Текст книги "Семнаццаць год"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Черный Кузьма
Семнаццаць год (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Семнаццаць год
I
Увосень тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года салдат расейскай армii Пятро Тадаровiч быў лёгка ранены ў нагу: блiзка ля яго разарваўся гарматны снарад. Нават ён спачатку думаў, што яму толькi дало ў ногi сухою зямлёю, а пасля, ачомаўшыся, агледзеўшыся, убачыў на левай назе, пад каленам, кроў. У тым месцы было холадна, кроў неўзабаве закарэла, i разарваныя нагавiцы прылiплi да раны. Пачало балець, але ён не спынiў работы: як i ўсе, ён акопваўся ў бясконцай першай лiнii. Акопвацца – гэта ратавацца. Таму ён з усiх сiл налягаў на рыдлёўку. Ён з строя не выйшаў – нельга было гэта зрабiць. З строя выйшаў ён праз дзень, калi была ўжо ноч.
Першая расейская лiнiя пасля атакi акопвалася на новай пазiцыi. Германцы бiлi з гармат, напэўна, перад сваёю атакай. Атака гэтая можа быць уночы, а цяпер толькi што ўзышло сонца. Раптам германцам адказалi расейскiя гарматы i ўжо не сцiхалi ўвесь дзень. Салдаты праляжалi ў зямлi ўвесь гэты дзень i пачатак ночы, а пасля, не чакаючы германцаў, iх пагналi зноў у атаку. Пятро Тадаровiч наперад не рушыў, хоць i меў сiлы гэта зрабiць. Ён ляжаў тварам на зямлi ў сваёй яме, ныючы ўсёю iстотаю сваёю ад блiзкасцi грымучай смерцi. Ён чуў, як папацёмку цераз яго прапаўзла наперад другая расейская лiнiя, а пасля i трэцяя, i пасля ўжо гэтага гэты блiзкi шоргат больш не турбаваў яго спакою.
Узышоў месяц, лагчыны пачарнелi; вайна чулася ўжо толькi дзесьцi далёка, а тут вельмi стала цiха. Ранены салдат мог цяпер смела стаяць або iсцi. Адно, што ён не ведаў, куды яму падацца: падацца да санiтараў, дык рана завельмi лёгкая, некалькi дзён пратрымаюць яго, а пасля зноў пхнуць на фронт. Даганяць фронт – гэта быў жах. Ну, можна было пабыць там дзе-небудзь яшчэ дзень, ну два, а больш – салдат стаў бы ўжо дэзерцiр. А за гэта жорстка пакараюць. I от у гэтыя хвiлiны цяжкiх думак салдат паклыбаў па няроўным полi, сам не ведаючы куды, ён iшоў паўз пустую лiнiю акопаў. Месцамi гэтыя акопы былi зруйнаваны гарматным агнём: зямля з краёў паабсыпалася; бясформенная чарната была ў гэтых правалах. Ля адной з гэтых акопных руiн салдат спынiўся: дзесьцi далекавата ён пачуў чалавечыя галасы. Ён прыгледзеўся i пачаў заўважаць, як у некалькiх месцах пстрыкалi святлом электрычных лiхтарыкаў. Санiтары забiралi раненых, ходзячы па полi. Салдат прысеў на краi акопа. Цi iсцi да санiтараў, цi што рабiць? У гэтую хвiлiну яму хацелася, каб рана яго была большая, каб ён доўга мог праляжаць далёка ад вайны ў шпiталi, без думак, як бы кожную хвiлiну ўратавацца ад смерцi. Даволi было яму аднаму пабыць гэты малы час тут, на цiхiм полi, у цiхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьцi наперад, зноў паўстала перад iм з усёю сваёю сiлай. А куды яна пайшла, вайна, салдат не ведаў i не хацеў ведаць. Нават думаць пра гэта яму было страшна.
Ён быў слабы, змучаны i бязвольны, гэты чалавек.
Так, як прыгiнаўся ён разам з усiмi на першай лiнii, пачуўшы, як нямецкi гарматны "чамадан" рэжа паветра, так i цяпер ён як бы прыгнуўся перад жалезнаю хадою падзей: усё робiцца само па сабе, незалежна ад яго, i яму толькi астаецца чакаць – можа, i мiне яго страшная навала; ну, або старацца быць далей ад усяго i блiжэй да самога сябе; сам сабе чалавек не вораг!
Сам сабе чалавек не вораг! Гэты салдат, што сядзеў цяпер перад чорным акопам, уночы, адзiн, пад зорным небам, каб мог выразна запытацца сам у сябе пра гэта, не сказаў бы, дзе канчаецца ў чалавека вораг самому сабе i пачынаецца прыязнь. Ён, бадай, так сфармуляваў бы сваё разуменне свету: свет вялiкi, i ў свеце незлiчонасць усялякiх падзей i здарэнняў. Некаторыя з iх добрыя чалавеку, некаторыя варожыя. I кожны чалавек iмкнецца ўнiкнуць варожага, злога i мець дачыненне з добрым. А чалавечая дзейнасць? Чалавек стараецца дзейнiчаць сабе на дабро; i гэтае дабро чалавек сабе зробiць, прыдбае, калi чалавеку пашанцуе. Гэтакi чалавек можа быць, напрыклад, багаты – ён не гаруе на свеце. Але найчасцей чалавека апаноўвае гора. Таму большасць людзей могуць расцанiць жыццё як бесперапыннае i бясплённае змаганне з пакутамi. А што такое вайна? Вайна таксама ўваходзiць у той жалезны шэраг няшчасцяў, што адвеку ўсталяваны i час ад часу сыходзяць на чалавецтва, як сыходзяць голад, хвароба, смерць, i кожны чалавек ратуецца i трапечацца, як можа, жывучы на свеце. I от ён, Пятро Тадаровiч, цяпер жыве ў самай чорнай навале няшчасця. Калi ўсё жыццё яго было як змрок, у якiм сягды-тагды высвечвалi зоры, дык цяпер нiякiя зоры нiдзе не свецяць. "Божа, выратуй мяне", – прасiлася ўся iстота гэтага чалавека. Свет стаяў навокал яго, над iм i пад iм усiм багаццем сваiх праяў; стаялi пад месяцам чорныя лясы, халадзiла чалавечае цела цiхiм i радасным холадам зямля. Неба палавела, i на iм папялелi зоры, i на iх месцы высвечвалi новыя i ўсё тлелi i тлелi. Iшла няспынная плынь часу, цякла ў бездань без канца i пачатку. "Гэты свет i плачучы пераплачаш, а той – i скачучы не пераскочыш" – як грозная практыка асуджанасцi, стаяла над чалавекам нявольнiчная фiласофiя. Праўда, нi пра якi "той свет" чалавек не думаў, але "гэты свет" увесь губляўся ў чорнай безнадзейнасцi.
Дзесьцi на ўсход сонца ад таго месца, дзе сядзеў цяпер салдат, неяк лiпела на свеце яго сям'я. Ён думаў пра дзяцей тады, калi адыходзiла ад яго няшчасце: вайна! Гэта было за ўвесь гэты час, калi даводзiлася быць у тыле армii або калi доўга цягнуўся спакой на самым фронце. У гэтакiя ж днi, як гэты апошнi, чалавек выходзiў з роўнiцы ўсiх з'яў i адно сам сабе i ў сабе вырастаў як супрацьлегласць усяму, што толькi ёсць на свеце. Жывая iстота прагла жыць!
Санiтары з лiхтарыкам iшлi ў гэты бок паўз акопы. Яны падышлi зусiм блiзка, i яны ўжо былi салдату як ворагi якiя: яны яго вернуць у той жудасны свет, з якога ён нядаўна выйшаў. Не думаючы, салдат споўз у акоп, i санiтары прайшлi паўз яго далей. Чуваць былi iхнiя цiхiя галасы, пасля за iмi цiха i павольна прагрукалi колы, фыркнулi конi, i зноў усё стала цiха. Салдат у роспачы зноў заўважыў над сабою безнадзейныя зоры i халоднае неба. Ён выразна чуў, як штосьцi дзесьцi недалёка глуха шаравалася, як аб сухую зямлю, нешта ўсё паскрыпвала; пасля яму пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзiць усяго паўслова i ўсё шпаркiм шэптам, хворым i нежывым. Салдат шмат чуў гэтага людскога шэпту i шмат бачыў, як каналi людзi з гэтакiм шэптам i енкам. I ён адразу пазнаў, што тут, дзесьцi паблiзу, блiзка да смерцi ранены.
Пятро Тадаровiч далёкi быў i заўсёды, а яшчэ больш цяпер, у гэтыя хвiлiны, ад таго, каб да роспачы напiнаць нервы i забывацца на тое, што над iм вiсiць смерць. З такою думаю можна звыкнуцца, але ўсё адно чалавек звычайны тут не пераступiць мяжы, за якою пачалася б абыякавасць да свайго жыцця. Таму Пятро Тадаровiч лёгка прывык да смерцi сотняў i тысяч людзей навокал сябе. Перадсмяротныя шэпты нейкага невядомага цяпер у акопе не здзiвiлi яго. Ён адно падаўся крыху глыбей, прылёг плячыма да спусцiстай, разбуранай гарматамi акопнай сцяны i маўчаў так колькi хвiлiн. Чалавечы няясны, можа нават непрытомны, шэпт iшоў крыху зводдалеку. Раптам Пятро Тадаровiч пачаў заўважаць асобныя словы ў гэтым шэпце, выразна ён ужо чуў:
– Хто там? Хто там? Сюды. Сюды.
Пятро Тадаровiч, не думаючы лiшку, падаўся ў цемень акопа. Яму дзiўна стала, што чалавек шаптаў не зусiм ужо гэтак блiзка ад яго, як яму раней здавалася. Яму прыйшлося ступiць акопам не менш, можа, як дваццаць пяць крокаў. Падышоўшы блiзка, ён пачуў, што хтосьцi шэпча, i не гэтак ужо непрытомна i слаба: можна было добра разбiраць i словы, адно што яны раней заглушалiся адлегласцю.
– Хто? Хто? – шаптаў хтосьцi невядомы.
– Салдат, – сказаў Пятро Тадаровiч i на ўсялякi выпадак дадаў, падумаўшы: – Ранены ў нагу.
– Памажыце мне, – сказаў невядомы. – Я палкоўнiк i ранены ў жывот.
Па-першае, гэта быў палкоўнiк. Па-другое, ён гэтак малiў, прасiў. Значыцца, усё пераблыталася, нiякiх ранейшых устанаўленняў. I незвычайнасць найшла на гэтага радавога салдата, нявольнiка, слаба раненага ў нагу, Пятра Тадаровiча. Без усялякiх чыноў, а так проста i разам з тым спелячы ў сабе пэўныя думкi, што пачалi ўжо набываць выразнасць, ён пачаў гаварыць з палкоўнiкам.
– Што ж мне зрабiць, як памагчы?
– Вынесцi мяне з акопа на гару, калi больш нiчога не можаш. Тут акопы назаўсёды астануцца пустыя, нiхто сюды не загляне, i мне тут давядзецца кончыцца. На гары, можа, мяне заўважыць хто-небудзь. Калi ж можаш, занясi, цi як, да санiтараў. Або заўваж месца i iдзi скажы, што тут ляжыць ранены палкоўнiк. Ты хадзiць можаш?
– Магу, я няцяжка ранены.
Палкоўнiк доўгiя хвiлiны маўчаў, стагнаў i адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкi. Як варушыўся – новыя рамянi паскрыпвалi на яго плячах.
– Я табе даклярую, – захрыпеў ён зноў, – белы бiлет...
– Значыцца, я ўжо тады нiколi не буду на вайне?
– Нiколi... Апроч гэтага, я дам табе зямлi, з свайго маёнтка выдзелю...
– Значыцца, вы белы бiлет можаце выклапатаць?
– Што гэта мне значыць! Урэшце, я магу даць табе гэтулькi грошай, што ты сам можаш купiць сабе белы бiлет. Нясi. Бяры мяне i нясi... Не бойся. Ты астанешся, калi баiшся, пры мне. Ты мой дзяншчык, i больш нiчога.
Салдат рашуча пайшоў у акопную цемень, абмацаў палкоўнiка. Гэта быў грузны чалавек.
– Далiкатна, далiкатна бяры, памалу, – застагнаў ён, калi салдат, крэкчучы i ўсё ж адчуваючы i сваю рану ў назе, узвалiў яго на плечы. Рамянi скрыпелi на палкоўнiцкiх плячах.
Самае цяжкае – гэта было вынесцi яго на гару. Прыйшлося спусцiць яго на зямлю, узяць пад пахi i гэтак выцягнуць, плячыма па зямлi, галавою ўгару. Пасля гэтага i салдат, i палкоўнiк ляжалi хвiлiн дзесяць на зямлi i абое аддыхвалiся. Нарэшце салдат прыгледзеўся, заўважыў далёка ўжо ад сябе рухавае святло санiтарскiх лiхтарыкаў, зноў узвалiў на плечы палкоўнiка i рушыў у дарогу. Iшоў ён паволi, нi то няроўным полем, нi то купiстым узбалоццем. Ногi яго ўязджалi ў зямлю. Чорныя нерухомыя абрысы ночы сталi навокал. Далёка маўчаў фронт. Зоры ўсё гэтаксама свяцiлi на халодным небе.
II
Салдат Пятро Тадаровiч атрымаў белы бiлет. Ён калацiўся з радасцi, адчуваючы ў сваёй кiшэнi гэтую паперку. Гэта ўсё адбылося вельмi шпарка, як нават ён i сам не думаў. Палкоўнiк з дапамогаю гэтага свайго "дзеншчыка" праз вельмi малы час быў ужо ў шпiталi ў прыфрантавым гарадку. Да палкоўнiка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкi яшчэ малады чалавек. Паны! Яны прыехалi з маёнтка. Гэты палкоўнiцкi маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволi яшчэ далёка. Можна сказаць, што гэта была тая самая паласа, калi браць раўналежна фронту, дзе была радзiма i салдата Пятра Тадаровiча. Палкоўнiк адно падпiсаў кароткi лiст, што быў напiсаны маладым чалавекам да нейкага знаёмага начальнiка мабiлiзацыйнымi нейкiмi камiсiямi. Самога лiста Пятро Тадаровiч не чытаў, але ведаў, што там наконт белага бiлета. Ён хадзiў з гэтым лiстом, да каго ён быў напiсаны, i праз некалькi дзён меў цудоўную паперку. Ён цяпер назаўсёды развiтваўся з вайною! Больш таго. Палкоўнiк адно малы час будзе ляжаць у шпiталi, пакуль можна стане яго перавезцi. Хiба пан будзе лячыцца ў шпiталi, калi ў яго маёнтак, пакоi, слугi, грошы, усяго цераз горла валiцца? Тыдняў так праз два палкоўнiк будзе дома, тады Пятро Тадаровiч з'явiцца да яго па дакляраваную аддзяку.
I ён з'явiўся. Ён атрымаў тое, што дакляраваў палкоўнiк. Але перад гэтым – гэтакiя хвiлiны цiхай радасцi, нiколi за ўсё жыццё незнаёмыя яму, перажыў гэты небарака салдат.
Гэта было тады, калi ён дабiўся дадому. Рана яго дазволiла яму пусцiцца ў дарогу адразу ж. Ён ехаў, iшоў. Усё яму было цяпер лёгкая справа. Вайна цяпер ужо справа не яго! Няхай там хто сабе хоча i за што хоча (цi за што, цi за нiчога!) ваюе. Няхай там сабе свецяць зоры ўначы над халодным i страшным полем, а на тым полi пад агнiстым громам i свiстам канаюць i стогнуць людзi. Цi на гэтым баку яны будуць умiраць, цi на тым – што цяпер да ўсяго гэтага i да ўсiх гэтых людзей шчаслiваму чалавеку Пятру Тадаровiчу! У яго ёсць цiхi кут, з вайны ён вырабiўся, i больш нiчога. Нiкога ён чапаць не будзе, i яго нiхто цяпер ужо чапаць не будзе. Вайна – бядота, няхай сабе бядота агульная, але ж яму пашанцавала з яе выйсцi. Галоднае жыццё дома? Цяпер ён будзе лепш жыць, палкоўнiк жа яго аддзякуе за тое, што ён выратаваў яго. Назаўсёды, значыцца, Пятро Тадаровiч выйшаў з шэрагаў шэрых людзей на вайне, нават i так ён як бы выйшаў з усялякiх людскiх шэрагаў. Ён сам будзе сабе пан.
Якi ён шчаслiвы цяпер!
Быў пагодлiвы адвячорак, калi Пятро Тадаровiч з'явiўся дадому. Накульгваючы яшчэ крыху на хворую нагу, ён падышоў да дома, увесь трасучыся ад вялiкай узбуджанасцi. Ён сапраўды чуў нават, як пахне трухлявы плацец каля хаты пад чырвонаю рабiнаю. Сонца свяцiла ў сляпыя шыбы роднай хацiны. Пад паветкаю насупраць хатнiх акон ляжаў лом. Мала яго было, але ён быў складзены руплiваю рукою. Пасярод двара нейкiя гнiлыя, разламаныя начоўкi ну проста-такi ўсцешылi сэрца гэтага чалавека.
– Тата прыйшоў! – закрычалi дзецi.
I хвiлiн пяць была радасная ўрачыстасць. Пасля адразу чалавек пайшоў аглядаць свае вуглы, усе закуткi ў двары. Сям'я не адставала ад яго нi на крок.
З таго ж самага дня чалавек пайшоў у работу. Ён зграбаў нейкую салому на таку, скасiў нейкi ўзмежак на агародзе, малацiў нейкi мiзэрны ўраджай так пудоў дзесяць жыта на год намалацiў! А пасля падаўся да палкоўнiцкага маёнтка. Гэта было нават i не лiшне далёка. Там ён цёрся, зняўшы шапку, на кухнi. Яго пачаставалi астачаю ад абеду панскiх слуг. Нарэшце яго павялi да палкоўнiка. Той ляжаў на верандзе, а каля яго доктар пераглядаў газеты. Доктар, мусiць, ужо ведаў гэтую гiсторыю, бо далiкатна падаўся ў сад.
– Ах, гэта ты, – сказаў палкоўнiк.
– Як ваша здароўе, ваша...
"Дзяншчык" цвёрда i выразна выгаварыў палкоўнiцкi чын.
Пра сваё здароўе палкоўнiк, аднак, нiчога не сказаў салдату. Ён некаторы час глядзеў кудысьцi паверх усяго, здавалася, што ён раптам забыўся на салдата i слухае цiхi шум дрэваў у старым садзе. Салдат вокам не змiргнуў, стаяў i цярплiва чакаў.
– Ах, гэта ты, – зноў сказаў палкоўнiк. – Дык чаго ты хочаш? Зямлю хочаш цi... цi, можа, даць табе добрую службу ў мяне пры фабрыцы? У мяне фабрыка не тут, а ў горадзе, вёрст за дзвесце адсюль. А зямля тут, у маёнтку.
– Як ваша ласка будзе.
– Ну, дык што хочаш, выбiрай. Доўга не думай. На фабрыку хочаш?
– Вельмi далёка, паночку. Ды нейк у горадзе я нiколi не жыў.
– Ну, дык зямлi?
– Зямля ж панская тут.
– Тут. А ты дзе хацеў?
– Таксама далёка мне з дому перабiрацца. Турбатня вялiкая, i кiшэня не вытрымае.
– Дык як я табе павiнен наравiць? Ну, гавары.
Салдат анiчога не мог сказаць у тую хвiлiну.
– Ты можаш жыць там, а тут зямлю выпусцiць. Ты i гэтак не хочаш?
– Хачу, паночку, хачу!
– Ну, дык...
Палкоўнiк, злосны i зняможаны, адкiнуўся на падушку, з пакутнiцкiм выглядам заплюшчыў вочы.
Аднак жа салдат маўчаў. Ён не ведаў, што гэтак будзе стаяць справа, ён уяўляў сабе палкоўнiцкую аддзяку так сабе, адцятую ад усяго. Ён не парадзiўся з жонкаю, з суседзьмi, можа, нават. З суседзьмi?! Не з усiмi, вядома, суседзьмi: як трапiў у рукi белы бiлет, пра гэта трэба было маўчаць. Але адзiн цi два з суседзяў цi з сваякоў маглi знайсцiся, якiм льга было сёе-тое расказаць i пакарыстацца iхняю парадаю ў гэтай заблытанай справе.
Палкоўнiк з стогнам прыўзняў галаву з падушкi i ткнуў пальцам у нейкую кропку. Уваскочыў лёкай.
– Няхай мой камiсар, – сказаў палкоўнiк, – выдзелiць гэтаму чалавеку з маёнтка пяць дзесяцiн зямлi. Без грошай. На вечную яго ўласнасць.
Салдат падзякаваў i пайшоў следам за лёкаем у камiсарскую афiцыну.
Нешта дзён два яшчэ пасля гэтага Пятро Тадаровiч цёрся ў панскiм маёнтку: чакаў усё фармальнай паперкi на зямлю. Сказаць праўду, дык за гэтыя два днi ён апрыкраў там маёнтаўскiм службоўцам: усё дапытваўся i правяраў, цi моцная гэта будзе паперка, цi не трэба яшчэ будзе праз усялякiя там гарадскiя канцылярыi праводзiць яе. Даючы яму на рукi паперку на зямлю, яму сказалi, што яна ўжо як мае быць аформлена.
На трэцi дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тадаровiч вярнуўся дадому. Цэлы дзень ён ехаў з адным салдацкiм абозам. Трохi дзiўна яму было, што салдацкi абоз раптам у гэтай мясцовасцi з'явiўся, але i ў лiшнюю гаворку з салдатамi не ўдаваўся. Кiламетраў за шэсць ад дому яму трэба было злезцi з фурманкi. Ён пайшоў пешшу. Цяпер гэта ўжо быў зусiм iншы чалавек, як тады, яшчэ нядаўна, калi блытаўся ён пад халоднымi зорамi на пустым полi, ля чорных акопаў. Цяпер ужо на заднi план адышоў ён сам сабе, а клопаты пра зямлю, пра гаспадарку нёс ён у сабе. Гэтакi ён быў усю дарогу. Але як злез ён з фурманкi i прайшоў крыху пад дом полем, адбылося штосьцi гэтакае, што нагадала яму ўвесь час, калi ён толькi дбаў, як бы ўратаваць на плячах галаву. У першую хвiлiну ён не паверыў, толькi стаў i прыслухаўся. У наступную хвiлiну валасы на галаве яго заварушылiся.
Вечар даўно ўжо агарнуў зямлю. Было цiха. Гэтак было цiха, што чуваць было, як з палявых дзiчак, дзе-небудзь паўз дарогу, падала лiсце на зямлю. Узышоў восенны месяц. Ад гэтага спакойнага святла яшчэ цiшэй здавалася на зямлi. Дзесьцi далёка брахаў сабака, пiснула палявая мыш. I раптам... Але спачатку чалавек не паверыў. Не можа быць! Вайна асталася далёка, чалавек на векi вечныя выратаваўся ад яе. Няхай там хто сабе хоча ваюе, каго сабе хочуць гоняць на смерць – што цяпер яму, Пятру Тадаровiчу! Яму пашанцавала, i ён адгарадзiўся ад усяго свету! Але ўжо ў наступную хвiлiну ён хапiўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду. Гукi гэтыя ён добра ведае! Цяпер яму ясна стала, чаму ў гэтай мясцовасцi з'явiўся вайсковы абоз. Як нежывы, дайшоў чалавек дадому. На двары ён яшчэ пастаяў, паслухаў. Кананада пачыналася здорава. З гукаў можна было меркаваць, што яна далёка, але ж яе чуваць, а гэтага тут раней яшчэ нiколi не было. Дома ўсе спалi i нiчога не чулi. Ён не пайшоў у хату, а падаўся на ток, на салому. Ён трывожна прадрамаў цэлую ноч. Ранiцою было цiха, але апоўднi з новай сiлай, мацней, як уначы, блiжэй, значыцца, чуваць было вайну. Яна, значыцца, даганяла чалавека, не давала яму атрапаць ад яе рук! Яна гналася за чалавекам свежым следам, i нiчога iншага чалавек не мог тут парадзiць.
Можа, яшчэ прайшло якiх два цi тры днi. I за гэты кароткi час аж, здаецца, сама мясцовасць змянiлася: зноў пайшлi дарогамi ўцякацкiя фурманкi, i гэта ўжо былi тутэйшыя людзi, з гутаркi можна было адразу пазнаць i з выгляду (раней, быў нядаўна час, ехалi людзi з Польшчы). А яшчэ праз некалькi дзён упартага гарматнага грому дзесьцi далёка войска заняло ўсю мясцовасць.
Пятро Тадаровiч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбiнкi верх з пасшываных старых мяшкоў. У тыя днi ён выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагi да жыцця i чуючы перад сабою адно – чорную навiсь смяртэльнай навалы. У кiшэнi яго ляжала добра зашытая моцнымi нiткамi паперка на пяць дзесяцiн зямлi з панскага маёнтка. Вайна гналася следам за iм. Яму давялося змяшацца з тысячамi ўцякацкiх фурманак на восеннай дарозе. Як ён нi ратаваўся з таго агульнага гора, яно ўсё адно спасцiгла яго.
III
Наступным годам, а можа, i двума, бачылi чалавека на брудных вакзалах, там, дзе было цясней, брудней, чарней, бяздольней. Можна было думаць, што чалавек нiчога iншага не ведае, нiколi не бачыў, – гэтак спакойна i панура ён увечары клаўся спаць дзе-небудзь ля сцяны, на цэментовай заплёванай падлозе, або, калi дазваляла надвор'е, на стаптанай траве цi на апыленым лопусе. Усю сваю маёмасць чалавек падсцiлаў пад сябе i падкладаў пад галаву. Часамi яго бачылi, i даволi доўгi час, як ён дзень пры днi стаяў на шумных праходах з працягненаю рукою, часамi чалавек даставаў работу i рабiў вельмi цягавiта. Пануры чалавек любiў работу! А колькi ён зарабляў – пра гэта невядома. Вiдаць было адно тое, што ён вельмi чорны i нейкi зямлiсты. Пры iм быў яшчэ хлопчык. Калi бацька быў на рабоце або калi, не маючы работы, стаяў з працягненаю рукою, хлопчык быў дзесьцi сам па сабе. Варочаўся да бацькi ён увечары. Спаць яны клалiся разам, акрываючыся ўдвух адным салдацкiм шынялём. Пасля ўсходу сонца бацька ўставаў: ён пачынаў дбаць пра будучыню, ён не мог згуляць анiводнай хвiлiны. Кожная хвiлiна павiнна была даць што-небудзь у скарбнiцу той будучынi.
Гэты чалавек быў нешчаслiвы, але ён не заўважаў таго няшчасця – гэтак моцна i ўпарта не паддаваўся ён сённяшняму дню, каб прыдбаць сабе тое, што прыйдзе пасля. Ён як бы не заўважаў самога сябе i ўсяго, што было навокал яго: усё гэта калi-небудзь павiнна мiнуцца, бо нiчога ж няма вечнага. I не толькi самога сябе не заўважаў чалавек. Было падобна да таго, што ён не заўважае i свайго сына. Так, раз на тыдзень папытае яго, дзе ён ходзiць i што ён робiць. Сын жа жыў ужо сваiмi iнтарэсамi i, здаецца, гэтаксама мала цiкавiўся бацькам. Гора зблiжае людзей, гэта факт. Але тут чалавекам апанавала адна iдэя. I ўсё iншае пайшло ёй у ахвяру. Гэта была iдэя таго, што трэба перабыць, перагараваць гэтыя днi i зрабiць сабе тое, за што можна будзе ўхапiцца, калi цяперашняе гора пройдзе. Аднойчы памiж бацькам i сынам адбылося вось што. Сын (яму было цяпер год дванаццаць) не прыходзiў да бацькi больш за тыдзень. Апошнiя днi гэтага тыдня бацька пачаў тужыць – дзе дзеўся хлопец. Хлопец прыйшоў апоўднi i знайшоў бацьку за вакзалам, на чыгунцы. Бацька бiў каменне велiзарным молатам.
– Зноў работу дастаў? – сказаў хлопец.
– Дастаў, – адказаў бацька.
– Я табе хачу сказаць... – загаварыў хлопец.
– Пачакай, – перабiў яго бацька, – зараз будзе перапынак на полудзень, дык тады скажаш. А то гаварыць пры рабоце нязручна. Старшыня будзе крывiцца.
Хлопец паслухмяна адышоўся ўбок i праседзеў з паўгадзiны на адкосе. Бацька заўважыў, што за гэтую паўгадзiну сын скурыў чатыры папяросы.
– От што, – сказаў хлопец, калi бацька сеў палуднаваць, – я табе скажу, што я зусiм заўтра паеду адгэтуль.
– Куды?! – устрывожыўся чалавек. – Хочаш есцi? На хлеб, еш.
– Не, я палуднаваў, – адказаў сын. – Я даўно ўжо жыву каля сапёрнае работы. Кожная вайсковая часць мае пры сабе аднаго-двух гэтакiх, як я. А цяпер рота выязджае адгэтуль, дык i я з ёю.
– А можа, яна выязджае на фронт? – зусiм ужо ўстрывожыўся чалавек.
– Гэта вайсковы сакрэт. Самi салдаты нават не ведаюць да апошняга моманту... Я ўжо не буду гэтакi абарванец, як цяпер. Мне салдат шые з старога шыняля на мой рост шынялец. Таксама будзе гiмнасцёрка, боты, а шапка ўжо ёсць.
Бацька глядзеў на сынаву галаву i сапраўды ўбачыў новую салдацкую шапку, на хлопчыкаву галаву якраз, а на шапцы салдацкая цэшка.
– Пагоны ў мяне таксама будуць, – пахвалiўся малы.
– Як жа ты паедзеш ад мяне? Падумай ты, салдат ганяюць з месца на месца, ты можаш мяне зусiм страцiць. Можа, мы нiколi не знойдзем адзiн аднаго.
– Знойдзем. Я табе буду пiсаць, а ты мне адказваць будзеш. А там я затое не галодны. Я салдацкай кашы i баршча ем колькi захачу.
– Гэта-то добра, мой сынок, гэта добра, што добрыя людзi цябе кормяць. Але мне страшна цябе пускаць ад сябе.
– Што я тут буду пры табе рабiць? А так я памiж людзей вытруся.
– Ты ў мяне адзiн астаўся, з усёй нашай сям'i. (Вочы ў чалавека пачырванелi ад слёз.) Матку мы сваю пахавалi пры дарозе, як мы ехалi сюды ад вайны, на ўцякацтва. Праехаўшы вёрст сто яшчэ далей, пахавалi ў адзiн дзень тваiх меншых братку i сястру. (Чалавек ужо зусiм плакаў.) А праз тры днi пасля гэтага ўжо больш ехаць не было на чым – конь кончыўся, i ўсё на дарозе кiнуць трэба было: хто ў такiя часы мог купiць у нас усё, што там на возе ляжала. Вайна даганяла нас. Нам трэба было ратавацца.
– Пусцi мяне ехаць.
– Цяпер як мы жывом? Мы цяпер жывом, абы пражыць дзень, перагараваць. I што-небудзь трэба каб асталося ў нас на той дзень, калi вайна скончыцца, усё ўпарадкуецца, можна будзе вярнуцца дадому назад i пачаць там жыць па-чалавечы. Я табе, сынку, скажу, ты быў у мяне яшчэ зусiм малы i мала што можаш памятаць. Мы ўвесь свой век з тваёю маткаю i з вамi малымi (зноў слёзы) – не жылi, а гнiлi. Мы жылi на гэтакiм маленькiм кавалачку зямлi, на якiм хiба адно агарод можна было зрабiць, а не хлеб сеяць. Мы жылi без хлеба, без адзежы, як старыя якiя.
– Гэтак як цяпер.
– А можна сказаць, што i мала лепш... Пасля мяне забралi на вайну. Няшчасце на ўсiх людзей найшло: адным ваяваць, другiм кiдаць усё сваё i выязджаць ад вайны ў чужы свет. Мне было пашанцавала на фронце. Я вынес з акопа раненага палкоўнiка i панёс яго да санiтараў. Каб не я, ён бы там зайшоўся б адзiн. Палкоўнiк быў якраз багаты пан, у яго i маёнткi свае, i фабрыкi свае. Дык ён мне за гэта аддзякаваў: ён мне пяць дзесяцiн зямлi адрэзаў з свайго маёнтка. Вось папера на гэтую зямлю. (Чалавек дастаў з-за пазухi паперу, паглядзеў на яе i шпарка схаваў назад.) Дык я цяпер збiраю кожную капейку, кожны грош. Я лепш галодны пасяджу, а капейкi не страчу. Калi няма работы, я стану, працягну руку i ў людзей прашу, абы мне кожны дзень хоць крыху што-небудзь дадаў да таго, што ў нагавiчнай паяснiцы зашыта. Бо прыйдзе час, пасля вайны, калi спакойна можна будзе вярнуцца дадому. Там пяць дзесяцiн зямлi, свае, уласнае (папера за пазухаю) чакае. Там нанова гаспадарка пачнецца, пагаруецца i што-небудзь выгаруецца. А на пачатак справы патрэбны грошы.
– Дык мы будзем ведаць адзiн пра аднаго. Не навек жа мы разлучаемся.
– Цяпер восень. Я выхлапатаў сабе ў камiтэце на зiму месца ў бараку. На цябе i на сябе... Я ўжо нават сёння начаваў у тым бараку. Добра. Дождж на галаву не лье i вецер не дзьме. Барак мураваны, раней нейкiя крамы там былi. Народу хоць многа там, але перазiмаваць там можна будзе. На зiму печы там паставяць. А тым часам не можа быць, каб вайна на зiму не скончылася. Вайна ўсiм у косцi ўелася...
– Ну, дык я з табою зранку заўтра яшчэ развiтаюся. Ты заўтра робiш? Дзе ты будзеш заўтра?
– Заўтра нядзеля, работы няма.
– Дык прыйдзi на вакзал зранку. Заўтра наша часць выязджае.
Хлапчук паважна i стала сказаў гэта i пабег. Пасля пайшоў паволi, два разы азiрнуўшыся на бацьку. Бацька ўжо бiў з-за вуха молатам у камень.
Назаўтра зранку чалавек убачыў свайго сына.
Гэтае малое хлапчанё мела такi выгляд, як быццам бы не будзь ён памiж салдат на вакзале, дык у адзiн момант зруйнуецца ўвесь свет. Хлапчанё было у мiнiяцюры салдат расейскай армii: шынялец, боты (праўда, у адзiн той бот можна было яму зараз дзве нагi ўсаджваць), пагоны з сiняга сукна, учарашняя цэшка на шапцы, шырокая папруга па шынялi пад хлясцiк. Малы з гордаю знявагаю да ўсяго, што толькi было перад iм, трымаўся навыцяжку, браў рукi па швах...
– Здароў! – сказаў ён бацьку.
– Не забывай мяне, сынку. Ты яшчэ малы, ты яшчэ дзiця...
Салдаты рушылi на перон, малы з iмi. Ён нават меў за плячыма нешта накшталт салдацкага ранца. Бацька паспеў адно развiтацца з сынам. На перон ужо яго не пусцiлi. Ён выйшаў з вакзала сумны. Штосьцi пакутнае цяжка варочалася ў грудзях яго. Ён чуў цяпер сябе страшна самотным, як бы сярод мора на гнiлой дошцы. Ён чуў, як прыходзiлi i адыходзiлi цягнiкi, як маршыравалi салдаты, змучаныя конi цяглi гарадскiмi вулiцамi гарматы, не менш змучаныя людзi, прыбiтыя, прыглушаныя, штосьцi рабiлi каля гэтых гармат, штосьцi адзiн аднаму загадвалi, гаварылi, злавалi, лаялiся, маўчалi... Восеннае сонца пякло над горадам. Вулiцы былi пыльныя. Народу было на вулiцах поўна. Званiлi ў царкве. Гук быў густы, моцны, не гэтакi, як калiсьцi там, адкуль выгнала вайна. Адчуванне самотнасцi ў чалавека было большае, як тады, калi ён астаўся адзiн на вайне ля зруйнаваных акопаў. Ён прабадзяўся з паўдня па гораду, заходзiў у царкву, стаяў пад гiпнозам iмшы, вярнуўся ў барак, лёг на сваё месца i маўчаў. Навокал адчувалася вайна: салдаты, уцекачы, бядота, смерць (не толькi там, на фронце, салдацкая смерць, але i тут, яшчэ страшнейшая, у цiхiх кутках, у трантах, у брудзе, у вошах). Ён нiчога не думаў больш у той дзень. Ён не мог знайсцi нi пачатку, нi канцоў, нi прычын – нiчому: нi вайне, нi смерцi, нi голаду. Як муха ў вадзе. Ён нiчога не разумеў на свеце.
У наступныя днi ён зноў хадзiў на работу. Быў яшчэ больш пануры i з яшчэ большай упартасцю абмацваў паперку на пяць дзесяцiн зямлi за пазухаю i грошы ў нагавiчнай паяснiцы.
Ад сына нiякае весткi ён больш ужо не меў. Можа, той i пiсаў бацьку што, але бацька ў бараку доўга не быў. Ён неўзабаве, мокрым i халодным восенным днём, прамок i захаладзiўся на рабоце. Назаўтра на работу ён не выйшаў, а на трэцi дзень быў у вялiкай гарачцы. Яму пашанцавала: праз дзён дзесяць яго завезлi з барака ў больнiцу. Там ён i пракачаўся вельмi доўга, нешта аж усю зiму, да самай вясны. Калi адбывалася рэвалюцыя, ён ужо хадзiў па больнiчным пакоi, падоўгу прастойваў ля акна, глядзеў на залiтыя сонцам тратуары i сцены. Чалавек быў гэтымi часамi вясёлы. Перш за ўсё рэвалюцыя. Як бы ён нi разумеў яе, якую б яе нi бачыў цi, праўдзiвей, адчуваў, але ведаў ён адно цвёрда i ясна: яна за яго, яна iдзе на дапамогу гэткiм людзям, як ён. Як клаўся ён у шпiталi, ён вельмi старанна выбраў з паяснiцы грошы, далучыў да iх паперку на пяць дзесяцiн зямлi, усё гэта завязаў у хустачку i паклаў пад падушку. Хоць быў ён i ў гарачцы, але на гэта ў яго знайшлося яшчэ сiлы i яснасцi ў галаве. З гарачкi ён усё гаварыў пра гэтыя грошы, пра пяць дзесяцiн зямлi, пра дамоўку, пра тую часiну, калi ён зноў возьмецца нацiраць спакойна мазалi на руках i нагах i цiха сабе лiць сёмы пот на зямлi. Больш нiчога яшчэ не трэба. I нiкога яму не трэба. Увесь свет па сабе, i ён па сабе. I от прыйшла аднекуль рэвалюцыя. Што такое гэтая рэвалюцыя? Яна ёсць дадатак да грошай у нагавiчнай паяснiцы i да паперкi на пяць дзесяцiн зямлi. Цар ваяваў – цара скiнулi. Буржуазiя была багатая, яна магла нават здароваму салдату выстарацца белы бiлет. Яна ўсё можа! А бедны, просты чалавек гараваў. Дык рэвалюцыя дала цi дасць па шапцы гэтай самай буржуазii, на карысць беднаму чалавеку. Дык няхай жыве рэвалюцыя! I Пятро Тадаровiч кожны дзень абмацваў пад сваёю падушкаю малюпаценькi пакуначак у бруднай насатцы. Там былi папяровыя грошы, але найбольш яны былi перагнаны на золата. Як i дзе чалавек даставаў гэты метал – ён сам ведаў. Ратуючыся сам у сабе, з сабою i сваiмi спосабамi ад усялякай навалы, ён выпрацаваў у сабе панурасць, праз панурасць прафiльтравалася жалезная практыка.
Ужо калi выйшаў ён з шпiталя, горад кiпеў першымi месяцамi рэвалюцыi. Чалавек ахвотна i з цiкавасцю хадзiў слухаць на мiтынгi, сам адчуваў у сабе тую самую рэвалюцыю, праўда, па-свойму, i з вялiкаю радасцю бачыў, што сапраўды вайна дайшла да канца. Зараз ачысцiцца ад вайны тое месца, адкуль ён родам, дзе тыя пяць дзесяцiн яго ўласнай на векi вечныя зямлi. А да гэтай зямлi рэвалюцыя яшчэ дадасць больш зямлi. Як тады не жыць чалавеку. У такiя хвiлiны чалавек быў блiзкi да таго, што заплача; ён думаў пра загубленую на ўцякацтве сям'ю. Ён астаўся адзiн. Адзiны жывы сын яго прапаў дзесьцi без вестак! У яго вачах паўставалi тыя хвiлiны, калi каналi на дарозе яго малыя дзецi, яго жонка – матка гэтых дзяцей. Няхай жыве рэвалюцыя, яна скончыла вайну, яна супроць той буржуазii, якая ўшчала вайну! (Пра гэта ён ужо наслухаўся.) Зараз ён рушыць дадому!