Текст книги "Мiкiта ў краiне пацукоў (на белорусском языке)"
Автор книги: Андрей Геращенко
Жанр:
Научная фантастика
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Геращенко Андрей
Мiкiта ў краiне пацукоў (на белорусском языке)
Андрэй Герашчанка
(г.Вiцебск)
Мiкiта ў краiне пацукоў
(п'еса-казка ў дзвух дзеях, шасцi карцiнах)
Дзеючыя асобы:
Мiкiта – хлопчык, 6 гадоў.
Алена Васiльеўна – мацi Мiкiты, 30 гадоў.
Алена Анатольеўна – настаўнiца Мiкiты, 30 гадоў.
Томiс – шэра-паласаты кот Мiкiты.
Пацучын Пяты – цар пацукоў.
Кароткi – маленькi пацук-ахоўнiк.
Доўгi – вялiкi пацук-ахоўнiк.
Пiскля – пiсклявы пацук.
Сур'ёзны – пацук-генрал з грубым голасам.
Тлусты – пацук.
Мiлiцыянер.
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
КАРЦIНА ПЕРШАЯ
Звычайная гарадская кватэра. Хлопчык спiць на ложку. У другiм баку на крэсле скруцiўся кот. У пакой уваходзiць мацi.
МАЦI: Мiкiта! Уставай хутчэй – трэба iсцi ў дзiцячы садок. Уставай, сынок!
Мiкiта працягвае спаць. Кот расплюшчвае вочы i пацягваецца.
КОТ: Ну вось – iзноў яго нельга пабудзiць! Гэта ўсё з-за таго, што ўчора тэлевiзар глядзеў. Нiякай сур'ёзнасцi няма, а сам ужо досыць вялiкi!
МАЦI: Мiкiта! Каму я кажу?!
Мацi падыходзе да ложка i пачынае асцярожна штурхаць сына.
МАЦI: Мiкiта, сынок, прачынайся! Усе дзеткi ўжо ў дзiцячы садок пайшлi, а ты ўсё яшчэ спiш! Зусiм ты ў мяне яшчэ маленькi – нiчога не разумееш!
Мiкiта незадаволена ўзнiмаецца i сядае.
МIКIТА: Нiякi я не маленькi! Хто гэта кажа, што я маленькi?! Я ўжо вялiкi – нават у "нулявым" класе вучуся!
МАЦI: Тым больш! Уставай, калi вялiкi!
МIКIТА: Уставай, уставай! А я жадаю спаць!
МАЦI: Усе дзеткi ўжо ўсталi.
МIКIТА: Ну i няхай! А я не жадаю рабiць, як усе!
Мацi падае сыну адзенне.
МАЦI: Вось – апранайся хутчэй, сынок.
Мiкiта незадаволена скiдвае адзенне на падлогу.
МIКIТА: Сама мяне апранай! Не жадаю апранацца!
МАЦI: Ты ж сам казаў, што вялiкi, а вялiкiя дзецi самi апранаюцца.
Мацi падымае адзенне з падлогi i зноў падае яго Мiкiту.
МАЦI: Вось – апранайся.
Мiкiта незадаволена разглядае адзенне, задам наперад апранае сарочку, а потым, наогул, нацягвае но ногi свiтар i спаўзае з ложка.
ТОМIС: Яшчэ кажа, што вялiкi, а на самой справе самастойна нават апрануцца не ў стане. Трэба было ўжо i штаны на галаву нацягнуць.
Мiкiта разгублена аглядае сябе i пачынае громка плакаць.
МIКIТА: У-у-у-у! У-у-у-у! Я казаў, што не змагу сам апрануцца! У-у-у! Вось, бачыш – нiчога не атрымалася! У-у-у!
МАЦI: Як табе не сорамна, сынок – ты ж такi вялiкi?! Глядзi – нават наш Томiс нешта мяўкае. Напэўна, з цябе смяецца.
ТОМIС: Як жа – смяецца. Тут асаблiва не да смеху. Тут плакаць трэба. Вырас лайдак – нават, апрануцца не ў стане.
МIКIТА: Яшчэ i гэты Томiс. Чаго раскаўкаўся?! А ну – прэч адсюль!
Мiкiта шпурляе ў ката падушкай. Томiс iмклiва ўскоквае, верашчыць i хаваецца за крэслам. Мiкiта перастае плакаць i задаволена рагоча.
МIКIТА: Ха-ха-ха! Што – атрымаў, кашак?!
МАЦI: Нельга крыўдзiць Томiса! Гэта дрэнна.
МIКIТА: Хай не каўкае пад руку. У яго вельмi брыдкi голас.
ТОМIС: У цябе ў самога брыдкi – быццам пацук з нары выпаўз i нешта пiшчыць.
Мiкiта зноў аглядае сябе i пачынае плакаць. Томiс асцярожна выглядае з-за крэсла i, пабачыўшы, што Мiкiта не звяртае на яго ўвагi, зноў уладкоўваецца на старым месцы.
МIКIТА: У-у-у-у! А-а-а-а! Мама, апранай мяне, а то ў дзiцячы садок спазнiмся!
МАЦI: Ты ж, Мiкiта, толькi што не жадаў ў садок iсцi?!
МIКIТА: А цяпер – жадаю! А цяпер – жадаю! Апранай мяне хутчэй!
Мацi садзiцца побач з Мiкiтам i пачынае дапамагаць яму апранацца.
ТОМIС: Вось лайдак – усё ж такi прымусiў мацi, каб яна яго апранала!
МАЦI: Глядзi, Мiкiта – сёння трэба сябе добра паводзiць. Учора выхавацелька казала, што ты кiнуў у твар Юру брудным мячом.
МIКIТА: Хай не абзываецца рознымi крыўднымi мянушкамi!
МАЦI: Ты зразумеў мяне, Мiкiта?!
Мiкiта ўздыхае i разводзе рукi ў бакi.
МIКIТА: Зразумеў.
ТОМIС: Як жа – зразумеў ён! Напэўна, сёння таксама што-небудзь шкоднае зробiць.
Мiкiта незадаволена глядзiць у бок ката.
МIКIТА: I што гэта сёння Томiс раскаўкаўся?!
МАЦI: Напэўна, ён есцi жадае. Зараз я яму што-небудзь дам, калi цябе адвяду ў садок.
Нарэшце, Мiкiта з вялiкай дапамогай мацi апранаецца i яны iдуць да дзвярэй. Калi Мiкiта праходзе побач з крэслам, на якiм сядзiць Томiс, ён нечакана заўважае, што на падлогу звешваецца хвост ката. Мiкiта наўмысна наступае на хвост нагой. Кот шалёна крычыць.
ТОМIС: Мя-я-у-у-у!
МАЦI: Ну, калi гэта скончыцца?! Навошта ты стаў яму на хвост?!
Мацi некалькi разоў пляскае далонню Мiкiту нiжэй спiны i яны знiкаюць са сцэны. Чуецца плач i крык.
МIКIТА: За што?! У-у-у-у! Я нiчога не зрабiў!
КАРЦIНА ДРУГАЯ
У левай частцы сцэны гардэроб "нулёвага" класа у дзiцячым садку. Навокал – шафкi для адзення дзяцей. У правай – непрыемны, цёмны, жахлiвы чулан, дзе захоўваюцца розныя рыдлёўкi, граблi, вёдры i iншы гаспадарчы iнвентар. Левая i правая часткi сцэны падзелены перагародкай з дзвярамi. Настаўнiца праглядае шафкi i размаўляе сама з сабой.
НАСТАЎНIЦА: Зноў кагосцi няма. Але каго?
Расчыняе пустую шафку.
НАСТАЎНIЦА: Так i ёсць – няма Мiкiты. Зноў, як i звычайна, ён спазняецца.
З-за левых кулiс з'яўляюцца Мiкiта i яго мацi. Мацi трымае Мiкiту за руку i амаль цягне сына за сабой. Мiкiта ўпiраецца нагамi ў падлогу.
МIКIТА: Я ж казаў табе – у групе нiкога няма! Напэўна, дзецi на двары займаюцца зарадкай.
Мацi, убачыўшы настаўнiцу, разгублена спыняецца.
МАЦI: Добрай ранiцы, Алена Анатольеўна. Прабачце – мы зноў спазнiлiся.
МIКIТА: Я ж казаў, што дзецi на двары!
НАСТАЎНIЦА: Добрай ранiцы, Алена Васiльеўна. А ты, Мiкiта, не маеш жадання са мной павiтацца?
МIКIТА: Добрай ранiцы! А дзецi на двары?
НАСТАЎНIЦА: Добрай ранiцы! Дзецi ў музычнай зале. Але зараз я прывяду iх ў клас. Так што, Мiкiта, распранайся – на зарадку ты ўсё роўна спазнiўся. Хутка будзем снедаць.
МIКIТА: Мама, дапамажы!
НАСТАЎНIЦА: Што гэта за "дапамажы"?! Ты ўжо школьнiк, Мiкiта i павiнен усё рабiць самастойна. А вы, Алена Васiльеўна, лепей iдзiце дадому – хай Мiкiта да самастойнасцi прывыкае.
МАЦI: Добра. Ну, бывай, сынок – увечары цябе тата забярэ.
Настаўнiца i мацi знiкаюць за левымi кулiсамi. Мiкiта застаецца адзiн i сядае на лаўку ля сваёй шафкi.
МIКIТА: I Алена Анатольеўна туды ж – хай сам апранаецца! Хай сам апранаецца! Кiнулi цяпер тут мяне аднаго. Хiба так добра? А вось вазьму i збягу куды небудзь! Дадому, напрыклад. А то i, наогул, з горада. Тады будуць шукаць i шкадаваць. Абавязкова будуць! Магчыма – i сапраўды збегчы?!
Мiкiта падыходзе да дзвярэй у каморку i прыслухоўваецца.
МIКIТА: Нiчога не чуваць. Зараз залезу туды i схаваюсь. Хай тады шукаюць. Але ж... Алена Анатольеўна казала, што гэтая каморка – чароўная i ў ёй жыве цар пацукоў. Усё гэта – жартачкi для маленькiх! Няма там анiякiх чараўнiкоў! А што, калi i сапраўды тут схавацца?! Хай сабе шукаюць! Але ж... Цара пацукоў няма, але самi пацукi, мабыць, i ёсць. Аднак, яны ж маленькiя як дам палкай, дык даведаюцца, як мяне палохаць! Томiс мяне палохаецца, а ён жа мацнейшы за пацукоў?! I яны спалохаюцца.
З-за сцэны чуецца дзiцячы гоман i голас Алены Анатольеўны.
НАСТАЎНIЦА: Цiшэй, дзецi, цiшэй. Зараз усiм трэба будзе памыць рукi хутка сняданак!
МIКIТА: Трэба хавацца – iдуць!
Мiкiта адчыняе дзверы ў каморку напалову i, прасунуўшы галаву, прыслухоўваецца.
МIКIТА: Цiха – мабыць, нiкога тут няма. Хай пашукаюць!
Мiкiта адчыняе дзверы i, хуценька прасклiзнуўшы ў каморку, зноў зачыняе iх за сабой. Гучыць жудасны грукат i ўся сцэна апынаецца ў цемры, якую прарэзваюць хуткiя блiкi святла. Чуюцца жахлiвыя крыкi дзяцей i Алены Анатольеўны. Потым наступае цiшыня, а цемра становiцца поўнай. У гэты час дэкарацыi левай часткi сцэны хаваюцца i ўся сцэна ператвараецца ў каморку. Дзверы, якiя раней падзялялi сцэну на часткi, цяпер знаходзяцца ў глыбiнi. Пачынае крыху свiтаць. Мiкiта ў тым самым адзеннi, але ў яго пацучыная галава i пацучыны хвост. Ён, не заўважаючы гэтага, марудна крочыць па каморцы, выцягнуўшы наперад рукi.
МIКIТА: Што гэта нiкога не чуваць?! Нi дзяцей нi чутна, нi Алены Анатольеўны?! I чаму гэта яны так крычалi? Схаваюсь я лепей за гэтымi рыдлёўкамi.
Мiкiта прысядае ля сцяны за нейкiмi рыдлёўкамi.
МIКIТА: Што гэта мяне нiхто не шукае?! Няўжо нiкому не цiкава, куды я трапiў? А яшчэ кажуць, што яны пра дзяцей клапоцяцца! Вось няма мяне i нiкому спраў да гэтага таксама няма! I есцi хочацца! Зараз жа сняданак. А тут халодна i... страшна. Лепей вылезу.
Мiкiта выходзе з-за рыдлёвак i iдзе ў левы бок сцэны.
МIКIТА: Якой вялiкай стала каморка! А дзверы дзе? Няма?
Мiкiта глядзiць навокал i толькi тут заўважае, што дзверы зусiм у iншым месцы.
МIКIТА: Яны ж, здаецца, не тут былi?! Вой, нешта мне зусiм страшна!
Мiкiта падыходзе да дзвярэй, расчыняе iх, але бачыць толькi цагляную сцяну.
МIКIТА: Дзе я?! Пi-пi. Што са мной здарылася?!
Мiкiта хапаецца рукамi за галаву i крычыць яшчэ больш громка.
МIКIТА: Што ў мяне з галавой?! У мяне на твары поўсць?! I хвост! У мяне з'явiўся пацучыны хвост. Я ператварыўся ў брыдкага пацука! А-а-а! У-у-у!
Мiкiта пачынае скакаць i лямантаваць, стукаючы ў сцяну за дзвярамi.
МIКIТА: У-у-у! Мама, Алена Анатольеўна, дзецi – ратуйце мяне! Мяне ператварылi ў пацука злыя чараўнiкi! Хутчэй! У-у-у! Хто небудзь дапамажыце!
Кладка з цэглы нечакана знiкае i з'яўляецца праход, з якога льецца таямнiчы свет i выпаўзаюць клубы дыму. Успыхваюць рознакаляровыя лiхтарыкi. Мiкiта з плачам iдзе прама ў дым i знiкае са сцэны.
КАРЦIНА ТРЭЦЯЯ
Падзямелле. У левым баку на велiзарнай павуцiне гойдаецца вялiзны павук. Мiкiта, у якога галава i хвост пацука, асцярожна крочыць наперад i час ад часу пiльна сочыць за паводзiнамi павука.
МIКIТА: Бр-р-р – якая брыдота! Нiколi не бачыў такога вялiкага павука! Што са мной здарылася? Магчыма i сапраўды зачаравалi, а магчыма – гэта толькi сон. Толькi жудасны сон. I есцi хочацца.
Мiкiта сядае на падлогу i зноў спрабуе ахапiць рукамi галаву, але, дакрануўшыся да поўсцi, зноў пачынае плакаць.
МIКIТА: Зноў гэтая поўсць. Пi-пi-пi. Я ўжо i пiшчэць пачаў, як пацук. Чаму "як"? Я i на самой справе пацук – брыдкi, шэры пацук!
У глыбiнi сцэны чуецца нейкае варушэнне. Даносiцца чыйсцi пiсклявы голас.
ГОЛАС: Хто гэта тут лаецца на пацукоў?! Хiба не ведае, пi-пi-пi, што пацукi – гаспадары падземнага царства?!
Мiкiта перастае плакаць i хуценька ўскоквае на ногi i з жахам азiраецца навокал.
МIКIТА: Хто тут? Пi-пi-пi. Чый гэта голас?
ГОЛАС: Пi-пi-пi. Чаго ты дражнiшся? Зараз пабачыш, чый!
На сцэне з'яўляецца пацук, амаль такой жа велiчынi, як i Мiкiта. Пацук здзiўлена аглядае Мiкiту.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта ж пацук! Сапраўдны пацук!
МIКIТА: Хто пацук?
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ты пацук!
МIКIТА: Сам ты пацук!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вядома ж – я пацук! А ты хто – магчыма, кот?! Чаму маўчыш? Нiколi не бачыў такога дзiўнага пацука.
Пiсклявы пацук з цiкаўнасцю разглядае Мiкiту з усiх бакоў i асцярожна абыходзе вакол яго.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Нешта раней я цябе нiколi тут не бачыў. Ты адкуль? Напэўна, не з нашых нор? Дзе ты жывеш?
МIКIТА: Я у хаце жыву – у кватэры на чацвёртым паверсе. Мой дом ля дзiцячага садка.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ведаю я гэты дом. У iм цяжка жывецца нашаму брату-пацуку. I атруту розную ўвесь час сыплюць, i кот жудасны жыве – людзi яго, пi-пi-пi, Томiсам завуць. Такi вялiзны, злы кот. Шэра-паласаты. Ты яго бачыў?
МIКIТА: Вядома ж, бачыў – гэта мой кот.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як гэта – твой? Пi-пi-пi.
МIКIТА: Ён у маёй кватэры жыве. Пi-пi.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вой, ратуйце мяне – зараз лопну ад смеху. Твой кот! Ты, часам, не з'еў атруты для пацукоў?
Мiкiта звяртаецца да гледачоў.
МIКIТА: Трэба пакуль нiчога не тлумачыць пра тое, што я – не пацук. Усё роўна ён мне не паверыць. Трэба прыгледзiцца пакуль, што да чаго, а пасля, магчыма, нешта i будзе. Хутчэй за ўсё, проста прачнуся на сваiм ложку, бо гэта абавязкова павiнен быць сон – на самой справе дзецi ў пацукоў не ператвараюцца.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Што ты там сабе пiшчыш пад нос – нiчога не чуваць?! Я пытаюся, цi не з'еў ты атруту для пацукоў?
МIКIТА: Не еў я нiякай атруты. А вось нешта з'есцi i сапраўды было б неблага. Толькi што тут знойдзеш?!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта табе не нейкi там дом цi кватэра! Тут ежы – колькi хочаш. Мы зараз як раз пад кухняй дзiцячага садка. Але... Дай ка я пагляжу навокал больш пiльна.
Пiсклявы пацук уважлiва аглядае усё навокал i раптам, заўважыўшы павука, некалькi разоў задаволена падскоквае ўверх.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Глядзi, што я знайшоў!
МIКIТА: Бачыў я гэтага павука. Якая брыдота! Нiколi раней нiдзе такiх вялiкiх не сустракаў.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вядома – гэта табе не кватэра! Вось i паснедаем. Я, канешне ж, мог з'есцi яго i сам, бо я яго знайшоў, але ж... Ты якi-нiякi, а госць, а я, як гаспадар, павiнен цябе частаваць. Ну – iдзi, еш!
МIКIТА: Каго есцi?!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як каго?! Не мяне ж, вядома! Iдзi да павука!
МIКIТА: Есцi павука?! Але ж ён такi брыдкi!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Я яму прапаную ледзь не лепшую ежу, я ён, пi-пi, яшчэ носам круцiць! Не, ты ўсё ж такi атруцiўся атрутай для пацукоў. Яна нас зусiм дурнымi робiць.
МIКIТА: Нiчым я не атручваўся. Мне не падабаюцца павукi.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Выбачай – сыру няма.
Пiсклявы пацук асцярожна падыходзе да павуцiны, з якой звешваецца павук. Раптоўна кiдаецца наперад i, злавiўшы павука, пачынае з хрумканнем яго есцi.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як смачна! Вельмi смачна! Пi-пi-пi! Ням-ням-ням!
МIКIТА: Якая дрэнь – вочы б мае не бачылi!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi. Ням-ням-ням. Ну i дурань! Ням-ням-ням.
Мiкiта сядае на падлогу i зноў пачынае плакаць.
МIКIТА: Хачу дадому! Мама, дзе ты?! Расчаруй мяне!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi-хi-хi! Зусiм дурны! Ням-ням-ням!
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
КАРЦIНА ЧАЦВЁРТАЯ
Пiсклявы пацук i Мiкiта сядзяць на падлозе у левым баку сцэны. Гучыць трывожная музыка. Пачынаюць зiхацець рознакаляровыя лiхтарыкi.
МIКIТА: Што гэта?
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Сюды iдзе наш цар – Пацучын Пяты.
МIКIТА: Ёе таксама пацук?
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ну вядома ж! А ты што – разлiчваў, што ў нас царом кот?
МIКIТА: Не... Я...
З-за правых кулiс з'яўляецца вельмi высокi пацук, якi трымае ў руках вялiзную сякеру.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта Доўгi – адзiн з ахоўнiкаў Пацучына Пятага.
ДОЎГI: Хто тут ёсць?! Дайце шлях цару пацукоў – Пацучыну Пятаму!
Услед за Доўгiм з'яўляецца Пацучын Пяты – вялiзны i вельмi тлусты пацук. У яго на галаве – царская карона, а за плечмi – царская мантыя.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта сам Пацучын Пяты.
За царом з'яўляецца вельмi маленькi пацук, таксама з сякерай у руках.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта Кароткi. Ён – самы маленькi пацук, якiх я толькi бачыў. Некаторыя, нават, распускалi плёткi, што ён не пацук, а мыш, але ўсё гэта – хлусня! Ён сапраўдны пацук.
ДОЎГI: Хто тут – адкажыце?!
Кароткi пераганяе цара i выстаўляе наперад сякеру.
КАРОТКI: Ну – каго пытаюць?! А то зараз на кавалкi разрубiм!
Пiсклявы пацук хуценька ўзнiмаецца з месца.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Гэта я – Пiскля. Пi-пi-пi.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А з табой хто? Пi?
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi. Гэта пацук з суседняга дома. З тога самага, дзе жыве Томiс. Ён, наогул, нейкi дурны – мабыць, атруцiўся пацучынай атрутай.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Падвядзi яго да мяне – я жадаю лепш разгледзiць.
Пiсклявы пацук штурхае ў бок Мiкiту.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Уставай хутчэй – Пацучын Пяты вельмi злуецца, калi яму даводзiцца чакаць.
Мiкiта ўзнiмаецца з падлогi i разам з пiсклявым пацуком падыходзе блiжэй да Пацучына Пятага. Ахоўнiкi перагароджваюць шлях, скрэслiўшы перад iмi сякеры.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Дазваляю падыйсцi блiжэй – я жадаю больш уважлiва разгледзiць пацука з суседняга дома. Да таго ж, лiчу, што ён прыйшоў да нас не выпадкова. Лiчу, што гэта знак, таямнiчы знак, якi сведчыць, што хутка мы пераможам Томiса.
Ахова дае праход. Пiсклявы пацук i Мiкiта апынаюцца перад самым Пацучынам Пятым.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну, дазваляю табе паведамiць, хто ты i адкуль тут з'явiўся. Пi-пi.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi-пi. Ён...
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Я ў цябе не пытаюся, так што пакуль памаўчы. Прэч адсюль – пастой там!
Высокi стражнiк хапае пiсклявага пацука за каўнер i цягне ў другi бок сцэны. Маленькi ахоўнiк сякерай паколвае яго нiжэй спiны. Пiсклявы пацук ад кожнага ўкола вiшчыць i высока падскоквае.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Вой, што гэта?! Вой, прабачце! Пi-пi-пi! Вой, балюча!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну ўсё – хопiць! Пакiньце яго – у мяне ад гэтага ляманта ўжо галава балiць! Маўчаць!
Вялiкi i маленькi ахоўнiкi па чарзе стукаюць бакавой паверхняй сякер па галаве пiскляваму пацуку, той валiцца на падлогу i навокал усталёўваецца цiшыня.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну вось, нарэшце – цiшыня. Дык хто ты i адкуль сюды трапiў?
Мiкiта паварочваецца да гледачоў.
МIКIТА: Што рабiць?! Калi адкажу праўду, Пацучын Пяты нiколi не паверыць, ды яшчэ загадае, каб са мной зрабiлi тое ж самае, што з гэтым пiсклявым пацуком. Лепей буду хлусiць.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну – я не чую адказу?!
Пiсклявы пацук узнiмае галаву з падлогi, абмацоўвае яе рукамi i крычыць.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Ён атруцiўся атрутай для пацукоў!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ты iзноў?!
Ахоўнiкi iзноў стукаюць па чарзе бакавымi паверхнямi сякер па галаве пiскляваму пацуку i ён валiцца на падлогу, страцiўшы прытомнасць.
МIКIТА: Я – пацук Мiкiта. Я жыву ў доме, якi насупраць дзiцячага садка.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Дык ты сапраўды з гэтага дома?
МIКIТА: Так – з гэтага.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А жудаснага Томiса бачыў?
МIКIТА: Бачыў.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А шлях да свайго дома добра ведаеш?
МIКIТА: Добра.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Павядзеш маё войска, каб яно не заблукала.
Пiсклявы пацук iзноў узнiмае галаву i спрабуе нешта сказаць.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi.
Ахоўнiкi ўзнiмаюць сякеры над галавой, але Пацучын Пяты перапыняе iх жэстам.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Хопiць глупствам займацца – загадваю збiраць войска! Я ўсё вырашыў – сёння наша войска выступае ў паход супраць жудаснага Томiса! Хопiць яму над намi здеквацца!
КАРЦIНА ПЯТАЯ
На сцэне – той жа склеп, але на iм – трыбуна са сцягам, на якiм намалявана пацучыная пыса. На трыбуне стаiць Пацучын Пяты. Па абодва бакi ад трыбуны – ахова з сякерамi. Крыху далей – войска, якое складаецца з Мiкiты, пiсклявага пацука, вельмi тлустага пацука (якi вельмi падобны па тлустасцi на самога Пацучына Пятага) i яшчэ аднаго пацука. Ва ўсiх чатырох пацукоў шчыты i дубiнкi. Чуецца грукат барабанаў. Пацучын Пяты ўзнiмае руку ўверх i ўсталёўваецца цiшыня.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Салдаты! Пi-пi-пi! Сёння вы накiраваны маiм загадам у вялiкi паход – вам будзе трэба перамагчы нашага самага галоўнага ворага шэра-паласатага ката Томiса. Калi вы яго пераможыце, вы атрымаеце вялiкую падзяку ад мяне i ўзнагароду – два кавалкi сыру. Не... Адзiн кавалак сыру... Не... Ну, наогул, нешта атрымаеце! Лепей гэта будзе нечаканы сюрпрыз. Пi-пi.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: А калi не пераможам? Пi-пi.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А калi не пераможыце, то шэра-паласаты Томiс сажрэ вас. Вось i ўсё! Гы-гы-гы! Так што, пi-пi, прыйдзецца перамагаць. Да таго ж – з намi пацук Мiкiта – ён жыве ў тым жа доме, што i Томiс i пазнаёмiць нас з патаемным шляхам. Для таго, каб вы лепш выканалi мой загад, я вырашыў прызначыць генерала, якi будзе кiраваць войскам. Генералам будзе...
Зноў чуецца грукат барабанаў. Пацукi пачынаюць цягнуць уверх рукi i перакрыкваць адзiн аднаго.
ТЛУСТЫ: Дазвольце мне?!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Я буду генералам! Я!
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Пi-пi! Я!
Адзiн Мiкiта моўчкi стаiць i чакае, чым усё гэта скончыцца.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Я прызначаю генералам Сур'ёзнага пацука!
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дзякуй за вялiкi давер!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Усе на вайну! Адразу! Загадваю iсцi зараз! Пытаннi ёсць?
ПАЦУК З ГРУБЫМ ГОЛАСАМ: Дазвольце мне ўзяць сякеру ў аднаго з ахоўнiкаў. I шлем таксама – я ж генерал!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Кароткi, аддай свой шлем. А вось сякеру браць нельга яна, магчыма, спатрэбiцца для маёй аховы.
Пацук з грубым голасам, якога прызначылi генералам, забiрае ў маленькага пацука-ахоўнiка шлем i гучна крычыць.
ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!
Першым iдзе Мiкiта, за iм – тлусты пацук, потым пiсклявы i апошнiм генерал. Пацучын Пяты незадаволена глядзiць на сваё войска.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Стой!
ПАЦУК-ГЕНЕРАЛ: Стой!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Трэба iнакш iсцi. Першым няхай iдзе Мiкiта, за iм Пiскля, пасля генерал i апошнiм – Тлусты.
ГЕНЕРАЛ: Але ж, калi Тлусты пойдзе апошнiм, ён можа закрыць нару i калi на нас кiнецца кот, у нас не будзе магчымасцi збегчы.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Вось i добра – не трэба, каб вы пра ўцёкi думалi. Трэба думаць пра перамогу. Сетку ўзялi?
ГЕНЕРАЛ: Узялi.
Пацук-генерал дастае сетку i паказвае цару, а потым зноў яе хавае.
МIКIТА: А навошта сетка?
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Як гэта – навошта?! Гэтай сеткай мы зловiм Томiса.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ну, чаму стаiцё, як пнi – хутчэй наперад?!
ГЕНЕРАЛ: Напра-ва! Напе-рад!
Мiкiта, а за iм i астатнiя пацукi крочаць у левы бок сцэны. Раптам чуецца нечаканае мяўканне ката. Пацукi адразу прыпыняюць рух i прыслухоўваюцца.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Што гэта?! Пi-пi.
ГЕНЕРАЛ: Пi-пi. Гэта кот, пi-пi-пi.
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: Ёе сам iдзе да нас! Больш мужнасцi, мае салдаты! Я павiнен iсцi распрацоўваць план вайны.
Пацучын Пяты хутка саскоквае са сцэны i знiкае за правымi кулiсамi ў суправаджэннi ахоўнiкаў. Зноў чуецца мяўканне ката.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: А нам нiчога не трэба распрацоўваць?
З-за левых кулiс з'яўляецца кот. Ён у ботах, шырокiм капелюшы i з вялiзнай булавой у руцэ.
ТОМIС: Вось вы дзе, пацукi! Ну – развiтвайцесь з жыццём!
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Пi-пi-пi. Ратуйце!
Пiсклявы пацук ад жаху страчвае прытомнасць i валiцца на падлогу. Тлусты пацук кiдае шчыт i дубiнку i спяшаецца да правых кулiс.
ТЛУСТЫ: Што рабiць?! Пi-пi-пi! Што рабiць?!
Генерал выстаўляе наперад дубiнку i, прыкрыўшыся шчытом, пакрысе крочыць назад. Мiкiта разгублена стаiць на месцы. Томiс падскоквае да Мiкiты, робiць замах булавой, але ў апошнi момант спыняецца.
ТОМIС: Што за дзiва?! Чаму адзенне гэтага пацука так нагадвае адзенне Мiкiты?!
МIКIТА: Гэта я, Томiс! Гэта я!
ТОМIС: Хто – я?!
Томiс апускае булаву ўнiз. Тлусты пацук хаваецца за правымi кулiсамi. Пiсклявы пацук бездапаможна ляжыць на падлозе. Тым часам пацук-генерал, асцярожна паклаўшы зброю ўнiз, выцягвае сетку. Томiс i Мiкiта яго не заўважаюць.
МIКIТА: Я – Мiкiта! Я не ведаю, чаму так атрымалася, але ранiцай я ператварыўся ў пацука.
ТОМIС: А ты не хлусiш?! Што ты рабiў ранiцай?
МIКIТА: Дрэнна сябе паводзiў, кiдаў у цябе падушкай, стаў табе на хвост.
ТОМIС: I сапраўды – так ўсё i было. Якое дзiва! Але ж... Што цяпер рабiць?!
Тым часам пацук-генерал нечакана накiдвае на ката сетку.
ГЕНЕРАЛ: Ага! Злавiлi! Вось табе, кашацiна!
ТОМIС: Мяу-у-р-р-р! Р-р-разар-р-рву!
Томiс спрабуе выбрацца з сеткi, але ў яго нiчога не атрымлiваецца i ён, страцiўшы моц, валiцца на падлогу. Генерал хапае сваю дубiнку i пачынае калацiць ёй Томiса.
ГЕНЕРАЛ: Хутчэй – усе на дапамогу! Я злавiў Томiса! Дапамажыце, бо калi ён ачуняе i вылезе – сажрэ нас усiх!
З-за правых кулiс асцярожна высоўвае галаву Тлусты. Убачыўшы, што кот апынуўся у сетцы, ён падбягае да сваёй дубiнкi i, схапiўшы яе, пачынае дапамагаць генералу. Пiсклявы пацук, расплюшчыўшы вочы, узнiмае галаву.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Якая страшэнная бойка! Ратуйце!
Крыкнуўшы, пiсклявы пацук зноў страчвае прытомнасць. Мiкiта разгублена стаiць побач, не ведаючы, што яму рабiць. Сцэна апынаецца ў цемры.
КАРЦIНА ШОСТАЯ
Тыя ж дэкарацыi, што i ў другой карцiне. У левым баку сцэны пад сеткай сядзiць звязаны Томiс. Ля яго ахова – тлусты пацук i генерал. Мiкiта з сумным выглядам сядзiць побач. Генерал тыкае дубiнкай Томiсу ўбок.
ГЕНЕРАЛ: Ну што, кашак – наша ўзяла?!
ТОМIС: Я б табе паказаў, чыя ўзяла! Скажы дзякуй, што я цябе не заўважыў!
ГЕНЕРАЛ: Дзякуй! Трэба было менш розную лухту пра ператварэннi слухаць, пра якiя табе Мiкiта плёў! Трэба ж быць такiм дурным, каб паверыць у такiя байкi! Пi-пi-хi-хi-хi!
Томiс захоўвае маўчанне.
ГЕНЕРАЛ: Ты што, кашак – заснуў, цi што?! Ты, кашак, не хвалюйся – мы цябе на кавалкi сякерамi пасячэм i сажрэм!
Генерал зноў тыкае ў Томiса дубiнкай. Томiс нечакана громка рыкае.
ТОМIС: Мяу-у-у-р-р-р! Зараз вылезу i пакажу, хто каго сажрэ!
Ад нечаканасцi генерал гучна пiшчыць, кiдае дубiнку на падлогу i адскоквае далёка ўбок.
ГЕНЕРАЛ: Ну ты, кашак – не надта цябе спужалiся!
Генерал падбiрае дубiнку, але на ўсялякi выпадак садзiцца крыху далей ад Томiса.
ТЛУСТЫ: Хопiць яго злаваць – зараз Пацучын Пяты прыйдзе i пажадае пабачыць ката. А кашак, калi будзе ўззлаваны, пачне яшчэ якую брыдкасць казаць цару. Тады Пацучын Пяты i на нас раззлуецца i яшчэ сыру не дасць!
ГЕНЕРАЛ: Хопiць – так хопiць, калi ты такi палахлiвы! А ты, Мiкiта, малайчына! Каб не ты, мы б гэтага Томiса нiзавошта не перамаглi! Дзе гэты Пiскля заблукаў – найшлi каго паслаць! Мабыць, зноў прытомнасць страцiў, ваяка! Пi-пi-хi-хi-пi!
ТЛУСТЫ: Хi-хi-хi-пi-пi! А нашу ўзнагароду – сыр, ён не мог з'есцi?
ГЕНЕРАЛ: Мы яго самога тады з'ядзiм!
ТОМIС: Дык гэта ты, Мiкiта, наўмысна зрабiў?! Што ж: такiм ты быў заўсёды – такiм i застаўся пасля ператварэння. Мабыць, табе быць пацуком нават лепш – у школу хадзiць не трэба, ёсць магчымасць рабiць розныя брыдкасцi?! А мацi, напэўна, недзе хвалюецца, перажывае! Але што табе мацi?!
Мiкiта нiчога не адказвае i яшчэ нiжэй схiляе галаву ўнiз.
ТОМIС: Што – няма чаго адказаць?! Гэта не выпадкова, што ты ператварыўся ў пацука! Памятаеш, колькi ты ўсяго дрэннага зрабiў?! Мне ранiцай нават здалося, што ў цябе голас, як у пацука. Так у рэшце рэшт i здарылася. Мяў? Так цi не?!
Мiкiта маўчыць.
ТЛУСТЫ: Што гэта кашак за лухту меле?! Магчыма, ён i сам атруцiўся з'еў атруту, цi пацука, якi атруцiўся?! Нейкi ён зусiм дурны! Напэўна, у тым доме, адкуль Мiкiта i Томiс, шмат атруты кладуць.
ГЕНЕРАЛ: Магчыма i так, а магчыма, кашак зараз галавой аб падлогу стукнуўся, калi бойка была – вось i здурнеў. Добра мы яму далi!
Чуецца далёкi грукат барабанаў.
ГЕНЕРАЛ: Цiшэй! Здаецца – iдзе Пацучын Пяты.
Тлусты таксама прыслухоўваецца.
ТЛУСТЫ: Сапраўды – гэта ён.
Грукат барабанаў становiцца вельмi гучным, але нечакана знiкае. З-за правых кулiс з'яўляецца галава пiсклявага пацука.
ПIСКЛЯВЫ ПАЦУК: Яны тут! Яны тут! Пi-пi-пi. Кашак у сетцы! Можна iсцi.
Пiсклявы пацук асцярожна выходзе з-за кулiс. Адразу за iм з'яўляюцца абодва ахоўнiкi. Апошнiм крочыць Пацучын Пяты. У яго руцэ блiскучая шабля.
ДОЎГI: Дайце шлях Яго Вялiкасцi Пацучыну Пятаму – пераможцы кашакоў!
Генерал ускоквае на ногi i спяшаецца да цара.
ГЕНЕРАЛ: Гэта я перамог Томiса i накiнуў на яго сетку. Ваша вялiкасць, дайце мой сыр!
Пачуўшы пра сыр, тлусты пацук таксама ўзнiмаецца i хуценька крочыць услед за генералам.
ТЛУСТЫ: Я таксама захоплiваў Томiса ў палон! Я таксама! I мне сыру! I мне сыру!
Мiкiта застаецца з Томiсам адзiн.
МIКIТА: Я дапамагу табе, Томiс! Ты прабач мяне – я не спецыяльна! Я не дапамагаў iм! Я проста разгубiўся. Я ведаю, што я дрэнны. Магчыма, я больш нiколi не буду чалавекам, але я ўсё роўна табе дапамагу. Прабач мяне за тое, што я цябе крыўдзiў! У мяне ёсць нож.
Мiкiта выцягвае з кiшэнi нож i рэжа сетку.
ТОМIС: Хутчэй, хутчэй, пакуль яны спрачаюцца за сыр!
ПАЦУЧЫН ПЯТЫ: А хто вам казаў, што абавязкова будзе сыр?! Я абяцаў прыемны сюрпрыз. Гэты сюрпрыз – мая шчырая падзяка. Табе, Тлусты, наогул, дрэнна шмат есцi – ты альбо ў нару не пралезеш, альбо лопнеш ад тлушчу!
Генерал i тлусты пацук разгублена глядзяць адзiн на аднаго. Тым часам Томiс, вызвалiўшыся з сеткi, шукае сваю зброю.
МIКIТА: Вось твая булава, Томiс.
Томiс хапае булаву i iмклiва кiдаецца ў бок пацукоў.
ТОМIС: Мяў-у-у-у-р-р! Зараз я вас!
Пiсклявы пацук адразу валiцца на падлогу, страцiўшы прытомнасць. Астатнiя, лямантуючы ад жаху, збiваюцца разам, выцягнуўшы зброю. Але дарэмна – Томiс раз'юшана маша булавой, лупiць пацукоў i хутка ўсе яны апынаюцца на падлозе. Нечакана чуецца жудасны грукат i ўся сцэна апынаецца ў поўнай цемры.
У гэты час дэкарацыi мяняюцца на тыя, якiя былi напачатку першай карцiны. Пачынаюць зiхацець рознакаляровыя лiхтарыкi. Iдзе дым. Паступова з'яўляецца святло. У левай частцы сцэны, дзе стаяць шафкi для адзення дзяцей, вельмi светла. Там – настаўнiца, мацi Мiкiты i мiлiцыянер. У правай частцы, аддзеленай перагародкай з дзвярамi, больш цёмна – каморка, пасярод якой стаiць Мiкiта i абмацоўвае сваю галаву. Пацукоў i Томiса – няма.
МIКIТА: Я стаў хлопчыкам! Я зноў стаў хлопчыкам! I хваста няма! Напэўна таму, што нарэшце зрабiў добры ўчынак – вызвалiў Томiса.
МIЛIЦЫЯНЕР: Нейкi дзiўны грукат.
НАСТАЎНIЦА: I ранiцай такi быў, калi Мiкiта знiк.
МIЛIЦЫЯНЕР: Дык вы кажыце, што ў апошнi раз бачылi Мiкiту тут?
НАСТАЎНIЦА: Так.
МАЦI: Мне здаецца, што я адразу пасля груката чула ягоны голас.
МIЛIЦЫЯНЕР: А ў каморцы вы шукалi?
НАСТАЎНIЦА: Шукалi. Мы ўсё навокал перавярнулi, але яго нiдзе няма.
Мiкiта падыходзе да дзвярэй, расчыняе iх i асцярожна прасклiзвае ў гардэроб. Пабачыўшы мацi, кiдаецца да яе.
МIКIТА: Мама! Матулечка! Родная мая! Як я цябе даўно не бачыў! Прабач мяне за тое, што я быў такi дрэнны! Я буду добрым. Я больш не буду такiм дрэнным! I вы мяне прабачце, Алена Анатольеўна. А дзяздя мiлiцыянер навошта – мяне шукаць?! I вы мяне прабачце, дзядзя мiлiцыянер – я наўмысна схаваўся ў каморцы, але цяпер шкадую.
МАЦI: Я таксама вельмi рада цябе бачыць! Ну што ж ты, Мiкiтка, так усiх перапужаў, сынок ты мой?!
Мацi абдымае Мiкiту.
НАСТАЎНIЦА: Добра, што ты, Мiкiта, знайшоўся – увесь клас хваляваўся!
МIЛIЦЫЯНЕР: Ну – добра тое, што добра сканчаецца!
Гучыць музыка i апускаецца завеса.
КАНЕЦ
5 – 14 мая 2001 года
г.Вiцебск