355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Андре Моруа » Часовы прыпынак » Текст книги (страница 1)
Часовы прыпынак
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 04:38

Текст книги "Часовы прыпынак "


Автор книги: Андре Моруа


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Моруа Андрэ
Часовы прыпынак (на белорусском языке)

Андрэ Маруа

ЧАСОВЫ ПРЫПЫНАК

– Самае дзiўнаё здарэнне ў маiм жыццi? – запытала яна. – Вы паставiлi мяне ў тупiк. У маiм жыццi было шмат усякiх здарэнняў i прыгод.

– I, мабыць, яшчэ будуць.

– О не! Я старэю, не лятаю арлом пад нябёсамi... Iначай кажучы, мне патрэбен спакой... Мяне цалкам задавальняе, калi я вечарам застаюся адна i магу перачытаць даўнейшыя лiсты альбо паслухаць пласцiнку.

– Быць не можа, каб ад вас адвярнулiся кавалеры... Ваш твар захаваў усю сваю прыгажосць, а сляды багатага вопыту i, магчыма, перажытых пакут нават надаюць яму нешта ўзвышанае... Гэта чаруе, прываблiвае...

– Ласкавае слова прыемна чуць... Так, у мяне яшчэ ёсць паклоннiкi. Але бяда ў тым, што я iм не веру. На жаль, я надта добра ведаю людзей: пакуль дабiваюцца, гараць як агонь, потым абыякавасць... альбо рэўнасць. I я сабе кажу: нашто мне яшчэ раз ублытвацца ў камедыю, развязка якой мне зараней вядома?.. У маладосцi – iншая справа. Кожны раз мне здавалася, што я знайшла чалавека цудоўнага, якi мяне вырве з няпэўнасцi. Я iмкнулася да яго з чыстым сэрцам. Ды вось, усяго пяць гадоў назад, калi я пазнаёмiлася з Рэно, маiм мужам, у мяне было ўражанне быццам новы свет мне адкрыўся. Ён быў дужы, нават звераваты. Ён развеяў усе мае падазрэннi, смяяўся з маiх страхаў, з маёй пераборлiвасцi. Я ўбачыла ў iм збавiцеля. I зусiм ён не быў iдэальны культуры мала, грубасцi многа – але ён мне прынёс тое, чаго я нiколi не мела: цвёрдую глебу... Выратавальны круг... Ва ўсякiм разе, тады я так думала.

– А цяпер так не думаеце?

– Не пытайцеся, самi ведаеце. У Рэно былi страшэнныя няўдачы. Я павiнна была яго падбадзёрваць, супакойваць, падтрымлiваць. Абараняла абаронцу... Людзi сапраўды моцныя – вялiкая рэдкасць.

– А вам даводзiлася сустракаць такога?

– Аднойчы даводзiлася. I не вельмi даўно, у абставiнах выключных... Ах, так!.. Вы ж просiце, каб я вам расказала самую дзiўную гiсторыю з майго жыцця... Тады слухайце!

– Калi ласка, калi ласка.

– Божа мой! Вось яшчэ мне клопат! Капайся, разварушвай успамiны... I потым гэта даволi доўга, а вы заўсёды спяшаецеся. Ёсць у вас час цi вы проста так?..

– Ёсць, ёсць. Я вас слухаю.

– Ну што ж, паспрабую... Скiнем дваццаць гадоў. Была я тады ўдава, i вельмi маладая... Вы памятаеце майго першага мужа? Я выйшла замуж па волi бацькоў за чалавека значна за мяне старэйшага, да якога я адчувала прыхiльнасць, ну так, прыхiльнасць, як дачка да бацькi. Я любiла яго, мабыць, ад вялiкай удзячнасцi, але радасцi асаблiвай не мела. Праз тры гады ён памёр, пакiнуўшы мне немалы дастатак, так што раптам, пасля апекi раднi i пасля мужавай апекi, я вырвалася на прастор, стала гаспадыняй сваiх учынкаў i свайго лёсу. Без пахвальбы магу сказаць, была я тады нiшто сабе, даволi прыгожая.

– Я сказаў бы: вельмi прыгожая.

– Дапусцiм, калi вам так хочацца... Але як бы там нi было, кавалеры круцiлiся каля мяне роем. Маiм абраннiкам стаў малады амерыканец Джэк Паркер. Некаторыя з французаў, яго сапернiкi, падабалiся мне больш. Яны падзялялi мае густы, умелi дагаджаць, гаварыць камплiменты. Джэк чытаў мала, у музыцы не разбiраўся, прызнаваў толькi джаз i блюзы, а ў жывапiсе трымаўся за моду, як дзiця за няньку. У каханнi прызнавацца не ўмеў, хоць ты яго за язык цягнi. Заляцаўся ён прымiтыўна: возьме мяне за рукi ў кiно, у тэатры альбо вечарам у парку пры святле месяца i скажа: "Сiмпатычная вы..."

Чалавек як быццам нудны. Аднак я ахвотна бавiла з iм час. Ён мне здаваўся надзейным, шчырым. Было тое самае адчуванне бяспекi, што пазней пры першым зблiжэннi з маiм цяперашнiм мужам. Iншыя мае сябры вагалiся, не ведалi, куды iм падацца:у мужы цi ў палюбоўнiкi. Балбатнi хоць адбаўляй, а яснасцi нiякай. З Джэкам iншая справа. Сама думка аб часовай сувязi наводзiла на яго жах. Ён хацеў ажанiцца са мной, завезцi мяне ў Амерыку i каб я яму нарадзiла двое дзяцей, прыгажунчыкаў, кучаравых, як ён, з прамымi носiкамi, павольнай гутаркай трошкi ў нос, i такiх жа наiўных. Ён быў вiцэ-прэзiдэнт банка з перспектывай стаць яго прэзiдэнтам i гаспадаром. Ва ўсякiм разе ў нас было б усё, што нам трэба, i самы раскошны аўтамабiль. Так ён уяўляў сабе жыццё.

Павiнна вам прызнацца, я спакусiлася. Гэта вас дзiвiць?.. Але ж яно зусiм у маёй натуры. Жанчыну з характарам складаным, супярэчлiвым, вабiлi цэльнасць i прастата. Адносiны з раднёй у мяне былi дрэнныя, i, выехаўшы ў Злучаныя Штаты, я б вызвалiлася ад прычэпак i прэтэнзiй. Пасля некалькiх месяцаў стажыроўкi ў парыжскiм фiлiяле Джэк збiраўся вярнуцца ў Ню-Ёрк. Развiтваючыся, я дала яму слова прыехаць туды i выйсцi за яго замуж. Заўважце, што я не была яго палюбоўнiцай. I зусiм не ад упартасцi: я б уступiла, каб ён настаяў... А толькi ён не адважыўся. Джэк быў шчыры амерыканскi католiк, трымаўся звычаяў строгiх i хацеў са мной павянчацца: касцёл Святога Патрыка, Пятае авеню, шаферы ў жакетах з белымi гваздзiкамi ў пятлiцы, шаферкi ў муслiнавых плаццях... Вядома, я была не супраць такога вяселля.

Мы дамовiлiся, што я прыеду ў красавiку. Джэк павiнен быў заказаць мне бiлет на самалёт. Я была так упэўнена, што пералячу акiян на самалёце французскай кампанii, што нават не палiчыла патрэбным яму пра гэта сказаць. У апошнi момант я атрымала бiлет Парыж – Лондан i Лондан – Ню-Ёрк ад кампанii амерыканскай, якая ў той час прамой лiнii да Парыжа не мела. Гэта крыху сапсавала мне настрой, але жанчына я лагодная, вы гэта ведаеце, i, каб не рабiць нiкому турбот, згадзiлася ляцець з перасадкай. У Лондан я павiнна была прыбыць а сёмай гадзiне ўвечары, паабедаць у аэрапорце i вылецець у Ню-Ёрк тады ж у дзевяць гадзiн.

Вы любiце аэрадромы? Мне яны страшэнна падабаюцца. Яны чысцейшыя i больш сучасныя, чым вакзалы на чыгунках. Акуратнасць, як у аперацыйнай. Галасы на незнаёмых мовах, скалечаныя дынамiкамi, клiчуць пасажыраў у гарады далёкiя i дзiвосныя. Праз шырокiя шыбы вiдаць, як прызямляюцца i ўзлятаюць паветраныя гiганты. Гэта фантастычна i мае сваё хараство. Я паабедала, потым спакойненька села ў ангельскае крэсла, падобнае на купiну моху, i тут з дынамiкаў да мяне данеслася доўгая фраза, сэнсу якой я не ўлавiла, але пачула слова "Ню-Ёрк" i нумар майго рэйса. Устрывожыўшыся, я азiрнулася. Пасажыры ўставалi.

Па суседству са мной сядзеў у крэсле цiкавы чалавек гадоў пад сорак. Тонкiмi, зграбнымi рысамi твару, крыху ўзлахмачанымi валасамi, адкрытай шыяй ён нагадваў ангельскiх паэтаў-рамантыкаў, у прыватнасцi Шэлi. Разглядваючы яго, я падумала: "Пiсьменнiк альбо музыкант", i мне захацелася, каб ён быў маiм спадарожнiкам у самалёце. Ён заўважыў маю збянтэжанасць i запытаў па-ангельску:

– Прабачце, мадам... Вы павiнны ляцець рэйсам 632?

– Так... А што аб'явiлi?

– Што па тэхнiчных прычынах самалёт затрымлiваецца да шасцi гадзiн ранiцы. Пасажырам, хто жадае начаваць у гатэлi, кампанiя дае аўтобус.

– Якая нудота! Ехаць у гатэль, каб а пятай гадзiне ранiцы ўставаць! Гэта жудасць!.. Што вы збiраецеся рабiць?

– О! На маё шчасце, мадам, у мяне ёсць прыяцель, якi жыве i працуе тут у аэрапорце. Машыну сваю я пакiнуў у яго ў гаражы. Я вазьму машыну i вярнуся дадому.

Праз хвiлiну ён дадаў:

– Не, лепш iначай... Я скарыстаю гэту затрымку, каб паездзiць па горадзе... Я – арганны майстар i мушу час ад часу правяраць якасць маiх iнструментаў у некаторых лонданскiх цэрквах... I вось нечаканая магчымасць наведаць дзве альбо тры.

– Вы можаце заходзiць у цэрквы ўночы?

Ён засмяяўся i дастаў з кiшэнi вялiкае вясло ключоў.

– Ну так! Уночы зручней за ўсё выпрабоўваць клавiшы i трубы. Цiха, нiкога не турбуеш...

– Вы iграеце самi?

– Стараюся.

– Гэта, мабыць, вельмi добра: арганныя канцэрты ў адзiноце i змроку.

– Добра? Не ведаю. Хоць я i люблю царкоўную музыку, арганiст з мяне няважны. Але тое, што музыка дае мне шмат асалоды, чыстая праўда.

Ён падумаў хвiлiну, потым сказаў:

– Ведаеце што, мадам, я хачу прапанаваць вам нешта незвычайнае... Бачымся мы ўпершыню, i права на ваша давер'е ў мяне няма... Тым не менш, калi ў вас ёсць жаданне мяне суправаджаць, я б мог вас завезцi туды i даставiць назад. Я ўпэўнены, што вы таксама iграеце.

– Iграю. А вы з чаго ўзялi?

– Вы прыгожая, як натхнёная мара артыста. Памылiцца тут нельга.

Павiнна прызнацца, камплiмент гэты мяне крануў. Штосьцi надзвычай аўтарытэтнае было ў гэтым чалавеку. Я ведала, што блукаць па Лондане сярод ночы з незнаёмым – справа рызыкоўная. Мала што магло здарыцца. Але мне i ў галаву не прыходзiла яму адмовiць.

– Паедзем, – сказала я. – А куды я дзену чамадан?

– Здадзiм яго разам з маiм у багажную камеру.

Я не змагу назваць нi тых трох цэркваў, у якiх мы пабывалi ў гэтую ноч, нi таго, што iграў на арганах мой таямнiчы спадарожнiк. Помню, як падымалася з яго дапамогай па крутых, вiтых лесвiцах, як месячнае праменне лiлося праз высокiя вокны, i цудоўную, велiчную музыку. Я пазнавала мелодыi Баха, Фарэ, Гендэля, але, часцей за ўсё, мой праваднiк iмправiзаваў. I тады яно ўзрушвала, брала за сэрца, быццам я чула бурную споведзь усхваляванай душы. Потым пераход да тонаў мяккiх, нябесных, поўных любвi i ласкi.

Ап'янеўшы ад гукаў, я запытала iмя вялiкага музыканта. Яго звалi Пiтэр Дэн.

– Вас чакае слава. Вы – генiй, – гаварыла я.

– Якi я генiй! Ноч i познi час стварылi вам iлюзiю. Я пасрэдны выканаўца. Але мяне натхняе вера i... ваша прысутнасць, на гэты раз.

Гэта яго заява не здзiвiла мяне i не абразiла. Пiтэр Дэн быў адной з тых асоб, з якiмi зблiжаешся хутка i лёгка. Ён быў з iншага свету, далёкi ад марнасцi зямное. Калi наведванне трох цэркваў закончылася, ён сказаў без усякай хiтрасцi:

– Цяпер каля дванаццацi. Вы не супраць таго, каб прабыць у мяне гадзiны тры-чатыры, якiя мы павiнны перачакаць? Я згатую амлет, ёсць фрукты... Заўтра ранiцай работнiца прыбярэ.

Я адчула сябе шчаслiвай, i, я ад вас не таю нiчога, а таму прызнаюся, ва мне абудзiлася няпэўная надзея, што гэты вечар даў пачатак сапраўднаму каханню. Пачуццi жанчыны ў большай ступенi залежаць ад яе ўражанняў, чым пачуццi мужчын. Гэта чароўная музыка, гэта ноч, поўная паэзii i гармонii, гэта моцная i пяшчотная рука, што падтрымлiвала мяне ў змроку, – усё спрыяла наплыву няясных жаданняў. I каб мой спадарожнiк захацеў, я б не вызвалiлася з яго ўлады... Такая мая натура.

Яго пакойчык, завалены кнiгамi, пафарбаваны ў стэрыльны белы колер з чорнай палоскай наверсе, мне спадабаўся. Адразу ж я адчула сябе, як дома, скiнула капялюш i палiто i намерылася iсцi памагаць яму гатаваць вячэру ў яго малюсенькай кухнi, але ён адмовiўся:

– Не трэба, я сам. Вазьмiце кнiгу. Гэта нядоўга, я зараз вярнуся.

Я выбрала "Санеты" Шэкспiра i паспела прачытаць з iх тры, змест якiх вельмi адпавядаў майму настрою.

Увайшоў Пiтэр, паставiў перада мной столiк, заслаў яго абрусiкам i падаў мне ўсё, што меў.

– Прыгатавана цудоўна, – кажу яму, – ем з апетытам. Прагаладалася. Вы на рэдкасць здольны чалавек. Вы так добра ўсё робiце. Шчаслiвая тая жанчына, што падзелiць з вамi жыццё.

– Нiякая жанчына не падзелiць са мной жыцця... Расказвайце пра сябе, гэта цiкавей. Вы, вядома, францужанка? Адбываеце ў Амерыку?

– Так. Выходжу замуж за амерыканца.

Ён успрыняў гэта спакойна.

– Вы яго любiце?

– Я павiнна яго любiць, паколькi вырашыла быць з iм разам да канца маiх дзён.

– Гэта яшчэ не довад, – сказаў ён. – Бываюць шлюбы, да якiх коцяцца павольна, нячутна, без асаблiвага жадання. I раптам пападаюць у палон абавязкаў. Адступiць не хапае адвагi. I жыццё сапсавана. Але ў мяне няма падстаў гаварыць вам такiя сумныя рэчы, я ж не ведаю вашага выбару. Не верыцца, каб жанчына вашага ўзроўню магла памылiцца. Адзiнае, што мяне дзiвiць...

Ён спынiўся.

– Гаварыце... Не бойцеся мяне пакрыўдзiць. Зрок у мяне востры... Я хачу сказаць, што ўмею глядзець на свае ўчынкi збоку i крытыкаваць iх.

– Ну добра! – прамовiў ён. – Мяне дзiвiць не тое, што вам спадабаўся амерыканец (сярод iх ёсць выдатныя людзi, ёсць вельмi прывабныя), а тое, што вы згадзiлiся правесцi з iм у яго краiне ўсё сваё жыццё... Там дык вы, напэўна, адкрыеце "новы свет", вартасцi якога будуць чужыя вам... Ангельскiя звычаi i забабоны... Хоць, можа, ваш жанiх сам па сабе такi дасканалы, што вы не прыдасце нiякага значэння асяродзiшчу, у якiм будзеце жыць.

Я на хвiлiну задумалася. Мне здавалася, я не ведаю чаму, што ўсё, што я раскажу Пiтэру Дэну, надзвычайна важна i трэба, каб я перакладала яму свае думкi дакладна, з усiмi адценнямi.

– Не перабольшвайце, – кажу, – Джэк (мой будучы муж) далёкi ад дасканаласцi i, я ўпэўнена, не заменiць сабой грамадства, якое мне адпавядала б... Джэк слаўны хлопец, сумленны, i мне ён будзе добрым мужам у тым сэнсе, што мне не здрадзiць, i я нараджу здаровых дзяцей. Але па-за клопатамi аб дзецях, па-за дзелавымi iнтарэсамi, палiтыкай i анекдотамi пра нашых сяброў у нас амаль нiчога не будзе агульнага... Зразумейце мяне правiльна. Джэк зусiм не дурнiца, кiруе справамi лепш не трэба, адчувае прыгажосць, мае свой густ... Толькi вось паэзiя, жывапiс, музыка для яго, як лiшняя нагрузка. Ён аб iх нiколi не думае... Але цi так гэта важна? Ва ўсякiм разе, мастацтва ёсць толькi адна з праяў чалавечай дзейнасцi.

– Бясспрэчна, – сказаў Пiтэр Дэн... – Можна быць чалавекам вельмi чуллiвым i не любiць мастацтва цi, дакладней, не разумець яго... Я хутчэй аддам перавагу шчырай раўнадушнасцi, чым фанабэрыстаму, вытанчанаму чыстаплюйству. Але каб быць мужам такой жанчыны, як вы... Цi ёсць у яго хоць тая мiнiмальная сардэчнасць, што дазваляе ўгадваць скрытыя жаданнi блiзкага яму чалавека?

– Ён не глядзiць так глыбока... Я яму падабаюся, а чаму – ён сам не ведае. Ён нi аб чым не пытаецца i верыць, што зробiць мяне шчаслiвай... Мужа я буду мець працавiтага, кватэру на Парк-авеню, аўтамабiль самы раскошны, яго мацi (яна родам з Вiргiнii) падбярэ нам цудоўных чорных слуг. Скажыце, якога ж яшчэ раю шукаць жанчыне?

– Не здзекуйцеся, – прамовiў ён. – Здзек – заўсёды адзнака лiхiх думак. Калi насмiхаюцца з тых, каго трэба любiць, гэта забiвае ўсякую прыхiльнасць... I вось яшчэ... I гэта асаблiва важна. Адзiны шанс на ратунак – у далiкатных i лiтасцiвых адносiнах да людзей. Амаль усе яны такiя няшчасныя...

– Я не думаю, што Джэк няшчасны. Ён амерыканец i добра прыстасаваны да свайго грамадства, якое, не крывячы душой, лiчыць найлепшым у свеце. У чым жа ён тады пачне сумнявацца?

– У вашай любвi, i даволi скора. Вы яго навучыце пакутаваць.

Не ведаю, цi адчулi вы з маiх слоў, што ў гэтую ноч мой узбунтаваны розум быў схiльны з усiм згаджацца. Незвычайна было тое, што я была адна, а першай гадзiне ранiцы, у пакоi незнаёмага ангельца, з якiм выпадкова сустрэлася на аэрадроме. Яшчэ больш незвычайна, што я расказала яму падрабязна пра сябе i падзялiлася сваiмi планамi на будучыню. Нарэшце, самае дзiўнае, што ён даваў мне парады i я слухала яго з пашанай.

I ўсё ж гэта было iменна так. Чалавечая годнасць Пiтэра i яго дабрата рабiлi ўсё простым i натуральным. Нiякiх замашак прапаведнiка, прарока-прафесiянала. Нiчога напускнога. Ён ад душы смяяўся, калi я гаварыла што-небудзь смешнае. Але ў iм угадваўся сур'ёзны падыход да ўсяго, з'ява даволi рэдкая ў грамадстве. Так. Iменна сур'ёзны падыход... Вы разумееце? Людзi ў большасцi не выказваюць таго, што думаюць. За iхнiмi словамi звычайна тоiцца задняя думка, i тое, што ў iх на языку, толькi маска, каб схаваць сапраўднае. Альбо, што яшчэ часцей, балбочуць абы-што, не думаючы.

Пiтэр паводзiў сябе, як некаторыя героi Талстога: не збочваючы, даходзiў да самай сутнасцi рэчаў. Гэта настолькi мяне ўразiла, што я запытала:

– У вас ёсць расейская кроў, не iначай?

– З чаго вы ўзялi? Пытанне нечаканае, асаблiва ад вас. Так, мая мацi была расейка, бацька – ангелец.

Гэта трапная здагадка мяне проста акрылiла, i я, не саромеючыся, пачала пытацца:

– Вы – халасцяк? Вы нiколi не жанiлiся?

– Не. Бачыце... Вы можаце палiчыць гэта гордасцю... Я захоўваю сябе для чагосьцi большага.

– Для вялiкай любвi?

– Для вялiкай любвi, але не да жанчыны. Я ўвесь час адчуваю, што за мiзэрнымi з'явамi гэтага свету ёсць нешта вельмi значнае, прыгожае, дзеля чаго варта| жыць.

– I гэтае "нешта" вы знаходзiце ў рэлiгiйнай музыцы.

– Так, i ў паэзii... I чытаючы евангелле... Я хацеў бы зрабiць сваё жыццё чыстым. Прабачце, што я гавару пра сябе... такiм прыўзнятым тонам... далёка не брытанскiм... але, мне здаецца, вы разумееце ўсё... i адразу.

Я ўстала, падышла i села каля яго ног. Чаму? Сама не ведаю. Але iначай зрабiць не магла.

– Так, разумею, – прамовiла я. – Адчуваю, як i вы, што нельга трацiць жыццё – наш адзiны неацэнны здабытак – на марныя клопаты, нiкчэмныя сваркi, дробныя заняткi. Я б жадала, каб кожная мая гадзiна была падобна на тую, што я праводжу цяпер каля вас... Аднак я ведаю, што гэтага не будзе... Няма ў мяне сiлы... Паплыву па цячэнню, бо так лягчэй... Зраблюся мiсiс Джэк Д. Паркер, буду гуляць у карты, у гольф, палепшу свае спартыўныя паказчыкi, зiмаваць паеду ў Фларыду, i так год за годам, пакуль не прыстукне смерць... Вы, можа, скажаце, якi жаль!.. Ваша праўда... Але што рабiць?

Я прытулiлася да яго каленяў; у гэты момант я належала яму... душой i целам... Так, душой i целам, бо галоўнае – гэта гатоўнасць.

– Што рабiць? – паўтарыў ён. – Кiраваць сабой. Дапускаць, каб вас несла цячэнне? Вы ж умееце плаваць. Я хачу сказаць: у вас ёсць энергiя i аўтарытэт... Ну так!.. I, мiж iншым, няма патрэбы заўсёды змагацца, каб адолець свой лёс. На працягу чалавечага жыцця бывае толькi некалькi момантаў, калi ўсё вырашаецца, i надоўга. У гэтыя моманты якраз i трэба праявiць мужнасць, сказаўшы – так альбо не.

– I вы лiчыце, што ў мяне цяпер такi момант, калi трэба праявiць мужнасць i сказаць – не?

Ён далiкатна дакрануўся да маiх валасоў, потым адвёў руку i задумаўся.

– Вы задалi мне вельмi цяжкае пытанне, – прамовiў ён нарэшце. – Якое ў мяне права, у чалавека, якi ўпершыню вас сустрэў, пра вас нiчога не ведае, нi пра вашу сям'ю, нi пра вашага будучага мужа, якое ў мяне права даваць вам парады? Я магу груба памылiцца... Вырашаць павiнны вы, а не я. Вы адна ведаеце, чаго можна чакаць ад гэтага шлюбу, у вас у адной ёсць факты, каб прадбачыць далейшае... А што магу я? Я магу толькi накiраваць вашу ўвагу на тое, што, на маю думку, i, спадзяюся, на вашу, з'яўляецца самым важным, i запытацца ў вас: "А вы ўпэўнены, што гэта не пашкодзiць вашым лепшым задаткам?"

Тут i я задумалася.

– На жаль – не... Няма ў мяне пэўнасцi. Лепшае, што ў мяне ёсць, гэта надзея, гатоўнасць прынесцi сябе ў ахвяру... У дзяцiнстве я марыла быць святой альбо гераiняй... А цяпер маё жаданне – прысвяцiць сябе чалавеку незвычайнаму i, у меру сiл маiх, памагаць яму ў яго справе, у яго высокiм прызваннi... Вось так... Я вам прызналася ў тым, пра што нiкому яшчэ не гаварыла... Чаму вам? Гэта i для мяне загадка. Ёсць у вас нешта такое, што патрабуе шчырасцi i абуджае давер'е.

– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзi называюць "шчасцем", магчыма, здольны палюбiць другiх па-сапраўднаму i праз гэта знайсцi iншую форму шчасця.

I тады, учынак смелы i крыху шалёны, я схапiла яго за рукi i сказала:

– А чаму б вам, Пiтэр Дэн, не ўзяць сваёй часцiны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы iменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.

– Гэта – iлюзiя... У рэальнасцi я зусiм не такi, я вы сабе ўяўляеце. Нiводнай жанчыне я не буду нi мужам, нi каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з ранiцы да вечара, з вечара да ранiцы пры мне знаходзiлася жанчына, якая кожную хвiлiну патрабуе ад мяне ўвагi i мае на гэта права.

– Увага была б узаемнай.

– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.

– Вы адчуваеце, што ў вас хопiць сiлы, каб змагацца.

– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопiць сiлы, каб змагацца ў жыццi разам з усiмi людзьмi добрай волi... працаваць разам з iмi, каб зрабiць свет больш мiрным i шчаслiвейшым... цi хоць паспрабаваць зрабiць яго такiм.

– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павiнна верыць у тое, што вас натхняе. Але калi яна вас любiць...

– Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якiя, закахаўшыся, як самнамбулы, iшлi за любiмым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалi, што стаяць над прадоннем i могуць упасцi. I тады ў iх з'яўлялася адзiная мэта: хутчэй спусцiцца ўнiз на роўную дарожку звычайнага жыцця... Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалi сямейны ачаг... Воiн складваў зброю.

– Вы хочаце змагацца адзiн?

Ён далiкатна абняў мяне:

– Мне вельмi балюча выказваць, але гэта праўда... Я хачу змагацца адзiн.

Я ўздыхнула:

– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовiцца ад Джэка.

– Лепш адмовiцца i ад яго i ад мяне.

– Чаму?

– Каб застацца сабой.

Я надзела капялюш перад люстэркам. Пiтэр падаў мне палiто.

– Правiльна, – сказаў ён, – трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, i лепш, калi мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.

Ён патушыў у кухнi лямпу i, перад тым як выйсцi, не стрымаўся i па-брацку абняў мяне. Я не супрацiўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сiлу i ўладу. Але ён хутка адпусцiў мяне, адчынiў дзверы i выйшаў следам за мной.

На вулiцы нас чакала яго невялiчкая машына, i я села з iм побач, не сказаўшы нi слова.

Iшоў дождж, i вулiцы начнога Лондана танулi ў змроку i смутку. Праз хвiлiну Пiтэр загаварыў. Ён мне апiсаў людзей, што жывуць у гэтых дробных домiках стандартнай будоўлi, iх аднастайны побыт, убогiя радасцi i сцiплыя надзеi. Яго ўяўленне было на дзiва вобразным. Ён мог бы стаць вялiкiм раманiстам.

Потым мы апынулiся ў заводскiм прадмесцi. Мой спадарожнiк змоўк. Я моцна задумалася... Думала аб заўтрашнiм днi, аб сваiм прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, якi, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым i трошкi смешным. Раптам я сказала рашуча:

– Стойце, Пiтэр!

Ён рэзка затармазiў i запытаў:

– Што такое? Вам нядобра?.. Цi, можа, у мяне што забылi?

– Не. А толькi я не хачу ехаць у Ню-Ёрк... Я не хачу яшчэ раз выходзiць замуж.

– Што?

– Я перадумала. Вы мне раскрылi вочы. Вы мне сказалi, што ў жыццi бываюць моманты, калi рашаецца ўсё, i надоўга... У мяне якраз такi момант... Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.

– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памылiцца.

– Вы не можаце памылiцца. I асаблiва я не магу памылiцца. Я цяпер ясна бачу, што збiралася зрабiць глупства. Я не паеду.

– Дзякуй богу! – павесялеў ён. – Гэта вам збавенне. Iначай, папалi б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэннi?..

– А чаго баяцца? Мае бацькi i сябры не хацелi, каб я ехала. Яны лiчылi гэта капрызам i будуць рады, што я вярнулася.

– А мiстэр Паркер?

– Джэк паходзiць засмучаны колькi дзён цi колькi гадзiн... Пабалiць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмi цяжка жыць з такой наравiстай жанчынай, i ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля... Трэба толькi паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.

Пiтэр уключыў матор.

– Што будзем рабiць? – запытаў ён.

– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другi, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.

– Сон быў прыгожы.

– Але без вынiкаў.

Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф i напiсала тэлеграму Джэку: "Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкiм краi кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны бiлет апраўдаць выдаткi кропка прывiтанне Марцэла".

Я перачытала i замест "жыць у чужым далёкiм краi" напiсала "жыць на чужыне". I ясна, i карацей.

Пакуль я складала тэлеграму, Пiтэр высвятляў, калi адправяць яго самалёт. Вярнуўшыся, ён сказаў:

– Усё – як мае быць цi лепш, нядобра ўсё: матор наладзiлi. Я вылечу праз дваццаць хвiлiн. Вам давядзецца чакаць да сямi гадзiн. Мне непрыемна пакiдаць вас адну. Хочаце, я куплю вам кнiжку?

– Не, – адказала я. – У мяне ёсць над чым падумаць.

– Вы ўпэўнены, што не будзеце шкадаваць? Яшчэ ёсць час, але, паслаўшы ўведамленне, позна будзе перайначваць.

Не прамовiўшы нi слова, я падала тэкст тэлеграмы чыноўнiку.

– Звычайная? – запытаў той.

– Спешная.

Потым я ўзяла Пiтэра пад руку.

– Дарагi Пiтэр, у мяне такое ўражанне, нiбы я праводжу да самалёта свайго самага блiзкага друга.

Я не змагу паўтарыць вам усяго, што ён мне гаварыў у гэтыя апошнiя дваццаць хвiлiн. Ён вызначыў некалькi важнейшых жыццёвых правiл. Вы не раз казалi мне, што ў мяне ёсць чалавечнасць, што я верная сяброўка i не ўмею хлусiць. Калi хоць частка гэтых добрых якасцей спраўдзiлася ва мне, я найбольш абавязана Пiтэру. Нарэшце ў дынамiк абвясцiлi: "Пасажыры да Ню-Ёрка. Рэйс шэсцьсот трыццаць два..." Я праводзiла Пiтэра да выхаду. Абняла яго там i моцна, ад душы, пацалавала. Больш мы нiколi не бачылiся.

– Нiколi не бачылiся? Чаму? Хiба вы не пакiнулi яму адраса?

– Пакiнула, але ён мне нiколi не пiсаў. Вiдаць, яму падабалася ўвайсцi вось гэтак у жыццё людзей, паказаць iм дарогу i знiкнуць.

– А прыязджаючы ў Лондан, вы не прабавалi яго знайсцi?

– Навошта? Ён сам прызнаўся, што аддаў мне сваё самае лепшае. Натхнёнага настрою тае ночы мы б не вярнулi нiколi. Не, тады нам было вельмi добра... Шчаслiвыя моманты мiнулага не аднаўляюцца... Цяпер скажыце, мела я прычыну сцвярджаць, што гэта прыгода была самай дзiўнай у маiм жыццi? Цi ж не цуд, што чалавек, якi перайначыў мой лёс, прымусiў жыць у Францыi, а не ў Амерыцы, якi зрабiў на мяне такi моцны ўплыў, быў незнаёмы ангелец, выпадковы сусед у лонданскiм аэрапорце?

– Гэта нагадвае, – заўважыў я, – антычныя мiфы, калi бог у вобразе жабрака альбо чужаземца размаўляе са смяротнымi... Але, сказаць па праўдзе, Марцэла, гэты незнаёмы не надта перавыхаваў вас, паколькi ўсё скончылася тым, што вы выйшлi замуж за Рэно, якi, хоць i носiць iншае iмя, але па сутнасцi той самы Джэк.

Падумаўшы, яна сказала:

– Ну так... Чалавечую прыроду змянiць нельга, яе можна толькi падправiць.

Пераклад: Юрка Гаўрук


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю