Текст книги "Маё дзела цялячае"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Черный Кузьма
Маё дзела цялячае (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Маё дзела цялячае
I
Плюхаючы па лужах босымi нагамi, член сельскага Савета Юлiк Карнавух шпарка бегаў ад хаты да хаты i "зганяў сход".
Ткнуўшыся тварам у аконца Мацвеевай хаты, ён ахрыпшым голасам крычаў:
– Мацвей, дзе ты там?..
Мацвей, спалохаўшыся, што Юлiк гонiць у фурманку, кiдаўся ў хваробу браўся на печ i казаў адтуль жонцы:
– Тэклечка, скажы, што хворы.
– Мацвей хворы, – крычала Тэкля, – захаладзiўся, цягаючы картоплю... Усе вунь грудзi залажыла.
Ведаючы гэтую хваробу, Юлiк з усмешкаю крычаў:
– Што там за трасца: куды нi кiнься – усюды хворыя. На сход трэба iсцi, сельсавет новы выбiраць!
– Вось мо як узвалакуся, – казаў павесялеўшы Мацвей i ўжо спускаў ногi з печы, але бачачы, што Юлiк ужо прапаў з-пад акна, усцягаў ногi назад i пытаў у жонкi:
– Як ты, Тэкля, думаеш, iсцi цi не?
– Як хочаш, – цiха адказала Тэкля.
Мацвей як след укладаўся на печы i мармытаў сабе пад нос:
– Чорт яго пойдзе. Пакуль зацягнешся па гэтай гразiшчы, блiзкi свет. Ускiнь мне, Тэклечка, кажух на ногi...
– Янка, на сход! – крычаў тым часам Юлiк каля другое хаты.
Янка, не спяшаючы, падыходзiў к акну i пытаўся:
– Кажаш, на сход?!
– Але, сельсавет выбiраць.
– Ну, добра, – адказаў Янка, – як людзi будуць iсцi, то i я пайду.
– Што вам за трасца, – сярдзiта крычаў Юлiк, – усякi, лiха яму, спадзяецца на людзей. Ты iдзi, дык i людзi пойдуць! Трэба ж каму першаму iсцi.
– А чаго мне канешне iсцi першаму, – у сваю чаргу злаваў Янка. – Я ж кажу – як людзi, так i я.
– А няхай вас агонь папалiць, гэтакi народ. Тфу! – пляваў Юлiк i плюхаўся далей.
А Янка пазiраў праз акно, цi скора будуць iсцi "людзi".
– Хвёдар, – крычаў Юлiк каля трэцяе хаты, – скарэй адзявайся на сход!
– На сход? – таксама, як i Янка, дапытваўся Хвёдар.
– Але, скарэй!..
– А чаго?
– Сельсавет выбiраць. Скарэй!
– Хай ты сам скарэй, – агрызаўся Хвёдар. – Чаго ў карк гонiш, яшчэ нiхто не iшоў.
– Дык ты iдзi.
– Як усе будуць iсцi, то i я. Чаго ты гэтак баiшся, як бы там без мяне сходу нельга зрабiць!
– А бадай на вас трасца, – лаяўся Юлiк, лезучы па гразi на другi бок вулiцы к хаце Тараса. – Папалi дурня з сабачымi нагамi.
– Тарас, дзе ты там?
– Чаго! – абзываўся перапалоханы Тарас, выбягаючы з хлевушка. "Пэўна ў фурманку", – думаў ён.
– На сход!
– А, на сход, – гаварыў Тарас i ўжо весела падыходзiў к Юлiку, з выглядам чалавека, якi нейкiм цудам толькi што ўсцярогся вялiкае бяды. – Мо закурыш, Юлiк? – даставаў ён капшук.
Юлiк закурваў, а Тарас тлумачыў яму:
– Гэта я, браце, тут у хлевушку корпаюся. Думаю сабе, адгараджу павольным часам катух парсюку, а то ўчора, каб на яго ўпадкi, абярнуў жонку з ражкаю. А тут якраз свiння на парасеннi...
– Дык, браце, на сход, – перабiваў яго Юлiк.
– Добра, калi кончу зарання, то падыду там, паслухаю...
"А каб ты па свеце не хадзiў, – сярдзiта думаў Юлiк, iдучы далей. Ён быў сярдзiты на ўсю вёску, на ўсiх гэтых людзей, якiя корпаюцца па сваiх хатах i хлевушках i якiх так трудна выгнаць адтуль на сход. Яму хацелася скарэй скiнуць з сябе гэты непрыемны абавязак, якi прымушае яго лазiць па каленi ў гразi вось ужо трэцi раз дзеля аднаго i таго ж дзела. – Вось жа жыў не буду, а зганю вас, чарцей, – думаў ён, – выбiрайце другога, хай ён запрабуе па дзесяць разоў брахаць каля кожнага акна". I яшчэ з большым поспехам палез ён пад акно канцовае хаты.
– На сход, дзядзька!
– Ат, канечне ўсякаму цягнуцца па гэтай гразi.
– Што "ат", трэба ж як-небудзь сельсавет выбраць.
– Ну, выбiрайце, што я там вам адзiн памагу. Маё дзела цялячае – пад'еў ды ў хлеў.
– Тваё цялячае, а маё дык сабачае?! Што, я павiнен тут каля кожнага акна агыркавацца? Але што з гавядаю гаварыць, – дадаў ён цiшэй i прыйшоў к школе, дзе павiнен быў сабрацца сход.
Там ужо чулiся галасы.
"Што за лiха, – думаў Юлiк, падыходзячы блiжэй, – хто там можа быць? Здэцца ж, нiхто яшчэ не iшоў з вёскi – усякi ўсё "чакае", а тут якраз нейкiя людзi. Няўжо гэта шляхта-хутаранцы? Напэўна яны – iм яшчэ ўчора заказалi".
Юлiк падышоў к лужы, пабоўтаў у ёй нагамi, каб хоць трохi абмыць з iх гразь, i палез на ганак.
I думаў – няўжо гэта хутаранскiя "ягомасцi" сталi гэткiмi шчырымi да сходаў i мiтынгаў. Вось дзiва, калi яны.
– Яны i ёсць, – сказаў ён сабе пад нос, адчынiўшы дзверы. – Стараюцца, лiха iм, каб больш сваiх членаў уперцi ў сельсавет. А нашы дурнi сядзяць сабе па хатах. Усякi, падла, баiцца першым выбрацца з хаты, як бы тут з яго скуру збiраюцца дзерцi.
– Ого, начальства прыйшло, – гукнулi ў грамадзе, убачыўшы Юлiка.
– Жадаю табе сёння жа зрабiцца гэтакiм начальствам, – адказаў Юлiк.
– Чаму, нядобра?!
– Iдзi запрабуй гэтакага дабра. Зразу боты ў гразi пакiнеш.
– Чаго я маю iх пакiдаць?
– Калi не маеш пакiдаць, дык самi пакiнуцца, як станеш кожны дзень па дваццаць разоў лазiць з хаты ў хату.
Пачуўся рогат. Юлiк убiўся ў кучу мужчын.
Iшлi гутаркi.
Гаварылi моцна, аж крычалi пасярод памяшкання каля стала.
На голаў вышэй за ўсiх мужчын стаяў там Данiель Кiралейза – самы багаты шляхцiц з хутароў.
Доўгi, як качарга, з шырокiм аплыўшым тварам i тоўстымi рыжымi вусамi, ён заўсёды стараўся выглядаць чалавекам сталым i важным. Дзеля гэтага ён суконную жакетку сваю зашпiльваў усяго на два гузiкi – верхнi i самы споднi, а пад адтапыраную сярэдзiну грудзiны запiхаў рукавiцы або часам нават i шапку; "тоўсты чалавек зусiм iначай выглядае", – гаварыў ён аб гэтым сваёй жонцы.
У хутаранскай капэле ён граў на кларнеце i, лiчачы гэта вельмi важным i вялiкiм дзелам, стараўся заўсёды ўсiм гаварыць аб гэтым.
I цяпер, чакаючы адчынення сходу, ён гаварыў аб гэтым жа.
– Не тыя гады цяпер, – паважна выпускаў ён праз свае вусы слова за словам, – няма жаднага разгарнення. Вяселлi цяпер найбольш абыходзяцца без музыкi; вечарынкаў i розных там iгрышчаў зноў не спраўляюць, хiба трапiцца калi, гады ў рады, спектакль граць. Ды i то, якая там iгранка! – ты граеш аднаго марша, а кiшкi ў цябе другога. Мо а думаеце, цяпер, граючы, па-людску закусiш?! Бронь божа! Хiба яблык глымзанеш, больш нiчога. Вось бывала, калi забяруць дзе вяселле граць, дык, браткi мае, што там робiцца! Колькi я даўней, граючы, гэта, на вяселлi, кiлбас пераеў. Страшэнная моц! Каб збiраў у адно месца, дык напэўна назбiраў бы кучу, большую за гэтую будынiну.
– Адно, думаеце, кiлбас, – перабiў другi музыкант хутаранскае капэлы Гаронiм Цурубалка, даўжэйшы яшчэ за Данiеля i трошкi згорблены багатыр-шляхцiц. – Каб жа адно кiлбас. А пiрагоў... процьма! Бывала, выйграеш кракавяк ды зразу за стол. Набярэшся – ледзьве вылезеш. Не ведаеш, Данiель, пачом цяпер струны ў Слуцку? – раптоўна абярнуўся ён да Данiеля, каб паказаць, што гаварыць-то я гавару, але i дзела не забываю. I, не чакаючы адказу, зразу загаварыў далей к грамадзе мужчын: – Гэта, бачыце, у мяне адна струна, лiха ёй, стала дрынгаць. Абы смыкам да яе дабяруся, дык усё роўна, як цвiкам па шклу. Але потым нiчога, – дадаў ён, каб яшчэ больш паказаць сваю здольнасць ва ўсякiм дзеле, – нiчога, умеючы можна зрабiць, што гладка зыдзе, як на тое i трэба. У мяне нiколi нiхто фальшы не знойдзе. – I, падмiргнуўшы ўсёй грамадзе, ён важна дадаў: – Трэба ўмець як выкруцiцца, на ўсё трэба лоўкасць.
– Як жа ты выкручваешся? – запытаў нехта ззаду.
– Я?! Як толькi дабяруся да гэтае струны, дык у той жа момант таркану нагой бубнага Фабiяна Свiнкоўскага. А ён ужо ведае, што гэта значыць, i зразу з усiх сiл як урэжа ў барабан, дык i заглушыць усё. Тады трасцу разбярэ там хто якую фальш.
– Ха-ха-ха... О гэта дык музыканты, – зарагаталi ў грамадзе.
– Музыканты! – раззлаваўся Гаронiм. – Пры чым жа тут музыканты? Тут струна вiнавата, а не музыканты. А ён – музыка-а-нты! Вунь папытай у Фабiяна.
– Ат, што гаварыць, – абазваўся бубнач хутаранскай капэлы Фабiян Свiнкоўскi, якi даўно чакаў ужо якое-небудзь прычыны, каб уставiць сваё слова. – Кажа, музыканты яму нядобрыя, а таго не ведае, што гэтыя музыканты гралi ў касцёле на хорах, як прыязджаў бiскуп.
– Уй, гралi яны ў касцёле, – зацягнуў, смеючыся, вясковы Марцiн. – Каб гэтак лiхi на свеце жыў i быў, як гэта праўда. Чуеце, браткi, што гэта ён плявузгае?
– Ат, усякi ўсё ў свой бок горне, – абазваўся нехта ззаду.
– Можа, i ты з сваiм бубнам быў на хорах, га? Фабiян! – запытаўся скрозь смех Марцiн i вызваў гэтым доўгi i моцны рогат.
Фабiян, бачачы, што ўгаварыўся, махнуў рукою i недзе згiнуў. Засмуцiлiся нават i Гаронiм з Данiелем i гэтаксама адышлiся назад. I ўся грамада стала разбiвацца на новыя кучкi.
А тым часам сталi падыходзiць вясковыя. Час ад часу паволi адчынялiся скрыпучыя дзверы i прапускалi ўсярэдзiну шэрых ад змроку людзей.
Прыйшоў чырвоны, як бурак, Тодар Грыб, у чырвонай мультановай кашулi, выпушчанай з-пад камiзэлькi, i ў суконным халаце наапашцы.
Моцна i густа сапучы з-пад сваiх велiзарных вусоў, ён некалькi хвiлiн пастаяў каля дзвярэй, разглядаючы, к якой тут лепш грамадзе прыстаць з гутаркамi, потым паволi пайшоў у самы цёмны кут, дзе Грыгор Шамяцiла, шапяляючы на гукi "ж" i "ц", не спяшаючы расказваў "гiсторыю пра Бога i яго слугу – чалавека".
– Тым часам, – цягне ён сваё нуднае апавяданне, – пазваў Бог анёла Архiстрата, ды i каза: "Павiнен ты, анёле, зляцець на зямлю i зрабiць, каб людзям было добра зыць". "Пане Бозе, – каза анёл, – як за я гэта зраблю, калi людзi грэсныя?"
Апавяданне яго вяла, як бы нехаця, спаўзае з яго языка i мала будзiць цiкавасцi сярод слухачоў. Але яны слухаюць, бо любяць глядзець, як Грыгор кiваецца, пыхкае люлькаю, калупае ў ёй кiпцем i вярзе нейкую пляту, якую, напэўна, сам выдумаў i якую яны ўжо чулi ад яго тысячу разоў.
Паволi скрыпнуўшы дзвярыма, уваходзiць Хама Скрут, адзеты ў "будзённы спiнжак". Чухаючы ў сваёй касматай, трохi пасiвеўшай барадзе i моцна грукаючы сваiмi велiзарнымi ботамi, ён зразу iдзе к сталу, дзе некалькi кучак вядуць розныя гутаркi i спрэчкi. Хама не прапускае нiколi нiводнага сходу, бо любiць "абстайваць праўду". I цяпер, скора падышоўшы к сталу, ён зразу пытае: "У чым дзела, хлопцы?" – i, не чакаючы адказу, зразу заглушае ўсiх сваiх зычным голасам.
Неўзабаве яўляецца Юзiк Сучок, вясёлы "чудак" гадоў пад трыццаць. Ён садзiцца на пустым месце, i к яму зразу пачынаюць сцягвацца i малыя i старыя – усе, хто толькi хоча пасмяяцца ўволю.
Некалi Сучок рыхтаваўся выйсцi за дзяка, i хоць экзаменту не вытрымаў, але навучыўся многа розных "кандакоў i пракiмнаў", якiя i любiў, каб пасмяшыць людзей, выспеўваць i расказваць на свой лад.
– А браткi-i ж мае, – крычыць ён весела, – колькi тут гэтых хутаранскiх ягомасцяў назбiралася, а гвалт!.. Вось будзе работы, – дабаўляе ён, не баючыся, што "ягомасцi" ўсё чуюць, – як выберам шляхецкi сельсавет.
– Не ўсё роўна?! – абзываецца адзiн пакрыўджаны гэтым "ягомасць".
– Х-хэ, усё роўна! – адказвае Сучок. – Ты ж нiколi са мною ў адну дудку граць не будзеш, усё роўна як той дзяк з папом.
Вочы ў Сучка смяюцца; а яго слухачы падблiжаюцца к яму, знаючы, што скора гэты "чудак" што-небудзь "выпалiць".
– Цягне поп "пракiмен", – канчае Сучок, – "у памяць вечную будзе праведнiк, ад слуха зла не ўбаiцца", а п'яны дзяк, не прыслухаўшы, паўтарае за iм: "У памяць вечную будзе праведнiк, асла i казла не пабаiцца".
Зразу пачынаецца рогат.
З цёмнага кутка чутна гарачая спрэчка. Спрачаюцца Грыгор Шамяцiла i Антонi Вельскi. Грыгор, брыты i сагнуты, не пакiдаючы пыхкаць люлькаю, шыпучым ад злосцi голасам крычыць:
– А я табе, Антонi, казу, што Iсус Хрыстос уваскрос у нядзелю.
– Не ў нядзелю, а ў суботу, – гэтаксама злосна адказвае Антонi старэнькi чалавечак з сiвенькаю кароценькаю бародкаю i рэдкiмi, мяккiмi валасамi на галаве.
– У нядзелю – я табе казу!..
– Ды я табе ўсю Бiблiю перагарну, – не здаецца Антонi, – там нiдзе не сказана, што ён уваскрос у нядзелю.
– Дурань ты з сваёю Бiблiяю, – гукае Грыгор.
Аблаяны Антонi абварочваецца назад i бачыць перад сабою Сучка, якi, разам з цэлаю грамадою зацiкаўленых мужчын, падышоў, каб "развесцi дурняў".
Растапырыўшы рукi, Антонi колькi хвiлiн стаiць моўчкi, а потым просiць Сучка:
– Такi-та ж вы, Сучок, вучоны па гэтай часцi, растлумачце гэтаму дурню, калi "ён" уваскрос, у суботу цi ў нядзелю!..
– У чацвер, – важна адчаканьвае Сучок i вызывае доўгi, несцiхаемы рогат сярод усiх мужчын.
Апусцiўшы голавы, Грыгор i Антонi разыходзяцца.
– А мне што, – моцна i адрывiста расказвае нешта, стоячы каля сцяны, Тодар Грыб.
– Маё дзела такое – дзень ды ноч, i суткi ўпроч. Бяры, кажу, крывулю ды бi ў рыла!..
Некалькi зацiкаўленых мужчын цiха слухаюць.
Нек зразу, неўзаметку, Тодар пераходзiць на палiтыку. Тады каля яго пачынае збiрацца вялiкi гурт. Тодар гаворыць спакойна – расказвае, але неўзабаве падыходзiць другi, не менш заядлы "палiтык", Хама Скрут, i пачынаецца гарачая спрэчка: Хама лiчыць сябе лепшым палiтыкам i стараецца "падсячы" Тодара.
– Вы думаеце, браткi, гэтак i будзе, – моцна i адрывiста гаворыць Тодар, – вось пагледзiцё, як вясною заварушацца. Будзе вайна. Вось пабачыце. Усё роўна спакою i парадку не будзе.
– Гэта ў цябе ў галаве няма спакою i парадку, – перабiвае яго Хама, чудзiла ты. Падумай сам, якая тут можа быць вайна: Францыя i Англiя думаюць сабе – ат, як спакойна, то i добра. Сядзем сабе цiха, бо як заварушымся, дык як паднiмуцца!.. Ты думаеш, не паднiмуцца?..
– Хто гэта? – пытае Тодар.
– А камунiсты тамашнiя; ты думаеш, там мала камунiстаў?
Тодар гладзiць пальцам па лбу i думае, што б тут сказаць.
– Дык вось, – кажа ён, пачакаўшы, – калi так многа камунiстых, дык тыя яшчэ скарэй заварушацца, каб змясiць iх.
– Ну, – сярдзiта цягне Хама, – недаждалi яны яшчэ iх змясiць.
– А ты думаеш, я вельмi чакаю, каб яны iх змясiлi, – апраўдваецца Тодар, – я зусiм гэтага не хачу... Я толькi кажу, што як нi круцi – вясною ўсё роўна нешта будзе.
– Што?
– Што-небудзь!
– Ат, ты ўсё роўна нiбы там быў i ўсё бачыў. Францыя i Англiя не такiя дурнi, як табе здаецца. Чаго яны маюць лезцi на ражон?
Тодар пачынае ўжо путацца, ён нiяк не можа зразумець, цi ёсць якая-небудзь карысць "варушыцца" Францыi i Англii, цi не. Думкi яго блытаюцца, i ён пытае:
– На якi ражон?
– Вось галава! – крычыць са смехам Хама. – Гэта так гаворыцца...
– А! – адказвае, зразумеўшы, Тодар. – Гэта значыцца...
– Гэта значыцца, – крычыць Хама, – што i ў iх там ёсць голавы. Думаеш, ты разумнейшы за Францыю i Англiю?!.
– Не дуры маёй галавы, – махае рукою Тодар, зусiм ужо збiты з панталыку, i хутчэй адыходзiцца ў другую старану. Але "палiтыка" не сцiхае, бо на яго месца становiцца трэцi "палiтык" – Антонi Вельскi. Сваiм салодзенькiм, высокiм галаском ён цягне:
– Не можа быць, каб "протчыя дзяржавы" не ўступiлiся. Вунь Мордух крывы ўчора прыехаў з Вызны, дык гаварыў, што там чутно...
– А ў Бiблii, дзядзька, пра гэта нiчога не чутно? – нi з сяго нi з таго пытае Сучок.
"Палiтыка" канчаецца несцiхаемым рогатам.
II
Вясковых прыйшло на сход усяго чалавек дваццаць, а з хутароў i дробных фальваркаў, якiя былi вакол вёскi, сабралася людзей у два разы больш.
Адчынiў сход член валiспалкома, ён жа i член валасной камячэйкi Мiкалай Козiч, малады чалавек, гадоў пад дваццаць два, з шырокiм i белым брытым тварам.
На кожным кроку свайго жыцця ён стараўся як-небудзь выдзелiцца з масы другiх людзей, хоць, к вялiкаму свайму гору, у глыбiнi сваiх думак i не мог лiчыць сябе лепшым, разумнейшым за другiх.
Гэта прымусiла яго ў свой час пайсцi ў партыю; цяпер ён быў загадчыкам валаснога аддзела асветы.
Ён насiў доўгiя валасы, нiжэй вушэй, бо лiчыў гэта прыкметай чалавека, не падобнага да ўсiх, чалавека, якi жыве "духоўнаю працаю", як сам ён гаварыў.
Пад пахаю яго вечна быў партфель. Валасны аддзел асветы не мог напоўнiць яго дзелавымi паперамi, i загэтым ён клаў у яго старыя газеты, розныя непатрэбныя кнiгi i iнш., усё дзеля таго, каб партфель быў поўны, цяжкi i тоўсты на выгляд.
На сходах шкрабаў воласцi Козiч любiў граць ролю начальнiка, гаварыў кароценькiя прамовы, нават часам важна кратаў i гладзiў свой шчуплы жывот.
Насiў ён чорнае палiто з поясам.
Адчынiўшы сход, ён стаў гаварыць прамову.
Не думаючы аб тым, што яго слухаюць людзi ў аблезлых кажушках, рваных халатах, падчас босыя цi ў лапцях, ён, як гарохам, стараўся сыпаць труднымi, нiкому, нават яму самому, не зразумелымi славечкамi... Яму гэта было вельмi трудна, бо вялiкага запасу такiх слоў не было, i яму прыходзiлася часта самому прыдумаць iх.
Мiж iншым ён сказаў: "У сельсавеце павiнен дамiнiраваць пралетарскi элемент". Гэта яму вельмi спадабалася, i ён захацеў яшчэ колькi разоў паўтарыць гэта, але, як на тую бяду, забыўся, як гэтае сказанае iм слова выгаварваецца. Сказаць жа гэта проста, звычайнымi словамi, ён не хацеў, каб не паказацца простым чалавекам, i, ужо не думаючы, ён паўтарыў: "У сельсавеце павiнен дамонаваць пралетарскi элемент". А потым яшчэ раз уздумаў паўтарыць i сказаць яшчэ лепш: "дамiнаць".
– Слухай, – запытаў Тодар у Хамы, – што гэта ён кажа, якi гэта элемент павiнен замiнаць у сельсавеце?
– А цi я ведаю! – цiха адказаў Хама.
– А пра што гэта ён гаворыць? – у сваю чаргу запытаў Тодара Фабiян Свiнкоўскi.
– А чорт яго ведае.
– Ну, а ты ж слухаеш!
– А ты не слухаеш?
– Я нiчога не разбяру.
– А думаеш, я лепшы разбiрайла?
– А цi не ўсё роўна вам, – абазваўся Хама, – мы чаго прыйшлi?! Сельсавет выбiраць! Ну, дык вось i чакай, пакуль кончаць, усё роўна без гэтае казкi не абыдзецца, як нi круцi. Сядзi вось сабе цiха, калi мухi не кусаюць. А потым, як кончыць сваю гэтую "казань", дык выберам сельсавет i пойдзем дамоў.
– Праўду ка'аш, – згадзiўся Грыгор Шамяцiла i стаў пыхкаць люлькаю.
А тым часам Козiч гаварыў. Ён падымаў рукi ўгару, запускаў пальцы ў валасы i праводзiў iмi ада лба к самаму карку, прыдумоўваў, як бы харашэй злажыць рукi перад носам, калi блiснуць вачыма.
Канчаючы прамову, ён падняў палец угару i ўгледзеў, што кiпець на iм нейкi зрабiўся нягладкi i цёмны. I тут жа ўспомнiў, што ў хутаранскае вучыцелькi-пападзянкi ногцi заўсёды нейкiя блiшчастыя i падрэзаны востранька.
"Трэба будзе заўтра i мне свае так падрэзаць, – падумаў ён. – Але чым яна iх так шлiфуе?.."
Думаючы гэта, ён пакiнуў гаварыць i з хвiлiну памаўчаў. А кончыўшы i сеўшы, ён доўга яшчэ думаў, як, будучы на яго месцы, лепш падрэзваць ногцi востра цi кругла.
А потым ужо, у канцы сходу, у яго блiснула думка: "Трэба будзе другi раз у такiх выпадках паглядзецца ў люстэрка – як выглядае пасля прамовы мой твар".
После Козiча стаў гаварыць другi член валасной камячэйкi – Кастусь Курганец.
Адзеты ён быў у блiшчасты, новы скураны фрэнч, сядзеў у касматай, з вушамi, шапцы. Сказаў ён кароценькую прамову, у якой паўтарыў усё тое, што сказаў Козiч. У канцы свае прамовы ён нарысаваў схему органаў улады, ад сельсавета да ЦВК.
Гаварыў ён проста, звычайным языком, так, як гаварыў заўсёды дома.
Усе з цiкавасцю слухалi, а iншыя, каб лепш пачуць, падышлi блiжэй к сталу. Скончыў ён так:
– Старайцеся выбiраць людзей савецкiх, бедных, якiя б маглi працаваць на агульную карысць. Выбiрайце людзей разумных.
– Але, – сказаў сабе пад нос Юлiк Карнавух, – выбераш тут савецкiх людзей, калi iх тут ёсць не больш як чалавек пятнаццаць. Найдзi папрабуй сярод хутаранскiх "ягомасцяў" хоць аднаго савецкага?! А нашы дурнi сядзяць сабе дома чакаюць, "як будуць людзi iсцi"...
– Называйце, таварышы, кандыдатаў! – сказаў Кастусь Курганец.
Не паспеў ён яшчэ змоўкнуць, як пачалi ўжо "выстаўляць" кандыдатаў:
– Гаронiм Цурубалка! – крычалi з аднаго боку.
– Данiель Кiралейза! – чулася адтуль жа.
– Тодар Грыб, – крычалi з другога боку.
– Мацвей Сцепанец!
– Янка Галубовiч!
– Няма iх на сходзе!
– Хвёдар Казёл!
– Няма на сходзе!
– Хама Скрут!
– Сучок!
– Фабiян Свiнкоўскi!
– Цiха, таварышы, не ўсе разам. Не гаварыце гуртам.
– Цурубалка, Кiралейза! – закрычалi зноў хутаранцы. – Свiнкоўскi, Мiхал Папсуй!
Курганец падняўся, падняў руку, каб зрабiць цiха, i сказаў:
– Усякi, хто назваў свайго кандыдата, павiнен сказаць аб iм некалькi слоў, чаму ён яго назваў, хто ён такi ёсць.
I вось пачалi гаварыць.
Кiралейзу "выставiў" Цурубалка, Цурубалку – Кiралейза. I абодва яны аказалiся людзьмi "разумнымi, сталымi, добрымi гаспадарамi, людзьмi, якiя нiколi нi з кiм не сварацца".
Пра Фабiяна Свiнкоўскага сказаў адзiн шляхцiц-хутаранец, што ён чалавек "богабаязны i справядлiвы".
Хама Скрут аказаўся чалавекам "добра граматным", а Тодар Грыб "добрым палiтыкам", i абодва яны – самымi бяднейшымi людзьмi ў вёсцы.
Як толькi Фабiян Свiнкоўскi назваў вясковага Мiхала Папсуя "чалавекам патрэбным у сельсавеце", падняўся маўчлiвы дагэтуль вясковы Марцiн Макарэня.
Ступаючы цiха лапцямi па падлозе, ён падышоў к сталу i сказаў:
– Я не буду баяцца Мiхала Папсуя i скажу, што ён чалавек багацейшы за ўсю вёску. Нашто ён у сельсавеце! Ды ён i не "савецкi".
– Няпраўда, – закрычалi з боку хутаранцаў.
– Пачакайце, я не кончыў, – гаварыў далей Макарэня, – замест яго я раю з хутароў Курловiча Яна. Гэта чалавек наш: ён быў у партызанах.
Курловiча запiсалi ў спiс кандыдатаў i сталi галасаваць.
Хутаранцы трымалiся дружна, паднiмалi рукi ўсе за сваiх. Разам трымалiся i вясковыя, але iх было менш. Дзякуючы гэтаму ў склад сельсавета ўвайшлi: Цурубалка, Кiралейза, Свiнкоўскi i вясковы Мiхал Папсуй.
Па большасцi галасоў "правалiўся" Курловiч. Потым, у самым канцы, аб iм доўга гаварылi; успамiналi, як быў у партызанах, як адвёў польскую роту ад вёскi к лесу, дзе на яе напалi чырвонаармейцы, памiналi яго беднасць i ахвоту працаваць i сяк-так увялi яго ў кандыдаты на члена сельсавета, хоць процi гэтага i гаварылi многiя хутаранцы.
А як iшлi са сходу, гаварылi вясковыя аб тым, што Кiралейза i Цурубалка некалi прыслужвалi паляцкiм жандарам, Фабiян Свiнкоўскi хацеў iсцi ў партызаны процiў бальшавiкоў. А вясковы Мiхал Папсуй, чалавек ужо стараваты, быў вялiкi багатыр i трымаў некалi багатую краму ў мястэчку. Але пра яго толькi думалi, бо сам ён iшоў тут жа, важна ступаючы i пагладжваючы сваю невялiчкую чорную бародку.
Чуючы гоман, праз светлыя акенцы хатаў выглядалi на вулiцу людзi, стараючыся пазнаць, куды гэта iдуць – на сход цi са сходу.
III
Адзiн раз ноччу замерзла зямля, а назаўтра выпаў глыбокi снег. Яшчэ ранiцою ён ляжаў тоўстаю, белаю пярынаю, а к вечару яго прымялi санямi. Вёска стала зграбнай i чыстай. I стала неяк весялей i шумней у ёй.
Цэлымi днямi чуўся з цёмных гумен дробны стук цапоў, часам чутно было, як звiнiць пiла, гамоняць i смяюцца людзi. Па вулiцы часта цяглiся фурманкi з дзеравам.
А прыцемкам, як пакiдалi малацiць, к абледзянеўшым калодзезям паволi цягнулiся касматыя конiкi, шумна беглi каровы i схадзiлiся з вёдрамi людзi.
I, напаiўшы быдла, доўга яшчэ стаялi i ў розных гутарках праводзiлi на вулiцы сваю "шэрую гадзiну". Потым падыходзiлi яшчэ больш i, як саўсiм цямнела, усяёй грамадой валiлi куды-небудзь у хату.
Часцей за ўсё збiралiся ў Тодара Грыба.
Прыходзiў сюды Мацвей Сцепанец, чалавек малога росту з жоўтым худым тварам. Гаварыў ён скрыпучым голасам i меў вялiкую здольнасць бачыць ва ўсiм бяду.
З'яўляўся высокi, малады яшчэ, Янка Галубовiч; таксама малады i заўсёды вясёлы Хвёдар Казёл. А пазней за ўсiх прыходзiў стары Тарас Смольскi. Збiралася чалавек дваццаць, i кожны раз сядзелi за поўнач.
Адзiн раз было вось што.
Як ужо ўсе былi ў зборы, заскрыпеў дзвярыма Мацвей Сцепанец i, не пераступiўшы яшчэ нават парога, загаварыў з нейкаю калючаю ўсмешкаю ў голасе:
– Гы!.. Далi свабоду; свабода, нечага сказаць! Каб майму ворагу гэтакая свабода.
– Чаму, што? – запыталiся ўсе разам.
– Што?! – заскрыпеў Мацвей. – Даўней пры Мiкалаю старшынёю альбо старастаю хто быў?!. Самы першы багатыр! К яму i даступу не было. А цяпер што?! Тая самая трасца! Хто цяпер у нас у сельсавеце?! Кiралейза з Цурубалкам – самыя "дзедзiчы". Чорт к яму цяпер прыступiцца. Сёння я быў у iх на хутарох, каб дроў як трохi прыдабыць, бо яны размяркоўваюць на сваё вобчаства шэсць кубаў дроў, якiя адпусцiла ляснiцтва цераз iспалком, – а дровы яны ўжо размеркавалi мiж сваiмi шваграмi ды кумамi. А Свiнкоўскi, якi быў там, дык проста сказаў, што багаты больш павiнен даставаць ад "савета", бо ён больш дае прадналогу, чым бедны. Вось табе i тая хвалёная свабода!
– А хто ж вiнават? – запытаўся Юлiк Карнавух.
– Пэўна, што не я, – адказаў Мацвей.
– На нашых людзей яшчэ патрэбен бiзун, – умяшаўся Тарас Смольскi. – Я чуў, што як "iх" выбiралi, дык на сходзе нашых нiкога не было. Усякi ўсё, сукiн сын, хоча, каб нехта за яго. А пэўна, каб нашы ўсе былi, то выбралi б каго-небудзь лепшага.
– I ты ж не быў! – гукнуў нехта з кутка.
– Як бы за мною астаноўка, – засердзiўся Тарас. – Гаворыш чорт ведае што. Што я там адзiн памог бы каму? Ды мне i часу не было – я парсюку катух гарадзiў.
– А мне тады нездаровiлася, – абазваўся Мацвей. – I калi я не быў, дык i ўсiм не трэба iсцi?!
– Годзе пералiваць з пустога ў парожняе, – сказаў Юлiк Карнавух. – Усе вы роўныя чэрцi. Слухайце: чуў я, што ў многiх хутаранцаў паўменшвалася ў спiсах жывёлы – каб зменшыць падатак. А з дрывамi гэта праўда? – абярнуўся ён да Мацвея.
– От як я табе кажу, – адказаў Мацвей.
– А тут, лiха на яго, далёка яшчэ чакаць да новых перавыбараў, прагаварыў Хвёдар Казёл.
– А каб папрабаваць цяпер, – нясмела сказаў Янка Галубовiч.
– Каб гэта як-небудзь напiсаць заяву, – нехта яшчэ прыбавiў, – можа, i цяпер як-небудзь змянiлi б свой сельсавет.
– Я думаю, што можна папрабаваць, – сказаў Юлiк Карнавух.
– Ну, дык пiшы.
– Згарэце вы! – нечакана для ўсiх увярнуў слова Юлiк. – Напiшы, а потым цындайся дзесяць разоў з-пад аднаго акна к другому.
– Не тваё дзела, пiшы!
– Так i ёсць – пiшы, а мы ўсе, хто ўмее, падпiшамся.
На другi дзень Юлiк напiсаў, як умеў, заяву i паслаў па хатах з ёю адзiнаццацiгадовага Мацвеевага хлопчыка. Усе, хто ўмеў, распiсвалiся.
А цераз тры тыднi, як заява прыйшла з павета з рэзалюцыяй, Юлiк пайшоў па вулiцы, зазiраючы ў кожнае акно, так, як i той раз. Але цяпер яму памагаў ужо сам Мацвей Сцепанец.
I як прайшлi яны з канца ў канец вулiцу, усе – ад мала да вялiка пайшлi выбiраць свой сельсавет.
1923