355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » Ноч пры дарозе » Текст книги (страница 1)
Ноч пры дарозе
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 01:41

Текст книги "Ноч пры дарозе"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)

Черный Кузьма
Ноч пры дарозе (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

Ноч пры дарозе

I

Абодва яны шэрыя i тоўстыя ад сваiх суконных вопратак, з цяжкiмi, грузнымi крокамi ад вялiзарных ботаў.

Буянiўшы па жоўтым iржышчы палявы вецер абвяяў iх каравыя твары, мяў густыя борады, дарэмна стараючыся збiць iх з тропу. А яны ўсё iшлi сухою дарогаю, мала азiралiся назад, як бы не думаючы больш варочацца туды, адкуль выйшлi.

I ўсе iх прылады былi пры iх.

У старшага – Уласа – гладка прыставала к плячам падоўжаная вялiкая пiла ў дзеравянай раме зубамi; у малодшага – Кузьмы – разам з клункамi хлеба горбiлася на спiне торба з малаткамi, напiльнiкамi, грунтвагамi.

Так i хадзiлi яны.

Ад сяла да сяла, з мястэчка ў мястэчка. Праходзiлi праз гарады i чыгуначныя станцыi. Прыпынялiся там, дзе была работа. Цягнулася яна, гэтая работа, год – не пакiдалi яны яе; цягнулася два днi – былi там два днi. А канчалася работа – iшлi далей.

I цягнула iх к рабоце, а значыць, i к людзям, бо дзе работа, там заўсёды людзей спаткаеш.

– Сам ты адкуль, Улас? – запыталi раз у адной вёсцы, дзе яны пiлавалi дошкi.

– Не ведаю, – адказаў Улас.

– Як так не ведаеш?

– Не ведаю. З усяго свету, мусiць. Радзiўся каля Вiльнi, дзе бацька пасля будынкi ў маёнтку будаваў, i што паўгода, то новае месца было. А потым, як сам узняўся на ногi, пайшоў з пiлою па белым свеце. Так i жыву.

– I нiчога?

– Хоць бы што... Прывычка.

А Кузьма – трохi iначай. Не любiў ён жыцця вечнага валацугi. Была ў яго недзе за Нясвiжам гаспадарка невялiкая, жыў на ёй брат яго малодшы; а з братам ён заўсёды быў душа ў душу. Быў у войску, а потым, як звольнiўся, гранiца дзяржаўная ляжыць мiж iм i братам. Яно то пастараўшыся i можна было б перабрацца туды, але нялiшне квапiў на гэта Кузьма: пасля Чырвонай Армii паны; так i чакаў ён усё перамены.

З Уласам спаткалiся яны ў Жлобiне на станцыi. Гурт пiльшчыкаў там дошкi пiлаваў – мост там нейкi правiлi. А тут якраз таварыш Уласаў пакiнуў яго. I прыстаў Кузьма к Уласу. Так i пiлавалi яны там, пакуль работа не скончылася; а потым, па старой прывычцы, пацягнуў Улас Кузьму за сабою па свеце: дзе чутна работа – туды i пайшлi...

Убiлiся ў глуш. Усе вёскi ды хутары ў палёх i мiж лясоў. У гарачую летнюю пару, калi вёскi пуставалi цэлымi днямi, выправiўшы жывых усiх у поле, мала было работы. Часта тады i не заходзiлi Кузьма з Уласам у вёску, а начавалi i днявалi нават часам каля рэчкi дзе-небудзь, у кустах. Пяклi вечарам сала на ражэнчыках, ранiцаю ўмывалiся ў рэчцы, вымалi з торбы сарочкi чорныя, якiя даўно ўжо мыць трэба было, i, уцёршыся, iшлi далей.

Тады Кузьма, гледзячы на Ўласа, i густую бараду сабе запусцiў.

А ўвосень работы стала многа, хоць нядоўга прыходзiлася прыпыняцца на адным месцы – тыдзень, два – не больш, але затое далей ужо пэўная праца чакала.

Любiў Улас працаваць у глушы восенню. Сытыя вёскi тады. А ў здаровыя ясныя днi "баб'яга лета", калi белае павуцiнне блытаецца ў iржышчы за гумнамi, плавае ў чыстым сiнiм паветры, звон пiлы гучна аддаецца ў прасторы.

Весела робiцца за працаю тады...

У пору, калi восень гатавалася ўжо ўступiць месца зiме, работы па вёсках больш яшчэ стала...

Было хоць ясна ад сонца, але холадна.

Начамi былi першыя марозы, але ў палях мала было iм што замарожваць восень была сухая.

Па аўсяным iржышчы, каля хутароў, цягалiся крыклiвыя гусi, а ў чыстым полi i на паплавах панавалi вясёлыя вароны.

Буян-вецер радасна гайсаў па полi, пераскакваў цераз кусты, з песняй забягаў наперад, зазiраў холадам у вочы, трапятаўся за каўняром, блытаўся ў вусах i бародах. Чуць-чуць ад яго пазвоньвала за плячыма пiла; боты стукалi размерана, паважна.

– От каб дзе, здаецца, на адным месцы засесцi, не люблю цягацца. Каб дзе гаспадарку якую завесцi, – сказаў Кузьма.

– Па мне, – адказаў Улас, – можна засесцi, можна i хадзiць. Мне ўсё роўна. А пакуль што добра было б прыпынiцца дзе сягоння на работу, цягнуцца далёка ахвоты няма ветрам такiм – у вочы сыпле i з ног збiвае.

– I ўсяго табе?

– Усяго. Табе другое дзела. Прывык ты к аднаму месцу з малых дзён. А мне ўсё роўна.

– Трэба будзе ў вёсцы якой паклапацiцца, каб на вясну зямлi кавалак адвялi – там i засяду, калi гранiца дадому не адкрыецца. Зiмою падумаю.

– Падумай сабе... А сяла не вiдаць нiдзе... Заварочваецца як бы вецер з другога боку...

Потым змоўклi i цiха iшлi далей, аддаўшыся глухой дарозе – куды прывядзе... Як дарога крута спусцiлася ўнiз, узышлi на мосцiк над вузкаю рэчкаю. Чыстая вада, сцiснутая абкошанымi берагамi, баялася некуды спазнiцца i ўсё плыла-плыла, падганяючы сама сябе. Вецер шараваў рэдкiмi калiвамi пакалечанага быдлам плюшнiку аб берагавыя карчы.

– Што гэта ён там робiць, – сказаў Кузьма, ткнуўшы пальцам налева.

Улас стаў i прыгледзеўся.

Там, на жоўта-зялёным беразе, дзе пачыналiся нiзенькiя кусты ядлоўцу, сядзеў, прытулiўшыся к караваму пню крывое, голае вярбы, рыжы мужык у жоўтым, доўгiм кажусе. Ззаду за iм цягалася чорная кабыла, пашчыпваючы нiзенькую мёрзлую траву, а вецер падмахваў пасмамi яго доўгае, чырвонае барады, ад чаго падобнымi яны былi да языкоў полымя на вогнiшчы ўночы.

– Што гэта яму прыйшло ў галаву пасвiць каня гэтакаю парою?

– Не, гэта ён там так нешта робiць другое.

– Можа i гэтак... Давай сядзем на мосце – аддыхнём i закурым. Ды папытаем, дзе тут вёскi якiя ёсць.

Яны селi на халодным мосце, глядзелi ў адно месца, i здавалася iм, што сонца як бы грэць трохi стала.

Рыжы мужык падышоў к пiльшчыкам. Высокаю i лёгкаю фiгураю сваёю стаяў ён проста пры самым мосце ўнiзе, улажыўшы рукi ў рукавы кажуха i ад холаду чмыхаючы тонкiм гарбатым носам.

– Аддыхаеце?

– Але.

– Далёка iдзiцё?

– I далёка i блiзка. Дзе работа будзе з пiлою – нiдзе не брышкуем. А сёлы далёка тут?

– Блiзка.

– А ты гэта, чалавеча, што каня пасеш гэтакаю парою?

– Пасу, – усмiхнуўся крыва рыжы.

– Такi праўда пасеш?

Рыжы скрывiў рот i шырока ўсмiхнуўся.

– Ну? – дапытваўся Кузьма. Яму хацелася ведаць, чаго гэта такою парою сядзiць мужык на поплаве. Усiмi сваiмi пачуццямi i думкамi ён сам быў селянiн, i гэта цiкавiла яго.

– Ёсць, браце, прычына сядзець мне тут, – загаварыў рыжы. – Вартаўнiком сяджу, вось што. Унадзiлi ездзiць поплавам – блiжэй, а дарогай – кружней. Па чарзе выходзiм кожны дзень, аж абрыдзела. Я сяджу тут i прашу Бога, каб каго чорт нагнаў – не памiлую, дубiнаю голаў растаўку сукiнаму сыну. Проста хочацца, каб хто праехаў. Вось слаўна было б.

– Э-э-э... дык табе, як я бачу, пра поплаў мала клопату, а пра чужую голаў!

– Да гэтага давялi.

– Вось штука... Што бывае з чалавекам часам, гы-гы-гы-гы!..

– Чаго рагочаш, – агрызнуўся рыжы на Кузьму.

– Ды так. Я не з цябе, а з таго, што з чалавекам часам бывае.

– Эх, каб ты згарэла, – гаварыў рыжы, – нiхто, як на злосць, не едзе, як бы ведаюць, што я вартую.

Рыжы цiха, як бы сам над сабою, усмiхнуўся. I ўсе яны ўсмiхнулiся, потым закурылi. Рыжы ўжо ўсадзiў нос у жменю Кузьмы, дзе тлела запалка, але, не прыкурыўшы, раптоўна ўскiнуў галаву ўгору, прыслухаўся i азiрнуўся. Там, дзе ён нядаўна сядзеў, грукалi калясьмi драбiны. Рыжы кiнуў папяросу ў рэчку i сам пабег па беразе. Драбiны ўехалi ў кусты, ён узаскочыў на каня i кiнуўся ўслед.

– От брат, – зарагатаў Кузьма, – што робiцца, каб на яго агнi. Гы-гы-гы-гы!..

Ён усiмi сваiмi пачуццямi i думкамi ўвайшоў у справу рыжага мужыка; хацелася яму скiнуць з плеч пiльнiцкую торбу з манаткамi i напiльнiкамi i гнацца разам з рыжым за возам па кустах. I ў тую хвiлiну, нават няведама для яго самога, у глыбiнi яго мазгоў пачала фармавацца думка адцурацца пiлы i ўзяцца за плуг. Дзе i як – усё роўна. Так захапiла яго гэтая сялянская справа на пустым поплаве.

А Ўлас паглядзеў, як рыжы схаваўся ў кустах, паправiў на спiне пiлу i, тузянуўшы за рукаў Кузьму, пайшоў далей.

– А я гляджу, – сказаў ён iдучы, – сядзiць чалавек на беразе, падпёршы плячыма пень, i думаю – нешта тут робiцца. А разабраўся блiжэй – самая пусцячына. Ды гэта яшчэ нiчога. Але часам даводзiлася, бывала, бачыць, як чалавек што-небудзь i сапраўды задумае як бы важнае, а як прыгледзiшся гэтаксама.

Кузьма iшоў i думаў аб тым, як добра было б быць на месцы рыжага мужыка. Чысцiць дома каня, правiць плугi, малацiць, хадзiць па мёрзлым iржышчы к рэчцы, глядзець на паплавы.

I ён ад наплыву думак загаварыў, стараючыся выказаць iх, але блытаючыся ў словах:

– Гэта ж, брат, каб на яго паляруш... От бо, брат, неяк, лiха на яго...

I раптоўна змоўкшы, махнуў рукою i маўчаў ужо ўсю дарогу.

II

У вёсцы вецер уздзiраў салому на стрэхах, шамятаў ёю, гнаў разам з сухiм i халодным пылам па вулiцы. За вугламi, на сухiм картаплянiку, валялiся сабакi, падымаючы галовы на халоднае сонца. Па зацярушаных саломаю дварах галасiлi пеўнi, дзецi плакалi, ушушканыя ў старыя кажухi i халаты. Дзе-нiдзе стукалi па гумнах цапы, бабы i мужыкi абтыкалi мохам хаты каля вокан, падвалiны пяском абсыпалi, сцены кастрыцай абкладвалi.

Ад хаты да хаты паволi хадзiў кульгавы жабрак i малiўся за "душы змарлых". З каждае хаты яму выносiлi кавалак хлеба або невялiчкую скварку, i ён, схаваўшы ўсё гэта ў торбу, зразу пакiдаў спяваць, абрываючы сваю "малiтву" на паўслове. У iншай жа хаце яму доўга нiчога не выносiлi. Ён канчаў сваю песню, зазубраную за добрую жыццёвую практыку, а з хаты яшчэ нiхто не выходзiў. I тады ён, каб не маўчаць, пачынаў спяваць усё, што прыйдзе ў голаў, абы яно было так цi iначай звязана з "душамi змарлых".

"Каб вашы душачкi па печы насiлiся".

"Каб халоднаю зiмою яны з палатак не злазiлi..." – цягнуў ён часта ў такiх выпадках; прыдумляў усё новыя i новыя "блажэнствы душам змарлых", да таго часу, калi яму чаго-небудзь не выносiлi з хаты. Тады ён скоранька гаварыў "дзякаваць пакорна вам, а мне на мiла здароўе" i iшоў далей.

Улас i Кузьма ўвайшлi ў ветлiцу* пад вечар. Борады iх былi змяты, твары запылены. Гледзячы на малюнкi вясковага жыцця, Кузьма зноў адчуў у сабе жаданне астацца дзе-небудзь у вёсцы на гаспадарцы. I мала-памалу з'явiўся ў яго нейкi страх перад думкаю, што зноў трэба будзе з гэтай вёскi iсцi далей, шукаючы работы. З такiмi пачуццямi i думкамi прайшоў ён з Уласам усю невялiчкую вёску. Работы тут, як вiдаць, было многа – уся вулiца завалена была дзеравам, кожны гаспадар збiраўся на вясну, мусiць, ставiць новую хату або правiць старую.

* Ветлiца – дарога, абсаджаная вербамi.

– Тут, брат, зазiмуем, – гаварыў весела Ўлас.

А Кузьма ўжо станавiўся вясёлы. У яго думках пачала ўжо малявацца магчымасць, прабыўшы тут зiму, прыгледзецца к тутэйшаму жыццю, завясцi знаёмствы i, атрымаўшы кавалак зямлi, астацца тут жыць.

Больш, як дзе, дзерава было за вёскай, каля высокае старое хаты, стаяўшай на ўзгорку, асобна. Туды падышлi пiльшчыкi. Яны ўвайшлi ў вялiкi, чысты двор, заросшы клёнамi. Разганяючы чарады гусей i качак, падышлi яны к ганку, i Ўлас прывычна стукнуў пальцам у шыбу. Потым глядзелi на дзверы хто выйдзе.

Скрыпнулi дзверы, i на ганку паказаўся рыжы мужык. Ён быў ужо раздзеты; твар яшчэ больш чырванеў, як бы распараны.

– А браткi ж мае, – загаварыў ён, – гэта ж трэба якраз трапiць. Вось добра. А я ўжо пасля шкадаваў, што пусцiў вас: гэта ж мне трэба якраз дзерава гэтае папiлаваць усё.

– Ды тут у вас работы ў вёсцы многа.

Рыжы агледзеў свой двор i павёў пiльшчыкаў у хату. Там было прасторна i светла. На вялiкiх вокнах стаялi пабiтыя гаршкi з нейкiм запыленым зеллем, к сцяне кросны тулiлiся, ад якiх пахла нi то мокраю пражаю, нi то свежаю кастрыцаю. Вузенькiя дзверы ў пабеленай сцяне вялi ў адгароджаны дошкамi невялiчкi пакойчык.

I зразу ў пiльшчыкаў мiльганула аднолькавая думка – багатыр.

– Кулак, – цiха шапнуў на вуха Кузьма Ўласу. Той прыжмурыў вочы, згадзiўшыся.

А рыжы загаварыў:

– Вы ў мяне сягоння начуйце, а за начлег распiлуеце мне заўтра дзве плашкi напалам. Заўтра ж або вечарам сягоння пагаворым аб рабоце. Пiлоўкi ў мяне многа, а за начлег – я ж кажу, распiлуеце мне дзве плашкi заўтра.

"Ну i скупы ж", – падумалi пiльшчыкi пра рыжага, а ён ужо расказваў далей пра сябе:

– Даўней я тут карчму трымаў, вялiкая дарога тут праходзiць, вунь слупы з акна вiдаць. А цяпер – так, заезджы дом. Так заязджаюць начаваць або грэцца падарожныя. I няма цяпер жаднага разгарнення. Няма выпiўкi – палавiна даходу паменшала, лiха яму. А даўней, старымi часамi, якая любата была – усе суседнiя вёскi ў мяне пiлi, грошы, як з мяшка, сыпалiся.

– Ды што гаварыць, – сказаў Улас, каб што-небудзь сказаць, а сам падумаў: "От гад, лiха яму, праўдзiвы воўк, нядарам i барада ў яго нялюдская, рыжая, як агонь. Ну, ён, каб прыйшлося, не памiлуе".

А рыжы гаварыў далей:

– Тым часам i цяпер многа падарожных бывае. Камiсары павятовыя часта ездзяць, вайсковыя, балаголы заязджаюць, везучы тавар, але ўсё ж не тое, што раней, куды к чорту...

Як бы падкрэслiваючы яго словы, заскрыпелi на двары вароты, у двор уехаў вялiкi, параконны воз, i хутка ў хату ўвайшлi двое.

Адзiн – саўсiм малады, з першым маладым пухам на верхняй губе, у чорным кажусе з фалдамi i белым каўняром. Другi – старэйшы, з чорнаю бародкаю, высокi. Ад цёплай адзежы здаваўся сперш тоўстым, але, распрануўшыся, саўсiм стаў тонкiм.

– Добры вечар у хату, – сказаў ён, усмiхаючыся.

А малодшы быстра пераскочыў цераз парог i загукаў весела:

– Як маешся, рыжы? Прымай гасцей. Чуеш?.. Э!..

Рыжы зразу прыняў шутлiвы выгляд i лупянуў з размаху вясёлага хлопца па плячы, потым закруцiў яго леваю рукою па хаце.

– Здарова, рыжы чорт, – крычаў хлапец, схвацiўшы таго за бараду.

А старэйшы – чорны, з выглядам пастаяннага начлежнiка, цягнуў ужо ў чысты бакавы пакойчык крыты шэрым палатном чамадан, клунак i тоўсты партфель.

– Давай чым грэцца, – крыкнуў хлапец i, зразу прыняўшы сталы выгляд, пайшоў у пакой i зачынiў дзверы.

– Што гэта за яны? – запытаў цiха Кузьма.

– Ого, брат, – адказаў рыжы з нейкай гордасцю ў голасе ад такога кароткага знаёмства з гэтымi людзьмi, – ого, гэта вялiкая начальства – гэта, брат, з павятовага iспалкома.

– Пайшоў ты!..

– Я табе кажу.

– Дык жа гэты зусiм яшчэ дзiцё.

– Мала што, ён – камсамолец.

– А той?

– Той – камунiст.

I, хiтра падмаргнуўшы, рыжы прыбавiў:

– Яны тут па павету ездзяць i часта ка мне заязджаюць начаваць.

Рыжы зноў маргнуў адным вокам, i нейкi хiтры, жадны i непрыемны бляск з'явiўся ў яго вачах.

"Ну i халера, ну i гад рыжы", – падумалi пiльшчыкi.

Увайшоў фурман, i ён быў малады i вясёлы. Ён зразу скiнуў кажух i захадзiў па хаце, высвiстваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь i стала завiхацца з ёю каля печы.

– Здароў, Мiкiтка! – сказала яна фурману.

Мiкiтка весела падмаргнуў ёй.

– У вас заўсёды начуе многа людзей? – запытаў Улас.

– Многа... Як калi, – адказала гаспадыня.

Пiльшчыкi дасталi хлеб i сталi есцi.

За душы змарлых,

Ахвяравалiся б акрысы...

пачуўся пад акном скрыплы i гугнiвы голас старца. Рыжы стаў слухаць.

– Вынесi яму чаго-небудзь, – сказала гаспадыня.

– Добры iнтарэс, – адказаў рыжы, – толькi што пачаў спяваць, а ты ўжо нясi яму. Нiдзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады i вынесу.

– А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, – зарагатаў Мiкiтка, – ая-ай... От табе будзе карысцi з яго песнi!..

– Пайшоў ты к чорту, – агрызнуўся рыжы, – не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысцi не будзе, але ж яму вельмi будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта вiдана, каб каму самахоць давалi без дай прычыны...

Мiкiтка стаў пасярод хаты, упёрся рукамi ў бокi i зарагатаў, гледзячы на пiльшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавiну i пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчынiлiся i ў хату ўвайшоў сам жабрак.

Гадоў сорак шэсць, больш не было яму на пагляд. У новых лапцях быў ён, у шарачковых сiняватых портках, у доўгiм, цёмным, палатаным халаце. З месяц таму назад ён, мусiць, брыўся, бо твар яго, паверх маршчын, пакрыўся кароткаю, пруткаю, як дрот, шчацiнаю. Абмякшыя, абмочаныя пад носам, гразныя вусы яго вiселi ўнiз, закрываючы ўсю верхнюю губу.

– Добры вечар, – сказаў ён, перабраўшыся цераз высокi парог.

– Добры, – насмешлiва адказаў рыжы, – нешта ж мала спяваў, не ўцярпеў, пакуль я вынесу, ды сам у хату лезеш.

– Пусцеце пераначаваць.

– Э-э-э, бра-а-ат, – зацягнуў рыжы, – не-э-э-э, не-э-э!.. Няма дзе. Што ж, палажыць цябе на печы, дык там у мяне гэтакi начлежнiк, – рыжы паказаў пальцам на Мiкiтку, – што як прыпрэ цябе ўночы нагамi к комiну, дык адно крактацьмеш.

Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасiнеўшым носам i пазiраў на ўсiх так, як бы хацеў сказаць: "Што ж, мой лёс такi, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сiла". Апрача гэтага, на твары яго адбiвалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што i трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лiчыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкi закон, у якiм ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму i плюнуў яму ў твар, ён толькi памалу абцёрся б рукавом i нiчога не сказаў бы – такi маўчлiвы, спакойны i пакорны быў яго твар.

– Што ты, звар'яцеў, рыжы, цi якое табе лiха, – сказаў Мiкiтка, пускай яго, няхай начуе.

Рыжы пацiснуў плячамi i маўчаў.

– Iдзi, iдзi, начуй, – гаварыў Мiкiтка, – раздзявайся.

Жабрак уздыхнуў, падышоў к лаве i пачаў раздзявацца, баязлiва паглядаючы на рыжага...

Ужо цямнела. У печы весела трашчаў агонь, шыпела там сала на скаварадзе, а вакол завiхалася гаспадыня. Павятовыя начлежнiкi моцна гаварылi ў сваiм пакойчыку, шамяталi паперамi. Туды к iм пайшоў i Мiкiтка. Рыжы часта выходзiў на двор, паглядаў на будынкi – сачыў за сваёю гаспадаркаю. Пiльшчыкi пачыналi драмаць, седзячы ў цёмным кутку за сталом. I чутно было, як на двары зычна i доўга ўсмак лаяўся рыжы, заганяючы гусi.

III

Вечарам, як запалiлi лямпу, заехалi начаваць яшчэ два маладыя цыганы.

Яны ехалi на кiрмаш у горад з коньмi. Паставiлi яны iх на двары, пад паветкаю, i часта, па чарзе, выходзiлi глядзець iх.

Абодва адзетыя ў ватовыя вопраткi да кален з сiняга сукна, яны мелi выгляд нейкай фальшывай, панурай нi то вясёласцi, нi то проста развязнасцi ў гаворцы. Яны зразу напоўнiлi хату сваiм спецыфiчным цыганскiм пахам, так што Мiкiтка пачмыхаў носам i, зарагатаўшы, сказаў:

– Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакi, ветрам нясе.

– А ад мужыка ведаеш чым нясе? – адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, i растлумачыў, якiм духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны i шчыра-вясёлы рогат усiх, хто быў у хаце, апрача жабрака, якi цiхенька сядзеў у мыцельнiку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункi. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нiкому не замiнаць i нават не напамiнаць аб сваёй прысутнасцi. Яго марыў сон, i вочы яго жмурылiся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваiм асобным жыццём, нiчым не звязаным з жыццём усiх другiх людзей. I зносiны з акружаючымi яго людзьмi меў ён у такой меры, у якой атрымлiваў ад iх хлеб за свае "малiтвы". I магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкi для жыцця i тым самым збавiў бы яго ад неабходнасцi цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустынi. I калi ў яго быў якi-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў iм.

Нешта падобнае, хоць i ў многа лепшай меры, можна было прымецiць i ў цыган. Хаця яны i вельмi многа, больш нават як трэба, цiкавiлiся ўсiм акружваючым iх, хоць яны i вельмi многа гаварылi з усiмi, але было нешта такое ў бляску iх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткi чалавек, нiколi ён не раскажа табе сваiх думак, i не пазнаеш ты – прыяцель ён табе цi вораг.

Абодва цыганы тупалi па хаце, часта выходзiлi к коням, жартавалi з гаспадыняю, смяялiся.

I калi рыжы сказаў iм скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы конi, адзiн з iх сказаў, нi то ў жарт, нi то сур'ёзна:

– А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?

I ў голасе, якiм былi сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая гранiца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другiх людзей.

Душа ж пiльшчыкаў была як на далонi. Яны весела смяялiся, калi цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна кiвалi галовамi, калi гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.

Угледзеўшы, што адзiн цыган сядзiць на мяшку мукi каля парога i ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:

– Iдзi, пане цыгане, сюды, на лаву. – А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: – Э, не, лепш сядзi там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некiм суку...

Павятовыя начлежнiкi выйшлi скора з сваёй каморкi. Абодва яны селi на доўгi зэдлiк пасярод хаты, гаварылi на ўсякiя тэмы; яны звярталi ўвагу на ўсё, што рабiлася вакол.

Старшы паглядзеў на жабрака i сказаў яму цiха:

– Але ж ты, браце, змёрз i ўтамiўся здорава, вiдаць па табе. Цяжка хадзiць?

– Ведама, цяжка, – адказаў жабрак з выглядам чалавека, якi мала цiкавiцца – лёгка яму цi цяжка. У яго як бы не было нiколi думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым. А ў таго, што гаварыў з iм аб цяжары яго жыцця, быў такi выгляд, як бы ён хацеў сказаць: "Нядобра, лiха на яго, але ж цяпер нiчога не зробiш. I хоць за гэтым i можа быць тут месца для смутку, але трэба яго адганяць ад сябе, бо ён нiчога не паможа, толькi пашкодзiць".

Слабы адбiтак такой думкi, цi можа нават толькi пачуцця, ляжаў на твары гэтага чалавека.

Яго ж малодшы таварыш вёў шумныя размовы, многа жартаваў, часта рагатаў з вясёлым Мiкiткам, якi ўсё насвiстваў розныя маршы i полькi. Былi ў iх вясёлыя вочы, светлыя твары, рашучы рух рук i ног. Яны ва ўсiм шукалi нявiннага, здаровага гумару – з рогатам жартавалi, што "не мяшала б адбiць ад рыжага яго бабу", смакуючы смешныя славечкi, успамiлалi, як нядаўна ў адной вёсцы шляхцiц гнаў самагонку, дый зрабiў нешта там не так, як трэба: апарат разарваўся, i шляхцiца ўсяго "абкацiла брагаю, як саладухаю", ён увесь "аблузаўся, як д'ябал", i хадзiў, "як апараны япрук".

Не так сваiмi жартамi, як сваiм смехам яны заражалi ўсiх, зычна рагаталi цыганы, не адставалi ад iх пiльшчыкi, прычым Кузьма раз-поразу паўтараў, як вельмi было ўжо смешна: "А братачка ж ты мой, а-ха-ха-ха-ха!.."

Сакатала дробным смехам гаспадыня, нават жабрак калi-нiкалi ўхмыляўся, паказваючы свае гнiлыя зубы.

Толькi рыжы гаспадар хаты мала смяяўся.

Ён усё хадзiў па хаце, назiраў за ўсiм, часта выходзiў на двор, абходзiў свае будынкi, абглядаў наваленае кучаю дзерава.

На ўсiх сваiх начлежнiкаў, так жа, як i наогул на ўсiх людзей, ён глядзеў з боку карысцi, якую ад iх можна мець. Ён усё, ходзячы, вылiчваў, колькi яму дадуць за начлег павятовыя, цi не ашукаўся ён, умовiўшыся з пiльшчыкамi за начлег разагнаць усяго дзве плашкi. I на ўсiх, хто быў у хаце, глядзеў звысоку, нават i на жонку сваю. Сябе ж ён лiчыў разумнейшым, хiтрэйшым за ўсiх. I гуляла па губах яго чуць заметная, гордая, звярыная ўсмешка.

Перад тым як лажыцца спаць, ён яшчэ раз абышоў усе свае будынкi. Усюды на дзвярах вiселi цяжкiя замкi, усюды быў парадак. Ён папробаваў, цi добра зачынены вароты ад вулiцы, i пайшоў у хату.

Ужо жабрак спаў на распушчаным кулi каля печы на зямлi. Дыхаў ён цiха. Твар яго задзёрся ўгару, чорныя зубы вiдаць былi з-пад расцягнутых губаў, а вочы былi толькi трохi прыжмураны. Выгляд твару яго быў такi, як бы ён сон свой, так як i ўсё, лiчыў патрэбным не для сябе, а для нейкай незразумелай сiлы, кiруючай яго жыццём, i для гэтай сiлы трэба ўсё адбываць. I многа нейкай ледзяной пакорнасцi, залежнасцi было на гэтым сонным твары.

Ужо на шырокай лаве, галава к галаве, акрыўшыся сваiмi вопраткамi, i пiльшчыкi спалi. На разасланых кажухах каля стала драмалi цыганы, спешна дакурваючы свае папяросы. I павятовыя пайшлi ўжо ў сваю каморку. Толькi адзiн Мiкiтка стаяў каля лямпы з адною разутаю нагою i круцiў у руках бот, разглядаючы на iм новыя дзiркi.

Рыжы пастаяў трохi каля Мiкiткi i пайшоў цераз сенi ў сваю палавiну.

IV

Скрозь дрымоту Мiкiтка пачуў, як з вулiцы застукалi ў вароты, потым чутно было, як бразгаў у сенях рыжы i гаварыў моцна, аж крычаў, на двары каля варот. Пачакаўшы трохi, ён адчынiў дзверы i ўпусцiў у хату жанчыну. Шэрая, узлахмачаная, цяжкаю, разбiтаю паходкаю прайшла яна на сярэдзiну хаты i стала, дзiка азiраючыся. Мiкiтка бачыў востры, нецярплiвы ўзгляд яе вачэй, нейкую ненармальную, аж сiнюю, чырвань на твары. Потым ён, задзiвiўшыся, аж усхвацiўся з свайго кажуха, калi яна паволi апусцiлася ўнiз i села там, дзе стаяла, адкiнуўшы ўбок голаў i абапёршыся аб землю вывернутымi рукамi.

Мiкiтка падбег блiжэй.

– Гэта ж яна гэтакая хворая, – закрычаў ён, нагнуўшыся над ёю, – т-ты, гаспадар!.. Рыжы...

Рыжага не было ўжо. Ён яшчэ на вулiцы не хацеў пускаць падарожную. "Што з яе возьмеш?" – думаў ён. Потым, угледзеўшы, што ад яе не адвяжашся, падняў голаў, паглядзеў на зоры i сказаў сам сабе пад нос:

– Гм... паўночы ўжо прайшло... няхай паваляецца дзе-небудзь на зямлi... – i, упусцiўшы жанчыну ў хату, пайшоў у сваю палавiну.

На голас Мiкiткi ён нехаця прасунуў заспаны твар у прачыненыя дзверы i недавольна сказаў:

– Ну, чаго яшчэ там?

– Яна саўсiм хворая, – крыкнуў Мiкiтка.

– А што, я вiнават, – сярдзiта сказаў рыжы i падумаў: "На чорта я яе пусцiў, адно клопату..."

Мiкiтка нагнуўся нiжэй, паглядзеў у твар жанчыне, потым выпрамiўся i мармытнуў цiха рыжаму:

– Скора памрэ.

– Да што ты, – перапалоханым голасам прагаварыў рыжы i, падступiўшы блiжэй, глянуў на жанчыну, ды так i астаўся стаяць з растапыранымi рукамi.

Было нешта такое ў шырока расплюшчаных вачах жанчыны, што раптоўна вызывала ў другiх страшэнны жах, незразумелы страх. Зрэнкi ў яе вачах апусцiлiся ўнiз, i яна як бы глядзела ў сярэдзiну самой сябе, i прытым так, як бы бачыла там нешта надзвычайна жудаснае. Потым яна гэтымi сваiмi страшнымi вачыма стала дзiка вадзiць вакол сябе. А пасля саўсiм лягла на зямлю, потым зноў паднялася... зноў лягла...

– Што табе, цётка? – запытаў пацiху Мiкiтка.

– Боль... усюды...

– Даўно?

– Часта хапае...

– Адкуль жа ты?

– Так хаджу... бежанка...

– Мусiць, заразлiвая нейкая хвароба, – сказаў пацiху Мiкiтка рыжаму, гэтакiя хваробы на ўсiх пераходзяць.

– I рабi што хочаш, – развёў рукамi атарапеўшы рыжы. А ўжо ў наступны момант забыў ён усе свае думкi, гледзячы ў вочы кабеты i сам адчуваючы тое, што было ў iх. Страшную пустату, якая з'явiлася на месцы ўсякiх думак, разам запоўнiла нешта новае, дагэтуль незнаёма вялiкае па сваёй сiле i страху, якi з'явiўся з iм. Тут было i не перажываемае нiколi прагненне не бачыць таго, што свяцiлася ў вачах жанчыны, было жаданне чалавека ахвацiць розумам усё гэта, роспач чалавека, зразумеўшага слабасць свайго розуму для гэтага.

I яшчэ далей на крок адышоўся рыжы ад хворай к дзвярам.

"Гэта ж смерць ужо", – мiльганула ў галаве яго вострая думка, i яго абхапiў прылiў смутку.

Енкi хворай глушылi яго; здавалася яму, што чутны яны ўсяму свету. Апрача хворай i яго было ў хаце чатыры сонных чалавекi, а яму здавалася, што поўна хата людзей, што яны таўкуцца ва ўсе бакi i падымаюць страшэнны шум. Здавалася яму, што поўна хата ў яго заразы, што лiпне яна на сцены, лезе ўсюды, задаўшыся адною мэтаю – згубiць яго. I, як у гарачыню пiць, захацелася яму цiшынi i спакою. Ён аж прыжмурыў вочы, але шум ад гэтага як бы павялiчыўся. Тады ён, невядома дзеля чаго, сказаў у бок Мiкiткi:

– Хоць бы агонь у лямпе прыкруцiць трохi.

Усё гэта цягнулася некалькi кароткiх момантаў, пасля чаго ён крута павярнуўся i пайшоў у сваю палавiну. Там, накiнуўшы на голаў кажух, ён доўга стараўся заснуць i не мог...

Першымi ад енку жанчыны прачнулiся цыганы. Яны ў неразуменнi перакiнулiся адзiн з другiм некалькiмi словамi, азiрнулiся па хаце. Жанчына застагнала мацней. Тады яны абодва ўсталi, падышлi блiжай i глянулi ёй у твар. Там выразна адбiвалася ўсё тое, што бачыў рыжы, толькi ўжо з большай сiлай.

– Нейкая вельмi заразлiвая хвароба, – сказаў Мiкiтка, сам не ведаючы, дзеля чаго.

I цыганы абодва глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы не разумеючы, што робiцца вакол iх. А потым, як бы згаварыўшыся, разам выйшлi на двор i сталi запрагаць конi. I ўжо толькi там, на двары, ходзячы каля прывычнага воза, многа гаварылi, перабiваючы адзiн аднаго. Потым пайшлi ў хату, забралi свае рэчы i пайшлi к гаспадару.

Там яны зноў глянулi адзiн аднаму ў вочы, як бы адчуваючы сваю вiноўнасць перад нейкiм за тое, што робяць.

– Х-х-х-хузяiн, э...х-х-хузяiн, бяры грошы за начлег.

– Палажы на стол, – абазваўся рыжы, не высунуўшы нават галавы з-пад кажуха.

Ён саўсiм не здзiвiўся, што цыганы сабралiся ехаць. Ён цяпер рабiў натугi, каб пераканаць сябе ў тым, што ў хаце ў яго ўсё звычайна, спакойна i цiха, нiчога надзвычайнага не робiцца. Ён не глянуў нават на грошы, не пацiкавiўся, колькi яму цыган палажыў iх на стол, не выйшаў нават вароты зачынiць за цыганамi. Ён толькi чуў, як загрукаў на двары калясьмi цыганскi воз па прымёрзшай зямлi, i тады падняўся i стаў хадзiць па хаце.

А цыганы, выехаўшы за вароты, зноў загаварылi. Яны адчувалi сябе лёгка, як бы ўцёкшы ад вялiкай бяды.

Выехаўшы ў поле, адзiн падпоўз па саломе к перадку i моцна пагнаў конi па сухой, асвечанай трохi асеннiмi зорамi дарозе, а другi весела падсвiстваў у такт стуку конскiх капытоў.

Ад стогнаў хворай кабеты прачнуўся i жабрак. Ён падняў трохi голаву, высунуўшы яе з-пад халата, i паглядзеў на хату. Кабета ляжала на падлозе, Мiкiтка падсунуў ёй пад голаў нейкую вопратку, а сам пайшоў на сваё месца, сеў там i стаў кiвацца ўзад i ўперад, як бы разгадваючы трудную задачу.

Разгледзеўшы ўсё гэта, жабрак павярнуўся вачыма к сцяне, падцягнуў каленi к самай барадзе, увесь сагнуўся, скорчыўся, стараючыся нiчога не чуць, нiчога не бачыць, як можна менш займаць месца, нiкому не замiнаць i быць нi для каго незаметным.

Але заснуць ужо яму не ўдалося.

Прачнулiся пiльшчыкi. Мiкiтка ўсё кiваўся... стараўся да нечага дадумацца. Аж скура на лбе ў яго сабралася ў тры глыбокiя маршчыны.

Першым падняўся Кузьма, каб паглядзець, хто гэта i чаго стогне. Ён угледзеў кiваючагася Мiкiтку.

"Нешта некае тут ёсць", – падумаў ён i штурхануў пад бок соннага Ўласа. Той падняў голаў, з маўчлiвым запытаннем у вачах. Кузьма стаяў ужо, нагнуўшыся, над хворай.

Тое, што бачыў у яе вачах i ў рысах твару рыжы, а потым i цыганы i што навяло на першага страх, а другiх прымусiла пакiнуць сярод ночы карчму, прыняло цяпер больш выразны характар, вочы яшчэ больш падвярнулiся пад сябе.

– Зараза страшная, былi такiя здарэннi, – сказаў Мiкiтка.

Кузьма раптоўна выпрастаўся, замаргаў вачыма i цiха сказаў:

– А братачка ж... Уласка...

Улас усхвацiўся з пасцелi i падбег к Кузьме. Потым прайшоў па хаце, апусцiўшы рукi, i па выразу твару падобным стаў да рыжага. Ён яшчэ некалькi разоў прайшоў па хаце, зморшчыў лоб i тут раптам стаў на адным месцы, задзёр твар угору, падняў палец i застукаў iм сабе па носе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю