Текст книги "Вязнi (на белорусском языке)"
Автор книги: Ги де Мопассан
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Де Мопассан Ги
Вязнi (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Вязнi
Пераклад: Нiна Мацяш
У лесе – нi гуку, толькi лёгкi шолах снегу, якi падае на дрэвы. Ён iшоў ад самага паўдня – дробны мяккi сняжок, якi пудрыў голле золкiм мохам, нацярушваў на сухое лiсце кустоўя лёгкiя сярэбраныя каптурыкi, усцiлаў сцяжынкi бясконцым пухкiм белым дываном i згушчаў бязмежную цiшу ляснога акiяна.
Каля леснiчоўкi маладая жанчына з закасанымi рукавамi калола дровы на вялiкiм каменi. Гэта была высокая, хударлявая, дужая дачка лясоў – леснiкова дачка i леснiкова жонка.
– Сёння мы адны, Бэрцiна, iдзi лепей у хату, ноч на дварэ, а вакол, напэўна, бадзяюцца i прусы, i ваўкi, – данёсся з леснiчоўкi голас.
Маладзiца вялiкiмi ўзмахамi сякеры расколвала пень, i яе стан пругка распростваўся пры кожным узмаху рук.
– Я ўжо накалола, мама. Зараз, зараз iду, не бойся, яшчэ вiдно, – адказала яна.
Потым яна занесла на кухню бярэмак сушняку i дроў, кiнула яго каля прыпечка, зноў выйшла, зачынiла аканiцы – таўшчэзныя аканiцы з суцэльнага дубу, – а вяртаючыся, замкнула за сабою дзверы на цяжкую засоўку.
Яе мацi, спярэшчаная маршчакамi старая, сядзела каля агню i прала; з гадамi яна стала палахлiвая.
– Не люблю я, калi бацькi няма дома, – сказала яна. – Ад дзвюх кабет толку мала.
– Ну, я дык укладу на месцы i ваўка, i пруса, – адказала маладзiца.
I паказала вачыма на вялiкую пiстолю, што вiсела на вушаку.
Яе мужа забралi ў армiю на самым пачатку прускага нашэсця, i абедзве жанчыны засталiся толькi з бацькам, старым палясоўшчыкам Нiкаля Пiшонам, якi наадрэз адмовiўся пакiнуць сваё жытло i перабрацца ў горад.
Найблiжэйшым горадам быў Рэтэль – старажытная крэпасць, збудаваная на скале. Гараджане былi патрыётамi, яны вырашылi не здавацца захопнiкам, замкнуцца ў сценах i па даўняй традыцыi горада з гонарам вытрымаць аблогу. Ужо двойчы – за Генрыхам IV i за Людовiкам XIV – жыхары Рэтэля праславiлiся гераiчнай абаронай свайго паселiшча. Яны i цяпер, лiха на iх, будуць змагацца гэтаксама, хiба спапяляць iх у родных сценах!
Яны закупiлi гарматы i стрэльбы, узброiлi апалчэнне, сфармiравалi роты i батальёны i цэлыя днi праводзiлi вучэннi на пляцы.
Булачнiкi, бакалейшчыкi, мяснiкi, натарыусы, адвакаты, сталяры, кнiгапрадаўцы, нават аптэкары – усе, па чарзе, у вызначаны час праходзiлi страявыя заняткi пад камандай пана Лявiня, былога драгунскага унтэр-афiцэра, а цяпер уласнiка галантарэйнай крамы: ужо ў адстаўцы ён ажанiўся з дачкою пана Равадана-старэйшага i атрымаў у спадчыну яго краму.
Ён набыў званне каменданта крэпасцi i, калi ўся моладзь пайшла ў армiю, стварыў апалчэнне з рэшты гараджан, якое ўзялося ўвiшна рыхтавацца да абароны. Таўстуны хадзiлi па вулiцы не iнакш як трушком, каб растрэсцi сала i збавiцца ад задышкi; нядужыя цягалi ўсялякi цяжар, каб умацавалiся мускулы.
Горад чакаў прусакоў. Але прусакi не паказвалiся. I ўсё-такi яны былi недзе паблiзу: ужо двойчы iх разведчыкi праточвалiся праз лес ажно да сядзiбы Нiкаля Пiшона, празванага Велягурам.
Стары палясоўшчык, жвавы, як лiс, прыбягаў у горад папярэдзiць пра гэта жыхароў. Тыя панаводзiлi гарматы, але вораг не з'яўляўся.
Велягурава леснiчоўка служыла Рэтэлю аванпостам у Авялiнскiм лесе. Двойчы на тыдзень гаспадар хадзiў у горад па харчы i расказваў гараджанам пра тое, што робiцца ў наваколлi.
У той дзень ён выправiўся ў горад, каб паведамiць каменданту, што трэцяга дня гадзiне а другой папаўднi ў яго на момант спыняўся невялiкi атрад нямецкай пяхоты, – прыпынiўся i амаль адразу рушыў далей. Унтэр-афiцэр, што камандаваў немцамi, гаварыў па-французску.
Асцерагаючыся ваўкоў, якiя ўсё болей лютавалi, стары, калi выбiраўся ў дарогу, браў з сабой двух сабак – двух вялiзных вартавых сабак з iльвiнымi пашчамi, i наказваў кабетам старанна замыкацца з надыходам ночы.
Дачка не баялася нiчога на свеце, але старая вечна калацiлася ад страху ды ўсё паўтарала тое самае:
– Дабром гэта не скончыцца, вось пабачыце, дабром гэта не скончыцца.
У той вечар яна, як нiколi, была апанаваная трывогай.
– Ты не ведаеш, калi вернецца бацька? – спыталася яна.
– Ды напэўна не раней адзiнаццацi. Калi ён вячэрае ў каменданта, дык заўсёды вяртаецца позна.
Дачка акурат прыладавала над агнём саган, каб згатаваць вячэру, але раптам замерла, услухоўваючыся ў невыразныя гукi, якiя даляталi да яе праз комiн.
– Нехта iдзе лесам, – прашаптала яна. – Чалавек сем-восем, не меней.
Мацi напалохалася, спынiла калаўрот i пралепятала:
– О Божухна! I бацькi няма дома!
Не паспела яна дагаварыць, як нехта моцна загрукаў у дзверы.
Жанчыны не адазвалiся.
– Атшынiць! – пачуўся гучны гартанны голас.
Па хвiлiне маўчання той самы голас паўтарыў:
– Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!
Бэрцiна паклала ў кiшэню ў спаднiцу пiстолю, што вiсела на вушаку, падышла да дзвярэй, прыклала да iх вуха i спыталася:
– Хто там?
– Мой ёсць атрат, што быф тут пасафчора, – адказалi знадворку.
– Што вам трэба? – зноў запыталася маладзiца.
– Мой саплукаф ф лес, i мой атрат. Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры.
Выбару не было; леснiчыха адкiнула завалу, прачынiла цяжкiя дзверы i ў бялёсым ад снегу прыцемку ўбачыла шасцёх чалавек, шасцёх прускiх салдатаў тых самых, якiя прыходзiлi ўжо да iх. Яна цвёрдым голасам папыталася:
– Што гэта вам тут трэба ў такi час?
Унтэр-афiцэр паўтарыў:
– Мой саплюцiф, сусiм саплюцiф, але мой паснаф том. Мой нiтшога не еф ат ранак, i мой атрат тожа.
– Але сёння мы з маткаю адны ў хаце, – заявiла Бэрцiна.
Салдат, якi на выгляд быў прыстойным чалавекам, адказаў:
– Нiтшога. Мой не сропiць кепска, але фы мус накармiць нас. Мы патай ат голят i стома.
Леснiчыха адступiла ўбок.
– Заходзьце, – сказала яна.
Салдаты ўвайшлi ў хату; усе яны былi абсыпаны снегам; iх каскi, здавалася, былi ўкрыты ўзбiтаю смятанаю i нагадвалi безэ; ва ўсiх быў стомлены, знясiлены выгляд.
Маладзiца паказала на драўляныя лавы па абодва бакi вялiкага стала.
– Сядайце, – сказала яна, – зараз я згатую есцi. Вы i напраўду нейкiя выматляныя.
I яна зноў узяла дзверы на завалу.
Потым яна далiла вады ў саган, укiнула туды масла i бульбы, пасля зняла кавалак сала, якое вiсела каля печы, адрэзала палову i паклала ў булён.
Шасцёра дзецюкоў галоднымi вачыма цiкавалi за кожным яе рухам. Свае стрэльбы ды каскi яны паскладвалi ў куток i цяпер чакалi вячэры, слухмяныя, нiбы дзецi за школьнымi партамi.
Мацi зноў стала прасцi, часта спалохана паглядаючы на салдатаў-захопнiкаў. Чулася толькi нягучнае гудзенне калаўрота, патрэскванне агню ды пошапт вады, якая пачынала ўжо закiпаць.
Раптоўна ўсе ажно ўздрыгнулi ад нейкага дзiўнага гуку за дзвярыма, якi нагадваў хрыплае дыханне, гучнае, шумнае дыханне звера.
Унтэр-афiцэр маланкава скочыў да зброi. Леснiчыха ўсмiхнулася i жэстам рукi спынiла яго.
– Гэта ваўкi, – растлумачыла яна. – Яны – як вы: таксама бадзяюцца па лесе i таксама галодныя.
Недаверлiвы немец захацеў на свае вочы ўпэўнiцца, што гэта напраўду ваўкi; ён асцярожна прачынiў дзверы i адразу заўважыў двух вялiкiх шэрых звяроў, якiя iмклiва рынулiся прэч ад леснiчоўкi.
– Нiколi п не паферыф, – прамармытаў прусак i зноў усеўся на сваё месца ў чаканнi, пакуль згатуецца варыва.
Яны паглыналi яго прагна, як мага шырэй разяўлялi раты, каб ухапiць паболей; у лад разяўленым зяпам ажно выпiналiся круглыя вочы, а ў горле ў iх клекаталi гукi, падобныя на бульканне ў вадасцёку.
Жанчыны моўчкi глядзелi на хуткiя рухi шырокiх рыжых барод; здавалася, бульбiны правальваюцца ў гэтых рухомых зараснiках.
Салдатам захацелася пiць, i леснiчыха спусцiлася ў склеп, каб нацадзiць сiдру. Яна прабыла там даволi доўга. Гэта было невялiкае скляпенiстае сутарэнне; калi верыць чуткам, у гады рэвалюцыi яно служыла i турмой, i сховам. Спускацца туды даводзiлася праз люк у кутку кухнi па вузкай вiнтавой лесвiчцы.
Калi Бэрцiна вярнулася, хiтраватая ўсмешка так i блукала на яе твары. Маладзiца падала немцам збан з пiтвом. Потым i сама разам з мацi стала вячэраць у другiм кутку кухнi.
Салдаты паелi i тут, за сталом, задрамалi – усе шасцёра. Час ад часу чый-небудзь лоб глуха бомкаўся аб стол, i знянацку абуджаны салдат выпростваўся.
– Ды кладзiцеся вы каля агню, хопiць вам там месца ўсiм шасцём. А мы з мамаю пойдзем у мой пакой, – сказала Бэрцiна унтэр-афiцэру.
I жанчыны паднялiся на другi паверх. Было чуваць, як яны замыкалiся на ключ, як хадзiлi па пакоi; потым усё сцiхла.
Прусакi палеглi на падлозе, нагамi да агню, паклаўшы пад галовы паскручваныя шынялi, i неўзабаве ўсе шасцёра захраплi на ўсе лады, – хто пiсклява, хто басавiта, але аднолькава працяжна i страхотлiва.
Яны праспалi даволi доўга, як раптам грымнуў стрэл, такi гулкi, што можна было падумаць, быццам стрэлiлi ў сцяну дома. Салдаты лiхаманкава ўскочылi. I тут зноў бухнула двойчы, потым яшчэ тройчы запар.
Дзверы наверсе расчынiлiся, i на парозе паявiлася са свечкай у руцэ перапалоханая леснiчыха, босая, толькi ў кашулi i ў нiжняй спаднiцы.
– Гэта французы, iх чалавек дзвесце, не меней, – пралепятала яна. – Калi яны знойдуць вас тут, дык спаляць i хату. Хутчэй спускайцеся ў склеп, ды не шумiце! Крый Божа, яны пачуюць вас – тады мы прапалi!
– Топра, топра, – разгублена прашаптаў унтэрафiцэр, – кута мус iсцi?
Маладзiца паспешлiва адчынiла вузкi квадратны люк, i шасцёра салдатаў адзiн за адным таропка сталi спускацца ў склеп па вiнтавой лесвiчцы.
Але як толькi схавалася вастрыё апошняй каскi, Бэрцiна апусцiла цяжкае дубовае века, таўшчэзнае, што сцяна, моцнае, што жалеза, умацаванае на шарнiрах, з турэмным замком, двойчы павярнула ў iм ключ i засмяялася бязгучным, пераможным смехам; яе апанавала вар'яцкае жаданне пайсцi ў скокi над галовамi сваiх вязняў.
Прусакi стоена сядзелi, замкнёныя ў гэтай скрынi, у гэтай моцнай каменнай скрынi, куды паветра сачылася толькi праз закратаваную прадуху.
Бэрцiна ўмiг распалiла агонь, падвесiла над iм саган i зноў узялася гатаваць суп.
– Натомiцца бацька сёння ўночы, – прамармытала яна.
Пасля яна ўселася i стала чакаць. Толькi гулкi маятнiк насценнага гадзiннiка парушаў цiшыню сваiм раўнамерным "цiк-так".
Час ад часу маладзiца нецярплiва паглядвала на гадзiннiк, i ў гэтым позiрку можна было вычытаць: "Ох, як марудна цягнецца час".
Неўзабаве ёй падалося, што пад нагамi ў яе шэпчуцца. Цiхая, цьмяная гаворка далятала да яе з мураванага сутарэння. Прусакi пачалi здагадвацца, што жанчына абхiтрыла iх, i праз нейкi момант унтэр-афiцэр падняўся па лесвiчцы i загрукаў кулаком у века.
– Атшынiць! – зноў загарланiў ён.
Бэрцiна ўстала, падышла да люка i, перакрыўляючы немца, папыталася:
– Што фам трэпа?
– Атшынiць!
– Мой не атшыняф.
Афiцэр разлютаваўся.
– Атшынiць, алпо мой ламаф цвэры!
Яна зарагатала:
– Ламай-ламай, галубок, ламай!
Ён пачаў дубасiць руляю стрэльбы ў дубовае века, узятае на замок у яго над галавою. Але гэткае века вытрымала б i ўдары тарана.
Леснiчыха пачула, што унтэр-афiцэр спусцiўся назад. Потым усе салдаты па чарзе падымалiся па лесвiчцы, выпрабоўвалi сваю сiлу i вывяралi моц замка. Але пераканаўшыся, што iх намаганнi марныя, яны зноў зграмадзiлiся ў склепе i сталi раiцца.
Маладзiца трохi паслухала iх, потым выйшла з кухнi, адамкнулася i стала ўслухоўвацца ў начную цемру.
Да яе данеслася далёкае гаўканне. Яна свiснула па-паляўнiчаму, i амаль у той самы момант два вялiзныя сабакi выскачылi з цеменi i радасна кiнулiся да яе. Яна моцна ўхапiла iх за аброжкi, каб яны не ўцяклi. Пасля штосiлы крыкнула:
– Эгэй, тата!
Далёка-далёка адгукнуўся голас:
– Эгэй, Бэрцiна!
Яна счакала трохi i зноў крыкнула:
– Эгэй, тата!
Той самы голас, але ўжо блiжэй, адказаў:
– Эгэй, Бэрцiна!
– Не iдзi каля прадухi! – крыкнула леснiчыха. – У нас у склепе прусы!
Нечакана здаравенная мужчынская постаць вырысавалася злева i спынiлася памiж двума дрэвамi.
– У нас у склепе прусы? – занепакоена перапытаў стары. – Чаго гэта iх туды занесла?
Дачка засмяялася:
– Ды гэта тыя, пазаўчарашнiя. Яны заблудзiлiся ў лесе, вось я iх i пасадзiла ў каталажку!
I яна расказала яму ўсю гiсторыю: як яна напалохала iх стрэламi з пiстолi i як замкнула ў склепе.
– Ну i што ж мне, па-твойму, рабiць з iмi цяпер, га? – пахмура запытаўся стары.
– Схадзi па пана Лявiня, хай ён прыйдзе са сваiм атрадам, – адказала дачка. – Ён возьме iх у палон. От узрадуецца!
Цяпер ужо ўсмiхнуўся i стары Пiшон:
– Што праўда, то праўда, узрадуецца.
– Суп гатовы, – сказала дачка. – Iдзi паеш хутчэй дый адпраўляйся.
Стары палясоўшчык сеў за стол i пачаў есцi, паставiўшы спачатку на падлогу дзве поўныя мiскi сабакам.
Прусакi, пачуўшы галасы, прыцiхлi.
Праз чвэрць гадзiны Велягур зноў рушыў у дарогу. А Бэрцiна падперла галаву рукамi i стала чакаць.
Вязнi зноў заварушылiся. Цяпер яны крычалi, клiкалi, бесперастанку шалёна дубасiлi рулямi ў цяжкае века.
Потым яны пачалi страляць у прадуху, пэўна, спадзеючыся, што iх пачуе якi-небудзь нямецкi атрад, калi акажацца паблiзу.
Леснiчыха сядзела нерухома, але ўвесь гэты галас непакоiў i раздражняў яе. Злы гнеў апаноўваў яе; яна гатовая была пазабiваць гэтых падлаў, толькi б яны змоўклi.
Трывога жанчыны ўсё нарастала, яна часта паглядвала на гадзiннiк i нецярплiва лiчыла хвiлiны.
Бацька пайшоў паўтары гадзiны назад. Цяпер ён ужо ў горадзе. Яна быццам бачыла яго там. Вось ён расказвае пра ўсё пану Лявiню, якi бляднее ад хвалявання, звонiць пакаёўцы i загадвае прынесцi мундзiр i зброю. Яна, здавалася, чуе, як на вулiцах б'е барабан. З вокнаў вытыркаюцца перапалоханыя галовы жыхароў. З дамоў выбягаюць у наспех накiнутай апратцы задыханыя дабравольцы, зашпiльваюць партупеi i подбегам прастуюць да дома каменданта.
Пасля атрад на чале з Велягурам выпраўляецца ў дарогу – у ноч, у снег, у лес.
Яна глянула на гадзiннiк. "Яны будуць тут не раней чым праз гадзiну".
Яе нервовае напружанне стала гранiчнае. Кожная хвiлiна здавалася ёй вечнасцю. Так доўга ўсё гэта цягнецца!
Нарэшце настаў час, калi, паводле яе разлiку, французскi атрад павiнен быў дабрацца да леснiчоўкi.
Бэрцiна адамкнула дзверы, намерваючыся паслухаць, цi ёсць ужо хто ў лесе. Раптам яна заўважыла нейкi цень, якi асцярожна рухаўся да хаты. Маладзiца спалохана ўскрыкнула. Але гэта быў яе бацька.
– Яны паслалi мяне глянуць, цi не перайначылася тут што, – сказаў ён.
– Не, нiчога.
Тады стары пранiзлiва i працяжна свiснуў у начную цемру. I неўзабаве памiж дрэў узнiкла нейкая цёмная пляма, якая павольна пасоўвалася да сядзiбы: гэта быў авангард з дзесяцi чалавек.
– Не хадзiце каля прадухi, – бесперастанку папярэджваў Велягур.
I тыя, хто iшоў наперадзе, паказвалi наступным на небяспечную шчылiну-прадуху.
Нарэшце падышла асноўная сiла атрада – усе дзвесце чалавек, i ў кожнага мелася па дзвесце патронаў.
Усхваляваны – да дрыжыкаў – пан Лявiнь расставiў сваiх людзей так, каб дом быў ачэплены з усiх бакоў; адкрытая заставалася толькi шырокая мясцiна перад маленькай чорнай адтулiнай пры самай зямлi, праз якую ў склеп заходзiла паветра.
Пасля гэтага пан Лявiнь зайшоў у хату i стаў распытваць пра сiлу i размяшчэнне ворага, а вораг мiж тым гэтак прыцiх, што можна было падумаць – ён прапаў, знiк, выпарыўся цераз прадуху.
Пан Лявiнь пастукаў нагою ў века i крыкнуў:
– Пан прускi афiцэр!
Немец не адгукнуўся.
– Пан прускi афiцэр! – зноў аклiкнуў камендант.
Глухое маўчанне. Дваццаць хвiлiн заклiкаў ён знямелага афiцэра здацца разам са зброяй i рыштункам, абяцаючы жыццё яму i яго салдатам i па-воiнску пашанаваць iх, а ў адказ анiякай праявы нi мiрных, нi варожых намераў. Становiшча ўскладнялася.
Дабравольцы патупвалi ў снезе, з размаху ляпалi сабе рукамi па плячах, як гэта робяць фурманы, каб сагрэцца, паглядвалi на прадуху, i ў iх усё нарастала спакуслiвае свавольнае жаданне прабегчы паўз яе.
Урэшце адзiн, Патдэвэн, дужа рухавы дзяцюк, рызыкнуў. Ён сабраўся з духам i, як алень, прамчаўся мiма прадухi. Спроба ўдалася. Вязнi, здавалася, сканалi.
– Ды там нiкога няма! – крыкнуў нехта.
Тады яшчэ адзiн салдат прабег перад небяспечнай шчылiнай. I гэта ператварылася ў забаву. Раз-пораз, то адзiн дзяцюк, то другi стрымгалоў нёсся ад адной групы людзей да другой – гэтак дзецi ганяюцца наперагонкi – i так хутка перабiраў нагамi, што толькi камякi снегу ляцелi ва ўсе бакi. Каб сагрэцца, апалчэнцы распалiлi вялiкiя вогнiшчы з сушняку, i пры перабежцы з аднаго лагера ў другi постаць бегуна асвятлялася полымем.
– Цяпер давай ты, Малуазон! – пачуўся нечы голас.
Малуазон быў таўстун булачнiк, з яго чэрава вечна насмiхалiся таварышы.
Таўстун завагаўся. Пасыпалiся кепiкi. Тады ён набраўся адвагi i пабег, задыхана сапучы, дробным размераным трушком, ад якога трэслася яго пуза.
Увесь атрад рагатаў да слёз.
– Брава, брава, Малуазон! – крычалi апалчэнцы, каб падбадзёрыць бегуна.
Ён адолеў амаль дзве чвэрцi свайго шляху, як раптам з прадухi шуганула доўгая чырвоная пасма полымя. Грымнуў стрэл, i грузны булачнiк з дзiкiм крыкам паляцеў потырч у снег.
Нiхто не кiнуўся яму на дапамогу. Усе няўцямна глядзелi, як ён поўз на карачках па снезе i стагнаў, а калi прамiнуў страшную мясцiну – страцiў прытомнасць.
Куля патрапiла яму акурат у самае мяккае месца.
Па першай разгубленасцi i перапудзе зноў грымнуў смех.
На парозе леснiчоўкi з'явiўся камендант Лявiнь. Ён ужо распрацаваў план атакi.
– Лудзiльшчык Пляншу i яго падручныя! – звонка выгукнуў ён.
Трое чалавек падышлi да яго.
– Паздымайце з хаты вадасцёкi!
Праз чвэрць гадзiны перад камендантам ляжала дваццаць метраў вадасцёкавых труб.
Ён загадаў асцярожна пракруцiць невялiкую дзiрку з краю ў люку, i калi праз дзiрку можна было пампаваць ваду, радасна абвясцiў:
– Цяпер дамо панам немцам трохi вадзiцы!
Грамавое, усцешанае "ўра", радасныя воклiчы i выбухi шалёнага рогату былi яму адказам. Камендант разбiў атрад на рабочыя групы, якiя павiнны былi падменьваць адна адну кожныя пяць хвiлiн, i скамандаваў:
– Пампуйце.
Жалезнае каромысла запрацавала, усярэдзiне ў рукаве з труб глуха забулькала, i вось ужо гэты булькат рынуўся па прыступках у склеп, нагадваючы плёскат фантана, плёскат у басейне з залатымi рыбкамi.
Запанавала чаканне.
Прамiнула гадзiна, потым другая, трэцяя.
Камендант узбуджана хадзiў сюды-туды па кухнi, раз-пораз прыпадаў вухам да падлогi i прыслухоўваўся, намагаючыся зразумець, што робiць чужынец, i пытаючыся ў сябе, цi хутка ён капiтулюе.
Нарэшце чужынец заварушыўся. Было чуваць, як у склепе перасоўвалi бочкi, перагаворвалiся, плёхалi па вадзе.
I вось гадзiне а восьмай ранку з прадухi данёсся голас:
– Мой хацеф хафарыць пан францускi афiцiр.
Не дужа высоўваючы з акна галаву, Лявiнь адказаў:
– Здаяцеся?
– Стаюс.
– У такiм разе спачатку выкiньце зброю.
I тут жа ўсе ўбачылi, як у дзiрку выткнулася i ўпала на снег стрэльба, потым другая, трэцяя – усе шэсць стрэльбаў. Той самы голас крыкнуў:
– Польш няма! Хушэй: мой патануф.
Камендант скамандаваў:
– Адставiць!
Рычаг помпы апусцiўся i замёр.
Калi кухню запоўнiлi насцярожаныя салдаты са стрэльбамi напагатове, камендант нетаропка падняў дубовае века.
Спачатку з'явiлiся чатыры мокрыя галавы, чатыры бялявыя галавы з доўгiмi выцвiлымi валасамi, i вось са склепа адзiн за адным вылезлi шасцёра мокрых, разгубленых немцаў.
Iх схапiлi i звязалi. Потым, баючыся якой-небудзь неспадзяванкi, усе адразу рушылi назад у горад, раздзялiўшыся на дзве групы: адна суправаджала вязняў, другая – Малуазона, якога паклалi на сяннiк, а сяннiк – на жэрдкi.
У Рэтэль вярнулiся з перамогай.
Пан Лявiнь быў узнагароджаны ордэнам за тое, што ўзяў у палон прускi авангард, а таўстун булачнiк атрымаў медаль за раненне ў баi з ворагам.