355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андре Моруа » Карычневая магiя » Текст книги (страница 1)
Карычневая магiя
  • Текст добавлен: 16 октября 2016, 22:36

Текст книги "Карычневая магiя "


Автор книги: Андре Моруа


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Моруа Андрэ
Карычневая магiя (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

КАРЫЧНЕВАЯ МАГIЯ

У канцы мiнулага стагоддзя, – сказаў доктар Пцiклеман, – увайшло ў звычай у горадзе Пон-дэ-Лёр хадзiць вечарамi ў сад мэрыi на канцэрты мунiцыпальнай фiлармонii. I цяпер фiлармонiя выступае, як калiсьцi, заўсёды ў нядзелю, але ў садзе пуста. У прамыслоўцаў, камерсантаў i служачых, амаль у кожнага ёсць свая аўтамашына, вялiкая цi малая, i летнiя вечары яны праводзяць у вёсцы. Што да рабочых, то, у большасцi, кожны з iх мае свой радыёпрыёмнiк i, не выходзячы з дому, можа слухаць канцэрты з Парыжа альбо з Лазаны. Толькi некаторыя старажылы засталiся вернымi даўняй традыцыi, якая iм нагадвае аб мiнулых радасцях.

Колькi хлопцаў i маладых дзяўчат, гадоў сорак назад, адгулялi свае заручыны ў гэтым садзе ў алеях пад каштанамi! А тым часам iхнiя бацькi, патураючы маладым, павольна крочылi метраў за трыццаць, i медныя трубы мунiцыпальнага аркестра парушалi цiшыню вечара гучным выкананнем папуры з "Гугенотаў", "Блакiтнага Дуная" i "Латарынгскага марша". Раз у тыдзень гэта "Алея ўздыхаў" (будзем яе так называць) у сентыментальным жыццi Пон-дэ-Лёра рабiлася тым жа, што ў Парыжы "Сцежка дабрадзеяў".

Лiхтароў было мала. Прыцемкi абуджалi адвагу ў баязлiвых. Пах язмiну шырока разлiваўся ў паветры. I як было цiкава, сустракаючы пары закаханых, кожны раз по-новаму назiраць iх сваркi, iх зблiжэнне, i, нарэшце, гатоўнасць стаць мужам i жонкай.

Магчыма, самыя старыя жыхары Пон-дэ-Лёра яшчэ памятаюць чэрвеньскi вечар 1890 года, калi яны ўбачылi, як у садзе мэрыi нечакана з'явiўся палкоўнiк Дзюрук са сваёй жонкай i дачкой у суправаджэннi статнага мулата.

Выйшаўшы ў адстаўку, палкоўнiк Дзюрук прыняў кiраўнiцтва справамi Прамысловага клуба, што вельмi ўзрадавала яго членаў, бо папярэднi кiраўнiк быў толькi капiтанам. Трэба вам сказаць, што Пон-дэ-Лёр ганарыўся сваiм клубам, заснаваным пры Луi-Фiлiпе групай прамыслоўцаў – аматараў лiтаратуры i мастацтва. Там выступалi лектары з Парыжа, можна было паслухаць Брунецьера, Гастона Пары, там наладжвалi канцэрты, балi i азартныя гульнi ў карты. Аднаго разу два сталыя яго члены нават ледзь не пабiлiся на дуэлi, i прапанаваная палкоўнiкам працэдура паядынка была ўзорам кампетэнтнасцi i рамантыкi.

Пасля некалькiх месяцаў назiрання самыя незгаворлiвыя дамы Пон-дэ-Лёра ўзялi пад сваю апеку мадмуазэль Дзюрук, i незвычайная прыгажосць маладзенькай дзяўчыны збiла з тропу не аднаго юнака. Тады казалi, што Бланш Дзюрук, каб толькi захацела, магла б выйсцi замуж за аднаго з самых багатых тамашнiх суконшчыкаў, а трэба ведаць вузкую каставую сiстэму, якая ў дзевятнаццатым стагоддзi пусцiла карэнне ў гэтай мясцовасцi, каб зразумець некаторы сацыяльны зрух, аб якiм сведчылi падобныя чуткi. Аднак час iшоў, а грашовыя тузы не спяшалiся. У 1890 годзе Бланш Дзюрук споўнiлася дваццаць шэсць гадоў, i, хоць яна была па-ранейшаму красуняй, спрактыкаваным дамам яе будучыня не здавалася ўжо такой блiскучай.

Дарэмна ў гэты вечар пондэлёрскiя сем'i, шпацыруючы туды i сюды па "Алеi ўздыхаў", прабавалi падступiцца да Дзюрукаў i iх спадарожнiка. Бланш iшла поруч з мулатам, крыху апярэдзiўшы бацькоў. Палкоўнiк у пiнжаку з тонкай шэрсцi, з ордэнскай стужкай у пятлiцы, паважна падымаў саламяны капялюш, сустракаючы тутэйшага пана, i на прывiтанне "Добры вечар, паважаны палкоўнiк" адказваў, не спыняючыся: "Добры вечар, пан Герпэн... Добры вечар, пан Пельто..." Найбольш здагадлiвыя казалi, што палкоўнiк Дзюрук, калi служыў у Афрыцы, напэўна, меў туземцаў пад сваёй камандай. Тады якраз iшла вайна з Дагамеяй. Магчыма, невядомы быў высланым важаком, а можа, нават сынам мурынскага караля? Трэба прызнаць, што постаць яго была сапраўды каралеўская, ён на цэлую галаву ўзвышаўся над iншымi i глядзеў на ўсiх смела жорсткiмi вачамi. Але ўсе гэтыя меркаваннi прыйшлося адкiнуць, калi на другi дзень у клубе палкоўнiк адрэкамендаваў свайго мулата членам камiтэта:

– Панове, я дазволiў сабе прывесцi сюды Геркула Дзюрука, майго дваюраднага брата.

Пры святле чалавек гэты зрабiў моцнае ўражанне. Валасы яго, плоеныя шчыпцамi, не мелi натуральнай кучаравасцi i блiшчалi сiвiзной, хоць сам ён быў яшчэ малады. Рысы твару былi прыгожыя, але шырокiя ноздры надавалi аблiччу празмерную ганарыстасць. Гаспадары Пон-дэ-Лёра баязлiва вiталiся з госцем, i карычневая лапiшча да болю пацiскала iм рукi. Адзiн з iх (пан Рамiйi, калi мне не здраджвае памяць) адвёў палкоўнiка ў кут i папрасiў даць некаторыя тлумачэннi.

– Усё надзвычай проста, – пачаў палкоўнiк. – Было гэта вельмi даўно. Нейкi Жан Дзюрук, дваюрадны брат майго бацькi, награшыўшы ў маладосцi, адправiўся ў Судан шукаць шчасця. Ён вырошчваў бавоўну, збiраў каўчук i страшэнна разбагацеў... Мае сябры, вяртаючыся з Афрыкi, не раз пыталiся ў мяне: "Вы што, радня магнату Дзюруку?" Ад туземнай жанчыны ў Жана быў сын, гэты самы Геркул. Жан яго прызнаў i даў яму адукацыю ў французскай школе. У мiнулым годзе бацька памёр, пакiнуўшы свайму адзiнаму сыну каласальных памераў спадчыну... Хлапчына, якi стаiць перад вамi, якому няма яшчэ i сарака гадоў, мае ў сваiм уладаннi зямлi i лесу столькi, што там бы змясцiлася некалькi французскiх дэпартаментаў... У яго самыя шырокiя планы, ён лiчыць, што надыдзе час, калi нашы калонii сваёй бавоўнай змогуць пацяснiць Злучаныя Штаты, а каўчуком Малайю... Але ў гэтых пытаннях, панове, вы лепшыя суддзi i знаўцы, чым я. Геркул будзе вельмi рады мець ад вас кансультацыю.

Прамыслоўцы Пон-дэ-Лёра абступiлi прыгожага мулата i засыпалi яго дзелавымi пытаннямi. Ён адказваў разумна i ўпэўнена добрай французскай мовай. З гэтага вечара ў галовах некаторых удзельнiкаў сустрэчы абудзiўся iнтэрас да яго плантацый. Хутка ўвесь горад гаварыў толькi пра бавоўну i каўчук. Я сам, тады яшчэ зусiм юны медык, успамiнаю, насiў у кiшэнi маленькую галачку, што мне падарыў суданец, i падкiдаў яе ў кватэрах маiх клiентаў, як мячык, паўтараючы: "Вось яна – будучыня". Кажуць, што натарыус Пельто падрыхтаваў статут "Нармандскага таварыства бавоўна-каўчук" i, магчыма, пан Ахiл Кеснэ згадзiўся б узначалiць адмiнiстрацыйны савет. Але апошняя чутка не адпавядала сапраўднасцi, паколькi пан Ахiл не надта давяраў справе. I ўсё ж "Таварыства бавоўна-каўчук" было заснавана, i патрэбны капiтал сабраны на месцы.

Некалькi месяцаў мулат ездзiў туды i сюды памiж Парыжам i Пон-дэ-Лёрам, дарваўшыся да раскошнага жыцця, асыпаючы падарункамi гаспадынь тых дамоў, дзе яго прымалi. У кастрычнiку ён купiў замак Клерысюр-Iтон, i тады ўсюды загаварылi, што ён збiраецца ажанiцца са сваёй кузiнай. Грамадская думка не ўхвалiла гэтага намеру. Можна не сумнявацца, што весткi, сабраныя мясцовым панствам пра Геркула Дзюрука i, асаблiва, пра яго бацьку, былi добрыя. Нiхто не адмаўляў, што мулат быў вельмi багаты, а Бланш дзяўчына бедная. I ўсё ж цi досыць гэтага, каб палкоўнiк згадзiўся прынесцi ў ахвяру сваю дачку? У Пон-дэ-Лёры меркавалi iначай.

Але там не ведалi, што Бланш нiчым не выяўляла непрыхiльнасцi да сваяка мулата, а яе бацькi не вельмi гналiся за чужым багаццем i не прымушалi яе. Наадварот, яна сама дамаглася, каб шлюб адбыўся па ўзаемнай згодзе i як мага хутчэй. Калi Геркул Дзюрук пасялiўся ў Клеры, кажуць, што Бланш са сваёй мацi даволi доўга гасцявала там, кiравала работамi па аздабленню замка i паводзiла сябе як гаспадыня. Абурэнне было агульным, i некалькi юнакоў, закаханых у Бланш, з гневам адвярнулiся ад палкоўнiка. Каб яны маглi бачыць, як аднойчы выпадкова давялося мне, з якiм запалам Бланш углядалася ў цёмны твар свайго Атэла, цi, яшчэ лепш, каб яны ўбачылi захапленне дзяўчыны, калi, седзячы на беразе ракi Лёр, яна любавалася адлюстраваным у вадзе бронзавым целам свайго сапраўды цiкавага сваяка, яны б астылi адразу.

* * *

Вянчанне адбылося ў каплiцы Клеры. Пышнага вяселля не рабiлi. Маладыя паехалi ў Судан, бо Геркул Дзюрук хацеў праверыць там свае плантацыi. Палкоўнiк, якому зяць пакiнуў пенсiю, вызвалiўся ад службы ў "Прамысловым клубе" i перабраўся на радзiму сваёй жонкi каля Арманцьера. Калi маладыя Дзюрукi вярнулiся, некалькi асоб, у тым лiку натарыус Пельто, запрасiлi iх на абед.

– Ну, i як яны? – запытаў я ў натарыуса.

– На маю думку, – адказаў той, – яны кахаюць адно аднаго... I ўсё ж, на яе месцы, я не быў бы спакойны... У гэтым чалавеку, пры ўсiх яго культурных манерах, ёсць нешта дзiкае.

– А пра свае справы ён расказваў? – зусiм натуральна пацiкавiўся я, паколькi i сам уклаў невялiкую суму грошай у "Таварыства бавоўна-каўчук".

– Ну, вядома... Але ўсё куды горш, чым я меркаваў спачатку... Баюся, што праз некаторы час мы расчаруемся... Ёсць рахункi, якiх я проста не разумею.

Так да канца нiхто i не разабраўся ў дзейнасцi Геркула Дзюрука. Пэўнымi з'яўляюцца тры факты: акцыянеры не атрымалi нi аднаго су прыбытку, "Таварыства", праiснаваўшы некалькi цяжкiх гадоў, збанкруцiлася, сам жа Геркул застаўся пры сваiм багаццi. Гэтая нячыстая камбiнацыя адшыла ад мулата ўсiх, хто некалi добра ставiўся да яго. Геркул i Бланш замкнулiся ў сваiм замку i нiкуды не выязджалi.

Гадоў праз чатыры, а можа, праз пяць пасля iх жанiцьбы, дакладна не памятаю, мяне ўпершыню запрасiлi ў Клеры. Бланш Дзюрук нейк дзiўна змянiлася. Гэта слаўная жанчына, што была для мяне ўвасабленнем сiлы i стойкасцi, страшэнна схуднела. Яна стала нервовай, яе фламандскi румянец знiк, вочы ўвалiлiся i палiнялi. Я не знаходзiў нi праяў туберкулёзу, нi слядоў iншых захворванняў. Парушэнняў арганiчных функцый не назiралася, але фiзiчныя прычыны гэтай змены вызначыць было няцяжка. Яе муж, чалавек ненасытнай пажадлiвасцi i, па ўсiм вiдаць, наравiсты i люты, яе вельмi стамiў. Некалькi разоў яна была цяжарнай, але дабром гэта не канчалася.

А тут яшчэ дадалiся сардэчныя трывогi. З таго часу як Бланш пачала трацiць сваю прывабнасць, ён стаў здраджваць ёй. Спачатку, калi Дзюрук лавiў сельскiх дзяўчат, Бланш прыкiдвалася, што не бачыць, спадзеючыся, паправiўшы сваё здароўе, вярнуць i мужа. Потым ён пусцiўся ў залёты да маладой жанчыны з Пон-дэ-Лёра Мацiльды Фраман, удавы архiтэктара. Я яе добра ведаў, жанчына сумленная, але Геркул Дзюрук прыставаў як смала. Бланш увесь час пыталася ў мяне пра сваю сапернiцу, горка плакала i скардзiлася. Я прапiсваў ёй для супакаення няшкодныя бромiстыя кроплi.

Так мiнула яшчэ два гады.

Вечарам у студзенi 1897 года з Клеры прымчаўся на веласiпедзе слуга, пазванiў у мой дом i папрасiў мяне як мага хутчэй з'явiцца ў замак. "Панi вельмi дрэнна", – паведамiў ён. Як я нi пытаўся, ён мне нiчога не растлумачыў, сказаў, што сам не ведае, што яго разбудзiў пан, загадаў мяне адшукаць, i толькi. Я прыехаў у брычцы i знайшоў маю клiентку распасцёртай на ложку. Яе сэрца не бiлася. Бланш сканала гадзiны дзве назад. Нiякiх сiмптомаў, больш-менш сур'ёзных, што я назiраў у яе дагэтуль, я не мог прыгадаць, каб вытлумачыць раптоўную смерць такой маладой жанчыны, i, натуральна, без асаблiвага давер'я пачаў распытваць яе мужа, спакой i вытрымка якога мяне вельмi ўразiлi:

– Скажыце, нарэшце, што тут здарылася?

– Я сам не разумею, доктар... Вечарам Бланш, як звычайна, зайшла ў туалетны пакой. Перад сном яна заўсёды доўга прычэсваецца... Яна не вярталася, але я спачатку не прыдаў гэтаму значэння. I толькi праз гадзiну, занепакоiўшыся, паклiкаў яе. Адказу не было, i я ўвайшоў... Яна сядзела непрытомная, з распушчанымi валасамi... Побач на падлозе валяўся грэбень... Каб не спiнка крэсла, яна б упала таксама.

– Вы кажаце "непрытомная"? Значыць, тады яна яшчэ не была мёртвая?

– Напэўна, была, бо да свядомасцi яна так i не прыходзiла. Але тады я не здагадваўся. Я перанёс яе ў нашу спальню. Яна не паварушылася.

– Скажыце, апошнiмi днямi ёй зрабiлася горш?

– Не, доктар... Наадварот, учора за абедам яна была нават весялейшая.

– Як вы думаеце, былi ў яе карыстаннi яды, наркотыкi? Магла яна прыняць што-небудзь такое?

– Нi ў якiм разе, доктар... Толькi з майго дазволу.Я ўважна агледзеў спальню i туалетны пакой i не знайшоў нi флакона, нi цюбiка, нiякага прадмета, якi выклiкаў бы падазрэнне. Лякарствы, што захоўвалiся ў белай шафцы, былi ўсе прапiсаны мною. Я абследаваў цела. Нi драпiны, нi сiняка... Нiякiх пашкоджанняў. I я прыняў рашэнне.

– Пан Дзюрук, – сказаў я з горыччу. – Гэта вельмi сумна, але я не магу без экспертызы выдаць вам пасведчанне... Зрабiўшы так, я меў бы сур'ёзныя непрыемнасцi ад органаў цывiльнага нагляду. Прыйдзецца труп анатамiраваць з удзелам доктара-крымiналiста.

– Так, так, гэта неабходна, – адказаў ён. – Я сам хачу ўсё высветлiць.

Анатамiраванне дало адмоўныя вынiкi. Сэрца жанчыны не было кранута. Не знойдзена слядоў нi закупоркi сасудаў, нi разлiцця крывi. Нiякiх доказаў натуральнай смерцi. З другога боку, нiякiх слядоў атруты ў вантробах, нiякiх раненняў, а значыцца, нiякiх падстаў, каб прызнаць гвалтоўную смерць.

Вывад экспертаў быў аднагалосны: прычына смерцi – паралiч сэрца, што магло задаволiць закон, але не ўмяшчалася ў розум.

Пахаванне было ўрачыстым. З Арманцьера прыехаў палкоўнiк, пастарэлы, згорблены, прыбiты горам. Да зяця ён аднёсся прыхiльна, i яго прысутнасць прымусiла жыхароў Пон-дэ-Лёра быць ветлiвымi з Геркулам Дзюрукам.

* * *

Нiхто б не паверыў, што пасля такой драмы мадам Фраман выйдзе замуж за Дзюрука. Я нават спадзяваўся, што яна наогул перастане з iм сустракацца, бо сам быў моцна закаханы ў Мацiльду Фраман. Нельга сказаць, што яна была прыгожая. У яе аблiччы было нешта схематычнае. Нос i падбародак стваралi як бы два падобныя трыкутнiкi, нарысаваныя вельмi ж бо правiльна, затое насмешлiвыя вочы i рыжыя валасы падкрэслiвалi белiзну твару, ад якога веяла цяплом i душэўнай мяккасцю. Зусiм юная ўдава архiтэктара Фрамана (будаўнiка завода ў Кеснэ), яна са свайго дома зрабiла рай для халасцякоў i асаблiва для тых, хто, як я, любiў музыку. Убачыўшы, што яна не парвала сваёй дружбы з мулатам, я паспрабаваў без канкрэтнага абвiнавачвання, паколькi ў мяне не было належных фактаў, пераканаць яе. Усмiхнуўшыся, яна сказала:

– З гэтага нiчога не будзе, дарагi доктар... Розум мне сведчыць, што вы гаворыце слушна, але...

– Але што? Вас зачаравалi?

– Ваша праўда, доктар... Тут нейкая магiя.

Праз год пасля смерцi Бланш яна стала, нягледзячы на бурныя пратэсты ўсiх яе сяброў, другой уладаркай замка Клеры. Пон-дэ-Лёр асудзiў яе рашэнне. Новую сям'ю Дзюрукаў грамадства не прызнала, i мы страцiлi цудоўную гаспадыню дома. Мулат, якi затаiў злосць за маю да яго варожасць, забаранiў жонцы карыстацца маiмi медыцынскiмi паслугамi. Я перастаў з'яўляцца да iх. Ад слуг мы ведалi, што жывуць яны як быццам шчаслiва. Муж i жонка час ад часу разам прыязджалi ў Парыж. Дзюрук арганiзаваў каля сябе невялiчкую фабрыку харчовых кансерваў i гэтым займаўся. Праз некалькi месяцаў пра iх забылi.

У 1901 годзе, разгарнуўшы "Руанскую газету", я прачытаў пад назвай "Супадзенне цi злачынства" заметку аб смерцi беднай Мацiльды. Акалiчнасцi на дзiва нагадвалi тое, што я сам засведчыў калiсьцi. Лекар, выклiканы ўночы (гэта быў мой калега Фурэ), знайшоў нябожчыцу, як i я, распасцёртай на ложку, з распушчанымi валасамi. Нiякiх слядоў гвалту: нi пабояў, нi сiмптомаў атручвання. I хоць я меў зуб на гэтага Фурэ (калега мой не вызначаўся сумленнасцю), аднак наладзiў з iм сувязь, i мы разам адправiлiся ў Эўро да пракурора рэспублiкi, каб скiраваць яго ўвагу на незвычайнае падабенства смерцi дзвюх жанчын. Ён цалкам з намi згадзiўся, даручыў анатамiраваць труп аднаму з лепшых судовых экспертаў, якi знарок прыехаў з Парыжа, i загадаў трымаць Дзюрука пад наглядам да высвятлення справы.

Выгляд у мулата быў журботны, але ён анi не трывожыўся.

Другое анатамiраванне, гэтак жа як i першае, было адмоўным.

– Нiколi ў маёй практыцы, – сказаў нам спецыялiст, – я не сустракаў больш цёмнага факта... Мыш'як? Не... Алкалоiды? Не...

– Ёсць яды, што не пакiдаюць слядоў.

– Так... Вядома... Але ж трэба даказаць, што iх меў пры сабе абвiнавачаны... Купiць iх цяжка... Асаблiва яму... Кожны аптэкар, хто яго бачыў, адразу б успомнiў... Яго партрэт i прыкметы мы паслалi ва ўсе навакольныя аптэкi i нават у Парыж. Нi ў адну з iх ён не заходзiў, калi не лiчыць звычайных пакупак.

– А цi не мог ён прывезцi з Афрыкi туземных ядаў?

– Магчыма... Але ўсе гатункi iхнiх ядаў пакiдаюць выразны след... А я паўтараю вам, нiводзiн з унутраных органаў не быў пашкоджаны.

– А цi нельга дапусцiць, што гэты Дзюрук мае здольнасць схiляць свае ахвяры да небывалых форм самазнiшчэння? Я, здаецца, недзе чытаў пра туземцаў, што некаторыя з iх памiраюць, прымусiўшы сэрца спынiцца намаганнем волi... Гэтаму цяжка даць веры, але, як кажа Гамлет, "ёсць болей з'яў пад небам..."

– Усё магчыма, дарагi калега, але патрэбны доказы i яшчэ раз доказы... А калi iх няма, злачынца трэба адпусцiць.

– Злачынца?.. Вы лiчыце яго вiнаватым?

– Нi хвiлiны не сумняваюся... Няма i не можа быць выпадковага супадзення дзвюх аднолькавых таямнiчых смярцей... Ва ўсякiм разе матэматычная дапушчальнасць такога супадзення настолькi малая, што яе можна прыраўняць да нуля.

– А хiба вашы вывады не з'яўляюцца дастатковым доказам?

– Для вас i для мяне – так... Магчыма... Але я не ўяўляю, каб суд прысяжных мог абвiнавацiць на падставе адных праўдападобных меркаванняў... Не, калi следства не дасць нiчога больш грунтоўнага, прыйдзецца гэтага Дзюрука апраўдаць...

Так яно i было. Дзюрук вярнуўся ў замак Клеры, але ўсе яго служачыя паразбягалiся. Я думаў, што пасля такой агульнай няславы, ён куды-небудзь выедзе. Нiчога падобнага! Ён упёрся ў сваё. Парк здзiчэў. Лiпавыя альтанкi без догляду разраслiся так, што засланiлi дом.

Мiнула некалькi гадоў. I вось аднойчы Пон-дэ-Лёр з абурэннем даведаўся, што Дзюрук у Парыжы ажанiўся трэцi раз i ў замку Клеры з'явiлася новая гаспадыня. Гэта гiсторыя пачала ўжо нагадваць прыгоды Сiняй Барады, i сёй-той з нашага кола прадказваў з цвёрдай упэўненасцю блiзкую смерць неасцярожнай жанчыны.

Хто яна? Адкуль? Дзе ён яе падхапiў? Гэтага так i не ўдалося высветлiць. Маладзенькая дзяўчына. Звалi яе Далорэс дэ Кеведа, але, нягледзячы на сваё iмя, яна была францужанка, ва ўсякiм разе па-французску гаварыла без акцэнту. I хоць я пазнаёмiўся з ёю значна пазней, у пару яе сталасцi, але скажу, што мне рэдка даводзiлася бачыць жанчыну зграбнейшую. Чысценькi правiльны твар, гладкiя чорныя валасы, высокiя круглыя бровы, выгляд уладарны i спакойны. Гэты Дзюрук, хоць i вялiкi нягоднiк, але ўмеў разбiрацца ў жаночым харастве.

Пра сумеснае жыццё Дзюрука з жонкай ад трэцяга шлюбу нiчога не магу расказаць. Памiж Клеры i Пон-дэ-Лёрам усякая сувязь парвалася. Нiхто туды не ездзiў i адтуль не прыязджаў. З 1902 да 1907 года над гэтым глухiм кутком вiсела заслона маўчання i варожасцi. I вось, у кастрычнiку 1907 года, разыграўся апошнi акт гэтай дзiўнай драмы.

– Памерла Далорэс? – не выцерпела Элен дэ Тыянж.

– Не, мадам... Дзюрук быў знойдзены мёртвым у сваёй спальнi. Я не абмовiўся: Геркул Дзюрук, а не яго жонка... Дзюрук, прасцёрты на кiлiме перад ложкам, ужо не дыхаў, калi мой юны калега Герон быў выклiканы ў Клеры для неадкладнай дапамогi. За выключэннем таго, што гэта быў труп мужчыны, усе iншыя акалiчнасцi амаль супадалi з папярэднiмi двума здарэннямi. Смерць здаровага чалавека. Нiякiх яўных прычын. Магчымы вiноўнiк двух злачынстваў на гэты раз сам стаў ахвярай.

Пракуратура Эўро для фармальнасцi ўчынiла следства, якое, зразумела, нiчога новага не дало.

– Зрэшты, – сказаў мне з прыкрасцю пракурор, – калi яна яго забiла, то так яму i трэба. Тут была, мабыць, законная самаабарона... Я яе доўга дапытваў... Яна магла б успомнiць шмат жудасных фактаў, але тайны так i не выдала.

* * *

Трэцяя мадам Дзюрук атрымала ў спадчыну ўсю маёмасць свайго мужа, усе яго мiльёны. Пражыўшы гадоў колькi адна, яна потым выйшла замуж за маркiза дэ Буаньi i пераехала ў Буаньi, што ў дэпартаменце Кроз... Замак, у якiм жылi тры жонкi мулата, ахутаны лiхою славай, пуставаў, яго нiхто не хацеў купляць. Летась я пабываў там. Плюшч i дзiкi вiнаград аплялi яго сцены i вокны. Галiны лiп разбiлi каляровыя вiтражы каплiцы. Дарожкi зараслi травой i злiлiся з навакольным лугам. Гэта быў, можна сказаць, замак Спячай Прыгажунi ў зачараваным лесе...

– Але вы, мадам, нарадзiлiся ў Пон-дэ-Лёры, – звярнуўся доктар да Элен дэ Тыянж, – i, напэўна, добра ведаеце замак Клеры-сюр-Iтон?

– Ды так, бачыла ў дзяцiнстве ў гушчары дрэў, – прамовiла з усмешкай Элен. – Праклятая мясцiна! Мы, дзецi, баялiся туды хадзiць... сама не ведаю чаму.

– Дазвольце вас запытаць, доктар, – пацiкавiўся раманiст Бертран Шмiт, – у чым тут сакрэт? Як вы самi тлумачыце гэтыя дзiўныя факты? Вы ж не верыце ў супадзенне?

– Вядома, не веру... Упэўнены, што тут былi тры забойствы... Але цiкава, якiм спосабам гэта зроблена? Я думаю, што ёсць нейкi туземны сакрэт, прывезены Дзюрукам з Афрыкi, падобны на смяротны ўкол тарэадора, якi канцом сваёй шпагi дасягае сэрца праз нервовы цэнтр... Вы, можа, чыталi ў Фабра апiсанне такiх насякомых, што колюць джалам у цэнтральны нерв ахвяру, пазбаўленую абароннага шчытка, i паралiзуюць яе?.. У касцявым мозгу чалавека ёсць нервы i пункты, што кiруюць дыханнем... Як да iх дабрацца? Мабыць, iголкай?.. Але тут, безумоўна, патрэбен выключны спрыт, глыбокае веданне анатомii. У некаторых першабытных плямён можа быць веданне iнстынктыўнае, як i ў насякомых... Паспрабуй разбярыся!..

– Але ж iголка пакiдае сляды?

– Не адразу iх пазнаеш, калi iголка вельмi тонкая. I хто iх тады асаблiва шукаў?.. Вас не ўразiла тая акалiчнасць, што абедзве жонкi Дзюрука прычэсвалiся перад смерцю? Тут мiжвольна напрошваецца вывад, што ён сам узяўся прычасаць iх нанач i выкарыстаў момант, калi яны, седзячы да яго спiной, прыгнулi галаву.

– Магчыма, але ж i ён памёр.

– Старэючы, яшчэ больш закаханы ў Далорэс, ён мог забыцца i адкрыць ёй свой сакрэт. Ведаючы спосаб i баючыся, што ён калi-небудзь яе заб'е, альбо ўзненавiдзеўшы мужа фiзiчна, яна яго нарэшце прыкончыла.

– Гiсторыя выключная, але паверыць можна, – сказаў Бертран Шмiт.

Памаўчаўшы, ён запытаў:

– Ну, а як сябе адчувае маркiз дэ Буаньi?

– Жыве i сёння ў добрым здароўi, – паведамiў доктар.

Пераклад: Юрка Гаўрук


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю