Текст книги "Гатэль 'Танатос Палац' "
Автор книги: Андре Моруа
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Моруа Андрэ
Гатэль 'Танатос Палац' (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
Гатэль "Танатос* Палац"
* Танатос – бог смерцi ў старажытных грэкаў.
Пераклад: Юрка Гаўрук
– Як акцыi "Стыл"? – запытаў Жан Манье.
– Пяцьдзесят дзевяць з чвэрткай, – адказала адна з дваццацi машынiстак.
У стракатаннi пiшучых машынак было нешта ад джазавага рытму. За акном вырысоўвалiся гiганцкiя будынкi Манхэтэна. Хрыпелi тэлефоны, i папяровыя стужкi, раскручваючыся з неймавернай хуткасцю, напаўнялi кантору злавесным дажджом серпантыну, спярэшчанага лiтарамi i лiчбамi.
– Ну як "Стыл"? – iзноў запытаў Жан Манье.
– Пяцьдзесят дзевяць, – адказала Гертруда Оўэн.
На хвiлiну яна перастала друкаваць i глянула на маладога француза. Ён сядзеў нерухома ў крэсле, абхапiўшы галаву рукамi, сам не свой.
"Яшчэ аднаму не пашанцавала, – падумала яна. – Тым горш для яго... I тым горш для Фанi..."
Бо Жан Манье, прадстаўнiк ню-ёркскай канторы банка Хольмана, гады два назад ажанiўся са сваёй сакратаркай, амерыканкай.
– А "Кэнiкот"? – iзноў запытаў Жан Манье.
– Дваццаць восем, – адказала Гертруда Оўэн.
За дзвярамi пачуўся гучны голас. Увайшоў Гары Купер. Жан Манье падняўся.
– Справы – дрэнь! – паведамiў Гары Купер. – Курс акцый упаў на дваццаць працэнтаў. I знаходзяцца ж дурнi, якiя не вераць, сцвярджаюць, што гэта не крызiс!
– Гэта крызiс! – прашаптаў Жан Манье i выйшаў.
– Пагарэў, небарака! – сказаў Гары Купер.
– Так, – згадзiлася Гертруда Оўэн. – Абанкруцiўся. Мне пра гэта гаварыла Фанi. Яна сёння ж кiне яго.
– Нiчога не зробiш, – прабурчаў Гары Купер. – Крызiс.
* * *
Прыгожыя бронзавыя дзверы лiфта бясшумна зачынiлiся.
– Унiз! – загадаў Жан Манье.
– Ну як "Стыл"?-пацiкавiўся хлопчык-лiфцёр.
– Пяцьдзесят дзевяць, – адказаў Манье.
Ён купляў гэтыя акцыi па сто дванаццаць даляраў. Пяцьдзесят тры даляры страты на кожнай. I з другiмi яго акцыямi не лепш. Ён уклаў у iх усю сваю невялiкую маёмасць, набытую ў Арызоне. У Фанi ж нiколi не было i цэнта. Так, гэта канец... Апынуўшыся на вулiцы, ён шпарка пайшоў да метро, прабуючы ўявiць сабе будучыню. Пачынаць усё спачатку? Гэта магчыма, калi б Фанi праявiла цярпенне i мужнасць. Ён успомнiў, як ён змагаўся, як пасвiў жывёлу ў стэпах Арызоны i даволi скора разбагацеў. Зрэшты, яму ўсяго толькi трыццаць год. Але ён ведаў, што ў Фанi лiтасцi няма.
Так яно i здарылася.
Калi назаўтра ранiцай Жан Манье прачнуўся ў поўнай адзiноце, ён адчуў, што сiлы яго пакiдаюць. Хоць Фанi была i бяздушная жанчына, але ён яе любiў. Негрыцянка прынесла яму снеданне – рэдзенькую кашу ў талерачцы, лустачку дынi, i папрасiла грошай.
– Дзе гаспадыня, мiстэр?
– Паехала.
Ён даў ёй пятнаццаць даляраў i падлiчыў, што ж у яго засталося. Даляраў шэсцьсот, нават меней. Можна пражыць месяцы два, нават тры... А потым? Ён паглядзеў у акно. Апошнiм часам, амаль кожны дзень, у газетах пiсалася пра самагубствы. Банкiры, служачыя, бiржавыя спекулянты, пацярпеўшы крах, выбiралi смерць як адзiны ратунак. Скiнуцца з дваццатага паверха? Колькi секунд? Тры? Чатыры? Кроў на асфальце i раструшчанае цела... А калi не памрэш адразу? I ён уявiў сабе страшэнныя пакуты, паламаныя косцi, садранае мяса... Уздыхнуўшы, ён узяў пад паху газету i пайшоў у рэстаран. I вельмi здзiвiўся, што з апетытам з'еў блiнцы, палiтыя кляновым сiропам.
* * *
– "Гатэль "Танатос Палац", Нью-Мексiка..." Дзiўны адрас... Хто мне можа адтуль пiсаць?
Было i яшчэ адно пiсьмо, ад Гары Купера. Ён прачытаў яго першым. Шэф пытаўся, чаму ён не з'явiўся ў кантору. Ён павiнен вярнуць у касу восемсот дзевяноста тры даляры (893)... I якiя яго меркаваннi на гэты конт?.. Пытанне жорсткае альбо наiўнае. Але ж наiўнасць не была адною з заган Гары Купера.
Ён распячатаў другое пiсьмо. Наверсе з густам зробленая гравюрка – тры кiпарысы, а нiжэй тэкст.
ГАТЭЛЬ "ТАНАТОС ПАЛАЦ"
Дырэктар – Генры Берстэкер
Дарагi пан Манье!
Мы сёння звяртаемся да Вас не выпадкова, а, маючы пэўныя весткi аб Вас, у нас ёсць падстава спадзявацца, што нашы паслугi могуць Вам спатрэбiцца.
Вы не маглi, вядома, не заўважыць, што ў жыццi нават самага мужнага чалавека складаюцца часам такiя фатальныя акалiчнасцi, з якiмi нельга змагацца, i тады прыходзiць думка аб смерцi, як аб жаданым ратунку.
Заплюшчыць вочы, заснуць, каб нiколi больш не прачынацца, не чуць нi пытанняў, нi папрокаў... Многiя з нас мелi такое жаданне, марылi аб гэтым... Аднак, за вельмi рэдкiм выключэннем, людзi не адважваюцца вызвалiцца ад сваiх пакут, i гэта зусiм зразумела, калi ўспамiнаеш тых, хто паспрабаваў гэта зрабiць. Большасць самагубстваў канчаецца страшэнна няўдала. Адзiн хацеў пусцiць сабе кулю ў лоб, а зачапiў зрокавы нерв i аслеп. Другi, жадаючы навекi заснуць, выпiў снатворнага, але памылiўся дозай i прачнуўся днi праз тры паралiзаваны, без памяцi, з хваробай мозгу. Самагубства – гэта мастацтва, якое патрабуе культуры i не дапускае аматарства, але разам з тым, па самой сваёй прыродзе не дазваляе чалавеку набыць належны вопыт.
Маючы гэтакi вопыт, дарагi пан Манье, i, спадзеючыся, што закранутая намi праблема Вас цiкавiць, мы гатовы прапанаваць Вам свае паслугi. З'яўляючыся ўладальнiкамi гатэля, якi знаходзiцца на гранiцы Злучаных Штатаў i Мексiкi i, дзякуючы пустэльнаму характару мясцовасцi, пазбаўлены афiцыйнага кантролю i дакучлiвых прыватных вiзiтаў, мы прыйшлi да пераканання, што наш абавязак дапамагаць чалавецтву i тым з нашых братоў, хто па сур'ёзных i няўхiльных прычынах хацеў бы разлучыцца з жыццём, даём спосаб выканаць гэта без пакут i, асмелiмся сцвярджаць, без усякай рызыкi.
У гатэлi "Танатос Палац" смерць спаткае Вас у сне далiкатна i без болю. Тэхнiчная спрактыкаванасць, набытая намi за пятнаццаць гадоў бесперапыннага старання (толькi за апошнi год мы абслужылi больш за дзве тысячы клiентаў), дазваляе нам гарантаваць i надзейнасць дазiроўкi i хуткi рэзультат. Дададзiм таксама, што клiентаў, якiх мучаць сумленне альбо перакананнi рэлiгiйнага характару, пры дапамозе вынайдзеных намi адмысловых метадаў мы вызваляем ад усякай маральнай адказнасцi.
Мы вельмi добра ведаем, што большасць нашых клiентаў абмежавана ў сродках, бо схiльнасць да самагубства, як правiла, адваротна прапарцыянальна крэдытнай суме на банкаўскiм рахунку. А таму, нiколькi не ахвяруючы камфортам, мы давялi расцэнкi "Танатоса" да мiнiмуму. Каб пасялiцца ў нас, даволi трохсот даляраў, якiя ўносяцца адразу. Гэты невялiкi ўзнос вызваляе Вас ад далейшых затрат на ўвесь тэрмiн Вашага знаходжання ў нашым гатэлi – тэрмiн, працягласць якога будзе захоўвацца ад Вас у сакрэце – i пакрые выдаткi па самой аперацыi, па пахаванню i па нагляду за магiлай.
Таксама важна дадаць, што "Танатос" знаходзiцца на ўлоннi прыроды ў цудоўнай мясцовасцi, мае чатыры тэнiсныя корты, пляцоўку для гульнi ў гольф i вялiзны басейн для плавання. Клiентура гатэля складаецца з асоб мужчынскага i жаночага полу i амаль уся належыць да высокiх i вытанчаных пластоў грамадства. Сацыяльная згода, якая пануе ў нашым гатэлi, памножаная на незвычайнасць сiтуацыi, надае адпачынку ў iм нi з чым не параўнаную прывабнасць. Пасажыраў, што едуць да нас, просiм выходзiць на станцыi Дымiнг, дзе iх чакае спецыяльны аўтобус гатэля. Аб прыездзе просiм паведамiць загадзя, за два днi наперад, пiсьмом альбо тэлеграфна. Наш тэлеграфны адрас: "Танатос", Каранада, Нью-Мексiка.
Жан Манье ўзяў калоду карт i расклаў iх так, як навучыла яго Фанi. Яму выпала ўдача.
* * *
Падарожжа цягнулася доўга. Поезд шпарка iмчаўся мiма баваўняных палёў, дзе працавалi негры – чорныя кропкi сярод белай пены. Жан Манье то чытаў, то драмаў, то зноў прабаваў чытаць – так прайшлi два днi i дзве ночы. Нарэшце яны ўехалi ў горы, гiганцкiя, фантастычныя, казачныя. Цягнiк з гулам iшоў у цяснiне памiж высачэнных скал, перасечаных упоперак фiялетавымi, жоўтымi i чырвонымi палосамi. Памiж скал, на палове iх вышынi, доўгаю белаю стужкай вiселi аблокi. На дробных станцыях можна было ўбачыць мексiканцаў у шырокiх капелюшах i вышываных скураных куртках.
– Наступная станцыя – Дымiнг, – папярэдзiў Жана Манье негр, праваднiк спальнага вагона. – Пачысцiць вам чаравiкi, мiстэр?
Француз сабраў свае кнiжкi i зачынiў чамадан. Звычайнасць гэтага, што нi кажы, апошняга падарожжа здзiўляла яго. Ён пачуў шум горнага патока. Заскрыгаталi тармазы. Цягнiк спынiўся.
– У "Танатос", сэр? – аклiкнуў Жана Манье насiльшчык-iндзеец, прабягаючы паўз вагоны. Ён пагрузiў ужо ў сваю каламажку багаж дзвюх маладзенькiх бландзiнак, якiя тупалi за iм услед.
"Няўжо гэтыя дзве мiлыя дзяўчыны прыехалi сюды памiраць?" – падумаў Жан Манье.
Яны зiрнулi на яго засмучанымi вачамi i прашапталi нейкiя словы, якiх ён не разабраў.
Аўтобус гатэля "Танатос" зусiм не быў падобны на катафалк, як некаторыя маглi сабе ўявiць. Пафарбаваны ў ярка-сiнi колер, блакiтны i жоўценькi ўнутры, ён зiхацеў на сонцы сярод абшарпаных i разбiтых аўтамашын, якiя надавалi прывакзальнаму двару, дзе не сцiхала гiшпанская i iндзейская лаянка, выгляд рынка, заваленага жалезным ламаччам. Скалы, што абступалi дарогу, абраслi лiшайнiкам, былi пакрыты блакiтна-шэрай смугой, а вышэй выблiсквалi металiчныя колеры горных парод. Шафёр, тоўсты чалавек з лупатымi вачамi, быў у шэрым форменным адзеннi. Жан Манье з далiкатнасцi сеў побач з iм, каб не дакучаць сваiм спадарожнiцам. Потым, калi машына пачала пятляць, крута падымаючыся ўгору, француз паспрабаваў загаварыць са сваiм маўклiвым суседам:
– Вы даўно працуеце шафёрам "Танатоса"?
– Тры гады, – прабурчаў шафёр.
– Дзiўная, вiдаць, работа.
– Дзiўная? – пацiснуў плячамi шафёр. – Чаму дзiўная? Я ваджу аўтобус. Што ж тут дзiўнага?
– Скажыце, вашы пасажыры калi-небудзь вяртаюцца?
– Не часта, – крыху збянтэжаца адказаў той. – Не часта... Але гэта бывае. Вось, напрыклад, я.
– Вы? Сапраўды? Вы прыехалi сюды як... клiент?
– Вось што, мiстэр, – сказаў шафёр, – я ўзяўся за гэтую работу не для таго, каб у мяне пыталiся, дый павароты тут небяспечныя. Вы ж, мабыць, не хочаце, каб я ўкакошыў вас i гэтых дзяўчынак.
– Вядома, не хачу, – згадзiўся Жан Манье i, зразумеўшы недарэчнасць свайго адказу, усмiхнуўся.
Гадзiны праз дзве шафёр моўчкi паказаў яму пальцам на сiлуэт "Танатоса", якi вырысоўваўся на пласкагор'i.
* * *
Гатэль быў пабудаваны ў гiшпана-iндзейскiм стылi: нiзкi, са ступеньчатым дахам i чырвонымi мураванымi сценамi – грубая iмiтацыя пад глiну. Пакоi выходзiлi на поўдзень, на крытыя веранды, шчодра асветленыя сонцам. Прыезджых сустрэў парцье-iталiец. Яго чыста выбрыты твар адразу ж нагадаў Жану Манье другую краiну, вулiцы вялiкага горада, бульвары ў кветках.
– Чорт вазьмi, дзе я вас бачыў? – запытаў ён у парцье ў той час, як хлопчык-слуга браў яго чамадан.
– У Барселоне, сэр, у гатэлi "Рыц"... Прозвiшча маё – Сарконi... Я выехаў адтуль, калi пачалася рэвалюцыя...
– З Барселоны ў Новую Мексiку! Нiшто сабе махнуў!
– О, сэр, пасада швейцара ўсюды аднолькавая. Толькi карткi, якiя я папрашу вас запоўнiць, тут крыху даўжэйшыя. Вы ўжо, калi ласка, даруйце, сэр.
Ён падаў гасцям друкаваныя бланкi, дзе сапраўды было многа граф, пытанняў i падрабязных тлумачэнняў. Клiентам прапаноўвалася дакладна запiсаць дату i месца свайго нараджэння, а таксама прозвiшчы асоб, якiх трэба апавясцiць у выпадку няшчаснага здарэння.
"Просьба прыкласцi адрасы сваякоў цi сяброў (самае меншае – два) i абавязкова перапiсаць уласнаручна на сваёй роднай мове наступную заяву (форма А):
Я, нiжэйпадпiсаны, ......, будучы пры сваiм розуме i ў цвёрдай памяцi, сцвярджаю i сведчу, што сам добраахвотна расстаюся з жыццём, а таму здымаю цалкам з дырэкцыi ўсякую адказнасць, калi са мною што здарыцца..."
Седзячы за суседнiм столiкам адна адной насупраць, дзве прыгожанькiя спадарожнiцы Жана Манье старанна перапiсвалi форму. Ён заўважыў, што яны выбралi нямецкi тэкст.
* * *
Дырэктар гатэля Генры Берстэкер, спакойны чалавек у акулярах з залатой аправай, вельмi ганарыўся сваiм адмысловым пансiянатам.
– Гэта ваш гатэль? – запытаў яго Жан Манье.
– Не, сэр, – гэта ўласнасць акцыянернага таварыства, але iдэя сапраўды мая, i я прызначаны яго дырэктарам пажыццёва.
– А як вам удаецца пазбегнуць непрыемнасцей з боку мясцовых улад?
– Непрыемнасцей! – здзiвiўся Генры Берстэкер, страшэнна шакiраваны. – Але ж мы не робiм нiчога, што супярэчыла б звычайным абавязкам гаспадароў гатэля. Мы даём нашым клiентам тое, чаго яны хочуць, i толькi... Зрэшты, пан Манье, нiякiх мясцовых улад тут няма. Гэта тэрыторыя так дрэнна размешчана, што нiхто дакладна не ведае, каму яна належыць – Мексiцы цi Злучаным Штатам. Доўгi час гэта плато лiчылася недаступным. Iснуе легенда, што некалькi стагоддзяў таму назад сюды ўцяклi рэшткi аднаго iндзейскага племенi, каб памерцi разам, ратуючыся ад эўрапейцаў, i тутэйшыя жыхары кажуць, што душы iх вартавалi калiсьцi гару, не дазваляючы нiкому падняцца. З гэтай прычыны нам i ўдалося купiць тут зямлю па сходнай цане, каб жыць вольна i незалежна.
– А сем'i вашых клiентаў нiколi не падавалi на вас у суд?
– Падаваць на нас у суд? – абразiўся Берстэкер – Божа праведны, а за што? Хто нас можа судзiць? Наадварот, сэр, сем'i нашых клiентаў рады, што нам без усякага скандалу ўдаецца вызвалiць iх ад праблем далiкатных i, часта, вельмi пакутлiвых. Не, не, сэр, мы ўсё гэта робiм хораша, карэктна, нашы клiенты нашы лепшыя сябры... Можа, вы жадаеце паглядзець свой пакой? Калi вы не супраць, мы вас змесцiм у нумар сто трынаццаты. Спадзяюся, вы не верыце ў прыкметы?
– Нiколькi, -адказаў Жан Манье. -Але я выхаваны ў строгiх рэлiгiйных правiлах, i, шчыра прызнаюся, думка аб самагубстве мяне трывожыць.
– Што вы, сэр! Якое самагубства! Аб гэтым i размовы не можа быць, – сказаў Берстэкер такiм безапеляцыйным тонам, што яго субяседнiк адразу сцiх. Сарконi, праводзьце пана Манье ў нумар сто трынаццаты. А што датычыцца трохсот даляраў, калi ласка, сэр, аддайце iх па дарозе нашаму касiру, кабiнет якога знаходзiцца побач з маiм.
Дарэмна шукаў Жан Манье ў нумары 113, цудоўна асветленым аранжавым захадам сонца, слядоў якiх-небудзь смертаносных прылад.
* * *
– Калi ў вас вячэра?
– У восем трыццаць, сэр, – адказаў слуга.
– Пераадзявацца трэба?
– Большасць джэнтльменаў трымаецца гэтага правiла, сэр.
– Добра. Я пераадзенуся. Падрыхтуйце мне чорны гальштук i белую сарочку.
Увайшоўшы ў салон, Манье сапраўды ўбачыў дэкальтаваных дам i мужчын у смокiнгах.
Да яго адразу ж падышоў пан Берстэкер, прыветлiвы i пачцiвы.
– О, пан Манье... Вы з'явiлiся... А я вас шукаў... Паколькi вы адзiн, я падумаў, цi не будзе вам прыемней павячэраць у кампанii з адной нашай клiенткай, мiсiс Кiрбi-Шоў.
Манье з незадавальненнем паморшчыўся:
– Я прыехаў сюды не затым, каб весцi свецкае жыццё... Але ўсё роўна... Вы можаце паказаць мне гэтую даму, не знаёмячы з ёю?
– Вядома, пан Манье... Мiсiс Кiрбi-Шоў – вунь тая маладая жанчына ў белым крэп-сацiнавым плаццi, што сядзiць каля пiянiна i гартае часопiс. Мне не верыцца, каб яе фiзiчны выгляд каму-небудзь не спадабаўся... Хутчэй наадварот... Гэта – на рэдкасць прыемная дама, добра выхаваная, iнтэлiгентная, з артыстычнай душой...
Сапраўды мiсiс Кiрбi-Шоў была вельмi прыгожая жанчына. Цёмныя валасы ў дробных буклях звiсалi аж да патылiцы, адкрываючы высокi лоб. Вочы разумныя, цёплыя, мяккiя. На якога чорта гэта мiлая iстота надумалася шукаць сабе смерцi?
– Няўжо i мiсiс Кiрбi-Шоў?.. Што, хiба i гэтая дама прыехала да вас, як i я, з той жа мэтай?
– Напэўна, – адказаў пан Берстэкер i шматзначна падкрэслiў: – На-пэў-на.
– Калi так, пазнаёмце мяне.
Пад канец вячэры, простай, але выдатнай i цудоўна сервiраванай, Жан Манье ўжо ведаў амаль усё галоўнае з бiяграфii Клары Кiрбi-Шоў. Яна выйшла замуж за чалавека багатага, добрага па натуры, якога не любiла. Пакiнуўшы яго паўгода назад, яна выехала ў Эўропу з адным вельмi прывабным i цынiчным маладым пiсьменнiкам, з якiм сустрэлася ў Ню-Ёрку. Яна думала, што гэты малады чалавек ажэнiцца з ёю, як толькi яна атрымае развод, але, апынуўшыся ў Ангельшчыне, ён даў ёй зразумець, што яна яму надакучыла i не патрэбна. Абражаная i пакрыўджаная яго жорсткасцю, яна паспрабавала растлумачыць яму, што дзеля яго ахвяравала ўсiм i становiшча яе жудаснае. Ён нахабна рассмяяўся:
– Клара, вы сапраўды жанчына мiнулага стагоддзя, – сказаў ён, здзекуючыся. – Калi б я падазраваў, што вы так нашпiгаваны вiктарыянскiмi поглядамi, я б не звязваўся з вамi, не забiраў бы вас ад мужа i дзяцей. Мiлая мая, вам трэба вярнуцца. Ваша прызванне – мець кучу дзяцей i няньчыць iх.
Тады яна ўхапiлася за апошнюю надзею – угаварыць свайго мужа, Нормана Кiрбi-Шоў, каб той узяў яе назад. Яна была ўпэўнена, што, спаткаўшыся з iм вока на вока, здолее крануць яго сэрца i дабiцца свайго. Аднак Норман, абкружаны зграяй сваякоў i кампаньёнаў, варожа настроеных супраць Клары, якiя сачылi за кожным яго крокам, быў няўмольны. Пасля некалькiх дарэмных спроб, зняважаная, даведзеная да адчаю, аднойчы ранiцай яна знайшла ў сваёй паштовай скрынцы праспект гатэля "Танатос" i зразумела, што гэта адзiны спосаб, хуткi i лёгкi, вырвацца з той страшнай пасткi, у якую яна трапiла.
– А вы не баiцеся смерцi? – запытаў Жан Манье.
– Вядома, баюся... Але яшчэ больш мяне пужае жыццё.
– Дасцiпны адказ, – заўважыў Манье.
– Гора навучыць, – уздыхнула Клара. – А цяпер раскажыце мне, як вы тут апынулiся.
Выслухаўшы расказ Жана Манье, яна яго строга адчытала.
– Не магу паверыць! – сказала яна. – Як?.. Вы хочаце памерцi толькi таму, што панiзiлася цана вашых акцый? Няўжо вы не разумееце, што праз год, праз два, самае большае праз тры, калi ў вас хопiць мужнасцi жыць, вы ўсё гэта забудзеце i, можа, нават вернеце свае страты?..
– Мае страты – не галоўная прычына. Гэта сапраўды не мела б значэння, каб у маiм жыццi захаваўся якi-небудзь сэнс... Але я ўжо казаў вам, што ад мяне адмовiлася жонка... У Францыi ў мяне няма нi блiзкай раднi, цi сябровак. I яшчэ, каб ужо да канца быць шчырым, скажу, – я калiсьцi пакiнуў сваю бацькаўшчыну праз адну вялiкую няўдачу ў каханнi. За каго ж мне цяпер змагацца?
– Як за каго? За самога сябе... За тых, хто вас пакахае, а ўсё гэта яшчэ будзе на вашым шляху... Калi вы пераканалiся, што некаторыя жанчыны ў цяжкую для вас хвiлiну паводзiлi сябе агiдна, не судзiце несправядлiва аб усiх iншых.
– Вы сур'ёзна думаеце, што на свеце ёсць жанчына... Я хачу сказаць, жанчыны, якiх я мог бы пакахаць... i якiя згадзiлiся б некалькi гадоў жыць у галечы, у беднасцi, у пастаянным змаганнi?..
– Я ў гэтым упэўнена, – сказала яна. – Ёсць жанчыны, якiя любяць барацьбу, а ў беднасцi знаходзяць для сябе нават нейкую рамантычную асалоду... Напрыклад, я.
– Вы?
– О, я толькi хацела сказаць, што...
Засаромеўшыся, яна абарвала размову, потым дадала:
– Мне здаецца, нам пара вярнуцца ў салон. У сталовай мы засталiся адны, i метрдатэль ходзiць вакол нас, як на iголках.
– А вы не думаеце, – запытаў Жан Манье, накiдваючы на плечы Клары Кiрбi-Шоў гарнастаевы паланцiн, – вы не думаеце... што ў гэтую ноч?..
– О не, -сказала яна. -Вы ж толькi што прыехалi...
– А вы?
– А я ўжо тут два днi.
Развiтваючыся, яны дамовiлiся заўтра ранiцай зрабiць невялiчкую прагулку ў горы.
* * *
Ранiшняе сонца паклала наўскос на веранду свой прамянiсты абрус. Жан Манье, асвяжыўшыся пад ледзяным душам, злавiў сябе на думцы: "Да чаго ўсё ж такi добра жыць на свеце!.." Але тут ён успомнiў, што ў яго засталося ўсяго некалькi даляраў i некалькi дзён жыцця. Ён уздыхнуў:
"Ужо дзесяць гадзiн!.. Клара, напэўна, мяне чакае..."
Ён паспешна адзеўся i ў белым палатняным касцюме адчуваў сябе бадзёра i лёгка. Ён знайшоў Клару Кiрбi-Шоў каля тэнiснай пляцоўкi, яна таксама была ў белым i гуляла ў суправаджэннi дзвюх маладзенькiх аўстрыек, якiя ў момант разбеглiся, убачыўшы француза.
– Я iх напалохаў?
– Дзяўчаткi вельмi баязлiвыя... Яны мне расказалi сваю гiсторыю.
– Цiкава!.. Спадзяюся, вы мне яе перакажаце... Вы хоць трошкi спалi ўночы?
– О так, i даволi моцна. Мне здаецца, гэты хiтры Берстэкер нам чагосьцi падсыпае на сон.
– Не думаю, – сказаў ён. – Спаў я нармальна i прачнуўся зусiм здаровы.
Праз хвiлiну ён дадаў:
– I вельмi шчаслiвы.
Яна зiрнула на яго з усмешкай i прамаўчала.
– Давайце пойдзем гэтаю сцежкай, – параiў Манье, – i вы мне раскажаце пра маладзенькiх аўстрыек... Вы будзеце маёй Шэхеразадай...
– Але ў нас не будзе тысячы i адной ночы.
– У нас?.. Вы кажаце... у нас?.. Эх!..
Яна спынiла яго:
– Дзяўчынкi гэтыя – блiзняты, дзве сястры. Яны разам выхоўвалiся, спачатку ў Вене, потым у Будапешце, i не было ў iх нiякiх блiзкiх сяброў. У васемнаццаць год iм папаўся нейкi венгерац, арыстакрат, са знатнай фамiлii, прыгожы, як анёл, i музыкальны, як цыган, i абедзве адразу страшэнна закахалiся ў яго. Праз некалькi месяцаў ён пасватаўся да аднае з сясцёр. Другая з роспачы прабавала ўтапiцца, але няўдала. Тады тая, якой граф Нiкi зрабiў прапанову, вырашыла адмовiць яму. I сентыментальныя дзяўчынкi надумалiся памерцi разам. А тут якраз падаспеў, як мне i вам, праспект гатэля "Танатос".
– Якое вар'яцтва! – сказаў Жан Манье. – Яны ж маладыя i прыгожыя... Ну чаму б iм не жыць у Амерыцы, хiба на свеце мала добрых хлопцаў, якiх можна палюбiць? Трошкi цярпення, i ўсё наладзiлася б...
– Сюды якраз i едуць тыя, у каго няма цярпення, – журботна прамовiла Клара. – Усе мы разважаем разумна, калi справа нас не датычыцца. Сказаў жа нехта: у кожнага хапае мужнасцi перажыць чужое лiха.
Цэлы дзень жыхары "Танатоса" маглi назiраць, як двое ў белым, мужчына i жанчына, блукалi па алеях парка, каля падножжа скал i над прорвай. Яны горача аб нечым спрачалiся... I толькi, калi пачало змяркацца, накiравалiся ў гатэль.
Садоўнiк-мексiканец, убачыўшы, што яны iдуць абняўшыся, сарамлiва адвярнуўся.
* * *
Пасля вячэры Жан Манье прывёў мiсiс Кiрбi-Шоў у маленькую пустую гасцiную i там увесь вечар нешта шаптаў ёй, i гэта, здавалася, яе вельмi кранала. Потым, перш чым падняцца ў свой пакой, ён пайшоў шукаць пана Берстэкера. Дырэктар быў у сваiм кабiнеце, сядзеў у крэсле i гартаў вялiкую чорную кнiгу. Пан Берстэкер правяраў рахункi i час ад часу чырвоным алоўкам закрэслiваў у кнiзе радок.
– Добры вечар, пан Манье!.. Можа, я чым магу быць вам карысны?
– О так, пан Берстэкер... Ва ўсякiм разе я спадзяюся... Тое, што я скажу, вас, напэўна, здзiвiць... Перамена такая раптоўная... Але жыццё ёсць жыццё... Адным словам, я прыйшоў сказаць вам, што перадумаў... Я не хачу памiраць.
Пан Берстэкер вытрашчыў на яго вочы.
– Вы гэта сур'ёзна гаворыце, пан Манье?
– Я добра разумею, – гаварыў француз, – што вы палiчыце мяне чалавекам непаслядоўным i нерашучым... Але ж яно зусiм натуральна, што пры новых абставiнах мяняюцца i нашы жаданнi... Тыдзень таму назад, калi я атрымаў ваша пiсьмо, я быў у адчаi, адчуваў сябе адзiнокiм... Мне здавалася тады, што няма нiякага сэнсу змагацца... Сёння ўсё перайначылася... I гэта дзякуючы вам, пан Берстэкер.
– Дзякуючы мне?
– Так, бо гэты цуд стварыла тая самая маладая асоба, з якою вы пасадзiлi мяне за адзiн стол. Мiсiс Кiрбi-Шоў – чароўная жанчына, пан Берстэкер.
– Я ж вам казаў, пан Манье.
– Чароўная i гераiчная... Даведаўшыся, у якiм цяжкiм становiшчы я апынуўся, яна згадзiлася падзялiць са мной пакуты майго жыцця... Вас гэта здзiўляе?
– Нiколькi... Мы тут прывыклi да ўсякiх нечаканых перамен... I я рад за вас, пан Манье... Вы яшчэ такi малады, вельмi малады...
– Дык вось, калi вы нiчога не маеце супраць, заўтра мы з мiсiс Кiрбi-Шоў выедзем адгэтуль у Дымiнг.
– Значыць, мiсiс Кiрбi-Шоў таксама адмаўляецца ад...?
– Ну вядома... Зараз яна будзе ў вас i сама вам пацвердзiць... Застаецца ўладзiць яшчэ адно пытанне, даволi далiкатнае... Трыста даляраў, якiя я вам заплацiў, гэта амаль усе мае грошы... Растлумачце, калi ласка, цалкам i поўнасцю яны пераходзяць "Танатосу" цi я магу атрымаць назад некаторую суму, каб купiць бiлеты на дарогу?
– Мы людзi сумленныя, пан Манье... I бяром плату толькi за тое, што зроблена намi рэальна. Заўтра ранiцай касiр падагулiць ваш рахунак з разлiку дваццаць даляраў у суткi за нумар i абслугоўванне. Рэшту вам вернуць без затрымкi.
– Ваша спагада i велiкадушнасць... Ах, пан Берстэкер, я не ведаю, як вам i дзякаваць! Мне iзноў засвяцiла шчасце... Новае жыццё...
– Да вашых паслуг, – сказаў пан Берстэкер.
Жан Манье выйшаў з кабiнета i накiраваўся ў свой пакой. Берстэкер уважна сачыў за iм, потым нацiснуў кнопку званка i распарадзiўся:
– Прышлiце да мяне Сарконi.
Праз некалькi хвiлiн увайшоў парцье.
– Я вам патрэбен, сiньёр дырэктар?
– Так, вы мне патрэбны, Сарконi... Сёння ўночы пусцiце газ у нумар сто трынаццаты... Гадзiны ў дзве.
– Загадаеце, сiньёр дырэктар, спачатку даць сонны газ, а потым ужо смяротны?
– Думаю, што не трэба... Ён будзе спаць моцна... На сёння ўсё, Сарконi... А заўтра, як i дамовiлiся, дзве дзяўчынкi з семнаццатага.
Парцье выйшаў, i ў дзвярах кабiнета з'явiлася мiсiс Кiрбi-Шоў.
– Заходзь, – сказаў Берстэкер. – Якраз я збiраўся цябе паклiкаць. Твой клiент ужо быў у мяне, папярэдзiў, што хоча выехаць.
– Мне здаецца, я заслугоўваю пахвалы, – абазвалася Клара. – Чыстая работа, праўда?
– I хуткая... Я гэта ўлiчу.
– Значыць, сёння ўночы яго...?
– Так, сёння ўночы.
– Бедны хлопчык! – уздыхнула яна. – Такi рамантычны, душэўны...
– Усе яны душэўныя, – сказаў Берстэкер.
– Жорсткi ты чалавек, – папракнула Клара, – толькi ў iх абуджаецца смак да жыцця, ты iх адпраўляеш на той свет.
– Жорсткi?.. Наадварот. У гэтым i ёсць сутнасць нашага гуманнага метаду... У небаракi былi сумненнi рэлiгiйнага парадку... Я яго супакоiў.
Ён паглядзеў у спiсак:
– Заўтра табе адпачынак... А на паслязаўтра новае заданне... Яшчэ адзiн фiнансiст, на гэты раз са Швецыi... I, май на ўвазе, не вельмi малады.
– Мне так спадабаўся французiк... – летуценна прамовiла Клара.
– Работу не выбiраюць, – строга заўважыў дырэктар. – На, вазьмi свае дзесяць даляраў, i вось табе яшчэ дзесяць прэмiяльных.
– Дзякуй, – сказала Клара Кiрбi-Шоў i, кладучы грошы ў сумачку, глыбока ўздыхнула.
Калi яна выйшла, пан Берстэкер узяў чырвоны аловак, акуратна прылажыў металiчную лiнеечку i выкраслiў са свайго спiска адно прозвiшча.