Текст книги "Срэбра жыцця"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Черный Кузьма
Срэбра жыцця (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Срэбра жыцця
I
Рыжая барада трасецца, у бакi ходзiць ад дробнага смеху.
– Гы, гы... Вучыць. Дзьмухнi, кажа, на агонь – пячы не будзе. От зараз як дзьмухну за гэткую раду галавешкаю ў рыла, дык навучыш... Гы, гы...
I, зморшчаны рогатам i гарачынёй, адсоўваецца ад агню чырвоны шырокi твар.
– Гэта ж не агонь, а твая, дзядзька, уласная барада цябе гэтак смалiць.
– Гы, гы...
Злаваць спрабуе рыжы дзядзька, але нiчога ў яго не выходзiць. I зноў ён рагоча. I ўсе з iм. Дрыжыць ад смеху яснае пры агнi кола на зямлi.
– Гы, гы, гы...
Трашчаць у агнi смоленыя сукi. То рассцелецца агонь, нiзка прыпадзе да зямлi, то шыбане раскудлачанай галавою ўгару. Выхоплiвае з чорнага змроку дзядзькаў твар, побач з тварам – нечыя боты ў зямлi.
Збоку – пераблытаныя ногi, рукi, галовы, узнятыя каленi, шырокiя спiны.
Яшчэ горш моршчыцца дзядзька, пхае чорным сукам у боты.
– Ты, э-э, ты! Боты адцягнi, а то ў нос дае. Распусцiў свой дзёгаць цi варволь пад самым носам, хоць сякеру вешай. Чым ты iх квэцаеш, халера цябе ведае, гэтыя свае шкрэбалы?!
Ля агню паднiмаецца галава. Пара воч колюць рыжага дзядзьку. Зноў чуваць стрыманы смех. Узнiмаюцца ўгару каленi i боты, паволi адпоўзаюць назад.
– Мiкiта дзядзьку з ботаў у нос дух пусцiў!
– Святы дух Мiкiта пусцiў!
– Х-ха...
– Г-гы...
Мiж кустоў, змрочных, баязлiвых, ходзiць рогат з дымам. Трасецца агонь, дрыжыць ноч. Трэснула ў суставах.
– Не пацягайся гэтак, на кавалкi парвешся!
Голас у дзядзькi шурпаты:
– Глянь ты адно, Мiкiта, на зоры – цi не за поўнач гэта перавалiла ўжо?
– Перавалiла.
– Дык спаць.
Вострым махорачным водарам патыхае ад агню. Клiнок даўно няголенай барады ўткнуўся ў зямлю, цыгарка – у жар.
Рыжы дзядзька пачынае драмаць.
Абодва яны з Мiкiтам як бы старшыя тут, памiж гэтымi цеслярамi. Гэтак неяк само сталася. Яшчэ ўчора зрабiлi яны апошнюю работу – на глухой станцыi скончылi новы будынак на склад i цяпер асталiся на дзень яшчэ выгрузiць з вагонаў пясок.
Як пачыналi яны работу, раптам пазнаваць пачалi леташняга знаёмага.
– Хiба вы, таварыш, нас не памятаеце? – гаварыў Мiкiта загадчыку работ на станцыi. – Мы ж тут летась два месяцы былi, шпалы часалi.
– А хто вас ведае, – адказваў той, – у мяне за год вашага брата сотнi перавернецца. Што, я павiнен памятаць кожнага, цi што?
– Мы яшчэ пасля з Мiкiтам тыя шпалы i паразвозiлi па лiнii, – устаўляў сваё слова рыжы дзядзька.
– З якiм гэта яшчэ там Мiкiтам?
– Ну, а са мною, – гаварыў Мiкiта, паказваючы пальцам сабе на грудзi.
Заўтра яны зробяць апошнюю работу i на якiм-небудзь таварным цягнiку праедуць некалькi станцый дадому.
II
Абшар зямлi – як мора, змрок i святло – як хвалi.
Дзень iдзе, паўзе з яснага поля.
За кiламетраў пяць горад адазваўся новаму дню. Зазванiла, загуло, абарвалося.
Дрэмлюць кусты, тлее вуголле. Агонь пацягваецца ў перадсмяротнай млосцi: патухне – блiсне. Блiсне – патухне. У кустах смяецца вада ранiшнiм смехам:
Люг-бр, люг-бр...
Людзi ля вогнiшча гоняць ад сябе апошнюю дрымоту.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
I вось ужо няма нiчога: ператварылася зямля ў шырокую роўнядзь i ўцякае; ператварылася неба ў iмглу залатога святла i сыплецца – знiкае, сыплецца – знiкае. Ёсць i шырыцца рух цела, лёгкая гарачыня ў iм, i ў вачах – залатыя дарогi пяску з вагонаў.
На пярэднiм вагоне дзядзькава барада блiшчыць здалёк, усё адно як той жвiр, што ў яго пад нагамi. За дзядзькам шпарка ходзяць Мiкiтавы плечы. На поўных вагонах – галовы i рукi, галовы i рукi. Блiшчаць, як срэбра, рыдлёўкi. Голас скамандаваў:
– Дошку ўгару хапi!
Дзядзька рад. Адарваўшыся ад пяску, ён азiрае ранiцу i людзей. Ранiца шырокая, гулкая, людзi – рухавыя.
Зноў iдзе голас:
– Бярэш там?
– Бяру, – коцiцца недзе з заднiх вагонаў.
Вагоны пусцеюць. Сыходзяць людзi на зямлю. Заднi вагон грануў iржавую песню з-пад калёс: пхнулi яго па рэйках.
Раптам – звон, грукат i ляскатанне. Загрымела жалеза за мастом, ухнула i пакацiлася па бакавой каляiне. Голас не мог дагнаць:
– Скоры пайшоў!
I толькi неўзабаве заднi вагон цягнiка зелена мiльгануўся.
– Цi гэта дым, цi хмары? – раптам гаворыць дзядзька, паглядаючы туды, дзе тырчаць гарадскiя комiны заводаў. Сонечны вецер сушыць на людзях пот.
Вагоны ўсе пустыя. Хтосьцi наспеўвае цiха:
Пад гарой й на гары
Таўкуць кашу камары.
Вецер iмчыць песню па лагчынах i ўзгорках i развявае ў прасторы.
Пачало было хмарыцца, а пасля вецер перамог: хмары сышлi, i сонца зноў задрыжала на зямлi.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Свiсток пабудзiў сонных.
Лезлi ў вагон, сонна пацягваючыся яшчэ.
Дзень гас.
Стары, растрыбушаны вагон не паспяваў бегчы за паравiком, i ўсё станала з-пад iржавых калёс:
– Па-ча-кай, па-ча-кай.
Аб'ехалi горад стараною. На лiчаныя хвiлiны сталi адно на таварнай, дзе дадавалiся да таварнага цягнiка вагоны. I зноў пайшлi. Станцый пяць – i дома!
Горад паплыў як у тумане. Вечар кладзецца на загарадныя, прывакзальныя вулiцы. Штосьцi пракалыхнулася, вецер трэпле чырвоную тканiну. Як гарох сыплюцца дзецi, рассыпаючы песню:
Жура-жура-журавель...
Малы астаўся ззаду, выбiўся з радоў i цягне ўсё без канца, порстка i няроўна:
Зюра-зюра-зюра-зюра...
Раптам схавала ў сабе гэтую "зюру" вайсковая капэла.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Жалезны звон горада ўздымаецца вышэй заводскага дыму i падае на прастору вячэрняй зямлi.
1925