Текст книги "Забойства на вулiцы Морг (на белорусском языке)"
Автор книги: Эдгар Аллан По
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)
У вячэрнiм выпуску газеты паведамлялася, што ў квартале Сен-Рош па-ранейшаму пануе страшэнны перапалох i што згаданы дом зноў старанна абшукалi i яшчэ раз дапыталi сведак, але ўсё аказалася дарэмна. Дадаткова паведамлялася, што арыштавалi i пасадзiлi за краты Адольфа Лё Бона, хоць, здавалася, нiякiх новых фактаў у дачыненнi да яго, апрача тых, што паведамлялiся, устаноўлена не было.
Дзюпэн, здавалася, вельмi цiкавiўся ходам следства – зрэшты, я меркаваў так па яго паводзiнах, бо нiякiх заўваг з яго боку не чуў. I толькi калi з'явiлася вестка аб арышце Лё Бона, ён пацiкавiўся маёй думкай наконт забойства.
Я мог толькi пагадзiцца з усiм Парыжам, што гэту таямнiцу разгадаць нельга. Я не бачыў нiякiх шляхоў, якiя б маглi вывесцi на след забойцы.
– Мы не павiнны меркаваць аб магчымых шляхах на падставе такога павярхоўнага вышуку, – заўважыў Дзюпэн. – Парыжская палiцыя, якую так хваляць за пранiклiвасць, на самай справе толькi хiтрая – i не больш таго. У яе дзеяннях няма сiстэмы, агенты жывуць адным момантам. Займаюцца дэманстрацыяй шматлiкiх прыёмаў, але нярэдка гэтыя прыёмы настолькi не адпавядаюць аб'ектам вышуку, што на думку прыходзяць словы месье Журдэна, якi загадваў прынесцi robe-de-chambre – pour mieux entendre la musique*.
* Халат – каб лепш чуць музыку (франц.).
Вынiкi iх дзейнасцi нярэдка сапраўды ўражваюць, але дасягаюцца яны ў большасцi выпадкаў стараннасцю i энергiчнасцю. Калi гэтыя якасцi адсутнiчаюць, iх задумы аказваюцца марнымi. Вiдок, напрыклад, вельмi здагадлiвы i ўпарты чалавек. Але калi яму бракуе iнтэлекту, дык ён увесь час блытаецца, робячыся ахвярай сваёй мiтуслiвасцi. Бачанне аб'екта скажаецца, бо ён трымае яго занадта блiзка ад вачэй. Ён, бадай, здольны бачыць адну-дзве дэталi выразна, але адначасова ўвесь аб'ект вывучэння абавязкова аказваецца па-за межамi зроку. Такiм чынам, iснуе такая з'ява, як залiшняе паглыбленне. Праўда – не заўсёды на дне глыбокага калодзежа. Акрамя таго, што датычыцца найбольш важных ведаў, дык яны, я ўпэўнены, непазбежна ляжаць на паверхнi. Глыбiня – у тых безданях, дзе мы шукаем гэтыя веды, а не на горных вышынях, дзе iх знаходзiм. Характар i каранi вось такiх памылак можна вызначыць шляхам назiрання за нябеснымi целамi. Калi глядзець на зорку па-рознаму – зiрнуць на яе скоса, паступова павярнуць да яе знешнюю частку сятчаткi (больш адчувальную да ледзь прыкметных водблiскаў святла, чым яе ўнутраны бок), убачыць зорку выразна, можна выбраць найлепшы шлях да ўяўлення аб яе бляску – бляску, якi робiцца ўсё больш цьмяным, чым шырэй наш позiрк ахоплiвае зорку. У апошнiм выпадку ў вока трапляе фактычна больш промняў, але ў першым – больш вострая ўспрымальнасць. У вынiку беспадстаўнай заглыбленасцi думкi збiваюцца i паслабляюцца, так i Венера можа растаць на нябесным купале, калi ўзiрацца ў яе занадта ўпарта альбо занадта засяроджана.
Што ж датычыцца гэтых забойстваў, давай зробiм самастойныя вышукi, перад тым як выказаць пра iх сваю думку. Расследаванне пазабавiць нас. – (Я падумаў, што слова пазабавiць – недарэчнае ў дадзеным выпадку, але змоўчаў.) – Акрамя таго, Лё Бон аднойчы зрабiў мне паслугу, за якую я не магу не быць яму ўдзячным. Пойдзем i агледзiм будынак самi. Я знаёмы з Ж., прэфектам палiцыi, таму мы без цяжкасцi атрымаем неабходны дазвол.
Атрымаўшы дазвол, мы адразу ж рушылi на вулiцу Морг. Гэта цiхi завулак, якi злучае вулiцы Рышэлье i Рош. Квартал быў далёка ад месца нашага жыхарства, i таму мы дабралiся туды толькi пад вечар. Дом знайшлi адразу ж, бо вакол яго па-ранейшаму было шмат людзей, якiя, стоячы на процiлеглым баку вулiцы, з пустой цiкавасцю пазiралi на зачыненыя аканiцы. Гэта быў звычайны парыжскi асабняк з шырокiмi дзвярамi параднага ўвахода, да якога збоку прыляпiлася будка з адсоўным акенцам, па якiм можна было здагадацца, што гэта loge de concierge*.
* Памяшканне кансьержа (франц.).
Перад тым як зайсцi ў дом, мы прайшлiся па вулiцы, звярнулi ў завулак, зноў звярнулi, прайшлiся каля дома са двара – увесь гэты час Дзюпэн вывучаў квартал, сам дом з незвычайнай пiльнасцю, хоць я не разумеў, што яго магло так зацiкавiць.
Вярнуўшыся тым жа шляхам да ўвахода, мы пазванiлi i, паказаўшы адпаведныя паперы, атрымалi ад дзяжурных палiцэйскiх дазвол зайсцi ўсярэдзiну. Мы пайшлi наверх, у пакой, дзе была знойдзена мадэмуазель Л'Эспанэ i дзе ўсё яшчэ ляжалi абодва трупы. Там па-ранейшаму быў беспарадак, бо ўсё, як гэта звычайна робiцца, захоўвалася ў непарушнасцi. Нiчога новага ў параўнаннi з тым, што пiсала "Судовая газета", я не заўважыў. Дзюпэн, аднак, уважлiва агледзеў кожную дробязь, не абмiнуў i трупаў. Потым мы зайшлi ў iншыя пакоi i спусцiлiся ў двор, – увесь гэты час нас суправаджаў палiцэйскi. Агляд працягваўся да самай цемры, толькi з яе надыходам мы нарэшце развiталiся. На зваротным шляху да дома мой прыяцель зайшоў на хвiлiну ў рэдакцыю адной ранiшняй газеты.
Я ўжо гаварыў, што дзiвацтвы майго сябра былi самыя нечаканыя, але Je les menegeais*: у ангельскай мове няма адпаведнага эквiваленту.
* Я iх шанаваў (франц.).
У той вечар у яго не было настрою весцi гаворку пра забойства, i завёў ён яе толькi апоўднi наступнага дня. Менавiта тады ён спытаў мяне, цi заўважыў я што-небудзь асаблiвае ў той сцэне жорсткасцi. Ён вымавiў слова "асаблiвае" з такiм нацiскам i такiм дзiўным тонам, што я, не разумеючы чаму, скалануўся.
– Не, нiчога асаблiвага, – адказаў я, – ва ўсялякiм разе, у параўнаннi з тым, што паведамлялася ў газеце.
– Баюся, што "Гэзэт", – запярэчыў Дзюпэн, – не спасцiгла ўсяго неймавернага жаху таго, што здарылася. Але забудзем пра дылетанцкiя разважаннi прэсы. Здаецца, што загадку лiчаць невырашальнай з тае самае прычыны, якая дае падставу ставiцца да яе, як да вельмi зразумелай – я маю на ўвазе outre* характар яе асаблiвасцей.
* Утрыраваны (франц.).
Палiцыю, вiдаць, збiла з толку адсутнасць матывацыi не столькi забойства, колькi жорсткасцi, з якой яно было здзейснена. Iх таксама бянтэжыць, здавалася, невырашальная супярэчнасць: сведкi чулi, як нехта сварыўся, але наверсе нiкога, акрамя забiтай мадэмуазель Л'Эспанэ, не знайшлi. Выйсцi ж адтуль, каб не заўважылi людзi, што падымалiся па лесвiцы, было немагчыма. Страшэнны беспарадак у пакоi, зацiснуты ў комiн унiз галавой труп, жахлiва знявечанае цела старой – гэтых абставiн, а таксама тых, пра якiя я толькi што гаварыў, i iншых, што не варта ўспамiнаць, было дастаткова, каб спаралiзаваць высiлкi ўлад, якiя, нягледзячы на сваю пранiклiвасць, якой яны так ганарацца, апынулiся ў тупiку. Яны сталi ахвярамi грубай, але вельмi распаўсюджанай памылкi, зблытаўшы незвычайнае з незразумелым. Але менавiта дзякуючы адхiленню ад звычайнага i адкрываецца прастор, калi гэта сапраўды магчыма, для розуму ў пошуках iсцiны. У вышуках, накшталт гэтых, якiмi мы цяпер займаемся, трэба ставiць не столькi пытанне "Што здарылася?", колькi "Што здарылася такое, чаго нiколi раней не здаралася?". I на самай справе iснуе непасрэдная суадноснасць памiж лёгкасцю, з якой я прыйду цi ўжо прыйшоў да разгадкi гэтай таямнiцы, i яе невырашальнасцю, якая iснуе на думку палiцэйскiх.
Я глядзеў на Дзюпэна ў немым здзiўленнi.
– Цяпер я чакаю, – працягваў той, пазiраючы на дзверы, – чалавека, якi, вiдаць, не быў непасрэдным выканаўцам тых жорсткiх забойстваў, але ў нейкай ступенi меў дачыненне да iх здзяйснення. Што датычыцца самай жудаснай часткi злачынства, дык тут ён, вiдаць, не вiнаваты. Спадзяюся, што не памыляюся ў сваiм меркаваннi, бо на iм будуецца раскрыццё ўсёй таямнiцы. Я чакаю, што гэты чалавек прыйдзе сюды, у гэты пакой, з хвiлiны на хвiлiну. Праўда, ён можа i не з'явiцца, але больш верагодна, што ён усё-такi будзе тут. Калi ж ён прыйдзе, неабходна яго затрымаць. Вось пiсталеты; мы абодва здолеем выкарыстаць iх належным чынам, калi ўзнiкне патрэба.
Я ўзяў пiсталеты, амаль не разумеючы, што раблю, не верачы пачутаму, а Дзюпэн працягваў свой маналог. Я ўжо гаварыў, што ў такiя моманты яго паводзiны набывалi абстрактны характар. У сваiх разважаннях ён, здавалася, звяртаўся да мяне. Гаварыў ён цiха, але нешта ў яго iнтанацыi гучала так, нiбыта ён звяртаўся да кагосьцi на вялiкай адлегласцi, не адводзячы ад сцяны пазбаўленых усялякага выразу вачэй.
– Тое, што галасы, якiя пачулi людзi, што беглi па лесвiцы, не належалi нябожчыцам – дастаткова абгрунтавана доказамi. У вынiку знiклi ўсялякiя сумненнi наконт таго, што старая кабета магла спачатку забiць дачку, а потым кончыць самагубствам. Я гавару пра гэта таму, каб растлумачыць ход сваiх меркаванняў, бо фiзiчнае сiлы мадам Л'Эспанэ было зусiм недастаткова, каб запiхнуць труп дачкi ў комiн, дзе яго знайшлi, ды i выгляд яе цела выключае ўсялякую думку аб самазабойстве. Забойства, такiм чынам, было здзейснена нейкiм трэцiм бокам, менавiта яму i належалi галасы людзей, што сварылiся памiж сабой. Давай звернемся цяпер не ўвогуле да сведчання пра тыя галасы, а да таго, што было "асаблiвае" ў тых сведчаннях. Ты заўважыў у iх што-небудзь "асаблiвае"?
Я заўважыў, што калi ўсе сведкi пагаджалiся ў сваiх меркаваннях наконт таго, што хрыплы голас належаў французу, то думкi наконт пранiзлiвага, альбо, як адзiн сведка сказаў, рэзкага голасу значна разыходзiлiся.
– Гэта было само сведчанне, – запярэчыў Дзюпэн, – але яго асаблiвасць у iншым. Ты не заўважыў самае характэрнае. А тое-сёе варта было заўважыць. Меркаваннi сведкаў наконт хрыплага голасу, як ты адзначыў, супалi i былi аднадушныя. Што ж датычыцца пранiзлiвага голасу, асаблiвасць тут вынiкае не з таго, што iх паказаннi не супалi, а з таго, што, калi iталiец, ангелец, гiшпанец, галандзец i француз спрабавалi апiсаць яго, кожны адзначыў, што голас належыць iншаземцу. Кожны ўпэўнены, што гаварыў не яго суайчыннiк. I кожны суадносiў яго не з голасам прадстаўнiка нацыi, на мове якой ён мог гаварыць, а з той цi iншай iншаземнай гаворкай. Француз лiчыць, што гэта голас гiшпанца i што "змог бы разабраць некалькi слоў, калi б быў знаёмы з гiшпанскай мовай". Галандзец сцвярджае, што гэта быў француз, але мы ведаем, што, як было заяўлена, "так як сведка не разумее французскай мовы, допыт вёўся праз перакладчыка". Ангелец лiчыць, што гэта голас немца i што ён "не разумее нямецкай мовы". Гiшпанец упэўнены, што гаварыў ангелец, "але мяркуе аб гэтым па iнтанацыi, бо не ведае ангельскай мовы". Iталiец лiчыць, што голас расейца, але "нiколi не гаварыў з сапраўдным расейцам". Думка другога француза, акрамя таго, адрознiваецца ад меркавання першага, i ён упэўнены, што голас належаў iталiйцу, але, сам не валодаючы гэтай мовай, як i гiшпанец, "грунтуе свае меркаваннi на iнтанацыi". Як бачым, голас мусiў быць сапраўды незвычайным, калi пра яго атрымалi такiя сведчаннi! – i калi ў яго iнтанацыi нават выхадцы з пяцi вялiкiх рэгiёнаў Эўропы не маглi разабраць штосьцi iм знаёмае! Ты скажаш, што гэта мог быць голас азiята або афрыканца. I азiятаў, i афрыканцаў – не так многа ў Парыжы, але, не адмаўляючы цалкам такой iдэi, я проста звярну тваю ўвагу на наступныя тры акалiчнасцi. Голас быў вызначаны адным сведкам "хутчэй рэзкiм, чым пранiзлiвым". На думку двух iншых, гаворка была "хуткая, але няроўная". Нiкому не ўдалося разабраць нiводнага слова, нiводнага гуку.
– Не ведаю, – працягваў Дзюпэн, – якое ўражанне могуць выклiкаць у цябе мае меркаваннi, але я не вагаючыся заяўляю, што абгрунтаваных высноў, якiя вынiкаюць на падставе гэтай часткi сведчанняў – той часткi, што датычыцца хрыплага i пранiзлiвага голасу, – дастаткова для таго, каб узнiклi падазрэннi, якiя вызначаць далейшы ход разгадкi таямнiцы. Сказаўшы "абгрунтаваныя высновы", я не вельмi дакладна выказаў свае думкi. Я меў на ўвазе, што гэта адзiныя магчымыя высновы i што яны непазбежна вядуць да падазрэння, як да адзiнага вынiку. Аднак, чаго датычыцца гэта падазрэнне, я пакуль не скажу. Проста хачу, каб ты меў на ўвазе, што для мяне яно было дастаткова пераканаўчае, каб надаць канкрэтную форму – адпаведны напрамак – маiм вышукам у спальнi старой жанчыны.
Давай у думках вернемся ў той самы пакой. Што перш за ўсё мы будзем там шукаць? Выхад, якi выкарысталi забойцы. Мы з табой, вядома, не верым у звышнатуральныя з'явы. Не злыя ж духi забiлi мадам i мадэмуазель Л'Эспанэ. Тыя, хто здзейснiў забойства, iснавалi рэальна i, каб знiкнуць, карысталiся рэальнымi шляхамi. Але якiмi? На шчасце, ёсць толькi адзiн спосаб вырашыць гэту праблему, i гэты спосаб павiнен прывесцi нас да канкрэтнай высновы. Давай разгледзiм паслядоўна ўсе магчымыя шляхi ўцёкаў. Зразумела, што ў той час, калi натоўп бег уверх па лесвiцы, забойцы былi ў спальнi, дзе знайшлi мадэмуазель Л'Эспанэ. Таму выхады мы шукаем толькi ў гэтых двух памяшканнях. Палiцэйскiя абшукалi ўдоўж i ўпоперак падлогу, столь, кожную цаглiну ў сценах. Нiводзiн патаемны выхад не мог аказацца па-за межамi iх пiльнай увагi. Але, не давяраючы iх вачам, я праверыў усё сам. Што ж, патаемных выхадаў там не было. Абое дзвярэй з пакояў у калiдор былi надзейна замкнёныя, ключы ўстаўлены знутры. Звернемся цяпер да дымаходаў. Хоць у нiжняй iх частцы шырыня звычайная, вышэй яны звужаюцца настолькi, што там не пралезе нават больш-менш укормлены кот. Упэўнiўшыся, што ўсе згаданыя шляхi для ўцёкаў – абсалютна немагчымыя, нам не застаецца нiчога iншага, як звярнуць сваю ўвагу на вокны. Калi б хто паспрабаваў вылезцi праз вокны, што ў пакоi ад вулiцы, гэта б адразу заўважылi людзi, што тоўпiлiся на вулiцы. Забойцы мусiлi ў такiм выпадку ўцякаць праз вокны, што выходзяць у двор. Што ж, прыйшоўшы да гэтай высновы шляхам такiх лагiчных разважанняў, нам, як прыхiльнiкам фiласофскага падыходу да вышукаў, не варта адмаўляцца ад яе на падставе таго, што здаецца на першы погляд немагчымым.
У спальнi двое акон. Адно з iх нiчым не застаўлена i вiдаць зверху данiзу. Другое ж унiзе закрыта прысунутай упрытык спiнкай грувасткага ложка. Першае акно было надзейна зачынена знутры. Усе намаганнi падняць яго аказалiся марнымi. Злева ў аконнай раме была знойдзена шырокая дзiрка з забiтым туды па самую галоўку вялiкiм цвiком. Калi агледзелi другое акно, дык знайшлi такi самы цвiк, якi быў гэтак жа забiты ў раму; энергiчныя спробы падняць гэта акно таксама аказалiся марнымi. Такiм чынам палiцыя цалкам пераканалася, што злачынцы не маглi ўцячы гэтым шляхам, i менавiта таму палiчылi за лiшняе выцягваць цвiкi i адчыняць вокны.
Мае назiраннi былi ў пэўнай меры больш уважлiвыя, я ўжо тлумачыў чаму. Мне трэба было даказаць, што ўсё тое, што здавалася немагчымым, на самай справе зусiм не такое.
Я пачаў разважаць aposteriori*.
* У зваротным напрамку (лац.).
Забойцы, скажам, вылезлi праз адно з тых акон. Калi так, то яны не маглi зачынiць вокны знутры, iх жа знайшлi апушчанымi, – гэта акалiчнасць, бо яна была вiдавочная, спынiла пошукi палiцэйскiх. Усё ж такi рамы былi замкнёныя. У такiм разе яны павiнны былi зачыняцца аўтаматычна. Ад такой высновы адмовiцца было немагчыма. Я падышоў да свабоднага акна, не без цяжкасцi выцягнуў цвiк i паспрабаваў падняць раму. Як я i думаў, яна не паддавалася. Тады я зразумеў, што iснуе патаемная спружына, i дзякуючы гэтай iдэi я ўпэўнiўся, што мае меркаваннi, урэшце, былi правiльныя, якiмi б таямнiчымi па-ранейшаму нi здавалiся акалiчнасцi, звязаныя з цвiкамi. У вынiку старанных пошукаў тая самая патаемная спружына знайшлася. Я нацiснуў на яе, задаволены сваёй знаходкай, але абмежаваўся толькi гэтым, не спрабуючы падняць акно.
Я ўставiў цвiк назад i ўважлiва агледзеў яго. Чалавек, якi вылез праз акно, мог звонку апусцiць раму, i спружына спрацавала б, але як уставiць цвiк назад? Выснова была простая i зноў жа адпавядала ходу маiх даследаванняў. Забойцы павiнны былi ўцякаць праз другое акно. Калi меркаваць, што спружыны на кожнай раме былi аднолькавыя, а гэта было верагодна, тады павiнна быць рознiца памiж цвiкамi альбо памiж тым, як яны ўстаўлены ў рамы. Стаўшы на ложак, я зазiрнуў за яго спiнку, уважлiва агледзеў другую раму. Правёў па ёй рукой i адразу ж намацаў спружыну i нацiснуў на яе. Потым я агледзеў цвiк. Ён быў такi ж тоўсты, як i першы, i таксама ўваходзiў у раму амаль па самую галоўку.
Калi ты скажаш, што гэта мяне збянтэжыла, значыць, ты не зразумеў характару iндуктыўнага спосабу мыслення. Гаворачы мовай паляўнiчых, я нiводнага разу "не згубiў следу". Нюх усё ж мяне не падвёў. Ва ўсiм ланцугу разважанняў не знайшлося нiводнага разарванага звяна. Я прайшоўся па ўсiм ланцугу – i ў канцы знайшоў цвiк. Ён па ўсiх прыкметах быў падобны на свайго калегу ў суседнiм акне, але сам гэты факт быў абсалютна нязначны (хоць i здаваўся пераканаўчым) у параўнаннi з тым меркаваннем, што якраз тут i можна знайсцi ключ да разгадкi таямнiцы. "Тут, вiдаць, нешта не так з цвiком", падумаў я. Потым дакрануўся да яго, i ў маёй руцэ засталася галоўка цвiка разам з абломкам шпянька даўжынёй паўсантыметра. Астатняя частка цвiка засталася ў дзiрцы, дзе ён, вiдаць, i зламаўся. Злом – даўнi (бо на iм паспела з'явiцца ржа) i, вiдаць, быў вынiкам удару малатка, якi i заглыбiў уверсе рамы галоўку цвiка. Я асцярожна ўставiў назад выцягнутую частку цвiка, у вынiку пачало здавацца, што цвiк цэлы, нават без адзiнай расколiны. Нацiскаючы на спружыну, я прыпадняў раму, разам з ёю паднялася i галоўка цвiка, якая моцна трымалася ў дзiрцы. Я апусцiў акно, i цвiк зноў быў падобны на цэлы.
Такiм чынам, гэтая частка загадкi была разгадана. Забойца ўцёк праз акно, якое было застаўлена ложкам. Калi ён вылез, рама апусцiлася сама па сабе (альбо яе зачынiлi спецыяльна) i замкнулася спружынай, палiцэйскiя ж падумалi, што акно забiта цвiком i палiчылi далейшае расследаванне немэтазгодным.
Наступнае пытанне – як злачынца спусцiўся ўнiз. Тут мяне задаволiла наша прагулка вакол будынка. Прыкладна за паўтара метра ад згаданага акна громаадвод. Дацягнуцца праз такую адлегласць да акна, а тым болей залезцi праз яго – немагчыма. Аднак я заўважыў, што аканiцы на пятым паверсе былi асаблiвыя – парыжскiя цесляры называюць iх ferrades, – яны даўно выйшлi з моды, але iх часта яшчэ можна ўбачыць на старадаўнiх асабняках дзе-небудзь у Лiёне альбо ў Бардо. Яны па форме нагадваюць дзверы (звычайныя, аднастворкавыя), з адной толькi рознiцай, што ў нiжняй частцы рашотка, i таму за яе зручна брацца рукамi. У доме мадам Л'Эспанэ шырыня аканiц – крыху больш за метр. Калi мы бачылi iх са двара, яны былi напалову адчыненыя – гэта значыць былi перпендыкулярна сцяне. Вiдавочна, палiцэйскiя, як i я, аглядалi дом са двара, але, гледзячы на гэтыя ferrades у папярочным разрэзе (а я ўпэўнены, што так i было), яны не ўсвядомiлi, наколькi тыя былi шырокiя цi, ва ўсякiм разе, не надалi гэтаму належнай увагi. Карацей кажучы, упэўнiўшыся, што злачынцы не маглi вылезцi праз акно, яны, вядома, абмежавалiся вельмi павярхоўным аглядам. Я ж зразумеў, што калi аканiцу акна, застаўленага ложкам, расчынiць да самай сцяны, дык адлегласць памiж ёю i громаадводам будзе крыху больш за паўметра. Было таксама вiдавочна, што дзякуючы выключнай смеласцi i спрыту можна было пералезцi з громаадвода ў акно. Выцягнуўшы руку на восемдзесят сантыметраў, пры ўмове, што аканiца была адчынена насцеж, рабаўнiк, вiдаць, ухапiўся за рашотку. Адпусцiўшы потым громаадвод i ўпёршыся нагамi ў сцяну, ён мог адпiхнуцца i зачынiць аканiцу, а калi акно ў той час было адчынена, то i апынуцца ў пакоi.
Заўваж, што я гаварыў пра выключны спрыт, як абавязковую ўмову поспеху ў такiм рызыкоўным i цяжкiм учынку. Я маю намер даказаць, што, па-першае, здзейснiць такое было магчыма, а па-другое, – i гэта самае галоўнае, – хачу, каб ты ўявiў сабе, якую надзвычайную, амаль звышнатуральную спрытнасць трэба мець, каб зрабiць такi скачок.
Ты, вядома, скажаш, карыстаючыся юрыдычным лексiконам, што, каб "забяспечыць пераканаўчыя доказы, я павiнен хутчэй утойваць, чым прызнаваць у поўнай меры спрытнасць, неабходную ў дадзеным выпадку". Такая практыка, можа, прыдатная да юрыспрудэнцыi, але толькi не да аналiтычных разважанняў. Мая канчатковая мэта – iсцiна. Блiжэйшая задача – даць табе магчымасць супаставiць надзвычайную спрытнасць, пра якую я толькi што гаварыў, з вельмi своеасаблiвым пранiзлiвым (альбо рэзкiм) голасам i невыразнай гаворкай чалавека, аб нацыянальнасцi якога не знайшлося нават двух аднолькавых меркаванняў i якi гаварыў так, што нельга было разабраць нiводнага складу.
Пры гэтых словах у маёй галаве мiльганула нейкая яшчэ зусiм цьмяная здагадка наконт таго, пра што гаварыў Дзюпэн. Здавалася, вось-вось, i я ўсё зразумею. Так часам чалавеку здаецца, што ён зараз нешта ўспомнiць, але ўрэшце ўсе намаганнi застаюцца марнымi. Мiж тым мой прыяцель працягваў:
– Як бачыш, я раблю цяпер нацiск не на пытаннi аб тым, як забойца ўцёк з дому, а як ён там апынуўся. Мне хацелася, каб ты ўсвядомiў, што i тое i другое было здзейснена адным i тым жа шляхам i ў адным i тым жа месцы. А зараз вернемся ў пакой. Што мы там убачылi? Як паведамлялася ў газетах, шуфляды камоды былi перарыты, хоць многiя рэчы засталiся на сваiх месцах. Такое заключэнне з'яўляецца абсурдным. Яно не больш чым меркаванне, ды i то – не вельмi разумнае. Адкуль мы можам ведаць, што там было раней, можа, у шуфлядах i не было нiчога, акрамя знойдзеных рэчаў? Мадам Л'Эспанэ i яе дачка жылi вельмi адасоблена, нiкога не прымалi i рэдка выходзiлi на людзi – у iх не было патрэбы часта мяняць уборы. Убраннi, якiя знайшлi, ва ўсякiм разе, не самыя горшыя, што маглi мець гэтыя панi. Калi злодзей паквапiўся на адзенне, дык чаму ён не ўзяў самых лепшых рэчаў – чаму не захапiў з сабой усяго. Да таго ж, калi ён спакусiўся жаночай бялiзнай, чаму ён адмовiўся ад чатырох тысяч франкаў золатам? Бо золата ж засталося ў пакоi. Суму, згаданую месье Мiньё, банкiрам, амаль некранутай знайшлi ў мяшэчках, што ляжалi на падлозе. Таму я хачу, каб ты выкiнуў з галавы памылковае меркаванне аб матывах забойства, якiя ўзнiклi ў палiцэйскiх галовах на падставе той часткi сведчанняў, у якой iшла размова пра дастаўленыя на дом грошы. Супадзеннi, у дзесяць разоў больш здзiўляючыя, чым дастаўка грошай, а потым забойства праз тры днi пасля атрымання iх клiентам, здараюцца кожную гадзiну на працягу ўсяго нашага жыцця, мы iх нават не заўважаем. Супадзеннi – гэта наогул вялiкая перашкода на шляху тых фiлосафаў, адукацыя якiх не прадугледжвала знаёмства з тэорыяй верагоднасцi – той самай тэорыi, якой найбольш слаўныя аб'екты чалавечых даследаванняў абавязаны сваёй не менш слаўнам iлюстрацыяй. Вядома, калi б у дадзеным выпадку золата знiкла, да таго факта, што яго прынеслi за тры днi да забойства, ставiлiся б як да чагосьцi больш значнага, чым простае супадзенне. Гэты факт пацвердзiў бы менавiта такую версiю матыву забойства. Але калi з улiкам рэальных акалiчнасцей справы мы будзем лiчыць золата матывам гэтага гвалтоўнага злачынства, то павiнны пагадзiцца з тым, што злачынца быў настолькi нерашучы i настолькi дурны, што забыўся i пра золата, i пра тое, дзеля чаго ён усё гэта зрабiў.
Цвёрда памятаючы пра тыя акалiчнасцi, на якiя я звярнуў тваю ўвагу: своеасаблiвы голас, надзвычайную спрытнасць i незразумелую адсутнасць матыву ў такiм неверагодна жорсткiм забойстве, – зноў звернемся да жудаснай карцiны злачынства. Вось ахвяра, якую задушылi голымi рукамi i запхнулi ў дымаход унiз галавой. Звычайныя злачынцы так не забiваюць. I ва ўсякiм разе не хаваюць трупаў забiтых. Пагадзiся, у тым, што труп зацiснулi ў дымаход, ёсць нешта больш чым ненатуральнае – гэта нiякiм чынам не адпавядае нашым уяўленням пра чалавечыя ўчынкi, калi нават i ўявiць, што дзейнiчалi канчаткова дэградыраваныя тыпы. Уявi сабе, якую трэба мець сiлу, каб запхнуць труп у дымаход – знiзу ўверх, што некалькi мужчын агульнымi намаганнямi ледзь выцягнулi яго адтуль – зверху ўнiз.
Звярнi ўвагу i на iншыя праявы гэтай неверагоднай сiлы. На камiне знайшлi тоўстыя пасмы – вельмi тоўстыя – сiвых чалавечых валасоў. Iх павыдзiралi з каранямi. Ты ўяўляеш, колькi трэба сiлы, каб вырваць вось так з галавы адразу дваццаць або трыццаць валасоў! Ты ж, як i я, бачыў тыя пасмы. На каранях жудаснае вiдовiшча! – запяклiся кавалкi скуры, паздзiранай з галавы – доказ той неймавернай сiлы, з якой адным махам вырвалi з каранямi, вiдаць, паўмiльёна валасоў. Горла старой не проста перарэзалi – адсеклi галаву, а ў руках забойцы была звычайная брытва. Звярнi таксама ўвагу на звярыную жорсткасць злачынства. Я не гавару ўжо пра сiнякi на целе мадам Л'Эспанэ. Месье Дзюма i яго шаноўны калега месье Эцьен лiчаць iх вынiкам удараў нейкай тупой зброяй, i трэба сказаць, панове маюць рацыю. Тупой зброяй, цяпер гэта ўжо вiдавочна, быў брук, на якiм аказалася мадам Л'Эспанэ, калi вывалiлася з акна, застаўленага ложкам. Аднак гэта iдэя, якая, хоць i здаецца цяпер вельмi простай, не прыйшла ў галаву палiцэйскiм, яны не звярнулi ўвагi на шырыню аканiц – i гэта таму, што праз тыя самыя цвiкi канчаткова атрафiравалiся ўсе iх здольнасцi думаць i такiм чынам пагадзiцца з магчымасцю таго, што вокны ўсё ж маглi адчыняцца.
Калi цяпер яшчэ i ўважлiва паразважаць наконт незразумелага беспарадку ў спальнi, застаецца толькi супаставiць неймаверны спрыт, нечалавечую сiлу, звярыную жорсткасць, беспадстаўнасць крывавага забойства, неверагодную жахлiвасць зусiм не ўласцiвых чалавеку паводзiн i незразумеласць iнтанацыi голасу людзям самых розных нацыянальнасцей, якiя не змаглi разабраць не тое што нiводнага слова, але нават складу. Што ж вынiкае з усяго гэтага? Якi вобраз я стварыў у тваiм уяўленнi?
У мяне ад гэтага пытання па целе папаўзлi мурашкi.
– Вар'ят, – усклiкнуў я, – гэта справа рук шаленца, якi, вiдаць, уцёк з блiжэйшага вар'яцкага дома.
– У нейкай ступенi, – заўважыў Дзюпэн, – твая версiя не такая ўжо i недарэчная. Але выкрыкi вар'ята нават у час самых шалёных прыпадкаў непадобныя на гукi таго голасу, што чулi людзi, калi беглi ўверх па лесвiцы. У вар'ята ёсць нацыянальнасць, мова. Ён можа вярзцi нешта незразумелае, вымаўляючы словы без усялякай сувязi, але захоўваючы тым не менш сувязь памiж складамi. Апрача таго, валасы чалавека, хоць i вар'ята, непадобныя на тыя, што я трымаю ў руцэ. Я выцягнуў гэтую пасмачку са счэпленых у кулак пальцаў мадам Л'Эспанэ. Ну, што ты наконт гэтага скажаш?
– Дзюпэн! – усклiкнуў я канчаткова разгублены. – Валасы гэтыя вельмi незвычайныя – яны не чалавечыя!
– А я i не сцвярджаю, што яны чалавечыя, – сказаў Дзюпэн, – але перш чым прыйсцi да нейкай высновы, хачу, каб ты зiрнуў вось на гэты рысунак, якi я намаляваў на паперы. Гэта дакладная iлюстрацыя той часткi сведчання, дзе iшла гаворка пра "чорныя сiнякi i глыбокiя сляды ад пазногцяў" на шыi мадэмуазель Л'Эспанэ, а таксама i другога сведчання, якое атрымалi ад паноў Дзюма i Эцьена, дзе iшла размова пра "шэраг сiнiх плям, што вiдавочна былi слядамi пальцаў".
– Пагадзiся, – працягваў мой прыяцель, распраўляючы перада мной на стале паперу, – што, мяркуючы па рысунку, хватка моцная i ўчэпiстая. У ахвяру ўпiлiся ўсiмi пальцамi i не адпускалi шыю, пакуль нябожчыца не сканала. Паспрабуй зараз адначасова пакласцi пальцы на ўсе адпаведныя адбiткi. Паглядзiм, як табе гэта ўдасца.
Я паспрабаваў зрабiць так, як сказаў Дзюпэн, але ў мяне нiчога не атрымалася.
– Можа, мы робiм гэта не так, як трэба, – сказаў Дзюпэн. – Папера ляжыць на роўнай паверхнi, чалавечая ж шыя – круглая. Вось палена, прыкладна такога ж радыуса, што i шыя. Абгарнi яго паперай з рысункам i паспрабуй правесцi эксперымент яшчэ раз.
Я ўсё зрабiў, як ён сказаў, але зрабiць гэта было яшчэ больш цяжка, чым раней.
– Гэта, – сказаў я нарэшце, – адбiтак не чалавечай рукi.
– А зараз, – прапанаваў Дзюпэн, – прачытай вось гэты ўрывак з Кюўе*.
* Жорж Кюўе – французскi натуралiст дзевятнаццатага стагоддзя, якi займаўся класiфiкацыяй жывёльнага свету.
Гэта былi падрабязныя анатамiчнае i агульнае апiсаннi бурага арангутанга, якi водзiцца на Ост-Iндскiх астравах. Велiзарная жывёла, яе неймаверныя моц i спрыт, неўтаймавальная злосць i надзвычайныя здольнасцi да пераймання агульнавядомыя. Я адразу ж зразумеў увесь жах забойства.
– Апiсанне пальцаў, – сказаў я, закончыўшы чытанне, – дакладна супадае з рысункам. Цяпер я разумею, што нiякая другая жывёла, акрамя арангутанга, не магла пакiнуць такiх адбiткаў, якiя ты тут намаляваў. Жмуток рудой поўсцi таксама адпавядае апiсанню, дадзенаму Кюўе. Але я нiяк не магу зразумець акалiчнасцей гэтай жахлiвай таямнiцы. Да таго ж людзi чулi, як сварылiся два чалавекi, i адзiн голас бясспрэчна належаў французу.
– Сапраўды так; i табе запомнiўся выраз, якi ледзь не ўсе прыпiсваюць гэтаму голасу, – "Mon Dieu!". Гэтыя словы, улiчваючы абставiны, як справядлiва ахарактарызаваў адзiн сведка (Мантанi, уладальнiк крамы), выказвалi пратэст i папрок. Таму менавiта з дапамогай гэтых двух слоў я i спадзяваўся знайсцi разгадку да таямнiцы. Нейкi француз быў сведкам забойства. Магчыма, i нават больш чым верагодна, ён не вiнаваты ў крывавым забойстве. Арангутанг мог ад яго ўцячы. Француз жа, вiдаць, адшукаў яго ў тым самым пакоi, але ў сумятнi, што там узнiкла, не здолеў яго злавiць. Малпа па-ранейшаму на волi. Я не хацеў бы падрабязна гаварыць аб сваiх здагадках, бо пакуль не маю права называць iх iнакш, таму што хiсткiя меркаваннi, на якiх яны заснаваны, далёка не такiя глыбокiя, каб я мог канчаткова ўпэўнiцца ў iх грунтоўнасцi, а таксама таму, што не магу сцвярджаць, што яны будуць пераканаўчымi для iншых. Таму будзем па-ранейшаму называць iх здагадкамi i ставiцца да iх адпаведна. Калi той самы француз, як я спадзяюся, на самай справе не вiнаваты ў жорсткiм забойстве, дык вось гэта аб'ява, што я занёс учора вечарам па дарозе дадому ў рэдакцыю газеты "Монд", папулярнай сярод маракоў, прывядзе яго да нас.
Дзюпэн даў мне газету, i я прачытаў наступнае:
"Злоўлены – у Булонскiм лесе, на досвiтку – адпаведнага дня (якраз тады, калi адбылося забойства) вельмi вялiкiх памераў буры арангутанг, з тых, што водзяцца на востраве Барнеа, будзе вернуты ўладальнiку (згодна са звесткамi матросу мальтыйскага судна) пры ўмове дастатковых доказаў прыналежнасцi яму жывёлы i кампенсацыi выдаткаў, звязаных з яе лоўляй i ўтрыманнем. Звяртацца па адрасе: дом No... па вулiцы... у Сен-Жэрменскiм прадмесцi, спытаць на трэцiм паверсе".
– Як гэта, – спытаў я, – ты даведаўся, што гэты чалавек – матрос, ды яшчэ з мальтыйскага судна?
– Я гэтага не ведаю, – адказаў Дзюпэн. – I не ўпэўнены ў гэтым. Але вось кавалачак стужкi, якiм, калi меркаваць па знешнiм выглядзе i зашмальцаванасцi, вiдавочна завязвалi валасы, queues*, якiя так падабаюцца матросам.
* Хвасты (франц.).