Текст книги "Зялёны пас "
Автор книги: Андре Моруа
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Моруа Андрэ
Зялёны пас (на белорусском языке)
Андрэ Маруа
ЗЯЛЁНЫ ПАС
– Бертран, – запытала Iзабэла, – вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабiлi прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталi, i мне адной цяжка яе прымаць. Мiж iншым, яна пiша ў сваiм лiсце, што хацела б з вамi параiцца.
Я зiрнуў у свой блакнот i з прыкрасцю адмахнуўся:
– Гэта парушае ўсе мае планы.
– Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча... Мы не бачылi Наталi з таго часу, як памёр яе муж, i тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такiм жахлiвым, што я проста не разумею, як яна перажыла... Можна ашалець з гора... Сямейная драма, беднасць... Цi не замнога для адной маленькай iстоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў... Не ведаю, чым яе ўцешыць!..
– I я таксама... А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такiх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць... Вы гэтак жа будзеце плакаць... Абдымiце яе, далейшае падкажа iнстынкт.
Праз хвiлiну ён дадаў:
– Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.
Вечарам, за некалькi хвiлiн да вызначанага тэрмiну, ён увайшоў у пакой Iзабэлы.
– Нiяк не супакою нерваў, – сказала яна. – Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкi аб гэтай няшчаснай... Гляджу на дзверы, праз якiя яна зараз увойдзе, падбiраю словы i тут жа iх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая...
– Вазьмiце сябе ў рукi. Нiколi не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставiн. Кiдайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, – так раiў Стэндаль... Гарбата згатаваная?
– Так, я прасiла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвiлiн праз пяць пасля яе прыходу... Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спынiць рыданне i слёзы i пасля лягчэй будзе гаварыць.
Бертран узяў кнiгу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалi. Кароткi, нясмелы званок парушыў цiшыню. Iзабэла паднялася.
– Гэта Наталi, – прашаптала яна.
– Сядзiце, не ўставайце, – прамовiў Бертран.
Яна пачула звонкi голас у пярэдняй.
– О, як у вас тут цёпла! Я скiну палiто.
Дзверы адчынiлiся. На парозе паказалася Наталi. Яе твар трошкi схуднеў, трошкi пабляднеў, але амаль не змянiўся – быў такi ж малады i прыгожы.
– Добры дзень, – радасна прывiталася яна. – О! Бертран!.. Якi вы слаўны!.. Я нiяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць... Як у вас тут цёпленька, Iзабэла!..
Калi праз гадзiну, праводзiўшы госцю, Бертран вярнуўся, Iзабэла сказала яму з абурэннем:
– Нiхто б не даў веры! Як вы лiчыце, дарагi? Я ж дрыжала толькi ад адной думкi... А яна хоць бы слова аб сваiм горы, аб сваiм няшчасцi...
– Хiба што туманныя намёкi, – пацвердзiў Бертран. – Часам уставiць нешта накшталт "у маiм становiшчы" i адразу ўбок. Нiчога канкрэтнага. Дзiўлюся, нашто ёй спатрэбiлася мая прысутнасць... Яна хацела нейкай парады, вы казалi?.. Але ж яна ў мяне нiчога не спытала.
– Я тут нi пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правiльна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзiлася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам... Гэта праўда, што вам такiя рукавы падабаюцца? Знайшлi што хвалiць!.. А я думала, што вы прыхiльнiк строгiх строяў.
– Ды я зусiм не хвалiў... Вы маўчалi... Трэба ж было нейк заняць час.
– Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, i кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай i пачынала гаварыць аб сваiм намеры паехаць у Грэцыю, зрабiць марскую прагулку ў асобнай каюце. Вiдаць, яна яго нiколi не кахала.
– Хто ведае? – прамовiў Бертран.
– А яе дзецi?.. Вы чулi, што яна сказала, калi я заўважыла, што дзецi будуць ёй уцехай? "Вы так думаеце? – запытала яна. – Вы любiце дзяцей?.. А я не... Заходжу ў дзiцячую. Калi яны гуляюць, то на мяне нiякай увагi... I мне тады робiцца сумна". Я не ведала, што адказаць... Затое пра вашу апошнюю кнiгу яна гатова была гаварыць бясконца.
– А хiба гэта дрэнна? – заступiўся Бертран. – Вiдаць, яна яе з цiкавасцю прачытала.
– Якраз гэтага я i не магу ёй дараваць... Як можна з цiкавасцю чытаць кнiгу, калi сэрца павiнна разрывацца з роспачы?.. I потым, нарэшце, гэты зялёны пас!.. Вы звярнулi ўвагу?
– Звярнуў. Даволi прыгожа, мiж iншым, – палоска яркага колеру на чорным фоне.
– Прыгожа?.. Што вы, Бертран? Можа, i так, але ж гэта скандал!.. Як? Страцiць такога выдатнага мужа пры такiх трагiчных абставiнах i праз тры месяцы парушыць жалобу!.. О! Я разумею, што вы не прывыклi надаваць значэння драбнiцам... Я таксама... Але ўсё ж трэба хоць трошкi захоўваць прыстойнасць... Ярка-зялёны пас!.. Я вачэй не магла адарваць.
– Мiлая Iзабэла, – прамовiў Бертран, узяўшы яе за руку. – Што вы так сябе мучыце, перажываючы чужую бяду!..
– Яна не заслугоўвае спагады... Вы ўяўляеце, у яе нават быў апетыт! Я ёй шклянку гарбаты не адразу адважылася прапанаваць... А яна ела ўсё: печыва, торт. "Вашы бутэрброды з сырчыкам вельмi смачныя". Бачыце, ёй бутэрброды смачныя... Я разгубiлася, не знайшла, што адказаць.
Бертран усмiхнуўся:
– Хто б паверыў, дарагая, што сёння ранiцай я застаў вас амаль у слязах i толькi што, чакаючы яе, вы дрыжалi ад страху!.. Мая думка правiльная: нiколi не варта загадваць наперад... Мары i рэчаiснасць не супадаюць, i ў жыццi часта бывае куды прасцей, чым нам уяўляецца.
Праз некалькi дзён яны даведалiся, што Наталi памерла, прыняўшы тры цюбiкi вераналу.
Пераклад: Юрка Гаўрук