дзе-небудзь дзецца ад гэтых людзей.
II
Насця паволi падганяла Алесевага каня, гукала часам на яго слаўным жаночым голасам. У чорным кароткiм каптане яна здавалася тоўсценькаю, порсткаю, i на твары яе гуляла журботная i вясёлая дзявочая задумёнасць, якою дзяўчына заўсёды вабiць да сябе. Яна адчувала, што пра яе гавораць на задняй фурманцы, i ў яе з'яўлялася хваляванне, што вось яна прымушае цэлую ноч гаварыць людзей, адных быць вясёлымi, другiх сумнымi.
Было адно ёй спачатку нядобра трохi перад Паўлам, з якiм неспадзявана давялося з'ехацца, выязджаючы вечарам з вулiцы. А пасля гэта прайшло, бо не ведала яна, што ў Паўла на душы. Успамiналася ёй, як яна зiмою дражнiла Паўла каханнем, думаючы, што ў Паўла, апроч гуллiвай вясёласцi, нiчога ад гэтага не будзе. I цяпер не ведала, што цяжка Паўлу бачыць яе, таксама як не ведаў, не думаў Алесь Мяльгун, што цяжка Паўлу ад кпiнаў.
Ды яшчэ трохi было сорамна дзяўчыне перад усiмi ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць i ведала, што ўсе гавораць аб iх блiзкасцi, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к свайму вяселлю. Ведала, што Сёмка з Тодарам едуць мяняць каня, а то вельмi ж ужо нядужы, стары i худы Сёмкаў конь. Не ведала адно Насця, што Павал едзе да доктара.
I былi ў яе настроi гуллiвыя i журботныя, радасныя. Ёй было весела ад таго, што дражнiлася яна зiмою каханнем з Паўлам, было трохi шкада яго, што ён вельмi ж моцна кашляе. Але ўсё было светла i добра. I ўжо зусiм затапляла ўсе пачуццi нявыказаная словамi вялiкая радасць, што вельмi ж вось падабаецца Алесь; што яны ўдваiх едуць на яго возе купляць, што iм патрэбна, што можа яна паклiкаць яго, здаровага, кплiвага над усiмi, i ён цiха прыйдзе да яе.
Весела было глядзець на чыстае ўжо неба, слухаць гулкiя песнi маладога ветру на пахучых засевах грэчкi. Яна азiрнулася назад i бачыла: Павал ужо iдзе, паволi калываючыся каля свайго воза. I ўявiлася ёй, што гэта Павал рады ад таго, што едзе ў горад уладзiць нейкiя свае справы. Ёй захацелася заспяваць што-небудзь цiхае, радаснае, або зусiм гуллiвае. От так, як яснымi вечарамi ў залатую восень спяваюць гуртам дзе-небудзь каля канцавой хаты.
Што за месяц,
Што за ясны...
Або зусiм новы ў вёсцы матыў песнi:
Гэй вы, конi вараныя,
Грывакi мае!..
Нi то драмаць, нi то моўчкi слухаць ноч пачала Насця.
Тады з'явiлася была ў Паўла думка падысцi да яе i пагаварыць з ёю. А як ступiў ён два крокi наперад, асядаць i гiнуць пачала гэтая думка.
– Няма пра што мне з ёю гаварыць, – зусiм моцна сказаў Павал.
– Што ты кажаш? – дакацiўся голас ззаду.
– Нiчога, дзень нахапiўся, – адказаў Павал i сцебануў пугаю каня па худых рэбрах.
"Вельмi ж на полi ўрадзiла ярына", – падумаў ён невядома чаму. А пасля ўцякла i гэтая думка, i ўявiлася, што доктар, да якога едзе ён, павiнен быць чалавекам вельмi сталым, але нейкiм такiм, якому можна i нават трэба сказаць пра ўсё, нават пра Насцю, што яна гэткая любая, але ж вельмi далёкая, i што таму аж нiчога рабiць не хочацца.
"Яно ўсё пройдзе, – з'явiлася новая думка, – усё забудзецца, а жыццё будзе яшчэ доўгiм, бо ад грудзей, што баляць, нiхто не ўмiраў нiколi, здаецца. Многа яшчэ будзе думак новых i навiн за жыццё, адно вось, аднаму, мусiць, давядзецца, пахаваўшы матку, або перацягнуць на гэтую гаспадарку сястру з мужам з суседняй вёскi... А ўсё ж яно слаўна гэтак ехаць, а пасля вечарам назад; адчуваць волю поля, слухаць, як у вёсках пры дарогах спяваюць пеўнi, i гэтакi ясны змрок ляжыць на дарогах... I нiчога не зробiцца ў жыццi таго, чаго не зробiцца".
Нават i не думка гэта была, а пачуццё.
Зусiм пачынала вiднець, а на полi разгуляўся радасны вецер.
III
У тую ранiцу ў вёсцы яшчэ прыцемкам устала жанчына. Было шмат работы адной у хаце.
"Хаця б дождж не пайшоў ды не абмачыў Паўла", – падумала яна пра сына.
I ўсё тупала па двары ды думала пра Паўла. Яно не то, што гэта было шкада ёй, што Павал нездараўчаны, – аб гэтым не думалася, бо да гэтага прывыклася i было гэта звычайным. Думала яна, што Павал, мусiць, змёрз уначы.
Была жанчына старая i часта насiла ў сабе нейкi востры настрой. Бо гэта яна многа перажыла была за жыццё бяды i гора, i гэта зрабiла яе чулай вельмi.
У тую ранiцу яна брала пад паветкаю дровы i ўбачыла, як каля самай сцяны дрыжаў на ветры дробны куст крапiвы. I тады прыпомнiлася, што яе многа расце на дарозе, дзе агароды пераходзяць у жытнiя засевы. А гэта было прывычнае, роднае, сярод чаго жылося, пакутавалася. I ўжо тады ад гэтага ў жанчыны з'явiлася да ўсяго шырокае пачуццё, i падумалася:
"От Павал прыедзе i пойдзе касiць, а я каля дома буду".
I затым, што было ўсё гэта звязана з тым дробным, што на кожным кроку ў жыццi, затым i з'явiўся ў жанчыны востры настрой. Хацелася гаварыць з усiмi аб усiм. I от пачала яна з нецярплiвасцю чакаць Паўла.
А пасля прыбегла да яе, засопшыся, Ганна, што служыла ўжо другi год у Мельгуновых, i пачала гаварыць, што Алесь паехаў у горад з Насцяю i што ў iх будзе вяселле. А пасля пачала гаварыць, як да яе, яшчэ да Насцi, прыставаў Алесь, усё гаварыў, што возьме замуж, i што цяпер лiха ведае што будзе.
– Ну, няўжо?! – узрадавалася Паўлава мацi.
– А ты як бы рада, – пакрыўдзiлася Ганна, – а ў твайго Паўла здароўе адабрала Насця. Ты думаеш, цётка, я не ведаю? Усе ведаюць! А я не змоўчу.
– Чаму?
– Таму!
– А што рабiць будзеш?
– На яго ў суд падам; усё роўна яму спакойна жыць, гаду, не дам.
– З Насцяю жыць?
– З Насцяю.
– А сястрычка ж мая, зрабi ж ты гэта. Вось i Павал мой узрадуецца, сумны нешта ж вельмi ён цяпер зрабiўся. А я толькi думала аб iм.
I невядома чаму так раптоўна Ганна заплакала. Яна доўга сядзела на адным месцы, на лаве, у кутку Паўлавай хаты, выцiрала рукавом зрэбнага каптана слёзы i чмыхала носам.
А ў галаве ў дзяўчыны хадзiлi вольныя думкi – цi то нявыяўленыя, яшчэ цьмяныя, радасныя нейкiя надзеi нараджалiся ў яе.
Нешта яснае выяўлялася перад маладым жыццём, i само жыццё паднiмалася наперадзе, як вялiкая, цiкавая дарога, на якой апаноўваюць чалавека радасныя хваляваннi.
– Гадаўка гэтая Насця, – сказала моцна Паўлава мацi.
"А што яна вiнавата?" – хацела сказаць Ганна, але сказала, палажыўшы палец на губу:
– Я не дамся ў крыўду Мельгуну.
– От Павал будзе весялейшым, – з хiтраю ўсмешкаю сказала Паўлава мацi, – а то ж вельмi думаць аб нечым пачаў многа.
IV
Павал у той дзень зусiм вясёлым выехаў з горада.
Доктар яму нiчога не сказаў, толькi даў нейкiх зеленаватых пiлюль; купiў яшчэ Павал хустку матцы i новую касу. А як выязджаў з горада, дык адчуваў, што ўсё будзе добра, – цi то гэтыя пiлюлi памогуць, цi то зусiм нiчога ў яго няма. Вось будуць пагодлiвыя днi, добра будзе касiць каля рэчкi; а Насця – чорт яе бяры. I, едучы, бачыў, як на краю горада музыкi збiраюцца граць у вялiкiм разгароджаным садзе.
У капельмайстра таксама балелi грудзi, i ён стрымлiваў кашаль. У аднаго музыкi балеў зуб, i яму цяжка было дзьмуць у флейту. Ён думаў аб тым, што ад яго флейты многае залежыць у музыцы. I не было весела, нават сумна было капельмайстру i флейтысту.
Таксама не было весела i яшчэ аднаму музыку, бо дома былi ў яго нейкiя нелады ў сям'i, i толькi лепш адчуваў ён сябе ў настроях тады, калi выходзiў з дому.
Так трое гэтых людзей, ад якiх многа залежала ў музыцы, далёка былi ў тую хвiлiну ад весялосцi. Толькi нiхто не ведаў i не бачыў гэтага, бо як махнуў капельмайстар рукамi i гранула музыка, ва ўсiх, хто слухаў, раптам пачало з'яўляцца вялiкае захапленне жыццём, адчуванне яго вялiкасцi i хараства. А ў каго i з'явiўся смутак, дык быў ён радасным i жаданым.
I хто глядзеў на гэта, хто чуў вясёлыя зыкi, – думаў, што гэта так ёсць цi было i ў настроях музыкаў. А ў музыкаў весялець пачаў настрой пры першых зыках.
У Паўла ж пачала вясёлай лёгкасцю напаўняцца iстота паволi. Пасля ўсё зрабiлася для яго слаўным, радасна захапiла iмкненне.
Як ехаў, дык весела ляжала пад ветрам поле i некуды далёка адплылi i Алесь Мяльгун, i Насця, i Сёмка Цераховiч, i Тодар. Сплыло ўсё тое, што было на душы, як ехаў у горад. Хацелася перш, каб чым хутчэй даехаць дадому ды парадаваць словам матку, даючы ёй новую хустку, а пасля як бы гэта падняўся ён на нейкую высокую гару ды расклаў там агонь, асвяцiўшы нешта новае. Прапала пачуццё таго, што i ён як сталы гаспадар. Ён то адчуваў сябе сталым i цяпер, але iначай неяк, бо згiнула думка аб сваiм канi i драбiнах, а думалася неяк аб усiх людзях, аб тым самым канi, але не так, што вось гэта яго конь i нiхто нiколi да гэтага каня нiякага дачынення мець не павiнен, што гэта конь i драбiны, а я гаспадар, – а думалася i адчувалася, што вось конь вязе, а я еду. А вакол зямля, вакол людзi. I iдуць на зямлi днi i ночы. I ветры спяваюць, i сонца свецiць. Пасля дажджоў дарогi мокрыя. А Алесь Мяльгун, Сёмка Цераховiч i яшчэ Тодар – жывуць сабе, кпяць з усяго, што застаўляе iх жыць, варушацца сабе, адзiн у адным корпаюцца, злуюць адзiн на аднаго часам за гэта. А мне вось добра глядзець на iх i на ўсю гэтую iх работу.
Паўзла ды паўзла зямля насустрач. Кружылiся далi, адпаўзалi ўсё ў бакi. Звала дарога наперад, а дзень быў, як гаворка аб чым-небудзь вялiкiм, родным, блiзкiм, што напаўняе ўсю iстоту лёгкасцю любых настрояў i думкi робiць вострымi i iмклiвымi.
1925
Каментары
Друкуецца па кнiзе "Вераснёвыя ночы" /Менск, БДВ, 1929, дзе датуецца чэрвенем 1925 года/. Упершыню апублiкавана ў выглядзе ўрыўка ў газеце "Савецкая Беларусь", 1925, 22 лiстапада, цалкам – у часопiсе "Маладняк", 1925, № 8. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.