355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франц Кафка » Вясковы лекар (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Вясковы лекар (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 01:34

Текст книги "Вясковы лекар (на белорусском языке)"


Автор книги: Франц Кафка


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Кафка Франц
Вясковы лекар (на белорусском языке)

Франц Кафка

Вясковы лекар

Пераклад: Лявон Баршчэўскi

Я зусiм збянтэжыўся: пiльна, вельмi пiльна трэба было ехаць, цяжкахворы чалавек чакаў мяне ў вёсцы за дзесяць мiляў адсюль, непраглядная завiруха поўнiла ўсю вялiкую прастору памiж iм i мною; у мяне была каламажка, лёгкая, з вялiзнымi коламi – якраз тое, што трэба на нашыя вясковыя дарогi. Загорнуты ў футра, трымаючы ў руцэ сумку з iнструментам, я стаяў каля хаты, гатовы ехаць; вось толькi конь быў патрэбны, патрэбны быў конь. Раней у мяне быў свой, ды ён здох учора ўначы, бо ператамiўся гэтаю сцюдзёнаю зiмой, i мая пакаёўка, маладая дзяўчына, лётала цяпер па вёсцы, каб дзе знайсцi каня; толькi спадзявацца нам не было на што; я ведаў гэта i стаяў проста так, без нiякай мэты; гурба снегу вакол мяне ўсё вышэла i вышэла, а я – усё больш нерухомеў. Замiгцеў лiхтар: каля веснiчак з'явiлася дзяўчына; адна, вядома: хто гэткаю парою дасць свайго каня? Я зноў прайшоўся сюды-туды па двары; я не бачыў нiякага выйсця i, пакутуючы душою, пхнуў пашчапаныя дзверы старога i даўно ўжо апусцелага хлеўчука. Дзверы адчынiлiся, загайдалiся на завесах узад-уперад; з-за iх патыхнула цяплом i пахам, падобным да конскага. У хлеўчуку на тоўстым дроце загушкалася цьмяная лямпачка. Адкрыты, з блакiтнымi вачыма твар чалавека, скурчанага пад мастком, узнiк перада мною. "Вам запрэгчы?" спытаўся ён, выпаўзаючы з хлява на карачках. Я не ведаў, што сказаць, i толькi нахiлiўся нiзка, каб паглядзець, што яшчэ там, усярэдзiне. Поруч ужо стаяла мая пакаёўка. "Няведама што яшчэ можна знайсцi ў сябе каля хаты", – сказала яна, i мы абое засмяялiся. "Гэй, браток! Гэй, сястрычка!" – крыкнуў мужчына i два канi, дзве дужыя крутабокiя жывёлiны, адна за адной – капыты ў адзiн рад, галовы схiленыя, нiбы ў вярблюдаў, – вокамгненна ўзнiклi ў дзвярах, запаўняючы сабою ўсё проймiшча. А праз якую хвiлю яны ўжо стаялi на двары, выпрастаныя, на высокiх зграбных нагах; ад целаў iшла густая пара. "Памажы яму", – сказаў я дзяўчыне, i тая паслухмяна заспяшалася па збрую. Але толькi яна падышла да стайнiка, як ён, схапiўшы яе за плечы, рэзка прыцягнуў твар дзяўчыны да свайго. Ускрыкнуўшы, яна адбягаецца да мяне – на шчацэ ў яе двума чырвонымi радкамi адбiлiся стайнiкавы зубы. "Ах ты, свалата! – крычу я раз'юшана. – Што, пугi захацеў?" Ды тут жа, схамянуўшыся, думаю: гэта ж чужы чалавек, я нават не ведаю, скуль ён узяўся, дый сам, без прынукi, дапамагае мне ў тым, у чым адмовiлi iншыя. Быццам адгадаўшы, пра што я думаю, ён зусiм не сярдуе на мяне за маю лаянку i, усё яшчэ завiхаючыся каля коней, толькi адзiн раз паварочваецца да мяне – каб сказаць: "Сядайце!" I напраўду: я бачу, што ўсё ўжо гатова. "Такiмi зграбнымi коньмi я нi разу яшчэ не ездзiў", мiльгае ў галаве думка, i я з радасцю саджуся ў каламажку. "Толькi кiраваць буду я: ты ж не ведаеш дарогi, – кажу я стайнiку. "Ну, вядома ж, – адказвае ён, – я i не збiраюся ехаць з вамi. Я застаюся з Розай". – "Не! Нiзашто!" крычыць дзяўчына i, ясна прадчуваючы непазбежнае, бяжыць у хату; я чую, як бразгае дзвярная клямка, бачу, як яна спачатку ў сенцах, а пасля па чарзе ў кожным пакоi тушыць святло – каб яе немагчыма было знайсцi. "Ты паедзеш са мною, – кажу я стайнiку, – альбо я нiкуды не паеду, хоць i трэба вельмi. Мне б i ў галаву не прыйшло плацiць за коней, аддаўшы ў твае рукi дзяўчыну". – "Ну! Пайшлi!" – крычыць ён, б'е ў далонi, i каламажка ляцiць з месца, нiбы маленькая трэска, што трапiла ў iмклiвы паток. Я паспяваю яшчэ пачуць, як паддаюцца, а потым ламаюцца ад стайнiкавых удараў дзверы ў хаце; пасля мае вочы i вушы запаўняе шоргат, якi няўмольна роўна ўваходзiць у маю прытомнасць... Але i гэта доўжыцца толькi нейкае iмгненне, бо – як быццам хата хворага стаiць адразу ж за маёю – я тут жа апынаюся каля яго двара: спынiлiся мае конi, завiруха сцiшылася, усё залiта маладзiковым святлом; бацькi хворага выбягаюць з хаты да мяне, за iмi – яго сястра; мала што не на руках мяне выносяць з каламажкi; я не разбiраю iхняй бязладнай гамонкi... у пакоi хворага зусiм няма чым дыхаць: ад закуранай печы цягне дымам; хочацца адчынiць акно, але напачатку трэба агледзець хворага. Выпетраны, без знакаў гарачкi, нi халодны, нi цёплы, з пустымi вачыма, без кашулi, хлопчык зылазiць з-пад пуховае коўдры, вiсне ў мяне на шыi, шэпча мне ў вуха: "Доктар, дайце мне памерцi!" Я азiраюся: нiхто нiчога не ўчуў; бацькi стаяць, моўчкi нахiлiўшы галовы, i чакаюць, якi будзе мой прысуд; сястра падносiць зэдлiк, каб пакласцi маю сумку. Я адкрываю яе, шукаю патрэбныя прылады; хлопчык з пасцелi цягнецца рукамi, iмкнучыся намацаць мяне i нагадаць яшчэ раз пра сваю просьбу. Я бяру пiнцэт, разглядаю яго каля свечкi i – зноў кладу ў сумку. "Вядома ж, прыходзiць мне ў галаву злацешная думка, – у такiх выпадках дапамагаюць багi: падсылаюць каня, якога бракавала; а каб хутчэй было, даюць яшчэ i другога i каб было ўжо напоўнiцу – дадаюць да iх стайнiка..." Цяпер толькi раптам зноў у памяцi ўзнiкае Роза: што рабiць? Як яе ўратаваць, як вырваць яе з чужынцавых рук – калi я вось тут, за дзесяць мiляў ад яе, i ў мяне неўтаймоўныя конi? Гэтыя конi, што вунь ужо неяк паадвязвалiся i цяпер няведама як адчыняюць з вулiцы вокны, лезуць галовамi ў хату i – не зважаючы на лямант хлопцавых бацькоў i сястры – уважлiва разглядаюць яго. "Зараз жа ехаць назад!" – мiльгае ў галаве новая думка, быццам гэта конi заклiкаюць мяне ехаць адсюль; але я моўчкi падпарадкоўваюся, калi сястра хворага, думаючы, што я ледзь не самлеў у горача напаленай хаце, сцягвае футра з маiх плячэй. Перада мною ставяць шклянку з гарэлкай, стары ляпае мне па плячы: самаахвярнасць ягонага ўлюбёнага дзiцяцi апраўдвае гэтае панiбрацтва. Я хiтаю галавою: у вузкiм коле iнтэлекту старога мне б зрабiлася млосна, толькi з-за гэтага я адмаўляюся выпiць. Мацi, стоячы каля ложка хворага, падае мне знак, каб я падышоў да яго; я раблю гэта i ў той момант, калi адзiн конь, задраўшы голаў угару, пачынае гiгатаць, прыкладваю вуха да хлопцавых грудзей, i яму робiцца непамысна ад дотыку маёй мокрай барады. Пацвярджаецца тое, што я ўжо i так ведаў: хлопчык здаровы, трохi iшла кроў (клапатлiвая мацi перапаiла кавай), але хлопчык здаровы, i найлепей было б даць яму добрага кухталя ды прагнаць з пасцелi. Але я не той чалавек, што iмкнецца палепшыць свет; таму нiчога не кажу. Акруга плацiць мне грошы, i я выконваю свае абавязкi дарэшты – пакуль яно не бывае аж занадта. Хоць зарабляю небагата, але заўсёды гатовы шчодра памагаць беднаму люду. Вось толькi яшчэ мушу патурбавацца пра Розу – тады няхай хлопчык мае рацыю, i я схачу памерцi. Чаго трэба мне тут, гэтай бясконцай сцюдзенай зiмою? Мой конь здох, i ў вёсцы няма нiкога, хто б пазычыў мне свайго. Я мусiў узяць коней з хлеўчука; каб гэта выпадкам былi не конi, я б запрог свiней! Во яно як! Я падмiргваю хлопчыкавым бацькам. Яны ж нi пра што не ведаюць, а каб сказаў iм дык яны б i не паверылi. Прапiсваць лекi няцяжка, куды цяжэй знайсцi паразуменне з людзьмi. Мне больш няма чаго рабiць у гэтай хаце; мяне зноў патурбавалi без патрэбы; з гэтым я звыкся: уся акруга катуе мяне з дапамогай майго прыдзвернага званочка; але каб гэтым разам яшчэ аддаць Розу – ладную дзяўчыну, якая колькi ўжо год, амаль незаўважаная мною, жыла ў маёй хаце гэтая ахвяра занадта вялiкая; мне трэба нейкiм чынам прымудрыцца ўпарадкаваць усё гэта ў сваёй галаве, каб не абурыцца ўголас на гэтую сялянскую сям'ю, якая, калi б нават хацела, не здолела б вярнуць мне Розу. Ды калi я закрываю сумку i прашу падаць мне футра, яны ўсе стаяць i маўчаць: бацька, абнюхваючы парожнюю шклянку, мацi з выразам вiдавочнай расчараванасцi мною (а чаго народ ад нас чакае?) прыкусвае губу, слёзы стаяць у яе ўваччу, сястра ж перабiрае ў руках скрываўлены ручнiк – вось тады я неяк ужо адчуваю сябе гатовым пры пэўных умовах пацвердзiць, што хлопчык, магчыма, i праўда хворы. Я зноў падыходжу да яго; ён усмiхаецца – як быццам я даў яму моцнага зелля – ах! зноў загiгаталi мае конi: вiдаць, згодна з найвышэйшай воляй, гэта павiнна палегчыць мне аглядаць хлапчука – i тут я выразна бачу: ён i сапраўды хворы. На правым сцягне адкрылася рана – вялiкая, з добрую талерку, ружовая, з рознымi адценнямi, цёмная ўсярэдзiне, святлейшая па краях, уся дробна-крупчастая, з неаднолькава густымi кровападцёкамi, адкрытая, нiбы вугальны кар'ер. Гэтак яно бачыцца зводдаль. Зблiзку – яшчэ горш. Цi можна спакойна глядзець на гэта? Чарвякi, доўгiя i тоўстыя – з мой мезенец, ружовыя самi па сабе, ды яшчэ ў крывi, курчацца ўнутры ў ране, пры святле вiдаць iх белыя галоўкi i мноства малюпасенькiх ножак. Бедны хлопча, табе ўжо нiчым не дапаможаш. Я знайшоў тваю вялiкую рану. Гэты пялёстак на баку загубiць цябе. Бацька, мацi i сястра цяпер радыя: бачаць, што я працую; сястра кажа шэптам пра гэта мацi, тая нашэптвае бацьку, а бацька – тым людзям, што на дыбачках усё iдуць у хату i, балансуючы шырока расстаўленымi рукамi, узнiкаюць у месяцавым святле, што лiецца праз адчыненыя дзверы. "Ты выратуеш мяне?" пытаецца хлопчык, сiлячыся не заплакаць. Жывы боль у ране зусiм асляпiў яго. Такiя вось тутэйшыя людзi. Заўсёды патрабуюць ад лекара немагчымага. Старую веру яны даўно страцiлi; пастар сядзiць дома, перабiрае адно за адным свае ўбраннi, а доктар павiнен рабiць усё сваёй далiкатнаю рукой хiрурга. Ды цяпер... як хочаце: я сам не напрошваўся; калi мяне выкарыстоўваюць дзеля святой мэты, я не адпiраюся: чаго ж хацеў я, стары вясковы лекар, у якога ўкралi дзяўчыну-пакаёўку! А яны вунь усе збiраюцца тут: бацька, мацi, сястра, старэйшыя вясковай абшчыны; яны распранаюць, сцягваюць адзежу з мяне; школьны хор на чале з настаўнiкам стаў ланцугом каля хаты i спявае вельмi простую мелодыю з такiмi словамi:

Скiдайце вопратку з яго, каб ён лячыў вас.

А як лячыць не будзе – дык забiце:

Ён толькi лекар, толькi лекар ён.

Урэшце я стаю голы i, учапiўшыся рукою за сваю бараду, нахiлiўшы нiзка галаву, гляджу на тых людзей. Я зусiм спакойны, я адчуваю перавагу над iмi, я такi ўвесь час, хоць цяпер мне гэта не дапамагае, бо яны бяруць мяне за галаву, за ногi i нясуць у ложак. Яны кладуць мяне да сцяны – туды, дзе рана. Пасля ўсе выходзяць з пакоя, дзверы зачыняюцца, аблокi абкладваюць маладзiчок, пасцельная бялiзна мяккай цеплынёю ахутвае мяне; расплывiста ўзнiкаюць перад вачыма ў аконных адтулiнах конскiя галовы. "Ведаеш, – чую шэпт каля вуха, – я табе не надта давяраю. Ад цябе ж таксама недзе проста пазбавiлiся, ты не прыйшоў па сваёй ахвоце. Замест каб мне дапамагчы, ты робiш цяснейшым маё смяротнае ложа. Лепш за ўсё я табе павыдзiраю вочы". – "Слушна, – адказваю я, – гэта ганьба. Але ж я лекар. Што я магу зрабiць? Павер, мне таксама нялёгка". – "Задаволiцца тым, што ты перапрашаеш? Ах, вiдаць, прыйдзецца. З такой прыгожай ранаю прыйшоў я на белы свет: гэта ўсё, што я меў пры сабе". "Дарагi хлопча, – адказваю я, – твая бяда ў тым, што ты бярэш усё да галавы. Вось я – чалавек, што ў якiх толькi лякарнях не перабываў i чаго толькi ў iх не бачыў – я табе кажу: рана гэтая не надта ўжо i страшная. Паставiць проста абушок, ударыць раз-другi i – калi ласка... Шмат хто сам падстаўляе свой бок i нават наўрад цi чуе, як абушок грукае ў бары -тым больш, калi ён блiжэй". "Цi праўда гэта, альбо ты манiш, бачачы, што я ў гарачцы?" – "Гэта праўда, вось табе слова акруговага лекара". I ён даў мне веры i зацiх. Але ўжо наспеў час падумаць пра сваё выратаванне. На месцы стаялi мае верныя конi. Адзежа, футра, сумка – усё было хутка згорнута ў адзiн вузел; на тое, каб апранацца, у мяне не было часу: конi спяшалiся, як i па дарозе сюды; таму я борзда скочыў з хлопцавай пасцелi ў сваю. Адзiн конь паслухмяна адышоў ад акна, я шпурнуў свой клунак у каламажку, за iм паляцела футра, але задалёка: яно толькi зачапiлася рукавом за крук. Добра i так. Я ўскочыў на каня. Аброць валачылася па зямлi, другi конь зусiм сам па сабе, каламажка недзе ззаду, ледзь не бокам, а за ўсiм гэтым валачылася па снезе футра. "Пайшлi! Хутчэй!" – крыкнуў я, ды хутчэй не йшло: павольна, нiбы старыя людзi, цягнулiся мы па снежнай пустэльнi; доўга гучаў нам услед новы, але яшчэ менш ладны спеў дзяцей:

Радавацца трэба, пацыенты:

Лекар вам пакладзены ў пасцель!

Гэтак нiколi не дабрацца мне дадому; прапала мая добрая практыка; новы лекар абкрадвае мяне, але дарма стараецца, бо замянiць мяне ён не можа; у маёй хаце лютуе паскудны стайнiк, Роза – яго ахвяра, мне не хочацца выдумляць гэтага. Голы, пакiнуты на марозе гэтаю найняшчаснейшай парою, у зямной каламажцы, з незямнымi коньмi, туляюся я, стары чалавек, без нiякай мэты. Маё футра цягнецца недзе ззаду за возам, мне нiяк няможна ўзяць яго, i нiхто з рухавага збою пацыентаў не паварушыць нават пальцам. Падманулi! Падманулi! Адзiн раз паверыў аблуднаму званку, i – нiчога ўжо больш немагчыма выправiць!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю