355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ги де Мопассан » Цётка Саваж (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Цётка Саваж (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 02:56

Текст книги "Цётка Саваж (на белорусском языке)"


Автор книги: Ги де Мопассан


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Де Мопассан Ги
Цётка Саваж (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Цётка Саваж

Пераклад: Алесь Iстомiн

Жоржу Пушэ

За пятнаццаць гадоў я нi разу не наведаўся ў Вiржэлонь. Я зноў прыехаў сюды ўвосень на паляванне да свайго сябра Сэрваля, якi нарэшце адбудаваў свой замак, разбураны прусакамi.

Я бясконца люблю гэты край. Ён належыць да тых дзiвосных куточкаў зямлi, што чаруюць наш погляд i пачуццi. Iх любяць амаль фiзiчна. Мы, каго вабiць зямля, захоўваем пяшчотныя ўспамiны пра крынiцы, гайкi, азерцы, узгоркi, якiя мы часта бачылi i якiя расчулiлi нас, як расчульваюць шчаслiвыя падзеi. I часам нават думка вяртаецца да якога-колечы куточка лесу, цi берага ракi, цi садка, апушанага квеценню, убачаных аднойчы ў радасны дзень. Яны застаюцца ў нашым сэрцы, нiбы вобраз жанчыны ў строях празрыстых i светлых, сустрэтае на вулiцы неяк вясновым ранкам, жанчыны, што ў душы i целе нашым пакiдае неспатоленае незабыўнае жаданне, адчуванне шчасця, да якога на iмгненне дакрануўся.

У Вiржэлонi я любiў усё наваколле, усеянае пералескамi, зрэзанае раўчукамi, што разбеглiся па зямлi, нiбы вены, несучы кроў яе. У iх лавiлiся ракi, стронгi, вугры! Боскае шчасце! Сям-там можна было купацца, у высокай траве абапал кволых крынiчак часцяком траплялiся кнiгаўкi.

Я ступаў лёгка, як казуля, паглядаючы на двух маiх сабак, што шнарылi перада мною. За сотню метраў справа ад мяне Сэрваль прачэсваў поле люцэрны. Я абагнуў хмызняк на ўскраiне лесу Сордаў i заўважыў зруйнаваную халупу.

I раптам я згадаў яе такую, якую бачыў апошнi раз у тысяча восемсот шэсцьдзесят дзевятым годзе, чысцюткую, аплеценую вiнаграднаю лазой, з курамi, што грэблiся перад ганкам. Цi ёсць што сумнейшае за мёртвы дом, за яго гаротныя змрочныя руiны?

Я ўспомнiў таксама, як добрая гаспадыня прымушала мяне, стомленага, выпiць чарачку вiна ў хаце i як Сэрваль расказаў мне гiсторыю яе жыхароў. Бацьку, старога браканьера, забiлi жандары. Сын, якога я бачыў неяк раней, высокi сухарлявы дзяцюк, быў таксама вядомы як люты знiшчальнiк звяроў. Iх называлi Саважамi.

Што гэта, прозвiшча цi мянушка?

Я паклiкаў Сэрваля. Ён падышоў сваiмi вялiкiмi буслiнымi крокамi.

Я спытаўся: "Што здарылася з тутэйшымi людзьмi?"

I ён расказаў мне вось гэтую гiсторыю.

Калi пачалася вайна, малодшы Саваж, яму было тады трыццаць тры гады, пайшоў у войска, пакiнуўшы мацi адну. Яе, старую, не надта шкадавалi, бо ведалi, што грошы ў яе мелiся.

Яна засталася адна ў гэтай самотнай хатцы, так далёка ад сяла, пры самым лесе. Зрэшты, яна i не баялася, бо была з тае ж пароды, што i яе мужчыны, суровая старая, высокая i худая; яна рэдка смяялася i не надта адгуквалася на жарты. Дарэчы, усе вясковыя кабеты не вельмi смяшлiвыя. Гэта ўжо справа мужчын! Ад змрочнага, беспрасветнага жыцця жаночая душа робiцца сумная i абмежаваная. У карчме селянiн трохi прывучаецца да шумлiвае весялосцi, але кабета яго застаецца сур'ёзная, з заўсёднаю суровасцю на твары. Дый самi вусны iх не вельмi прывычныя да ўсмешкi.

Цётка Саваж жыла звычайным жыццём у сваёй халупе, якую неўзабаве засыпаў снег. Раз на тыдзень яна выбiралася ў сяло купiць хлеба ды трохi мяса, пасля вярталася дадому. Хадзiлi чуткi пра ваўкоў, i яна выпраўлялася ў дарогу з сынавай стрэльбай, iржаваю, з прыкладам, адпалiраваным далонямi. Смешна было глядзець, як высокая старая, трохi ўгнуўшыся, iшла па снезе павольнымi шырокiмi крокамi, а ствол стрэльбы тырчаў над чорнаю хусткай, што шчыльна ахiнала галаву i хавала яе сiвыя валасы, якiх нiхто нiколi не бачыў.

I вось аднойчы з'явiлiся прусакi. Iх размясцiлi па хатах залежна ад заможнасцi i багацця гаспадароў. Да старой, якую лiчылi багатаю, паставiлi чатырох.

Гэта былi здаровыя дзецюкi, з белаю скурай, светлымi бародамi, блакiтнымi вачыма; гладкiя, нягледзячы на ваенныя цяжкасцi. I ў захопленай краiне яны заставалiся добрымi хлопцамi. Адны ў гэтай пажылой жанчыны, яны былi вельмi ветлiвыя з ёю, як маглi бераглi яе ад цяжкае працы i вялiкiх выдаткаў. Людзi бачылi, як сырымi снежнымi ранiцамi яны раздзявалiся да пояса i мылiся каля студнi, шчодра палiваючы вадою свае бела-ружовыя спiны, а цётка Саваж тым часам завiхалася, гатуючы снеданне. Бачылi яшчэ, як яны мылi кухню, шаравалi кафлю, калолi дровы, абiралi бульбу, рабiлi ўсю хатнюю работу, нiбы добрыя сыны пры сваёй мацi.

Але яна, старая, усё думала пра свайго, пра худога бамбiзу з кручкаватым носам, карымi вачыма, з густымi чорнымi вусамi. Штодня яна пыталася ў кожнага з салдатаў, што размясцiлiся ў яе хаце:

– Вы не ведаеце, куды адступiў французскi полк, дваццаць трэцi маршавы? З iм мой сын.

Яны адказвалi:

– Не, ня фетаем, сусiм ня фетаем.

I, разумеючы яе клопат i неспакой, таксама маючы недзе мацярок, яны рабiлi ёй тысячу дробных паслуг. Дарэчы, i яна iх любiла, гэтых чатырох варожых салдатаў, бо сяляне не багатыя на патрыятычную нянавiсць, гэта справа вышэйшых класаў. Прыгнечаныя, тыя, што плоцяць больш за ўсiх, бо яны бедныя, тыя, на каго кладзецца кожны новы падатак, тыя, каго забiваюць масамi, тыя, што на вайне ўтвараюць сапраўднае гарматнае мяса, бо iх шмат, тыя, нарэшце, што найбольш пакутуюць ад жахлiвага ваеннага згалення, бо яны самыя слабыя i найменш здатныя да супрацiўлення, не надта ўспрымаюць той ваяўнiчы iмпэт, тое пытанне гонару, тых так званых палiтычных камбiнацый, што ўжо шэсць месяцаў знясiльваюць дзве нацыi, як пераможаную, так i пераможнiцу.

Паглядаючы на немцаў, што жылi ў цёткi Саваж, у наваколлi казалi:

– Ну, гэтыя чатырох знайшлi сабе прытулак.

Але вось неяк уранку, калi старая была ў хаце адна, далёка на раўнiне яна заўважыла чалавека, што iшоў да яе сядзiбы. Хутка яна яго пазнала, гэта быў вясковы паштар, што разносiў лiсты. Ён аддаў ёй складзеную паперку, яна выцягнула з футарала акуляры, якiмi яна карысталася шыючы, i вось што прачытала:

"Панi Саваж, гэтым лiстом паведамляю вам сумную навiну. Ваш сын Вiктор учора быў забiты ядром, якое, так бы мовiць, разарвала яго напалам. Я быў зусiм побач; мы i ў роце трымалiся разам, i ён мне расказаў пра вас, каб я паведамiў вам у той самы дзень, як яго напаткае якая-небудзь бяда.

Я ўзяў гадзiннiк у яго з кiшэнi, каб аддаць вам, калi скончыцца вайна.

Шчыра вiтаю вас.

Сэзэр Рыво.

Салдат 2-га класа, 23-га маршавага палка".

Лiст быў напiсаны тры тыднi таму. Яна не плакала; сядзела нерухома, такая ўражаная, ашаломленая, што нават i болю яшчэ не пачула. Думала: "Ну вось табе, цяпер ужо i Вiктора забiлi". Потым вочы яе налiлiся слязамi, i боль сцiснуў сэрца. Думкi наплывалi адна за адною, жахлiвыя, пакутлiвыя. Ужо не абдыме яна болей сваё дзiця, свайго бамбiзу, нiколi болей! Жандары забiлi бацьку, прусакi забiлi сына... Ядро разарвала яго напалам. Ёй здавалася, што яна сама бачыла гэты жах: галава панiкла, вочы шырока расплюшчылiся, а ён усё пакусваў свой доўгi вус, нiбы загневаўся, як даўней.

А што яны потым зрабiлi з яго целам? Каб ёй хоць аддалi яе дзiця, як некалi аддалi мужа з прабiтым куляю лобам.

Нарэшце яна пачула галасы. Гэта прусакi вярталiся з сяла. Яна хуценька схавала лiст, выцерла вочы i сустрэла немцаў са звычайным выразам твару.

Усе чацвёра задаволена смяялiся, бо неслi ладнага труса, крадзенага, канешне, i знакамi паказвалi старой, што сёння ў iх будзе смачны абед.

Яна адразу ж пачала завiхацца, каб прыгатаваць ежу, але калi спатрэбiлася забiць труса, у яе не хапiла рашучасцi. А гэта было ёй не ўпершыню! Адзiн з салдатаў забiў яго, стукнуўшы па патылiцы.

Яна злупiла з труса шкуру, агалiўшы чырвонае цельца, але выгляд крывi, што цякла ў яе па руках, цёплае крывi, што ўвачавiдкi ахалодвала i застывала, прымушаў яе калацiцца з галавы да ног; i ўвесь час у яе перад вачыма стаяў сын, разарваны напалам, увесь у крывi, як i гэты звярок, што яшчэ падрыгваў.

Яна села за стол разам з прусакамi, але не магла з'есцi нiводнага кавалачка. Яны праглынулi труса, не звяртаючы на яе ўвагi. Старая моўчкi паглядала на iх збоку, выношваючы нейкую думку, але твар яе быў такi непранiкальны, што яны нiчога не заўважылi.

Раптам яна сказала: "Я не ведаю нат вашых прозвiшчаў, а ўжо месяц, як вы ў мяне жывяцё". Яны зразумелi, што яна хоча, праўда, не без цяжкасцi, i сказалi ёй свае прозвiшчы. Але ёй гэтага было мала, яна папрасiла напiсаць iх на паперы разам з адрасамi iхнiх сем'яў i, начапiўшы акуляры на свой доўгi нос, агледзела незнаёмы почырк. Пасля згарнула паперу i паклала яе ў кiшэню разам з лiстом, што паведамiў ёй пра смерць сына.

Калi прусакi паелi, яна сказала: "Пайду пасцялю вам". I пачала насiць сена на гарышча, дзе яны спалi.

Яны здзiвiлiся, i старая растлумачыла, што так будзе цяплей. Прусакi ўзялiся памагаць ёй. Запхаўшы гарышча да самае страхi, яны зрабiлi сабе нешта накшталт вялiкага пакоя з цёплага духмянага сена, дзе яны маглi спаць найлепшым чынам.

У час абеду адзiн з салдатаў занепакоiўся, што цётка Саваж яшчэ нiчога не ела. Яна адказала, што ў яе балiць жывот. Пасля яна запалiла добры агонь, каб сагрэцца, а чацвёра немцаў, як i кожны вечар, залезлi па лесках на гарышча.

Як толькi дзверы за iмi зачынiлiся, старая прыняла лескi, адчынiла дзверы ў хату i пачала насiць салому, аж покуль не завалiла ўсю кухню. Яна хадзiла па снезе босая так асцярожна, што нiчога не было чуваць. Час ад часу яна прыслухоўвалася да гучнага i няроўнага храпу салдатаў. Вырашыўшы, што саломы ўжо досыць, яна сунула адно бярэмя ў агонь, яно запалала, i старая расцярушыла яго па кухнi. Потым яна выйшла i пачала глядзець.

Праз некалькi хвiлiн неўтаймоўнае полымя залiло халупу з сярэдзiны, пасля яно ператварылася ў жахлiвае вогнiшча, у вялiзарную печ, што палала i пырскала святлом праз вузкiя вокны, кiдаючы на снег яскравы адбiтак.

Моцны крык вырваўся з вышынi хаты, ператварыўся ў хвалю чалавечага ляманту, поклiчаў, што рвалi душу жахам i роспаччу.

Пасля дзверцы правалiлiся ўсярэдзiну, вогненны вiхор вырваўся на гарышча, пранiзаў саламяную страху, узняўся ў неба магутным полымем, i ўся халупа запалала.

З сярэдзiны чулася толькi, як патрэскваюць у агнi сцены i абвальваюцца бэлькi. Раптам страха правалiлася, i з абнятага агнём дома рвануўся ў неба, проста ў хмару дыму, вялiзны сноп iскраў.

Белае, асветленае агнём наваколле ззяла, як срэбны, з чырванню абрус.

Аднекуль здалёк пачуўся звон.

Старая Саваж стаяла перад сваiм разбураным гняздом; яна трымала сынаву стрэльбу, баючыся, каб хто з прусакоў не выскачыў з полымя.

Убачыўшы, што ўсё скончана, яна кiнула сваю зброю ў вогнiшча. Грымнуў выбух. Збеглiся сяляне, прусакi.

Старая сядзела на калодзе спакойная i задаволеная.

Адзiн нямецкi афiцэр, што гаварыў па-французску, як сапраўдны француз, спытаўся ў яе: "Дзе вашы пастаяльцы?"

Яна выцягнула сваю худую руку да барвовага россыпу вуголля, што ўжо затухала, i цвёрда адказала: "Там!"

Людзi таўклiся вакол яе. Прусак спытаўся: "Як пачало гарэць?"

Яна вымавiла: "Я падпалiла".

Ёй не паверылi, падумалi, што з-за гэтага няшчасця яна раптоўна звар'яцела. Стоячы ў атачэннi людзей, што слухалi яе, яна расказала iм усё ад пачатку да канца; ад моманту, калi яна атрымала лiст, i да апошняга крыку людзей, што згарэлi ў хаце.

Скончыўшы, яна выцягнула з кiшэнi дзве паперкi i начапiла свае акуляры, каб адрознiць iх у апошнiх водблiсках полымя. Паказваючы адну, яна сказала: "У гэтай пра смерць Вiктора". Падаючы другую, яна кiўнула на барвовыя руiны: "Гэта iхнiя прозвiшчы, каб напiсаць iм дадому". Спакойна аддала паперку афiцэру, што трымаў яе за плечы, i дадала: "Апiшыце, як усё здарылася, i скажыце iхнiм бацькам, што гэта зрабiла я, Вiкторыя Сiмон, Саваж! Не забудзьце!"

Афiцэр крыкнуў па-нямецку нейкi загад. Старую схапiлi, кiнулi да яшчэ гарачае сцяны яе хацiны.

Дванаццаць чалавек сталi шыхтом за дваццаць метраў ад яе. Яна стаяла нерухома, зразумеўшы ўсё, яна чакала.

Пачулася каманда – гук стрэлаў рвануў паветра. Нечы запознены стрэл самотна прагучаў пасля ўсiх.

Старая не ўпала, яна асела, нiбы падрэзаная. Прускi афiцэр падышоў да яе. Яе амаль разарвала напалам, а сцiснутая рука яе ўсё трымала скрываўлены лiст.

Мой сябра Сэрваль дадаў: "Як пакаранне – немцы разбурылi тутэйшы замак, што належаў мне".

А я задумаўся пра мацярок чатырох добрых хлопцаў, што згарэлi ў гэтай хацiне, i пра жорсткi гераiзм другое мацi, расстралянае каля гэтай сцяны.

I я падабраў маленькi каменьчык, чорны ад агню.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю