355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Дориан Чекану » Срэбная ружа (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Срэбная ружа (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 24 сентября 2016, 05:38

Текст книги "Срэбная ружа (на белорусском языке)"


Автор книги: Дориан Чекану


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Чекану Дориан
Срэбная ружа (на белорусском языке)

Дарыян Чакану

Срэбная ружа

Пераклад: Галiна Шаранговiч

У гэтую ноч у мяне расцвiла ружа. За адну ноч, зусiм нечакана, ды яшчэ якая! Яе срэбныя пялёсткi прамянiлiся таямнiчым святлом, абуджаючы пачуццё нейкага дабратворнага супакаення.

Я адчынiў акно, каб ружа магла дыхаць свежым паветрам. Ад лёгкага ветрыку яе пялёсткi трапяталiся, яны быццам струменiлiся, напаўняючы наваколле спакоем i цiшынёй.

Я паклiкаў жонку, каб яна таксама ўбачыла дзiвосную кветку:

– Сiльвiя!

Вiдаць, яна спала.

– Сiльвiя! – крыкнуў я. – Iдзi сюды! У нас расцвiла ружа!

Яна з'явiлася за спiною, зiрнула на маё стварэнне.

– Прыгожая.

Пазяхнула i пайшла з пакоя. Я праводзiў яе збянтэжаным позiркам. Жончына абыякавасць была незразумелая: ружа не проста цвiла, яна пульсавала, рухаючыся ў танцы пад гукi нейкай, адной ёй чутнай музыкi.

– Сiльвiя! – зноў паклiкаў я. – Не, ты паглядзi, якое хараство!

– Ну я ж сказала, што прыгожая.

– Ты толькi мiмаходзь зiрнула, а на такое трэба глядзець i глядзець!

– Ты б лепей схадзiў кавун купiў. Тры днi дзецi ныюць, просяць кавуна, а iх бацька з ружамi няньчыцца... Чуеш?..

Ружа ўсё танцавала i танцавала. Потым пачала спяваць. Я слухаў яе як зачараваны. Добра, што яна не чуе Сiльвiю! Добра, што i я не чуў Сiльвiю!

У пакой зайшоў Раду.

– Ого, якая прыгожая ружа, – сказаў ён, пазяхаючы, i тут жа пайшоў прэч.

– Раду, сынок, пачакай, куды ж ты? Ты бачыў ружу?

– Бачыў, бачыў.

– I табе падабаецца?

– Падабаецца.

I Раду нiчога не разумее.

Я падняў з ложка свайго малодшага, Сэндзела, i панёс яго да кветкi. Ён быў яшчэ сонны i супрацiўляўся, а калi зразумеў, што гэта не паможа, залiўся горкiмi слязьмi.

– Не плач, мой маленькi, паглядзi, якая прыгожая кветка.

Ружа, аднак, анi яго не супакоiла.

– Сэндзел, сынок, панюхай гэтую кветачку!

– Не хасю! – адварочваўся Сэндзел. – Хасю кавуна!

– Не чапай дзiця, што ты яго мучыш?! – накiнулася на мяне жонка.

Да мяне нiяк не даходзiла, што, нарэшце, адбываецца: як можна заставацца абыякавым побач з такой прыгажосцю? Срэбная ружа! I справа не ў тым, што я яе вывеў, выпесцiў i аддаў ёй некалькi гадоў жыцця, я быў у страшэннай роспачы, бо не было ў маiх сямейнiкаў элементарнага пачуцця прыгожага...

– Не журыся, добры чалавек, – пачуўся аксамiтавы голас.

Я здзiўлена азiрнуўся.

– Гэта я.

Гаварыла... ружа!

* * *

Праз два днi ў дзверы пастукалi, i Сiльвiя пабегла адчыняць.

На парозе стаяў высокi стройны мужчына. Ён паправiў сонцаахоўныя акуляры i ветлiва ўсмiхнуўся.

– Панi Сiльвiя, я ад вашага мужа.

– Праходзьце. Што з iм?

Незнаёмы зайшоў у кватэру.

– Калi ласка, не турбуйцеся. Я лiтаральна на некалькi хвiлiн.

– Што з маiм мужам? – настойлiва паўтарыла Сiльвiя.

Толькi цяпер яна здолела добра разгледзець госця. Ён выняў з кiшэнi насоўку i пачаў старанна працiраць акуляры. Сiльвiю ўразiлi яго вочы, яны былi незвычайнага колеру i выпраменьвалi нейкае загадкавае святло. Быццам загiпнатызаваная, глядзела яна ў гэтыя вочы, адчуваючы, што ўсю яе iстоту запаўняюць цёплыя промнi. Але тут незнаёмы начапiў акуляры i загаварыў да яе:

– Панi Сiльвiя, не хвалюйцеся. Ваш муж жывы-здаровы, але... ён не можа прыйсцi, бо...

– Што з iм? – усклiкнула Сiльвiя. Гiпнатычны стан, у якiм яна патанула, знiк гэтаксама хутка, як i з'явiўся.

– Панi Сiльвiя, прашу вас, супакойцеся.

Незнаёмы вiдавочна разгубiўся i, напэўна, таму паспяшаўся выдаць iнфармацыю, якую хацеў паведамiць спакваля:

– Ён знаходзiцца ў Краiне Ружаў.

У душы ў Сiльвii змагалiся два пачуццi: нявер'е i адчай. Кожнае з iх магло выклiкаць прыступ нястрыманага шаленства, а гэтага больш за ўсё i асцерагаўся незнаёмы.

– Што-о? Дзе-е?! – як i меркаваў ён, абурылася Сiльвiя i грозна рушыла на яго.

– Панi Сiльвiя! Панi Сiльвiя! – спрабаваў супакоiць яе госць.

Але яна наблiжалася, i было вiдаць, што намеры ў яе самыя агрэсiўныя. Госць зразумеў гэта i, адступаючы да дзвярэй, апошнi раз паспрабаваў яе супакоiць:

– Панi Сiльвiя, ваш муж адчувае сябе добра i прасiў мяне перадаць вам грошы!

I ён падаў ёй канверт. Аднак грошы выклiкалi адваротны эфект.

– Грошы?! Я пакажу табе грошы! Шантажыст!.. – зараўла яна. – Каб зараз жа, чуеш, у гэтую ж хвiлiну, ты вярнуў мне майго мужа! Iнакш...

Каб хутчэй скончыць з гэтай непрыемнай сцэнай, незнаёмы зняў акуляры, зiрнуў на Сiльвiю срэбным позiркам i, прыкаваўшы яе да месца, знiк...

* * *

...Сiльвiн муж, бледны, непрытомны, ляжаў у ложку. Ён з'явiўся дома гэтаксама нечакана, як, зрэшты, i знiк два днi таму. Сiльвiя збянтэжана глядзела на яго.

– Гэта... ты?

Ён, натуральна, не адказваў.

Праз гадзiну ён апамятаўся, расплюшчыў вочы i агледзеўся. Каля ложка сядзела заплаканая жонка.

– Чаго ты плачаш, Сiльвiя? – цiха спытаўся ён.

– Я не плачу, Мiрча, – яна з палёгкай уздыхнула i стала выцiраць слёзы.

Ён прыўзняўся, сеў i, застагнаўшы, схапiўся за галаву.

– Не разумею, што са мною...

– Ну, я ж казала, не патрэбныя табе гэтыя ружы. Бачыш, мая праўда, Мiрча...

– ?

У пакой з плачам увайшоў Раду.

– Тата, глядзi, ружу сарвалi!

Срэбная ружа, сапраўды сарваная i звялая, ляжала на далонi ў хлопчыка, стаўшы звычайнаю шэраю кветкаю...

– Сарвалi? Ну i што? – хмура прамармытаў бацька. Раду глядзеў на яго спалохана, са здзiўленнем.

– Як ну i што? Ружа памерла, тата!

Сiльвiя зiрнула на сына i адчула, як яе пранялi дрыжыкi: карыя хлопчыкавыя вочы засерабрылiся, выпраменьваючы таямнiчае пранiклiвае святло. I яна адразу ўспомнiла незнаёмага з Краiны Ружаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю