355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Франц Кафка » Нешчаслiвасць (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Нешчаслiвасць (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 15:17

Текст книги "Нешчаслiвасць (на белорусском языке)"


Автор книги: Франц Кафка


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Кафка Франц
Нешчаслiвасць (на белорусском языке)

Франц Кафка

Нешчаслiвасць

Пераклад: Лявон Баршчэўскi

Калi мне ўжо ўсё апрыкрала – гэта было аднаго разу лiстападаўскiм надвячоркам – i я выбег з пакоя па вузкай дывановай дарожцы, як па той, што на iпадроме; раптам напалохаўшыся ўбачаных у завулку лiхтароў; пасля завярнуў быў назад, але ў глыбiнi пакоя, у вялiкiм трумо, згледзеў нешта яшчэ i закрычаў каб толькi чуць крык, на якi не адказваюць i якому не перашкаджае яго сiла, якi гэткiм чынам узмацняецца без супрацьдзеяння i не можа ацiхнуць, нават калi крычаць перастаюць; вось тады ў сцяне раптоўна адчынiлiся дзверы, вельмi паспешлiва, бо паспешлiвасць была патрэбная, i нават конi каля павозак, што стаялi ўнiзе на брукаванцы, як здзiчэлыя ў баi кавалерыйскiя конi, не шкадуючы сваiх горлаў, паднялiся на дыбкi.

Нiбы маленькi прывiд, выплыла дзiця з цёмнага-цёмнага калiдора, у якiм яшчэ не запальвалi лямпачку, i, выплыўшы, яно застыла на дыбачках, пасярэдзiне вузкай маснiцы, якая непрыкметна гайдалася. Адразу аслепленае прыцемкам пакоя, дзiця хацела хуценька схаваць твар у далонях, ды нечакана супакоiлася, зiрнуўшы ў акно, перад крыжам якога ўрэшце легла прыцiснутая паўзмрокам смужлiвая свецень вулiчных лiхтароў. Перад адчыненымi дзвярыма дзiця, памагаючы сабе правым локцем, выпрасталася наўздоўж сцяны, упусцiўшы звонку ў пакой паветра, што прайшло па суставах яго ног, вакол шыi i скроняў.

Я паглядзеў у той бок i сказаў: "Добры дзень"; потым узяў пiнжак, што вiсеў каля печы, – бо мне не хацелася быць паўголым. Нейкую хвiлю я не закрываў рота, каб праз яго з мяне выйшла ўсхваляванасць. У роце ў мяне было неяк дрэнна, на маiм твары ўздрыгвалi вейкi – карацей, мне не хапала толькi яшчэ гэтага – чаканага, зрэшты, – прыходу.

Дзiця ўсё стаяла на тым самым месцы каля сцяны, прыцiснуўшы да яе правую руку; i, ружовашчокае, яно нiяк не магло наталiцца з таго, што тынк на сцяне быў грубы i ўцiнаўся яму ў пальцы. Я сказаў: "Вы праўда хочаце сюды? Гэта не памылка? Няма нiчога лягчэйшага, як памылiцца ў гэтым вялiкiм доме. Мяне завуць Так-i-так, жыву я на чацвёртым паверсе. Цi я сапраўды той, да каго Вы хацелi прыйсцi?"

– Цiха! Цiха! – ускрыкнула дзiця, павярнуўшы голаў да мяне. – Усё, вядома, так, як трэба.

– Тады праходзьце ў пакой: я б хацеў зачынiць дзверы.

– Дзверы я толькi што зачынiў. Не турбуйцеся. Увогуле... супакойцеся.

– Пры чым тут турботы. Але ж на гэтым калiдоры жыве шмат народу; усе, натуральна, мае знаёмыя, шмат хто якраз вяртаецца са службы; калi яны пачуюць, што ў нейкiм пакоi гамоняць, яны палiчаць, што iм дазволена адчынiць дзверы i паглядзець, што тут робiцца. Ад гэтага нiкуды не падзенешся. За плячыма ў гэтых людзей рабочы дзень, i яны не ўпадабаюць нiякiх замахаў на сваю часовую вячэрнюю свабоду! Зрэшты, Вы гэта ведаеце таксама. Дазвольце, я зачыню дзверы.

– Ну i што з таго? Чаго Вы напалохалiся? Што да мяне, дык няхай прыходзiць хоць увесь дом. I да таго ж: было ўжо сказана, што дзверы я зачынiў. Вы што думаеце, толькi Вы ўмееце зачыняць дзверы? Я iх нават на ключ замкнуў.

– Тады добра. Болей мне нiчога i не трэба. На ключ, можа, i не варта было... Уладкоўвайцеся, раз Вы ўжо тут. Вы – мой госць. Можаце цалкам мне давярацца. Смялей. Будзьце як дома. Хочаце – заставайцеся тут, хочаце – iдзiце сабе: я анi не збiраюся Вас прымушаць. Дый цi трэба мне казаць пра гэта? Хiба Вы мяне так дрэнна ведаеце?

– Ды не. Вам сапраўды не трэба было казаць пра гэта. Вы нават не павiнны былi казаць... Я ж дзiця, нашто столькi валтузнi каля мяне?

– Ну, гэта й не так кепска. Вядома ж, дзiця... Але ж Вы не такое ўжо i малое. Вы зусiм дарослы. Каб Вы былi дзяўчынаю, Вам не варта было б вось так проста зачыняцца ў адным пакоi са мной.

– Пра гэта нам няма чаго турбавацца. Я толькi хацеў сказаць: тое, што я Вас так добра ведаю, не надта мяне баронiць; проста Вам не трэба высiльвацца, каб манiць мне. Тым не менш Вы дагаджаеце мне. Кiньце гэта, заклiкаю Вас, кiньце. Мне пачынае здавацца, што я не ведаю Вас – так, каб паўсюды i ўвесь час – тым больш у гэткай цемры. Было б лепш, каб Вы запалiлi святло. Не, лепей не трэба. Ва ўсякiм разе, я сабе зазначу, што Вы ўжо мне пагражалi.

– Што? Я – Вам пагражаў? Ну што Вы! Я ж такi рады, што Вы нарэшце тут, у мяне. Я кажу "нарэшце", бо ўжо такая позняя пара. Мне неяк няўцям, чаму гэта Вы прыйшлi так позна? Ну, i зусiм мажлiва, што я ад радасцi нагаварыў тут не ведаю чаго, а Вы гэта адпаведна зразумелi. Тое, што я гаварыў менавiта так, магу пацвердзiць хоць дзесяць разоў; напраўду, я пагражаў Вам усiм, чым Вы хочаце. ...Толькi, далiбог, не трэба спрэчак! ...Але як Вы маглi ў гэта паверыць? Як Вы маглi так пакрыўдзiць мяне? Чаму гэта Вам так хочацца сапсаваць гэту нейкую там хвiлiну, што Вы тут, у мяне? Чужы чалавек i той паводзiў бы сябе больш ветлiва, чым Вы.

– Разумею, гэта не было мудра. Такi блiзкi Вам, як гэта ўвогуле магчыма камусьцi чужому быць Вам блiзкiм, я паводле сваёй натуры. Пра гэта Вы, зрэшты, ведаеце; навошта тады гэты жаль? Калi Вам хочацца ламаць камедыю, дык адразу скажыце; я пайду адсюль.

– Во як? I ў Вас хапае адвагi казаць мне пра гэта? Бачу, у Вас яе трохi зашмат. Дый, урэшце, Вы ў маiм пакоi. Вы ўшчаперылiся, як той вар'ят, пальцамi ў маю сцяну. Мой пакой, мая сцяна! Да таго ж усё, што Вы тут казалi, – гэта не толькi нахабства, гэта проста смеху варта. Вы кажаце, што гэта Вашая натура прымушае Вас так гаварыць са мною. Няўжо праўда? Вашая натура Вас прымушае? Што ж, вельмi гжэчна з боку Вашае натуры. Ваша натура – яна ж i мая, i калi я паводле сваёй натуры прыязны з вамi, дык i Вам нiхто не дазваляў быць iншым.

– Што, вось гэта i ёсць прыязнасць?

– Я кажу пра тое, што было.

– Хiба Вы ведаеце, якi я буду пасля?

– Я нiчога не ведаю.

I я, падышоўшы да маленькага стала, запалiў на iм свечку. Тады нi электрычнасцi, нi газу ў мяне ў пакоi не было. Я трохi пасядзеў каля стала, потым, стамiўшыся ад гэтага, падняўся, накiнуў на плечы палiто, узяў з канапы капялюш i дзьмухнуў на свечку. Выходзячы з пакоя, зачапiўся за ножку крэсла.

На сходах напаткаўся сусед з майго паверха.

– Зноў iдзяце кудысь, лайдача? – спытаўся ён, стоячы на дзвюх прыступках, шырока расставiўшы ногi.

– Што ж мне рабiць? – сказаў я. – У мяне ў кватэры толькi што быў прывiд.

– Вы кажаце пра гэта так, нiбыта знайшлi валасiну ў супе.

– Жартуеце. Але ж прывiд ёсць прывiд.

– Вельмi добра. Але як быць, калi наогул у прывiды не верыш?

– Вы думаеце, я ў iх веру? Але што мне дае гэтае нявер'е?

– Усё проста. Вы не павiнны больш нiколi палохацца, калi да вас у хату сапраўды завiтае прывiд.

– Вядома ж, але гэты сполах – не самы важны. Найбольш баiшся – гэта калi думаеш, чаму ён з'явiўся. I гэты страх не знiкае. Ён якраз выдатна сядзiць ува мне. – Нервуючыся, я пачаў лiхаманкава мацаць па ўсiх сваiх кiшэнях.

– Калi Вы не баiцеся самога прывiду, Вы б маглi спакойна спытацца ў яго, чаму ён прыйшоў.

– Вы, бачу, нiколi яшчэ не гаварылi з прывiдамi. Ад iх нiчога па-сапраўднаму нельга даведацца. Гэта – адна марная мiтусня. Часам у гэтых прывiдаў бывае больш сумненняў наконт свайго iснавання, чымся ў нас; гэта й не дзiва, бо яны такiя кволыя.

– А я чуў, нiбыта iх можна выкармiць.

– А Вы добра дасведчаныя ў гэтым. Можна, вядома. Але ж хто будзе гэтым займацца?

– Чаму? Калi, прыкладам, гэты прывiд жаночага полу? – адказаў ён i перайшоў на прыступку вышэй.

– Ну, калi так, – сказаў я. – Але нават тады ён не падыдзе для гэтага...

Я задумаўся. Мой знаёмы стаяў мiж тым ужо так высока, што, каб бачыць мяне, мусiў нагiнацца пад пралётам лесвiцы.

– I ўсё ж, – сказаў я яму, – калi Вы прагонiце адтуль, зверху, мой прывiд, мiж намi ўсё будзе скончана, назаўсёды.

– Ды не, я пажартаваў, – сказаў ён i зноў выпрастаўся.

– Вось гэта добра, – прамовiў я i мог нарэшце iсцi гуляць са спакойнаю душой.

Але яе, маю душу, апанавала самота; з гэтае прычыны я зноў падняўся ў свой пакой i лёг спаць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю