355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ги де Мопассан » Горны гатэль (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Горны гатэль (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 14 сентября 2016, 21:52

Текст книги "Горны гатэль (на белорусском языке)"


Автор книги: Ги де Мопассан


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Де Мопассан Ги
Горны гатэль (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Горны гатэль

Пераклад: Сяргей Шупа

Падобны да ўсiх драўляных гатэльчыкаў, якiх шмат параскiдана ў Верхнiх Альпах, каля падножжа ледавiкоў, у скалiстых i голых калiдорах мiж белых горных вяршыняў, гатэль Шварэнбах дае прытулак вандроўнiкам, што перапраўляюцца цераз перавал Жэмi.

Шэсць месяцаў ён застаецца адчынены, у iм жыве сям'я Жана Хаўзэра, а пасля, калi навальвае столькi снегу, што ён забiвае лагчыну i цалкам перакрывае спуск у Лёэш, Хаўзэры – жанчыны, бацька i тры сыны – адыходзяць, пакiнуўшы сцерагчы будынак старога праваднiка Гаспара Хары, маладога Ульрыха Кюнсi i Сэма, вялiзнага горнага сабаку.

Два мужчыны i сабака застаюцца да вясны ў гэтай снежнай турме, маючы перад вачыма адно вялiзны белы схiл Бальмхорна. З усiх бакоў iх акаляюць бледныя зiхатлiвыя вяршынi, скаваныя, заваленыя, пахаваныя пад снегам, што грувасцiцца вакол iх, ахутвае, душыць, расцiскае маленькi дамок, навальваецца на дах, даходзiць аж да вокнаў i заносiць дзверы.

Таго дня сям'я Хаўзэраў збiралася вярнуцца ў Лёэш, бо наблiжалася зiма i спуск рабiўся небяспечны.

Паперадзе тры сыны вялi трох мулаў, нагружаных розным ладункам. Мацi, Жана Хаўзэр, i дачка Луiза селi на чацвёртага мула i таксама рушылi ў дарогу.

За iмi iшоў бацька, а з iм разам абодва вартаўнiкi, што павiнны былi правесцi сям'ю да месца, дзе пачынаецца спуск.

Спачатку яны iшлi берагам невялiчкага, замерзлага ўжо возера, якое ляжала на дне вялiзнай западзiны мiж скалаў, што распасцерлася перад гатэлем. Пасля яны выйшлi ў белую, як прасцiна, лагчыну, над якой узвышалiся з усiх старон снежныя вяршынi.

Сонечныя промнi шчодра лiлiся на гэтую зiхатлiвую застылую белую пустэльню, запальвалi яе асляпляльным i халодным полымем. Здавалася, што ў гэтым снежным акiяне не было нiякiх знакаў жыцця, у гэтай непамернай адзiноце не было нiводнага руху, нiводны гук не парушаў глыбокае цiшы.

Малады праваднiк Ульрых Кюнсi, высокi даўганогi швейцарац, пакiнуў ззаду Хаўзэра-бацьку i старога Гаспара Хары i дагнаў мула, на якiм сядзелi жанчыны.

Маладзейшая глядзела, як ён наблiжаецца, i, здаецца, клiкала яго сумным позiркам. Гэта была маленькая бялявая дзяўчына з бледнымi шчокамi i валасамi, нiбы пабляклымi ад доўгага жыцця сярод iльдоў.

Дагнаўшы мула, ён паклаў руку яму на крыж i сцiшыў хаду. Панi Хаўзэр пачала з iм размаўляць, пералiчваючы да апошняе дробязi ўсе iнструкцыi, што датычылiся зiмавання. Ён заставаўся наверсе ўпершыню, а стары Хары перазiмаваў ужо чатырнаццаць разоў пад снегам у гатэлi Шварэнбах.

Ульрых слухаў, але нiчога не разумеў i толькi неадчэпна глядзеў на дзяўчыну. Часам ён адказваў: "Так, панi Хаўзэр". Але думкi яго былi недзе далёка, i яго спакойны твар заставаўся безуважны.

Яны падышлi да возера Доб. Вялiзная лядовая роўнядзь распасцiралася перад iмi на дне лагчыны. Справа ўзнiмалiся ўгору чорныя спiчастыя скалы Добэрхорна, а побач з iмi – вялiзныя зломкi Лёмэрнскага ледавiка з велiчным Вiльдструбэлем.

Калi яны наблiзiлiся да перавалу Жэмi, дзе пачынаецца спуск у Лёэш, перад iмi нечакана адкрылiся далягляды Валейскiх Альпаў, ад якiх аддзяляла iх глыбокая i шырокая далiна Роны.

Удалечынi вiднелiся белыя вяршынi, няроўныя, абламаныя, вострыя, што зiхацелi ў сонечных промнях: двухрогi Мiшабэль, магутны масiў Вайсхорна, цяжкi Брунэгхорн, высокая i злавесная людабойчая пiрамiда Сэрвэна i Дан-Блянш – Белы Зуб – падступны i пагрозлiвы.

Пасля нарэшце яны ўбачылi далёка ўнiзе, у вялiзнай прорве, на дне страшнай безданi мястэчка Лёэш. Маленькiя дамочкi здавалiся пясчынкамi, немаведама кiм рассыпанымi на дне гэтай вялiзнай цяснiны, што была закрытая з аднаго боку перавалам Жэмi, а з другога, далёка ўнiзе, выходзiла да самай Роны.

Мул спынiўся каля сцежкi, што вiлася, як змяя, дзiўна i фантастычна выкручваючыся ўздоўж стромага схiлу гары, i апускалася аж да падножжа, да маленькага, амаль нябачнага мястэчка. Жанчыны саскочылi ў снег.

Падышлi абодва старэйшыя мужчыны.

– Ну, – сказаў Хаўзэр-бацька, – трымайцеся, сябры, да пабачэння ў наступным годзе.

Хары кiўнуў:

– Да наступнага года.

Яны пацалавалiся. Пасля падставiла шчочку панi Хаўзэр, а за ёй – дзяўчына.

Калi чарга развiтацца дайшла да Ульрыха, ён шапнуў на вуха Луiзе: "Не забывайце тых, хто застаецца наверсе". Яна адказала: "Не забуду", але так цiха, што ён хутчэй здагадаўся, чым пачуў.

– Ну, да пабачэння, – паўтарыў Жан Хаўзэр. – Бывайце здаровыя.

I, мiнуўшы жанчын, ён пачаў спускацца.

Хутка ўсе трое знiклi за першым паваротам.

Абодва праваднiкi накiравалiся ў бок гатэля Шварэнбах.

Яны iшлi павольна, плячо ў плячо, i маўчалi. Усё скончана, яны застануцца адны, сам-насам, на чатыры цi пяць месяцаў.

Пасля Гаспар Хары пачаў апавядаць пра леташняе зiмаванне. Ён быў тады разам з Мiшэлем Канолем, якi цяпер быў ужо занадта стары, каб заставацца тут на зiму, бо цi мала што можа здарыцца падчас гэткай доўгай адзiноты. Яны, зрэшты, не сумавалi. Галоўнае – добра пачаць з самага першага дня, тады ўсё пойдзе добра, знойдзецца i занятак, i гульнi.

Ульрых слухаў яго, апусцiўшы вочы, i заставаўся ў думках разам з тымi, хто цяпер спускаўся да мястэчка па серпантынах перавалу.

Хутка яны ўбачылi гатэль – маленькую чорную кропку на фоне бясконцай снежнай роўнядзi.

Калi яны расчынiлi дзверы, Сэм, вялiкi кудлаты сабака, пачаў скакаць вакол iх.

– Ну, сынку, – сказаў стары Гаспар, – жанчын у нас болей няма, трэба гатаваць вячэру самiм. Ану, абяры бульбы.

I абодва, седзячы на драўляных услончыках, елi хлеб, мачаючы яго ў булён.

Наступная ранiца здалася Ульрыху доўгаю. Стары Хары курыў i пляваў у камiн, а маладзён глядзеў праз акно на гару, што сляпуча ззяла пад сонцам насупраць дома.

Па абедзе ён выйшаў з дому i, паўтараючы шлях, пройдзены днём раней, спрабаваў шукаць сляды капытоў мула, што вёз жанчын. Дайшоўшы да перавалу Жэмi, ён лёг на жывот каля краю прорвы i стаў глядзець на Лёэш.

У мястэчку, што ляжала нiбы ў калодзежы сярод скалаў, снегу яшчэ не было. Снег абступiў яго з усiх бакоў, але сасновыя лясы надзейна баранiлi мястэчка i ваколiцы ад белай навалы. Нiзенькiя дамы былi падобныя да каменьчыкаў, раскiданых па лузе.

Луiза Хаўзэр цяпер была недзе там, у адным з гэтых шэрых будынкаў. У якiм? Ульрых быў занадта далёка, каб дэталёва разгледзець дамы. Як бы ён хацеў спусцiцца, пакуль было яшчэ не позна!

Але сонца знiкла за вялiзнай вяршыняй Вiльдструбэля, i хлопец вярнуўся. Дзядзька Хары курыў, як i ранiцай. Заўважыўшы, што кампаньён вярнуўся, Хары прапанаваў яму згуляць у карты, i яны селi за стол.

Гулялi яны доўга, пасля, павячэраўшы, паклалiся спаць.

Наступныя днi, сонечныя, халодныя i бясснежныя, былi падобныя да першага. Стары Гаспар бавiў вечары, сочачы за арламi i iншымi рэдкiмi птушкамi, што наважвалiся залятаць на ледзяныя вяршынi, а Ульрых штодня прыходзiў да перавала, каб паглядзець на мястэчка. Пасля яны гулялi ў карты, у косцi, у дамiно, выйгравалi i прайгравалi адзiн аднаму розныя дробныя рэчы, каб цiкавей было гуляць.

Аднойчы ранiцай Хары, якi прачнуўся першы, абудзiў кампаньёна. Пышнае, глыбокае, лёгкае, рухомае воблака белага шуму бязгучна падала на iх, вакол iх, хаваючы iх пад тоўстай i цяжкай пярынаю. Так цягнулася чатыры днi i чатыры ночы. Трэба было вызваляць з-пад снегу дзверы i вокны, пракопваць калiдор i высякаць прыступкi, каб выбрацца з гэтай ледзяной турмы, бо за дванаццаць гадзiн марозу снег зрабiўся цвярдзейшы за гранiт.

I яны сталi жыць, як вязнi, не наважваючыся асаблiва вылазiць са свайго жытла. Яны падзялiлi мiж сабою ўсе абавязкi i старанна iх выконвалi. Ульрых прыбiраў, мыў, рабiў усё, што забяспечвала чысцiню ў гатэлi. Ён таксама калоў дровы. Гаспар Хары шчыраваў на кухнi i пiльнаваў агонь. Iхняя заўсёдная нудлiвая праца перарывалася часам партыяй у карты цi ў косцi. Яны нiколi не сварылiся, абодва былi спакойныя i пакорлiвыя. Нiколi не выказвалi нецярплiвасцi, благога настрою, нiколi не лаялiся, бо загадзя скарылiся лёсу перад гэтым зiмаваннем сярод гор.

Часам стары Гаспар браў стрэльбу i iшоў паляваць на сарнаў, калi-нiкалi прыносiў здабычу. Тады ў горным гатэлi Шварэнбах было свята i ладзiўся банкет са свежым мясам.

Аднойчы ранiцай ён выйшаў як звычайна. Тэрмометр паказваў васемнаццаць градусаў нiжэй нуля. Сонца яшчэ не ўзышло, i стары меркаваў заспець дзiчыну на подступах да Вiльдструбэля.

Застаўшыся адзiн, Ульрых спаў да дзесятай гадзiны. Ён увогуле любiў паспаць, але нiколi б на такое не адважыўся, калi б у доме застаўся стары праваднiк, што ўставаў заўсёды вельмi рана.

Ён не спяшаючыся паснедаў з Сэмам, якi таксама цэлыя днi i ночы спаў перад агнём. Пасля яму зрабiлася сумна i нават боязна на адзiноце, ён засумаваў па штодзённай партыi ў карты.

Тады ён выйшаў з дому, каб пайсцi насустрач свайму кампаньёну, якi павiнен быў вярнуцца а чацвёртай гадзiне.

Снег зраўнаваў усю глыбокую далiну, забiў расколiны, схаваўшы абодва возеры, ахутаўшы скалы. Цяпер памiж высачэзнымi вяршынямi засталася вялiзная белая западзiна, аднастайная i сляпучая.

Ужо тры тыднi Ульрых не хадзiў да краю прорвы, адкуль ён глядзеў на мястэчка. I таму, перш чым палезцi па стромых схiлах Вiльдструбэля, ён завярнуў туды. Лёэш цяпер патанаў у снезе, будынкi, схаваныя пад белым футрам, ужо немагчыма было разгледзець.

Пасля, павярнуўшы ўправа, ён выйшаў да ледавiка Лёмэрн. Ён ступаў шырока, як горны жыхар, пастукваючы жалезным кiйком па цвёрдым, як камень, снезе. Ён пiльна ўглядаўся ў далечыню, шукаючы на гэтым бязмежным белым абрусе маленькую чорную кропку.

Каля ледавiка ён спынiўся, разважаючы, цi пайшоў стары менавiта гэтай дарогай, пасля рушыў уздоўж скал шпаркiм, неспакойным крокам.

Сонца садзiлася, снег рабiўся ружовы. Сухi марозны вецер прабягаў раптоўнымi парывамi па крыштальнай роўнядзi. Ульрых моцна пагукаў. Голас паляцеў у мёртвую цiшу, дзе спалi горы; ён панёсся далёка над нерухомымi i глыбокiмi хвалямi лядовага шумавiння, як птушыны крык над марскiмi хвалямi, i ўрэшце зацiх. Нiхто не адазваўся.

Ён пайшоў далей. Сонца ўжо села за горнымi вяршынямi, яшчэ ружовымi ад апошнiх водблiскаў. Тым часам дно ў лагчыне пачало шарэць, i хлопец раптам спалохаўся. Яму здалося, што цiшыня, адзiнота, смяротны холад гор авалодваюць iм, спыняюць i студзяць кроў, скоўваюць цела, робяць з яго нерухомую ледзяную iстоту. I ён пабег у бок гатэля. Стары павiнен быў ужо вярнуцца, пакуль ён хадзiў. Напэўна, ён прыйшоў другою дарогай i цяпер сядзiць каля агню, а побач ляжыць забiтая сарна.

Хутка ён убачыў гатэль. Дыму не было. Ульрых пабег хутчэй, адчынiў дзверы. Сэм кiнуўся яму насустрач. Гаспар не вярнуўся.

Напалоханы хлопец азiрнуўся навокал, быццам спадзяваўся ўбачыць свайго кампаньёна ў адным з кутоў. Пасля ён распалiў агонь i згатаваў суп. Ён усё яшчэ спадзяваўся, што стары вернецца.

Час ад часу ён выходзiў з дому, каб паглядзець, цi не вяртаецца Хары. Тым часам настала ноч, цьмяная, бледная горная ноч, з краю неба яе блякла асвятляў тонкi жоўты маладзiк, што быў гатовы, здавалася, упасцi з неба i знiкнуць за вяршынямi.

Хлопец вяртаўся ў дом, садзiўся, грэў ногi i рукi, перабiраючы ў думках усе няшчасцi, што маглi здарыцца.

Гаспар мог звалiцца ў яму, спатыкнуцца i падвярнуць цi нават зламаць нагу. Тады б ён застаўся ляжаць у снезе, пакуль не змерзне, з роспаччу ў душы, загублены ў белай пустэльнi. Можа, ён будзе прасiць ратунку, гукаючы ў начной цiшы.

Але дзе? Горы навокал такiя вялiкiя, такiя жорсткiя, такiя небяспечныя, асаблiва гэтаю парою, што спатрэбiлася б дзесяць цi нават дваццаць праваднiкоў, якiя шукалi б чалавека тыдзень у гэтым бязмежжы.

Ульрых Кюнсi вырашыў, аднак, пайсцi шукаць разам з Сэмам, калi Гаспар Хары не вернецца да першае гадзiны ночы.

Ён пачаў збiрацца.

Ён паклаў у наплечнiк харчоў на два днi, узяў сталёвыя крукi, абвязаўся вакол пояса доўгай, тонкай i моцнай вяроўкай, праверыў свой жалезны кiёк i сякерку, якою высякаюць прыступкi ў лёдзе. Пасля ён стаў i азiрнуўся. У камiне гарэў агонь. Асветлены полымем, спаў, цiхенька сапучы, вялiкi сабака. Гадзiннiк пастукваў, як сэрца, у сваёй скрынцы са звонкага дрэва.

Ён чакаў, уважлiва прыслухоўваючыся да далёкiх гукаў, i ўздрыгваў кожнага разу, калi лёгкi вецер прабягаў па даху i сценах.

Прабiла поўнач, Ульрых здрыгануўся. Адчуваючы холад i страх, ён паставiў на агонь ваду, каб перад адыходам папiць гарачай кавы.

Калi гадзiннiк прабiў адну гадзiну, ён устаў, абудзiў Сэма, адчынiў дзверы i пайшоў у бок Вiльдструбэля. Пяць гадзiн ён узбiраўся на скалы з дапамогай крукоў, прасякаў лёд, iшоў наперад, часам падцягваючы на вяроўцы сабаку, якi не мог сам адолець занадта стромыя схiлы. Прыблiзна а шостай гадзiне ён дабраўся да месца, дзе Гаспар звычайна паляваў на сарнаў.

Ён стаў чакаць, пакуль развiднее.

Неба ў яго над галавою пачало бляднець. Раптам нейкае дзiўнае святло, што ўзялося невядома адкуль, асвятлiла ўвесь гэты велiзарны лес бледных вяршыняў, што ўзвышалiся з усiх бакоў. Здавалася, што гэтае няяснае святло iшло ад самога снегу i разлiвалася ў паветры. Паступова найвышэйшыя з далёкiх вяршыняў зрабiлiся светла-ружовыя, i з-за цяжкiх волатаў Бернскiх Альпаў паказалася чырвонае сонца.

Ульрых пайшоў далей. Ён iшоў, як паляўнiчы, прыгнуўшыся, высочваючы сляды, загадваючы сабаку: "Шукай, дарагi, шукай".

Цяпер ён ужо спускаўся з гары, углядаючыся ў цяснiны, i часам моцна гукаў, але голас хутка гiнуў у нямым бязмежжы. Тады ён прыкладаў вуха да зямлi i ўслухоўваўся. Яму здавалася, што ён чуе нечы голас, ён бег, зноў крычаў, але, не дачакаўшыся адказу, садзiўся ў роспачы i безнадзейнасцi. Апоўднi ён паабедаў i пакармiў Сэма, таксама вельмi стомленага.

Пасля ён зноў падаўся на пошукi.

Калi настаў вечар, ён яшчэ iшоў, хоць за спiнай было ўжо пяцьдзесят кiламетраў горных сцежак. Ён быў занадта далёка ад дому, каб вярнуцца, i занадта стомлены, каб iсцi далей, таму ён выкапаў яму ў снезе i лёг у яе разам з сабакам, увярцеўшыся ў коўдру, якую ён нёс з сабой. Так яны i ляжалi, прытулiўшыся адзiн да аднаго, чалавек i жывёлiна, грэючы адзiн аднаго сваiм целам, i ўсё роўна страшэнна мерзлi.

Ульрых зусiм не спаў, яго розум мучылi жахi, яго цела дрыжала ад холаду.

Калi ён устаў, пачынала днець. Ногi здранцвелi i зрабiлiся цяжкiя, як жалезныя бэлькi, душа так аслабела, што хацелася крычаць ад роспачы, сэрца так бiлася, што, пэўна, разарвалася б, калi б ён пачуў хоць якi гук.

Раптам прыйшла думка, што i ён гэтаксама памрэ ад холаду ў гэтай снежнай пустэльнi, i страх такой смерцi абудзiў у iм энергiю, аднекуль знайшлася сiла.

Ён пачаў спускацца ў кiрунку гатэля, падаючы i паднiмаючыся зноў, а далёка за iм кульгаў на трох лапах Сэм.

Яны давалаклiся да Шварэнбаха толькi а чацвёртай гадзiне папаўднi. Дом быў пусты. Хлопец распалiў агонь, паеў i заснуў, ачмурэлы да таго, што ўжо нi пра вошта не думаў.

Спаў ён доўга, вельмi доўга, непрабудным сном. Але раптам нечы голас, нечы крык "Ульрых!" парушыў яго глыбокае зняменне, i ён ускочыў. Цi яму гэта прымроiлася? Цi быў гэта той дзiўны воклiч, што час ад часу ўрываецца ў сны нервова неспакойнага чалавека? Не, ён усё яшчэ чуў гэты пранiзлiвы крык, што ўвайшоў праз вушы ў цела i, здавалася, запоўнiў яго аж да кончыкаў пальцаў. Пэўная рэч, нехта крычаў, нехта клiкаў: "Ульрых!" Нехта быў тут, побач з домам. Ён у гэтым не сумняваўся. Ён расчынiў дзверы i закрычаў што ставала моцы: "Гэта ты, Гаспар?"

Нiхто не адгукнуўся, нiякага гуку, нiякага шэпту, нiякага стогну, нiчога. Стаяла цёмная ноч. Бледна паблiскваў снег.

Узняўся вецер, сцюдзёны горны вецер, што разбiвае камянi i не пакiдае нiчога жывога сярод гэтых забытых Богам вяршыняў. Яго раптоўныя парывы былi больш высушлiвыя i смяротныя, чым пякучы вецер пустынi. Ульрых зноў закрычаў: "Гаспар! Гаспар! Гаспар!"

Ён пачакаў. Горы маўчалi! I тады страх працяў яго да самых касцей. Ён хутка заскочыў у гатэль, зачынiў дзверы, замкнуўся на замок i ўпаў у лiхаманцы на крэсла, упэўнены ў тым, што яго таварыш клiкаў яго падчас канання.

Ён быў упэўнены ў гэтым. Стары Гаспар Хары канаў два днi i тры ночы недзе ў яме, у адным з глыбокiх, некранутых яроў, бель якiх страшнейшая за цемру сутарэнняў. Ён канаў два днi i тры ночы i памёр толькi што з думкай пра свайго кампаньёна. Душа яго, як толькi вызвалiлася, паляцела да гатэля, дзе спаў Ульрых, i паклiкала яго, падпарадкоўваючыся той таямнiчай i страшнай сiле, што прымушае душы памерлых неадступна турбаваць жывых. Гэтая бязмоўная душа закрычала ў прыгнечаным розуме таго, хто спаў. Яна выгукнула апошняе слова развiтання, апошнi папрок, апошняе пракляцце таму, хто не надта старанна шукаў.

I Ульрых адчуваў, што Гаспарава душа тут, зусiм блiзка, за сцяною, за дзвярыма, якiя ён толькi што зачынiў. Яна тулялася знадворку, як начная птушка, што б'ецца крыламi аб шыбiны асветленага акна, а хлопец, ужо зусiм ашалелы, быў гатовы завыць ад страху. Ён хацеў уцячы, але баяўся выйсцi. Ён не наважваўся i больш нiколi не наважыцца выйсцi, бо прывiд будзе заставацца там, ён будзе бадзяцца ўдзень i ўночы вакол гатэля, пакуль не знойдуць цела старога праваднiка i не пахаваюць яго на пасвенчанай зямлi на могiлках.

Настаў дзень, узышло яркае сонца, i гэта надало Кюнсi адвагi. Ён паснедаў, накармiў сабаку i застаўся сядзець на крэсле, думаючы з болем у сэрцы пра старога, што застаўся недзе ляжаць у снезе.

Як толькi на горы апусцiлася ноч, яго пачалi адольваць новыя страхi. Ён хадзiў па цёмнай кухнi, ледзь асветленай полымем свечкi, хадзiў з кута ў кут шырокiм крокам, прыслухоўваючыся, цi не парушыць зноў змрочную навакольную цiшу нялюдскi крык мiнулае ночы. Ён адчуваў самоту – пэўна, нiхто нiколi не быў такi самотны! Ён быў адзiн у гэтай бясконцай снежнай пустэльнi, адзiн на вышынi дзвюх тысяч метраў над зямлёй, над дамамi, над шумным i мiтуслiвым жыццём, адзiн у гэтых сцюдзёных нябёсах! Яго раздзiрала дзiкае жаданне ўцячы, усё роўна куды, усё роўна як, спусцiцца ў Лёэш, кiнуўшыся ў прорву. I ён зрабiў бы гэтак, але не адважыўся адчынiць дзверы. Ён баяўся, што той, мёртвы, не дасць яму ўцячы з-за боязi застацца аднаму ў гарах.

Каля апоўначы, стомлены хадою, ашалелы ад страху, ён урэшце заснуў на сваiм крэсле, бо баяўся ложка, як месца, заселенага прывiдамi.

I раптам пранiзлiвы крык зноў прарэзаў цiшу. Ён быў такi гучны, што Ульрых выцягнуў рукi перад сабой, каб адпiхнуць прывiда, i ўпаў разам з крэслам.

Сэм, абуджаны шумам, пачаў выць, як выюць напалоханыя сабакi, ён бегаў па пакоi, шукаючы, з якога боку пагражае небяспека. Падышоўшы да дзвярэй, ён прынюхаўся, натапырыўся i пагрозлiва завурчаў.

Ашалелы Кюнсi ўскочыў, схапiў крэсла за ножку i закрычаў: "Не ўваходзь! Не ўваходзь! Не ўваходзь, бо заб'ю!" I сабака, узбуджаны гэтай пагрозай, пачаў шалёна брахаць на нябачнага ворага, да якога звяртаўся гаспадар.

Сэм памалу супакоiўся i лёг каля агню, але трывога не прайшла. Ён ляжаў, падняўшы галаву, i сярдзiта вурчаў праз iклы.

Ульрых памалу апрытомнеў, але, адчуваючы, што зараз памрэ ад страху, дастаў з буфета бутэльку гарэлкi i выпiў адну за адной некалькi шклянак. Думкi яго пераблыталiся, зноў вярнулася адвага, гарачыня разлiлася па жылах.

Наступнага дня ён нiчога не еў, толькi пiў гарэлку. Так ён пражыў некалькi дзён, п'яны да непрытомнасцi. Як толькi ён згадваў Гаспара, ён зноў пачынаў пiць, пакуль не падаў, збiты з ног дзеяннем алкаголю. Ён так i заставаўся ляжаць, тварам унiз, нерухома, як мёртвы, з разбiтым целам, храпучы, прыцiснуўшыся лбом да зямлi. Але як толькi пякучая дурманлiвая вадкасць засвойвалася арганiзмам, той самы крык "Ульрых!" зноў будзiў яго, упiваючыся ў мозг, як куля. Ён уставаў, хiстаючыся, выстаўляючы рукi, каб не ўпасцi, i клiкаў Сэма на дапамогу. I сабака, якi ўжо, як i гаспадар, таксама страцiў розум, кiдаўся да дзвярэй, пачынаў драпаць iх кiпцямi, грызцi сваiмi вялiкiмi белымi зубамi, а хлопец тым часам стаяў, задраўшы галаву, i прагна глытаў, нiбы ваду пасля доўгага бегу, гарэлку, што на нейкi час зноў усыпляла яго думкi, яго памяць i яго неадчэпны страх.

За тры тыднi ён выпiў усё назапашанае спiртное. Але гэтае доўгае п'янства толькi часова ўсыпляла яго страх, што прачынаўся з новай лютасцю, як толькi канчалася дзеянне алкаголю. I тады неадчэпная думка аб памерлым, памоцненая месяцам апойства i абсалютнай адзiноты, уядалася ў яго, як свердзел. Тады ён пачынаў хадзiць па пакоi, як звер у клетцы, прыкладаў вуха да дзвярэй, прыслухоўваўся, цi той другi ўсё яшчэ там, i крычаў яму праз сцяну.

Пасля, як толькi ёп пачынаў засынаць, зможаны стомай, ён зноў чуў голас i ўскокваў на ногi.

Нарэшце аднае ночы ён, гатовы на ўсё ад роспачы i страху, падскочыў да дзвярэй i адчынiў, каб паглядзець на таго, хто яго клiча, каб прымусiць яго замаўчаць.

Сцюдзёны вецер шугануў яму ў твар i працяў наскрозь смяротным холадам. Ён хутка зачынiў дзверы i замкнуўся на засаўку, не заўважыўшы, што Сэм застаўся на дварэ. Пасля, дрыжучы, ён падкiнуў дроў у агонь i сеў перад iм, каб сагрэцца, але раптам уздрыгнуў, бо пачуў, як нехта скрабецца ў сцяну i плача.

Ён ашалела закрычаў: "Iдзi адсюль!" У адказ пачуўся працяжны жаласны стогн.

I тады страх забраў рэшту розуму. Ён паўтараў: "Iдзi адсюль!" – i сам круiцўся на месцы, каб знайсцi куток, куды схавацца. А той знадворку не пераставаў плакаць, хадзiць вакол дома i церцiся аб сцены. Ульрых кiнуўся да дубовага буфета, набiтага посудам i харчамi, i, прыўзняўшы яго з нялюдскай сiлай, заставiў iм дзверы. Пасля, сцягнуўшы ў кучу ўсё, што засталося ад мэблi, матрацаў, сеннiкоў, крэслаў, ён заклаў акно, быццам баронячыся ад аблогi.

Знадворку чулiся журботныя стогны, на якiя хлопец урэшце пачаў адгукацца такiмi самымi стогнамi.

Так мiналi днi i ночы, а яны ўсё вылi адзiн у адказ другому. Адзiн увесь час круцiўся вакол дома, драпаў сцяну кiпцямi так моцна, што здавалася – сцяна не вытрымае, другi ж, у доме, прыслухоўваўся да кожнага руху знадворку, скурчыўшыся, прыклаўшы вуха да сцяны, адказваючы на кожны гук страшным крыкам.

Аднаго вечара Ульрых нiчога не пачуў з-за сцяны. Ён сеў, разбiты стомай, i адразу заснуў.

Прачнуўся ён, нiчога не памятаючы, нi пра вошта не думаючы, быццам галава яго спустошылася падчас гэтага цяжкага сну. Ён быў галодны i таму кiнуўся есцi.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Зiма скончылася. Перавал Жэмi зноў адкрыўся, i сям'я Хаўзэраў рушыла ў горы, каб на лета зноў пасялiцца ў сваiм гатэлi.

Дайшоўшы да вяршынi перавалу, жанчыны ўзлезлi на мула i пачалi гаварыць пра двух праваднiкоў, якiх яны хутка павiнны былi ўбачыць.

Iх дзiвiла тое, што нiводзiн з iх не спусцiўся на некалькi дзён раней, калi дарога ўжо адкрылася, каб расказаць пра сваё доўгае зiмаванне.

Нарэшце яны заўважылi гатэль, яшчэ ўкрыты снегам. Дзверы i акно былi зачыненыя, але над дахам вiўся дымок, i Хаўзэр-бацька супакоiўся. Але наблiзiўшыся да дома, ён заўважыў на парозе шкiлет нейкай жывёлiны, якую разадралi арлы.

Усе разгледзелi яго. "Гэта напэўна Сэм", – сказала мацi. Яна паклiкала: "Гэй, Гаспар!" У адказ з дома пачуўся прарэзлiвы крык, хутчэй звярыны, чым чалавечы. Хаўзэр-бацька паклiкаў зноў: "Гаспар!" I зноў пачуўся той самы крык.

Бацька i сыны паспрабавалi адчынiць дзверы, але яны не далiся. Тады схадзiлi ў пустую стайню, прынеслi бервяно i з усяе сiлы стукнулi iм у дзверы. Дрэва хруснула, падалося, дошкi разляцелiся на кавалкi. Пасля ў доме пачуўся страшэнны грукат, i яны заўважылi за перакуленым буфетам чалавека з валасамi да плячэй, з барадою да пояса, з блiскучымi вачыма, з рызманамi на целе замест вопраткi.

Яны не пазналi яго, але Луiза Хаўзэр закрычала: "Гэта Ульрых, мама!" I мацi згадзiлася, што гэта Ульрых, хоць у яго былi сiвыя валасы.

Ён падпусцiў iх блiжэй, даў дакрануцца да сябе. Але ён не адказваў на пытаннi, якiя яму задавалi. Прыйшлося завесцi яго ў Лёэш, i там лекары засведчылi, што ён звар'яцеў.

I нiхто нiколi не даведаўся, што сталася з яго кампаньёнам.

А маладзенькая Луiза ледзь не памерла гэтым летам ад нейкай хваравiтай млявасцi, якую ўсе тлумачылi ўплывам горнага холаду.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю