355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андре Моруа » Пакаранне золатам » Текст книги (страница 1)
Пакаранне золатам
  • Текст добавлен: 15 сентября 2016, 01:11

Текст книги "Пакаранне золатам "


Автор книги: Андре Моруа


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Моруа Андрэ
Пакаранне золатам (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

ПАКАРАННЕ ЗОЛАТАМ

Я ўгледзеў, увайшоўшы ў ню-ёркскi рэстаран "Залатая змяя", дзе звычайна абедаў, за першым сталом невялiчкага дзядка, якi еў вялiзны крывавы бiфштэкс. Я звярнуў увагу на свежае мяса, вельмi рэдкае ў той час, i тонкi засмучаны твар старога. Напэўна, я яго калiсьцi ведаў, у Парыжы цi ў iншым месцы. Уладкаваўшыся, я паклiкаў гаспадара, бойкага i спрытнага перыгорца, якi здолеў з гэтага цеснага падвальчыка зрабiць прытулак для гурманаў:

– Скажыце мне, пан Рабер, клiент, што направа ад дзвярэй, француз, я не памылiўся?

– Каторы? Той, што адзiн сядзiць?.. Гэта пан Бурдак. Ён тут бывае кожны дзень.

– Бурдак? Прамысловец? Ну так, я цяпер пазнаю. Я нiколi не бачыў яго ў вас.

– Бо ён прыходзiць, як правiла, раней за ўсiх. Чалавек гэты не любiць кампанii.

Гаспадар нахiлiўся да мяне i цiха прамовiў:

– Дзiвакi яны, ведаеце, гэты пан i яго жонка... Нейкiя не такiя, як людзi. Ён заўсёды снедае адзiн. Ну, добра! Прыходзьце ўвечары а сёмай гадзiне i за абедам вы застанеце яго жонку, таксама адну. Можна падумаць, што яны пазбягаюць адно аднаго. Тым часам адносiны ў iх найлепшыя, жывуць яны разам у гатэлi "Дэльмонiка"... Для мяне гэта сям'я – загадка.

– Шэф, рахунак на пятнаццаты, – далажыў афiцыянт.

Пан Рабер адышоў ад мяне, але з галавы маёй усё яшчэ не выходзiла гэта дзiўная пара.

Бурдак... Ну, ясна, я яго сустракаў у Парыжы. Памiж першай i другой вайной яго часта можна было бачыць у драматурга Фабера, якi чамусьцi сябраваў з iм. Мабыць, таму, што ў абодвух была аднолькавая цяга – надзейна хаваць капiталы, i аднолькавы страх – вылецець з капiталамi ў трубу... Бурдак... Напэўна, яму ўжо каля васьмiдзесяцi год. Я прыпамiнаю, што ў 1923 годзе ён кiнуў справы, нажыўшы немалую колькасць мiльёнаў.

Тады яго турбавала знiжэнне курсу франка.

– Гэта чорт ведае што! – лямантаваў ён. – Я працаваў сорак год, каб апынуцца голым на вулiцы. Не толькi мая рэнта i мае аблiгацыi зараз нiчога не варты, нават мае лепшыя акцыi не падымаюцца. Нашы грошы цякуць як вада. Як мы будзем жыць на старасцi год?

– Рабiце, як я, – параiў яму Фабер. -Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлiнгаў... Самая цвёрдая валюта.

Калi мне давялося бачыць iх iзноў гады праз тры цi чатыры, абодва былi збянтэжаныя i разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлiнгаў пакацiлiся ўнiз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткi ад падаткаў, якiя няўхiльна раслi.

– Вы – дзiця, – навучаў яго Фабер. – Рабiце, як я... Адзiная i самая надзейная валюта – гэта золата... Каб вы ў 1918-м купiлi залатыя злiткi, нiхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацiлi падаткаў i сёння разбагацелi б яшчэ больш... Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, i будзеце жыць, як у бога за пазухай.

Бурдак паслухаўся. Ён i яго жонка накупiлi золата, дасталi адмысловы куфар i цешылiся тым, што час ад часу, прачынiўшы дзверы ў запаветны куток, малiлiся на свайго iдала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападалiся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я iх сустрэў у гандляра карцiнамi ў прадмесцi Сэнт-Анарэ. Ён галантны i сумны, яна – рухавая i наiўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо.

– Вы – мастак, паважаны пане, – звярнуўся ён да мяне, – скажыце, калi ласка, цi можна спадзявацца, што падаражэюць iмпрэсiянiсты?.. Вы часам не чулi?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны i так у цане, не дакупiшся... Трэба было запасацца iмi ў пачатку стагоддзя... Мабыць, самае iдэальнае – дазнацца, якая новая школа заменiць iх, каб набыць карцiны зараней, пакуль яны не ўвайшлi ў моду. Але, на жаль, нiхто не дае гарантый... Што за эпоха!.. Нават эксперты нiчога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я iх пытаю: "Што цяпер найбольш у хаду?" Яны вагаюцца, дарагi мой, блытаюцца. Адны кажуць – Утрыло, другiя – Пiкасо... Але ж гэта ўсiм вядома.

– Ну, а як ваша золата? – запытаў я.

– Яно пры мне... пры мне... Дабавiлася яшчэ некалькi злiткаў... Але ж урад мае намер рэквiзаваць золата, ачысцiць прыватныя сейфы... Гэта жахлiва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае – пераправiць усё за мяжу. Правiльна, дарагi мой, правiльна... Але куды? Брытанскi ўрад такi ж цвердалобы, як i наш, Галандыя i Швайцарыя – прахадны двор у выпадку вайны... Застаюцца Злучаныя Штаты... Але ж там пры Рузвельце сам даляр... Ну, i туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калi-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасцi.

Не памятаю, што я тады адказаў. Ва мне падымалася злосць на гэтых старых, што, як смала, чаплялiся за свой скарб у той час, як развальвалася цывiлiзацыя. Выходзячы з галерэi, я развiтаўся з iмi i назiраў, як яны асцярожна ступалi дробнымi крокамi, абое ў чорным, карэктныя i непрыемныя.

I вось iзноў я сустракаю iх на Лексiнгтон-авеню ў рэстаране "Залатая змяя". Што яны рабiлi ў час вайны? Якiм чынам трапiлi ў Ню-Ёрк? Мне цiкава было даведацца пра гэта I, калi Бурдак устаў, я падышоў да яго i назваў сябе.

– А як жа, як жа!.. Вельмi добра помню, – ажывiўся ён. – Якое шчасце пабачыць вас iзноў, дарагi мой пане! Спадзяюся, вы не адмовiцеся зрабiць нам гонар i прыйсцi да нас на шклянку чаю ў гатэль "Дэльмонiка". Мая жонка будзе так рада... Жыццё ў нас аднастайнае, ангельскай мовы мы не ведаем, нi я, нi яна...

– I вы пражываеце ў Амерыцы пастаянна?

– Iначай нельга. Я вам усё растлумачу. Прыходзьце заўтра а пятай гадзiне.

Я прыняў запрашэнне i з'явiўся ў вызначаны тэрмiн. Панi Бурдак была ў тым самым чорным шаўковым плаццi з карункавым жабо, што i ў 1937 годзе, i ў жамчужным калье. Яна мне здалася занадта змрочнай.

– Мне так нудна! – паскардзiлася яна. – У нас усяго два пакоi, нiякiх сяброў... Ах! Нiколi я не думала, што давядзецца канчаць свой век у выгнаннi.

– Мадам, хто ж вас прымусiў? – запытаў я. – Наколькi мне вядома, у вас не было асаблiвых прычын баяцца немцаў. Я разумею, што вам не хацелася жыць пры iх; аднак па сваёй волi адплываць у чужую краiну, выгнаннiкамi, не ведаючы мовы...

– О, немцы тут нi пры чым. Мы прыехалi сюды яшчэ да вайны, – журботна прамовiла яна.

Яе муж падняўся, прачынiў дзверы ў калiдор, каб праверыць, цi не падслухоўвае хто, замкнуў iх, потым, вярнуўшыся, сеў i цiха сказаў мне:

– Я вам усё растлумачу. Мы ведаем, што вы чалавек стрыманы, i ахвотна выслухалi б вашу параду. Ёсць у мяне амерыканскi адвакат. Але вы мяне лепш зразумееце... Дык вось... Не ведаю, цi помнiце вы, што, як прыйшоў да ўлады Народны фронт, мы палiчылi небяспечным трымаць нашы залатыя злiткi ў французскiм банку. Нам удалося знайсцi спосаб пераправiць iх, надзейна i ўпотай, у Злучаныя Штаты. I, натуральная рэч, мы вырашылi там замацавацца. I не для таго, каб не разлучацца з нашым золатам... а нейк само па сабе... У Ню-Ёрку аднак, у 1938 годзе, мы яго памянялi на даляры, бо не верылi (i мелi падставу), што Амерыка дапусцiць новую дэвальвацыю. Апроч таго, добра iнфармаваныя людзi нам сказалi, што Расея збiвае цану на золата, разгарнуўшы ў Сiбiры геалагiчныя пошукi... Але тут была праблема: у якой форме захоўваць нашы грошы? Рахунак у банку? У папяровых далярах? У акцыях? Калi б мы накупiлi амерыканскiх аблiгацый, нас бы прымусiлi плацiць падаходны падатак, а ён тут вельмi вялiкi. I мы ўсё пакiнулi ў папяровых далярах.

Я не стрымаўся i перабiў яго:

– Значыцца, каб не плацiць пяцьдзесят працэнтаў падатку, вы гатовы выкiнуць на вецер усе сто?

– Тут iншая прычына, – прамовiў ён таямнiчым голасам. – Мы прадчувалi, што будзе вайна, а значыцца, рахункi ў банках могуць замарозiць, сейфы ачысцiць, тым болей, што мы не з'яўляемся амерыканскiмi грамадзянамi... I мы вырашылi трымаць нашы грошы заўсёды пры сабе.

– Пры сабе? – аслупянеў я. – Што вы такое гаворыце?.. Тут, у гатэлi?

Абое схiлiлi галовы з усмешкай, потым пераглянулiся, як хiтрыя змоўшчыкi.

– Так, – прамовiў ён ледзь чутна. – Так, тут, у гатэлi. Мы ўсё – даляры i трошкi золата – паклалi ў дарожны чамадан. Ён там, у нашай спальнi.

Бурдак падняўся, адчынiў суседнiя дзверы i, узяўшы мяне за руку, паказаў мне на вялiзны чорны чамадан, самы звычайны на выгляд.

– Вось... – прашаптаў ён, як святар перад алтаром, i зачынiў дзверы.

– А вы не баiцеся, – запытаў я, – што пра гэту гiсторыю са скарбам у чамадане дачуюцца? Якая спакуса для зладзеяў!

– Не, – адказаў ён. – Нiхто гэтага не ведае, апрача нашага адваката... i вас, якому я поўнасцю давяраю... Усё прадугледжана, магу вас запэўнiць. Чамадан не прыцягвае ўвагi, як, скажам, куфар. Нiхто не падумае, што там столькi багацця. А галоўнае, мы заўсёды на варце, i ўдзень i ўночы, тут, у пакоi.

– Вы нiколi не выходзiце?

– Разам нiколi! У нас ёсць рэвальвер, у шуфлядзе ў столiку каля чамадана. I хто-небудзь з нас абавязкова дзяжурыць. Я хаджу снедаць у французскi рэстаран, дзе мы з вамi спаткалiся. Мая жонка там абедае. Так што чамадан без нагляду не бывае. Вы разумееце?

– Ну, шаноўны пане Бурдак, аднаго я не разумею, чаму вы асудзiлi сябе на такое iснаванне – мiзэрнае, самотнае, як у манастыры?.. Падаткi? А што вам да iх? У вас жа столькi сродкаў, што вы маглi б жыць у раскошы да канца сваiх дзён!

– Справа не ў гэтым, – нахмурыўся ён. – Я не хачу аддаваць iм грошы, прыдбаныя мною ў вялiкiх пакутах.

Я паспрабаваў змянiць тэму гутаркi. Бурдак быў адукаваны, нядрэнна разбiраўся ў гiсторыi. Мне цiкава было паслухаць пра калекцыю аўтографаў, сабраную iм калiсьцi, але яго жонка, апантаная яшчэ больш, чым ён, павярнула зноў на ранейшае.

– Ёсць адзiн чалавек, якога я ўсё ж баюся, – сказала яна прыглушаным голасам, – гэта наш метрдатэль, немец, што прыносiць нам падсняданак. Позiрк, якi ён кiдае часам на гэтыя дзверы, мне страшэнна не падабаецца. Але ранiцай мы дома абое. Я думаю, што ў гэты час няма нiякай пагрозы.

I яшчэ мелi клопат – сабаку. У iх быў прыгожы пудзель, на рэдкасць разумны, якi заўсёды ляжаў у кутку гасцiнай. Але ж тры разы на дзень яго трэба было выпускаць. I яны вадзiлi яго напераменку.

Я развiтаўся.

Мне было прыкра ад iх вар'яцкай манii, дурной упартасцi, i разам з тым нешта прыцягвала мяне да гэтых незвычайных людзей.

Пасля вiзiту да iх я часта знарок пачаў раней адрывацца ад работы, каб прыйсцi на абед у "Залатую змяю" роўна а сёмай гадзiне. Тады я мог сесцi за адзiн стол з панi Бурдак. Яна не была такой ваўкаватай, як яе муж, i даволi наiўна дзялiлася са мной сямейнымi трывогамi i праектамi.

– Эжэн, – аднойчы прызналася яна, – чалавек выключнай iнтуiцыi. Ён прадугледжвае ўсё. Сёння ўночы раптам у яго з'явiлася думка, што ўрад можа абвясцiць абмен грошай, каб выбраць iх з прыватных рук, i тады мы будзем вымушаны прад'явiць свае даляры.

– Вядома. I што ж тут дрэннага?

– Гэта вельмi сур'ёзна, – сказала яна. – Мы нiчога не прад'яўлялi, калi Мiнiстэрства фiнансаў Злучаных Штатаў у 1943 годзе ўзяло на ўлiк маёмасць бежанцаў... На нас бы пасыпалiся непрыемнасцi... Але ў Эжэна ёсць новы план. Здаецца, у некаторых рэспублiках Паўднёвай Амерыкi падатак на прыбыткi не накладаецца. Калi б нам удалося туды перакiнуць наш капiтал...

– Як жа яго перакiнуць, не паказаўшы ў таможнi?

– Эжэн мяркуе, што трэба спачатку прыняць падданства тае дзяржавы, якую мы сабе выберам. Калi, напрыклад, мы станем уругвайцамi, перавод туды грошай будзе законны.

Гэта мне паказалася настолькi забаўным, што назаўтра я прыйшоў у рэстаран снедаць. Пан Бурдак, як заўсёды, сустрэў мяне з радасцю.

– О? – заварушыўся ён. – Гэта так добра, што вы якраз прыйшлi. Я хацеў у вас запытацца... Цi не ведаеце вы, якiя трэба выканаць фармальнасцi, каб стаць венесуэльцам?

– Не скажу, не ведаю.

– А калумбiйцам?

– Таксама не ведаю. Наконт гэтага вы звярнiцеся ў консульствы адпаведных краiн.

– У консульствы? Вы што, ашалелi? Каб прыцягнуць увагу!

Ён з агiдай адсунуў смажанае кураня i цяжка ўздыхнуў:

– Што за эпоха! Вось бы нарадзiцца ў 1830-м i пражыць увесь век без казначэйскага гвалту, без страху, што цябе абрабуюць! А цяпер кожная краiна разбойнiк з вялiкай дарогi... Нават Ангельшчына... Я там прыхаваў некалькi карцiн i габеленаў з разлiкам даставiць iх сюды. I ведаеце, што яны ад мяне патрабуюць? Стопрацэнтную пошлiну за вываз, што раўназначна канфiскацыi... Нас абкрадваюць, дарагi мой пане, як у цёмным лесе, як у цёмным лесе.

Пасля гэтага я выехаў па справах у Калiфорнiю, так i не даведаўшыся, кiм яны сталi: уругвайцамi, венесуэльцамi цi калумбiйцамi. Калi праз год я зноў вярнуўся ў Ню-Ёрк, я запытаў пра iх у пана Рабера, гаспадара "Залатой змяi":

– Скажыце, як Бурдакi? Вы штодня iх бачыце?

– О не! – здзiвiўся пан Рабер. – Што вы? Хiба вы не знаеце? Яна памерла месяц таму назад, вiдаць, ад сардэчнай хваробы, i з таго дня яе муж сюды нi нагой. Не iначай сам захварэў ад перажыванняў.

Я ж уявiў сабе зусiм iншую прычыну. Я паслаў старому спачуванне i папрасiў дазволу яго наведаць. Назаўтра ён пазванiў мне па тэлефоне, каб я прыйшоў. Ён быў вельмi бледны, страшэнна худы, губы белыя, голас як з-пад зямлi.

– Я толькi ўчора дачуўся аб вашым няшчасцi, – прамовiў я, – i з'явiўся неадкладна, каб вам чым-небудзь дапамагчы, бо, апроч смутку i болю пасля такой страты, вы, я ведаю, цяпер i самi ў немагчымым становiшчы.

– Не, не, – запярэчыў ён. – Зусiм не... Можна прывыкнуць... Праз акно мне вiдны прахожыя, праязджаюць аўтамабiлi... I потым, скажу вам шчыра, жывучы так, я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы. Раней, iдучы снедаць, я проста мучыўся... Мала што магло здарыцца за маю адсутнасць... Хоць я ведаў, што там мая жонка, мой бедны друг, але ж яна не любiла брацца за рэвальвер, асаблiва, калi пачало здаваць сэрца. Цяпер я адчыняю дзверы, i чамадан у мяне заўсёды на воку... Перада мной тое, што мне даражэй за ўсё... I пакуты мае акупаюцца... Вось толькi адна бяда – мой бедны Фердзiнанд.

Пудзель, пачуўшы сваё iмя, падняўся, падбег i сеў у нагах гаспадара, пiльна на яго паглядаючы.

– Нiчога не зробiш, я не магу цяпер сам вадзiць яго на прагулку, але дамовiўся з пасыльным, па-iхняму "бел-бой", i што за мова, называлi б, як людзi – "пасыльны", а то ламай язык. Ах, гэта ангельская мова – чысты смех! Я знайшоў маладога хлопца, i за невялiчкую плату ён абслугоўвае Фердзiнанда, гуляе з iм, ну i ўсё iншае... Так што болей нiякiх сур'ёзных праблем у мяне няма... Вы мелi ласку, дарагi мой пане, прапанаваць мне вашу падтрымку, але ж яно iдзе на лад, усё iдзе на лад, магу вас запэўнiць.

– А вы больш не збiраецеся перасяляцца ў Паўднёвую Амерыку?

– Не, дарагi мой пане, не... Што я там буду рабiць? Вашынгтон больш не ставiць пытання аб абмене грошай, i ў мае гады...

Ён сапраўды вельмi пастарэў: умовы, у якiх ён сябе прымусiў жыць, падрывалi здароўе. Ружовыя шчокi выцвiлi, завастрылiся, кожнае слова вымаўлялася з натугай.

"Наўрад цi ён доўга працягне", – падумаў я.

Пераканаўшыся, што нiчым яму не дапамагу, я развiтаўся. Быў у мяне намер зрэдку заходзiць да яго, але праз некалькi дзён, разгарнуўшы "Ню-Ёрк Таймс", заўважыў загаловак: "Смерць французскага эмiгранта. Поўны чамадан даляраў". Я прачытаў рэпартаж. Паведамлялi пра старога Бурдака. Яго знайшлi мёртвым ранiцай. Ён ляжаў на сваiм чорным чамадане, закруцiўшыся ў коўдру. Смерць была натуральная, скарб некрануты. Я прыйшоў у гатэль "Дэльмонiка", каб даведацца, калi i дзе адбудзецца пахаванне. Таксама спытаў адмiнiстратара, што з Фердзiнандам:

– А дзе ж сабака нябожчыка пана?

– Прэтэнзiй не паступала, аддалi гiцлям на жывадзёрню.

– А грошы?

– Калi не знойдуцца наследнiкi, дык iх забярэ амерыканская казна.

– Канец вясёленькi, – сказаў я.

А сам падумаў: "Вясёленькi канец доўгай i нуднай гiсторыi".

Пераклад: Юрка Гаўрук


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю