Текст книги "Вяртанне (на белорусском языке)"
Автор книги: Ги де Мопассан
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Де Мопассан Ги
Вяртанне (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Вяртанне
Пераклад: Сяргей Мурашка
Нiзкiя хвалi аднастайна хвошчуць бераг. Белыя хмаркi таропка бягуць па бяскрайнiм небасхiле, падхопленыя рэзкiм ветрам, быццам чайкi. А ўнiзе, на дне лагчыны, якая спускаецца да мора, грэецца на сонцы вёска.
На далёкiм канцы пры дарозе адзiнока стаiць хата Мартэн-Левекаў. Гэта маленькая рыбацкая мазанка пад страхою з мяцёлкай блакiтнага касачу на вiльчыку. Да ганка прыткнуўся маленькi, з лапiк, агарод, дзе расце цыбуля, некалькi качаноў капусты, пятрушка i цьмянец. Жываплот адгароджвае яго ад дарогi.
Мужчына цяпер у моры, а жанчына нацягнула на сцяне шырокую бурую сетку, падобную на вялiзнае павуцiнне, i цыруе вочкi. Каля веснiчак у адкiнутым назад i прыстаўленым бiльцам да плота плеценым крэсле сядзiць дзяўчынка чатырнаццацi гадоў i латае пералатаную бядняцкую бялiзну. Другое дзяўчо, на год маладзейшае, гушкае на руках дзiця, якое яшчэ не ўмее нi хадзiць, нi гаварыць; а двое малых – двух i трох гадоў – сядзяць проста на зямлi носам у нос, грабуцца ў зямлi нязграбнымi ручкамi i кiдаюцца адно аднаму ў твар пяском.
Усе маўчаць. Толькi немаўля не можа заснуць i ўсё кугакае. На акне дрэмле кот, а пад сцяною красуецца ляўконiя, i над прыгожай купкай яе белых кветак зумкае мушыны рой.
Дзяўчынка, што шые каля веснiчак, клiча:
– Матуля!
Мацi адказвае:
– Чаго табе?
– Зноў ён.
Абедзве непакояцца ад самай ранiцы, бо нейкi чалавек швэндаецца вакол хаты: стары чалавек падобны на жабрака. Яны заўважылi яго, калi хадзiлi праводзiць бацьку на карабель. Ён сядзеў на краi рова насупраць iх дзвярэй. I калi яны вярнулiся з берага, ён усё сядзеў там i глядзеў на дом.
З выгляду ён быў хворы i вельмi гаротны. Чалавек не ўставаў з месца цэлую гадзiну, але, заўважыўшы, што да яго прыглядаюцца, як да злодзея, падняўся i, кульгаючы, пайшоў.
Але неўзабаве яго марудная i стомленая постаць паказалася другi раз, i ён зноў сеў, толькi крыху зводдаль, быццам сцерагчы iх.
Мацi з дочкамi спалохалiся. Асаблiва трывожылася мацi, бо па натуры была палахлiвая, а таксама ад таго, што яе муж Левек меўся вярнуцца толькi за поўнач.
Яе мужа звалi Левек, а яе – Мартэн, i iх ахрысцiлi Мартэн-Левекамi. I вось чаму: першы раз яна выйшла за марака Мартэна, якi штолета плаваў да Ньюфаўндленда лавiць траску.
За два гады жыцця яна нарадзiла дзяўчынку i шосты месяц хадзiла другою, калi мужаў карабель "Дзве сястры" – трохмачтавiк з Дзьепа – недзе знiк.
Нiхто больш нiколi не чуў пра яго, нiводзiн марак, якi ступiў на яго палубу, не вярнуўся, i ўсе палiчылi, што ён загiнуў.
Мартэнава жонка дзесяць гадоў чакала мужа i ў змаганнi з галечай гадавала двое дзяцей. Аднойчы мясцовы рыбак Левек, якi пасля смерцi жонкi застаўся з сынам на руках, прапанаваў пажанiцца смелай i добрай жанчыне. Яны ўзялi шлюб, i за тры гады ў яе нарадзiлася яшчэ двое дзяцей.
Жыццё iх было горкае i працавiтае. Хлеб каштаваў дорага, а мяса было зусiм рэдкiм госцем у хаце. Парой, падчас зiмовых шквалаў i навальнiц, яны бралi пазыку ў пекара. Нягледзячы на ўсё, дзецi не хварэлi. Вяскоўцы казалi:
– Добрыя яны людзi, Мартэн-Левекi. Мартэн увiшная гаспадыня, а над Левекам рыбака няма.
Дзяўчынка каля веснiчак сказала:
– Мусiць, ён ведае нас. Можа, гэта якi жабрак з Эпрэвiля цi Азбоска.
Але мацi не магла памылiцца. Не, не, ён не тутэйшы!
Чалавек нiбы аслупянеў, пiльна ўглядаючыся на жытло Мартэн-Левекаў; Мартэн узлавалася, ад страху асмялела, схапiла рыдлёўку i выйшла на ганак.
– Што вы тут робiце? – крыкнула яна бадзягу.
Ён хрыпла адказаў:
– Сяджу i дыхаю паветрам! Я што, замiнаю вам?
Яна сказала:
– А чаму гэта вы шпiгуеце за маiм домам?
Той азваўся:
– Я нiкому не раблю зла. Хiба нельга пасядзець пры дарозе?
Жанчына не знайшла, што сказаць, i вярнулася ў хату.
Дзень доўга не канчаўся. Апоўднi мужчына знiк, але а пятай зноў прыйшоў. Вечарам яго таксама не было.
Левек вярнуўся позна ўночы. Яму ўсё расказалi.
– Гэта нейкi прайдзiсвет цi круцель, – заключыў ён. I спакойна лёг спаць, а жонка ўсё думала пра бадзягу, якi так дзiўна прыглядаўся да яе.
Ранiцай задзьмуў моцны вецер, выйсцi ў мора не было як, i марак сеў памагаць жонцы ладзiць сеткi.
А дзевятай старэйшая дачка Мартэн, якая хадзiла па хлеб, прыбегла напалоханая i крыкнула:
– Мама, зноў ён!
Мацi захвалявалася, збялела i сказала мужу:
– Пагавары з iм, Левек, хай не пiльнуе нас, бо мне страшна.
I Левек, высокi марак з цагляным тварам у густой рыжай барадзе, з блакiтнымi, у чорную крапiнку вачыма i дужай, заўсёды захутанай шалiкам шыяй каб акрыцца ад марскога дажджу i ветру – спакойна выйшаў да валацугi.
Яны загаварылi.
Мацi з дзецьмi трывожна i палахлiва здалёк паглядала на iх.
Раптам незнаемы падняўся i разам з Левекам пайшоў да хаты.
Мартэн спалохана адступiлася. Муж сказаў ёй:
– Дай яму хлеба i шклянку сiдру. Ён не еў два днi.
Мужчыны, а следам за iмi жанчына з дзецьмi ўвайшлi ў хату. Жабрак сеў i, схiлiўшы галаву пад позiркамi сям'i, пачаў есцi.
Мацi стоячы ўглядалася ў яго, дзве дачкi Мартэн – адна з немаўлём на руках – прагна сачылi за кожным яго рухам, нават двое малых, што сядзелi ў попеле, кiнулi гуляць з чорным чыгуном, каб паглядзець на чужынца.
Левек сеў у крэсла i спытаўся:
– Дык вы здалёк?
– З Сэта.
– Вось гэтак, пеша?
– Але, пеша. Як грошай Бог не даў, дык што ж.
– I куды ж гэта вы?
– Сюды.
– Цi ёсць тут у вас хто?
– Можа.
Мужчыны змоўклi. Бадзяга еў нетаропка, хоць i быў галодны, i кожны кус хлеба запiваў глытком сiдру. Яго запалы твар быў скрозь у маршчынах, драпiнах, i здавалася, што чалавек шмат пакутаваў. Нечакана Левек спытаўся:
– Як вас завуць?
Той, не падымаючы галавы, адказаў:
– Мяне завуць Мартэн.
Мацi неяк дзiўна скаланулася. Яна ступiла крок, каб блiжэй разгледзець жабрака, i, апусцiўшы рукi, з разяўленым ротам спынiлася насупраць яго. Усе маўчалi.
Нарэшце Левек сказаў:
– Вы адсюль?
Ён адказаў:
– Я адсюль.
Ён усё ж падняў галаву, позiркi жанчыны i жабрака сустрэлiся, спынiлiся, змяшалiся, быццам зачапiлiся адзiн за адзiн.
I раптам яна другiм, цiхiм трапяткiм голасам прашаптала:
– Цi ты гэта, мужычок?
Ён вымавiў па складах:
– Гэта я.
Ён не кратаўся, усё жаваў свой хлеб. Левек хутчэй здзiўлена, чым усхвалявана прамармытаў:
– Гэта ты, Мартэн?
Той проста адказаў:
– Але, гэта я.
Другi муж спытаўся:
– Адкуль жа ты ўзяўся?
Першы загаварыў:
– З Афрыканскага берага. Мы наляцелi на плытнечу i пачалi тануць. Выратавалiся ўтрох: Пiкар, Вацiнэль i я. Нас схапiлi дзiкуны i трымалi дванаццаць гадоў. Пiкар i Вацiнэль загiнулi. Нейкi ангельскi вандроўнiк вызвалiў мяне i давёз да Сэта. I вось я тут.
Мартэнава жонка заплакала, уткнуўшыся тварам у фартух.
Левек сказаў:
– Што ж нам цяпер рабiць?
Мартэн спытаўся:
– Ты яе муж?
Левек адказаў:
– Я!
Яны зiрнулi адзiн на аднаго i змоўклi. Мартэн абвёў вачыма дзяцей i кiўнуў на дзвюх дзяўчынак:
– Мае?
Левек адказаў:
– Твае.
Той не ўстаў, не пацалаваў iх, адно сказаў:
– Божа мой, якiя вялiкiя!
Левек паўтарыў:
– Што ж нам рабiць?
Збянтэжаны Мартэн ведаў не лепш за яго. Урэшце ён вырашыў:
– Я зраблю, як ты захочаш. Я не хачу пакрыўдзiць цябе. Але гэта складана, бо ёсць хата. У мяне двое дзяцей, у цябе трое, у кожнага свае. Жонка? Цi то твая, цi то мая? Будзе, як скажаш, але хата – хата мая, бо гэта бацькаўшчына, у ёй я нарадзiўся, i ўсе паперы ў натарыуса.
А Мартэнiха ўвесь час плакала, хаваючы цiхiя слёзы ў блакiтны прыпол. Абедзве вялiкiя дачкi падышлi блiжэй i трывожна пазiралi на свайго бацьку.
Ён паеў i сам спытаўся:
– Што нам рабiць?
Левек надумаўся:
– Трэба iсцi да кюрэ, ён дарадзiць.
Мартэн падняўся, ступiў да жонкi, а тая кiнулася яму на грудзi i загаласiла:
– Мужычок ты мой! Вярнуўся! Мартэн, мой бедны Мартэн вярнуўся!
I яна абхапiла яго рукамi, раптам наскрозь працятая подыхам мiнулага, болем успамiнаў пра свае дваццаць гадоў i iх першыя абдымкi.
Гэтак жа ўсхваляваны Мартэн цалаваў яе ў каптур. Абое малыя, пачуўшы матчын плач, разам завылi, а немаўля на руках у малодшай Мартэн запiшчала пранiзлiвым, як разладжаная дудка, галаском.
Левек чакаў каля дзвярэй.
– Хадзем, – сказаў ён, – трэба парадкавацца.
Мартэн адпусцiў жонку, а калi ён глядзеў на дачок, яна сказала:
– Пацалуйце вы хоць вашага татку.
Яны падышлi разам, без слёз, здзiўленыя, трохi спалоханыя. I ён кожную цмокнуў у шчаку смачным сялянскiм пацалункам. Немаўля, зусiм блiзка ўбачыўшы чужога, так заплакала, што ледзь не зайшлося.
Мужчыны пайшлi з хаты.
Калi яны мiналi "Карчму гандляроў", Левек прапанаваў:
– Цi не выпiць па шклянцы?
– Можна, – сказаў Мартэн.
Яны ўвайшлi, селi ў бязлюдным яшчэ шынку, i Левек крыкнуў:
– Гэй, Шыко, дзве гарэлкi, дыхтоўнай, Мартэн вярнуўся. Мартэн, маёй жонкi, ведаеш, Мартэн з "Дзвюх сясцёр", якi быў прапаў.
I пузаты, сыты, з чырвоным тварам карчмар узяў адной рукой тры шклянкi, другой кварту, падышоў i спакойна спытаўся:
– Бач! Вярнуўся, Мартэн?
Мартэн адказаў:
– Вярнуўся.