Текст книги "Лота (на белорусском языке)"
Автор книги: Астрид Линдгрен
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 3 страниц)
– Калi мама зазiрне ў кошык, яна зразумее, чаму мы пайшлi, – сказала яна Бэмсi.
Такiм чынам, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла, апранутая ў тое ж самае, у чым была зранку: у майцы, штонiках, панчохах i чаравiках. Па дарозе яна зайшла ў кухню i выпiла свой гарачы шакалад. Яна ўзяла кавалачак хлеба з джэмам i з'ела яго, пакуль iшла да дзвярэй.
КУДЫ IДЗЕ ЛОТА?
"Гэта вельмi добра пайсцi куды-небудзь. Асаблiва калi ведаеш, куды пайсцi", – думала Лота. Але наконт гэтага ў яе не было нiякай iдэi.
Нарэшце яна вырашыла, што можна папрасiцца пажыць у мiсiс Берг. Лота перакiнула Бэмсi цераз плот памiж садам Мартэнсанаў i мiсiс Берг i ўзабралася на яго сама. Скоцi, сабака мiсiс Берг, забрахаў, калi ўбачыў iх, але ён анiколькi не напалохаў Лоту. Яна ўпэўнена падышла да дома мiсiс Берг i пастукала ў дзверы.
– Прывiтанне, – сказала яна. – Магу я тут жыць?
– Прывiтанне, Лота, – адказала мiсiс Берг, – а я думала, што ты жывеш дома, з татам i мамай.
– Так, але ж я iх пакiнула. Мне не падабаецца ў Мартэнсанаў.
– Тады я разумею, чаму ты пайшла ад iх. Але цi не здаецца табе, што трэба апрануць на сябе што-небудзь яшчэ?
– Я не ем i не апранаюся ў Мартэнсанаў, – сказала Лота i пайшла ў кухню.
Часам мiсiс Берг вяжа свiтэры, шапкi, пальчаткi i прадае iх людзям, якiя не могуць вязаць. Яна дастала з камоды цёплы свiтэр, каб Лота яго апранула. Калi Лота гэта зрабiла, атрымалася, што ён занадта доўгi для яе i вiсеў, нiбыта сукенка.
– Ну як? – спытала мiсiс Берг у Лоты.
– Цудоўна, – адказала тая. – Ён не шкрабаецца i не колецца.
– Ну i добра, – сказала мiсiс Берг.
– Так, гэта сапраўды добра, – пацвердзiла Лота i пачала азiрацца. – А дзе вы збiраецеся паставiць мой ложак?
– А вось гэта праблема, – адказала жанчына. – Ведаеш, Лота, мне здаецца, што ты не зможаш тут жыць: у мяне няма месца яшчэ для аднаго ложка.
– Але ж я павiнна недзе жыць, мiсiс Берг.
– Ты будзеш жыць адна.
– Дык у мяне няма дома, – засмуцiлася Лота.
– Ты зможаш зняць пакойчык пад дахам, – прапанавала мiсiс Берг.
У самым далёкiм кутку сада мiсiс Берг стаяў хлеў, дзе ляжалi газонакасiлка, граблi, рыдлёўка, два мяхi з бульбай, дровы ды i патроху таго-сяго. На другiм паверсе, пад дахам, быў невялiчкi пакойчык, у якiм старая трымала мэблю i мноства iншых непатрэбных рэчаў.
Iншы раз Джонасу, Марыi i Лоце падабалася ўзбiрацца сюды, каб паглядзець на ўсе гэтыя таемныя рэчы. Але мiсiс Берг заўсёды крычала iм з акна, што туды хадзiць нельга. Зараз усё было iнакш. Мiсiс Берг на самай справе прапаноўвала Лоце зняць гэты пакой. Лота нават рассмяялася.
– Гэта самая цудоўная навiна, якую я пачула за апошнi час. Магу я пераехаць зараз жа?
– Па-першае, давай сходзiм i паглядзiм, як там усё выглядае, – сказала мiсiс Берг.
Лота i мiсiс Берг паднялiся на дах разам. Жанчына нават пакрывiлася, калi агледзела пакойчык.
– Ты не здолееш жыць тут, Лота.
– Я здолею, – адказала Лота. – Гэта ж цудоўна! Тут так хораша i цёпла!
– Нават занадта хораша i цёпла, – сказала мiсiс Берг i адчынiла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.
Лота падбегла да акна i радасна крыкнула:
– Паглядзiце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.
– Так, i iх прыгожы дом i сад, – сказала мiсiс Берг.
Лота паказала язык дому Мартэнсанаў i рассмяялася, радасна кранаючы фiранкi ў белую i чырвоную клетку.
– Я нiколi не буду там жыць. Я збiраюся жыць усё сваё жыццё тут. I ў мяне ўжо ёсць фiранкi. А зараз мне патрэбна мэбля.
– Ты зробiш усё сама цi табе дапамагчы? – спытала мiсiс Берг.
– Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.
– Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?
Лота ўсмiхнулася. Усё складвалася нават больш цiкава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсцi з хаты яшчэ раней!
– Мне хацелася б вось гэта, – сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.
– Калi ласка, – адказала мiсiс Берг.
– Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якiя-небудзь крэслы?
– Ёсць, але ж яны зламаныя, – адказала мiсiс Берг.
– Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?
– Так. Тут ёсць маленькi ложак i нават ложак для лялькi. Мая дачка спала ў iм, калi была маленькая.
– У лялечным ложку? – здзiвiлася Лота.
– Ну, вядома ж, у дзiцячым ложку, – адказала мiсiс Берг.
– Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсi зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А цi ёсць якая-небудзь бялiзна?
– Ёсць матрац, некалькi падушак i, можа, нават коўдра, але ж няма прасцiн, – сказала мiсiс Берг.
– Я абыдуся без прасцiн, – адказала Лота. – Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, мiсiс Берг?
Мiсiс Берг дапамагла Лоце расставiць мэблю ў пакойчыку. Яны паставiлi стол i крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак – каля другой. Ложак лялькi добра глядзеўся побач з вялiкiм ложкам, i Лота паклала Бэмсi на маленькую падушку.
– Усё як у сапраўдным пакоi! – усклiкнула Лота.
Мiсiс Берг знайшла стары дыванок i паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым мiсiс Берг паставiла на камоду круглае запэцканае мухамi люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесiла карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Лоце гэта спадабалася.
– О, гэта добра! Я павiнна мець карцiну, iнакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карцiна прыгожая, мiсiс Берг.
Звычайна Лота гаварыла, што, калi яна стане дарослай, у яе будуць мазалi на нагах, як у мiсiс Берг, i гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваiм маленькiм пакойчыку i засталася вельмi задаволенай.
– У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, – уздыхнула Лота.
– Але ж ты не вельмi спяшайся нацерцi мазалi, – усмiхнулася мiсiс Берг.
– Добра, iм прыйдзецца трохi пачакаць, – згадзiлася Лота i чхнула тры разы.
– Тут многа пылу, таму ты чхаеш, – сказала мiсiс Берг.
– А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? – спытала Лота.
– Зазiрнi ў камоду, – падказала мiсiс Берг.
Лота высунула верхнюю шуфляду.
– Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!
Мiсiс Берг таксама зазiрнула ў шуфляду.
– Я зусiм забылася пра ляльчын посуд.
– Мне пашанцавала, што я знайшла яго! – сказала Лота i пачала расстаўляць усё на стале: кубачкi, сподачкi, паднос, кафейнiк, цукарнiцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькiмi блакiтнымi кветачкамi. Лота ажно падскоквала ад радасцi.
– Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, – смяялася Лота.
– Я сумняваюся, – сказала мiсiс Берг. У яе вачах свяцiлiся хiтрынкi. Паглядзi, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?
Лота выцягнула другую шуфляду i знайшла вялiкую ляльку з блакiтнымi вачамi i чорнымi валасамi.
– Ой! – ускрыквала Лота. – Ой!
– Ну, добра, добра, гэта – Вiола Лу, – сказала мiсiс Берг.
– Гэта яе iмя? – спытала Лота. – Яна прыгожая! Зараз Бэмсi не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збiраецца спаць Вiола Лу... Можна мне ўзяць яе, мiсiс Берг?
– Так, калi ты будзеш даглядаць за ёй, – адказала мiсiс Берг. – Вядома, яна будзе спаць у сваiм ложку, а Бэмсi прыйдзецца пакiнуць яго.
Лота кiўнула:
– Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.
– А зараз высунь апошнюю шуфляду, – сказала мiсiс Берг. – Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькi. Я памятаю, што калiсьцi шмат шыла для яе.
Калi Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства свiтэраў, сукенак, палiто, шапачак, бялiзны, начных сарочак; i ўсё гэта было для Вiолы Лу.
– Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкi, потым села на падлогу i пачала прымяраць усё на Вiолу Лу.
Мiсiс Берг знайшла стары ручнiк i дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруцiла галавой.
– Я магу выцерцi пыл пазней, мiсiс Берг. Зараз я павiнна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелi.
Як цяжка было выбраць такую сукенку! Iх было так шмат! Былi чырвоныя, жоўтыя, блакiтныя, белыя, у клетку, у кропкi, нават з кветачкамi.
– Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, – вырашыла нарэшце Лота. – Яе можна будзе апрануць толькi ў нядзелю.
– Ты маеш рацыю, – сказала мiсiс Берг. – Яе не трэба апранаць кожны дзень.
Калi ўсё было даведзена да ладу, мiсiс Берг пагладзiла Лоту па шчацэ i сказала:
– Тут мы ўжо ўсё скончылi, i я лепш пайду дадому.
Лота кiўнула:
– Добра, але ж вы павiнны наведваць мяне. Калi вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце iм, што я жыву ў сваiм уласным доме i нiколi не вярнуся да iх.
– Добра, я так i скажу, – адказала мiсiс Берг.
Калi жанчына была ўжо на сярэдзiне лесвiцы, Лота закрычала:
– Мiсiс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?
– Так, але ж табе прыйдзецца прыходзiць самой, – сказала мiсiс Берг. – Мне неяк не вельмi хочацца бегаць унiз i ўверх па лесвiцы.
Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх i ўбачыла кошык, якi звiсаў з крука на столi.
– Мiсiс Берг, у мяне цудоўная iдэя!..
Iдэя Лоты была прывязаць доўгую вяроўку да кошыка i апускаць яго з акна так, каб мiсiс Берг магла пакласцi туды ежу.
– Потым я паднiму яго i – ап! Вось i ежа, – сказала Лота.
– Ты разумная, – сказала мiсiс Берг. Яна рассмяялася i пайшла за ежай для Лоты. Калi яна вярнулася, Лота ўжо апусцiла кошык.
– Хоп! Вось i ежа! – закрычала мiсiс Берг.
– Вы не расказвайце, што ў кошыку, – сказала Лота. – Я хачу здзiвiцца.
Яна падняла кошык у пакой; у iм былi аранжад, дзве саломiнкi, халодны памiдорны блiн, загорнуты ў кавалак паперы, i невялiчкi збанок з джэмам.
– Лепш, чым у Мартэнсанаў, – сказала Лота. – Да пабачэння, мiсiс Берг, i вялiкае вам дзякуй!
Мiсiс Берг пайшла, а Лота паклала аладку на стол i памазала яе джэмам. Потым яна скруцiла яе, узяла абедзвюма рукамi i пачала адкусваць ад яе, запiваючы аранжадам праз саломiнку.
– Не можа быць лепей, – сказала Лота. – I нiякiх талерак! I наогул, мяне здзiўляе, чаму людзi гавораць, што вельмi цяжка весцi гаспадарку?
Калi яна скончыла есцi, яна выцерла пальцы аб анучу. Потым пачала выцiраць пыл з мэблi, выцерла стол, камоду, крэслы, ложак, ляльчын ложак, люстэрка, а таксама карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Яна прыгатавала ложак для Вiолы Лу i для сябе з Бэмсi. Лота была так задаволена сваёй гаспадаркай, што яна заспявала песню, якую нядаўна вывучыла:
Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
Ноч маўчыць,
I вельмi-вельмi цёмна,
Запалю агеньчык жоўты мой,
Завуркоча кот: "Заходзь дадому!"
– Але ж у мяне няма коцiка, – сказала Лота задумлiва.
ДА ЛОТЫ ПРЫХОДЗЯЦЬ ГОСЦI
Задаволеная Лота забаўлялася з Вiолай Лу, Бэмсi i лялечным посудам даволi доўгi час. Яна яшчэ разоў пяць выцiрала пыл з мэблi. Нарэшце яна села ў крэсла i пачала думаць.
– Што ж усе робяць дома цэлы дзень? – спытала яна ў Бэмсi.
У гэты момант яна пачула крокi, якiя даносiлiся з лесвiцы. Гэта былi Джонас i Марыя.
– А ў мяне дом, – абвясцiла Лота.
– Так, мы ведаем, – сказаў Джонас. – Мiсiс Берг сказала нам.
– Я збiраюся пражыць тут усё жыццё, – папярэдзiла Лота.
– Гэта ты так мяркуеш, – адказаў Джонас.
Марыя падышла да посуду. Яна асцярожна памацала кубачкi, паднос, кафейнiк. Пры гэтым яна бясконца войкала ад захаплення. Потым убачыла Вiолу Лу i яе цудоўнае адзенне, разглядаць якое было адно задавальненне.
– Не чапай! – памахала пальчыкам Лота. – Гэта мая хата i мае рэчы.
– Цi ты не дазволiш мне пагуляць з iмi трошкi? – спытала Марыя, угаворваючы.
– Добра, – згадзiлася Лота. – Але толькi трошкi.
Праз хвiлiну Лота спытала:
– А мама плача?
– Канешне, не, – адказаў Джонас.
– Канешне, я плачу, – сказаў голас з лесвiцы, i ў дзвярах паказалася мама. – Канешне, я плачу па маёй маленькай Лоце.
Лоце было вельмi прыемна пачуць гэта.
– Мне вельмi шкада, мама, – сказала яна. – Але зараз у мяне свой дом i свая гаспадарка, i таму я ўвесь час вельмi занятая.
– Я разумею, – сур'ёзна сказала мама. – У цябе тут хораша.
– Значна лепей, чым дома, – сказала Лота, кранаючы фiранкi.
– Я прынесла табе раслiну. Гэта такi звычай, калi хтосьцi атрымлiвае новую хату, – растлумачыла мама i працягнула Лоце гаршчок з бягонiяй.
– Як добра, – сказала Лота. – Я пастаўлю яго на падаконнiк. Вялiкае дзякуй!
Лота яшчэ раз выцерла пыл з мэблi, каб мама, Марыя i Джонас маглi прасачыць за ёй. Яны згадзiлiся, што Лота добра даглядае свой пакойчык. Калi яна скончыла выцiраць пыл, мама спытала ў яе, цi не збiраецца яна абедаць з Джонасам i Марыяй.
– Не, мiсiс Берг дае мне ежу, – сказала Лота i паказала, як добра працуе сiстэма з кошыкам.
– Дык ты не зусiм дурненькая, – сказаў Джонас, сеў на падлогу i пачаў праглядаць старыя часопiсы, якiя ён знайшоў у кутку.
– Тады да пабачэння, Лота, – сказала мама. – Калi ты надумаешся вярнуцца дадому да калядаў, мы будзем вельмi рады бачыць цябе.
– А колькi яшчэ часу да калядаў? – спытала Лота.
– Сем месяцаў, – адказала мама.
– Я, вiдаць, буду тут жыць больш, чым сем месяцаў, – заключыла Лота.
– Гэта ты так мяркуеш, – усмiхнуўся Джонас.
Мацi пайшла, а Лота з Марыяй гулялi з Вiолай Лу. Джонас сядзеў на падлозе i чытаў часопiс.
– Табе падабаецца ў мяне, Марыя? – спытала Лота.
– Гэта найлепшы лялечны дом, якi я калi-небудзь бачыла.
– А гэта не лялечны дом, – запярэчыла Лота, – гэта мой сапраўдны дом.
Раптам на лесвiцы пачулiся цяжкiя крокi. Гэта быў тата.
– Да мяне дайшлi дрэнныя звесткi, – сказаў ён. – Людзi ў горадзе гавораць, што ты пакiнула дом, Лота. Гэта праўда?
– Так, – кiўнула Лота.
– Гэта ноч будзе вельмi сумнай для мяне, Лота. Ты толькi падумай, што я буду адчуваць, калi зайду ў дзiцячы пакой, каб сказаць добрай ночы... А там будзе твой пусты ложак. Няма маёй Лоты!
– Нiчым нельга дапамагчы, – адказала Лота ўпэўнена. А пра сябе ўздыхнула: "Бедны тата!" Ёй сапраўды было вельмi шкада яго.
– Так, вiдаць, нельга дапамагчы, – згадзiўся тата. – Джонас i Марыя, вам лепш пайсцi дадому. Сёння ў нас гамбургеры, смажаныя абрыкосы на вячэру.
– Да пабачэння, дарагая Лота, – развiтаўся тата i пайшоў унiз па лесвiцы.
– Да пабачэння, – адказала Лота.
– Бывай, – заспяшалiся Джонас i Марыя.
– Бывайце, – сказала Лота i падышла да акна, каб памахаць iм адтуль.
АДЗIНОКАЯ ЛОТА
Лота засталася адна. Мiсiс Берг прынесла ёй сёе-тое паесцi, i Лота падняла ўсё наверх у кошыку. Там зноў былi аранжад, дзве саломiнкi i халодны кавалак смажанай свiнiны.
– Так жа добра, як i ў Мартэнсанаў, – сказала Лота i прапанавала Бэмсi трошкi адкусiць.
Калi яна паела, вырашыла зноў выцерцi пыл. Потым яна падышла да акна i назiрала за Мартэнсанамi ў iх двары. Джонас i Марыя гулялi ў кракет з татам. Яблынi былi ў квеценi i выглядалi нiбы вялiкiя букеты кветак. Вiд быў цудоўны.
– Кракет – гэта смешна, – сказала Лота Бэмсi. – Але ж гэта не так цiкава, як даглядаць за домам.
Пачало цямнець, i тата, Джонас i Марыя пайшлi ў свой цёплы жоўты дом. Лота ўздыхнула. Пакуль яна выглядала з акна ў пакойчыку пад дахам мiсiс Берг, здарылася такое, чаго Лота нiяк не чакала. Стала цёмна. Цемра ўладкавалася ва ўсiх куточках, усё блiжэй падкрадвалася да Лоты i неўзабаве запоўнiла ўвесь пакой. Заставалася толькi адзiная светлая пляма ў тым месцы, дзе было акно.
– Мы лепш пойдзем спаць, Бэмсi. Неўзабаве мы зусiм нiчога не ўбачым, сказала Лота.
Яна хуценька паклала Вiолу Лу ў яе ложак, а Бэмсi ўзяла з сабой. Скруцiўшыся абаранкам, яна нацягнула коўдру на галаву. Яе перапаўнялi думкi: "Гэта не таму, што я баюся цемры, гэта ад таго, што вельмi сумна. Акрамя ўсяго, я хачу спаць". Лота глыбока ўздыхнула. Некалькi разоў яна садзiлася ў ложку i глядзела ў цемру. Потым яна здрыганулася, зноў запаўзла пад коўдру, прыцiскаючы Бэмсi ўсё блiжэй i блiжэй да сябе.
– Джонас i Марыя, напэўна, таксама леглi спаць, – сказала дзяўчынка ў цемру. – А мама i тата прыйдуць да iх, каб пажадаць iм добрай ночы. Але толькi не мне... – Яна зноў уздыхнула, i гэта быў адзiны гук у пакоi.
"Нельга, каб было так цiха", – падумала Лота. I яна пачала спяваць сваю песню зноў:
Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
Ноч маўчыць...
Лота спынiлася. Яе голас дрыжаў. Яна пачала зноў:
Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
Ноч маўчыць,
I вельмi-вельмi цёмна...
Лота не магла больш спяваць. Яна пачала ўсхлiпваць. У гэты момант да яе вушэй данеслiся нейкiя гукi. Гэта тата падымаўся па лесвiцы i спяваў:
Запалю агеньчык жоўты мой,
Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"
Лота села ў ложку.
– Тата, калi б у мяне быў коцiк! – усклiкнула яна.
Тата ўзяў Лоту на рукi.
– Ведаеш, Лота, мама такая сумная. Можа, лепш табе вярнуцца да каляд?
– Я хачу вярнуцца зараз жа, – адказала Лота.
Тата ўзяў Лоту i Бэмсi i панёс iх дадому.
– Лота вярнулася дадому! – крыкнуў тата, калi яны ўвайшлi ў дом.
Мама сядзела перад камiнам у гасцiнай. Яна працягнула рукi да Лоты i ўсмiхнулася:
– Сапраўды? Ты сапраўды вярнулася дадому, Лота?
Лота кiнулася ў матчыны рукi i заплакала так горка, што слёзы пакацiлiся па яе твары.
– Я збiраюся жыць з табой усё жыццё, мама, – усхлiпвала яна.
– Гэта цудоўна! – сказала мама.
Лота скруцiлася клубочкам у мацi на каленях i доўгi час нiчога не гаварыла.
– Мама, зараз у мяне новы свiтэр. Мiсiс Берг дала яго мне. Гэта добра? праз слёзы спытала яна.
Мама нiчога не адказала. Яна толькi лагодна глядзела на Лоту.
Апусцiўшы вочы, Лота прамармытала:
– Я парэзала свой на кавалачкi. Я хачу сказаць, што прашу прабачэння, але так цяжка зрабiць гэта.
– А што, калi я таксама папрашу прабачэння? – спытала мама.
– Тады мы можам сказаць, што мы абедзве просiм прабачэння, – адказала Лота.
Дзяўчынка абняла мацi за шыю i прыцiснулася да яе так моцна, як толькi магла.
– Я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, я прашу прабачэння, – паўтарала яна.
Потым мама ўзяла Лоту i Бэмсi на рукi i аднесла iх у дзiцячы пакой, паклала ва ўтульны ложак з чыстымi прасцiнамi, ружовай коўдрай. Тата падняўся наверх таксама, i яны з мамай пацалавалi Лоту i пажадалi ёй добрай ночы.
– Якiя яны добрыя, – сказала Лота Бэмсi, калi яны пайшлi ўнiз.
Джонас i Марыя спалi, але Джонас прачнуўся, каб сказаць:
– Я так i ведаў, што ты пабаiшся застацца там усю ноч.
– Я вырашыла застацца там толькi на дзень, гуляць i весцi сваю гаспадарку, вось так! – сказала Лота. – А калi ты i Марыя паб'еце Бэмсi яшчэ раз, я вам пакажу!
– Бiць Бэмсi? Мы нiколi не чапалi твайго свiнячага мядзведзя. – Джонас засмяяўся i заснуў.
Лота некаторы час не спала, таму што спявала сваю песеньку:
Я прыходжу ў свой маленечкi дамок,
Ноч маўчыць,
I вельмi-вельмi цёмна,
Запалю агеньчык жоўты мой,
Завуркоча кот: "Iдзi дамоў!"
– Гэта песенька больш не пра мяне. Яна пра iншую Лоту, – сказала Лота Бэмсi, моцна абняла яго i заснула.