Текст книги "Ноч маладзiка (на белорусском языке)"
Автор книги: Андрей Дмитрук
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 2 страниц)
Дмитрук Андрей
Ноч маладзiка (на белорусском языке)
Андрэй Дзмiтрук
Ноч маладзiка
Пераклад: Павел Марцiновiч
Толькi цяпер, пасля раскопак, магу я сказаць сёе-тое пра знiкненне Сяргея Iўчанкi.
Сёе-тое, але нiчога такога, што магло б, скажам, спатрэбiцца работнiкам мiлiцыi. (Я ўжо даўно ведаў, што Серж знiк: я вытрымаў шматдзённую буру тэлефонных званкоў яго мацi, быў вымушаны ўдзельнiчаць у няўцямнай Iрынiнай мiтуснi па горадзе, але цалкам адчуў прапажу толькi перад РАУС, дзе красавалiся на стэндзе вышуку лiстоўка "Знайсцi чалавека" з фотакарткаю Iўчанкi.) Магчыма, я адзiны, хто здагадваецца, дзе цяпер Серж. Калi я нават маю рацыю, дык вярнуць яго да нас не лягчэй, чым з таго свету альбо з iншай Галактыкi. (Гэта быў добра вядомы мне здымак, прафесiйны, хоць i зроблены ў хатнiх умовах. Здымаў наш прыяцель – аператар кiнакронiкi; фонам служыла белая прасцiна, павешаная на сцяну. Святы Божа, каб мы ведалi, дзеля чаго паслужыць гэтая зробленая пад мухай фатаграфiя! Паважны Серж са сваiмi крыху лупатымi вачыма i роўна падстрыжанымi светлымi вусiкамi глядзеў з мiлiцэйскага стэнда, захоўваючы выраз камiчнага пафасу: разварот у тры чвэрцi, нiжняя губа выпнутая, галава задраная...)
Так, ён лiчыўся маiм найблiжэйшым сябрам. Адзiнаццаць гадоў мы з iм прагульвалiся, ездзiлi на пляж i ў грыбы, хадзiлi ў кiно цi ў тэатр, фiласофствавалi за шклянкай вiна – адным словам, вадзiлiся, як заведзена ў людзей, што любяць адзiн аднаго i не звязаны нiякiмi дзелавымi зносiнамi. Разоў колькi Серж зрабiў мне пратэкцыю ў якiхсьцi службовых асобаў, колькi разоў i я "закiнуў слоўца" за яго; трохi больш было выпадкаў грашовай узаемавыручкi. На падставе гэтага мне цяжка сказаць, цi пайшоў бы я з Сержам "у разведку" i як бы ён паставiўся да мяне ў гэтай "разведцы". Пэўна, не горш, чым я – да яго. Магчыма, мы сапраўды былi сябрамi.
Серж вызначаўся высокiм ростам, меў роўную мужную паходку i выдатную выпраўку, але ж вялiкiм поспехам нi ў грамадзе, нi ў жанчын ён не карыстаўся. Нямала людзей намнога саступаюць яму i вонкава i духоўна, але пры гэтым нейкая беспамылковая iнтуiцыя падказвае iм, як сябе паводзiць, што дзе сказаць... Такi чалавек у любы момант адчувае сябе нiбы рука ў зручнай пальчатцы. Нахабнасць, хамства, непрыкрыты эгаiзм – усё яму даруецца. Затое прыгожаму, вытанчанаму, чуламу Сержу з яго прыемным мяккiм нiзкiм голасам i дагледжанымi рукамi – менавiта яму не даравалi нiякай памылкi. I было гэта з прычыны яго вечнай няўпэўненасцi ў сабе. Дастаткова было каму-небудзь адпусцiць у яго бок iранiчную рэплiку альбо жанчыне зашаптаць сяброўцы на вуха, паглядаючы пры гэтым на Сержа, каб ён разгубiўся, зрабiўся нудны, пануры i ў рэшце рэшт змоўк зусiм падчас ледзьве не са слязьмi ў вачах. (Мабыць, поўнае раўнадушша да людзей i да iх поглядаў – гэта i ёсць сакрэт поспеху памянутых мною генiяў адаптацыi?..)
Серж даволi часта ўлюбляўся, i многiя ахвотна прызначалi яму сустрэчу, але хутка расчароўвалiся, бо мой рамантычны сябра ўжо лiчыў выбраннiцу незвычайным стварэннем, сваiм другiм "я" i абрушваў на яе ўсе свае перажываннi i выпакутаваныя думкi. Убачыўшы, аднак, што цудоўная дама становiцца ўсё больш халодная, мой сябар пачынаў дапякаць ёй настолькi палкiмi i патрабавальнымi прызнаннямi, што ўмомант адпужваў яе канчаткова. (Ён быў адзiны сын, яго бацькi выязджалi ў доўгiя камандзiроўкi, i Серж з малалецтва заставаўся пад наглядам старэнькай бязвольнай бабулi, сам-насам з велiзарнай бiблiятэкай.)
Увогуле, я ад душы радаваўся за Сержа калi мне ўдалося звесцi яго з Iрынай. (Даўняй студэнцкай парою мой раман з ёю быў не вельмi ўдалы: яна ўладалюб i я таксама...) Iра разумная, эрудзiраваная, энергiчная. Была замужам i разышлася не з нейкай трывiяльнай прычыны накшталт мужавага п'янства, а "з-за неаднолькавасцi перакананняў". Чакае свайго прынца, аднак настолькi цвярозая ў штодзённым жыццi, што разумее: хутчэй за ўсё прынца давядзецца ляпiць самой з каго-небудзь, патэнцыяльна здольнага на гэтую ролю.
Серж ёй падышоў. Яны не толькi вытрымалi амаль штодзённыя сустрэчы паўгода, але нават памянялi свае аднапакаёвыя кватэры на двухпакаёвую. Iра канчаткова дабiла майго сябра тым, што адзелася для рэгiстрацыi шлюбу ў чорнае велюравае плацце.
Ён металафiзiк, я археолаг. Нас аб'ядноўвае прыхiльнасць да ўсяго ўзвышанага i адцягненага. Зрэшты, калi высокавугляродзiстыя сталi i гексанiтавы абразiў мне ўвогуле недаступныя, дык Сержа мне ўдалося заразiць археалогiяй, цi бо не столькi самой навукай, колькi тым духам амаль казачных культур, якi робiць свяшчэннадзействам нашу кратовую работу.
...Далiбог, мне самому нiколi не ўяўляўся галоўнай задачай нудны, абстрактны аналiз: як, скажам, змянiлася дзяржальна баявой сякеры за пяцьсот гадоў. Не – кожная культура выклiкала да жыцця яскравы пачуццёвы вобраз. Менавiта ажыўленне вобразнай сутнасцi мiнулага было мне даражэйшае за ўсё. Хiба археалогiя толькi ўпарадкоўвае, хiба не ўваскрашае?!
...Страшная, дамавiнная цесната празмерных каменных мас. Скучаныя зверагаловыя монстры i сярод iх – смуглы хлопчык з тонкай шыяй i вялiкiмi вачыма, наiўны i паважаны, у золаце, з накладной барадой – забаўка хiтрых старых. Золата, спякота, духмянасць, ад якой чмурэеш, манатонны гук струны гэта Эгiпет. Сцены з размаляваных чарапоў, пыл на падстрыжанай траве свяшчэннага стадыёна, сонца i рэзкi цень пiрамiды, званочкi на шыях брудных ламаў. Быць сёння крывi. Жорсткiя i скрытныя дзецi – ацтэкi... Адпачнём на ўзбочыне дарогi пад мелавым схiлам, над бiрузовым шчытом мора. Разломiм наздраваты праснак, пакладзём на яго жоўты сыр... Вып'ем аскомiстага вiна, спачатку ўзлiўшы Хмараганiцелю. Элада...
Усё ж такi я – ускосны вiноўнiк прапажы сябра. Чытаючы на стэндзе вышуку спiс Сержавых прыкмет, я дайшоў да вопраткi. Джынсы старыя, гiмнасцёрка вайсковая, акуляры цёмныя сонцаахоўныя, сумка сiняя на рэменi цераз плячо, з надпiсам "Аэрафлот". Я адчуў на iмгненне непрытомнасць. Значыць, Серж адправiўся ў поле, i можна ўпэўнена сказаць куды.
Вядома ж, гэты маршрут упершыню паказаў iм я ў леташнiм чэрвенi. Не так ужо i далёка ад Горада: гадзiну з нечым на рэйсавым аўтобусе да апошняга прыпынку – маленечкага сельмага пасярод запыленай плошчы. Потым прасёлкам направа, па плацiне цераз возера, дзе ў цесным чароце стракатыя дзiкiя качкi дружаць з белымi свойскiмi. Ад плацiны – звiлiстай лясной дарогай...
...Калi выйшлi з лесу, у Iрыны i Сержа, хоць i падрыхтаваных маiм расказам, на хвiлiну перахапiла дыханне, а потым яны навыперадкi сталi захапляцца. Уздымаючы хрыбет на вышыню двухпавярховага дома, бурым тлустым драконам ляжаў сярод поля старажытны абаронны вал. Справа ён хаваўся ў сасновым бары, затое налева адыходзiў, як ахапiць вокам, па мiрным лёгкiм жыце. Каляiна, па якой мы прайшлi лес, цяснiнай прарэзвала вал.
Так, калiсьцi ў гэтым цiхiм, зялёным, хлебным краi, дзе патрыярхальна стракочуць трактары i ляжаць у цянi вала пярэстыя сонныя каровы, – калiсьцi ў гэтым краi кiпела вялiкая работа. Нашыя з вамi прашчуры, суровыя, гаспадарлiвыя, забабонныя славяне, ставiлi бар'ер перад драпежным, вераломным стэпам. Увесну рылi i цягалi зямлю; пабудаваўшы насып, часалi вострыя калы на агароджу па хрыбце, ставiлi вартаўнiчыя вежы. Потым колькi хочаш маглi налятаць стэпавiкi на каратканогiх кудлатых конiках, раўцi нялюдска, круцiць над галавой арканамi. За глыбокiм ровам, за крутым бокам дракона, на якi вершнiк не ўзбярэцца, а пешага сустрэнуць гартаванай стралой, гэтаксама, як сёння, цiха-мiрна каласiлася i выходзiла ў трубку жыта. Дымамi зямлянак курылiся гарадзiшчы. Жанчыны даiлi ўсё тых жа гнядых ды плямiстых, ганчары выраблялi ляпныя паяскi на вазах (так, у iх былi i вазы!), а кавалi па золаце набiвалi руку на фiбулах для плашчоў. Як доўга i добра жыла краiна за вялiкiм валам, сведчыць чорная, жоўтая, чырвоная керамiка. Мiрыяды асколкаў, якiя штолета выгортваюцца плугамi i вымываюцца дажджамi на раллю. Нават капаць не трэба.
Прайшоўшы кiламетры тры спякотным пыльным гасцiнцам уздоўж насыпу, Iра раптам абвясцiла прывал i рынулася на схiл, штурмуючы пахучую блытанiну жаўтазелю, пiжмы, бярозкi i пругкага белага дзяцельнiку. Уверсе, дзе калiсьцi за брустверам чакаў стэпавiкаў вастравокi лучнiк, расла моцная разгалiстая груша-дзiчка. Схаваныя мноствам дробнага лiсця i цвёрдых, быццам костка, пладоў, мы разгарнулi пакункi з ежай. Перад намi аж да самага далягляду грувасцiлiся хвалi рудой збажыны, а пасярод iх – шыза-зялёныя плямы капусных градак i лесаахоўныя палосы. Толькi падкрэслiваючы ўсеабдымную цiшыню, дзелавiта лескаталi конiкi, зароў у палёце грузны чмель ды недзе пад нерухомым небам вуркатала сенакасiлка. Я нацiраў радыску мокрай камякаватай соллю, жаваў булку з вяндлiнай i думаў, запiваючы ўсё гэта цёплым лiманадам з рыльца бутэлькi: гэтыя, не закаламучаныя мiтуснёю хвiлiны – цi не лепшыя ў маiм жыццi?
Перакусiўшы, Iра з Сержам яшчэ доўга качалiся б на траве i палiлi. Але я, нiбы фанабэрысты ўладальнiк калекцыi, прыспешваў iх з жаданнем як мага болей паказаць да цемнаты.
Гэта ў мяне атрымалася. Iра i Серж былi выдатныя хадакi...
Тады быў чэрвень. А на зыходзе жнiўня, у панядзелак, Серж выклiкаў мяне з iнстытута i прывёў на самую зацiшную лаўку ў блiжэйшым парку. Серж не ўмеў нi прыкiдвацца, нi гаварыць на нейтральныя тэмы, перш чым падысцi да галоўнай. Таму ён проста глядзеў на наскi туфляў, маўчаў i ламаў у пальцах пруток. Я пачакаў i невiнавата запытаўся, цi не пакахаў Серж, скажам, маю жонку i цi не хоча ён у гэтым прызнацца. Потым я запэўнiў яго, што трымаюся самых перадавых поглядаў i, калi ў яго са Светаю ўсё дагаворана, я перашкаджаць не буду.
Але Серж узняў на мяне бездапаможныя дакорлiвыя вочы, i я, убачыўшы цёмныя паўмесяцы пад iмi, зразумеў, што жарты не да месца.
– У мяне да цябе дзве просьбы.
– Адразу дзве? Ого! – не здолеў усё-такi ўстрымацца я.
– Ага, адразу дзве. Урэшце, калi ты не хочаш, я магу...
– Хачу, хачу! Лiчы, што я iх ужо выканаў. Толькi кажы хутчэй, у чым праблема.
– Тады, першае, нiчога не расказвай Iрцы. Другое, не перапыняй мяне i не старайся растлумачыць, не даслухаўшы да канца. I ўвогуле, не спяшайся з высновамi. Добра?
Я абяцаў, заiнтрыгаваны такiм пачаткам. Серж адшпурнуў паламаны пруток гэты жэст здаўся мне iстэрычным – i раптам спытаўся з такой дрыготкай у голасе, быццам ад майго адказу залежала ўсё яго жыццё:
– Як ты думаеш, толькi папраўдзе – цi здольны я на рашучыя ўчынкi? Альбо пан, альбо прапаў...
Кажучы па праўдзе, я думаў, што Серж не здольны.
Ён заўсёды лiчыў у глыбiнi душы, што ўвесь свет, як мама, усё даруе, варта толькi сказаць: "Больш не буду".
Ва ўсякiм разе, адзiнаццаць гадоў нашага знаёмства не давалi падставы лiчыць Сержа чалавекам дзеяння, тым больш на ўзроўнi "альбо пан, альбо прапаў". Акрамя таго, ён хваравiта высока цанiў сваё жыццё...
– Не ведаю. Думаю, што здольны, – сказаў я. – Магчыма, проста не трапляўся выпадак.
Мусiць, нават мая бойкая хлусня яго не падбадзёрыла. Серж цяжка ўздыхнуў i пачаў спавядацца.
Аказваецца, учора яны з Iрай самi паўтарылi той шлях, якiм я правёў iх у чэрвенi. Там, дзе крутым зрэзам быў зведзены ў далiну старажытны вал, яны збiралi каля каранёў па пасадках моцныя круглякi-порхаўкi. Праз тыдзень у грыбах быў бы ўжо ржавы пыл, а тады яны былi яшчэ сама раз – "на смак – быццам трасковая пячонка", як аўтарытэтна заявiла Iра.
Сама ж далiна, глыбокая, серпападобная, выклiкала ў iх проста-такi дзiцячае захапленне багаццем палявых шампiньёнаў. У нас, тутэйшых, яны называюцца "пячэрыцы". Шампiньёнаў не трэба было шукаць. Белымi агеньчыкамi ззялi яны ў нiзкай траве, прыметныя нават з процiлеглага схiлу.
На жаль, у сумцы быў толькi адзiн нож на дваiх, а рваць з коранем вопытная Iра не дазваляла, каб не загубiць грыбнiцу. Таму збор вельмi запаволiўся. Вымушаныя рухацца разам, яны амаль дзве гадзiны хадзiлi па схiлах, адразаючы гладкiя, як гумавыя цацкi, грыбы. Зверху да далiны збягалi карчакаватыя яблынi, жоўтыя плады ўжо гарэлi на iх, i здавалася дзiўным, што няма аховы. Не маючы сiлы перамагчы спякоту, павiслi асавелыя яблыкi. Далiна, быццам запоўненая нябачнай стаячай вадой, замерла ў сонным змярцвеннi.
Менавiта тут Iрына ўпершыню выказалася пра фiзiчныя ўласцiвасцi часу: пра тое, што час, паводле сваiх таямнiчых законаў, можа паводзiць сябе, як адчувальная субстанцыя. Хто ведае, цi не ўтварае ён на самай справе нерухомыя ставы ў адных месцах, цi не iмчыцца шалёным патокам у iншых. Прасторавая структура часу. Турбуленцыя, вiхуры, узаемапранiкаючыя слаi – верагодна, недзе ёсць i адваротныя плынi, адбiтыя ад якiх-небудзь запруд... Чаму мы лiчым час нейкiм сумным бесструктурным маналiтам?
– Можа быць, узiмку ляжыць снег, а тут усё так жа горача i растуць шампiньёны, – пажартаваў Серж, мiж iншым, з адчуваннем таго, што жарт няпросты, з падвойным дном.
– Так, так, i на мяжы зiмы ходзiць анёл з вогненным мячом, – падхапiла Iрына, не адчуўшы другога дна.
...Грыбная лiхаманка досыць затрымала iх у дарозе. Захопленыя, яны проста забылiся, што канец жнiўня – не чэрвень: сонца заходзiць значна раней.
Ззаду засталося бураковае поле. Яны заблудзiлiся ў доўгiх, пераблытаных вулiцах сяла, сярод дыхтоўных хат пад шыферам i хлявоў, крытых замшэлым толем. Iм прыязна паказалi дарогу. За сялом Серж выцягнуў з калодзежа вядро вады, такой ядрана свежай, што нiбы ў мароз ламала зубы. Напiўшыся, ён папрасiў жонку аблiць яго i зняў дзеля гэтага кашулю...
Так, спяшаючыся, але не адмаўляючы сабе нi ў якiм уражаннi, яны наблiзiлiся да мэты – грады крутабокiх узгоркаў. Маленькiя сельскiя могiлкi прытулiлiся на самай нiзкай з гэтых страшэнных спiн, а самую высокую ўвенчвала арлiнае гняздо – дзяцiнец гарадзiшча, падобны на Манамахаву шапку. Гэты "кулiч", акружаны кальцавым валам, я ўпершыню паказаў Iры i Сержу здалёк, ад грэбеня далiны шампiньёнаў. Ён вiдзён на дзесяткi вёрст. Цяпер, аплыўшы пад цяжарам шматлiкiх стагоддзяў, дзяцiнец насоўваўся ў адвячоркавай смузе, ахоплены чарамi i вядзьмарствам, – падножжа воблачнага горада, рэрыхаўская цвярдыня, здольная прымусiць трымцець любую рацыянальную душу.
Калi яны, выбраўшы самы пакаты пад'ём, дасягнулi седлавiны ўзгорка, цяжкая шапка ўжо страцiла аб'ём i сiлуэтам прыклеiлася да ультрамарынавага фону. Тут Серж мiмаходам зiрнуў на гадзiннiк i ўбачыў, што ўжо пачатак дзевятай гадзiны.
– Ну i што? – сказала Iра. – Апошнi аўтобус, здаецца, у дваццаць адну дваццаць.
– Давай вернемся, – скурай на лапатках адчуўшы небяспеку, папрасiў Серж. У цемнаце тут вельмi проста ногi зломiш. Акрамя таго, вадзiцель аўтобуса наўрад цi дакладна трымаецца раскладу. Можа i раней паехаць.
– А можа i пазней.
– Гэта наўрад, ехаць няма каму – нядзеля... "Нядзеля" – раптам сказаў выразны голас над вухам у Сержа. Ён палез у нагрудную кiшэню гiмнасцёркi, дастаў блакнот i прачытаў запiсаны сваёю рукою графiк руху аўтобуса: "Адпраўленне з сяла X... – 18.00, 19.30, 21.20. Нядз. i святы – апошнi 19.30". У яго неяк адразу аслаблi навярэджаныя ногi. Сеў у траву.
Вядома, яны маглi спусцiцца i зусiм спакойна заначаваць у X... Ледзь не кожны селянiн з задавальненнем пусцiў бы iх у хату, а гаспадыня дала б павячэраць: густое пахучае малако пад рудою пенкаю, лусты мяккага i сытнага хлеба... I ў вынiку спакойнай ночы на тоўстых утульных сеннiках, мы з Сержам яшчэ незлiчоную колькасць гадоў сустракалiся б i гутарылi аб узвышаным i адцягненым. Але Iры суджана было прадэманставаць, што яна ўжо дык здольная на хуткiя i цвёрдыя рашэннi.
– Не дрэйфi, стары. Няма лiха без дабра. Здаецца, з часоў будатрада не спала на траве, пад адкрытым небам. Давай тут заначуем!
– Проста тут?
– Ага! Я стамiлася страшэнна. А месца якое! Бачыш гваздзiкi?
– Вось iменна, я не ведаю, якое гэта месца...
Iрына з размаху села ў траву i пастукала далонню па зямлi:
– Даставай падсцiлку. Ну? Да ранiцы зямля будзе халодная i мокрая...
Тут Серж перапынiў свой расказ, каб патэтычна ўсклiкнуць, хапаючы мяне за руку.
– I я ж усiм нутром адчуваў, што нельга тут заставацца, а ўсё ж такi застаўся! Ну, цi не баба я? Апошняя баба!
Iрына заснула першая, моцна абняўшы мужа i прыцiснуўшыся да яго ўсiм целам. Яе цёплае дыханне, рытмiчна дакранаючыся да Сержавай шчакi, паступова заваражыла яго...
Ён прачнуўся да рэзкага холаду. Iрына варочалася ў сне, адкацiлася i ляжала цяпер, скруцiўшыся абаранкам, каленi да падбародка, напалову па-за падсцiлкаю. Серж паспрабаваў асцярожна, каб не разбудзiць, перацягнуць яе назад. I раптам пачуў цiхае металiчнае пабразгванне. "Быццам нехта падтрэсваў вязкаю ключоў".
Трывога, якую не развеяў i сон, прымусiла яго замерцi на месцы. Маладзiковая ноч разгарнулася над вышынямi ўзлахмачаных узгоркаў, дражнячы халодным ветрыкам. Толькi па адсутнасцi зораў можна было пазнаць шапку гарадзiшча. Серж падняўся на каленi, потым устаў.
Унiзе, на раўнiне без агнёў, пазнавалiся толькi светлыя плямы сажалак, дарога i многа далей, за масiвамi чорных лясоў, сам гарызонт, абведзены электрычным зарывам Горада. Горад быў недасягальны, як задыякава святло. Ад нябачнай бахчы, дзе перад захадам сонца весялiлася Iра, нагой качаючы слановыя чарапы гарбузоў, нехта ўзбiраўся па схiле, цмокаючы i брынкаючы металам. Жах праняў Сержа да кончыкаў пальцаў, ён ледзь быў не закрычаў на ўвесь голас, але стрымаўся, прыкусiўшы костачкi рукi.
Цяпер ён выразна бачыў, як падымаецца на ўзгорак высокi белы конь, напружыўшы мышцы лапатак i дужай шыi. Конская галава кiвалася пры кожным кроку, падкрэслiваючы, якiх намаганняў каштуе яму пад'ём.
Як i ўсе гараджане, Серж ведаў, як гукаюць сабаку цi кошку, але звяртацца да каня, натуральна, не ўмеў. Таму ён не знайшоў нiчога лепшага, як памахаць рукою, свiснуць i прахрыпець тэатральным шэптам:
– Гэй, ты! Хадзi сюды!..
На здзiўленне, конь спынiўся i натапырыў вушы. Потым павольна павярнуў галаву да Сержа, быццам нечага чакаў.
– Зараз, галубок, зараз, мiлы, – замармытаў ён, вызваляючы сваю сумку з-пад Iрынай нагi, стаў лiхаманкава рыцца ў ёй. Сёння ўдзень яны з Iрынай наелiся булкi з сочывам i таму праiгнаравалi мяшочак цукровага печыва. Ах, як гэта печыва цяпер дарэчы.
Серж абышоў Iру, якая спала, i з мяшочкам у выцягнутай руцэ, з нейкiм супакойлiвым лепятаннем, пайшоў насустрач госцю.
Як толькi ён наблiзiўся ўсутыч, да яго вярнулася цёмнае, непрыемнае пачуццё – небяспека. Конь быў неверагодна прыгожы. Сельскiя працоўныя канякi гэтак не глядзелiся... Узняўшы шыракалобую галаву з раздзьмутымi ноздрамi, фанабэрыста глядзеў з-пад аксамiтных вейкаў даўганогi месячна-белы конь, варты Георгiя Перамоганосца. Капыты яго зграбна прытанцоўвалi, сталёвая пругкасць адчувалася ў круглых бабках. З-за крыжа, акрэсленага, як амфара, выбiваўся пышны, аж да зямлi, снежны хвост. Шыя над магутнымi грудзьмi, з ямачкай пад горлам, нагадвала пра лебедзя i казачнага змея. Конь капрызна страсянуў галавой, i велiчэзная шаўкавiстая грыва, узвiхрыўшыся, застыла на iмгненне, як пры запаволенай кiнапраекцыi. У непраглядных вачах адбiлiся два маладзiкi, надаўшы яго погляду выраз дзiкай неўтаймоўнай волi.
Адступаць было позна. Серж паклаў на руку печыва i падаў яго. Далiкатныя, сухiя, халаднаватыя губы слiзганулi па далонi. Дзiўнай аброццю ўтаймоўвалi гэтага жарабца: пад падбародкам матлялiся, выклiкаючы знаёмы звон, мудрагелiстыя нашараваныя цуглi, на шчоках блiскалi фiгурныя бляхi... Прафесiйнае Сержава вока нават пры скупым месячным святле ўмомант вызначыла бронзу.
Зрэшты, у паводзiнах каня не было нiчога казачнага;
Злiзнуўшы адно печыва, ён стаў абмацваць губамi мяшочак, а калi Серж адняў руку, каб дастаць новую порцыю, нецярплiва застукаў нагой...
Далей Сержаў расказ стаў дзiўны i не вельмi складны. Сябра блытаўся, па некалькi разоў вяртаўся да аднаго i таго ж, змаўкаў, упарта гледзячы сабе пад ногi, i штохвiлiнна то задаваў мне пытанне: "Няўжо так з'язджаюць з глузду?", то малiў не лiчыць яго вар'ятам, таму што "ўсё было так рэальна".
Здаецца, быў нейкi недаступны свядомасцi iмгненны пераход i ноч, поўная ўрачыстай цiшынi канца лета, стала вiльготным няяркiм сакавiцкiм днём. Шлёпалi капыты, распырскваючы калатушу бруднага снегу, хвацкiя воклiчы вершнiкаў перакрывалi ржанне. Коўзаючыся i прысядаючы крыжамi, конi з апаскаю спускалiся па схiле. Кучаравыя даўгавухiя воi, апранутыя ў скуру з грубымi жалезнымi пласцiнамi, у простыя круглыя шлемы, з усяе сiлы нацягвалi павады, i вiселi каля сядла пунсовыя шчыты.
Белы жарабец гарцаваў перад Сержам. Коннiца абыходзiла яго з двух бакоў. Але цяпер д'ябальскi конь быў асядланы, i на iм, боцiкамi ўпiраючыся ў страмёны, сядзела маленькая жанчына-коннiк з вялiкiмi вачыма.
Мяркуючы па ўсiм, уражанне, зробленае ёю на майго сябра, было неверагоднае. Ён называў тую жанчыну "царыцаю", хоць яна была кiмсьцi накшталт камандзiра коннага атрада. Юны твар, круглы i шыракаскулы; лёгкi шрам, якому нос быў абавязаны сваiм задраным кончыкам; неадкрытыя смаляныя валасы да лапатак – забаўка золкага ветру. У яркiх цёмна-карых вачах вясёлае шаленства, напышлiвасць, гарэзлiвасць. Гледзячы на ма ленькiя i абветраныя рукi, якiя ўладна трымалi павады, Серж падумаў, што вершнiцы будзе радасна адным дакладным ударам развалiць плячук ворага. Яна выклiкала страх i вабiла, як маланка. Зверху кальчугi – расхiнутая безрукаўка з сiвае воўчае шкуры, да бронзавага пояса прывешаны меч, якi звужаўся па ўсёй даўжынi.
Жанчына кiнула Сержу адну толькi фразу, кароткую i звонкую, нiбы каманда. Цi то тыя словы былi ўсё-такi падобныя да расейскай мовы, цi то па iншай, толькi пазней угаданай прычыне, але ён зразумеў, што "царыца" паўжартам пагражае яму сваiм гневам, калi падвядуць падковы... Потым яе ўвагу адцягнулi крыкi i рогат воiнаў. Маладзенькi коннiк з тонкай шыяй i недарэчна шырокiмi пад бычынай скурай плячыма, амаль хлопчык, памылiўся i даў шэнкеля на слiзкiм схiле, замест таго каб асадзiць... Iрвануўшыся, конь павалiўся на каленi, i юнак кулём вылецеў з сядла. Пакацiўся шлем, "царыца" фыркнула, нiбы дзеўчанё. Воiны дражнiлi юнака, клiчучы па iменi: "Усясвет, Усясвет!"
Потым жанчына, ужо не цiкавячыся Сержам, абцасамi выцяла каня i стала спускацца разам з усiмi, пагойдваючыся станам. Белабрысы Ўсясвет нязграбна паднiмаўся, абцiраў рукавом гразь з твару. Хтосьцi, праязджаючы, торкнуў яго тупым канцом дзiды, i маладзён выцягнуўся дагары iзноў...
Апамятаўшыся пасля сустрэчы з "царыцаю", Серж выявiў, што i сам апрануты ў цесны сырамятны каптан з нагруднымi пласцiнамi зверху шэрай палатнянай кашулi навыпуск, што за поясам у яго сякерка з доўгiм вузкiм лязом, на пальцы бронзавы пярсцёнак, скураныя штаны ўвабраны ў мяккiя боты накшталт каўказскiх.
Ужо не ўпершыню адчуваючы нядобрае ў гэтым расказе, я запытаўся ў яго: як выглядалi рукавы ў кашулi?
Ён задумаўся на iмгненне i адказаў:
– Доўгiя, з чырвонай вышыўкай – такi двайны радок каля запясця.
– А канцы, канцы рукавоў? Зашпiльвалiся?
– Не, суцэльныя, вельмi цесныя. Калi адзяеш альбо здымаеш, ледзь-ледзь кiсць прасунеш.
Прызнацца, гэтая дэталь уразiла мяне больш, чым усе чары ў Сержавым расказе. Узнаўляючы вопратку жыхароў гарадзiшча, якое належала да вялiкай правабярэжнай культуры, мы бiлiся над шматлiкiмi пытаннямi, у тым лiку – пра зашпiльку рукава. Мастакi, iлюстраваўшы нядаўна вялiкi акадэмiчны зборнiк, старалiся "хаваць" запясцi воiнаў, найчасцей за шчытом... Толькi нядаўна выказалi найбольш абгрунтаванае меркаванне, што кашулю шылi з шырокiм рукавом, якi ўшываўся па руцэ воiна. Серж пра гэта ведаць не мог...
Я змоўчаў. Але, праўду кажучы, пачаў куды больш уважлiва слухаць блытаную аповесць, часцей задаваць пытаннi. Сам таго не ведаючы, Серж ператвараў кучу разрозненых археалагiчных ведаў у гарманiчную, стройную сiстэму, адною без асаблiвай увагi кiнутаю дэталлю ён запаўняў прагалы, якiя дзесяцiгоддзямi мучылi навуковы свет. Мiмаходам разбiў ён многiя гiпотэзы, зноў-такi яму невядомыя, бо адкрытых публiкацый не было. А паасобныя, у тым лiку – о радасць! – i мае, пацвердзiў. Марозам апякала мне спiну, як у Сержа ноччу ад звону аброцi, калi ён пачынаў апiсваць якi-небудзь прадмет збруi, зброi, побыту, нават не ведаючы яго назвы, i пры гэтым выяўляў надзвычайную дакладнасць!
Карацей кажучы, пакуль Серж гаварыў, мае пытаннi былi сур'ёзныя, а адказам я верыў i памiж волi прыкiдваў, якую буру могуць выклiкаць некаторыя адкрыццi...
З'ехаўшы з узгорка, воiны пускалi коней у галоп. З гучным гоманам i посвiстам iмчалiся па мокрай, раз'езджанай капытамi раўнiне. Лебядзiнымi крыламi ўскiдваючы грыву, наводшыбе ад гнядых i буланых слаўся белы гiпагрыф, у думках празваны Сержам "Машынай часу". Можна было разабраць, як кучаравяцца чорныя валасы маленькай амазонкi i сонца ўспыхвае на яе поясе...
Правёўшы яе вачыма да голага, чорнага, як на гравюры, лесу, дзе ў далёкай будучынi ўзнiкне сяло Х..., Серж адвярнуўся i ўпэўнена пайшоў да брамы. Яшчэ колькi крокаў, i ён убачыў скучаны, як чараду куранятаў пад крылом у квахтухi, дымны горад. Дымiла зборышча двухсхiльных дахаў, якiя раслi проста з зямлi. У велiзарнай калюжыне пэцкалiся дзецi, ухутаная баба цягнула вядро з калодзежа. На тым канцы сяла палiлi салому ў яме – мабыць, дзеля ганчарскiх патрэб. Серж знайшоў вачамi сваю хату i ўспомнiў, што абяцаў малодшым братам засекчы сёння пеўня. Што ж, ён быў кавалём i ювелiрам, i яго прызначылi ў коннiцу рэзерву на той выпадак, калi атрад будзе разбiты i давядзецца абараняць падыходы да гарадзiшча.
Мне здалося, што я нечага не ўлавiў. Серж растлумачыў, што, пачынаючы з моманту, калi ён абмацаў на сабе скураны даспех, ён несупынна адчуваў нейкае раздваенне свядомасцi. Прычым асоба Сяргея Iўчанкi, металафiзiка XX стагоддзя, саступiла ў цень, толькi кантралюючы душу архаiчнага славянiна – маладога каваля i кармiцеля шматдзетнай сям'i, да самазабыцця закаханага ў "царыцу". Бадай, менавiта бяздзейнасць асабiстых пачуццяў зберагла ў першыя часы майго сябра ад жаху перад адлегласцю ў шмат стагоддзяў памiж жыццём цяперашнiм i мiнулым...
Такiм чынам, чалавек з двайною свядомасцю, расплюхваючы ботамi дарожную гразь, увайшоў у агароджу з масiўных завостраных калодаў. На круглым цэнтральным насыпе тырчалi нязграбна вычасаныя, рознай вышынi кумiры, быццам сям'я апенькаў на пнi: зубы ўстаўлены сапраўдныя, мядзведжыя, вочы абведзены кругамi вохры.
Брама ахоўвалася. Серж (ён бо каваль) перакiнуўся салёным жартам з вартавымi. Розум кантраляваў майго сябра, але ўлоўлiваў, аднак, не столькi мову, колькi агульны сэнс i настрой.
Здаецца, што шустры воiн рэзерву ледзь не да захаду сонца жлукцiў са збана хмельнае пiва пад павеццю, заядаў хлебам з часнаком, гуляў з таварышамi ў косцi ды бегаў да агароджы па малой патрэбе, бо пiва было выпiта вельмi многа. (Як я i меркаваў, гулялi на iншаземныя срэбныя манеты.) Маладзейшыя воiны гарачылiся, хапалi адзiн аднаго загрудкi; старэйшыя, час ад часу выцiскаючы хмель з доўгiх вусоў, трымалiся спакойна i разважлiва, нават калi прайгравалi. З iх пахвальбы ў застоллi Серж зразумеў, што каваль ужо не раз панюхаў крывi дзёрзкiх качэўнiкаў: сякерай выбiваў iх з сядла, калоў кiнжалам, стрэламi тапiў плыўцоў. Дачакалiся вясны, зноў набеглi – дык што ж, павесялiмся як мае быць...
Урэшце, бойку пачалi менавiта старэйшыя.
Руды рымар абвiнавацiў паважнага хлебапёка ў махлярстве i запусцiў у яго iгральныя косцi. Хлебапёк няспешна адцiснуў пiва з доўгiх вусоў – i раптам каршуном кiнуўся на крыўдзiцеля. Абодва пакацiлiся па земляной падлозе. У гэты момант з дзiкiм крыкам на ўпараным канi падляцеў вястун...
Прыйшла Сержава чарга спускацца на рослым гнядым жарабцы па слiзкiм схiле, левай рукой з наматанымi павадамi трымаючы дзяржальна чырвонага шчыта, праваю сутаргава сцiскаючы тапарышча.
Вiр конскiх i людскiх цел, уздымаючы пырскi снежнай калатушы, кiпеў на раўнiне, але няўхiльна перасоўваўся да ўзгоркаў. Гняды Сержаў конь сам прыбавiў хады. Плясканне соцень капытоў, iстэрычнае ржанне сталi аглушальнымi. Мiльгацелi чырвоныя плямы шчытоў. Абаронцы гарадзiшча маўчалi i толькi рэзка хакалi, выкiдваючы паветра пры ўдары, – затое стэпавiкi, якiя адцяснялi невялiкi атрад, старалiся запалохаць яго, шалёна равучы.
Гэты страшны вiр разбiўся на асобныя паядынкi. Напэўна, нервы ў Сержа як у гараджанiна атамнай эпохi не вытрымалi б вiхравага наскоку двух вiскучых малайцоў са старэчымi тварамi тытунёвага колеру, абвешаных лiсiнымi хвастамi. Але Серж-каваль, п'яны ад крыважэрнага азарту, падняў гнядога на дыбкi, i той сваёй масай павалiў прысадзiстага стэпавага конiка... Штосьцi захрабусцела i правалiлася пад капытамi... Правым повадам ён завярнуў каня на месцы i паспеў шчытом адбiць шаблю другога працiўнiка.
Потым iнтэлiгентны двайнiк з дваццатага стагоддзя, вiдаць, упершыню перайшоў ад кантролю даўмяшання ў душэўны лад каваля. Да тае пары сумленны прашчур i не здагадваўся, каго ён цягае ў сваiм хударлявым мускулiстым целе. Не лязом, а чамусьцi бокам упала, дрыгануўшы, сякера на малахай стэпавiка. Аглушаны, быццам заснуўшы на хаду, той торкнуўся носам у грудзi.
Баюся, што прычынай усёй пазнейшай трагедыi, а значыць, i знiкнення Сержа праз месяц, было абвостранае пачуццё самазахавання майго сябра. Узяўшы на нейкi час лейцы свядомасцi, каваль волатаўскiм наскокам прабiўся на гарачую лiнiю, дзе нашым удалося згуртавацца i стрымлiваць нацiск асноўных сiлаў качэўнiкаў. Там, з тварам, аблепленым мокрымi валасамi, адчайна секлася маладзенькая "царыца". Серж бачыў, як ададзьмула яна з губ непакорную мокрую пасму i зноў, прыкрываючыся знявечаным шчытом, наводмаш выкiдала тонкi меч. Пунсовыя кроплi, пунсовыя ручаi змешвалiся з патокамi гразi на малочнай скуры яе каня.
Раптам некалькi стэпавых канякаў разам спатыкнулiся, спалохана заржалi i пайшлi бокам, штурхаючы адна адну. Гэта навалiўся натоўп стэпавiкоў, якiя да гэтага часу не ўдзельнiчалi ў баi: такая была скучанасць працiўнiкаў вакол адчайнай дзяўчыны...
Яе акружылi з дружным вiскам, засланiлi лесам дзiдаў, калматымi прысадзiстымi спiнамi, шапкамi. Спатыкнуўся i ледзь не па-чалавечы крыкнуў белы конь...
О час, капрызны час! Навошта ўкаранiў ты ў простую i смелую душу закаханага воiна чужыя, распешчаныя, эгаiстычныя пачуццi далёкага нашчадка? Ужо магутны гняды скакун, як угневаны бог – заступнiк гарадзiшча, уварваўся ў гурт стэпавiкоў. Ужо павярнулiся дзiкiя потныя твары пад малахаямi i кавалёва сякера жудасна трэснула па чыiмсьцi пераноссi. Ужо ляцелi насустрач, скрозь блытанiну чорных валасоў, раскрытыя ў захапленнi карыя вочы. Якая падзяка была ў iх, якое абяцаннеi Яна ўсмiхалася яму, яна тоненька крычала – ужо без шчыта з крывавай ранай пад левым вухам.