Текст книги "Справа Гейтвудаў (на белорусском языке)"
Автор книги: Дэшилл Хэммет
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Хэммет Дэшил
Справа Гейтвудаў (на белорусском языке)
Дэшыэл Хэмет
Справа Гейтвудаў
Пераклад: Яўген Мiклашэўскi
Харвi Гейтвуд загадаў, каб мяне адразу ж правялi да яго, i ад парадных дзвярэй штаб-кватэры "Гейтвуд ламбер карпарэйшн" да прэзiдэнцкага кабiнета я дабраўся амаль за чвэрць гадзiны, раз-пораз сутыкаючыся з брамнiкамi, рассыльнымi, сакратарамi.
Калi за лiслiва сагнёным сакратаром зачынiлiся дзверы, Гейтвуд, навалiўшыся на стол i гледзячы ў мой бок, прабрахаў:
– Учора ўвечары выкралi маю дачку. Нягоднiкаў трэба знайсцi чаго б гэта нi каштавала. Я нiчога не пашкадую.
– Раскажыце пра ўсё па парадку, – папрасiў я.
Але Гейтвуд чакаў ад мяне не роспытаў, а неадкладнага пошуку злачынцаў, i я больш гадзiны выцягваў з яго тое, што думаў атрымаць за дзесяць хвiлiн.
Чырванаморды здаравiла – а важыў ён, як вiдаць, не менш чым дзвесце фунтаў, – Гейтвуд усiм сваiм магутным выглядам дэманстраваў сiлу i ўладнасць.
Здабываючы мiльёны, ён адвучыўся цырымонiцца з людзьмi, i няцяжка ўявiць, наколькi было прыемна мець з iм справу, калi да таго ён быў яшчэ i раз'юшаны.
Жалвакi на скулах пагрозлiва варушылiся, вочы налiлiся крывёю – дзiўны стан чалавечага духу, трэба сказаць. На нейкi час мне нават здалося, што Кантынентальнае дэтэктыўнае агенцтва не далiчыцца аднаго клiента: я цвёрда вырашыў адкараскацца ад гэтай справы, калi ён i далей будзе адмахвацца ад маiх пытанняў.
Але ўрэшце мне ўдалося неяк высветлiць усё, чаго я дамагаўся.
Напярэдаднi яго дачка Одры выйшла з iх дома на Клен-стрыт каля сямi гадзiн вечара, сказаўшы служанцы, што iдзе прайсцiся. Дома яна не начавала, але Гейтвуд пра гэта даведаўся толькi сёння ранiцай, калi ў кантору прыйшоў лiст.
У лiсце было сказана, што дачка Гейтвуда ўкрадзена. За яе вызваленне выкрадальнiкi патрабавалi пяцьдзесят тысяч даляраў, якiя ён павiнен быў мець пры сабе – у стодаляравых купюрах, – каб не марудзiць, калi яму паведамяць, якiм чынам i каму перадаць грошы. Як доказ, што гэта не розыгрыш, у канверт была пакладзена пасма Одрыных валасоў, пярсцёнак, якi яна звычайна не здымала з рукi, i яе кароткая запiска, у якой яна прасiла выканаць усё, што патрабуюць яе выкрадальнiкi.
Прачытаўшы лiст, Гейтвуд адразу ж патэлефанаваў дадому: высветлiлася, што Одры начаваць не прыходзiла i нiхто са служанак не бачыў яе з учарашняга вечара. Ён паведамiў пра гэта ў палiцыю, пераслаў iм лiст, а потым, падумаўшы, вырашыў звярнуцца яшчэ i ў прыватнае дэтэктыўнае агенцтва.
– А цяпер, – рыкнуў ён (да гэтага часу мне ўдалося нарэшце выцягнуць з яго ўсе патрэбныя мне звесткi i зрабiць для сябе выснову, што нi пра знаёмых дачкi, нi пра яе звычкi ён i ведаць нiчога не ведае), – хопiць строiць дурня! Я вам плачу не за размовы!
– Што вы збiраецеся рабiць? – спытаўся я.
– Што? Пасадзiць гэтых сукiных сыноў за краты! Нават калi давядзецца патрацiць на гэта ўсё да апошняга цэнта!
– Зразумела! Але спярша падрыхтуйце пяцьдзесят тысяч, каб аддаць выкрадальнiкам, калi тыя iх патрабуюць.
Сцiснуўшы зубы, ён злосна ўтаропiўся на мяне.
– Я нiколi ў жыццi не скакаў пад чужую дудку! I мне ўжо вучыцца гэтаму позна! – сказаў ён. – А вось яны ў мяне паскачуць!
– Баюся, што вашай дачцэ тады не паздаровiцца. I нават калi вам напляваць на яе, усё роўна заплацiць неабходна. Пяцьдзесят тысяч – гэта не банкроцтва, i заплацiўшы iх, вы нам толькi паможаце. Па-першае, у нас з'явiцца шанц схапiць тых, хто прыйдзе па грошы, або, ва ўсякiм выпадку, устанавiць за iмi назiранне. А па-другое, калi вам вернуць дачку, дык, якiя б яны нi былi асцярожныя, мы ўсё-такi нешта карыснае ад яе даведаемся.
Ён з гневам страсянуў галавой, i ў мяне прапала ахвота размаўляць з iм. Я пайшоў, спадзеючыся, што ён яшчэ адумаецца i не забудзе маёй парады.
Асабняк Гейтвуда кiшэў ад слуг i служанак: дварэцкiх, малодшых дварэцкiх, шафёраў, кухараў, пакаёвак, прачак, судамыек i мноства iншых слуг для самых розных патрэб – такой плоймы хапiла б на абслугу цэлага гатэля.
Усё, што я ад iх пачуў, зводзiлася да наступнага: дачцэ Гейтвуда нiхто не тэлефанаваў, тэлеграм або пасланняў з пасыльным – так здаўна выманьваюць ахвяру з дому – яна не атрымлiвала. А пакаёўцы сказала, што вернецца праз гадзiну цi дзве. Тое, што яна не начавала дома, пакаёўку не ўстрывожыла.
Одры, адзiнае дзiця ў сям'i, пасля смерцi мацi жыла так, як хацела. Згоды з бацькам у яе не было, i не дзiўна, бо, вiдаць па ўсiм, яны два боты пара, i ён звычайна не цiкавiўся, дзе яна i што робiць. I калi не прыходзiла начаваць дадому, нiкому пра гэта не дакладвала.
Выглядала яна значна старэйшай за свае дзевятнаццаць гадоў. Мне апiсалi яе так: статная i высокая (рост пяць футаў i пять дзюймаў), заўсёды бледная i нервовая, вочы блакiтныя, валасы – густыя каштанавыя. Мяркуючы па фотаздымках, якiя былi ў мяне, у яе вялiкiя вочы, маленькi правiльны носiк i востры падбародак.
Прыгожай назваць яе нельга, але на адным фотаздымку, дзе ўсмешка разгладзiла змрочныя складкi ля рота, яна выглядала нават прывабнай.
Напярэдаднi вечарам, перад тым як яна пайшла з дому, на ёй была светлая цвiдавая спаднiца i такая ж самая жакетка з бiркамi лонданскага краўца, жоўтая шаўковая блузка ў карычневую палоску, карычневыя ваўняныя панчохi, карычневыя туфлi на нiзкiм абцасе i просты фетравы капялюшык шэрага колеру.
Я падняўся наверх – яна займала тры пакоi на чацвёртым паверсе – i агледзеў яе асабiстыя рэчы. Знайшоў мноства фотаздымкаў (мужчыны розных узростаў, нейкiя маладзёны i дзеўчынёхi) i вялiкую вязку лiстоў, большасць якiх былi даволi непрыстойныя; разнастайнасць iмёнаў i прозвiшчаў у канцы лiстоў здзiўляла. Я ўважлiва перапiсаў адрасы.
Нiчога з таго, што сведчыла б пра выкраданне, я не знайшоў, але, хто ведае, раптам якое-небудзь iмя цi адрас навядуць на след? Ды i яе сябры маглi падкiнуць нам карысную iнфармацыю.
Я забег у агенцтва i раздаў спiскi iмёнаў i адрасоў тром шпегам, якiя нудзiлiся там – няхай на ўсякi выпадак пашукаюць.
Потым патэлефанаваў у палiцыю i дамовiўся сустрэцца ў будынку суда з О'Гарам i Тоўдам, якiм было даручана весцi гэтую справу. На нашай сустрэчы быў i iнспектар Ласк. Мы ўважлiва i ўсебакова разгледзелi справу, але наперад так i не прасунулiся. Было зразумела адно: пакуль дзяўчына ў руках выкрадальнiкаў, трэба любымi сродкамi пазбягаць агалоскi.
О'Гар i Тоўд напакутавалiся з Гейтвудам яшчэ болей, чым я: ён настойваў, каб паведамiць пра знiкненне дачкi ў газетах, паабяцаць узнагароду, змясцiць фотаздымкi i iншае, i iншае. У некаторым сэнсе Гейтвуд меў рацыю: гэта, бясспрэчна, спосаб эфектыўны, але, калi выкрадальнiкi людзi не палахлiвыя, яго дачцэ пасля гэтага не пазайздросцiш. А выкрадальнiкi звычайна не ягняткi.
Я прачытаў лiст. Ён быў напiсаны алоўкам, друкаванымi лiтарамi на лiстку таннай паперы ў лiнейку, вырваным з блакнота, якi можна купiць у любой краме канцылярскiх прылад. На звычайным канверце, падпiсаным таксама алоўкам, стаяў штэмпель: "Сан-Францыска, 20 верасня, 21.00". Менавiта ў той вечар яна i знiкла.
У лiсце было сказана:
Сэр!
У нас знаходзiцца ваша чароўная дачка, чыю прысутнасць сярод нас мы ацэньваем у пяцьдзесят тысяч даляраў. Падрыхтуйце гэтую суму стодаляравымi банкнотамi, каб перадаць нам, як толькi мы вам паведамiм.
Прымiце наша запэўненне ў тым, што, калi вы не паслухаецеся, або звернецеся ў палiцыю, або зробiце што-небудзь такое ж неразумнае, мы не паручымся за здароўе вашай дачкi.
Пяцьдзесят тысяч – гэта толькi малая частка таго, што вы паспелi нарабаваць, пакуль мы кармiлi вошы ў Францыi i пралiвалi кроў за такiх, як вы. Нам патрэбны грошы, i мы маем намер атрымаць iх. Iнакш крыўдуйце на сябе!
Трое.
Пасланне дзiўнае з некалькiх бакоў адразу. Звычайна iх пiшуць, знарок выстаўляючы напаказ непiсьменнасць. I амаль заўсёды iмкнуцца накiраваць следства на няправiльны шлях. Можа, на гэты раз мы маем справу з былымi прафесiйнымi дэтэктывамi? Хто ведае.
Была там i прыпiска:
"Майце на ўвазе, што сёй-той купiць яе нават у тым выпадку, калi мы з ёю пакончым".
Запiска дачкi была надрапана няроўным почыркам на такой самай паперы i, вiдавочна, тым самым алоўкам:
Татачка!
Прашу цябе, зрабi ўсё, чаго яны патрабуюць! Мне вельмi страшна.
Одры.
Дзверы ў другiм канцы пакоя адчынiлiся, i ў iх з'явiлася галава.
– О'Гар! Тоўд! Толькi што тэлефанаваў Гейтвуд. Неадкладна iдзiце ў яго кантору.
Мы ўчацвярых выскачылi з будынка суда i кiнулiся да машыны. Калi, з цяжкасцю расштурхаўшы натоўп нахлебнiкаў, мы дабралiся да Гейтвуда, ён бегаў па кабiнеце як апараны. На твары, барвовым ад узбуджэння, гарэлi шалёныя вочы.
– Яна толькi што тэлефанавала! – закрычаў ён, убачыўшы нас. Некалькi хвiлiн пайшло на тое, каб прымусiць яго расказаць усё па парадку.
– Яна патэлефанавала мне. Сказала: "Татачка! Зрабi што-небудзь! Я больш не магу... Яны мяне заб'юць!" Я спытаў: "Дзе ты?" Яна адказала: "Не ведаю, але з акна вiдаць Туiн-Пiкс. Iх чацвёра – трое мужчын i жанчына, i..." Тут я пачуў, як хтосьцi вылаяўся, i мне здалося, што яе стукнулi, i нас абарвалi. Я спрабаваў даведацца на цэнтральнай станцыi, адкуль тэлефанавалi, але яны, бачыце, не ведаюць! Хiба можа так працаваць тэлефонная сетка! Мала мы iм плацiм? А за што?!
О'Гар падрапаў патылiцу i адвярнуўся.
– З акна вiдаць Туiн-Пiкс. Але ж ён вiдаць з сотняў дамоў!
Тым часам Гейтвуд скончыў лаяць тэлефонную службу i, каб звярнуць на сябе нашу ўвагу, застукаў па стале прэс-пап'е.
– А вы хоць што-кольвек даведалiся? – спытаў ён.
– А вы падрыхтавалi грошы? – адказаў я пытаннем на пытанне.
– Не, – адказаў ён. – Рабаваць сябе я нiкому не дам!
Але сказаў ён гэта па iнерцыi, без ранейшай упэўненасцi: пасля размовы з дачкой упартасцi ў яго паменела. Вiдаць, цяпер яму час ад часу пачалi ў галаву прыходзiць думкi i пра бяспеку дачкi.
Тут мы як след на яго нацiснулi, i праз некалькi хвiлiн ён паслаў клерка па грошы.
Потым мы дамовiлiся, што будзем рабiць далей. Тоўд павiнен быў узяць некалькiх палiцэйскiх з упраўлення i прачасаць раён Туiн-Пiкс, хоць, зрэшты, асаблiвай надзеi на поспех у нас не было – надта ж вялiкая тэрыторыя.
Ласку i О'Гару трэба было асцярожна пазначыць дастаўленыя з банка купюры i пасля, стараючыся не прыцягваць да сябе ўвагi, быць як можна блiжэй да Гейтвуда. Мне выпала дзяжурыць у гейтвудскiм асабняку.
Выкрадальнiкi далi зразумець Гейтвуду, што грошы яны хочуць атрымаць па першым патрабаваннi, таму часу на роздум i выпрацоўку контрпланаў у яго не будзе.
Акрамя таго, мы вырашылi, што Гейтвуду трэба звязацца з газетамi i перадаць iм тую iнфармацыю, якая ў яго была, а заадно i аб'яву пра ўзнагароду – дзесяць тысяч даляраў, якую ён прапаноўвае таму, хто паможа злавiць выкрадальнiкаў; усё гэта пойдзе ў друк адразу ж пасля таго, як дачка будзе на волi, – так мы зможам больш аператыўна выкарыстаць прэсу, не падводзячы палоннiцу пад небяспеку.
Пра гэта выкраданне была папярэджана палiцыя ўсiх суседнiх гарадоў: гэта мы зрабiлi яшчэ да таго, як патэлефанавала дачка Гейтвуда i стала вiдавочна, што яе хаваюць у Сан-Францыска.
Вечарам у доме Гейтвуда нiчога выключнага не адбылося. Гаспадар вярнуўся дадому рана; пасля вячэры ён бегаў туды-сюды па сваiм кабiнеце, пiў вiскi i час ад часу пытаўся, цi ўмеем мы, дэтэктывы, рабiць што-небудзь акрамя таго, што сядзець, як iдалы. О'Гар, Ласк i Тоўд дзяжурылi на вулiцы, назiраючы за домам i прылеглым раёнам.
Апоўначы Харвi Гейтвуд пайшоў спаць. Я адмовiўся ад зручнага ложка i ўладкаваўся ў кабiнеце на канапе, побач з тэлефонам – паралельны апарат быў у спальнi Гейтвуда.
А палове трэцяй ранiцы тэлефон зазванiў. Гейтвуд зняў слухаўку. Я слухаў затаiўшы дыханне.
Невядомы гаварыў уладна i груба:
– Гэта Гейтвуд?
– Так.
– Грошы пры табе?
– Так.
Гейтвуд адказваў хрыплым, прыдушаным голасам – я ўяўляў, як усё ў яго сярэдзiне клекатала.
– Малайчына, – пахвалiў яго субяседнiк. – Загарнi iх у паперу i зараз жа выходзь з дому! Пойдзеш да цэнтра па сваiм баку Клей-стрыт. Не бяжы як ашалелы, але i не прыпыняйся. Калi ўсё будзе iсцi нармальна i за табой не з'явiцца хваста, дык яшчэ да набярэжнай да цябе падыдуць. Чалавек падыме да твару насоўку, а потым упусцiць яе на зямлю. Пасля гэтага адразу кладзi скрутак з грашыма на тратуар, паварочвайся i пры дадому. Калi грошы не пазначаныя i ты будзеш цаца, праз гадзiну-другую атрымаеш сваю неацэнную дачку. Ну, а калi пачнеш фокусы, дык... карацей, прачытай яшчэ раз наш лiст. Дайшло?
Гейтвуд прахрыпеў штосьцi сцвярджальнае, i на гэтым размова скончылася.
Я не стаў трацiць час, каб высветлiць, адкуль тэлефанавалi, – напэўна, з тэлефоннай будкi, – i паiмчаўся, пераскокваючы прыступкi, да Гейтвуда.
– Рабiце так, як вам сказалi, i без глупства!
Потым пабег на вулiцу шукаць у перадранiшняй iмгле палiцэйскiх дэтэктываў i iнспектара.
Да iх прыбыло падмацаванне – двое агентаў у цывiльным, напагатове стаялi дзве машыны. Я коратка далажыў сутнасць справы, i мы хутка прыкiнулi план дзеяння.
О'Гар паедзе ў адной машыне па Сакрамента-стрыт, а Тоўд у другой – па Вашынгтон-стрыт. Гэтыя вулiцы iдуць з двух бакоў паралельна Клей-стрыт. Паедуць яны паволi, не абганяючы Гейтвуда i спыняючыся на кожным скрыжаваннi.
Калi праз патрэбны час Гейтвуд не з'явiцца на якiм-небудзь скрыжаваннi, дык яны выедуць на Клей-стрыт i будуць дзейнiчаць па абставiнах.
Ласк мусiў iсцi паперадзе Гейтвуда на адзiн-два кварталы па другiм баку вулiцы i прыкiдвацца п'яным.
Я пайду на адлегласцi за Гейтвудам па тым жа баку вулiцы, што i ён, а за мной на значнай далечынi пойдзе агент, якога далi нам у дапамогу. Другi агент павiнен патэлефанаваць у палiцэйскае ўпраўленне i выклiкаць усiх вольных людзей у раён Клей-стрыт. Яны, вядома, прыедуць толькi на шапачны разбор i, мажлiва, не адразу знойдуць нас, але да ранку яшчэ ўсялякае можа здарыцца.
Наш план не вылучаўся асаблiвай хiтрасцю, бо за час, якi быў у нас, лепшага i не прыдумаеш; галоўнае, не спалохаць таго, хто прыйдзе па грошы. З тэлефоннай размовы дачкi з бацькам вынiкала, што выкрадальнiкi людзi адчайна смелыя, i, пакуль яна заставалася ў iх, нам нельга рызыкаваць, ганяючыся за iмi адкрыта.
Ледзь мы паспелi дамовiцца, як Гейтвуд выйшаў з дому i, засунуўшы рукi ў кiшэнi палiто, пайшоў па вулiцы.
Наперадзе, ледзь бачны, iшоў, пахiстваючыся i мармычучы нешта сабе пад нос, Ласк. Больш на вулiцы нiкога не было. Давялося адпусцiць Гейтвуда на некалькi кварталаў наперад: iнакш я рызыкаваў сутыкнуцца нос у нос з тым, хто прыйдзе па грошы. Адзiн палiцэйскi iшоў следам за мной па другiм баку вулiцы, адстаўшы на паўквартала.
Праз два кварталы мы сустрэлi дзябёлага чалавека ў кацялку. Ён мiнуў Гейтвуда, мяне i знiк за рогам вулiцы.
Прайшлi яшчэ тры кварталы.
Вялiкi чорны аўтамабiль з апушчанымi шторкамi абагнуў нас i паiмчаўся прэч. Магчыма, выкрадальнiкi прынюхвалiся. Не вымаючы рук з кiшэняў плашча, я надрапаў яго нумар у блакноце.
Яшчэ тры кварталы засталiся ззаду.
Нам сустрэўся палiцэйскi, якi, вiдавочна, i не падазраваў, што робiцца ў яго пад носам, а пасля праехала таксi з адным пасажырам. Нумар таксi я запiсаў таксама. На ўсякi выпадак.
Яшчэ чатыры кварталы перада мной маячыў толькi Гейтвуд – Ласка я ўжо не бачыў.
Раптам прама перад носам Гейтвуда з пад'езда выйшаў мужчына i, спынiўшыся на тратуары, пачаў некаму крычаць, каб адчынiлi дзверы.
Мы iшлi далей.
Невядома адкуль на тратуары, за пяцьдзесят футаў ад Гейтвуда з'явiлася жанчына, якая прыцiскала да твару насавую хустачку. Хустачка ўпала на брук.
Гейтвуд спынiўся як укапаны. Я бачыў, як тарганулася яго правая рука, якою ён, вiдавочна, сцiскаў у кiшэнi пiсталет.
Напэўна, не менш як паўхвiлiны ён стаяў не варушачыся. Потым паволi дастаў левую руку з кiшэнi, i прама перад iм на тратуар упаў скрутак з грашыма. Ён рэзка павярнуўся i пайшоў назад.
Жанчына падняла насавую хустачку. потым падбегла да скрутка i, схапiўшы яго, кiнулася да блiжэйшага завулка – на шчасце, ён быў за два крокi адгэтуль. Высокая i сутулая, яна з ног да галавы была апранута ў чорнае.
Праз некалькi хвiлiн яна знiкла ў цёмным завулку. Пакуль Гейтвуд i жанчына стаялi насупраць, мне давялося запаволiць крок, i цяпер я быў далекавата ад таго месца. Як толькi жанчына знiкла з вачэй, я стрымгалоў кiнуўся ў пагоню.
Калi я дабег да вугла, у завулку нiкога не было.
Гэты завулак злучаў Клей-стрыт з паралельнай вулiцай, але я ведаў, што жанчына не магла дабегчы ў другi канец за той час, пакуль я iмчаўся да яго. Зараз я, вядома, растаўсцеў, але квартал-другi яшчэ магу прабегчы з добрым iмпэтам. З абодвух бакоў нема i загадкава на мяне глядзелi дзверы жылых дамоў.
Падышоў шпег, якi iшоў за мной назiркам, пад'ехалi О'Гар i Тоўд, а неўзабаве з'явiўся i Ласк. О'Гар з Тоўдам, не трацячы марна часу, пайшлi прачэсваць суседнiя вулiцы. Ласк i агент у цывiльным занялi месца на скрыжаваннях – кожны трымаў пад наглядам дзве вулiцы з чатырох, якiя, перасякаючыся, утваралi перыметр квартала.
Я прайшоў па завулку, вышукваючы незачыненыя дзверы, расчыненае акно або пажарную лесвiцу, якую магла выкарыстаць злачынка.
Усё дарэмна!
Пад'ехалi О'Гар з падмацаваннем i Гейтвуд.
Гейтвуд задыхаўся ад шаленства.
– Зноў праваронiлi! Вашаму iдыёцкаму агенцтву я не заплачу нi цэнта i пра палiцэйскiх дэтэктываў таксама паклапачуся – у будучым iх будуць пасылаць толькi на пешае патруляванне вулiц!
– Як выглядала жанчына? – спытаў я.
– Не ведаю! Я быў упэўнены, што вы дзесьцi паблiзу i не ўпусцiце яе! Сутулая старая – ва ўсякiм разе, мне так здалося, але твару за вуаллю я не разгледзеў. Не ведаю! А вы ж усе, д'ябал вас бяры, дзе гультайнiчалi? Ну i работнiчкi...
Мне з цяжкасцю ўдалося супакоiць яго i пераканаць вярнуцца дамоў, палiцэйскiя засталiся весцi назiранне. Iх ужо было чатырнаццаць цi пятнаццаць, i цяпер нават муха не праляцiць там незаўважаная.
Я ведаў, што дзяўчынка пасля вызвалення паiмчыцца дамоў, i таму пайшоў з Гейтвудам, каб адразу выцягнуць з яе ўсё, што можна. Калi яна хоць нешта ведае пра сваiх выкрадальнiкаў, мы атрымаем выдатную магчымасць схапiць птушак, пакуль яны не разляцелiся.
Дома Гейтвуд зноў узяўся за вiскi, а я напружана прыслухоўваўся да тэлефона i дзвярнога званка. О'Гар i Тоўд тэлефанавалi праз паўгадзiны – цi няма навiн ад дзяўчынкi.
Пакуль што яны так нiчога i не знайшлi.
У дзевяць гадзiн ранiцы разам з Ласкам яны прыехалi да Гейтвуда. Выявiлася, што жанчына ў чорным была мужчынам, i гэтаму мужчыне ўдалося знiкнуць. У адным доме завулка, ля самых дзвярэй, яны знайшлi чорную жаночую спаднiцу, доўгi чорны плашч i чорную вуаль. Прагледзеўшы спiс жыхароў, ён выявiў, што тры днi таму назад у гэтым доме пасялiўся малады чалавек па прозвiшчы Лейтан.
Лейтана ў кватэры ўжо не было. Калi не лiчыць пустой бутэлькi i цыгарэтных акуркаў, дык пасля яго ўсялення тут мала што змянiлася.
Выснова напрошвалася сама: кватэру ён зняў толькi за зручнае размяшчэнне дома. Нацягнуўшы зверху свайго адзення жаночы ўбор, ён выйшаў на вулiцу праз чорны ход, пакiнуўшы яго незачыненым. Сустрэўшы Гейтвуда i забраўшы грошы, ён бегма вярнуўся ў пад'езд, скiнуў жаночыя шмоткi i выслiзгнуў праз парадныя дзверы яшчэ да таго, як мы пачалi расстаўляць вакол квартала сваю дзiравую сетку. Не выключана, што, убачыўшы машыну О'Гара i Тоўда, ён забягаў у падваротнi.
Мяркуючы па апiсаннi, Лейтан быў чалавек прыемнай знешнасцi, высокi (пяць футаў i восем цi дзевяць дзюймаў), цемнавалосы i цемнавокi; калi яго некалькi разоў бачылi суседзi па доме, на iм быў карычневы касцюм i светла-карычневы фетравы капялюш.
Прабiла дзесяць гадзiн – навiн анiякiх.
Да гэтага часу ад упартасцi i самаўпэўненасцi Гейтвуда мала што засталося: ён пачаў нiякавець на вачах. Трывожнае чаканне падкасiла яго, а спiртное даканала канчаткова. Слоў няма, чалавек ён быў агiдны ва ўсiх адносiнах, але ў тую ранiцу мне стала яго шкада.
Я патэлефанаваў у агенцтва i атрымаў справаздачы дэтэктываў, якiя займалiся сябрамi Одры. Апошняй бачыла яе Агнес Дэйнджэрфiлд – Одры iшла адна па Маркет-стрыт у раёне, дзе яна перасякалася з Шостай вулiцай памiж васьмю з чвэрцю i без чвэрцi дзевяць таго самага злашчаснага вечара. Одры была даволi далёка, i Агнес сяброўку не аклiкнула.
Больш хлопцам нiчога цiкавага даведацца не ўдалося; па расказах знаёмых, Одры была дзяўчына распешчаная, неўраўнаважаная i не надта разборлiвая ў знаёмствах – сапраўдная знаходка для нягоднiкаў i вымагальнiкаў.
Наступiў поўдзень. Нiчога новага. Мы патэлефанавалi ў газеты i далi дазвол на публiкацыю матэрыялаў пра выкраданне, дадаўшы тое, што стала вядома ў апошнiя гадзiны.
Гейтвуд быў зломлены; ён сядзеў, падпёршы галаву рукамi i тупа ўтаропiўшыся ў прастору. Калi я збiраўся ад'язджаць, каб праверыць здагадку, якая прыйшла мне ў галаву, ён раптам падняў вочы i зiрнуў на мяне – я нiколi яго не пазнаў бы, калi б яго ператварэнне не адбылося на маiх вачах.
– Што, што з ёю здарылася?
У мяне не хапiла духу падзялiцца з iм сваiмi меркаваннямi, таму я сказаў некалькi агульных фраз, каб яго супакоiць, i пайшоў.
На таксi я даехаў да гандлёвага цэнтра. Там я абышоў пяць самых буйных унiверсальных крамаў, заглядваючы ў аддзелы жаночага адзення, ад абутку да капялюшыкаў, i спрабуючы высветлiць, цi не было ў iх за апошнiя некалькi дзён пакупнiка мужчыны – i перш за ўсё такога, якi адпавядаў бы апiсанню Лейтана, што набыў жаночыя рэчы памеру Одры.
Нiчога не дабiўшыся, я даручыў праверыць астатнiя крамы аднаму нашаму дэтэктыву, а сам перабраўся на другi бераг бухты i ўзяўся за крамы Окленда.
У першым жа мне пашанцавала. Выявiлася, што якраз напярэдаднi мужчына, вельмi падобны на Лейтана, купляў тут жаночае адзенне, якое па памерах цалкам падыходзiла Одры Гейтвуд. Ён накупляў процьму рэчаў, ад нiжняй бялiзны да палiто, i – вось ужо шанцаванне дык шанцаванне – пакiнуў адрас, па якiм пакупкi трэба было даставiць на дом Т. Офарду.
Я пайшоў на гэты адрас i ў вестыбюлi названага дома на Чатырнаццатай вулiцы выявiў, што мiсiс i мiстэр Тэадор Офард займаюць кватэру 202.
Не паспеў я зрабiць гэта адкрыццё, як у вестыбюль увайшла мажная жанчына сярэднiх гадоў, адзетая ў клятчатую льняную сукенку. Яна зiрнула на мяне з некаторым здзiўленем, i я спытаў:
– Вы не скажаце, дзе я змагу знайсцi ўпраўляючага?
– Гэта я i ёсць, – адказала яна.
Я паказаў ёй вiзiтную картачку i ўслед за ёю ўвайшоў у дзверы, якiя вялi на лесвiчную пляцоўку паверха.
– Я з "Паўночнаамерыканскай кампанii страхавання ад няшчасных выпадкаў", паўтарыў я хлусню, надрукаваную на вiзiтнай картачцы, – i па запытаннi аднаго з нашых клiентаў цiкаўлюся станам здароўя мiстэра Офарда. З iм усё ў парадку, спадзяюся? – Я сказаў усё гэта з выглядам чалавека, якi выконвае абавязковую, але досыць пустую фармальнасць.
– Запытанне? Як дзiўна! Ён жа заўтра ад'язджае.
– Бачыце, чаму запытанне прыйшло менавiта зараз, я не ведаю, – адказаў я мякка. – Мая справа – высветлiць толькi адрас i iншыя фармальнасцi. Магчыма, запытанне зыходзiць ад яго цяперашняга працадаўцы, а можа, i ад таго, да каго ён наймаецца. Каб застрахавацца ад выпадковасцей, фiрмы часта просяць нас праверыць iх патэнцыяльных супрацоўнiкаў.
– Мiстэр Офард, наколькi я ведаю, – цудоўны малады чалавек, – сказала яна, – але ён тут жыве ўсяго толькi тыдзень.
– Штосьцi ён у вас не затрымаўся.
– Так. Яны прыехалi з Дэнвера i хацелi тут пажыць, але марскi клiмат кепска дзейнiчае на мiсiс Офард, вось яны i вырашылi вярнуцца.
– А вы ўпэўнены, што яны прыехалi з Дэнвера?
– Так яны мне сказалi.
– Колькi ж iх?
– Двое, яны яшчэ такiя маладыя...
– I якое ўражанне яны на вас робяць? – спытаў я, даючы зразумець, што разлiчваю на яе мудрасць i пранiклiвасць.
– Цудоўная пара. I так сцiпла сябе паводзяць, нiколi i не ўгадаеш, дома яны цi не. Шкада, што ад'язджаюць.
– А яны часта выходзяць з дому?
– Не ведаю. У iх свае ключы. I я iх бачу толькi тады, калi мы выпадкова сустрэнемся на лесвiцы.
– Значыцца, калi, да прыкладу, iх усю ноч не было дома, дык вы можаце гэтага i не ведаць. Так?
Яна падазрона паглядзела на мяне: мае апошнiя пытаннi зусiм не з абавязкаў страхавога агента, за якога я сябе выдаваў, але мне ўжо было ўсё адно, i кiўнула:
– Так, магу не ведаць.
– А да iх шмат народу ходзiць?
– Не ведаю. Мiстэр Офард не...
Яна абарвала фразу на паўслове, заўважыўшы чалавека, якi цiха ўвайшоў у пад'езд, прашмыгнуў у мяне за спiной i пачаў падымацца на другi паверх.
– О божа! – прашаптала яна. – Спадзяюся, ён не чуў, што мы тут гаварылi! Гэта i ёсць мiстэр Офард.
Па лесвiцы iшоў статны чалавек у карычневым касцюме i светла-карычневым капелюшы – магчыма, гэта быў Лейтан.
Я бачыў толькi яго спiну, зрэшты, i ён не бачыў майго твару. Я не зводзiў з яго вачэй. Калi ён чуў, як жанчына назвала яго iмя, дык, падняўшыся да блiжэйшай лесвiчнай пляцоўкi, ён на павароце хаця б мельгам, але абавязкова паглядзiць на мяне.
Паглядзеў.
Я пазнаў яго, але пастараўся нiчым сябе не выдаць.
Гэта быў аферыст Пенi Квэйл, якi чатыры-пяць гадоў таму назад разгарнуў дзейнасць на Ўсходнiм пабярэжжы.
Ён таксама пазнаў мяне, але нават не варухнуў брывом.
На другiм паверсе бразнулi дзверы. Не трацячы часу, я паспяшаўся наверх.
– Я, мабыць, падымуся i пагавару з iм, – сказаў я на развiтанне сваёй субяседнiцы.
Асцярожна падышоўшы да кватэры 202, прыслухаўся. Цiшыня. Часу на роздум не было. Я нацiснуў на кнопку званка.
Накшталт трох удараў вопытнай машынiсткi па клавiшах, пачулiся тры пiсталетныя стрэлы. У дзвярах на ўзроўнi пояса з'явiлiся тры дзiркi.
Тры дзiркi ўпрыгожылi б i маю тоўстую скуру, калi б я не навучыўся шмат гадоў назад пры няпрошаных вiзiтах адступаць ад дзвярэй убок.
За дзвярыма пачуўся рэзкi i ўладны мужчынскi голас:
– Кiнь! Не прыдурвайся!
Жанчына брыдка вылаялася крыўдлiва-злосным пранiзлiвым голасам.
Яшчэ дзве кулi прадзiравiлi дзверы.
– Даволi! Хопiць! – ужо спалохана крыкнуў мужчына.
Зноў азвярэлая лаянка жанчыны. Шум барацьбы. Стрэл гэтым разам не ў дзверы.
Я садануў нагой па дзвярах i высадзiў iх.
На падлозе ў кватэры змагалiся мужчына (Квэйл) i жанчына. Ён трымаў яе за рукi, iмкнучыся падмяць пад сябе. Яна сцiскала ў руцэ пiсталет, з якога вiўся яшчэ струменьчык дыму.
Адным скачком я махнуў да iх i вырваў у яе пiсталет.
– Перастаньце! – крыкнуў я, адышоўшы ўбок. – Хопiць поўзаць па падлозе, час падымацца i сустракаць гасцей.
Квэйл адпусцiў яе, i ў гэты момант яна драпнула яго доўгiмi вострымi пазногцямi, распаласаваўшы шчаку. Ён на карачках адпоўз ад яе, i абое паднялiся на ногi.
Ён, цяжка дыхаючы i прыцiскаючы насавую хустачку да акрываўленай шчакi, адразу ж сеў на крэсла.
Яна, упёршы рукi ў бокi, стала пасярод пакоя i злосна ўтаропiлася на мяне.
– Ну, што? – выпалiла яна. – Думаеце, мы вас спалохалiся?
Я засмяяўся – я зараз мог сабе гэта дазволiць.
– Калi ваш татачка не з'ехаў з глузду, – адказаў я ёй, – дык, я толькi вы вернецеся, ён возьме тоўстую папружку i сам пачне палохаць вас. Вясёленькi жарцiк вы з iм сыгралi!
– Добра вам гаварыць! Пажылi б з iм ды нацярпелiся б, як я, самi выдурылi б з яго грошы i збеглi б куды вочы глядзяць.
Я змоўчаў. Прыгадаўшы сёе-тое з дзелавой практыкi Харвi Гейтвуда прынамсi, яго ваенныя кантракты, якiмi ўсё яшчэ займалася мiнiстэрства юстыцыi, – я зразумеў простую рэч: горшае, што можна сказаць пра Одры, татава дачка.
– А як вы нас вынюхалi? – пацiкавiўся Квэйл.
– Давялося папацець, – адказаў я. – Па-першае, сяброўка Одры бачыла яе на Маркет-стрыт памiж васьмю з чвэрцю i без чвэрцi дзевяць у той вечар, калi яна знiкла, а на лiсце Гейтвуду стаяў штэмпель "9 гадзiн вечара". Надта шустрая работа. Варта было б i пачакаць трохi. Хутчэй за ўсё, яна апусцiла яго ў скрынку, калi iшла сюды. Так?
Квэйл хiтнуў галавой.
– Па-другое, – расказваў я далей, – тэлефонны званок. Яна ведала, што хутчэй як за дзесяць – пятнаццаць хвiлiн у кантору да бацькi не датэлефануешся. I калi яна ўжо здолела прытупiць на час пiльнасць выкрадальнiкаў i дабрацца да тэлефона, дык не стала б чакаць, пакуль ён падыдзе, а расказала б сваю гiсторыю першаму, хто ўзяў слухаўку, хутчэй за ўсё тэлефанiстцы камутатара. Было вiдаць, што яна хацела не толькi падкiнуць нам версiю пра Туiн-Пiкс, але i збiць трохi пыху са свайго старога. Калi пасля таго як выкуп быў заплачаны, Одры так i не з'явiлася, мне стала зразумела, што яна выкрала сама сябе. Калi б яна з'явiлася цяпер дома, мы б яе хутка раскалолi, ды яна i сама гэта разумела. А ўсё астатняе вельмi проста – мне пашэнцiла. Калi знайшлося кiнутае жаночае адзенне, стала вiдавочна, што з ёю працуе мужчына, а iнтуiцыя падказала мне ў дадатак, што iншых хаўруснiкаў у iх няма. Потым я здагадаўся, што ёй спатрэбiцца адзенне: з дому, не выклiкаўшы падазрэння, шмат не возьмеш, а загадзя яна хутчэй за ўсё нiчым не запаслася. Сама ў краму яна выйсцi не магла – надта многа ў яе сябровак, i вельмi проста было сутыкнуцца з кiм-небудзь з iх у любым гандлёвым цэнтры. Дык чаму б не паслаць партнёра – няхай купiць усё, што трэба! I ўявi сабе, купiў, прытым паказаў сябе настолькi лянiвым, а можа, столькi ўсяго-ўсялякага накупляў, што пакiнуў свой адрас, каб адправiлi гэта з пасыльным. Вось i ўся гiсторыя.
Квэйл зноў хiтнуў галавой.
– Тут я даў маху, – сказаў ён, а потым нервова ткнуў пальцам у бок дзяўчыны, – ды хiба з ёй, наркаманкай чортавай, нешта зробiш? Я толькi i ведаў, што сачыў, каб яна чаго-небудзь не ўчворыла i не сапсавала ўсёй справы. Нават зараз – не паспеў я сказаць, што да нас госць, як яна звар'яцела i, нiбы ёй мала нашага правалу, вырашыла ўпрыгожыць фiнальную сцэну тваiм трупам.
Уз'яднанне Гейтвудаў адбывалася ў кабiнеце начальнiка палiцэйскай акругi на другiм паверсе Оклендскай мэрыi – вясёленькая была сустрэча.
Амаль гадзiну было незразумела, чым усё гэта скончыцца: цi то Харвi Гейтвуда лясне апаплексiчны ўдар, цi то ён задушыць сваю дачку, цi то пасадзiць яе ў калонiю для непаўналетнiх. Праўда, выявiлася, што Одры моцны арэшак. Дачка была вартая бацькi, але па маладосцi яна не думала пра вынiкi, а ён, пры ўсёй сваёй аслiнай упартасцi, усё ж быў вымушаны лiчыцца часам з абставiнамi. Яна паставiла яго на месца толькi тады, калi сказала, што раскажа газетчыкам усё, што ведае пра яго, а сан-францысцкiя газеты ўжо даўно ганялiся за яго скальпам.
Цяжка сказаць, што менавiта ведала пра бацьку Одры, ды i сам Гейтвуд цi пра гэта здагадваўся, але мiнiстэрства юстыцыi ўсё яшчэ расследавала яго ваенныя кантракты, i ён не мог рызыкаваць. А ў тым, што яна здзейснiць сваю пагрозу, сумнявацца не даводзiлася.
Яны пайшлi дадому разам, гатовыя ўчапiцца адно аднаму ў глотку.
Квэйла мы адправiлi ў камеру, але ён, стрэляны верабей, наўрад цi хваляваўся за сваю будучыню. Ён разумеў, калi дзяўчына выйдзе сухая з вады, яго пасадзiць не ўдасца.