355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Барыс Мікуліч » Развітанне » Текст книги (страница 2)
Развітанне
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 20:00

Текст книги "Развітанне"


Автор книги: Барыс Мікуліч



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 3 страниц)

ІІІ

Недалёка ад Мінска поезд раптам спыніўся. Багдановіч чамусьці, узяўшы свой баульчык, выйшаў з вагона. Поезд стаяў перад апушчаным шлагбаумам. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Больш усяго ішло людзей уздоўж дарогі. А на калёсах быў іхні скарб – кажухі, клеткі з курамі і парасятамі, клункі адзежы, кулі з мукой, куфры. А на гэтым сядзелі дзеці, жанчыны. Коні былі стомленыя, і мала іх было добрых, усё больш хударэбрыя. Людзі ішлі ў лапцях, у атопках, многія былі босыя. А дарога – месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. А над дарогай ляжала шэрае хмарнае неба, навокал, часткова ўзараныя, ляжалі шэрыя палеткі,

бор на ўскраі неба быў таксама, здавалася, ахутаны шэрай ватай. Твары ў людзей скрозь былі стомленыя, нібы дым крануў іх, закапціў шэрай копаццю. Па беларускай дарозе ішло народнае гора.

Быццам прыкаваны да зямлі, стаяў Багдановіч у накінутым шынялі, з фанеравым жоўтым баулам у абедзвюх руках, стаяў і глядзеў на людзей, коней, колы, дарогу. І вось у полі зроку паплыў воз, на якім, на чорным ад часу куфры, сядзеў хлопчык у вялікай шапцы з паламаным брылём і, трымаючы чорнымі ад бруду рукамі кавалак хлеба, прагна еў яго. Нічога асаблівага не было ў гэтым, але нешта як бы падштурхнула Багдановіча, ён падлез пад шлагбаум, кінуў на воз свой баул і пайшоў побач з возам. Ісці было лёгка, нібы не было нядаўняга прыпадку, нібы не было цяжкой, знясільваючай хваробы.

Уцекачы...

З-пад Ваўкавыска, з-пад Гродна, з-пад Вільні...

Куды?

У Мінск... Абы-куды... Толькі далей ад пекла, ад жахаў, ад разбурэння і гвалту, ад папялішчаў і нямецкіх парадкаў...

Яны з розных мястэчак і вёсак, з-пад розных гарадоў, яны ніколі б не сустрэліся, каб не гэтае гора, каб не гэтае цёмнае ліха. Няшчасце з’яднала іх. Калі чалавек шчаслівы, яму не трэба шукаць падтрымання. Гора кідае яго на пошукі таварышаў, гараваць супольна лягчэй.

Багдановіч пераходзіў ад воза да воза, распытваў, слухаў, слухаў адну і тую ж гісторыю пра няшчасце, расказаную аднолькавымі словамі. Страшнае было ў тым, што большасць сярод гэтых людзей выкладалі дэталі свайго няшчасця з нейкай пакорлівасцю, з нейкай безуважнасцю, з бязмернай безнадзейнасцю. Ён слухаў сялян і жанчын, дзяцей і старых, а недзе ў мазгу, у маленькім куточку яго, узнікла і знікла, зноў узнікла і зноў знікла пытанне: паэт, што ты зрабіў, каб аблегчыць народнае гора? Ды хто з іх ведае, што ён паэт? Колькі з іх умее чытаць? Як можа трапіць да іх кніжка, надрукаваная невялікім тыражом у друкарні пана Марціна Кухты?

Ён набавіў ходу і нагнаў пярэдні воз.

На ім сядзела дзяўчына гадоў семнаццаці. Русавалосая. З чыстым, крыху вузкім тварам. Сінія вочы. Лёгкая ружовасць. Трохі абветраныя вусны. Даматканая рудая світка, пашытая на мужчыну, а на галаве – хустка з крамы. А ў руках кніжка. Не ў першыя рукі трапіла кніжка, без корачак, з пашарпанымі краямі.

– Чытаеце?

Дзяўчына ўзняла вочы на бледнага студэнта, у сіняй глыбіні вачэй яшчэ гарыць цікавасць да таго, што толькі што чыталася.

– Але ж.

Студэнт паклаў руку на воз і пайшоў побач. Відаць, што яму так лягчэй ісці. Па чырвоных вуснах, вельмі яркіх, па чырвоных плямах на шчоках зразумела дзяўчына, што ў хлопца сухоты.

– Сядайце.

Ён матнуў галавой.

– Не, каню цяжка,– сказаў ён.– Я дайду, скора горад.

– Вы таксама ратуецеся?

– Так, ратуюся, толькі не ад немцаў.

Яна паклала кніжку ў кішэню, і гэта скіравала ягоныя думкі на іншы шлях.

– Дык што ж вы чытаеце?

Яна апусціла вочы.

– Ат, нічога, адну кніжку...

Ён засмяяўся:

– Бачу і сам, што кніжку... Хіба да кніжак вам? Вы што – кніжкай хочаце захіліць свае вочы ад гэтага жаху? Хіба да кніжак цяпер?

Яна глядзела на яго і мала што разумела. Чаму такім гневам гучаць словы гэтага хворага студэнта і чаму да яе накіраваны яны? Цьмяна, але яна ўсё ж уцяміла сэнс папроку.

– А што ж рабіць, па-вашаму? Плакаць? Ужо няма слёз. Што ж рабіць?

Ён ішоў моўчкі.

– Што рабіць? – як бы перапытваючы самога сябе, паўтарыў ён яе запытанне. Потым рэзка кінуў: – Не ведаю.– І, закашляўшыся, адстаў.

Набліжаўся Мінск.

На ўскраіне горада хворы студэнт зноў нагнаў воз, на якім сядзела русавалосая дзяўчына. Яна не чытала, а з цікавасцю глядзела навокал. Надзеяй сустракала яна незнаёмы горад. Шчаслівая. Кніжка ляжала ў кішэні. Высоўваўся пашарпаны край.

– Скажыце, якую кніжку чыталі вы?

На гэты раз засмяялася яна.

– Вы цікавы! Не скажу.

Прыемны быў у яе твар – малады, з выразам надзеі.

– Ну, хоць на развітанне,– і ён засмяяўся па-маладому, бо быў па сутнасці такім жа,– хоць імя сваё скажыце. Ваша імя...

Пад яго позіркам дзяўчына апусціла вочы.

– Вераніка,– ціха сказала яна.– А ваша?

– Ахрысцілі Максімам.

Дзяўчына паднялася з куфра. На твары было здзіўленне. Яна выцягнула з кішэні кніжку і кінула яму ўслед:

– Гэта – на шчасце, кніжку напісаў таксама Максім. Па-нашаму напісана кніжка. Назва яе «Вянок».

Ён спыніўся, нешта хацеў сказаць, але воддаль паказалася конка, гаспадар заезнага дома голасна пачаў выхваляць свой дом, запрашаць прыезджых. Недзе званілі ў званы. Гук касцельнага звону павісаў у паветры і рассыпаўся, быццам мыльны пухір. Воз з дзяўчынай плыў перад яго затуманенымі вачыма, потым знік, на яго месца пайшлі шэрыя бароды, світкі, вазы, коні, дарога...

ІV

Самуіл Плаўнік працаваў на біржы досыць багатага гандляра лесам. Ён быў у яго і за пісара, і за бухгалтара, і за дзесятніка. Шмат абавязкаў было ўскладзена на Самуіла Плаўніка гаспадаром. І за гэта плаціў гаспадар 80 рублёў у месяц. Гадзін дзесяць трэба было быць на біржы, толькі па пятніцах работу канчалі а другой гадзіне. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў, як належыць набожнаму яўрэю. Яго універсальны канторшчык таксама, мусіць, быў набожны – не раз здзіўляў гаспадара тонкім веданнем Талмуда, а на старадаўняй яўрэйскай мове гаварыў так, як рэдкі рабін. Гаспадар паважаў за гэта служачага. Але не ў малітвены дом, не ў сінагогу спяшаўся з лясной біржы Самуіл Плаўнік. У маленькай сваёй кватэры, у дзесятку дамоў, у цесным коле сяброў і знаёмых яго ведалі пад іншым прозвішчам, Ясакар – так падпісваў ён свае беларускія вершы. Змітрок Бядуля – так падпісваў ён свае апавяданні, і здавалася, што розныя гэта людзі, бо рознымі былі вершы і апавяданні.

Сярэдняга росту, каранасты, вялікія вочы злёгку навыкаце, таўстыя пачуццёвыя вусны, цёмна-рудыя кольцы валос. Вельмі мілагучная гутарка, з лёгкім яўрэйскім напевам і багата энергіі – колькі ён пісаў у гэтыя гады, усяго: і вершаў, і апавяданняў, і нарысаў! Колькі часу траціў на арганізацыю беларускага клуба – «Беларускай хаткі» на ўскраіне Мінска,– колькі знаходзіў увагі да таварышаў, якія прыехалі з захаду, адкуль гнала іх вайна! Фронт набліжаўся. Вільня страціла сваё значэнне культурнага асяроддзя, цэнтрам беларускай культуры рабіўся Мінск. Меркавалі аб выданні газеты, часопіса, арганізоўвалі бібліятэку.

У гэтую пятніцу 1916 года, як заўсёды, спяшаўся Самуіл Плаўнік к сабе на кватэру. Вось ён сышоў з конкі, далікатна прапусціўшы жанчыну з кошыкам. Жанчына глянула ў яго вялікія, злёгку навыкаце вочы і падумала, што шмат каму варта было б павучыцца такой далікатнасці, як у гэтага яўрэя. Вось ён ідзе праз губернатарскі сад і з амаль хлапечай цікавасцю назірае за тым, якія дзівосныя ўзоры саткала сонца з ценяў на дарожках. Вось на хвіліну ён спыняецца на мосце і назірае за тым, як басаногі хлопчык стаіць у вадзе з вудай. Ногі пасінелі – вада, мусіць, яшчэ халодная. А скінуць боты і залезці да хлопчыка на пару, сачыць за тым, як трымціць на паверхні вады чырвона-белы паплавок... Наўкола шуміць горад, авеяны вясновымі вятрамі. Вось, ужо страціўшы нацягнутасць і празмерную саліднасць, ён трохі што не бяжыць па дашчатым тратуары. Хутчэй дадому, за стол, на якім ляжаць аркушыкі з вершамі – яшчэ гарачымі ўчарашнім натхненнем. Гэта – цыкл мудрых вершаў, рэмінісцэнцыі біблейскіх паданняў, цыкл «псалмоў». Яўрэй, ён перадасць паэтычнымі вобразамі на мове, якая зрабілася для яго роднай і якую ён ведае нават лепш, чым мову хедэра, ён перадасць неўміручыя вобразы старажытнай Бібліі. Ён з імпэтам адчыняе фортку і бачыць на ганку сваю сястру.

– Самуіл,– кажа яна па-яўрэйску, што бывае толькі ў выключных выпадках,– да цябе зноў прыехалі. Нейкі студэнт.

Хто ж гэта можа быць? Святочны настрой, які паяўляецца заўсёды, калі вось-вось возьмешся за работу, пагрузішся ў пякучыя вобразы, якія жывуць у мазгу ўвесь час, гэты святочны настрой сціхае. Зноў, мусіць, клопаты чакаюць яго.

Насустрач падымаецца, трымаючыся касцістай белай рукой за грудзі, Максім Багдановіч.

Умомант гаспадар акідвае вачыма госця. Боты і штаны абляпаны граззю, быццам чалавек доўга ішоў. Шынель кінуты на зэдлік, шынель стары і таксама забруджаны. Каўнер форменкі расшпілены,– якая тонкая шыя!

– Вітаю вас, Ясакар! – з усмешкай, ад якой твар робіцца нейкім напружана-пакутным, кажа госць.– Калі не прагоніце, госцем буду.

Ясакар ідзе да яго і разводзіць рукі, каб абняць і пацалаваць. Але Багдановіч ловіць яго рукі і паціскае іх.

– Не трэба, гэта небяспечна... я хворы.

– Божа ж мой,– крыху здэтанавана, але вельмі шчыра кажа Плаўнік,– пацалавацца пры такім спатканні – гэта ж неабходна...

Але Багдановіч не здаецца. А тут яшчэ і кашаль – Багдановіч, знясілены, апускаецца на канапу. Чорт ведае што – усю дарогу было так добра, ён кіламетраў сорак прайшоў пяшком, і было добра, а тут...

– Не, не, пацалуемся пры развітанні, а цяпер не трэба. Навошта я ішоў пеша? Я не мог, я не меў права. Хіба маем мы права ездзіць, карыстацца здабыткамі цывілізацыі, калі сотні, тысячы людзей, страціўшы сваю хату, месяць шэрыя дарогі стомленымі нагамі, калі ногі гэтыя адмярзаюць, мокнуць, пакрываюцца язвамі?.. Падумай, Ясакар, як гэта жахліва! – І ён кашляе, зноў кашляе...

– Паляжы, Максім Адамавіч,– клапоціцца гаспадар.– Папалуднуем. Чаму ж вы нічога не паспытаеце?

З суседняга пакоя чуецца голас сястры – ледзь чуваць у ім і грэблівасць, і іронія, і абражанасць:

– Мусіць, я не смачна гатую?!

Зноў пакутлівая ўсмешка крывіць твар. Плаўнік глядзіць на гэты твар і думае, якая жорсткая хвароба – сухоты, як мала засталося ад гэтага маладога чалавека...

– Гэта маё суцяшэнне,– нахіляе сваю каштанавую галаву Багдановіч,– мая хвароба... Я як падумаю, што дзесяткі такіх людзей гінуць у акопах, і гінуць бессэнсоўна, дык мне лягчэй, што пакутую і я... Не, не! – Ён спыняе намер гаспадара.– У гарбату не трэба цукру. Не трэба! Мне давялося бачыць хлопца, вельмі худзенькага. Ён з такім смакам еў чэрствы хлеб, такі хлеб, Ясакар!..

Гаспадар нясмела паціскае плячыма.

– Не трэба перабольшваць, Максім Адамавіч... Гэта ж...

Увечары збіраюцца госці. Яны прыйшлі вітаць паэта, але ён ловіць на сабе заклапочаныя позіркі, заўважае, што прысутныя вельмі асцярожна абыходзяцца з ім, і ён робіцца пахмурым, злым, замкнёным. Яго просяць чытаць, але ён катэгарычна адмаўляецца. Не, не, ён прывёз рукапіс. Думаў у Вільні друкаваць, а цяпер гэта немагчыма. Хаця і лепш: усё, усё трэба перарабіць, перайначыць, многае напісаць нанава. Аб пакутах чалавечых, аб народным горы. Вось ён толькі адпачне і будзе працаваць, працаваць...

А ўначы ён прыходзіць да Бядулі, прысоўвае да ложка крэсла, на каленях раскладае рукапіс новай кнігі.

– Я вось думаю, што справа беларускай культуры будзе скора справай самых шырокіх народных мас. Вось глядзі, Ясакар, што выходзіць... Ужо і другіх нацый людзі далучаюцца да гэтай плыні... Вось ты фігура сімвалічная. Яўрэй, а колькі такіх, якія б маглі пайсці да палякаў?.. А дзеячам рускай культуры многім было б лепш быць... Але ў іх прачынаецца сумненне. А чаму? Таму, што прачынаецца народ і за гэтым народам будучыня.

– Не можна ж гэта тлумачыць выгадай!

Багдановіч зусім нізка апускае над ім твар.

– Ты мяне не разумееш. Так многа думак, што іх цяжка выказаць. Я кажу аб дыяпазоне. Разумееш? Вось кінь камень у ваду, пойдуць кругі, усё больш шырокія...– І раптам перайшоў на шэпт, хрыплы і шпаркі: – Толькі я часам баюся, што зробленае будзе пахавана пад попелам гэтай вайны, яна зноў адкіне наш народ у сваім развіцці назад...

– Наадварот,– тут ужо Бядуля не вытрымлівае і садзіцца на ложку.– У такія страшныя часы, як вайна, прыгнечаны народ і падымае свой голас. Ды вайна не можа цягнуцца доўга, народы скончаць яе, і тады на поўную моц загучыць наша ліра...

Глыбокі сум быў у Багдановічавых вачах.

– Баюся, што гэта будзе не скора. Мне не дажыць.

Ён падняўся з крэсла. Лісткі рукапісу паляцелі на падлогу, і ў цішыні нібы пачуўся шэлест пажоўклага лісця... Цень ад Максімавай постаці ўпаў на сцяну, перасунуўся на столь. Цень нагадваў фантастычнага птаха. Птах узмахваў крыллем. Ён, ходзячы і размахваючы рукамі, слухаў Бядулю,– усё ж не згадзіўся:

– Не, не... не хопіць сілы, каб дачакацца. Вось Купалу я зайздрошчу. Ён – з народам, і ў яго многа сілы, ён дачакаецца. І ты дачакаешся. А я – не.– Потым трахануў галавой, нібы адганяючы думкі.– Дык я хоць кніжку ў спадчыну пакіну. Можа, і яна дапаможа наблізіць час, калі беларуская культура выйдзе на шырокае поле. Можа, праз гадоў трыццаць яе і будуць чытаць. Ну, спі, а я пайду.

І ён сядзеў да світання.

Світанне ішло празрыстае, прахладнае.

Многа лісткоў, перакрэсленых, падала на падлогу.

Толькі як развіднела, не распранаючыся, ён забыўся цяжкім сном. Шэрае неба і пад ім – бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы... а адно з іх загразла... Воз цяжкі, а яму, Багдановічу, канешне, трэба дапамагчы, каб воз выехаў... на куфры, што стаіць на возе, сядзіць дзяўчына і чытае кніжку... дзяўчына хоча злезці дапамагчы... не, не, не трэба, ён не хоча, ён дужы, яму ж толькі дваццаць пяць гадоў... усяго дваццаць пяць гадоў!

V

Усё бліжэй і бліжэй насоўваўся фронт. Мінск перапоўнены быў уцекачамі, параненымі, людзьмі, якія нажывалі грошы на пастаўках, на перапродажах, людзьмі, якія шукалі ў незлічоных шпіталях родных – памёршых, людзьмі, якія прыязджалі ў пекла вайны, каб у рэстаранчыках, казіно, кафейнях, у публічных дамах забыць усё на свеце. Мінск быў перапоўнены афіцэрамі, гандлярамі, какоткамі, быў перапоўнены людзьмі ў шэрых світках і лапцях. Для ўцекачоў арганізавалі камітэты, якія мелі размеркавальныя пункты, сталоўкі, але народу ўсё прыбывала і прыбывала, сродкаў было мала, транспарт быў загружаны ваеннымі перавозкамі, і народ доўга тоўкся ў горадзе, люта галадаў і пакутаваў.

Беларуская культурная інтэлігенцыя пайшла працаваць у камітэты – час для сяброўскіх вячорак быў не надта падыходзячы... Не відовішча, а хлеба трэба было ў першую чаргу даць гэтым людзям, кавалак хлеба... А з хлебам – добрае слова. З прыватных кватэр сюды, у камітэт, былі перанесены дэбаты, тут пісаліся творы і тут жа чыталіся... І тут пачалося тое, што павінна было пачацца, няўхільна, абавязкова,– тут пачалося размежаванне. Адны – былі і такія – сцвярджалі, што прыход немцаў дасць волю беларусам, самастойнасць. Другія бачылі ў прыходзе кайзераўскіх войск пагібель. Яны сцвярджалі, што толькі пры дапамозе славян беларускі народ вызваліцца з рабства. Трэція патрабавалі, каб беларускі народ падняць на самастойнае паўстанне. І калі аднаго разу ўдалося ўцягнуць у спрэчкі Багдановіча, ён выказаўся рэзка і катэгарычна:

– Я ведаю гісторыю і ведаю, што ніколі тэўтоны не былі братамі славянам. Саюз з немцамі – гэта наша пагібель.

І больш ён не гаварыў, ён не ўмеў спрачацца, яму цяжка было слухаць бясконцыя гутаркі, ён пакідаў таварышаў і некуды знікаў.

І рукапіс кнігі параскіданы ляжаў на стале, а наўкола – на канапе, на крэсле, на падлозе – валяліся лісткі. Сястра Плаўніка спачатку прыбірала іх, але гэта было дарэмна. Багдановіч вяртаўся то на світанні, то ўначы, то яго не было па два-тры дні. Прыходзіў, садзіўся за рукапіс, зноў раскідваў лісткі, хадзіў па пакоі, страшна кашляў і ўсё гаварыў сам сабе:

– Не тое, не тое...

Аднаго разу Ясакар падабраў з падлогі лісток са страфой верша. Сум быў у ім і выключная прыгажосць. І ён шчыра сказаў:

– Якая пекната, божа ж мой!

Багдановіч шпарка глянуў на яго, і вочы пры гэтым зрабіліся цёмнымі.

– Не, не тое. Цяпер не аб гэтым трэба пісаць! —І вырваўшы з рук лісток, ад гэтага рэзкага руху закашляўся, пачаў быў шукаць насоўку.

Плаўнік уздрыгануў.

– Трэба лячыцца,– адно сказаў ён, супакоіўшыся, глушачы ў сабе адчуванне прыкрасці.– Не можна без барацьбы губіць такі талент, Максім Адамавіч... Бессэнсоўна. Трэба ўзяць сябе ў рукі, спыніць гэтыя вашыя начныя праходкі. Гэта ж і здаровы не працягне доўга, калі ночы не спаць.

Багдановіч глядзеў на яго, вочы святлелі, але Ясакар бачыў, што позірк паэта адсутнічае, ён задумаўся, і бледны, стомлены твар прасвятлеў і стаў сапраўды маладым. Ён ціха, без афектацыі загаварыў:

– Я не хаджу піць у кампаніі або на спатканне з каханай. Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Дваццаць пяць гадоў!.. Быў ідэал, бачу яго, але яшчэ не знаю, што лепей – каб быў гэты вобраз у вершах ці каб быў ён у рэчаіснасці.– Павольна ўзняўся з крэсла і блізка падышоў да Плаўніка.– А не хадзіць я не магу... пячэ тут, на сэрцы... я так хутчэй папраўлюся. Я хаджу па начных вуліцах, выходжу ў поле, на рэчку, іду росным берагам. А які світанак бачыў пазаўчора! Вам, можа, неспакойна, дык я перабяруся да каго-небудзь жыць.

– Божа ж мой! – адно толькі сказаў Плаўнік з незахованым абурэннем.– Рабі, што хочаш, толькі не губі сябе.

Павольна павёў у бакі галавой.

– Не. Я хаджу на спатканне з Беларуссю. Я знаю, што гэтае спатканне апошняе, што гэта – развітанне... І не магу не хадзіць.

І ён хадзіў, блукаў па Мінску і яго ўскраінах.

Заходзіла сонца, і ў чырвоным святле апошніх праменняў блукаў самотны чалавек, то сочачы за тым, як ружовыя хмаркі дрыжаць на паверхні ракі, то за тым, як зялёнае лісце дрэў паступова цямнее і робіцца зусім чорным.

Паднімалася сонца, і было кожны раз вялікім шчасцем бачыць, як абуджаецца пры яго ўсходзе жыццё, як птахі спяваюць радасны гімн світання, як знікаюць ранішнія туманы, як сонца, усеўладнае сонца ажыўляе зямлю...

Ішла ноч, зоры мігцелі ў сінім небе, а калі выплываў з-за воблака месяц, яны бляднелі, а зямля афарбоўвалася ў зеленавата-ліловы колер...

Багдановіч ішоў з ускраін у горад. Ён любіў гэты горад уначы. Ён любіў лавіць вухам абрыўкі смеху, музыкі, крокі позніх пешаходаў. Чыстым было паветра, і здавалася, гарадскія вуліцы пахнуць полем, палявымі кветкамі.

Так, ён адпачываў пасля таго, што бачыў удзень.

Ён мог бы зачыніцца ў пакоіку, пакорліва прымаць гасціннасць мілага, чулага Плаўніка. Ён хадзіў па заезных дамах, па рынку, па вуліцах, па касцёлах і цэрквах, і гора, народнае гора паўставала перад ім. Ён доўга не мог зразумець, чаго ён шукае. І аднаго разу думка запалілася ярка, нібы вячэрняя зорка, запалілася, і Багдановіч нават засмяяўся. Гэта ж вельмі проста – яму дваццаць пяць гадоў, усяго дваццаць пяць гадоў! Вобраз русавалосай дзяўчыны з чыстым, крышку вузкім тварам, дзяўчыны ў даматканай мужчынскай світцы з кніжкай у кішэні паўстаў перад ім і ўжо неадлучна ішоў побач з ім. Ён садзіўся над ракой – і дзяўчына садзілася побач. Ён праходзіць пад дрэвамі тэатральнага сквера – і насустрач ішла яна. Ён бачыў, як світанкам рэшткі туману растаюць у блакітным паветры – і там ён бачыў яе вочы... «Вераніка»... Мусіць, яна жартавала... Ён уваходзіў пыльны, потны, стомлены, але нейкі супакоены і шчаслівы. Першае, што ён рабіў заўсёды, як прыходзіў, глядзеў у люстэрка, якое падаравала калісьці маці. Ён яго павесіў ля акна і кожны раз здымаў.

– Слухай, Ясакар, а я папраўлюся. Ты глядзі – нават загарэў.

Плаўнік бачыў хваравітую жаўцізну, бачыў, як абцягнула скура скулы яго, але ці маўчаў, ці пераводзіў гутарку на што іншае.

– Будзем верыць, што ты паздаравееш. Табе б на поўдзень, да мора.

Ён вешаў люстэрка на цвік ля акна і жартаваў:

– Добра, што мы не верым ні ў бога, ні ў чорта. Не, я не хачу загінуць у салёных вірах белапеннага сіняга мора.– Гэта ён успамінаў свой верш, адзін з лепшых, адзін з перлаў. Ён гэта ведаў, ведаў і тое, што «Эмігранцкая песня» вельмі папулярная сярод яго сяброў.– Не, Ясакар, я хачу памерці тут. Толькі суцеш сястру, я не памру ў гэтым пакоі, каб не рабіць ёй клопату. Я памру...

Ясакар робіць нецярплівы жэст рукой:

– Досыць, ну, досыць! Гэта ж... божа мой! жахліва...

Раптам Багдановіч падыходзіць да стала, перабірае лісткі, бярэ адзін з іх.

– Я блукаю па вуліцах і шукаю адну дзяўчыну. Я сустрэў яе тады, пад Мінскам. Яе лёс мяне вельмі непакоіць. Яна жартам назвалася Веранікай...– І, памаўчаўшы, раптам рэзка, з нястрыманым пачуццём дадаў: – Прыходжу і пішу. Пішу вось што. Я табе прачытаю, верш я назваў «Пагоня».

Ён чытае глухім, нізкім распевам. Коні, коні! Сімвал, старадаўні герб Вільні, Вострая Брама, гісторыя! Але не гістарычнымі вобразамі гучыць верш. Аб тых, хто ў цяжкі час выпрабавання выракся Айчыны, аб тых, што забылі, як можна пакутаваць за Айчыну. Пра тугу па радзіме, якую просіць паэт, каб яна даравала запозненага ў любові сына і дазволіла памерці за яе... Глухім голасам чытаў Багдановіч, але хваляванне ахапіла Ясакара, хваляванне напоўніла пакой, хваляй выплеснулася за дзверы і прымусіла насцярожана застыць на месцы клапатлівую гаспадыню. Няўжо гэты хворы чалавек – мільганула ў яе думка – валодае такой сілай?

Слёзы стаялі ў Ясакаравых вачах.

Паўтараючы любімае сваё «божа ж мой», ён выбег з пакоя.

А ўвечары ён пайшоў да знаёмага чыгуначніка, каб той дапамог адправіць Багдановіча на поўдзень.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю