355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Ги де Мопассан » Знак (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Знак (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 11:36

Текст книги "Знак (на белорусском языке)"


Автор книги: Ги де Мопассан


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Де Мопассан Ги
Знак (на белорусском языке)

Гi дэ Мапасан

Знак

Пераклад: Сяргей Шупа

Маркiза дэ Рэндон яшчэ спала ў сваiм прыцемненым i напарфумаваным пакоi, у сваiм нiзкiм i мяккiм ложку, у бялiзне з лёгкага батысту, тонкага, як карункi, пяшчотнага, як пацалунак. Яна спала адна спакойным, глыбокiм i шчаслiвым сном разведзенай жанчыны.

Яе абудзiлi гучныя галасы, што даносiлiся з маленькага блакiтнага салона. Яна пазнала сваю дарагую сяброўку, баранесу дэ Гранжры, якая, хочучы ўвайсцi, спрачалася з пакаёўкай, што баранiла дзверы сваёй гаспадынi.

Тады маркiза паднялася, адсунула засаўку, павярнула ключ, падняла парцьеру i высунула сваю галоўку, схаваную пад воблачкам бялявых валасоў.

– Што ў цябе здарылася, – спыталася яна, – што ты прыйшла гэтак рана? Яшчэ не прабiла нават дзевятая.

Баранеса, бледная, знерваваная, уся ў лiхаманцы, адказала:

– Мне трэба з табой пагаварыць. Са мной здарылася страшная рэч.

– Уваходзь, дарагая.

Баранеса ўвайшла, яны пацалавалiся, i маркiза зноў скочыла ў ложак. Пакаёўка тым часам расчынiла вокны, i пакой напоўнiўся святлом i свежым паветрам. Калi пакаёўка выйшла, панi дэ Рэндон сказала:

– Ну, расказвай.

Панi дэ Гранжры пачала плакаць, льючы светлыя слёзы, што робяць жанчыну прывабнай, i стала расказваць, не выцiраючы вачэй, каб яны не пачырванелi.

– О, дарагая, гэта жахлiва, жахлiва тое, што са мной адбылося. Усю ноч я не спала, нi хвiлiнкi, чуеш, нi хвiлiнкi. Во, паслухай, як б'ецца сэрца.

I, узяўшы сяброўчыну руку, яна паклала яе сабе на грудзi, на гэтую круглую i шчыльную абалонку жаночага сэрца, якой часта бывае досыць мужчынам i якая часта не дае iм шукаць чаго-небудзь пад ёю. Сэрца сапраўды моцна бiлася.

Яна казала далей:

– Гэта здарылася ўдзень... недзе а чацвёртай гадзiне... цi а палове пятай, не ведаю пэўна. Ты добра ведаеш маю кватэру; ты ведаеш, што мой маленькi салон, дзе я заўсёды сяджу, выходзiць вокнамi на вулiцу Сэн-Лязар. Ты ведаеш, што я маю звычку сядзець каля акна i разглядаць людзей, што праходзяць вулiцай. Гэты прывакзальны квартал такi вясёлы, такi ажыўлены... Карацей кажучы, я люблю так сядзець! Дык вось, учора я сядзела на нiзенькiм крэсле, што я загадала паставiць перад акном. Яно было расчыненае, гэтае акно, i я нi пра што не думала, я дыхала блакiтным паветрам. Ты памятаеш, якая ўчора стаяла пагода!

I раптам я заўважаю, што на тым баку вулiцы нейкая жанчына ў чырвоным таксама глядзiць у акно. А я была ў бэзавым, ты ведаеш мой бэзавы гарнiтур. Я не ведала гэтай жанчыны, гэта новая наймальнiца, што жыве там толькi месяц, а як увесь гэты месяц лiў дождж, дык я яе не надта бачыла. Але я адразу заўважыла, што гэта была распуснiца. Спачатку мне зрабiлася агiдна i непрыемна, што яна, гэтак як i я, стаiць каля акна. А пасля, паволi, яна мяне зацiкавiла. Абапёршыся локцямi на падваконнiк, яна сачыла за мужчынамi, i мужчыны таксама на яе глядзелi, усе цi амаль усе. Здавалася, што iх нехта папярэджвае, калi яны падыходзяць да дома, што яны чуюць яе, як сабака чуе дзiчыну, бо яны раптам паднiмалi галаву i абменьвалiся з ёй хуткiм змоўнiцкiм позiркам. Яе позiрк пытаўся: "Цi не зойдзеш? "

Iх позiрк адказваў: "Няма часу", цi "Iншым разам", цi "Няма грошай", цi "Згiнь, паскуднiца!" Апошнюю фразу казалi вочы салiдных бацькоў.

Ты сабе не ўяўляеш, як цiкава было сачыць за яе гульнёй, цi, хутчэй, за яе працай.

Час ад часу яна раптоўна зачыняла акно, i я бачыла, як чарговы пан заходзiў у браму. Яна лавiла iх, як рыбак печкуроў. Тады я глядзела на гадзiннiк. Яны заставалiся ў яе ад дванаццацi да дваццацi хвiлiн i нiколi болей. Папраўдзе, гэтая павучыха ўрэшце мяне захапiла. Дый яна была зусiм не брыдкая.

Я пыталася ў сябе: "Што ж яна робiць, што яе так добра i так хутка разумеюць? Цi дадае яна да позiрку нейкi знак галавой цi рух рукой?"

Я ўзяла тэатральны бiнокль, каб разгадаць яе сакрэт. О, усё было вельмi проста: спачатку яна падмiргвала, пасля ўсмiхалася i амаль незаўважна кiвала галавой, што значыла: "Вы зойдзеце?" Гэты рух быў такi лёгкi, такi прыхаваны, што вымагаў сапраўды шмат элегантнасцi.

I я падумала: "А цi атрымалася б у мяне гэтак жа смела i элегантна кiўнуць?"

Я пайшла паспрабаваць перад люстэркам. Дарагая, у мяне атрымалася яшчэ лепш, чым у яе, намнога лепш! Я вельмi ўзрадавалася i вярнулася да акна.

Цяпер да яе больш нiхто не заходзiў, зусiм нiхто. Напраўду, ёй не шанцавала. Напэўна, усё ж брыдка зарабляць на хлеб гэтакiм манерам, брыдка i адначасова забаўна, бо ўрэшце сярод мужчын, якiх сустракаеш на вулiцы, трапляюцца часам зусiм неблагiя.

Цяпер усе яны iшлi па тратуары з майго боку вулiцы, на яе баку не было нiводнага. Сонца засвяцiла ў другi бок. Яны iшлi адзiн за адным, маладыя, старыя, чорныя, бялявыя, сiвыя.

Я бачыла сярод iх вельмi прыстойных, дарагая, прыстойнейшых, чым мой муж i чым твой былы муж таксама.

Я думала: "Каб я зрабiла iм знак, цi яны зразумелi б мяне, сумленную жанчыну?" I вось у мяне абудзiлася непрыстойнае жаданне... непераможнае жаданне! Часам у мяне з'яўляюцца такiя жаданнi. А, глупства! I ўвогуле, мне здаецца, што жанчына ў нечым падобная да малпы. Дарэчы, сцвярджаюць (гэта мне адзiн доктар сказаў), што мозг малпы вельмi падобны да нашага. Дык вось, мы заўсёды каго-небудзь пераймаем, малпуем. Мы пераймаем нашых мужоў, калi кахаем iх у першыя месяцы шлюбу, пасля – нашых каханкаў, нашых сяброў, нашых духоўнiкаў, калi яны добрыя. Мы пераймаем iх манеру думаць, гаварыць, iх словы, рухi, усё. Якое глупства.

А калi мне ўжо вельмi захацелася нешта зрабiць, дык я абавязкова зраблю.

Дык вось, я падумала: "Ану, паспрабуем на адным, толькi на адным, каб пабачыць, што будзе. Што са мной здарыцца? Нiчога. Мы ўсмiхнёмся адно аднаму, i ўсё, i я яго больш нiколi не ўбачу, а калi нават убачу, дык ён мяне не пазнае, а калi нават пазнае, дык я скажу, што гэта памылка".

I я пачынаю выбiраць. Я хацела прыгожага, вельмi прыгожага. Раптам бачу iдзе высокi бландзiн, вельмi прыгожы. Ты ж ведаеш, я люблю бландзiнаў.

Я гляджу на яго, ён на мяне. Я ўсмiхаюся, ён таксама. Я кiваю. О, ледзь прыкметна. Ён кiвае ў адказ i заходзiць! Дарагая мая, ён заходзiць праз галоўную браму!

Ты сабе не ўяўляеш, што я ў гэты момант адчувала! Я думала, што звар'яцею. О, як я баялася. Уявi сабе, ён пачне гаварыць са слугамi! З Жазэфам, якi так адданы майму мужу! Жазэф напэўна падумае, што я даўно ведаю гэтага пана.

Што рабiць, скажы, што рабiць? Ён хутка пазвонiць, зараз, праз момант. Што рабiць, скажы? Я падумала, што лепей за ўсё выбегчы яму насустрач, сказаць яму, што ён памылiўся, прасiць яго, каб ён пайшоў адсюль. Ён пашкадаваў бы жанчыну, бедную жанчыну. I я кiдаюся да дзвярэй i адчыняю iх у той момант, калi ён збiраўся пазванiць.

Я, ужо зусiм ашалелая, сказала запiнаючыся: "Iдзiце адсюль, пане, iдзiце, вы памыляецеся, я сумленная жанчына, я замужам. Гэта памылка, страшная памылка, я пераблытала вас з адным маiм сябрам, вы вельмi падобныя. Майце лiтасць, пане".

А ён пачынае смяяцца i адказвае: "Здароў, кiска. Я ўсё ведаю. Ты замужам, значыць, гэта будзе каштаваць два луiдоры замест аднаго. Я згодны. Хадзем хутчэй".

I пхае мяне. Увайшоўшы, ён зачыняе за сабой дзверы, цалуе мяне, скаваную жахам, бярэ мяне за талiю i вядзе ў салон, што застаўся незачынены.

Ён пачынае аглядаць усё навокал, як ацэншчык на аўкцыёне. Пасля кажа: "Чорт, а ў цябе тут даволi шыкоўна. Пэўна, у цябе цяпер цяжка з грашыма, калi працуеш каля акна!"

Тады я зноў пачынаю яго прасiць: "О, пане, iдзiце адсюль, iдзiце! Зараз вернецца мой муж! Ён можа ўвайсцi ў любы момант! Я клянуся, што вы памылiлiся!"

Ён спакойна мне адказвае: "Ну, добра, красунька, хопiць прыкiдвацца. Калi вернецца муж, я дам яму сто су, каб ён схадзiў насупраць".

Убачыўшы на камiне фатаграфiю Рауля, ён пытаецца:

– Гэта твой... твой муж?

– Гэта ён.

– Ну i мыза. А гэта хто? Твая сяброўка?

Гэта была твая фатаграфiя, дарагая, у бальным уборы. Я ўжо не ведала, што кажу, i прамармытала:

– Ага, гэта мая сяброўка.

I вось гадзiннiк б'е пятую гадзiну, а ў палове шостай заўсёды вяртаецца Рауль! Уявi сабе, калi ён вернецца перш, чым гэты пойдзе! Тады... тады... я здурнела... зусiм... я падумала... падумала... што... што лепей... было б... збавiцца ад гэтага чалавека... як мага хутчэй... Чым раней, тым лепей... разумееш?.. I вось... i вось... так было трэба... бо ён бы без гэтага не пайшоў... I я... я... зачынiла дзверы ў салоне... Вось i ўсё.

Маркiза дэ Рэндон пачала смяяцца дзiкiм смехам, схаваўшы галаву ў падушку.

Трошкi супакоiўшыся, яна спыталася:

– А ён... ён быў прыгожы?

– Ну вядома.

– I ты яшчэ скардзiшся?

– Але... але, дарагая, справа ў тям, што ён абяцаў прыйсцi сёння ў той самы час, i я... я страшэнна баюся... Ты сабе не ўяўляеш, якi ён упарты... Што рабiць... скажы мне... што рабiць?

Маркiза села на ложку, каб падумаць, пасля раптам выпалiла:

– Зрабi так, каб яго арыштавалi.

Баранеса здзiвiлася i нясмела спыталася:

– Як? Як жа? Што ты маеш на ўвазе? Арыштаваць яго? На якой падставе?

– О, усё вельмi проста. Ты iдзеш да камiсара палiцыi, кажаш яму, што адзiн мужчына ходзiць за табой ужо тры месяцы, што ён меў нахабства зайсцi ўчора да цябе, што ён пагражаў сёння зайсцi зноў i што ты просiш аховы ў закона. Табе дадуць двух палiцыянтаў, i яны яго арыштуюць.

– Але, дарагая, калi ён раскажа...

– Ды яму не павераць, дурнiца, калi ты ўладзiш справу з камiсарам. Павераць табе, бо ты жанчына з бездакорнага таварыства.

– О, я нiколi не асмелюся.

– Трэба, дарагая, бо калi не – табе канец.

– Уявi сабе, што... што ён будзе мяне абражаць, калi яго арыштуюць.

– Ну i добра, у цябе будуць сведкi, i яго засудзяць.

– Засудзяць на што?

– На кампенсацыю шкоды. У такiх выпадках трэба быць бязлiтаснай!

– А, наконт шкоды... ёсць адна рэч, якая мяне вельмi турбуе... вельмi... Ён пакiнуў два луiдоры на камiне.

– Два луiдоры?

– Ага.

– I ўсё?

– Усё.

– Мала. Мяне б гэта пакрыўдзiла. Ну дык што?

– Што мне рабiць з гэтымi грашыма?

Маркiза павагалася, пасля адказала сур'ёзным тонам:

– Дарагая... Трэба зрабiць... трэба зрабiць... маленькi падарунак твайму мужу... Гэтак будзе справядлiва.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю