355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Карел Чапек » Злачынства на пошце (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Злачынства на пошце (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 15 октября 2016, 06:05

Текст книги "Злачынства на пошце (на белорусском языке)"


Автор книги: Карел Чапек



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Карэл Чапэк
Злачынства на пошце

– Справядлівасць, спадару... – казаў жандарскі вахмістр Брэйха. – Хацеў бы я ведаць, што гэта на карцінах за кабеціна з павязкаю на вачах ды з шалямі, быццам яна перац прадае. Я думаю, што Справядлівасць выглядае як жандар. Вы б не паверылі, якія справы мы, жандары, вырашаем без суддзяў, без шаляў ды іншых цырымоніяў. У нейкіх няважных выпадках проста дамо ў морду, у важнейшых здымем папругу: у дзевяноста выпадках са ста гэта і ёсць справядлівасць. Вось я вам раскажу, спадару, як я надоечы сам выкрыў двух забойцаў, сам ім прысудзіў справядлівае пакаранне і сам гэтае пакаранне выканаў. І пры гэтым ані слоўца нікому не сказаў. Дык слухайце, зараз я вам раскажу.

Ці памятаеце вы, спадару, дзяўчыну, што два гады таму працавала тут у вёсцы на пошце? Ага, Гэленай яе звалі, такая добрая і мілая дзяўчына, прыгожая, як лялька. Яшчэ б вы яе не памяталі. Дык гэтая Гэля, спадару, летась утапілася: скочыла ў сажалку ды йшла метраў пяцьдзясят, пакуль не дайшла да віроў. Толькі праз два дні і выплыла. А ведаеце, чаго яна гэта зрабіла? У той дзень, калі яна ўтапілася, з Прагі раптам прыбыла рэвізія і высветліла, што ў Гэлі ў касе не стае двухсот крон. Няшчасныя дзве сотні, разумееце?! Рэвізор-ёлуп ёй і кажа, што павінен будзе пра гэта паведаміць вышэй і што гэта будзе расследавацца як крадзеж. У той самы вечар, спадару, Гэля з ганьбы і ўтапілася.

Калі яе выцягнулі на грэблю, я мусіў застацца пры ёй, пакуль не прыедзе камісія. У ёй, гаротніцы, не засталося ўжо нічога прыгожага, але я так і бачыў, як яна смяецца за тым акенцам на пошце. Карацей, усе мы добра яе зналі, гэта праўда, і ўсе любілі. Чорт, кажу я тады сабе, гэтае дзяўчо не магло скрасці дзве сотні: па-першае, я проста не магу ў гэта паверыць, а па-другое, навошта ёй было красці: у яе таты там, на другім баку, млын, і яна пайшла на пошту проста так, з жаночага самалюбства, бо сама хацела зарабляць на хлеб. Тату я добра ведаў, спадару, гэта быў нейкі пісар, да таго ж яшчэ евангеліст, а я вам скажу, што гэныя евангелісты ды спірытысты ў нас ніколі не крадуць. Калі тых дзвюх соцень на пошце няма, іх мусіў скрасці хтось іншы. Тады я і паабяцаў мёртвай дзяўчыне, што так гэтага не пакіну.

А тым часам, на пошту часова прыслалі нейкага маладзёна з Прагі, ягонае прозвішча было Філіпэк, такі спрытны й зубасты хлапец. Дык да гэтага Філіпэка я на пошту і пайшоў, каб хоць штосьці разнюхаць. Там, ведаеце, усё, як і паўсюль на малых поштах: ля акна столік, а ў гэтым століку ў шуфлядзе грошы і маркі. У паштара за спінай гэтакі стэлаж, а на ім розныя тарыфныя каталогі, паперы і шалі, каб важыць пасылкі і ўсё такое.

– Спадару Філіпэк, – кажу я яму, – будзьце ласкавы, гляньце ў вашых тарыфах, колькі б каштавала, скажам, тэлеграма ў Буэнас-Айрэс?

– Тры кроны за слова, – кажа гэны Філіпэк зусім сабе спакойна.

– А колькі б каштавала экспрэс-тэлеграма ў Ганконг? – зноў пытаюся я.

– Трэба пашукаць, – кажа Філіпэк, падымаецца і паварочваецца да стэлажа. І пакуль ён гартае старонкі з тымі сваімі тарыфамі, стоячы да стала спінай, я праціскваюся плячыма праз акенца, дацягваюся рукой да шуфляды з грашыма і адчыняю яе. Трэба сказаць, адчынілася яна досыць лёгка і ціха.

Ага, думаю, дзякуй, гэта мы спраўдзілі: значыцца, вось як усё магло адбыцца. Уявім, што Гэля нешта шукала ў тым стэлажы, а тым часам хтосьці мог сцягнуць тыя дзве сотні з шуфляды.

– А ці не маглі б вы, спадару Філіпэк, паглядзець, хто ў апошнія дні адсюль дасылаў тэлеграму або пасылку?

Філіпэк пачухаў галаву і кажа:

– Спадару вахмістр, так не пойдзе. Ведаеце, у нас тут ёсць штосьці накшталт паштовай таямніцы, хіба толькі вам гэта трэба ў імя закона, але тады я б мусіў паведаміць вышэй, што тут быў ператрус.

– Чакайце, – кажу я яму. – Я не хачу ўчыняць вам ператрус. Разумееце, спадару Філіпэк, вось калі б вы самі... ну, з нудоты ці яшчэ чагось... зазірнулі ў тыя паперы, хто за апошнія дні адсюль штосьці пасылаў, ну быццам калі б Гэля адвярнулася спінаю да стала...

– Спадару вахмістр, – кажа гэны Філіпэк, – калі ўжо так, бланкі адасланых тэлеграм тут знойдуцца, але пра заказныя лісты і пасылкі ў нас толькі запісваецца, каму яны адрасаваныя, але не хто дасылаў. Добра, я выпішу вам усе імёны, якія знайду; так нельга, але для вас я ўжо гэта зраблю. Хоць папраўдзе я думаю, што гэта вам ні халеры не дапаможа.

І гэны Філіпэк, спадару, меў рацыю: прынёс мне пад трыццаць імёнаў, ведаеце, на вясковай пошце пасылаюць няшмат, хіба якую пасылку хлопцу ў войска, але тыя імёны мне не сказалі нічога. І куды б я ні ішоў, я паўсюль думаў пра гэта: так мяне прыгнятала, што я не стрымаю сваё абяцанне перад памерлай дзяўчынай.

Дык вось аднойчы, было тое ўжо недзе праз тыдзень, іду я зноў на пошту. Гэны Філіпэк шчэрыць зубы ды кажа:

– Спадару жандар, пагуляць у жмуркі болей не ўдасца, бо я ўжо пакуюся. Заўтра сюды прыедзе новая работніца, з пошты ў Пардубіцах.

– Глянь ты, – кажу я. – Пэўна, дысцыплінарнае пакаранне, калі яе з горада пераводзяць на пошту ў такую глуш.

– Ды не, – кажа Філіпэк і ўсё глядзіць на мяне неяк асабліва. – Яе сюды скіравалі на яе жаданне, спадару жандар.

– Дзіўна, – кажу, – вы ж ведаеце, якія яны, гэтыя кабеты.

– Але, – кажа Філіпэк і ўсё глядзіць на мяне, – яшчэ больш дзіўна тое, што тая ананімка, пасля якой на гэтую пошту імгненна прыслалі рэвізію, таксама была з Пардубіц.

Я прысвіснуў і, здаецца, паглядзеў на Філіпэка гэтаксама, як ён на мяне. І раптам лістанош Угер, які там перакладаў лісты, кажа:

– Пардубіцы... Туды ледзь не штодня аканом з фальварка лісты шле, нейкай дзяўчыне з тамтэйшай пошты. Пэўна, мілку сабе там знайшоў.

– Слухайце, дзядзька, – кажа Філіпэк, – а ці не ведаеце, як тую дзяўчыну завуць?

– Ды нешта накшталт Юлія Тоўф ці Тоўфар.

– Таўфэрава, – кажа Філіпэк. – Гэта яна, тая, што мае сюды прыехаць.

– Гэтаму спадару Гоўдэку, ну, аканому, – кажа тады лістанош, – таксама штодня з Пардубіц лісты прыходзяць. Я яму заўсёды кажу: спадару Гоўдэк, вам зноў пакет ад нявесты. А ён увесь час ходзіць насустрач, каб мне не так далёка хадзіць было. Вось і сёння для яго пасылка, але з Прагі. Глянь ты, гэта ж вернутая. “Адрасат невядомы”. Гэны аканом, пэўна, адрас паблытаў. Ну што ж, занясу яму назад.

– Пакажыце, – кажа Філіпэк. – Адрасавана нейкаму Новаку, Прага, вуліца Спаленая. Два кіло масла. Пячатка чатырнаццатага ліпеня.

– Тады тут яшчэ спадарыня Гэля была, – адказвае лістанош.

– Пакажыце сюды, – кажу тады Філіпэку і нюхаю тую пасылку. – Спадару Філіпэк, нешта мне дзіўна: масла дзесяць дзён у дарозе, а не смярдзіць. Ведаеце, дзядзька, пакіньце нам тут гэтую пасылку і бяжыце разносіць пошту.

Ледзь толькі лістанош адышоў, Філіпэк мне і кажа:

– Спадару вахмістр, так, вядома, нельга, але вось вам долата.

І пайшоў, нібыта нічога не бачыў.

Я, спадару, тады тую пасылку ўзламаў, а ў ёй – дзве кілі зямлі насыпаныя. Пайшоў я тады да Філіпэка ды кажу яму:

– Такая штука, братка, дык вы пра гэта нікому ні слоўца, разумееце? Я ўжо сам усё ўладжу.

Ясная рэч, я сабраўся ды пайшоў да гэтага аканома Гоўдэка ў фальварак. Ён сядзеў там на бярвёнах і глядзеў у дол.

– Спадару Гоўдэк, – кажу яму, – тут у нас нейкі канфуз на пошце: ці не прыгадаеце, на які адрас вы дасылалі дзесяць або дванаццаць дзён таму вось гэтую пасылку?

Той Гоўдэк крыху збялеў ды кажа:

– Якая розніца, я ўжо сам не ведаю, для каго яна была.

– Спадару Гоўдэк, – кажу, – а што там было за масла?

Тады ён як падскочыць – і збялеў, як палатно.

– Што гэта ўсё значыць? – крычыць. – Што вы да мяне з гэтым чапляецеся?

– Спадару Гоўдэк, – кажу я яму. – Значыць гэта тое, што вы забілі Гэлену з пошты. Вы занеслі туды пасылку з фальшывым адрасам, каб яна яе ўзважыла на шалях, а пакуль яна ўзважвала, вы нахіліліся праз акенца і скралі з шуфляды дзвесце крон. А потым праз тыя дзве сотні Гэля ўтапілася. Вось што гэта значыць.

Спадар Гоўдэк тросся як асінавы ліст.

– Гэта хлусня, – крычаў ён, – чаго мне было красці дзве сотні?

– Бо вы хацелі, каб на мясцовую пошту перавялі спадарыню Таўфэраву, вашую нявесту. Яна напісала ананімку, што ў Гэлі ў касе не стае грошай. У выніку вы разам увагналі Гэлю ў сажалку. Вы разам забілі яе. На вашым сумленні злачынства, спадару Гоўдэк.

Гоўдэк паваліўся на тыя бярвёны і закрыў рукамі твар. Колькі жыву, ніколі не бачыў, каб мужык так плакаў.

– Божа, – стагнаў ён, – я не мог ведаць, што яна ўтопіцца! Я толькі думаў, што яе звольняць... і яна пойдзе сабе дамоў! Спадару вахмістр, я толькі хацеў ажаніцца з Юляй, але тады аднаму з нас давялося б сысці з пасады, калі б некаму трэба было пераязджаць... і нам не хапіла б на пражыццё... Таму я так хацеў, каб Юля перавялася сюды на пошту! Мы ўжо пяць гадоў гэтага чакаем... Спадару вахмістр, я так моцна яе кахаю!

Не буду вам расказваць далей, спадару: была ўжо ноч, той чалавек перада мной кленчыў, а я... я рыдаў над усім гэтым, як старая курва: над Гэляй і над усім астатнім.

– Так, досыць, – сказаў я яму нарэшце, – я ўжо сыты па горла. Давайце сюды тыя дзвесце крон. Так. А цяпер вось што: калі вы надумаеце пайсці да спадарыні Таўфэравай раней, чым я ўладжу справу, то я напішу на вас рапарт аб крадзяжы, разумееце? А калі застрэліцеся ці нешта накшталт таго, то скажу, чаму вы гэта зрабілі. Вось так.

Тую ноч, спадару, я прасядзеў пад зорамі, судзячы тых дваіх: я пытаўся ў Бога, як я павінен іх пакараць, і разумеў і горыч, і радасць, якія ёсць у справядлівасці. Калі б я напісаў на іх рапарт, то Гоўдэк атрымаў бы пару тыдняў турмы ўмоўна, зрэшты, не факт, што й на гэта хапіла б доказаў. Гоўдэк забіў тую дзяўчыну, але ён не быў злосны злачынца. Кожнае пакаранне падавалася мне празмерна вялікім і ў той самы час празмерна малым. І таму я судзіў і караў іх сам.

Раніцой пасля той ночы я пайшоў на пошту. Там за акенцам сядзела такая бледная высокая дзяўчына з вострымі вачыма.

– Спадарыня Таўфэрава, – кажу я ёй, – вось тут у мяне заказны ліст, – і падаю ёй ліст з адрасам Паштовага кіраўніцтва ў Празе. Яна паглядзела на мяне і прыляпіла на ліст марку.

– Адзін момант, спадарыня, – кажу я. – У гэтым лісце – рапарт на таго, хто скраў дзвесце крон у вашай папярэдніцы. Колькі будзе каштаваць перасылка?

Скажу я вам, спадару, у гэтай дзяўчыны была вялізная сіла волі, але і яна ўсё ж збялела, як снег, ды скамянела.

– Тры кроны пяцьдзясят, – выдыхнула яна.

Я адлічыў тры пяцьдзясят і кажу:

– Калі ласка, спадарыня. Але ведаеце што, калі раптам вось гэтыя дзве сотні, – кажу і кладу ёй на столік дзве скрадзеныя банкноты, – калі гэтыя дзве сотні знойдуцца недзе тут, быццам іх проста згубілі або кудысьці паклалі, разумееце?.. Ну, каб было зразумела, што нябожчыца Гэля не крала... тады я свой ліст забяру назад. Дык што?

Яна не сказала ні слоўца, толькі гэтак востра і нерухома глядзела немавед куды.

– Праз пяць хвілін тут будзе лістанош, спадарыня, – кажу я. – Дык што, мне забраць свой ліст?

Яна хутка так кіўнула. Я ўзяў свой ліст і хаджу сабе перад поштай. Ведаеце, спадару, у мяне ногі ніколі не былі такія нягнуткія. Праз дваццаць хвілін выбягае стары лістанош Угар ды крычыць:

– Спадару вахмістр, спадару вахмістр, знайшліся тыя дзвесце крон, што зніклі ў спадарыні Гэлены! Новая паштарка знайшла іх у адным з тарыфных каталогаў!

– Дык бяжыце, – кажу я яму, – і хутчэй усім раскажыце, што яны знайшліся. Каб кожны ведаў, што нябожчыца Гэля не крала. І памагай вам Бог!

Першая справа была зробленая. Тады я пайшоў да старога памешчыка. Вы яго й не ведаеце: гэта граф, трохі такі вар’ят і вельмі добры чалавек.

– Спадару граф, – кажу я яму, – толькі ні пра што ў мяне не пытайцеся, але гаворка пра такую справу, у якой мы, людзі, мусім быць заадно. Паклічце, калі ласка, аканома Гоўдэка і скажыце яму, што яшчэ сёння ён мусіць паехаць у ваш фальварак у Маравіі, а калі ён запярэчыць, то звольніце яго тут жа.

Стары граф узняў бровы і з хвіліну пазіраў на мяне: у мяне, спадару, мусіў быць такі сур’ёзны выгляд, які сабе мала хто можа ўявіць.

– Добра, – сказаў граф, – я ў вас не буду нічога пытацца.

І загадаў паклікаць таго Гоўдэка. Гоўдэк прыйшоў, а калі пабачыў мяне побач з графам, збялеў. І стаў як слуп.

– Гоўдэк, – кажа граф, – запрагайце брычку і едзьце на цягнік, з сённяшняга вечара вы пераходзіце ў мой фальварак ля Гуліна. Я дашлю тэлеграму, каб вас там чакалі. Вам зразумела?

– Так, – ціха сказаў Гоўдэк і ўперыў у мяне вочы: ведаеце, гэта былі вочы чалавека, што трапіў у пекла.

– Ці маеце нейкія прэтэнзіі? – запытаўся граф.

– Не, – хрыпла адказаў Гоўдэк, не спускаючы з мяне вачэй. Мне, спадару, ад гэтых вачэй было жудасна.

– Тады можаце ісці, – сказаў граф, і так і сталася. Праз хвіліну я ўбачыў, як Гоўдэка адвозяць у брычцы: ён сядзеў там як драўляная лялька.

Вось і ўсё. Калі пойдзеце на пошту, звярніце ўвагу на тую бледную дзяўчыну. Яна злосная, злосная на ўсіх, і ў яе пачалі з’яўляцца такія злосныя старэчыя зморшчыны. А я гляджу на яе ды кажу сабе: Справядлівасць існуе.

Я толькі жандар, спадару, але вось што я вам скажу са свайго досведу: я не ведаю, ці ёсць нейкі ўсёведны і ўсёмагутны Бог, а калі б і быў, дык нас гэта зусім не датычыць; але я вам вось што скажу: напэўна ёсць Хтосьці найсправядлівейшы. Гэта пэўна, спадару. Мы можам толькі караць, але мусіць быць нехта, хто б і дараваў. І вось яшчэ што я вам скажу: сапраўдная і найвышэйшая справядлівасць – гэта штосьці такое ж дзіўнае, як і каханне.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю