355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Барыс Мікуліч » Зорка » Текст книги (страница 2)
Зорка
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 08:30

Текст книги "Зорка"


Автор книги: Барыс Мікуліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)

V

Увечары над ракой было ціха, вельмі прыемна, і нават не назалялі камары. Рэдкімі агнямі свяціўся саўгас, а за ім – неба над горадам было ў электрычным полымі. Белыя паплаўкі трымцелі на блакітнай паверхні ракі. Рыба бралася скупа, і Сяргей Карпавіч пажартаваў, што і яна захапілася іхняй гутаркай.

– Авіяцыя... гэта выдатна! – басіў аграном, папыхваючы люлькай. – Ну, а як бацька? Не супярэчыць? – І тут жа сам сабе адказаў: – Ды ваш бацька такі, што ў гэтым супярэчыць не будзе. Але думку яго варта ведаць. Выдатны чалавек і воін!

Гутарка гэта, як і доследы, вельмі цікавіла Толю. Аграном з такім пафасам казаў пра яго бацьку, што можна было падумаць, калі не ведаць яго, што бацька – герой, асілак. І цікава было і крышку ніякавата слухаць панегірыкі.

– Вам бацька, мусіць, удала выразаў апендыкс? – нарэшце не стрымаў Толя.

Аграном падсек вуду. Цьмяным срэбрам бліснула ў блакітным змроку рыбіна. Аграном сказаў:

– Тое, што я сяджу побач з вамі, зрабілася магчымым толькі таму, што мой лёс сустрэўся з лёсам вашага бацькі... Паслухайце, Анатоль, гэта, можа быць, будзе цікава... Да вайны я працаваў у навукова-даследчым інстытуце, вайна зрабіла мяне палітработнікам. І вот аднаго разу невялікі атрад танкістаў атрымаў заданне – граміць варожыя тылы. Камандаванне было ўскладзена на мяне. Нам даводзілася многае рабіць. Пра шмат што такое ўжо напісана ўдзельнікамі вайны. Аднаго разу, выканаўшы цяжкае ваеннае заданне, мой атрад вяртаўся на «базу» і сустрэўся з цяжкімі танкамі ворага. Прымаць бой было амаль вар'яцтвам – «малюткі» супроць «тыграў». Трэба было ўхіліцца, але позна – нас заўважылі. Супроць дзесятка «малютак» ішло трыццаць, а можа і больш цяжкіх танкаў. Бегчы – загінуць, здавацца – загінуць. Я вырашыў прыняць бой. Мы ўрэзаліся ў строй варожых танкаў. Многія ўслед за мной падняліся з башань і кідалі бутэлькі на «тыграў». І мы прарваліся, запаліўшы некалькі варожых танкаў і страціўшы чатыры сваіх... Пазней мне стала вядома, што наш бой прынёс пэўную карысць фронту – нашы часці рабілі перагрупіроўку, і атрад «тыграў» ішоў перашкодзіць ёй. У гэтым баі...

Ён на хвіліну сціх. Размахнуўся і даслаў лёску ў ваду, лёгкім пляскам азвалася рака, і зноў усё сціхла. Люлька даўно прагарэла, ён, апавядаючы, размахваў ёю.

– У гэтым баі мяне паранілі... ну, ведаеш, усяго чыста... як рэшата! Адным словам, покуль мы дасяглі «базы», покуль мяне дастаўлялі за лінію фронту, прайшло столькі часу, што, як кажуць, пачалася фізіялагічная смерць... Адзін за адным хірургі махнулі на мяне рукой. І тут надарыўся ў шпіталь, куды мяне даставілі, ваш бацька. Казалі, што, агледзеўшы мяне, страшэнна раззлаваўся і задаў перцу ўрачам. Медык павінен не адступаць да таго часу, пакуль чалавек дыхае, казаў ён. А і пасля гэтага ён павінен падужацца са смерцю... І ваш бацька зрабіў адну з тых аперацый...

– Любімых! – захоплена прашаптаў Толя.

– ...якія пачалі рабіцца нашымі савецкімі медыкамі толькі ў апошні час і якія можна смела назваць уваскрошаннем... Магчыма, мае словы пра вашага бацьку дапамогуць разабрацца вам у тым, што такое прырода гераізму...

Сяргей Карпавіч сціх. Потым раптам усхапіўся, замітусіўся, быццам стараўся нагнаць страчанае.

– Вогнішча давай раскладаць! Рыбку варыць! Эх, шкада, што прафесара няма тут! Але мы яго выманім з горада, Толя! Шукай сухіх галінак на распал!

Яшчэ раніцой Толя думаў, што жыццё ў Сяргея Карпавіча будзе нецікавым, аднастайным, але цяпер усё набыло тут цікавасць, пад кожнай простай справай ці рэччу здагадваўся нейкі захаваны, вельмі захоплены сэнс. Неўзабаве вогнішча палала, і ноч як бы пагусцела. Сяргей Карпавіч пачысціў рыбу, вада з ракі забулькала ў кацялку. Толя, заплюшчыўшы на момант вочы, прыслухаўся да гэтага булькання і падумаў, што апрача іх дваіх яшчэ нейкае жывое стварэнне прыйшло з начы да вогнішча.

– У вас быў сын?

– Ніколі! Неяк заняўся мікробамі, грыбкамі, насеннем, а потым вайна, адным словам, яшчэ не паспеў. – І рассмяяўся: – Мая сівізна збівае з панталыку? Мне ўсяго трыццаць тры гады... Гэта, брат, зрабілася тады, калі ваш бацька прымушаў маё нядужнае цела біцца за жыццё, а целу было надта цяжка... Цела вытрымала, а сівізна засталася...

Толя прыўзняўся з зямлі.

– Выбачайце...

– Смялей, Толя, смялей!

– Мяне цікавіць... толькі не лічыце гэта... Проста выпадкова... без вас... – Калі б бачыў Сяргей Карпавіч Толеў твар, ён зразумеў бы адразу, як цяжка хлапцу выказаць гэта. – Адным словам, так выпала, што я выпадкова залез за прасціну і ўбачыў... Сяргей Карпавіч! Чыя гэта ўзнагарода?

Аграном адказаў проста:

– Урад знайшоў патрэбным узнагародзіць мяне Залатой Зоркай.

VI

Цяпер можна было ўпэўнена сказаць, што Толя зноў апынуўся ў тым свеце, дзе не ўсё 2x2=4. Сяргей Карпавіч ставіў вельмі цікавы дослед па барацьбе з хваробай вінаграднай лазы – філаксерай, і Толя дзейна дапамагаў яму. Вялікая гаспадарка саўгаса аднімала ў Сяргея Карпавіча багата часу, і выпадковы, але старанны памочнік прыйшоўся якраз да часу. Цяпер аграном жартам клікаў свайго госця «асістэнтам», а той яго «прафесарам», яны ўжо даўно былі на «ты». Толя дзівіўся, што Сяргей Карпавіч працуе старшым аграномам і гэта работа адрывае яго ад навуковых эксперыментаў. Але кавалер Залатой Зоркі сказаў, што ён не разумее нават, як можна займацца эксперыментамі, не спалучаючы іх з практычнай работай.

– Улічы, Толя, – казаў ён, – што вайна забрала ў нас многа людзей. Не вельмі шмат каму пашчаслівіла сустрэць на сваім шляху такіх, як твой бацька... І потым... Мы не толькі вучоныя, мы яшчэ і салдаты, мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб не адужаў вораг.

Праседжваючы гадзіны ў затканай спектрамі лабараторыі, Толя прызнаваўся сабе, што шмат у чым памыляўся. Калі яшчэ месяц таму назад ён быў перакананы, што ёсць найкарацейшыя шляхі да гераізму (і прафесія ваеннага пакарочвае гэтыя шляхі), то цяпер ён мог спрачацца з гэткім «тэзісам». Ды і сам тэзіс выклікаў сумненні. На справе выходзіла, што героямі могуць быць усе, а абсягі для праяў гераічнага – без межаў. Важна толькі адно – быць салдатам Радзімы, а салдат Радзімы – яе сын.

Аднаго разу нечакана Толя пачуў за дзвярыма ўзбуджаныя галасы, смех, пацалункі. Ён выйшаў на ганак і ўбачыў: Сяргей Карпавіч і бацька абнімаюцца, ляскаюць адзін аднаго далонямі па спінах, цалуюцца.

– Уцёк, Сярожачка, уцёк! Там – грыжы, апендыксы, флегмоны, драбната, не люблю! Няхай моладзь практыкуецца. Як паляванне?

Вочы ў «Сярожачкі» зусім былі круглыя ад шчасця. Ён гучна, заразліва засмяяўся.

– Вы лепш пра сына спытайцеся, Леў Барысавіч!

Бацька сунуў растапыраную руку да Толі.

– Бачу, што здаровы. Я ж сына да цябе выправіў, не абы-куды, чаго ж мне аб ім клапаціцца. – А потым хітра паківаў пальцам: – Папракнуў, што забыў сына! А і ты, Сяргей, таксама нешта забыў!

– Здаецца, нічога... Хіба толькі прапанаваць памыцца вам з дарогі ды падсілкавацца.

Прафесар адчуваў сябе тут як дома. Ён рэзка згарнуў са стала розныя рэчы, паставіў на яго «фельчарскую» сумку і з яе пачаў даставаць бутэлькі.

– Віно! – сказаў Толя.

Такім бацьку ён ніколі не бачыў.

– Мне віно, а вам – гарэлка. У вас могуць дрыжаць пальцы, а ў мяне – не! Дык не ўспомніў?

Сяргей Карпавіч цёр сабе лоб і маліў Льва Барысавіча «не мэнчыць».

– Які сёння дзень? – надумысля грозна гаркнуў прафесар.

Толя з цікаўнасцю сачыў за ўсім гэтым.

– Сёння? – Сяргей Карпавіч перакідаў розныя рэчы, якія прафесар скінуў на падлогу, і з гэтай кучы выцяг нарэшце табель-каляндар. – Серада, 29 ліпеня...

– Ну, і?

Сяргей Карпавіч паваліўся на канапу. Здавалася, ён нежывы. Потым шпарка ўсхапіўся, пабег у лабараторыю і праз хвіліну паявіўся ў залітых сонцам дзвярах у кіцелі, на якім ззяла Залатая Зорка.

– Успомніў! Сёння якраз тры гады, як прафесар Сіўко зрабіў адну са сваіх «любімых» аперацый, дзякуючы якой...

– ...Годнасць Героя Савецкага Саюза нададзена табе не пасмертна! – закончыў прафесар. – Кліч дырэктара, успомнім.

Покуль гаспадар хадзіў па дырэктара, бацька распытаў Толю, як ён праводзіць час, сказаў, што маці ў кожным лісце пытаецца пра яго, і, нарэшце, дастаў з кішэні канверт.

– Зусім было забыў. Гэта табе.

Толя разарваў канверт. Жэня Коган і Паша Гуль пісалі да яго – адзін радок Жэневай рукой, другі – Пашкавай. «Дзе ты цяпер?» – пытаўся Жэня. «Якія чэрці трымаюць цябе там?» – у сваю чаргу ставіў пытанне Паша. «Хіба ты забыў аб нашай умове?» – папракаў Жэня. «Дзень сустрэчы прайшоў». «Здагадваюся, – доўжыў Паша, – што Жэнька пачне зараз апраўдвацца. Ведай, ён здраднік!» «Ну, які я здраднік?» – і сапраўды апраўдваўся Жэня. «Я «сур'ёзна пагутарыў» з мамай, і мне прыйшлося саступіць – я паступаю на філалагічны. Паша ніяк не згаджаецца са мной, што героем можна быць на любым участку. Успомні Кашавога, нарэшце – Зою. Яны ж не былі ваеннымі!» «Балбатун гэты Жэня, але я дарую яму, гэта ў яго – прафесійная хвароба. Я ж, Толя, адаслаў дакументы ў авіяшколу».

Прыйшоў дырэктар саўгаса, прыйшоў яшчэ нейкі чалавек у старой, але чыста вымытай гімнасцёрцы, паклікалі шафёра, з якім прыехаў бацька, і паднялі шклянкі. Гаварылі многа добрых слоў, усім было і прыемна і вясёла. Толя камячыў у руках ліст, перачытваў. Канверт быў самаробкавы, паклеены з нейкага чарнавіка. На ім Толя толькі і мог разабраць з Жэневай мараніны:

Усім, хто толькі папросіць, аддам

Я па зорцы. Хай бяруць. Іх жа многа!

«Памыляешся!» – падумаў Толя.

– Чаму ты не п'еш? У меру дазваляецца! – сказаў бацька.

Толя выпіў, закашляўся.

– Ты калі паедзеш? – спытаўся ён у бацькі.

– Калі ў свеце ўсё будзе спакойна, Саша прыедзе па мяне праз тры дні.

– Мне трэба ў горад. Вазьміце мяне, Саша.

– Праз гадзіну паедзем, – адказаў шафёр, белымі роўнымі зубамі разгрызаючы чырвоную, сакаўную радыску.

Толю пачалі ўпрошваць, абяцалі «асаблівае» паляванне, але Толя стаяў на сваім і адчуваў, што трохі п'янее. А думка ад гэтага рабілася больш акрэсленай: трэба даспрачацца з сябрамі!

– Мне вельмі трэба ў горад! – І пайшоў з-за стала.

– А наш дослед? – спытаўся гаспадар.

Толя прыпыніўся каля дзвярэй. На расчырванелым твары, кранутым лёгкім рабаціннем, ззяла хлапечая ўсмешка. Капіруючы бацьку, ён паківаў на Сяргея Карпавіча пальцам.

– Наш дослед, прафесар, скончым разам, асістэнт вернецца праз тры дні зваротным рэйсам. Паехалі, Саша!

– Вы толькі едзьце асцярожней, не сапсуйце мне адпачынак! – крыкнуў ім наўздагон бацька. – Няўрымслівае пакаленне! Усё адно як наша. Растуць! – сказаў ён да агранома, і яны чокнуліся.

1947 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю