Текст книги "Прылiў "
Автор книги: Андре Моруа
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Моруа Андрэ
Прылiў (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
Прылiў
Пераклад: Юрка Гаўрук
– Скiнуць маску? – сказаў Бертран Шмiт. – Няўжо вы думаеце, што часта скiдаць маску разумна i пажадана. Я лiчу наадварот, апроч некалькiх рэдкiх выпадкаў дзiвоснага сяброўства, толькi маскi, iменна маскi, робяць цярпiмым жыццё ў грамадстве... Калi абставiны складуцца так, што хто-небудзь у нас раптам выкажа ўсю праўду тым, ад каго ён звычайна яе хаваў, вельмi хутка ён раскаецца ў сваёй безразважнай шчырасцi.
Крысцiян Менетрые падтрымаў:
– Я памятаю адну аварыю ў Ангельшчыне... Чалавек дзесяць шахцёраў засталiся ў забоi, адрэзаныя ад свету выбухам руднiковага газу. Праз тыдзень, страцiўшы надзею на ратунак, чакаючы смерцi, яны пачалi спавядацца ў сваiм самым iнтымным... Вы ўяўляеце тон: "Так i быць, раз усё роўна канец, я не хачу памерцi, не прызнаўшыся..." Потым нейкiм чынам iх усё ж выратавалi... Пасля чаго яны старалiся не сустракацца. Кожны з iх iнстынктыўна пазбягаў людзей, якiя ведалi больш, чым гэта дапускалася. Маска была зноў надзета, i грамадскi спакой захаваны.
– Яно так, – згадзiўся Бертран. – Можна прывесцi i яшчэ падобныя прыклады. Я ўспамiнаю, калi я вандраваў па Афрыцы, мне давялося быць мiжвольным сведкам аднаго незвычайнага прызнання.
Ён адкашляўся i глянуў на нас, крыху вагаючыся. Як нi дзiўна, але Бертран, якi так часта выступаў публiчна, быў чалавекам нясмелым. Ён баяўся надакучыць. Аднак у гэты вечар, паколькi нiхто з нас яго не перабiў, ён адважыўся:
– Вы, напэўна, усе забылi, што ў 1938 годзе для Саюза прыхiльнiкаў французскай мовы я зрабiў падарожжа з публiчнымi лекцыямi ў Заходнюю i Экватарыяльную Афрыку i на iншыя заморскiя тэрыторыi. Я пабываў у ангельскiх, французскiх, бельгiйскiх калонiях (тады iх яшчэ называлi калонiямi) i аб гэтым не шкадую. Турысты прыязджалi туды рэдка, i прымалi iх па-каралеўску альбо, што яшчэ лепш, па-братняму. Не буду прыгадваць назву дробнай сталiцы, аб якой я збiраюся вам расказаць, бо героi майго апавядання яшчэ жывыя... Галоўнымi персанажамi былi: губернатар – мужчына гадоў пад пяцьдзесят, брыты, срэбравалосы, i яго жонка – значна маладзейшая, чарнавокая бландзiнка, тэмпераментная i разумная. Назавём iх умоўна Бусары. Яны даставiлi мяне як госця ў свой "палац" – вялiзную вiлу казарменнага стылю мiж чырвоных скал, з адмысловай мэбляй i рознымi выгодамi. Два днi я ў iх з прыемнасцю адпачываў. У салоне на столiку з чорнага дрэва, пад якiм красавалася тыгравая шкура, я знайшоў "Новае французскае рэвю", "Французскi веснiк" i некалькi свежых раманаў. Я пахвалiў за гаспадарчы клопат маладога ад'ютанта губернатара лейтэнанта Дзюга.
– О, я тут нi пры чым, – запярэчыў ён. – Тое, што вам спадабалася, – гэта мадам Бусар... Кнiгi i кветкi – яе стыхiя.
– Цi ж мадам Бусар лiтаратар? – запытаў я.
– Вядома. Вы павiнны былi гэта заўважыць. Жызэль, як мы яе тут непачцiва празвалi, скончыла Сеўрскую нармальную школу. Да таго як выйшла замуж за губернатара, была выкладчыцай лiтаратуры ў Лiёне. Там ён сустрэўся з ёю яшчэ раз, прыехаўшы ў водпуск. Я кажу "яшчэ раз", бо яны былi знаёмы раней. Яна была дачкой аднаго з блiжэйшых сяброў губернатара. Ён яе любiў, i яна згадзiлася ехаць з iм сюды. Здавалася, што яна таксама да яго прывязана з даўняга часу.
– Нягледзячы на рознiцу ў гадах?
– Трэба сказаць, што губернатар быў тады мужчына прывабны. Тыя, хто ведаў яго да шлюбу, гаварылi, што ён карыстаўся выключным поспехам у жанчын... Цяпер ён пастарэў.
– Такая жанiцьба небяспечна для здароўя.
– О! Тут не толькi жанiцьба. Мой начальнiк нiколi не жыў спакойна... Трыццаць гадоў у Афрыцы... Клiмат, вечныя трывогi, сабачая работа... Начальнiк мой – чалавек высокай годнасцi... Дзесяць гадоў назад, як ён прыехаў сюды, зусiм яшчэ дзiкiя плямёны насялялi гэтыя бяскрайнiя джунглi. Яны памiралi з голаду. Iхнiя ведзьмары падбухторвалi iх да ўзаемнага знiшчэння, да выкрадання жанчын i дзяцей, прымушалi прыносiць iдалам чалавечыя ахвяры. Губернатар уцiхамiрыў плямёны, падзялiў iх на групы, прывучыў iх вырошчваць какаву. Гэта не так лёгка, магу вас запэўнiць, пераканаць людзей, што жывуць сённяшнiм днём, шэсць гадоў цярплiва чакаць, пакуль на саджанцах з'явяцца плады.
– А яны не мараць аб сваёй незалежнасцi, не рвуцца на волю? Як яны адносяцца да губернатара?
– Любяць, я сказаў бы нават, глядзяць, як на бога. Неяк раз я суправаджаў яго ў адно першабытнае племя... Iхнi важак, укленчыўшы перад iм, гаварыў наступнае: "Ты выхоўваў мяне, як лянiвага сына... Ты добра рабiў... Ты прагнаў мой сон... Цяпер я стаў багаты..." Яны здольныя, вы пабачыце, ахвотна вучацца, абы знайсцi падыход... Але трэба быць святым, каб заслужыць iх павагу.
– I што ж, ваш начальнiк святы?
Малады лейтэнант зiрнуў на мяне з усмешкай i ў сваю чаргу запытаў:
– А што такое святы?
– Я не знаю... Чалавек абсалютна чысты, без плям.
– А! Гэта ёсць. Я не знаходжу ў iм заган, нават празмерных захапленняў, за выключэннем, можа, аднаго... Ён iмкнецца да славы, не да якiх-небудзь выпадковых пахвал, а да агульнага прызнання сваiх працоўных заслуг. Яму падабаецца быць адмiнiстратарам, i ён хацеў бы кiраваць тэрыторыямi ў некалькi разоў большымi.
– Як маршал Лiатэй, якi казаў: "Марока? Гэта – мястэчка. Мне патрэбен увесь свет".
– Iменна. Мой начальнiк быў бы страшэнна задаволены, каб яму даручылi кiраваць нашай маленькай планетай... Ён бы рабiў гэта лепш, чым iншыя.
– Але ж ваш святы быў донжуанам.
– Святы Аўгусцiн гэтак жа... Грахi юнацтва... Пасля жанiцьбы ён стаў прыкладам мужчынскай вернасцi... Аднаму богу вядома, колькi ў яго становiшчы было магчымасцей... Я сам, з'яўляючыся, так сказаць, яго ценем...
– Выкарыстоўвалi магчымасцi?
– Я не губернатар, не святы, не жанаты... Стоячы збоку, лаўлю тое, што трапляецца... Пагаворым лепш аб вашым падарожжы, дарагi мэтр. Вы, мабыць, ведаеце, што губернатар надумаўся заўтра суправаджаць вас да вашага блiжэйшага пункта?
– Так, сапраўды ён абяцаў узяць мяне ў свой асабiсты самалёт. У яго нейкая iнспекцыя на ўзбярэжжы i адкрыццё помнiка. Вы з iм паедзеце?
– Не... Апроч губернатара i вас там будуць мадам Бусар, якая не любiць пускаць свайго мужа лётаць над джунглямi без яе, пiлот i ваенны камендант падпалкоўнiк Анжэлiнi, таксама ўдзельнiк iнспекцыi.
– Я з iм сустракаўся?
– Не думаю, але ён вам спадабаецца... Вiдны, вясёлы... У баявых справах сапраўдны ас... Былы афiцэр разведкi ў Марока, адзiн з вучняў вашага Лiатэя... Зусiм малады падпалкоўнiк, блiскучая будучыня.
– Падарожжа доўгае?
– Ды не! Гадзiна над лесам да самай дэльты, потым кiламетраў сто паўз бераг, i вы на месцы.
Апошнi абед у палацы быў цудоўны. Падпалкоўнiк Анжэлiнi быў запрошаны, каб падрыхтаваць вылет. Ён хутчэй меў выгляд капiтана. Малады з твару, i гарачае сэрца. Ён гаварыў многа i складна; яго выказваннi былi парадаксальныя, часам агрэсiўныя, але сведчылi аб высокай культуры. Пра звычаi туземцаў, iх татэмы i табу ён ведаў больш, чым губернатар, i, на вялiкае маё здзiўленне, мадам Бусар зусiм кампетэнтна яму адказвала. Губернатар слухаў сваю жонку з яўным захапленнем i час ад часу ўпотай кiдаў позiрк на мяне, каб праверыць маё ўражанне. Пасля абеду ён павёў Анжэлiнi i Дзюга ў свой кабiнет, каб вырашыць некаторыя неадкладныя пытаннi, а я астаўся адзiн з "Жызэллю". Яна какетнiчала, i ў гэтай гульнi я ахвотна прымаў удзел, але, як толькi мiж намi наладзiлася давер'е, мадам Бусар спытала пра падпалкоўнiка:
– Якая ў вас аб iм думка? Вам, пiсьменнiку, ён павiнен падабацца. Мы яго вельмi цэнiм. У мужа ён з языка не сыходзiць... А мне, хто жыве тут, як у ссылцы, ён прыносiць каплю свецкасцi i французскага паветра. Пры зручным выпадку вы папрасiце яго пачытаць вершы... Гэта – жывая анталогiя.
– О, цiкава будзе паслухаць у палёце.
– Не, прапелер усё заглушыць.
Гадзiне а дзесятай увечары губернатар i падпалкоўнiк далучылiся да нас, але ненадоўга, таму што адлёт быў назначаны на чатыры гадзiны ранiцы, калi спадае спякота.
Мяне разбудзiў слуга негр. Надвор'е не прадвяшчала нiчога добрага. Дзьмуў моцны заходнi вецер. За сваё жыццё я правёў у палёце не адну тысячу гадзiн i саджуся ў самалёт без страху. Аднак я вельмi не люблю гэтых падарожжаў над джунглямi, дзе немагчыма прызямлiцца, альбо, калi цудам i сядзеш на якой-небудзь прагалiне, мала шансаў, што цябе знойдуць i падбяруць. Я спусцiўся паснедаць i ўбачыў за сталом Дзюга.
– Метэазводка дрэнная, – заклапочана паведамiў ён. – Пiлот прапануе адкласцi падарожжа, але начальнiк i слухаць не хоча, гаворыць, што яму ў дарозе шанцуе i, апроч таго, метэаролагi заўсёды памыляюцца.
– Будзем спадзявацца, – сказаў я. – Сёння вечарам я павiнен зрабiць даклад у Батоцы. Iншага спосабу дабрацца туды ў мяне няма.
– Мне то можна быць храбрым, – пажартаваў Дзюга. – Мне ляцець не трэба. Але я трымаюся думкi начальнiка... Катастрофы, прадугледжаныя зараней, не адбываюцца.
Праз некалькi хвiлiн з'явiлiся губернатар i яго жонка. Ён быў у белым мундзiры з ордэнскай планкай.
Мадам Бусар, элегантная, у спартыўным плаццi, хутчэй нагадвала дачку свайго мужа. Яна яшчэ не вызвалiлася ад дрымоты i гаварыла мала. На лётнай пляцоўцы (вялiзная прагалiна, выцерабленая ў лесе) мы знайшлi падпалкоўнiка з зухаватай iронiяй ён углядаўся ў навальнiчнае неба.
– Вы помнiце, – спытаў ён у мяне, – паветраныя ямы ў гарах, апiсаныя Сэнт-Экзюперы? Паветраныя ямы ў джунглях – значна горшыя. Пераканаецеся самi. Падрыхтуйцеся да танцаў. – I, звярнуўшыся да мадам Бусар, дадаў: – Вам трэба застацца тут, мадам.
– Аб гэтым не можа быць i гаворкi, – рашуча заявiла яна. – Я застануся, калi ўсе застануцца; я палячу, калi ўсе паляцяць.
Пiлот аддаў чэсць губернатару i адышоў разам з iм ад нашай групы. Я здагадаўся, што ён раiць адкласцi вылет i сустрэў супрацiўленне. Праз хвiлiну губернатар вярнуўся да нас i суха распарадзiўся:
– На пасадку!
Праз некалькi хвiлiн мы ўжо ляцелi над морам дрэў, i шум прапелераў спынiў усякiя размовы. Лес дрыжаў i гайдаўся ад удараў ветру, як конская грыва. Мадам Бусар заплюшчыла вочы. Я разгарнуў кнiгу, але хутка штуршкi i падскокi самалёта сталi такiмi частымi, што чытаць было немагчыма. Мы ляцелi над джунглямi на вышынi ў тысячу метраў сярод чорных хмар пад пралiўным дажджом. Было душна i горача. Час ад часу самалёт падаў, як у калодзеж, i, дасягнуўшы шчыльнейшых слаёў паветра, удараўся з такой сiлай, што здавалася, адарвуцца крылы.
Я не буду вам апiсваць гэтага кашмарнага падарожжа. Уявiце сабе ўраган, якi ўвесь час узмацняўся, уздыблены самалёт, бледны твар i тужлiвыя позiркi пiлота, якiя ён зрэдку кiдаў на нас. Губернатар сядзеў спакойна; яго жонка не расплюшчвала вачэй. Так прайшло больш за гадзiну.
Раптам падпалкоўнiк узяў мяне за руку i падштурхнуў да iлюмiнатара.
– Глядзiце! – крыкнуў ён мне на вуха, – мора наступае. Прылiў! Дэльты ўжо не вiдаць...
Тое, што я ўбачыў, было сапраўды незвычайным. На тым месцы, дзе знiкала чорная маса дрэў, разлiвалася мора, бяскрайняе мора жоўтага колеру. Раз'юшаны вецер штурмаваў джунглi, i стваралася ўражанне, што яны часткова затоплены. Ад пляжа не засталося i следу. Пiлот чыркануў алоўкам некалькi слоў i, павярнуўшыся напалову, падаў паперку падпалкоўнiку, а той паказаў яе мне.
Нiякiх арыенцiраў. Не чую радыёсiгналаў. Не ведаю, дзе прызямлiцца.
Падпалкоўнiк падняўся i, хiстаючыся, чапляючыся за крэслы, панёс запiску губернатару.
– Цi хопiць гаручага, каб вярнуцца назад? – запытаў той.
Падпалкоўнiк перадаў пытанне i прынёс адказ.
– Не хопiць, – вымавiў ён спакойна.
– У такiм разе няхай ён спускаецца нiжэй i шукае незатоплены астравок. Гэта наш адзiны шанс. – I да жонкi, якая расплюшчыла вочы: – Не палохайся, Жызэль. Гэта прылiў. Мы дзе-небудзь прызямлiмся, перачакаем буру, i нас знойдуць.
Жахлiвае паведамленне яна выслухала без эмоцый, з дзiвоснай вытрымкай. Самалёт ляцеў зусiм нiзка. Я выразна бачыў вялiзныя жоўтыя хвалi i ў змрочным святле сагнутыя ветрам дрэвы. Пiлот трымаўся мяжы мiж лесам i морам, шукаючы прагалiны альбо палоскi пляжа. Я маўчаў, упэўнены, што гiбель наша непазбежная.
"I чаго панесла мяне сюды? – думаў я. – Сам сабе выбраў катаргу! Выступаць перад дзвюма-трыма сотнямi раўнадушных слухачоў?.. Дурное, нiкчэмнае падарожжа!.. Але што зробiш! Смерцi сваёй не мiнеш. Калi не тут, мяне мог бы раздушыць грузавiк у ваколiцах Парыжа, даканаць якi-небудзь мiкроб альбо выпадковая куля... Хутка ўбачым".
Не падумайце, што я хвалюся, выстаўляючы сябе цярплiўцам. Проста, як i ўсякi чалавек, я хапаўся за надзею, неразлучную з целам, i не хацеў верыць, пры ўсёй вiдавочнасцi, у блiзкую смерць. Розум знаходзiў доказы, а цела iх адхiляла. Падпалкоўнiк падышоў да пiлота i разам з iм пачаў пiльна ўглядацца ў брудна-жоўты акiян. Раптам ён ускiнуў руку. Самалёт рэзка нахiлiў крыло. Падпалкоўнiк павярнуўся, i на яго дагэтуль абыякавым твары мiльгануў прамень святла.
– Выспа, – далажыў ён.
– Вялiкая, можна на ёй прызямлiцца? – спытаў губернатар.
– Здаецца, можна.
Праз хвiлiну ён пацвердзiў:
– Так, напэўна... Давайце, Баэк.
Хвiлiн праз пяць мы прызямлiлiся на вузкай пясчанай касе дэльты, i пiлот так удала накiраваў самалёт цi, можа, яму пашанцавала, што той уклiнiўся памiж дзвюх пальмаў i, трымаючыся за iх, мог супрацiўляцца ветру. А вецер свiстаў i дзьмуў з такой сiлай, што вылезцi з самалёта было немагчыма. I што гэта дасць? Куды iсцi? Направа i налева – метраў сто мокрага пяску. Наперадзе i ззаду акiян. Мы выратавалiся на момант, уцалець надоўга можна было толькi цудам.
У гэтым адчайным становiшчы я захапляўся нашай спадарожнiцай. Яна анi не спалохалася, была спакойная i нават вясёлая.
– Хто хоча есцi? – запытала мадам Бусар. – У мяне ёсць сандвiчы i фрукты...
Пiлот, якi прыйшоў да нас у кабiну, сказаў, што лепш прыберагчы прадукты, бо толькi бог ведае, як i калi мы адсюль выберамся. Ён паспрабаваў яшчэ раз паведамiць аб здарэннi па радыё, але адказу не атрымаў. Я зiрнуў на гадзiннiк. Было адзiнаццаць гадзiн ранiцы.
Апаўднi вецер трошкi прыцiх. Нашы пальмы добра ахоўвалi самалёт. Губернатар задрамаў. Я адчуваў сябе змардаваным i аслабелым. Я зажмурыў вочы, потым мiжвольна iх крыху расплюшчыў, ахоплены дзiўным уражаннем, быццам аднекуль павеяла на мяне цяплом i сiлай. I вось я заўважыў, як Жызэль i падпалкоўнiк абмянялiся позiркамi. Яны сядзелi блiзка адно ад аднаго. Выраз iхнiх твараў быў такi адданы, такi пяшчотны, што не магло быць сумнення: гэтыя двое былi каханак i яго палюбоўнiца. Яшчэ ўчора вечарам я прадчуваў гэта, сам не ведаю чаму, бо iх паводзiны былi пры чужых бездакорныя. Я хутчэй заплюшчыў вочы i ад вялiкай стомленасцi заснуў.
Мяне разбудзiў шквалiсты парыў ветру, якi так скалануў самалёт, што, я думаў, вырве яго разам з пальмамi.
– Што такое? – запытаў я.
– Бура аднавiлася, i вада прыбывае, – адказаў пiлот не без горычы. – На гэты раз мы загiнем, месье. Праз гадзiну мора затопiць гэты астравок... i нас.
Ён глянуў на губернатара з дакорам, нават злосна, i дадаў:
– Я брэтонец, веру ў бога... Буду малiцца.
Учора мне сказаў Дзюга, што паводле палiтычнай традыцыi губернатар заядлы антыклерыкал, аднак да мiсiянераў ставiцца добразычлiва, паколькi яны яму робяць значныя паслугi. Малiцца ён не збiраўся, але пiлоту свайму не пярэчыў. У гэты момант пачуўся трэск: ураганны вецер расшчапiў пальму злева. Наблiжаўся канец. I тады Жызэль, вельмi бледная, у нейкiм палымяным натхненнi, кiнулася да маладога падпалкоўнiка:
– Раз мы ўсе памром, я хачу памерцi ў тваiх абдымках.
I, павярнуўшыся да свайго мужа, яна дадала:
– Даруйце мне, Эрык... Я рабiла ўсё, каб пазбавiць вас гэтага болю... Цяпер жа ўсё скончана, i для мяне i для вас... Я не магу больш iлгаць.
Падпалкоўнiк задрыжаў увесь i падняўся, каб адхiлiць ад сябе ашалелую жанчыну.
– Пане губернатар, – пачаў ён...
Свiст i шум урагана заглушылi яго словы. Губернатар сядзеў амаль побач i, як зачараваны, пазiраў на гэту пару. Губы яго падскаквалi, не ведаю, цi ён гаварыў што, цi толькi тужыўся нешта сказаць. Ён так пабляднеў, што мне здалося, вось-вось страцiць прытомнасць. Самалёт, якi ўчапiўся адным крылом за пальму справа, коўзаўся па пяску, трапятаўся i стукаў, як разгорнуты сцяг. У хвiлiну смяротнай небяспекi я павiнен быў думаць аб сям'i, аб маёй дарагой Iзабеле, але вiдовiшча было такое выключнае, што я не мог адарваць вачэй.
Спераду, спiной да пасажыраў, укленчыў пiлот i шаптаў малiтву. Сэрца падпалкоўнiка раздзiралi процiлеглыя пачуццi: каханне прымушала яго прытулiць няшчасную жанчыну, а сумленне i боль за зняважаны гонар свайго шэфа, якога ён шчыра паважаў, звязвалi яму рукi. Што датычыцца мяне, то я сядзеў, скурчыўшыся, каб менш трасло, i стараўся трымацца ў баку ад драмы траiх, не перашкаджаць iм. Зрэшты, я ўпэўнены, што яны мяне не заўважалi.
Губернатар, хапаючыся за крэслы, падышоў да сваёй жонкi. У гэтым страшным няшчасцi, якое адразу знiшчала i яго жыццё i яго дабрабыт, ён захоўваў нейкую дзiўную высакароднасць. Гнеў не перакрывiў яго прыгожага твару, i толькi вочы былi вiльготныя. Прыблiзiўшыся, ён абапёрся на маё плячо i голасам, пяшчотнасць якога ўзрушвала да слёз, сказаў:
– Я нiколi не думаў, Жызэль, нiколi не думаў... Вярнiцеся, сядзьце са мной... Жызэль! Я прашу вас... Я вам загадваю.
Яна абвiла рукамi падпалкоўнiка i цягнула яго да сябе:
– Любы мой, любы мой! Не супрацiўляйся!.. Усё скончана. Я хачу памерцi, цалуючы цябе... Любы мой, у гэтыя апошнiя хвiлiны нiякiх дакораў сумлення... Калi было трэба, я цябе слухала, ты гэта ведаеш... Ты любiў, шанаваў Эрыка... Я таксама... Так, гэта праўда, Эрык, я цябе любiла!.. Але ж цяпер – канец!..
Нейкi металiчны абломак пры чарговым штуршку парэзаў ёй твар. Тонкая палоска крывi выступiла на шчацэ.
– "Захоўваць прыстойнасць!" – прамовiла яна тужлiва... – Колькi разоў ты паўтараў мне гэтыя словы, мой любы... I мы яе мужна захоўвалi... Цяпер жа... Што нам паказная прыстойнасць у гэтыя апошнiя нашы хвiлiныi
Потым глуха, з запалам:
– Смялей, не бойся!.. – прашаптала яна каханку. – Прыйшла наша смерць... Што ж ты стаiш, перапалоханы, як перад прывiдам?..
Яе муж нахiлiўся, трымаючы хустачку, i лёгкiм, далiкатным жэстам выцер ёй акрываўленую шчаку. Потым глянуў на падпалкоўнiка са смуткам, але без суровасцi. Яго вочы, здавалася, гаварылi: "Абдымi гэту няшчасную. Я пераступiў цераз усе межы чалавечых пакут..." Той, другi, прыгнечаны, раздаўлены, адказваў яму гэтак жа маўклiва: "Не магу. Я вас надта паважаю. Даруйце". Я ўявiў сабе Трыстана i караля Марка, мужа Iзольды. Больш патэтычнай сцэны мне нiколi не даводзiлася бачыць. Чулiся толькi пранiзлiвы свiст ветру i, як далёкае журчанне, малiтва пiлота. Праз iлюмiнатар вiдаць было шэрае свiнцовае неба з табунамi касмыкаватых хмар, а калi зiрнуць унiз, усюды варушылася i падымалася жоўтая вада.
Кароткая паўза, i жанчына, што прыпала да грудзей афiцэра, адкiнулася назад. Потым з дзiкiм нахабствам, абшчапiла яго за шыю i пачала цалаваць. Ён трошкi абараняўся, потым, ад жалю цi, можа, ад iншых пачуццяў, адвярнуўся нарэшце ад свайго шэфа i горача пацалаваў яе сам. Губернатар пабляднеў яшчэ больш, адкiнуўся на спiнку крэсла i амаль страцiў прытомнасць. Засаромеўшыся, я мiжвольна заплюшчыў вочы.
Колькi часу мы правялi гэтак? Не ведаю. Я толькi дакладна помню, што ў жудаснай плынi хвiлiн цi гадзiн, прабiўшыся праз буру, да маiх вушэй данеслася раптам стракатанне матора. Што гэта, галюцынацыя? Я прыслухаўся i азiрнуўся. Мае спадарожнiкi таксама слухалi. Падпалкоўнiк i Жызэль ужо разышлiся. Яна прыблiзiлася на паўкрока да свайго мужа. Ён углядаўся ў iлюмiнатар. Пiлот стаяў увесь насцярожаны:
– Вы чуеце, пан губернатар?
– Чую, – адказаў той. – Гэта самалёт?
– Думаю, што не. Шум матора значна слабейшы...
– Што ж бы гэта? – запытаў падпалкоўнiк. – Я нiчога не бачу.
– Магчыма, катэр берагавой аховы.
– Як маглi яны дазнацца, што мы тут?
– Не ведаю, пан падпалкоўнiк. Матор працуе ваўсю. Плывуць да нас. Шум з усходу, значыць, ад берага... Гляньце, гляньце, пан падпалкоўнiк! Бачыце шэрую кропку там, там, на хвалях? Гэта катэр.
Пiлот iстэрычна зарагатаў.
– Божа мой! – уздыхнула Жызэль i яшчэ на адзiн крок наблiзiлася да мужа.
Прытулiўшыся тварам да iлюмiнатара, я выразна бачыў катэр, якi накiроўваўся да нас. Ён плыў цяжка, змагаючыся з прылiвам, час ад часу хаваўся за сцяною вады, але быў ужо недалёка. Добрую чвэрць гадзiны патрацiлi матросы, каб прычалiць да астраўка. Мы нiяк не маглi дачакацца. Нарэшце, зачапiўшыся крукам за пальму, яны падплылi да нас. Але як нам выбрацца? Вецер няшчадна церабiў самалёт, i вылазiць адтуль было небяспечна. Дый катэр гайдаўся на хвалях, як шчэпка. Пiлот нейк усё ж адчынiў дзверцы i яму ўдалося перакiнуць вераўчаную лесвiцу, якую адразу ж падхапiлi матросы. I цяпер яшчэ я не магу ўявiць, якiм чынам мы ўсе пяцёра апынулiся на маленькiм судне i нiхто не звалiўся ў мора.
Захiнуўшыся ў цыратовыя плашчы, мы глядзелi з катэра на наш самалёт з пачцiвым жахам. Звонку было асаблiва ясна вiдаць, што гэты цуд раўнавагi доўга не мог пратрымацца. Жызэль з выключнай вытрымкай прыводзiла ў парадак свае валасы. Гардэмарын, якi камандаваў вартавым катэрам, паведамiў нам, што вымушаную пасадку самалёта заўважыў дазорны i што ад самай ранiцы яны прабавалi нам памагчы... Тры разы раз'юшанае мора прымушала ратавальнiкаў вяртацца, i толькi за чацвёртым разам яны дабралiся да нас. Матросы расказалi аб жудаснай шкодзе, прычыненай навадненнем берагавым вёскам i порту Батока.
Мясцовы адмiнiстратар сустрэў нас на набярэжнай. Гэта быў малады каланiяльны чыноўнiк, крыху напалоханы цяжкiмi вынiкамi стыхiйнага бедства. Але губернатар Бусар, як толькi ступiў на зямлю, праявiў сябе сапраўдным "гаспадаром". Гэта быў начальнiк высокага класа, якi ўмеў прымаць неабходныя меры. Ён звярнуўся да падпалкоўнiка Анжэлiнi з патрабаваннем тэрмiнова выдзелiць салдатаў для дапамогi насельнiцтву. I я са здзiўленнем назiраў, як дружна яны абодва распараджалiся. Нiкому i ў галаву б не прыйшло, што гэтых людзей падзяляе вялiкая асабiстая крыўда. Мадам Бусар завялi ў дом адмiнiстратара, маладзенькая жонка якога напаiла яе чаем i дала ёй дажджавiк. Пасля чаго мадам Бусар выказала жаданне прыняць удзел у агульнай працы i занялася дзецьмi i раненымi.
– Адкрыццё помнiка, пане губернатар, я лiчу... – мiтусiўся малады чыноўнiк.
– Перш чым ушаноўваць мёртвых, трэба выратаваць жывых, – спынiў яго губернатар.
Аб маiм дакладзе i думкi быць не магло. Я адчуваў, што ўсе ўдзельнiкi гэтай невялiчкай драмы спяшалiся справадзiць мяне ў новае падарожжа. На гэты раз мне параiлi ехаць чыгункай. Я прыйшоў развiтацца з мадам Бусар.
– Якi ўспамiн вы аб нас захаваеце! – прамовiла яна.
Я так i не ведаю, што яна мела на ўвазе: жудасны палёт цi любоўную трагедыю.
* * *
– А вы iх бачылi пасля таго? – запытала Клер Менетрые.
– Чакайце, – пачаў Бертран Шмiт... – Гады два пазней, у 194О-м, мабiлiзаваны як афiцэр, я сустрэў Дзюга, ужо ў чыне капiтана, на бельгiйскiм фронце ў афiцэрскай сталовай генерала каланiяльнай дывiзii. Ён мне расказаў пра гэта страшнае падарожжа. Вы шчаслiва выскачылi! Ваш пiлот мне ўсё апiсаў... Ён вельмi злаваўся на свайго шэфа, якому перад адлётам прадказваў катастрофу.
Нахмурыўшыся i памаўчаўшы, Дзюга дадаў:
– Скажыце, дарагi мэтр, што тады адбылося? Нiхто не прагаварыўся нi словам, але цень драмы не адступала ад губернатара, яго жонкi i падпалкоўнiка Анжэлiнi пасля iх звароту нi на крок... Вы знаеце, падпалкоўнiк папрасiў перавесцi яго ў iншае месца, i неўзабаве яго адпусцiлi. Мяне дзiвiць тое, што шэф быў не супраць.
– Чаму дзiвiць?
– Не ведаю. Ён яго вельмi паважаў. I потым, я быў упэўнены, што пастараюцца яго затрымаць.
– Хто? Вы хочаце сказаць – Жызэль?
Дзюга ўважлiва паглядзеў на мяне:
– Яна першая прыклала ўсе сiлы, каб ён выехаў.
– А дзе цяпер Анжэлiнi?
– Камандуе мотастралковым палком. У генералы мецiць.
Надышла акупацыя. Пяць гадоў змагання, трывог i надзей. Потым мы з вамi бачылi, як ажываў заняпалы Парыж. У пачатку 1947 года Элен дэ Тыянж запытала мяне:
– Вы не жадаеце паснедаць у нас разам з Бусарамi? Кажуць, яго збiраюцца прызначыць галоўным рэзiдэнтам у Iндакiтаi... Выдатны чалавек, трошкi суровы, але вельмi культурны. Вы чулi, што ён нядаўна апублiкаваў зборнiк вершаў пад псеўданiмам?.. У яго красуня жонка.
– Я з ёю знаёмы, – адказаў я. – Перад вайной мне давялося спыняцца ў iх, калi Эрык Бусар быў губернатарам у адной з краiн Чорнай Афрыкi... Цiкава пабачыцца з iмi яшчэ раз. Але цi будуць яны задаволены гэтай сустрэчай? сумняваўся я. Як-нiяк, а я адзiны сведка iх вялiкай сямейнай трагедыi. Аднак жаданне перамагло, i я прыняў запрашэнне.
Няўжо вайна i нягоды так змянiлi мяне? Бусары пазналi мяне не адразу. Я падышоў да iх, але яны зiрнулi на Элен з тым асцярожным запытаннем, што неадкладна просiць тлумачэння, i гаспадыня назвала мяне. Халодны твар губернатара пасвятлеў, а яго жонка ўсмiхнулася:
– Вось як? – радасна сказала яна. – Вы былi нашым госцем у Афрыцы?
За сталом яна была маёй суседкай. Гутарка мая з ёю нагадвала прагулку па крохкiм лёдзе, я ўвесь час баяўся, што правалюся. Нарэшце, пераканаўшыся ў яе лагоднасцi i спакоi, я рызыкнуў напомнiць пра ўраган на дэльце.
– Праўда, – пацвердзiла яна. – Вы былi ўдзельнiкам гэтай недарэчнай экспедыцыi. Злашчасная авантура! Мы там ледзь не загiнулi.
Яна на хвiлiну спынiлася, перад ёю паставiлi блюда з закускай, потым, не павышаючы голасу, загаварыла далей:
– Тады вы, напэўна, бачылi ў нас Анжэлiнi... Вы ведаеце, яго забiлi, небараку...
– Не, я не чуў... У гэтую вайну?
– Так, у Iталii... Ён камандаваў дывiзiяй у баi каля Монтэ Касiна. Там i застаўся... Шкада! Мог бы зрабiць блiскучую кар'еру! Мой муж яго вельмi цанiў.
Я глядзеў на яе са здзiўленнем i сам у сябе пытаўся: няўжо яна не адчувае, што яе словы мяне глыбока ўразiлi. Выгляд у яе быў нявiнны, незалежны, прыстойна маркотны, як бывае, калi гавораць аб смерцi чужога чалавека. Тады я зразумеў, што маска зноў на месцы i прылiпла так, што стала яе тварам. Жызэль забыла, што я ведаў яе тайну.