Текст книги "Кар'ера "
Автор книги: Андре Моруа
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
"Закончыць" раман, якi не быў пачаты... Цiкавая логiка! Але ён гаварыў сур'ёзна, i я не пярэчыў.
– Ну што ж, – кажу, – цудоўна! Мiсiс Пэкс прапануе слушна. У цябе сапраўды вялiкi талент, ты кожны дзень у звычайных гутарках пускаеш на вецер цэлыя раздзелы блiскучай кнiгi. Калi просьба жанчыны, атмасфера захаплення i давер'я будуць спрыяць таму, што ты нарэшце запiшаш тое, чым так шчодра дзелiшся з намi, мы ўсе будзем вельмi рады... Згаджайся, стары, я падтрымлiваю... Мы ўсе цябе падтрымлiваем.
Ён падзякаваў i праз некалькi дзён наведаў мяне, каб сказаць, што выязджае. За цэлую зiму ён прыслаў нам пару паштовак. У лютым я адправiўся ў Напуль, каб яго пабачыць.
Асабняк мiстэра i мiсiс Пэкс вельмi прыгожы. Яны рэстаўрыравалi i прыстасавалi да сваiх патрэб невялiчкi правансальскi замак-крэпасць, якi ўзвышаўся над залiвам. Суровасць будынка i подступаў да яго ў кантрасце з раскошай i адмысловым унутраным камфортам здзiўлялi, як чароўная казка. Кветнiкi i дрэўцы былi размешчаны на тэрасах, выштукаваных з вынаходнiцкай хiтрасцю, бо каб iх прыляпiць да скалы, спатрэбiлiся дзесяткi кубаметраў бетону. За шалёныя грошы гаспадары навезлi з Iталii кiпарысаў, i яны, як вартавыя, абрамлялi дзёрзка перайначаную людзьмi прыроду. Калi я з'явiўся, дварэцкi далажыў, што пан працуе i папрасiў пачакаць. Чакаў я даволi доўга.
– А! Дарагi мой! – сказаў Шалон, прыняўшы мяне нарэшце. – Дагэтуль я не ўяўляў, што такое работа. Пiшу многа, спорна, з натхненнем. Думкi атакуюць, аглушаюць, бяруць у палон. Пяро проста не паспявае занатоўваць вобразы i мыслi. Яны б'юць фантанам з крынiцы ўзрушанай памяцi. Скажы, ты калi-небудзь адчуваў такое?
Я сарамлiва прызнаўся, што падобныя крызiсы ад перапоўненасцi бывалi са мной рэдка, i выказаў меркаванне, што яго натуры больш, чым мне, адпавядае бурны ўзлёт. Ад доўгага маўчання назапашаныя iм матэрыялы спрасавалiся i цяпер выбухнулi, як порах. Я правёў у яго ўвесь вечар. (Мiсiс Пэкс знаходзiлася яшчэ ў Парыжы.) Цiкавыя перамены заўважыў я. Раней адной з самых абаяльных яго асаблiвасцей была выключная разнастайнасць размовы. Я не меў часу многа чытаць i даражыў тым, што ў асобе Шалона знаходзiў чалавека, якi чытаў усё. Ён першы знаёмiў мяне з дасягненнямi маладых. Куды б нi iшоў ён увечары – у тэатр цi з вiзiтам – нiхто ў Парыжы не ведаў столькi гiсторый, iнтымных драм i пацешных анекдотаў. I самае важнае, што Шалон быў адным з тых рэдкiх сяброў, з якiмi заўсёды можна было пагаварыць пра сваё, пра сваю работу, адчуваючы, што ён гэтым сапраўды цiкавiцца i, слухаючы вас, не думае пра сябе. Пабыць з iм было вельмi прыемна.
Але ў Напулi Шалон стаў зусiм iншы. За два месяцы ён не разгарнуў нiводнай кнiгi, нi з кiм не сустракаўся. Ён гаварыў толькi аб сваiм рамане. Калi я пачаў расказваць пра нашых сяброў, ён трошкi паслухаў, потым выняў з кiшэнi блакнот i нешта запiсаў.
– Ты што запiсваеш? – пытаю.
– Ды так! Прыйшла ў галаву iдэя для маёй кнiгi. Не хочацца, каб яна прапала.
Праз хвiлiну, калi я працытаваў яму словы адной з клiентак Бельтара, ён iзноў выцягнуў блакнот.
– Ты што? У вар'яты падаўся?
– Дарагi мой, у мяне ёсць цудоўны персанаж, якi шмат чым нагадвае Бельтара. Тое, што я пачуў, можна з поспехам выкарыстаць.
У яго з'явiлася ўпэўненасць прафесiянала, заўзятасць чалавека, ахрышчанага ў новую веру. Пры мне было некалькi раздзелаў маёй апошняй кнiгi. Я збiраўся прачытаць iх Шалону i, як заўсёды, паслухаць яго заўвагi. Але нiчога з гэтага не выйшла – ён i вухам не павёў. Мне стала прыкра, нудна. А скончылася тым, што ён раззлаваў мяне сваiмi легкадумна пагардлiвымi адносiнамi да нашых класiкаў.
– Ты лiчыш? – скрывiўся ён. – Рэалiзм Стэндаля? Так... Знайшоў сабе дзiва! Па сутнасцi, i "Пармскi манастыр" i "Чырвонае i чорнае" ўсяго толькi раманы-фельетоны. Па-мойму, зрабiць можна куды лепш.
Я развiтаўся з iм i хутчэй выехаў.
* * *
Вярнуўшыся ў Парыж, я адразу ж адчуў, што Глэдзiс Пэкс не марнавала часу. Яе арганiзатарскiя здольнасцi далi плён. Пра кнiгу Шалона гаварылi многа, гаварылi з павагай i надзеяй. Нiякiх слядоў грубай, крыклiвай рэкламы, якая адпрэчвае людзей далiкатных. Здавалася, што гэта жанчына знайшла спосаб папулярызаваць употай, падсвятляючы iмя свайго абраннiка як бы знутры. Поль Маран сказаў, што яна, як нiхто, "адмыкае замкнутае".
Адусюль у мяне пыталiся: "Вы былi на поўднi? Вы бачылi Шалона? Кажуць, ён напiсаў нешта выдатнае?"
Мiсiс Пэкс правяла ў Напулi ўвесь сакавiк i паведамiла нам, што кнiга амаль закончана, але Шалон не хоча ёй паказваць. Ён сцвярджае, што яго твор адно цэлае i вырываць з яго кавалкi нельга, бо страцiцца свежасць, парушыцца стройнасць кампазiцыi.
Нарэшце, у пачатку красавiка, яна абвясцiла, што Шалон прыехаў, згадзiўся прачытаць раман i яна запрашае ўсiх нас у адну з субот на лiтаратурны вечар.
Ах, гэты вечар! Мы яго век не забудзем! Салон на вулiцы Францыска Першага быў належным чынам падрыхтаваны. Люстры ўсюды патушаны, за выключэннем адной вялiзнай венецыянскай лямпы, малочна-белае святло ад якой мякка клалася на аўтара, рукапiс i эфектна пастаўленую за спiной Шалона галiнку квiтнеючай слiвы ў кiтайскай вазе. Тэлефон быў выключаны. Слугi атрымалi строгi наказ нiкога з прысутных не трывожыць. Шалон нерваваўся, фанабэрыўся, быў ненатуральна вясёлы. Мiсiс Пэкс аж зiхацела ад радасцi. Яна яго як след усадзiла, налiла ў шклянку вады, паправiла абажур. Ён надзеў рагавыя акуляры, праверыў голас i, пасля кароткай паўзы, пачаў чытаць.
Праслухаўшы з дзесятак фраз, мы з Фаберам глянулi адзiн на аднаго. Ёсць мастацтвы, што дапускаюць памылку, якiя навiзной стылю, светаўспрымання могуць уразiць i затлумiць галаву, але пiсьменiк раскрываецца хутка. З першых жа слоў мы выявiлi самае горшае: Шалон не ўмеў пiсаць, зусiм не ўмеў. У дзiцяцi можа быць наiўнасць, непасрэднасць. А Шалон пiсаў банальна, прымiтыўна да дзiкасцi. Ад гэтага чалавека, такога чулага, дасведчанага, мы чакалi, мабыць, глыбiнi, складанасцi хадоў. А тут усё наадварот – раман для слязлiвых дзяўчат, дыдактыка, нудота, не мора, а лужына вады. Пераканаўшыся ў пiкчэмнасцi формы, мы, паслухаўшы яшчэ крыху, пераканалiся i ў нiкчэмнасцi зместу. Прыгнечаныя, разгубленыя, мы з адчаем пераглядвалiся. Бельтара, пацiснуўшы няўзнак плячамi, як бы сказаў: "Бач ты!" Фабер кiваў галавой i, здавалася, шаптаў: "Як жа так? Як жа так?" Я не зводзiў вачэй з Глэдзiс Пэкс. Цi разумее яна, чаго сапраўды варта гэта паднесеная нам лухта? Спачатку яна слухала паблажлiва, але вельмi хутка ўстрывожылася i час ад часу кiдала на мяне дапытлiвы позiрк. "Якая катастрофа! – думаў я. – I што ёй сказаць?"
Чытанне цягнулася больш за дзве гадзiны. Слухачы маўчалi. Хоць бы гук, хоць бы слова!.. Настолькi гэта быў слабы i бездапаможны твор. Найлепшыя намеры танулi ў яго кнiзе, як iскры ў балоце. Наiўная душа аўтара была вывернута напаказ. Слухаючы Шалона, я раптам са здзiўленнем адкрыў у iм цэлы свет расчараванняў, журбы, ушчэмленай сентыментальнасцi. I я сказаў сабе, што было б цiкава напiсаць кнiгу пра няўдалага раманiста i, уключыўшы туды цалкам яго раман, паказаць псiхiку свайго персанажа ў вельмi арыгiнальным аспекце. Шалон чытаў, i яго расчуленасць, пры жахлiвай нязграбнасцi формы, нагадвала залёты закаханай пачвары, жаласныя i смешныя.
Калi ён скончыў, цiшыня была мёртвая. Мы спадзявалiся, што нас выратуе Глэдзiс Пэкс. Ва ўсякiм разе яна ў сябе дома, i вечар наладжаны ёю. Але гаспадыня сядзела, як чужая. Бельтара, ураджэнец гераiчнага поўдня, самы вытрыманы сярод нас, вырашыў адпакутаваць за ўсiх i выказаўся першы, коратка i тактоўна. Нашу маўклiвасць ён апраўдаў хваляваннем, падзякаваў мiсiс Пэкс, якая стварыла ўмовы для напiсання гэтай выдатнай кнiгi, i, павярнуўшыся да мяне, зрабiў вывад: "Сiўрак, напэўна, з вялiкай ахвотай перадасць яе свайму выдаўцу".
– О! – абазваўся я... – Свайму альбо iншаму... Я думаю, што мiсiс Пэкс...
– А навошта iншаму? – горача ўмяшаўся Шалон. – Не, твой мне больш падабаецца: аўтарытэтны, спрытны. Калi ты возьмеш клопат на сябе, мне будзе вельмi прыемна.
– Абавязкова, мой дарагi... Гэта лягчэй лёгкага.
Маўчанне мiсiс Пэкс рабiлася нясцерпным. Яна пазванiла, загадала падаць лiманад i пячэнне. Шалон спяшаўся замацаваць сваю радасць канкрэтнымi фактамi.
– А як вы знаходзiце вобраз Алiсы?
– Цудоўны, – адказаў Бельтара.
– А сцэна прымiрэння праўдзiвая, як па-вашаму?
– Самая лепшая, – пахвалiў Бельтара.
– О не! – усцешыўся Шалон. – Я не лiчу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, – сцэна сустрэчы Жаржыяны i Сiльвiо.
– О так, – згадзiўся той. – Гэта яшчэ лепшая.
Мiсiс Пэкс адвяла мяне ўбок:
– Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напiсаў бязглуздзiцу?
Я моўчкi пацвердзiў.
– Як жа гэта здарылася? – прамовiла яна. – Я нiколi не думала!.. Ён мне здаваўся такiм разумным.
– Ён сапраўды разумны, дарагая мiсiс Пэкс, але творчасць i гутарка – з'явы розныя i нават процiлеглыя. Можна памылiцца.
– Не, не, – ускiпела яна. – Гэта недаравальна. Нi ў якiм разе нельга пускаць гэта ў друк... Пасля ўсiх маiх рэкамендацый... Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агiдны, смеху варты...
– Калi ласка, не рабiце гэтага. Вы яму пашкодзiце на ўсё жыццё. Заўтра, без сведак, я паспрабую сам. Не трэба яго крыўдзiць у такi вечар... Не трэба.
На другi дзень, калi я адважыўся трошкi яго пакрытыкаваць, Шалон успрыняў мае дробныя i нясмелыя заўвагi з такiм гневам, з такой пагардай, я адчуў такую аголенасць яго эмоцый, што страцiў усякую рашучасць. Ранейшы вопыт мне даказваў, што з маiх намаганняў толку не будзе. Iзноў iграць ролю мальераўскага Мiзантропа, акт першы, сцэна другая? Навошта? Я ведаў, што пачую: "А я сцвярджаю, што мае вершы вельмi добрыя" i ў мяне не хопiць духу паслаць знiшчальную рэплiку. А таму лепш за ўсё адступiць адразу. I пайшоў я, узяўшы рукапiс пад паху, да майго выдаўца, паклаў тоўсты сшытак на стол i без усякiх каментарыяў сказаў:
– Гэту кнiгу напiсаў Шалон.
– Няўжо? – замiтусiўся выдавец. – Гэта кнiга Шалона? Палiчу за шчасце яе мець. Аб ёй так многа гавораць. Я вам вельмi ўдзячны, дарагi друг, што вы ўспомнiлi мяне. Як вы мяркуеце, я гатовы неадкладна скласцi ўмову тэрмiнам на дзесяць год?
Я параiў яму пачакаць крыху, спадзеючыся, што ён прачытае кнiгу i адмовiцца. Але ж вы ведаеце, як гэта робiцца. Нашы iмёны, маё i Шалона, былi для яго гарантыяй. Ён адправiў рукапiс у набор, нават не глянуўшы.
Вестка аб гэтым развеяла падазрэннi Шалона.
Тры днi мiсiс Пэкс яго не трывожыла, усклаўшы клопат на мяне. Калi ж дазналася пра мой вiзiт да выдаўца, сустрэла мяне з абурэннем i, адчытаўшы як мае быць за падатлiвасць, напiсала Шалону рэзкае пiсьмо, якое ён назаўтра нам паказваў, ледзь не плачучы. Ён доўга вышукваў прычыну гэтай раптоўнай несправядлiвасцi. I прыйшоў да вываду дзiкага, абсурднага, але якi начыста змываў з яго ганебную пляму. Ён уявiў сабе, што Глэдзiс Пэкс пазнала сама сябе ў вобразе нягеглай ангелькi, паказанай у яго рамане, пасля чаго адразу павесялеў i перастаў аб ёй думаць.
* * *
Праз тры месяцы кнiга выйшла ў свет. Дрэнных водгукаў у друку не было. Шалон карыстаўся агульнай сiмпатыяй, i прычыняць яму боль нiхто не хацеў. Крытыкi сябры выказвалiся аб кнiзе стрымана, астатнiя маўчалi.
Затое вусная крытыка разлiвалася шумлiвым патокам. Не было таго дня, каб у мяне не пыталiся: "Ну, а як Шалон? Вы бачылi яго раман? Гэта нешта жудаснае!.." Праз месяц увесь Парыж, не чытаючы, ведаў, што кнiгу не варта чытаць. На вiтрынах кнiгарань прыгожыя жоўтыя вокладкi зрабiлiся бледна-лiмоннымi, потым павольна пачалi чарнець. Пад канец года амаль увесь тыраж вярнулi выдаўцу. Затраты не апраўдалiся, i Шалон заявiў, што яго абакралi.
Няўдача адабрала ў яго спакой, абудзiла нянавiсць. Цяпер ён дзялiў чалавецтва на дзве катэгорыi: "тыя, хто цэнiць маю кнiгу" i "тыя, хто не цэнiць маёй кнiгi". Жыць у грамадстве стала яму цяжка. Калi мы збiралiся наладзiць таварыскi абед, Шалон гаварыў:
– Гэтага не запрашайце, я яго цярпець не магу.
– Чаму? – пытаў Фабер. – Ён разумны i зусiм не злы.
– Хто? Ён? Змяя. Нiчога не напiсаў пра маю кнiгу, – адказваў сярдзiта Шалон.
Гэты чалавек, раней такi мiлы i скромны, стаў фанабэрыстым да немагчымасцi. Ён заўсёды насiў у кiшэнi хвалебную заметку, з натугай працiснутую мной у друк, i чытаў яе абы-каму. Калi якi-небудзь крытык пералiчваў таленавiтых раманiстаў нашага пакалення, ён дзiвiўся, не знаходзячы свайго iмя: "Гэты Бiду – паскуднiк!" – сцвярджаў ён. Альбо так: "Ад Жалу я такой подласцi не чакаў!.." Неўзабаве, падобна вар'ятам, якiя, абвiнавацiўшы ўсiх суседзяў у злачынных падкопах пад свой дабрабыт, канчаюць тым, што нават на жонку i на дзяцей сваiх глядзяць, як на ворагаў, так i Шалон – вырашыў, што ў "Саюзе пяцi" яго як пiсьменнiка не цэняць, i паступова адвярнуўся ад нас.
Можа, у новым асяродзiшчы, менш iнфармаваным, ён i знайшоў бы тое бескарыслiвае, пачцiвае давер'е, якое мы так доўга яму аказвалi. Тры разы ўзапар ён не з'явiўся на нашы сходы. Бельтара напiсаў яму i не атрымаў адказу. Тады мне даручылi быць паслом ад "чатырох" i схадзiць да яго на кватэру.
– Бедны хлопец, цi ж ён вiнаваты, што не мае таленту? – гаварылi мы.
Ён быў дома i мяне прыняў, але вельмi холадна.
– Не, не, – сказаў ён, – даўно вядома, што людзi – дрэнь. I вы такiя ж, не лепшыя. Пакуль я быў вашым дарадчыкам, з захапленнем слухаў вас, вы сябравалi са мной. Калi ж я захацеў сам нешта стварыць, ты, асаблiва ты, адчуў ва мне магчымага сапернiка i арганiзаваў змову маўчання вакол маёй кнiгi.
– Я? Каб ты ведаў, колькi разоў я абiваў парогi, прасiў за цябе!
– О, так! Падлiзвалiся, каб потым угробiць! Ашуканцы! Крывадушнiкi!..
– Пабойся бога, Шалон!.. Узводзiш паклёп! Успомнi той дзень, калi ты мне паведамiў, што збiраешся паехаць у Напуль, хочаш узяцца за работу. Ты вагаўся, быў не ў форме. Я падбадзёрыў цябе, павiншаваў...
– Помню. I нiколi вам гэтага не дарую: табе i Глэдзiс Пэкс.
Ён падняўся, падышоў да дзвярэй i расчынiў iх, каб паказаць, што аўдыенцыя скончана. Выходзячы, я пачуў:
– Вы загубiлi маю кар'еру.
* * *
– I самае цiкавае, – прамовiў Бельтара, – самае дзiўнае, што ён сказаў праўду.