355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Борис Саченко » Тыя (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Тыя (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 6 октября 2016, 03:16

Текст книги "Тыя (на белорусском языке)"


Автор книги: Борис Саченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Саченко Борис
Тыя (на белорусском языке)

Барыс Сачанка

Тыя

Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? I сама не ведаю. Толькi... Рупiць i рупiць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: "Ну, не марудзь, пiшы..."

I я, не ў змозе супрацiўляцца, пiшу...

...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымi таполямi ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалi густа, як нiколi, i думала пра тое, што займала ў апошнiя днi мяне больш i больш, – пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакiнулi ў самых нечаканых месцах на Зямлi iншапланецяне... I не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек – прыкладна маiх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымi разумнымi вачыма, мужным хударлявым тварам i сцятымi, вельмi ж валявымi губамi – якраз такi, якiя мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калi я марыла, каго б магла пакахаць i за каго выйсцi замуж, – i спытаў, цi можна яму прысесцi, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, нi слова не кажучы, моўчкi пасунулася на край, дала яму месца.

– Аднак вы смелая, – сказаў незнаёмец. – У такi познi час адна ў парку...

– А якi цяпер час? – спытала, як бы апамятаўшыся, я.

– Другая гадзiна ночы...

– Ой, i праўда ж, – спахапiлася я, што заседзелася. – Заўтра ж на працу...

Я паднялася, каб пайсцi. I трэба ж – акурат на набярэжную, куды мне трэба было кiравацца, вывалiлася аднекуль вялiкая шумная кампанiя падлеткаў. Я ўявiла на хвiлiну, што яны могуць са мною зрабiць, калi траплю iм на вочы, адна, у бязлюдным, амаль неасветленым парку, – i ад страху мiжвольна сцепанулася.

– Можна я правяду вас, – паслужлiва прапанаваў, быццам прачытаўшы мае думкi, незнаёмец.

Я паглядзела на яго больш уважлiва – здаецца, нiчога такога не было ў iм, каб баяцца, – i кiўнула галавою, згадзiлася. I мы – я i незнаёмец, – не падымаючы адно на аднаго вачэй, паволi пайшлi насустрач шумнай кампанii. Як толькi мы наблiзiлiся да падлеткаў, адзiн з iх, расхрыстаны, кудлаты, убачыўшы мяне, закрычаў:

– Хлопцы, i шукаць нiкога не трэба! Адной на ўсiх хопiць!

Мой праважаты iмгненна змянiўся з твару. I не паспела я згледзець, як ён апынуўся ля крыкуна. Схапiў яго загрудкi, калатнуў, ды так, што аж нешта ў кiшэнях у таго зазвiнела – няйнакш манеты.

– Ану, смаркач, – прашыпеў ён, – прабачэння прасi!

I той, даволi рослы i, па ўсiм вiдаць, дужы, спартыўнага складу падлетак, нейк ураз знiякавеў.

– Я пажартаваў, – залапатаў, вiнавата заўсмiхаўся ён. – Даруйце, перапiў...

Незнаёмец адпусцiў крыкуна, вярнуўся да мяне. Я, каб не выглядаць выпадковай сустрэчнай, узяла яго пад руку, i мы пайшлi, не азiраючыся на кампанiю. Кампанiя таксама – а было падлеткаў чалавек з дзесяць, прысаромленая, пайшла сваёй дарогай.

– Якi вы смелы! – выказала незнаёмцу ўголас я сваё захапленне. (Прызнаюся, я марыла менавiта пра такога чалавека, калi думала, хто будзе ў мяне муж.)

– Нiякай смеласцi тут няма, – сказаў незнаёмец. – Проста не люблю дрэнi, не люблю, калi язык лiшне распускаюць, п'яныя цi цвярозыя. Дарэчы, мяне завуць Анатоль Iванавiч, Толя...

– А мяне... Каця, – чамусьцi засаромелася я.

– Ну вось, мы i пазнаёмiлiся, – як бы з палёгкай уздыхнуў Анатоль Iванавiч. – А то, на выпадак чаго, нават як зваць адно аднаго, не ведалi... Вы дзе жывяце? – спытаў ён, калi мы выйшлi з парку.

– Ды зусiм блiзка. Вунь там, у тым доме, – паказала я на дзевяцiпавярховы дом, што бялеў па другi бок вулiцы.

– Адна?

– Так, адна... А што?

Анатоль Iванавiч збянтэжыўся, але на хвiлiну, толькi на адну хвiлiну.

– Гэта я... На ўсякi выпадак... I што – адгадаў? – усмiхнуўся ён.

– Адгадалi, – усмiхнулася i я.

Не, мне падабаўся гэты незнаёмец, што падсеў да мяне так нечакана на лаўку ў парку i назваўся Анатолем Iванавiчам. I ад п'янай кампанii падлеткаў абаранiў, i... Прыемна было разам з iм дадому iсцi. Асаблiва калi пад руку я яго трымала – быццам з самым дарагiм, блiзкiм чалавекам iшла. I расставацца... Не, не хацелася мне, анi не хацелася расставацца.

– Выбачайце, я затрымала вас... I паслухаць шум вадаспада... не дала... прашаптала, павiнавацiлася я.

– Нiчога, другi раз паслухаю... А што да затрымкi, дык я... Нiкуды не спяшаюся.

– Вам што – хiба заўтра на працу не трэба?

– Я ў адпачынку.

– I нiкуды не едзеце, у горадзе будзеце?

– Пагляджу, падумаю. Адпачынак мой толькi пачынаецца... Заўтра першы дзень.

– А вы... Пуцёвак нiякiх нiкуды не бралi?

– Можа, яшчэ вазьму, паеду куды-небудзь. Гэта не ад аднаго мяне залежыць.

– А ад каго? Вы што – жанаты, сям'ю маеце? Цi, можа, мацi, бацька старыя, нямоглыя?

– Не, я гэтакi ж адзiнокi, як i вы. Зноў я здзiвiлася, аж плячыма павяла.

– Адкуль вы ведаеце, што я адзiнокая?

– Не ведаю, а здагадваюся, – усмiхнуўся Анатоль Iванавiч. – Калi б вы былi не адзiнокая, не сядзелi б так позна на лаўцы ў парку. А каб i сядзелi, дык не адна...

Была, была логiка ў разважаннях Анатоля Iванавiча. Разумны, здагадлiвы ён. I лiшняга нiчога сабе не дазваляў. Паводзiў, словам, не так, як iншыя мужчыны i хлопцы – не лез абдымацца, цалавацца, хоць быццам я першая ўзяла яго пад руку, вяла побач з сабою, i мне гэта падабалася. I не толькi гэта – сам Анатоль Iванавiч падабаўся. Iнтэлiгентны, далiкатны, выхаваны. I разам з тым... Рашучы, смелы. "Такi ў крыўду нiкога не дасць, – падумала я. – Вось бы блiжэй з iм пазнаёмiцца... А потым... I замуж за такога выйсцi". Анатоль Iванавiч быццам здагадаўся, пра што я думаю, пачуў мяне.

– Дык што, заўтра зноў сустрэнемся? – сказаў ён, правёўшы мяне ў пад'езд дома, дзе я жыла, i выклiкаўшы лiфт.

– Дзе? – прашаптала я, ласкава акiнуўшы вачыма Анатоля Iванавiча.

– Там жа, ля вадаспада, на лаўцы... Прыйшоў лiфт, i я ўскочыла ў яго, забыўшыся пажадаць Анатолю Iванавiчу добрай ночы i падзякаваць... За ўсё, усё падзякаваць...

Назаўтра, ледзь змерклася, я заспяшалася ў парк. На маё шчасце, тая, як я яе называла, "мая" лаўка, што стаяла пад старымi таполямi i на якой я заўсёды сядзела, калi прыходзiла да вадаспада, была незанятая. I я, апусцiўшыся на тое самае месца, што i ўчора, калi да мяне падышоў Анатоль Iванавiч, зноў, слухаючы, як мерна i быццам з сумам падае з вышынi плацiны вада, думала пра розныя касмiчныя цуды, пра iншапланецян... Цiкава, няўжо гэта праўда, што пiшуць некаторыя вучоныя? Загадкавыя малюнкi i надпiсы на вечках саркафагаў, што знойдзены ў самых розных месцах? Сляды гiганцкага касмiчнага аэрадрома Наска? Намаляваныя – ну рыхтык касманаўты – у шлемах, з антэнамi – у пячорах, цэрквах, на скалах – людзi i разам з тым быццам не людзi? Дый гэтыя лятучыя неапазнаныя аб'екты – "талерачкi", – што час ад часу з'яўляюцца ў небе – iх бачаць лётчыкi i пастухi, жыхары вёсак i гарадоў? Больш таго – "талерачкi" гэтыя садзяцца на Зямлю, з iх выходзяць жывыя iстоты, абмацваюць глебу, збiраюць каменнi, iрвуць траву i ламаюць голле – няйнакш вывучаюць. I людзей, што здараюцца паблiзу, з сабой забiраюць. Адных вяртаюць назад на Зямлю, а iншых... Цiкава, няўжо самi тыя людзi на Зямлю вяртацца не хочуць? Цi iх... Не выпускаюць?..

Я падняла вочы, паглядзела на неба, на зоры, што iскрылiся, гарэлi ў небе. Iх, як мне здалося, было больш, чым нават учора, – тысячы, мiльёны, мiльярды...

"А што, – падумала я, – чаму гэта на адной нашай Зямлi жыццё магчыма, а на iншых планетах немагчыма? Тыя выключныя ўмовы, што стварылiся для нараджэння i iснавання жыцця, маглi ўзнiкнуць i ў iншых месцах. А калi так, то жыццё iснуе i яшчэ дзесьцi. I, можа, яно там на больш высокiм узроўнi развiцця. I калi мы толькi пачынаем асвойваць космас, то тыя, больш развiтыя iстоты, даўно яго асвоiлi. I лятаюць да нас на Зямлю... Ды i ляталi... Вось чаму i сляды ранейшых прылётаў iншапланецян цяпер вучоныя ў самых розных месцах знаходзяць. А тое, што ў кантакты яны вельмi ж асцярожна з чалавекам уступаюць, дык гэта i не дзiўна... I мовы, вiдаць, не ведаюць, бо i не адна ж мова ў нас, а сотнi... Дый хвароб нашых зямных, мiкробаў баяцца... А можа, iм i не трэба асаблiва ў кантакты ўступаць, тэхнiка, навука развiты так, што i без кантактаў усё бачаць i ведаюць..."

Словам, задумалася я над рознымi касмiчнымi праблемамi i зноў не заўважыла, калi да лаўкi падышоў Анатоль Iванавiч – у новым, яшчэ больш элегантным, як учора, касцюме, белай накрухмаленай кашулi, з "матылём" замест гальштука на шыi.

– Я вам не перашкодзiў? – спытаў цiха, амаль шэптам Анатоль Iванавiч.

– Ой, што вы, – узрадавалася я. – Сядайце, разам паслухаем шум вадаспада. Ды i пагаворым...

– Пра што? – неяк загадкава спытаў Анатоль Iванавiч. – Пра космас, iншапланецян?

I ўсмiхнуўся, мабыць, убачыўшы, як мяне ўсю перасмыкнула – адкуль ён ведае, што мяне цiкавiць, займае мае думкi?

– Зноў вы спытаеце, чаму я ведаю, пра што вы думаеце, пра што пагаварыць хочаце? Не здзiўляйцеся, космас хвалюе, займае цяпер не адных вас. Чаму? I пiшуць пра гэта шмат, ды i... Быццам разняволiўся чалавек, крылы ў яго выраслi, увесь у палёце... Раней ён бачыў толькi тое, што ў яго пад нагамi было. Зямлю сваю бачыў. А цяпер, калi спадарожнiкi розныя лётаюць, касманаўты, Месяц, планеты Марс i Венеру асвойваем... Думкi многiх скiраваны ў космас. Чалавеку, бачыце, няўтульна стала на Зямлi, цесна, адзiнока, ён захацеў "общения" з iншымi жывымi iстотамi, шматвяковы сум па iншых разумных жывых iстотах раптам адчуўся з небывалай сiлай... Яно i не дзiва. Раней чалавек верыў у бога, у нячыстую сiлу, баяўся iх... А цяпер ведае: няма бога, няма нячыстай сiлы... Усё матэрыяльна, ясна, нiякiх загадкавых з'яў... А калi нешта нейкае загадкавае з'яўляецца час ад часу, ён iмкнецца пазнаць, вытлумачыць, навукова абгрунтаваць... Зямля асвоена, вось i iмкнецца чалавек у космас, каб асвоiць i яго. I не без поспеху – за якiх некалькi дзесяткаў год зроблена многае. Iнстытуты цэлыя, лабараторыi менавiта на гэта працуюць. I як, як, скажу вам, працуюць! Нiхто нiчога не шкадуе – нi грошай, нi iншых сродкаў... На што-небудзь больш надзённае не хапае, а на космас... Усяго, усяго хапае... I вынiкi... Вынiкi, як вам вядома, ёсць... I яны будуць куды большыя, калi толькi сiлы i розум усяго чалавецтва накiраваць на гэта – на асваенне космасу.

– Дык i трэба гэта зрабiць, – не ўтрымалася, падказала я.

– Хэ, – засмяяўся Анатоль Iванавiч. – Так не адна вы, а многiя кажуць. I не толькi кажуць, а i хочуць. Але ж... Вы, пэўна, ведаеце, што ёсць сiла i антысiла, прыцягненне i адштурхоўванне, дабро i зло, любоў i нянавiсць, жыццё i смерць... Вы калi-небудзь думалi пра гэта – чаму так?

– Не, – прызналася я.

– А вы падумайце. Можа, усё гэта знарок зроблена, з пэўным, так сказаць, сэнсам. Можа, каб чалавек у штосьцi верыў i разам з тым баяўся? Вялiкая сiла вера. Але не меншая сiла i страх. I заўважце – заўсёды нехта прыдумваў на чалавека новую бяду, як толькi ён пазбаўляўся ранейшай, што яго мучыла. Ды i... Ураганы, землятрусы, вывяржэнне вулканаў, войны... Асаблiва войны. Калi ў даўнiя часы ваявалi чалавек з чалавекам, то потым пачалi ваяваць сям'я з сям'ёю, род з родам, паселiшча з паселiшчам, горад з горадам, княства з княствам, народ з народам, дзяржава з дзяржавай... А цяпер... Сусветныя войны. Пагражаюць ужо ўсiм нам атам i вадарод, знiшчэнне цывiлiзацыi, наогул усяго жывога на Зямлi i нават самой Зямлi... Што, усё гэта, думаеце, выпадкова? А можа, ёсць сiла, якая кiруе ўсiмi дзеяннямi чалавека, не дае яму разняволiцца цалкам, аб'яднацца з усiмi? Чалавек прыдумвае адно, а сiла тая зусiм адваротнае... Раней усё добрае, казалi, тварыў бог, а нялюдскае, злое чорт... Цяпер па-iншаму гэта называюць, але сутнасць адна – як толькi нешта прыдумае добрае чалавек, адразу ж быццам супрацьяддзе знаходзiцца. Прыклады? Вам прывесцi прыклады?

– Не трэба, – адмоўна хiтнула я галавою. – I так даволi. Дый сама я магу прывесцi вам прыклады. Скажам, з тымi ж хваробамi. Як толькi адну людзi пачынаюць лячыць, новая, яшчэ больш страшная, узнiкае. Але не пра гэта я хачу зараз гаварыць. Скажыце – няўжо i далей усё так будзе, як было?

– Што вы маеце на ўвазе?

– Ну, што ўсё тое самае будзе, што i было раней, толькi быццам у новых формах?

– Вядома. Iнакш... Як толькi знiкне сiла, знiкне i антысiла, а значыцца, знiкне i чалавек, жыццё. А так у змаганнi, у барацьбе, яно i развiваецца, ад нiжэйшага да больш дасканалага, якаснага... Вы, вiдаць, чыталi цi чулi пра Вавiлонскую вежу, як будавалi яе... Калi паднялiся надта высока, адбылося мiж людзьмi неразуменне адзiн аднаго. Запомнiце – так будзе i далей. Паверце мне, не захочуць дапусцiць, каб была поўная згода, узаемаразуменне мiж людзьмi, краiнамi.

– Хто не захоча? – мiжволi вырвалася ў мяне.

– Ну, тая сiла цi, правiльней, сiлы, бо яны выступаюцьу розных аблiччах. Сутнасць жа iх адна – iм трэба трымаць чалавецтва ў пакоры, не даць людзям аб'яднацца, не даць, каб яны мiрна жылi, думалi пра тое, пра што iм нельга думаць.

– Вы пачалi гаварыць трохi загадкава, я не ўсё разумею. Можна – ясней? папрасiла я.

– Ясней? Што ж, – усмiхнуўся неяк аж надта дабрадушна Анатоль Iванавiч, давайце вернемся да таго, з чаго мы пачалi – з космасу, з iншапланецян... Калi вы верыце ў тое, што Зямлю наведвалi i наведваюць цяпер час ад часу iншапланецяне, дык вы думаеце, – з якой мэтай яны гэта робяць? Паглядзець на Зямлю, на людзей, i ўсё? О не! У iх ёсць мэты куды больш важныя. Ды i чалавек сам цi зямное стварэнне? А можа, ён прывезены з iншых планет? Цi бывалi вы калi-небудзь у лабараторыях вучоных – скажам, бiёлагаў, батанiкаў, хiмiкаў? Дарэчы, вы хто па прафесii?

– Я... У бiблiятэцы працую... Новыя кнiгi, што паступаюць, апрацоўваю... Нумары стаўлю, картачкi запаўняю...

– А-а, цяпер я разумею, чаму вы чытаеце, не прапускаеце нiчога, што пра космас пiшуць. Дык паслухайце мяне, таварыш Каця. Вучоныя ў лабараторыях разводзяць у колбах розныя мiкробы i мiкраарганiзмы, як, скажам, людзi на фермах кароў, свiней, курэй... А цi не здаецца вам, што i нас, людзей, нехта гэтак жа разводзiць па Зямлi? I над намi, людзьмi, таксама праводзiць розныя эксперыменты, вопыты?

– Пра гэта я не думала, – чамусьцi спалохалася, ах сцепанулася я.

– А вы падумайце. Падумайце i яшчэ пра адно – цi не тыя ж iншапланецяне гэта робяць?

– Навошта iм гэта?

– А гэта ўжо iншая справа, мы не можам пра тое меркаваць, як не могуць меркаваць i мiкробы, навошта iх разводзяць вучоныя. Мэта, вядома, ёсць, але мы яе не ведаем, не здольны пакуль што ведаць – вось у чым загвоздка. I робiцца ўсё, каб гэтага мы i не ведалi. Можа, дзеля вопыту, эксперыменту якога... А можа – тыя разводзяць нас i дзеля iншага, скажам, як мы разводзiм кароў, свiней, птушак розных... I не цела iм наша трэба, а iнфармацыя, вопыт, веды нашы? Бо ўсё ж у чалавеку так зроблена, каб працавала на набыццё вопыту, iнфармацыi, ведаў. I калi чалавек памiрае, не можа быць, каб набытае за жыццё проста так гiнула. Прырода вельмi эканомная, i каб тое, дзеля чаго жыў, уласна, чалавек, знiкала разам з яго смерцю?.. Не думаю. Раней казалi, калi чалавек памiрае, астаецца жыць яго душа. У iндусаў – душа пераходзiць жыць у iншыя жывыя iстоты, у iншых народаў – яна раствараецца цi ляцiць на неба. А можа, гэта... Вопыт, iнфармацыя, веды ўлятучваюцца? Жывёла, птушкi ды i мы не ядзiм усё, што расце на зямлi, як правiла, выбiраем зярняткi. А можа, i самае каштоўнае i ў нас – тыя ж зярняткi – iнфармацыя, вопыт, веды паступаюць кудысьцi, хто iх збiрае цi харчуецца iмi, га?

– А створанае чалавецтвам – адкрыццi розныя, кнiгi, кiно, тэатр, радыё, тэлебачанне? – задумалася я.

– Гэта дробязi, яны даюцца чалавеку, каб ён бавiў час, трохi весялей жыў, не думаў пра сваю смерць. Бо калi i гэта ў чалавека забраць – надта ж сумна будзе яму жыць, смерцi чакаць. Ды i часу будзе шмат, каб думаць. А робiцца ж усё, каб чалавек менш думаў якраз пра незямное i больш – пра зямное.

– Паслухаеш вас... – паглядзела я з недаверам на Анатоля Iванавiча. – Дык i жыць не захочацца.

– Зямным – так. Але ж ёсць жыццё – вы верыце ў тое – не зямное. Вось бы туды як-небудзь пранiкнуць, паглядзець, што там? Ды i на Зямлю, на людзей паглядзець як бы збоку, га? Што, можа, скажаце, не хочацца таго? I не толькi вам гэта хочацца. А многiм. Таму i касмiчныя караблi будуюць, таму i палёты ў космас пачалi...

– I што, тое, што вы сказалi... Ну, на Зямлю, людзей як бы збоку паглядзець... Магчыма?

– Не ўсiм. Адным магчыма, другiм не. Некаторыя ж... I цяпер гэта могуць зрабiць.

– Як? – Я аж з лаўкi падхапiлася. – Хто гэтыя некаторыя? I вы... Што вы пра iх ведаеце? Ды i... Хто вы?

– Вам заўтра на працу рана iсцi, – напомнiў Анатоль Iванавiч, таксама падымаючыся з лаўкi. – Таму... Спынiм на гэтым сёння размову, адкладзём на другi раз.

– На калi? – спытала я.

– На калi хочаце.

– А вы не едзеце нiкуды з горада?

– Пакуль не.

– Тады... Давайце заўтра сустрэнемся. Тут жа, – сказала, прапанавала я.

– Добра, заўтра дык заўтра...

Анатоль Iванавiч узяў мяне пад руку, зноў правёў да таго дома, дзе я жыла, упусцiў у лiфт i... Мы рассталiся.

Назаўтра, як толькi змерклася, я зноў заспяшалася ў парк. Анатоль Iванавiч гэты раз апярэдзiў мяне – ён ужо сядзеў, над нечым глыбока задумаўшыся, на лаўцы пад старымi таполямi, калi я прыйшла на набярэжную. Зноў было цудоўнае цёплае надвор'е, выплыў месяц, ды i зоры надта ж густа высыпалi – быў жнiвень месяц, а ў жнiўнi, як вядома, заўсёды ярка свецяць зоры. I многа iх – быццам усё неба iмi вышыта, праколата, расквечана.

– Пра што вы задумалiся? – спытала я, наблiжаючыся да лаўкi, дзе сядзеў Анатоль Iванавiч.

– Ды ўсё пра тое ж, – усмiхнуўся, як мне здалося, трохi стомлена Анатоль Iванавiч. – Вы задалi мне ўчора некалькi пытанняў, на якiя я вам не адказаў, бо пазнавата было. Ды i... Не ведаю, цi варта вас спакушаць далей гэтымi... iншапланецянамi... Можа, лепш з вамi павесцi размову пра больш зямное, патрэбнае вам. Вы ж... – паглядзеў ён на мяне, – такая маладая, прыгожая... Вам радавацца, жыць зямным трэба...

– Але я не знаходжу радасцi ў зямным, – прызналася я. – Начальнiца ў мяне... Вы б ведалi, якая мегера. Ад мужчын, з якiмi я сустракалася, на кiламетр нясе цыгарэтамi, гарэлкаю... I кожны глядзiць на цябе, каб хутчэй... Словам, узяць, што яму трэба. Ды i ў крамах, на вулiцы, у кiно... Не тое... Раздражняюся толькi, злую... Нiхто мяне не разумее...

– А тыя, iншапланецяне, думаеце, зразумеюць?

– Не ведаю. Але... Хацелася б, каб зразумелi. Бо тут, на Зямлi... Мяне некаторыя дзiвачкай называюць. Увесь час я адна, з кнiгамi, картачкамi... Уся i радасць, што на лаўцы вось тут, ля вадаспада, пасяджу. Ды цяпер вось з вамi душу адводжу...

– Ну, калi так... Але ж, – задумаўся на хвiлiну Анатоль Iванавiч, – я мушу вас папярэдзiць... Ва ўсякiм выпадку з майго боку было б злачынствам, каб я гэта не зрабiў... Словам, тыя, хто ўступае ў зносiны з iншапланецянамi, космасам, парываюць сувязь з Зямлёй, iм на Зямлi няма чаго ўжо рабiць, нецiкава... Гэта лiшнiя людзi тут, усё зямное iх не хвалюе...

– Я, здаецца, вам казала ўжо, што мяне i цяпер мала што цiкавiць i хвалюе. Пра космас жа, iншапланецян я магу чытаць i думаць, правiльней, мроiць гадзiнамi, суткамi, – прызналася я.

– Што ж, тады... Давядзецца мне скарыстаць свае сувязi, да сяго-таго пад'ехаць, з сiм-тым пагаварыць. – Анатоль Iванавiч памаўчаў, падняў вочы, паглядзеў неяк загадкава i сумна-сумна на мяне. – У вас круцiцца на языку, зноў вы хочаце запытаць, хто я? – сказаў ён з усмешкаю.

– Так, вы адгадалi мае думкi, – кiўнула я галавою.

– Я ўчора абяцаў вам адказаць на ваша пытанне. I адкажу. Выбачайце, што адкажу не адным словам. Справа ў тым, што я хачу, каб вы мяне зразумелi. Дык вось, паслухайце... Я вам гаварыў, што тыя, хто над намi, у чыёй поўнай уладзе мы, – помнiце, як мiкробы ў колбе! – зацiкаўлены трымаць нас у поўнай пакоры, каб мы рабiлi толькi тое, што iм трэба. А мы, людзi, iмкнёмся да самастойнасцi, бунтуем, выходзiм з падпарадкавання. I каб такое не здаралася, а калi i здаралася, дык не часта, яны, тыя, умешваюцца ў наша жыццё, некаторых мецяць... I гэтыя, мечаныя, быццам iхнiя людзi – пранiкаюць у лабараторыi вучоных. Ды i ў iншыя арганiзацыi, установы... Словам, усюды, дзе ёсць нейкiя чалавечыя згуртаваннi. Iх задача – не даваць, каб сярод людзей быў лад, мiр, была згода, сварыць, натраўляць адзiн на аднаго, зрываць тое, што задумана, падбухторваць дурняў супраць разумных... Раней казалi: чорт, нячысцiк у яго ўсялiўся цi – чорт, нячысцiк паблытаў... I недалёка ад iсцiны былi, бо гэты самы чорт цi нячысцiк усяляецца то ў аднаго, то ў другога, ён то сварыць, то мiрыць, пакуль не дамагаецца таго, што тым трэба... Ды гэта – папраўкi па ходзе, карэктывы, што ўносяць тыя, што над намi... А ёсць жа сярод людзей мечаныя, у задачу якiх уваходзiць увесь час зрываць усё, што мяркуецца цi плануецца iншымi, шкодзiць, сварыць. Няшчасныя гэта людзi! I галоўнае – яны самi не разумеюць, хто яны, чаму такiя. Адны называюць iх зайздроснiкамi, другiя – няўжыўчывымi характарамi цi проста паганымi людзьмi... А гэта мечаныя, праз каго тыя, што над намi, праводзяць свае iдэi, свае планы...

– I вы з гэтых, мечаных? – не вытрымала, перапынiла я Анатоля Iванавiча, скарыстаўшы невялiкую паўзу.

– Не, – адмоўна пакруцiў галавою Анатоль Iванавiч. – Правiльней, я таксама мечаны, але мечаны не так, як тыя, а па-асаблiваму. Задача ў мяне iншая. Дый... Усведамляю, ведаю я на багата больш, чым некаторыя. Я... Народжаны цi, правiльней будзе сказаць, створаны дзеля таго, каб трымаць сувязь з тымi, хто над намi.

– I як вы гэта робiце? – зацiкавiлася, аж з лаўкi паднялася, на якую была села, я. – Раскажыце...

– Прыкладна гэтак, як па рацыi, па радыё... Толькi мiкрафона нiякага не трэба... Я выходжу на сувязь, i тыя выходзяць...

– I што вам гавораць, на мове якой?

– Усё, што хочаш. I на той мове, якую я ведаю...

– Цiкава! – аж успляснула я рукамi. – Iвы iх бачылi, ну тых, што над намi?..

– Некалькi разоў.

– Якiя яны з сябе?

– Розныя. Яны могуць прымаць любое аблiчча, якое iм захочацца. Звычайнае, чалавечае, цi ў выглядзе не iснуючых на зямлi стварэнняў альбо яшчэ каго. Найчасцей жа – iх нiхто не бачыць, хоць яны i побач. Справа ў тым, што тыя добра ведаюць магчымасцi нашага зроку i напоўнiцу выкарыстоўваюць гэта. А зрок наш не такi i дасканалы. Мы не ўсё бачым, што ёсць на зямлi i ў небе, а толькi невялiкую частачку... Ды i слых наш не ўсё чуе... Таму, калi трэба, тыя з намi, каля нас, але мы iх не чуем i не бачым... Дарэчы, абмежаваннi ў нас не толькi ў зроку i слыху, але ва ўсiм, i ў розуме таксама. I далей гэтых абмежавальнiкаў... Словам, як кажуць, вышэй сябе не падскочыш... Але людзi ёсць людзi, яны не могуць да чагосьцi не iмкнуцца, iм усё новае ды новае падавай... I абмежавальнiкi даводзiцца адсоўваць. Праўда, прырода чалавека быццам не мяняецца, усё робiцца цераз прыборы. Каб пашырыць зрокавае ўяўленне, прыдумалi тэлескоп i мiкраскоп, для перадачы iнфармацыi – пiсьмо, радыё, тэлебачанне... Каб хуткасць руху павялiчыць – машыны, цягнiкi, самалёты... Але ўсё гэта – дазволена тымi... Яно, паколькi не бiялагiчнае, а механiчнае, вельмi лёгка, калi трэба, знiшчаецца. Дый магчымасцi ў механiкi невялiкiя. Справа iншая – бiялогiя. Але туды... Тыя не пускаюць i, трэба думаць, – не пусцяць. Там яны гаспадары... Што ж да ўсяго астатняга... То жыць жа чалавеку трэба, трэба кармiцца, размнажацца. I дзеля гэтага... Розныя адкрыццi робяцца, правiльней, бачнасць адкрыццяў... Што есцi, чым абагравацца, што надзець на сябе, як хутчэй куды дабрацца, чым цiкавей i весялей прабавiць час... Словам, гэта сфера самаабслугоўвання, i яна ўдасканальваецца. Што ж да ўсяго астатняга... Там табу накладзена. I за гэтым пiльна сочыцца, каб яно не парушалася. Iнакш людзi выйдуць з падпарадкавання, iх давядзецца цi знiшчаць усiх да аднаго, цi... Невядома, што з iмi тады рабiць. Вось цяпер у нас два лагеры – сацыялiстычны i капiталiстычны, у кожнага атамная i вадародная зброя... У бога i чорта не верыце, не баiцеся iх, паверце ў рэальную сiлу атамную i вадародную...

– I вы думаеце, зброю гэтую прыменяць? – спытала я.

– На жаль, я таксама не ўсё ведаю. Усё залежыць, якiя вопыты над намi тыя праводзяць. Калi яны запланавалi гэта зрабiць, дык зробяць. Калi ж не, толькi для страху, каб у пакоры, боязi чалавецтва трымаць, то... Ды, як кажуць, пажывём, пабачым... Мусiць, iнакш кiраваць намi, людзьмi, нельга. Калi ўсе ў згодзе, ладком, мiрненька, спакойненька... Не ведаю, да чаго б гэта прывяло. А так – усюды барацьба, змаганне. Бедныя – супраць багатых, дурныя – супраць разумных, падначаленыя – супраць начальства, невукi – супраць вучоных... Тут тое самае, што i ў прыродзе: на тое ж i шчупак, каб карась не драмаў. Сiла антысiла, прыцягненне i адштурхоўванне, дабро i зло, любоў i нянавiсць, жыццё i смерць... I няма нiдзе спакою, мiру. Iдзе ўсюды барацьба... Яна забiрае час i энергiю, не дае думаць нi пра што iншае, як толькi пра iснаванне – выжыць бы, не даць, каб цябе стапталi, забiлi! А гэта якраз тое, што i трэба тым...

– Вы так адкрыта пра ўсё гаворыце, – сцепанулася як ад холаду я. – А што, калi тыя вас пачуюць?

– Яны ведаюць, што я пра iх думаю, ведаюць, што я не задаволены той роляй, якая мне вызначана. I некалькi разоў папярэджвалi...

– I вы?

– Што я? Не сам жа я сябе ствараў, а яны мяне стварылi. Якога хацелi, няхай такога i маюць, церпяць. Дый... Што мне пагражае? Смерць. Дык я i так ведаю, без iх, што памерцi мне давядзецца. А калi... Гэта не мае значэння. Ва ўсякiм разе для мяне.

– I для мяне таксама, – прызналася я. – Вось толькi б з iмi, тымi, як вы iх называеце, звязацца.

– Добра, я звяжу вас, – паабяцаў Анатоль Iванавiч.

– Калi?

– Сам не ведаю. У мяне цяпер, я казаў вам, адпачынак.

– I ад iх, – паказала я няпэўна ў неба, – таксама?

– На жаль, не, – пакруцiў галавою Анатоль Iванавiч. – Ад iх адпачынку няма. I не будзе. Нiколi i нiдзе. Хiба, можа, на тым свеце.

– А ён, той свет, ёсць?

– Гэтак жа, як у зерня, якое мы мелем на хлеб, цi ў той жывёлiны, якую мы забiваем на свой харч...

I Анатоль Iванавiч падняўся раптам з лаўкi, узяў мяне пад руку, сказаў:

– Пойдземце дадому, вам заўтра трэба на працу. Ды i ў мяне... Справы. А што да таго, каб вас звязаць з тымi... То я... Звяжу. Як толькi яны пераканаюцца, што вы гатовы iх пачуць, яны пададуць сiгнал...

– Як я яго пазнаю?

– Пазнаеце, – яшчэ больш сумна, але ўпэўнена адказаў Анатоль Iванавiч i больш не прамовiў нi слова – моўчкi давёў мяне да дому, дзе я жыла, i гэтак жа моўчкi, нiчога не сказаўшы, расстаўся, знiк з пад'езда, як толькi схавалася, зайшла я ў выклiканы iм лiфт...

I вось я жыву якi ўжо год, чакаю таго абяцанага сiгналу. А яго няма i няма. I Анатоль Iванавiч дзе падзеўся – не прыходзiць, хоць я па-ранейшаму штовечар спяшаюся ў парк, сяджу на лаўцы пад старымi таполямi ля вадаспада. Няўжо ён забыўся на мяне? А мо... Слова не стрымаў, не сказаў нiкому пра мяне, не звязаў па нейкай прычыне з тымi?.. Цi... i самога яго жывога няма, адпомсцiлi яму тыя за яго вальнадумства i размовы пра незямное, вiдаць, не толькi са мной адной?.. А мо ўсё гэта няпраўда, лухта, няма нiдзе нiякiх тых?..

1984


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю