355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кузьма Чорный » На беразе » Текст книги (страница 1)
На беразе
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 03:29

Текст книги "На беразе"


Автор книги: Кузьма Чорный



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Черный Кузьма
На беразе (на белорусском языке)

Кузьма Чорны

На беразе

I

Густы i мокры вецер гонiць сырыя i цяжкiя хмары; яны грузна плывуць, лезучы адна на другую, закрываюць сабою неба i сонца i робяць асеннi дзень шэрым i хмурным.

Часам спускаюцца яны нiзка i сеюць на мокрую зямлю дробны дождж-iмглу, а часам узнiмаюцца вышэй i, не вытрымаўшы сiлы ветру, разрываюцца i ачышчаюць бледную сiнь неба. Тады пакiдае iсцi дождж, i пачынае выглядаць сонца.

Ад яго свету белая пена быстрай i шумлiвай ад ветру ракi аддае жаўтавата-блiшчастым колерам.

Рака выйшла з сваiх берагоў.

Густая i каламутная ад асеннiх дажджоў вада ў ёй паднялася i залiла абодва берагi.

З быстрага размаху свайго кiдае яна на iх сваёю пенай, б'ецца аб купчастыя вяршалiны затопленых ёю кустоў алешнiку i крушыны i весела плюхае, бурлiць i шумiць...

У тым месцы, дзе канчаецца вада i пачынаецца жаўтавата-зялёны, пацямнеўшы бераг, стаiць прыкручаны к слупку новенькi невялiчкi паром. Ззаду за iм, блiжэй к сярэдзiне ракi, свецяцца ў вадзе жоўтыя дошкi-масткi, якiмi абложан бераг у тым месцы, дзе ў звычайны час прыстае паром. Цяпер, як паднялася вада, ён прыстае проста к зямлi i ходзiць паверх сваiх масткоў.

Направа, збоку – залiтыя вадою, асмаленыя пблi, на якiх трымаўся мост, спалены палякамi ў вайну. Паром ходзiць да часу, пакуль не будзе зроблен новы мост.

Процiў парома, у некалькi кроках ад вады прытулiлася к зямлi будка паромшчыка. Яна сплецена яшчэ ў канцы лета з бярозавых дубцоў. Лiсце на iх пажоўкла i пасохла i цяпер шумiць на ветры цiха i нудна.

Вакол будкi – скошаны ўлетку поплаў, сям-там чарнеюць на iм нiзкiя купiны, атава збiта быдлам i пацямнела.

Па ёй задумёна i важна спацыруюць вароны; месцамi зямля ад iх, на вялiкi абшар, чарнее жывымi купiнкамi. Як пачынае свяцiць сонца, яны ўзнiмаюцца i, весела крычучы, нiзка кружацца над зямлёю.

На той бок ракi, на ўзгорку, сярод заворанага на зiму поля, вiдаць вёска Хартонаўка.

На гэты бок, не вельмi далёка – голы ўжо дубовы лес i пры iм, як клешч пры вялiкiм целе, – малады бярэзнiк.

На беразе пуста.

Адзiнокi паром трасецца на вадзе, шморгаючы аб пусты, звiты ў некалькi столак дрот, працягнуты цераз рэчку, з аднаго берага на другi. Каля будкi валяецца некалькi паленняў дроў, куча лому i каля яе патухшае вогнiшча...

Паромшчык Амелька Вiлач не вылазiць з свае будкi – рад, што перавозiць некага: гэтакаю пагодаю мала хто ездзiць i ходзiць.

Яму пяцьдзесят год. Цвёрдыя вусы яго канцамi сваiмi растуць унiз i закрываюць рот. Мяккая, махнаценькая "папоўская" шапка яго заўсёды ссунута на патылiцу, адкрываючы шырокi лоб i даючы твару яго такi выгляд, як бы ён на доўгi час збiраецца падняць сваю галаву ўгару i чорнымi вачыма сваiмi пiльна ўглядацца ва ўсё тое, што робiцца вакол.

Нiзка стрыжаныя валасы яго каля вушэй чуць-чуць серабрацца сiвiзной.

На iм кароткая цвёрдая жакетка з тоўстага гаспадарчага сукна, саматканыя порткi з вузкiмi чорнымi палоскамi, уздоўж па шэрым, i боты з нiзенькiмi халявамi i падковамi.

Сягоння ён вясёлы.

Атрымаўшы ўчора ў iспалкоме месячную пенсiю за сваю службу пры пароме, ён начаваў гэтую ноч дома – у вёсцы, на той бок лесу, вёрст дзве ад парому.

Прыйшоў ён сюды ранiцаю, як яшчэ было цёмна, i свайго васемнаццацiгадовага сына Мiхася, якi быў пры пароме замест яго, застаў стаячым пры самай вадзе.

– Ты чаго ў будку не лезеш? – запытаў ён яго.

– Толькi што прыйшоў, – адказаў той весела.

– А дзе ж ты быў?

– На тым баку, у Хартонаўцы.

– Чаго?!

– Там камсамольцы нашы спектакль ставiлi, iшлi вечарам, я iх перавёз i сам пайшоў з iмi.

– А паром на каго пакiнуў?!

У голасе бацькi пачуўся нейкi страх.

– Нi на каго. Прывязаў на тым боку i пайшоў. Якi тут чорт, думаю сабе, паедзе гэтакiм лiхалеццем.

– I нiчога?

– Мусiць, нiчога. Як пакiнуў – так i застаў.

– Добра, што каго чорт не нагнаў, – сказаў Амелька ўжо весела. – А дзе ж больш хлопцы?

– Там начуюць.

– Вось ты, чорт яго бяры, – загаварыў Амелька ўжо зусiм развесялiўшыся, – пакiнуў ды i пайшоў. Адвага. Я б нiколi не адважыўся. Ну, iдзi дамоў, – закончыў ён цiшэй.

Мiхась паглядзеў на свае мокрыя боты, падцягнуў вышэй халявы i пайшоў паволi к лесу, а Амелька, зiрнуўшы на той бераг i апрача туману нiчога там не ўбачыўшы, палез у сваю будку.

I з таго самага моманту аж дагэтуль нiхто тут не ездзiў.

Толькi ў гадзiн восем ранiцы прыйшлося перавозiць камсамольцаў – усё суседнiх хлапцоў з свае вёскi.

Яны, паставiўшы спектакль, начавалi ў Хартонаўцы i iшлi дамоў.

Яшчэ здалёк Амельку пачулiся вясёлыя песнi i крык:

– Мiхась, э-ээ!.. Рыла суконнае, перавозь!.. О-о-э-э!..

Амелька выскачыў з будкi i стаў адвязваць паром. Мокрая, раскудзеленая вяроўка не развязвалася, i хлопцы нецярплiва крычалi:

– Скарэй, а то ўто-о-о-пiм! Заснуў!.. Гэ-эй!..

– Успееце, чорт вас не возьме, – сярдзiта i весела гукнуў iм Амелька.

– А, дзядзька Амяльян! – пачуўся крык з таго берага. – Скарэй, дзядзька, не марудзь!

– Скiнь порткi, дык будзеш вё-о-орткi, – весела, са смехам гукнуў другi голас.

Хлопцы крычалi, часам апошнiя словы прыспеўвалi. Звонкiя галасы iх рэзалi паветра i глушылi шум ветру i вады.

Амелька ўпёрся нагамi ў паром i пачаў перабiраць рукамi мокры дрот. Паром, цiха паскрыпваючы, загойдаўся на вадзе i папоўз цераз раку.

Зразу Амельку абвеяла мокрым ветрам. Ён зажмурыў вочы, ад чаго твар яго прыняў выгляд такi, як бы Амелька к нечаму прыслухоўваецца...

Яшчэ не падплыў ён к берагу, як вясёлыя камсамольцы пачалi скакаць на паром.

– Паволi, – крычаў Амелька, – патопiцеся, дурнi, чаго вас дрэнчыць!

– Назад! – закрычалi яму ў адказ хлопцы.

Паром яшчэ не прыстаў к берагу, а яны ўжо ўсе былi на iм. Некалькi рук, адапхнуўшы Амельку, замiтусiлiся на мокрым дроце. Паром быстра, так, як нiколi, пайшоў к берагу.

– Вось чэрцi, – сказаў Амелька, – усё роўна, як лукавы iх падмывае. Чаго вы гэтакiя вясёлыя?

– А чаго плакаць, – адказаў яму смуглы Мiколка, сын яго суседа Кастуся, – на свеце няма чаго плакаць...

I, пачакаўшы з хвiлiнку, закончыў:

– Каб, здаецца, трохi цяплейшая вада, дык так бы плюхнуўся i паплыў бы процi вады.

– I ўтапiўся б, – сказаў Амелька.

– Не ўтапiўся б, – адказаў рашуча Мiколка.

Паром падплыў к берагу. На зямлi рабiлася святлей – на небе пачала расплывацца светлая лапiна: гэта сонца хацела прабiцца скрозь хмары.

Хлопцы пасаскаквалi з парома. Мiколка прыкруцiў яго к слупку, i ўсе пачалi бiць рукамi аб полы свае адзежы – ад сырасцi i халоднага, мокрага дроту памерзлi рукi.

Амелька праверыў, цi добра Мiколка прывязаў паром, i хацеў ужо лезцi ў сваю будку, але хлопцы, як бы згаварыўшыся, схвацiлi яго за рукi i, зрабiўшы кола, усе гуртам закружылiся.

– Пусцiце, д'яблы, – крычаў Амелька, – знайшлi таварыша!

Але хлопцы зналi вясёлы гумар Амелькi. Зналi, што часта ён сам, схвацiўшы дзе-небудзь на iгрышчы дзяўчыну, пускаўся з ёю ў скокi.

I яны яшчэ мацней закружылiся i зачмокалi нагамi па мокрай зямлi.

Сонца весела пячэ,

Цераз мост вада цячэ,

стараючыся пападаць у такт нагамi, загукаў Мiколка вясёлую песню. Гурт здаровых галасоў зычна хвацiў далей:

Пад вадою мост дрыжыць,

Па вадзе Мiхал бяжыць!

Старога Амельку раптоўна ахвацiла буйная вясёласць. Ён бачыў, як хлопцы спрытна ўзляталi ўгару, ускiдалi махам галавы з вачэй свае доўгiя валасы i шчабяталi песню. А мокры i жывы вецер весела свiстаў у вушы i вочы.

I ўжо не спрачаючыся, а з ахвотаю, ён дробна затупаў нагамi, махнуў галавою, каб скiнуць з яе шапку, i, стараючыся не адставаць ад хлапцоў, загукаў разам з iмi:

Ой, куды цябе нясе?!

Згiнеш ў рэчцы-паласе.

Разгулялася вада,

Чаго прэ цябе бяда?!

Далей Амелька не знаў слоў песнi i, кружачыся, выкрыкваў толькi адны галосныя зыкi:

– О-а, о-а, о-а-о!

А хлопцы не пакiдалi:

Не загiну я ў вадзе:

На той бок, у слабадзе

Жджэ дзяўчыначка мяне

– Дык цi ж можна згiнуць мне!

– Капут! – крыкнуў адрывiста Мiколка, пускаючы рукi.

Кола раскiдалася, i хлопцы пачалi выцiраць рукавамi пот з зачырванеўшых твараў.

– Ой, замарылi, д'яблы, – сказаў, моцна сапучы, Амелька.

– Давай, дзядзька, яшчэ пагрэемся, – смеючыся, сказаў Мiколка.

– Хай яго агонь спалiць, дайце адсапцiся, – адказаў Амелька i моцна дыхнуў.

– Калi так, дык марш, – сказаў адзiн з хлапцоў, – можа, дзядзька, маеш што дамоў перадаць?

– Я толькi што сам з дому.

– Ну, дык аставайся здароў! – закрычалi хлопцы.

– Пабольш скачы – весялейшы будзеш, – пачуўся яшчэ адзiн голас.

– Не маракуй, што пакруцiлi, – пачуў яшчэ Амелька адзiн голас.

На апошнiя словы ён аглянуўся на хлапцоў i весела, ласкава зарагатаў iм услед:

– А каб вас паляруш, каб вас!

Хлопцы пайшлi к лесу, а Амелька астаўся адзiн на беразе. Ён трохi патупаў на адным месцы, паглядзеў на неба.

Там вецер нагнаў цэлыя шэрагi хмар, збiў iх у адну густую цёмную масу i закрыў ёю светлую лапiну ад сонца. На зямлi зрабiлася цёмна i нудна. Здавалася, што мокрыя лагчынкi кругом на поплаве больш яшчэ сталi выпускаць з сябе густога i белага, як малако, туману.

Пiльна i падрабязкова разгледзеўшы ўсё гэта, Амелька палез у сваю будку i, лежачы там на саломе пад кажухом, да самага паўдня думаў розныя вясёлыя думы.

II

Па паўднi к парому зноў прыйшоў Мiхась.

Амелька сядзеў ужо на зямлi пры раскладзеным вогнiшчы i пёк на ражэнчыку сала.

– Ты чаго? – запытаў ён Мiхася.

– Нiчога, – адказаў Мiхась, – на поле гэтакаю пагодаю не выедзеш, дома работы няма, пайду, думаю, сюды, панюхаю ветру.

– Панюхай, – сказаў, смеючыся, Амелька. Яму было смешна з таго, што сказаў Мiхась.

– Хочаш? – працягнуў ён сыну сала.

– Не, – адказаў той.

Амелька пачаў есцi, а Мiхась, абапёршыся на локаць, расцягнуўся па сухiм месцы каля будкi i, паплёўваючы на зямлю, стаў глядзець некуды паверх вады.

На зямлi зноў рабiлася святлей. Вецер зганяў хмары ў адно месца, на паўночную старану неба; яны, ужо лёгкiя i паслушныя, паднiмалiся высока i быстра плылi, ачышчаючы палiняўшае неба. Туман пачаў знiкаць, i на той бок рэчкi выразней стала вырысоўвацца вёска Хартонаўка. Рака плюхала так, як i раней, але вада ў ёй пачала фарбавацца ў ясныя, блiшчастыя колеры.

Мiхась маўчлiва i быстра падняўся з зямлi, не аглядаючыся вакол, падышоў к вадзе i стаў так, як i раней, глядзець паверх яе.

– Што разглядаеш? – запытаў сына Амелька.

Мiхась маўчаў.

– Аб чым думаеш? – запытаў зноў Амелька, памаўчаўшы.

– Не ведаю i сам. Нечага хочацца.

– Чаго?

– Кажу, што не ведаю.

Мiхась пакiнуў глядзець цераз рэчку i падышоў к бацьку.

– Вось так, – загаварыў ён, – часам паглядзiш на ваду, на хмары, паходзiш па полi на ветры, i захочацца нечага. Каб той, здаецца, аэраплан, дык узняўся б на доўгi час i лятаў бы, каб вецер свiстаў у вочы i вушы. Эх, няма лодкi, паплыў бы процi вады.

– Ага, узяло, – у сваю чаргу загаварыў Амелька, – i са мною гэта часта бывае. Узяў бы тады, здаецца, у кузнi молат i лупiў бы з усiх сiл па кавадле. Эх, сколькi сiлы ў нашага брата!

Амелька набраў поўныя грудзi паветра i дыхнуў.

– Вось жывём, – загаварыў ён далей, увесь ахоплены наплывам нейкiх новых думак, – зямля вялiкая, колькi на ёй усяго ёсць, а мы, апрача свае вёскi ды гэтага лесу, нiчога больш не бачым. Жывём неяк, як той поп кажа, па-божаму, на адным месцы, хоць сiлы ў нас многа.

– Знаеш, – сказаў Мiхась, – пайду я ў флот, зраблюся матросам. Запiшуся ў камсамол i пайду. Нашто, каб сiла прападала дарэмна; буду тут марнаваць сябе адно.

– Як хочаш. Не малы ўжо, – сказаў Амелька.

Амелька быў увесь, таксама як i Мiхась, ахоплен нейкаю вольнаю сiлай на зямлi было так шумна i весела.

– Пайду, – сказаў Мiхась i неяк задумёна прыбавiў: – Весела iсцi лесам. Дома там нейкi сход будзе вечарам, трэба быць.

Ён зняў з галавы шапку, паправiў валасы i пайшоў паволi, углядаючыся ў зямлю i як бы што думаючы. Шырокi i кароткi, без каўняра, кажушок на iм развяваўся на ветры.

Амельку абхапiлi думы.

"Вось астаўся адзiн на пустым беразе, – кружылася ў яго галаве, астаўся адзiн, i нiхто не бачыць i не ведае, дзе я i што раблю. Колькi людзей на свеце, i ўсякi па сабе. Схованы адзiн ад другога па вёсках, лясах. Не можа чалавек бачыць таго, што робiцца нават за дзесяць вёрст, не то што каб угледзеў ён усю зямлю сваю. Не бачыць ён яе, бачыць усяго маленькi кусочак пад нагамi сваiмi".

"Не бачыць, а знае яе, – выплыла другая думка, – ведае, дзе што на ёй. Без абмылкi патрапiць, куды хоча. А можа калi-небудзь выдумае што-небудзь такое, на чым паднiмецца так, што ўбачыць усю зямлю, як бачыць сонца. Пэўна, што некалi, можа нават скора, будзе гэта.

Хай iдзе Мiхась, куды хоча, – думаў ён далей. – Нiколi не трэба станавiцца чалавеку на дарозе, калi ён чаго шукае. Шукаючы i хочучы, усё знойдзеш. Хто шукае разумнага – таму памажы.

Але цi разумнага шукае Мiхась?

Загаварылi многiя цяпер па-новаму. Многа iх з'явiлася i зусiм новых. Павярнулi ўсё жыццё, пакiнулi багатую спадчыну мiнулага".

I тут у Амелькi блiснула новая думка-пытанне:

"Чаго гэтыя, новыя людзi заўсёды так радасны, такiя вясёлыя?!

Значыць, у жыццi яны бачаць нейкую радасць, нейкае няшчасце. Знаюць яны кожны крок свайго жыцця...

Iдзi, Мiхась", – думаў далей Амелька.

За Дунаем стаiць хатачка-а-а...

перарваў яго думкi высокi чысты голас. Спяваў чалавек, паволi пад'язджаючы к парому.

Не кажучы нi слова, Амелька ўзяў каня за обраць, узвёў на паром, якi i пагнаў прывычнаю рукою к другому берагу.

Там, узяўшы грошы за перавоз i даўшы чалавеку квiтанцыю, паволi паплыў назад.

Чалавек не сказаў нiводнага слова, а толькi, ад'язджаючы, кiўнуў галавою i з нейкаю задуменнасцю ў голасе зноў заспяваў.

"Вось праехаў чалавек, – думаў Амелька, – невядома, адкуль i хто i пра што ён думае. Колькi ў гэты момант думак на зямлi?! I ўсякая думка аб тым, каб як найлепей зрабiць дзела гэтага моманту. I аднак, нягледзячы на гэта, чалавек увесь час мучыцца на зямлi. А гэтыя, новыя камунiсты, суседнiя мае хлапцы-камсамольцы, заўсёды вясёлыя, знайшлi, мусiць, дарогу к гэтай радасцi..."

Амелька адплыў на сярэдзiну ракi, прыпынiўся i стаў глядзець на ваду.

Яна ўжо не пенiлася i не шумела так моцна, як раней, бо сцiх вецер; яна адлiвала чырванню, бо празрыста свяцiла сонца. Яно ўжо было на захадзе, i свет яго быў чырвоны. Неба ачысцiлася ад хмар.

Амелька паглядзеў, як паволi, але заметна, супакойвалася вада, i ў звязку з гэтым у яго выплыла новая пастаронняя думка:

"А чалавек некалi ўзварушыць сабе на карысць усю зямлю, так, як вецер ваду. Чалавек моцны. Каб яго сiлы не растрачвалiся на тое непатрэбнае, што дагэтуль вядзецца на зямлi, не тое б можна было бачыць цяпер у жыццi...

Што б з чалавекам нi зрабiлася, нiдзе ён не дзенецца з свае зямлi. Уся зямля, кожны яе кусочак адналькова родны чалавеку".

Думкi ў Амелькi выплывалi адна за другою. Ён не мог улавiць нi пачаткаў, нi канцоў iх. Але ўсе яны зводзiлiся к таму, што людзi, злучыўшыся ў адну вялiкую сям'ю, зробяць на сваёй зямлi нешта такое, што будзе большае па сваёй сiле за самую зямлю. Вялiкае дзела робяць яны.

Корань гэтай думкi ён пачуў раз у павятовым горадзе ад аднаго прамоўцы на лекцыi для сялян.

– Усе тыя, што самi працуюць, – гаварыў прамоўца, – злучыўшыся пад сцягам камунiзма, арганiзуюць вялiкую сiлу, якая знiшчыць усё тое, ад чаго так мучыцца, жывучы, чалавек...

Амелька думаў i глядзеў вакол.

На той бок рэчкi, недалёка ад вёскi Хартонаўкi, выехаў араць чалавек. Яго каравая, цёмная фiгура здавалася здалёк куском той самай зямлi, па якой ён ходзiць.

– Пайду, пагавару з чалавекам, – сказаў сам сабе Амелька, – а то яшчэ здзiчэю тут адзiн.

Над апошнiмi сваiмi словамi ён неяк хмурна ўсмiхнуўся.

Паволi, як бы раздумваючы, цi варт плысцi, папоўз паром назад к берагу. Амелька, утомлены думкамi, вяла перабiраў рукамi дрот.

Выйшаўшы на бераг, ён зразу размеранымi крокамi пайшоў к аратаму. Той, ласкава пакрыкваючы на свайго конiка, паволi iшоў за плугам, неглыбока заворваючы ржышча на зiму.

Ён быў у доўгiм, парыжэўшым ад старасцi халаце, няроўна абарваным унiзе; доўгiя валасы яго закрывалi вушы. Каравыя рукi яго ўспiралiся на плуг, i, каб не ён сам тут, можна было падумаць, што гэта якi-небудзь корч, нядаўна выцягнуты з зямлi. Босымi нагамi ён цiха ступаў па мяккай чорнай зямлi.

Гэта быў Амелькаў знаёмы.

– Здароў, брат, – сказаў Амелька, падыходзячы блiзка.

– Здароў! – адказаў той, прыпыняючыся.

– Позна, браце, араць выехаў.

– От... распагодзiлася, – загаварыў араты, – дык я думаю сабе, выеду хоць ад меж адбяру, усё хлопцу будзе заўтра лягчэй. Але як выпагадзiлася, панiзiў ён голас, – цёпла, весела.

У гэтых словах – "цёпла, весела" – чулася нейкая радасць чалавека, якi бачыць сонца i светлую ад яго зямлю.

– Добра арэцца? – запытаў Амелька, каб як-небудзь разгаварыцца.

– Добра, – адказаў чалавек i, глянуўшы ў разору, прыбавiў: – Люблю я, браце, араць. Ходзiш сабе босы па мяккай разоры, i здаецца табе, што зямля ў цябе ўлазiць.

– А хiба гэта добра?

– Ну, а што, браце. Чалавек адарваўся ад зямлi – прапаў...

– А дзе ж ён можа дзецца з зямлi? – сказаў Амелька. – Усё роўна нiкуды з яе не зыйдзеш, каб i хацеў. На ёй астанешся.

Чалавек пацiснуў плячыма, бо не знайшоў адказу.

А Амелька пачуў думку, выказаную чалавекам. Гэта думка ўвесь час у яго самога была ў галаве. I яму стала весела. I ўсе яго думкi, як бы зрабiўшы сваё дзела, знiклi, пакiнуўшы нейкае лёгкае i бадзёрае пачуццё ў грудзях.

– Дай, браце, я прайду зараз вакол, – сказаў Амелька, беручыся за плуг, – даўно ўжо не араў.

– Прайдзi сабе, – сказаў чалавек i, махнуўшы пугай на каня, цiха гукнуў: – Но!..

Амелька пайшоў за плугам па паласе. Падняўся на гору, мiнуў яе i спусцiўся ўнiз, дзе пачынаўся невялiчкi паплавец i на iм рэдкiя кусты.

К яму, па калючым iржышчы, босы i ў адной кароткай кашульцы, падкасаны, быстра бег хлопчык гадоў трынаццацi.

– А дзе тата? – запытаў ён, трохi спалохаўшыся.

– Там, за горкаю, – адказаў Амелька.

Хлопчык пазнаў Амельку i загаварыў быстра, глытаючы словы:

– А я бягу, гляджу – здаецца, не тата. Ажно ж гэта вы, дзядзька Амелька. Дайце адно мне.

Амелька перадаў плуг хлопчыку, i той, трохi блытаючыся па разоры нагамi, пайшоў, сваiмi дзiцячымi тоненькiмi рукамi дзержачыся за плуг i пакiроўваючы яго верна, так, як i трэба.

– Чаго ж ты прыйшоў, змерзнеш, – сказаў бацька яму, як яны з Амелькам, абышоўшы кругом, прыйшлi на старое месца.

– Так, – сказаў хлопчык i засмяяўся.

– Ходзiць у школу, – сказаў бацька з нейкаю гордасцю ў голасе, гледзячы на Амельку i паказваючы пальцам на сына, – i мне памагае.

– Ну, а што ж, – адказаў Амелька, зноў адчуваючы наплыў думак.

Бачачы, што аратыя збiраюцца дамоў, ён паглядзеў, як сонца быстра кацiлася за лес, i, развiтаўшыся з iмi, пайшоў к парому.

Там ён хутка перавёз на свой бок некалькi фурманак з жытам, а на другi бок двух чырвонаармейцаў.

Яны ехалi на двухкалёсным зялёным возе i некуды спяшалi.

Прыцемкам ужо стаў Амелька раскладаць агонь на беразе.

III

– Паром! Гэ-эй... паро-о-о!..

Чутно было, што крычыць чалавек здаровы i з ахвотаю, рад, што ёсць прычына пакрычаць.

Ён бачыў ужо, што паром плыве к яму, але не пакiдаў крычаць i, мусiць, любаваўся сваiм голасам, якi зычна, на некалькi раз, паўтараўся на другi бок ракi, у лесе.

Працiраючы заспаныя вочы, Амелька плыў па крык. Паром без шуму сунуўся па спакойнай, цёмнай каля берага i белай на сярэдзiне вадзе, якая пад iм чуць-чуць дрыжала серабром ад свету месяца.

Ад гэтага свету i поле кругом было нейкае белаватае, i здавалася, што нешта там прытаiлася, сочыць за ўсiм, што робiцца вакол.

На паром чакала многа фурманак. Шэрай масай стаялi яны каля вады, каля iх цямнелi i варушылiся конi i чулiся людскiя галасы.

– Хто першы – узводзь каня, – сказаў Амелька, прыгнаўшы паром к берагу.

– А колькi фурманак можа ўз'ехаць на яго зараз? – пачуўся з змроку грубы, як стук абуха, голас.

– Адна.

– Э, мала. Доўга перавозiць будзеш.

Чорная ад змроку пара коней усцягнула на паром высокi воз, узышло чалавек пяць людзей.

Паром цiха рушыў назад.

– Чырвонаармейцы, – сказаў Амелька, прыглядаючыся да людзей.

– А што?! – гукнуў з-за воза голас.

– Нiчога. Пазнаю, што за людзi. Здалёку?

– З горада.

– Куды?

– На гранiцу.

Памаўчалi.

– Што за рака? – бухнуў той жа грубы голас.

– Лоша.

– Слаўнае месца. Лесу многа.

– Гэ-эй, там, скар-р-рэ-эй! Паро-о-о-о!.. – гукнуў з берага нецярплiвы голас.

– Чаго арэш, не пакiнем, не бойся! – гукнулi з парома.

– Э-э-э, там, о-о-э!..

– Хочаш скарэй – кiдайся ў ваду!..

Два галасы з розных берагоў весела рвалi цiш светлае ночы. Паром i без крыку быстра лятаў ад аднаго берага к другому, але людзям хацелася пакрычаць i слухаць зычныя рэхi ў лесе над полем.

А на беразе, каля Амелькавае будкi, ужо раскладвалi агнi. Аднекуль цягалi лом, сухiя дубцы i збiралiся каля агнёў кучкамi. Выпрагалi i кармiлi коней.

Гадзiны праз дзве ўсе ўжо перабралiся цераз рэчку. Людзей было бопьш сотнi, яны зразу напоўнiлi цiхi i пусты дагэтуль бераг роўным стрыманым гоманам. Чутно было, як "грукалi" конi, жуючы сечку. Гарэла некалькi вогнiшчаў.

Амелька стаяў, прыпёршыся плячом да свае будкi, i глядзеў, як дрыжаў свет ад агнёў на тварах людзей.

Адзiн твар здаўся яму знаёмым. Гэта быў малады яшчэ чалавек з густымi, падстрыжанымi вусамi.

"Няўжо Юрась з Даўгiнава?" – падумаў Амелька i хацеў ужо падысцi блiжэй, каб лепш разглядзець, але чалавек сам падняўся з зямлi i, пiльна ўглядаючыся ў светлы змрок, стаў хадзiць вакол будкi, як бы стараючыся што-небудзь угледзець.

Прымецiўшы пры будцы Амельку, ён падышоў к яму i запытаў:

– Паромшчык?

– Але, – адказаў Амелька, пазнаючы Юрася.

– Тутэйшы? – зноў запытаў Юрась.

– Не пазнаў? – у сваю чаргу запытаў Амелька. – Юрась, так?

– Чакай, – сказаў замест адказу Юрась i, схвацiўшы Амельку за плечы, павярнуў яго твар у бок агню.

– Амелька! – крыкнуў ён весела. – А я такi думаю – хто тут можа быць паромшчыкам, як не тутэйшы чалавек, i стаў прыглядацца, пагавару, думаю, з сваiм чалавекам. Аж так яно i ёсць. Ну, як жывеш?

– Жывём. А ты яшчэ ўсё ў войску?

– У войску, старшым тэлефанiстам служу, дамоў яшчэ мяне не пускаюць. Папалася якраз праходзiць праз свае, родныя мясцiны.

– Дома будзеш?

– Буду, гэта ж па дарозе. Там, мусiць, дняваць будзем.

– Не надаела служыць?

– Не. Каб на адным месцы стаялi, можа i надаела б. Але служба такая папалася жывая – сягоння тут, а назаўтра за сотню вёрст дзе-небудзь. Так нiколi не надаесць. Разглядай сабе свет i жывi. Весела так.

– А мне вось тут весела. Перавожу сабе што дзень, то новых людзей. Часам, чакаючы, думаю, каго-то цяпер прыйдзецца перавозiць. Што за чалавек i адкуль?

– I так слаўна, – адказаў Юрась, – самае галоўнае, у сябе не закапвайся, а жывi ў людзях. Глядзi на ўсё i ўсё ведай.

– Ну, а дамоў не хочацца?

– Мала калi думаю аб гэтым. Заўсёды хочацца да свае сям'i, сваiх хочацца пабачыць, пагаварыць, пажыць. А зямля – усюды зямлёю. Усюды працуй i будзеш жыць.

– Вось, – сказаў сам сабе Амелька ў думках сваiх, – ад каторага чалавека чую тое, аб чым сам часта думаю. На ўсякiм месцы на зямлi чалавек дома.

I раптоўна захацелася яму глянуць на ўсё тое, што ў тую хвiлiну рабiлася на ўсёй зямлi. Захацелася яму куды-небудзь iсцi, iсцi ўсё блiжэй i блiжэй к нечаму таму, што ў галаве яго вырысоўвалася як галоўны пункт, цэнтр усяго жыцця.

Хацелася яму самому не стаяць каля свае будкi цiха i спакойна, а рабiць якое-небудзь дзела, якое магло б быць вiдавочным i карысным для ўсiх.

I, як Юрась, пакiнуўшы гаварыць з iм, пайшоў к возу збiрацца ў дарогу, Амелька, ахоплепы вялiкiм наплывам думак, глядзеў, як варушылiся на беразе людзi, пакрыквалi на коней i збiралiся згiнуць з гэтага берага, каб нiколi не паказацца пры такiх самых варунках на iм.

"Усё на свеце бяжыць i не варочаецца, – мiгнула ў Амелькi новая думка, – не траць дарэмна i хвiлiны жыцця, бо не вернеш яго".

Пасля таго як бераг зрабiўся пустым, Амелька стаяў i слухаў, як патроху, неўзаметку сцiхалi недзе каля лесу зыкi вайсковага абозу.

I тады, у звязку з усiм перадуманым, з'явiлася ў яго новая, iм самiм не зразумелая думка, нават не думка, а пачуццё.

"Трэба глыбей убiраць у сябе жыццё, бо жыць слаўна..."

Ён пайшоў у бок свайго парома i моцна, зычна дыхнуўшы, сказаў, не думаючы аб сваiх словах:

– Эх, ты!..

Каля самага парома ён азiрнуўся кругом i бачыў, як чуць-чуць рабiлася святлей на ўсходзе. Чутно было, як у Хартонаўцы галасiлi пеўнi.

Вакол больш не было нiякiх зыкаў; густая i чорная вада цякла цiха i спакойна.

[1942]

Каментары

Друкуецца па газеце "Савецкая Беларусь", 1924, 31 студзеня, 1 i 2 лютага, дзе апублiкавана ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю