355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Эдвард Хотч » Доўгi пакой (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Доўгi пакой (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 03:47

Текст книги "Доўгi пакой (на белорусском языке)"


Автор книги: Эдвард Хотч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

– Капiтан, мы абодва стралялi ў адну i тую ж мiшэнь, – стрымаў яго запал Флетчэр. – Нiхто не змог бы рассартаваць тыя кулi i вызначыць тыя, што былi выпушчаны з вашага рэвальвера, i тыя – што з майго. Апрача таго, як мог хто-небудзь з iх атрымаць дазвол зайсцi ў цiр, якi знаходзiцца ў сутарэннi палiцэйскай управы?

– У мяне мог аказацца вораг у аддзеле, – сказаў Леапольд.

– Глупства! У нас ува ўсiх ёсць ворагi, тым не менш гэта немагчыма. Калi вы лiчыце, што супрацоўнiкi аддзела плятуць супраць вас змову, такiм жа чынам вы можаце лiчыць, што вынiкi экспертаў-балiстыкаў таксама былi падробленыя.

– Яны i былi, нейкiм чынам. У цябе ёсць фотаздымкi, зробленыя для супастаўлення?

– Засталiся ў кабiнеце. Але глыбiня рэзкасцi на iх настолькi абмежаваная, што, вiдаць, можна даведацца больш, калi самому паглядзець на гэтыя кулi праз мiкраскоп.

Флетчэр адвёз Леапольда ў лабараторыю, дзе яны ўгаварылi супрацоўнiка, прызначанага дзяжурыць у нядзелю, дазволiць iм зiрнуць на кулi. У той час як Флетчэр i афiцэр стаялi побач, забяспечваючы захаванасць рэчавых доказаў, Леапольд, прыжмурыўшы вока, вывучаў праз мiкраскоп кавалкi свiнцу.

– Куля, якая выклiкала смерць, даволi пашматаная, – заўважыў ён, але быў вымушаны пагадзiцца, што сляды ад нарэзу ў ствале зброi былi аднолькавыя. Ён зiрнуў на бiрку, прымацаваную да кантрольнай кулi: Кантрольная куля, выпушчаная з рэвальвера 38-га калiбру сiстэмы "Смiт – Весан", серыйны нумар 2420547.

Леапольд адвярнуўся ўбок, уздыхнуў i зноў вярнуўся да кулi.

2420547.

Ён раскрыў партаманет i знайшоў там пасведчанне на рэвальвер "Смiт Весан" 2421622.

– Я памятаў дзве апошнiя двойкi, – сказаў ён Флетчэру. – Гэта не мой рэвальвер.

– Гэта той, што я ўзяў з вашых рук, капiтан. Гатовы прысягнуць.

– I я веру табе, Флетчэр. Але гэта менавiта той самы факт, якi мне быў патрэбны. Ён раскрывае той спосаб, дзякуючы якому д-ру Тэрзбi ўдалося забiць Монiку ў замкнёным пакоi ў мяне на вачах з рэвальвера, якi знаходзiўся ў той час у маёй кабуры. I ён можа таксама падказаць, дзе шукаць няўлоўнага д-ра Тэрзбi.

Да ранiцы панядзелка Леапольду ўдалося зрабiць шэсць мiжгароднiх званкоў у Калiфорнiю, робячы гэта з тэлефона, што стаяў на ягоным стале, у той час як Флетчэр тэлефанаваў з дзяжурнага пакоя. Потым, блiжэй да поўдня, Леапольд, Флетчэр, камiсар i прадстаўнiк пракурора акругi селi ў машыну i паехалi ў Бостан.

– Вы ўпэўнены, што ўсё як след разлiчылi? – спытаў Леапольда камiсар ужо трэцi раз. – Вы ведаеце, што мы не павiнны дазваляць вам перасякаць межы штата да рашэння вялiкага журы.

– Слухайце, давайце вырашым – альбо вы давяраеце мне, альбо не, раздражнёна парыраваў Леапольд.

Флетчэр, якi сядзеў за рулём, не мог стрымаць усмешкi, у той час як прадстаўнiк пракурора захоўваў надзвычайную сур'ёзнасць.

– Уся гэта справа вельмi складаная, – прабурчаў камiсар.

– Мая былая жонка была складаная жанчына. I не забывайце, у яе было пятнаццаць год на тое, каб распрацаваць гэты план.

– Пракруцiце яго яшчэ раз, – сказаў прадстаўнiк пракурора.

Леапольд уздыхнуў i пачаў расказваць:

– Рэвальвер, з якога яе забiлi, мне не належаў. Той жа рэвальвер, якi я выцягнуў з кабуры пасля таго, як прагучаў стрэл, i якi Флетчэр узяў з маiх рук, быў падсунуты мне перад гэтым.

– Якiм чынам?

– Я дайду да гэтага. Ключавая роля ва ўсiм гэтым належыць, безумоўна, Монiцы. Яна настолькi ненавiдзела мяне, што яе звар'яцелы розум спланаваў уласнае забойства з адзiнай мэтай адпомсцiць мне. Яна задумала ўсю справу такiм чынам, быццам нiхто iншы, акрамя мяне, не мог забiць яе.

– Толькi вар'ятка магла быць здольнай на такую рэч, – запярэчыў прадстаўнiк пракурора.

– Баюся, што яна i была вар'ятка, звар'яцела ад жадання помсты. Яна распрацавала ўвесь план на другую палову дня вяселля, але я ўпэўнены, у яе быў запасны варыянт на той выпадак, калi б я не прыйшоў на прыём. Ёй патрэбна было мноства сведак.

– Раскажыце iм, як яна зрабiла так, што ў яе трапiла куля, – папрасiў Флетчэр.

– Ну, што ж, для мяне гэта аказалася самай складанай часткай. Я сапраўды быў сведкам, як у яе стрэлiлi проста на маiх вачах. Бачыў, як у яе трапiла куля, як палiлася кроў. Так, мы былi з ёй толькi ўдваiх у замкнёным пакоi. У iм не было дзе схавацца, нiводнай шчылiны, праз якую чалавек цi нават якое-небудзь механiчнае прыстасаванне маглi б выпусцiць кулю. Вам, панове, вiдавочна, што вiнаватым павiнен быць я, асаблiва калi ўлiчыць, што куля была выпушчана з рэвальвера, якi быў у маёй кабуры.

Але я звярнуўся да ўсяго гэтага з iншага пункту гледжання – пасля таго як Флетчэр прымусiў мяне звярнуцца да гэтага наогул! Я ведаў, што не забiваў яе, i так як нiхто iншы не мог гэта зрабiць фiзiчна, я ведаў, што гэтага не рабiў нiхто! Калi Монiка была забiта куляй 38-га калiбру, у яе, вiдаць, выстралiлi з рэвальвера пасля таго, як цела вынеслi з таго замкнёнага пакоя. Паколькi, калi яе прывезлi ў бальнiцу, яна была ўжо нежывая, найбольш верагодным момантам яе забойства – зрэшты, на мой погляд – быў той час, калi "хуткая дапамога" была ў дарозе, а д-р Тэрзбi сядзеў, схiлiўшыся над ёю ў клапатлiвай занепакоенасцi.

– Але ж вы бачылi, як у яе стралялi!

– Гэта адна з дзвюх прычын, што мы з Флетчэрам усю ранiцу тэлефанавалi па двух тэлефонах у Галiвуд. Мая былая жонка працавала ў кiнематографе, займаючыся часам тэхнiчнымi справамi. Iснуе цэлы шэраг спосабаў iмiтаваць на экране забойства. Напачатку такiм спосабам было прыстасаванне – нешта накшталт пнеўматычнай вiнтоўкi, якую настаўлялi на акцёра крыху за кадрам. Сёння ж, асаблiва для здымання найбольш крывавых вестэрнаў i фiльмаў пра вайну, ужываюць невялiкае выбухное прыстасаванне, схаванае пад вопраткай акцёраў. Зразумела, цела ў такiм выпадку абаронена ад апёкаў, а выбуховая хваля скiравана ад яго ў процiлеглы бок. Для большай праўдападобнасцi адначасова з выбухам разрываецца пакет са штучнай крывёй.

– I менавiта гэта зрабiла Монiка?

Леапольд кiўнуў галавой.

– У вынiку званка ў галiвудскую студыю, дзе яна працавала, пацвердзiлася, што яна ўдзельнiчала ў здымках фiльма, у час якiх i было выкарыстана такое прыстасаванне. Сустрэўшы Монiку, я заўважыў, што яна прыбавiла ў бюсце, але я нават не падумаў, што гэта накладка i выбуховае прыстасаванне. Монiка прывяла яго ў дзеянне, калi ўзняла руку, закрычаўшы на мяне.

– Ёсць якiя-небудзь доказы?

– Дзiрка ў сукенцы аказалася занадта вялiкая для кулi 38-га калiбру, нават калi ёю стралялi ва ўпор, – занадта вялiкая i рваная. Я павiнен дзякаваць Флетчэру за тое, што ён звярнуў на гэта ўвагу. Сёння ранiцай эксперты з лабараторыi зрабiлi аналiз крывавых плям. Частка крывi належала Монiцы, астатняя ж аказалася курынай.

– Яна была добрая актрыса, калi змагла абвесцi ўсiх вакол пальца.

– Монiка ведала, што першы яе агледзiць д-р Тэрзбi. Ёй заставалася толькi павалiцца на падлогу, пасля таго, як у вынiку выбуху на сукенцы ўтворыцца дзiрка.

– Што, калi б на вяселлi апынуўся яшчэ адзiн лекар?

– У такiм выпадку яны б адклалi гэта на потым, – пацiснуў плячыма Леапольд. – Яны не маглi рызыкаваць.

– Ну, а рэвальвер?

– Я памятаю, што Тэрзбi сутыкнуўся са мной у час нашай першай сустрэчы. Ён узяў мой рэвальвер i замянiў яго на iдэнтычны, калi не браць у разлiк рознiцу ў серыйных нумарах. Ён неўзабаве да гэтага выстралiў з падкладзенага рэвальвера, каб давяршыць усю карцiну. Выцягнуўшы рэвальвер, я проста падыграў iм. Так яно i атрымалася – я адзiн на адзiн з вiдавочна памiраючай жанчынай, трымаючы ў руках рэвальвер, з якога толькi што стралялi.

– А як наконт кулi, ад якой яна загiнула?

– Насечкi на кулях утвараюцца ад разьбы ў ствале зброi, якая пакiдае адмецiны на свiнцу. Куля, выпушчаная з гладкага ствала, не мае насечак.

– У якой жа зброi гладкiя ствалы? – спытаў камiсар.

– У самаробнай тыпу самапала. Такая зброя вельмi ненадзейная, але калi прыставiць яе блiзка да скуры ахвяры, можа аказацца даволi эфектыўнай. Тэрзбi выстралiў з рэвальвера, якi меркаваў пакласцi ў маю кабуру, верагодна, у падушку цi ў штосьцi iншае, адкуль ён мог выцягнуць кулю непашкоджанай. Потым ён уставiў гэтую самую кулю, ужо з насечкамi, у новую гiльзу i выстралiў ёю з самаробнай зброi проста ў сэрца Монiкi. У вынiку захавалiся ранейшыя насечкi, а новыя не дабавiлiся.

– А што, вадзiцель i санiтар "хуткай дапамогi" не пачулi стрэлу?

– Яны сядзелi спераду, бо пацыента суправаджаў лекар. Дзякуючы гэтай акалiчнасцi ён змог таксама прыбраць з грудзей Монiкi выбухное прыстасаванне. Мяркую, што, адкiнуўшы яго, ён схiлiўся над Монiкай i, заглушыўшы, наколькi гэта было магчыма, зброю, зрабiў адзiны стрэл, якi аказаўся смяротным. Не забывайце, што "хуткая дапамога", калi яна iмчыць у бальнiцу, – месца даволi шумнае – сiрэна раве ўвесь час, не сцiхаючы.

Яны заязджалi ў цэнтр Бостана, i Леапольд сказаў Флетчэру ехаць у гатэль каля...

– Але я ўсё ж не веру ў версiю наконт падмены рэвальвера, – запярэчыў прадстаўнiк пракурора. – Вы хочаце сказаць, што ён адшпiлiў кабуру, выцягнуў рэвальвер, паклаў замест яго iншы i вы нiчога не заўважылi?

– Я хачу сказаць, што гэта мог зрабiць чалавек адпаведнага тыпу спецыялiст, прафесiйны злодзей-кiшэннiк. Эстрадныя нумары ў выкананнi такiх спецыялiстаў часам можна бачыць у начных клубах цi па тэлебачаннi. Менавiта такiм чынам я здагадаўся, дзе яго можна адшукаць. Мы абтэлефанавалi ўсю Паўднёвую Калiфорнiю, пакуль знайшлi чалавека, якi быў знаёмы з Монiкай, а таксама ведаў, што яна сустракалася з нейкiм мужчынам па прозвiшчы Томсан, якi выступаў з нумарам, iмiтуючы кiшэннага злодзея. Мы патэлефанавалi iмпрэсарыо Томсана i даведалiся, што той некалькi вечароў на тыдзень выступае ў адным бостанскiм гатэлi, у якiм i жыве.

– А калi б яго нумар не прайшоў i вы злавiлi б яго за руку? Альбо ў вас пры сабе не было б зброi?

– Большасць дэтэктываў носяць пры сабе зброю, нават калi яны не на дзяжурстве. Калi б мяне там не было альбо Монiка i Тэрзбi не змаглi б атрымаць рэвальвер, яны б проста памянялi свой план. Тэрзбi, вiдаць, падаў сiгнал, калi паспяхова зрабiў падмену.

– Ну, вось i прыехалi, – сказаў Флетчэр. – Хадзем.

У гатэлi iх чакалi два супрацоўнiкi, прысланыя бостанскай палiцыяй. Усе разам яны ўзнялiся на лiфце ў нумар, здадзены на iмя Макса Томсана. Флетчэр пастукаў у дзверы, i, калi тыя адчынiлiся, з'явiўся знаёмы твар Фелiкса Тэрзбi. Вусоў ужо не было, але пальцы былi такiя, як заўважыў Iмi Фантэйн, тонкiя, як у хiрурга. Толькi гэта былi пальцы не лекара, а кiшэннiка.

– Мы забiраем вас на допыт, – сказаў Флетчэр, а супрацоўнiкi бостанскай палiцыi зрабiлi стандартныя папярэджаннi наконт яго юрыдычных правоў.

Тэрзбi зiрнуў на iх стомленымi вачыма i ўсмiхнуўся, пазнаўшы Леапольда.

– Яна гаварыла, што вы хваткi. Што вы як i палiцэйскi хваткi.

– Вам неабходна было забiваць яе?

– Не я зрабiў гэта. Я толькi трымаў зброю, а курок нацiснула яна сама. Усё рабiла яна сама. Я толькi падмянiў рэвальвер. Так яна вас ненавiдзела.

– Я ведаю, – цiха сказаў Леапольд, углядаючыся ў нешта ўдалечынi. – Але думаю, вiдаць, гэтак жа яна ненавiдзела i сябе.

Пераклад: Уладзiмiр Шчасны


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю