Текст книги "Не пi густога чаю"
Автор книги: Кузьма Чорный
Жанр:
Классическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Черный Кузьма
Не пi густога чаю (на белорусском языке)
Кузьма Чорны
Не пi густога чаю
Загадчык рэгiстратуры выступаючых i ўступаючых папер у нейкай установе, Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, выпiў два куфлi пiва i ўжо хацеў iсцi з пiўной, як раптам пачуў непадалёку недзе цiкавую гаворку. I самае галоўнае, дык гэта тое, што галасы былi як бы знаёмыя.
– У нашыя часы, Ферапонт Пятровiч, – чуўся недзе блiзка хрыпла-густы i нiзкi голас, – асоба ў гiсторыi нiякай ролi не грае, i больш нiчога я вам не кажу...
– З якiх гэта часоў пачалося? – запытаў другi голас, скрыпуча-павольны i вялы, як тандэтная кiлбаса.
– З якiх часоў гэта пачалося, точна вам указаць не магу, бо яшчэ пакуль што на занятках гуртка мы да гэтага не дайшлi, але даволi таго, што я канстатую факт, якi дамiнiруе над усiм, i загэтым тут нiякiм сiтуацыям думкi не павiнна быць месца.
– Значыць, наколькi я асмелюся думаць, тут iнструкцыя такая выйшла для няўхiльнага правядзення ў жыццё.
– Чаго не ведаю, таго не скажу.
– А пад якiм нумарам iнструкцыя была ў журнал заведзена?
– Пачцi што i не помню... Эй, гражданiн, давайце яшчэ па куфлi.
Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, пачуўшы гаворку, высунуўся з-за стала, каб выгледзець, хто гэта ў пiўной вядзе такую сталую размову. Для гэтага яму прыйшлося агледзець некалькi блiжэйшых столiкаў.
– Чорт яго ведае, – сказаў сам сабе Цэнтразыхер, – вось i пазнай тут, хто гаворыць, калi за кожным столiкам усё такiя, вiдаць, людзi, якiя не могуць вырашаць такiя пытаннi.
Налева ад Цэнтразыхера, зусiм блiзка, сядзелi два рэпарцёры мясцовай газеты i трымалi ў руках нейкiя запiсачкi.
"Вось гэта яны, мусiць, i гавораць", – падумаў Барыс Iванавiч i прыгнуўся ў iх бок, каб слухаць.
– А я вам, таварыш Пастрочны, магу даказаць, – гаварыў нервова i рашуча адзiн рэпарцёр, махаючы рукамi перад носам другога, – што з гэтай вашай заметачкi больш не выйдзе, як дзесяць радкоў. Вы мне хоць кол на галаве чашэце, а я буду стаяць за сваё.
– Вы памыляецеся, таварыш Ганарарны, – апраўдваўся другi, – тут будзе сама менш пятнаццаць радкоў...
– А калi пусцiць яе на сем квадратаў, ды зрабiць чатыры абзацы, – не ўнiмаўся першы, – дык гэтая ваша заметка страцiць усякую цiкавасць...
"Ну, тут гавораць пра справы службовыя", – падумаў Барыс Iванавiч i перавёў вочы на другi столiк. Там цэлай кампанiяй вырашалася пытанне, дзе i як цяперашнiм светам трэба шукаць жонку, каб яна была самаю настаяшчаю жонкаю, а не лiха ведае чым.
"Ну, гэта народ дробны i адсталы, – падумаў Барыс Iванавiч, – яны аб ролi асобы ў гiсторыi гаварыць не будуць. Для iх гэта недаступна".
I, падумаўшы так, перавёў вочы i вушы зусiм направа. Там, пры самай сцяне, было цемнавата, i загэтым чалавечыя галовы злiвалiся з куфлямi пiва i трудна было ўгадаць – цi то гэта там на адну голаў прыходзiцца дзесяць куфляў, цi на адзiн куфель дзесяць галоў. Барыс Iванавiч прыслухаўся i, пачуўшы ўсяго некалькi галасоў, прыйшоў к пункту погляду, што там на аднаго чалавека прыходзiцца каля дзесяцi куфляў.
– У нашы часы, – чуўся адтуль голас, – рыфма ў вершах нiякай ролi не грае. Я неяк раз гаварыў з старшымi механiкамi па гэтай часцi, дык яны мне гэтае самае сказалi. Так што ты, калi гэта сур'ёзна задумаў узяцца сцiшкi сачыняць, дык звярнi на гэта ўвагу. Я табе раю як прыяцель, якi хоча табе дабра.
– Я гэта, братка, бачу, – пачуўся цiхi i нервовы голас.
"Ну, – махнуў рукою i ўсмiхнуўся Барыс Iванавiч, – не з маiм становiшчам па службе слухаць такiя рэчы. Я чалавек практычны i сталы".
"Ну, значыць, так i не давядзецца, мусiць, даведацца, хто гэта пра гiстарычныя тэмы гаворку разводзiў, – падумаў далей Цэнтразыхер, – а цiкава было б пабачыць сталых людзей. Трэба было б пазнаёмiцца з iмi".
На ўсякi выпадак Барыс Iванавiч падняўся са свайго месца i акiнуў вокам столiкi далей. I раптам сеў, застыўшы на адным месцы. Проста перад iм, за другiм столiкам, сядзелi рэгiстратары папер у яго аддзеле – рэгiстратар уступаючых папер Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк i рэгiстратар выступаючых папер Павал Крамiнадавiч Чыстапiс – абодва пажылыя i сталыя мужчыны з акуратна пастрыжанымi чыноўнiцкiмi бародкамi.
– От табе i раз, – сказаў сам сабе цiха Барыс Iванавiч, – вось з iмi-то мне якраз тут не хацелася б сустракацца. Нявыгаднае дзела, калi аба мне сярод служачых пойдзе гаворка, што i я п'ю. На маiм месцы трэба лепш усяго выяўляць сябе за чалавека сучасных поглядаў – за чалавека, якi не п'е, карт не ведае, у Бога не верыць i не любiць мяшчанства. А тут яны мяне якраз могуць за куфлямi ўгледзець, гэта проста, значыць, папаўся я перад людзьмi, якiя нiжэй мяне стаяць. У старыя часы, калi я служыў у казённай палаце, нi разу не пападаўся, а гэта якраз папаўся. I перад кiм, каб хто папытаў?! А тут, лiха на яго, i выйсцi няма як – якраз мiма iх столiка праходзiць прыйдзецца. Трэба чакаць, пакуль яны першымi выйдуць.
Барыс Iванавiч адсунуў ад сябе куфлi, падпёр твар рукамi i пачаў супакойвацца.
"Добра, што хоць тут нейкi цемнаваты куток", – з'явiлася ў яго радасная думка, i ўжо зусiм прапала ў яго цiкавасць да той асобы, якая "ў нашы часы ў гiсторыi ролi не грае".
– ...Але скажэце вы мне, Павал Крамiнадавiч, нашто для нашага брата гэтыя гурткi ўведзены? – гарачыўся Ферапонт Пятровiч за куфлем пiва, як бы здаволены тым, што гаворка перайшла ў спрэчку. – Ну для чаго, скажам, вы на гэтым самым гуртку вывучаеце, што ў нашы часы асоба ў гiсторыi ролi не грае?!. Ды я каму хочаце скажу, што для нас гэта не мае жаднае маралi... I я зараз вам цвёрдым агрумантам перагэтае думкi свае: ну, скажэце вы, Павал Крамiнадавiч, на мiласць – ад таго, што асоба ў гiсторыi пакiнула ролю граць, вы паперы запiсваеце ў журнал зверху ўнiз цi знiзу ўверх? Парадак той самы, а загэтым для нас, скажам, рэгiстратараў, гэтыя гурткi, з такiмi пытаннямi, маюць такую цану, як асоба ў гiсторыi цi гiсторыя ў асобе... Я гавару пра сябе, скажам...
Ад пiва галава ў Ферапонта Пятровiча звесiлася ўнiз, намокшыя вусы пераблыталiся з барадою, а вочы зрабiлiся як мокры попел. Павал жа Крамiнадавiч яшчэ не паддаваўся – усё абцiраў хустачкаю пад носам ды падпiраў леваю рукою бок.
– Што вы тут, Ферапонт Пятровiч, панiку наводзiце, – накiнуўся ён на Чарнiлюка, – з вас крытык усё роўна, як з нашага кур'ера марксiст. Нашто вам гаварыць аб тым, аб чым вы нiчога не ведаеце. Гурток патрэбен i должан быць!
– Але нашто?
– Аб гэтым можна i не пытаць. Брыдка пытаць аб гэтым у нашы часы. Патрэбен, дый усё тут!..
– Даўней, аднак, нiякiх гурткоў гэтых не было, а паперы ў журнал яшчэ больш акуратна запiсвалiся, чым цяпер!..
– Што вы даўнейшае памiнаеце?! Даўней гiсторыя ў асобе, значыць, гэтае, а цяпер зусiм iншае... Вам яшчэ, як бачу, трэба павучыцца!..
– А вы б, Ферапонт Пятровiч, чым вучыць сталых людзей, адвучылi б сваю жонку ад несучасных мяшчанскiх прывычак...
Ферапонт Пятровiч раптоўна падняўся, растапырыў рукi i, трагiчна пакiваўшы галавою, уставiў свае вочы ў твар Паўла Крамiнадавiча.
– Калi ўжо справа дайшла да жонкi, – закрычаў Чарнiлюк, – то я вам павiнен сказаць, што як вы сабе нi перагэтае!..
I раптам змоўк Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк. Змоўк, а твар яго сабраўся ў змаршчакi, яшчэ больш пачырванеў, губы папрабавалi выявiць ухмылку, ды не маглi. I сеў Ферапонт Пятровiч, уткнуўшыся носам у стол.
– Што вы там такое ўгледзелi? – запытаў шэптам Павал Крамiнадавiч.
Запытаў i падняўся, паглядзеў туды, куды глядзеў Ферапонт Пятровiч, i таксама сеў, прыцiхшы.
Там, у цемнаватым кутку, угледзелi яны нешта такое, што пачало зварачаць iм цвярозасць.
I Ферапонт Пятровiч Чарнiлюк, i Павал Крамiнадавiч Чыстапiс у кутку за столiкам убачылi ўскудлачаную галаву i вастраносы твар Барыса Iванавiча Цэнтразыхера. Абодва яны зараз жа селi i, забыўшы асобу ў гiсторыi i мяшчанскiя погляды на жыццё жонкi аднаго з iх, зрабiлiся вялiкiмi прыяцелямi адзiн аднаму.
– От, каб яго агнi спяклi! – загаварыў цiхенька Ферапонт Пятровiч, прыгнуўшыся да Паўла Крамiнадавiча, – да таго шкода патрачанага часу i энергii, проста крыўднае дзела... Збiраўся, збiраўся, хадзiў-хадзiў на гэтыя сходы, i раптам усе дуды аб землю.
– Чаму, што? – прашаптаў зусiм ужо спалоханы Павал Крамiнадавiч.
– Гэта ж такая справа ў мяне выходзiць. Значыць, пачаў прыглядацца да людзей, уваходзiць думкамi i смякалкай у жыццё, ды адзiн раз i гавару дома вечарам жонцы: "Так i так, кажу, а цi не пачаць мне паступаць, кажу, у партыю. Дзякуй Богу, пара, час спакойны, цяпер самы раз паступаць; абы толькi як Бог памог убiцца туды". "А што ты думаеш, – адказвае мне жонка, выгаднае дзела, тады зусiм iнакшы вiд будзем мець". "Вагу тады я буду ў сабе мець", – падумаў я. А тут якраз мой добры знаёмы канторшчык на жалезнай дарозе Гiцмаржовiнскi гэтае самае задумаў, мне ва ўсiм прызнаўся i паехаў у Екацярынаслаў паступаць у партыю; дык мяне калi возьме яшчэ большая ахвота! "Ну, думаю, калi Бог дасць здароўе – неўзабаве буду ў партыi састаяць". Зараз пачаў зарэкамендоўваць сябе – сходы там усякiя, скромнасць, пашана да старшых, бiлеты сабе i жонцы на спектакль, калi ён ставiцца на карысць прафсаюзаў, ды цi мала чаго. "Абы, адно, Бог даў здароўе", – думаю сабе... А гэта якраз сягонняшнi вечар, каб ён згарэў, каб ён, усё сапсаваў – гэта ж Барыс Iванавiч Цэнтразыхер сам таксама ў партыю хоча, i здаецца мне, што скарэй за мяне паступiць, а, паступiўшы, мне ходу не дасць, бачыўшы мяне за куфлямi...
– Смякнеце вы i радуйцеся, – перабiў цiха i ў захапленнi Павал Крамiнадавiч, – раскiньце розумам направа, раскiньце налева i ўразумейце, што ён будзе маўчаць, як вады ў рот набраўшы.
– Чаму?!.
– Чаму?!. Ды папытайце вы ў яго, чаго гэта ён тут сядзiць, у цёмны кут забраўшыся?..
– Як я бачу, – загаварыў вялым голасам Ферапонт Пятровiч, – дык вы, Павал Крамiнадавiч, хоць яшчэ трыццаць тры гады з палавiнаю запiсвайце пад нумар паперы ў журнал, усё роўна будзеце тым, кiм вы ёсць. I перад тым, як пачынаць выказваць думку сваю, заўсёды падумайце. А то заўсёды ўзрадуеце гаворкаю, а пасля гэтай радасцi горш яшчэ на душы робiцца, бо вашы словы на ўзвей вецер.
– Чаму?
– А таму, што вы не падумалi аб тым, што тут не толькi пiва, а чаго хочаш дастанеш. I, можа, ён зусiм не для пiва сюды прыйшоў.
– Вы думаеце? – узрадаваўся Павал Крамiнадавiч. – Калi так, дык тым пачай: калi ён, скажам, настаяшчы напiтак п'е, дык уручаю галавой, што слова нiдзе не скажа, бо сам гэткi самы.
– Эх, Чыстапiс, Чыстапiс, – патрос галавою Чарнiлюк, – служыце вы разам з iм у ваднэй установе, а не можаце дадумацца, што ён можа тут калi-небудзь чай пiць. Ну хто яму можа забаранiць прыйсцi сюды шклянку, скажам, чаю выпiць? Паколькi я яшчэ не згубiў розум, пастолькi бачыў яго толькi голаў, нiякiх жа куфляў, нi шмуфляў каля яго не бачыў.
– Не бачылi? – устрывожыўся Павал Крамiнадавiч. – Няўжо каля яго куфляў няма; значыць, гатова быць непрыемнасць па службе. От увагнаў чорт мяне сягоння сюды!
– А мяне?!
– Ну i вас?
– А ў яго такi, здаецца, вiдаць два куфлi, – радасна шапнуў Павал Крамiнадавiч, прыгледзеўшыся.
– Ну?! – крыкнуў Ферапонт Пятровiч голасам, у якiм было надзвычайна многа i радасцi i надзеi.
– Верна. Вунь нешта блiшчыць, здаецца, вуха ад куфля.
I яны ўдвух трохi прыпаднялiся i пачалi прыглядацца на столiк Цэнтразыхера.
"Прыглядаюцца, каб яны папруцянелi, – падумаў Барыс Iванавiч Цэнтразыхер, – от табе i прыйшоў, чорнага пiва папрабаваў. Цяпер, сволачы, разнясуць языкамi па ўсiм свеце, што я вечарам па пiўных цягаюся. Гэта ж мяшчане чыстакроўнай крывi. Прападзе, лiха на яго, погляд на мяне як на чалавека з сучаснымi поглядамi на жыццё. Горка жыць на свеце! Папрашу я, адно, чаю, – з'явiлася ў яго думка, – ды так папрашу, нiбы я цяпер гэта пiў не пiва, а чай такi густы".
– Гражданiн, – гукнуў Цэнтразыхер, – дайце мне яшчэ чаю, ды не такога густога i ў шклянцы!
Гражданiн абцёр рукi аб свой белы фартух i прынёс чай.
– Чуеце вы, – загаварыў Ферапонт Пятровiч, – гэта ж ён чай з куфля, мусiць, пiў; i чаму гэта з куфля, чорт яго ведае. Няўжо гэта шклянак не хвацiла? Давайце i мы сабе закажам чаю ў шклянках i закруцiм яму галаву за мiлую душу.
– Давайце!
– Эй, гражданiн, нам таксама чаю ў шклянках, але густога.
Гражданiн прынёс чай, i трое людзей за двума столiкамi пiлi яго, радасна паглядаючы адзiн на аднаго i адсунуўшы ад сябе куфлi з астаткамi чорнага пiва.
Праз паўгадзiны яны ўсе ўтрох па-прыяцельску выходзiлi з пiўной.
– А я, ведаеце, чаго трохi сягоння тут сцебануў, – гаварыў, выходзячы, Барыс Iванавiч, – маю прывычку хадзiць у пiўную вечарамi чай пiць.
– Гэтаксама i мы, – адказаў Ферапонт Пятровiч, – iшлi гэта мы з Паўлам Крамiнадавiчам мiма дый рашылi зайсцi ў пiўную чаю выпiць... Ну, выпiлi гэта мы па куфлi чаю, а пасля задумалi яшчэ па шклянцы выпiць... Ну, выпiлi яшчэ па шклянцы, дый гэтае...
– Я таксама, – падаў голас Цэнтразыхер, – выпiў два куфлi чаю, а пасля яшчэ шклянку... Але вельмi нейкi чай тут густы падаюць, проста чорны, як дзёгаць. Цi то гэта, можа, ён ад таго такiм здаецца, што ў куфлях?!.
– А мне, каб вы ведалi, – сказаў Ферапонт Пятровiч, – прафесар забаранiў густы чай пiць, паколькi ў мяне, значыць, бiццё сэрца i плеўрыт мазгоў. Так мне выразна i сказаў: не пi ты, кажа, браце, густога чаю (мы з iм на ты). Але потым п'ю – не магу ўстрымацца, нутро прымае. Ну, бывайце здаровы, Барыс Iванавiч, i вы, Павал Крамiнадавiч. Сягоння яшчэ не позна пайду пачытаю трохi. Я, ведаеце, Барыс Iванавiч, цяпер палiтычныя кнiгi чытаю вечарамi – светагляд пашырыць трэба... Паколькi цяпер асоба ў гiсторыi ролi не грае, пастолькi, значыць, адным словам, i гэтае... Бывайце здаровы.
1925