Текст книги "Страх (на белорусском языке)"
Автор книги: Ги де Мопассан
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Де Мопассан Ги
Страх (на белорусском языке)
Гi дэ Мапасан
Страх
Пераклад: Сяргей Шупа
Ж.-К. Гюйсмансу
Пасля вячэры мы зноў паднялiся на палубу. Перад намi распасцерлася нерухомая роўнядзь Мiжземнага мора, у якой расплывiста адбiвалася цiхая поўня. Наш вялiзны карабель плыў, выпускаючы ў неба, усеянае зоркамi, велiчэзную змяю чорнага дыму; а за намi вада, ускалыхнутая хуткiм рухам цяжкага судна, узбiтая вiнтом, пенiлася, закручвалася i так ярка свяцiлася, што здавалася, нiбы зiхацеў растоплены месяц.
Мы, чалавек шэсць цi восем, стаялi моўчкi i з захапленнем глядзелi ў бок далёкай Афрыкi, куды мы плылi. I раптам капiтан, што стаяў пасярэдзiне i курыў цыгару, вярнуўся да размовы, распачатай падчас вячэры.
– Праўда, у той дзень я адчуваў страх. Шэсць гадзiн мора шкуматала мой карабель, якi быў сеў на плытнечы. На шчасце, пад вечар нас заўважыў ангельскi вуглявоз i ўзяў на борт.
I тады ўпершыню загаварыў высокi чалавек з загарэлым тварам. Ён быў з тых, па кiм адразу вiдаць, што ён шмат падарожнiчаў па далёкiх невядомых краiнах, сярод бясконцых небяспек, i чый спакойны i глыбокi позiрк, здаецца, тоiць у сабе нешта з тых дзiвосных краявiдаў, недзе i некалi пабачаных. I вось гэты загартаваны, мужны чалавек сказаў:
– Вы кажаце, капiтан, што адчувалi страх. Я ў гэта не веру. Вы проста памылiлiся i назвалi не тым словам пачуццё, якое вы перажылi. Рашучы чалавек нiколi не адчувае страху перад сур'ёзнай небяспекай. Ён хвалюецца, непакоiцца, трывожыцца. А страх – гэта зусiм iншае.
Капiтан усмiхнуўся i сказаў:
– Да д'ябла! Я вам кажу, што я баяўся.
I тады загарэлы чалавек пачаў павольна апавядаць:
– Дазвольце я растлумачу! Страх (i нават самыя адважныя людзi могуць яго адчуваць) – гэта нешта жахлiвае, гэта нейкi распад душы, жахлiвая сутарга думкi i цела. Адзiн толькi ўспамiн пра гэтае пачуццё прымушае ўздрыгнуць. Але страху няма нi тады, калi чалавек адчувае сябе бадзёра, нi перад атакай, нi перад непазбежнай смерцю, нi перад усiмi спазнанымi формамi небяспекi. Страх з'яўляецца падчас пэўных нязвыклых абставiн, пад нейкiмi таямнiчымi ўплывамi, перад нейкай няяснай небяспекай. Сапраўдны страх – гэта нешта накшталт успамiну пра дагiстарычныя фантастычныя жахi. Чалавек, якi верыць у прывiды, павiнен адчуваць страх ва ўсёй яго жудасцi, калi ўбачыць уначы здань.
Я зазнаў страх сярод белага дня прыблiзна дзесяць гадоў таму. I я зноў адчуў яго летась узiмку, снежаньскай ноччу.
Я перажыў шмат прыгод, шмат здарэнняў, якiя здавалiся смяротна небяспечнымi. Часта я бiўся ў бойках. Аднойчы мяне кiнулi памiраць зладзеi. Аднойчы ў Амерыцы я быў асуджаны на шыбенiцу за ўдзел у паўстаннi. Аднойчы мяне скiнулi ў мора з карабля каля берагоў Кiтая. Кожнага разу я думаў, што мне прыйшоў канец, i адразу ж скараўся перад абставiнамi, не расчульваючыся i нават не шкадуючы.
Але страх – гэта зусiм iншае.
Упершыню я зведаў яго ў Афрыцы. I ўсё ж страх – спараджэнне Поўначы. Сонца разганяе яго, як туман. Адзначце сабе гэта, панове. Ва ўсходнiх народаў жыццё не каштуе нi шэлега, паўсюль пануе пакорлiвасць, ночы там светлыя i без таямнiчых легендаў, душы таксама пустыя – у iх няма той змрочнай трывогi, якая гняце насельнiкаў паўночных краiн. На Ўсходзе можна адчуць панiку, страх там невядомы.
Дык вось што са мной адбылося на афрыканскай зямлi:
Я iшоў праз вялiкiя дзюны на поўдзень ад Уарглы. Гэта адна з найдзiўнейшых мясцiн на свеце. Вы добра сабе ўяўляеце роўныя i аднастайныя пясчаныя краявiды бясконцага акiянскага берага. А цяпер уявiце сабе, што сам акiян у шторм раптам ператварыўся ў пясок; уявiце сабе нямую буру нерухомых хваляў жоўтага пылу. Яны здаюцца гарамi, гэтыя розныя вышынёй i формай пясчаныя гурбы, што ўздыбiлiся, нiбы раз'юшаныя хвалi. А на гэтае разлютаванае, нямое, нерухомае мора няшчаднае паўднёвае сонца лiе бязлiтасныя промнi. I трэба лезцi на гэтыя валы з залатога попелу, апускацца, зноў узбiрацца, бясконца, бесперапынна, а навокал – а нi лапiнкi ценю. Конi хрыпяць, правальваюцца па калена i спаўзаюць з пяском па схiлах дзiвосных узгоркаў.
Мы былi з сябрам, разам з намi iшло васьмёра спагi – арабскiх лёгкiх салдатаў – i чатыры вярблюды з паганятымi. Мы iшлi моўчкi, змардаваныя спёкай i стомай, ссушаныя смагай, як i ўсё ў гэтай раслаленай пустэльнi. Раптам нехта адзiн ускрыкнуў. Усе спынiлiся. Мы стаялi нерухома, здзiўленыя незвычайнай з'явай, вядомай тым, хто вандруе па гэтых забытых Богам краях.
Аднекуль зблiзку чуўся бой барабана, таямнiчага барабана пустынi. Ён быў выразны, то гучнейшы, то слабейшы, ён то спыняўся, то зноў рассыпаўся нейкiм фантастычным дробатам.
Напалоханыя арабы глядзе
...
конец ознакомительного фрагмента