355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Алексей Кулаковский » Дванаццаты, жорсткi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Дванаццаты, жорсткi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 5 октября 2016, 03:13

Текст книги "Дванаццаты, жорсткi (на белорусском языке)"


Автор книги: Алексей Кулаковский



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Кулаковский Алексей
Дванаццаты, жорсткi (на белорусском языке)

Аляксей Кулакоўскi

Дванаццаты, жорсткi

Паступова ўсё стала прыходзiць да звычайнага ў дарозе парадку. Праваднiца ўскiнула на верхнюю полку свой жоўты сцяжок, з якiм нядаўна стаяла на пероне, i пачала хадзiць па купэ, збiраць плацкартныя бiлеты. Руплiва ўладкоўвалася на сваiх полках адна ўжо даволi немаладая пара, якую ўсе прыкмецiлi па тым, што яна зайшла ў вагон з чатырма вялiзнымi чамаданамi i здаравенным куцахвостым бульдогам. На кручку суседняга купэ ўжо вiсеў доўгi вайсковы балахон з капюшонам i каля яго стаяў, прыгладжваючы мяккiя жаўтлявыя валасы, стройны лейтэнант. На нiжняй полцы гэтага ж купэ сядзела мiж клункаў дзяўчынка такога ўзросту, калi пяткi ног лёгка дастаюць рота. Каля яе нешта папраўляла i перакладвала ў клунках яе мацi, зусiм яшчэ маладая жанчына з гладкiмi светла-русымi валасамi, заплеценымi ў дзве касы.

Лейтэнант пачуў, што ў тым купэ, дзе разам з немаладой парай ехаў бульдог, узнялася не надта цiхая гаворка, засмяяўся, нiбы ўзрадаваўшыся выпадку павесялiцца, i паспешлiва выйшаў. Бульдог насцярожана ляжаў у канцы нiжняй полкi i сустрэў лейтэнанта такiмi ласкавымi i даверлiвымi вачыма, што ў таго адразу прапала прыкрасць да жывёлiны, а пачаў забiраць толькi смех з гаспадароў. Наперабой адно перад адным яны тлумачылi свайму суседу, таксама лейтэнанту, што сабака мае поўнае права ехаць у купэ, бо на яго куплены бiлет. Лейтэнант-сусед паклiкаў праваднiцу. Тая падышла, абыякава глянула на сабаку i моўчкi падалася далей.

– Дык што? – амаль у адно слова спыталi наўздагон абодва лейтэнанты.

– Мае права, – цiха адказала праваднiца.

– Значыць, пасажыр?

Праваднiца безуважна кiўнула галавой.

А куцахвосты пасажыр, нiбы зразумеўшы, што спрэчка наконт яго ўжо скончана, смялей улёгся на полцы, шырока пазяхнуў i лагодна высалапiў язык.

– Ён жа ў нас вельмi спако-о-йны, – пявучым голасам загаварыла гаспадыня сабакi i, працягнуўшы голую да пляча руку, унiзаную нейкiмi каляровымi абручыкамi, пагладзiла сабачы хвост. – Цюльпан нiколi нiкога не чапае i нават не брэша.

– Дык гэта, можа, i не сабака? – спытаў лейтэнант, сусед па купэ.

– Сабака, вядома, – адказала жанчына, – але ж гэта такi сабака, якiх мала. Мы за яго, калi ён яшчэ быў шчанём, пяцьсот рублёў заплацiлi.

– I ўсё ж такi я не хачу ехаць побач з iм, – сказаў лейтэнант i ўстаў.

– Дык ведаеце што? – звярнуўся да яго другi лейтэнант, – у маiм купэ ёсць вольнае месца. Пераходзьце да нас.

Спыталi аб гэтым у праваднiцы, i тая здалёк зноў моўчкi кiўнула галавой.

Перанёсшы рэчы, лейтэнанты пазнаёмiлiся.

– Валодзя, – сказаў той, што запрасiў да сябе суседа.

– Ярмолаў, – адказаў сусед.

Яны пацiснулi адзiн аднаму рукi, i тады Валодзя зазначыў:

– У вас прозвiшча ого!.. Не тое што маё – Мох. Здаецца, нейкi адмiрал быў некалi ў нас з такiм прозвiшчам.

– Не адмiрал, а генерал, – заўважыў лейтэнант.

– Ну, я ж кажу: нехта быў. А гэта – мая спадарожнiца жыцця, – паказаў Валодзя на жанчыну, – Зiна. А гэта – дачка.

Ярмолаў сеў на сваю полку, нахiлiўся да дзяўчынкi i працягнуў ёй руку:

– Давай пазнаёмiмся, прыгажуня!

Дзяўчынка засмяялася, шырока разявiўшы свой яшчэ зусiм бяззубы роцiк, i так зморшчыла трошкi сiняватае пераноссе, што здавалася, нiбы яна сама хацела пазабаўляць незнаёмага дзядзьку.

– Як жа цябе завуць, прыгажуня? Як?

Дзяўчынка ўзмахнула худзенькiмi ручкамi i нахiлiла галоўку да мамы.

– Скажы, Людачка, як цябе завуць, – папрасiла мама. – Не ўмееш? Не ўмеем, скажы, мы яшчэ гаварыць, зусiм не ўмеем. Яшчэ нам толькi дзевяць месяцаў.

– Ну, цяпер нам ужо вядома, як цябе завуць, – з усмешкай сказаў лейтэнант. – Пазнаёмiлiся. А вось гэта табе падабаецца? – Ён выняў са свайго пакунка цукерку. – Бачыш, Мiшка тут намаляваны. Мядзведзь!

Мацi ўзяла дзяўчынку на рукi, прытулiла да сябе i пяшчотна засмяялася. Лейтэнант заўважыў, што ў яе таксама крышачку зморшчылася пераноссе, але ўсмешка толькi адной рыскай нагадвала дзiцячую, а так яна была вельмi своеасаблiвай. Добры, адкрыты твар стаў спачатку вясёлым, ледзь не ўрачыстым, а потым адразу ж спахмурнеў, нiбы на яго найшоў цень. Жанчына, вiдаць, хацела ўзняць на суседа вочы, каб адказаць на яго добрыя словы, але чамусьцi не здолела зрабiць гэтага.

– У карты гуляеце? – спытаў Валодзя.

– Не, – адказаў Ярмолаў. – Некалi трохi гуляў у дурня, а цяпер i гэта забыў. Як толькi сяду з кiм гуляць, дык адразу i адчуваю сябе дурнем.

– Мы вас навучым, – пачаў угаворваць Валодзя. – Варта адзiн раз перакiнуцца, i ўсё.

– Не, не! – запярэчыў Ярмолаў. – Не паважаю я картаў.

– Шкада, – прытворна ўсмiхнуўся Валодзя. – Пайду шукаць партнёраў. У мяне калода карт з сабою.

Ён падышоў да суседняга купэ, яно было не закрыта. Жанчына ў каляровых абручыках кармiла з алюмiнiевай мiскi сабаку, а яе спадарожнiк, вiдаць, муж, вылiзваў нешта з шырокага шклянога слоiка.

– Прашу прабачэння, – звярнуўся да iх лейтэнант. – У карты вы гуляеце?

Жанчына падаравала юнаку доўгi, поўны давер'я погляд i адразу ж вельмi ахвотна загаварыла:

– А хто ж гэта не гуляе ў дарозе ў карты? Вядома, гуляем. У нас недзе i карты ёсць. Дзiма, у цябе гэтая новая калода?

– У мяне старая, – адказаў Дзiма, аблiзаўшы тоўстыя i шырокiя губы. – А новая недзе ў цябе.

– Дык згуляем? – задаволена спытаў лейтэнант.

– Вядома, вядома! – пацвердзiла жанчына, падсоўваючы блiжэй да сабакi мiску. – Вось толькi чацвертага партнёра ў нас няма.

– А гэты? – паказаў Валодзя на сабаку i гучна засмяяўся ад свае знаходкi.

Мацi тым часам забаўляла Людачку. Яна паказала ёй вялiкi лысы каштан. "Глядзi, Людачка, мячык". Дзяўчынка пацягнулася рукамi да каштана, а калi забрала цацку сабе, то адразу панесла ў рот.

– Няможна так, Людачка. – Мацi зноў узяла дзяўчынку на рукi i выйшла з ёю на калiдор.

– Валодзя! – паклiкала яна, пачуўшы голас мужа ў суседнiм купэ. – Iдзi патрымай хвiлiнку дзiця, а я тут выму з клункаў ды пасцялю пасцельку.

– Зараз! – адказаў Валодзя.

Зiна пастаяла некалькi хвiлiн ля акна i вярнулася ў купэ.

– Дайце я пазабаўляю, – прапанаваў Ярмолаў. – Iдзi, Людачка, да мяне.

– Ой, што вы? – здзiвiлася мацi. – Прыйдзе ён i пазабаўляе. Вельмi ж любiць у карты гуляць. Дома ледзь не кожны вечар. Як пойдзе да сваiх партнёраў, дык мы з Людачкай ужо выспiмся, а яго ўсё няма.

Валодзя не прыйшоў у сваё купэ. Зiна пачала варушыць клункi адна, i, каб не замiнаць ёй, Ярмолаў выйшаў у калiдор. За акном плыў у шызую далечыню асеннi лес. Сумесь жоўтага з зялёным нагадвала нешта блiзкае да цёмна-шэрага. Гэтая своеасаблiвая паласа крыху мiльгацела ў вачах, бо раз-пораз перабiвалася блакiтнымi, хоць i не зусiм яснымi прасветамi. З суседняга купэ даносiлася заўзятае шлёпанне картаў, рознагалосае прыгаворванне i зрэдку свiст. А памiж гэтымi прыгаворваннямi i свiстам Ярмолаў чуў абыякавыя, нiбы дрымотныя словы жанчыны:

– Яка-я-а там пагодка-а... будзе-э... цяпер у Крыму? Вясной у Цхалтубе-э... добрая была пагода. Пагрэлiся-а. Летам у Рызе-э... Нашто ты, Дзiма, сунеш караля? У Рызе таксама цёпла-а... было.

Лес за акном скончыўся, неўзабаве пачалi трапляцца будынкi, слупы высакавольтных перадач, чыгуначнае палатно спачатку раздваiлася, а потым з'явiлiся i трэцяя i чацвертая лiнii, – цягнiк стаў прыцiшваць свой ход. На прыпынку Валодзя таксама выйшаў у калiдор, заглянуў у сваё купэ. Людачка спала, сурова надзьмуўшы губкi, а мацi ляжала побач i таксама, вiдаць, драмала.

– Паснулi мае, – сказаў Валодзя, стаўшы побач з Ярмолавым. – Цэлую ноч збiралiся – бяда з iмi. Сядзелi б дома!

– А куды вы едзеце? – спытаў Ярмолаў.

– Дадому еду, да сваiх. У мяне адпачынак на трыццаць тры днi.

На пероне з'явiўся Цюльпан у суправаджэннi свае гаспадынi. Следам iшоў Дзiма. Гаспадыня была ў даўжэзным цёплым халаце, Дзiма – у палiто паверх пiжамы. Цюльпан так высока трымаў свой тупы, выгнуты ўгору нос i крочыў так смела i рашуча, што перад iм усе расступалiся. Гаспадарам, вiдаць, падабалася гэта. Жанчына з незалежным i крыху ганарлiвым выглядам на твары нешта ўвесь час гаварыла сабаку, а Дзiма трымаў тоўстыя губы трубкаю i мнагазначна пасвiстваў.

Ярмолаў мiжвольна ўсмiхнуўся. Вiдовiшча гэтае было смешным для ўсiх, але яму кiнулася ў вочы тое, пра што не надта зручна было i гаварыць: выгляд бульдога нейкай рыскай нагадваў у гэтую хвiлiну выгляд свайго гаспадара.

– Хар-рошы сабака! – з прыцiскам сказаў Валодзя. – Шкада, Людачка спiць, паказаў бы ёй цюцю.

Пасажыры сюды-туды снавалi па калiдоры, а дзверы ў купэ, дзе спалi Зiна з Людачкай, былi адчыненымi. Ярмолаў павярнуўся, цiха прычынiў дзверы i зноў стаў побач з Валодзем.

– Цiхiя яны ў вас, спакойныя, – сказаў ён лейтэнанту, ужо без усмешкi паглядваючы ў акно.

– Хто?

– Я пра вашых гавару.

– А... Яны? – Лейтэнант глянуў на зачыненыя дзверы. – Яны спакойныя, а што iм? Хвалявацца асаблiва няма чаго. Калi што, дык адна мая галава балiць.

– Даўно вы разам?

– Не. Яна з дзесяцiгодкi, а я нядаўна з вайсковай школы. Сустрэлiся выпадкова на вакзале... А вы нежанаты?

– Не.

– Ну i правiльна! Маладзец!

Ярмолаў здзiўлена паглядзеў лейтэнанту ў вочы.

– Чаго вы так глядзiце? – без затрымкi працягваў Валодзя. – Маладзец, гавару. Я вам зайздрошчу. Толькi дурнi з гэтым дзелам спяшаюцца.

На станцыi пачуўся званок дзяжурнага, пасажыры на пероне замiтусiлiся, пачалi разбягацца па вагонах.

Ярмолаў наглядаў, як трывожна падбiрала халат i апярэджвала сабаку Валодзева партнёрша па картах, як следам папырхваў губамi Дзiма, нагружаны смажанымi куранятамi, яблыкамi, пляшкамi лiманаду. Хутка гэтая прыкметная для ўсiх тройка з сапеннем, цахканнем i стогнамi працiснулася па калiдоры. Валодзя пайшоў у iхняе купэ, i гульня ў карты ўзнавiлася.

Ярмолаў астаўся ля акна насупраць свайго купэ. Нейкае дваiстае адчуванне з'явiлася ў яго пасля гэтай кароткай размовы з Валодзем. З аднаго боку, трэба было б чалавека паважаць за такую непасрэднасць i даверлiвасць, а з другога хочаш не хочаш, а падумаеш, што гэта не тая непасрэднасць i не тая даверлiвасць. З суседняга купэ чулася яго пасвiстванне, а ўяўлялася, што ён стаiць побач, высокi, падцягнуты, з прыгожымi гуллiвымi вачамi. Стаiць i ўвесь час расказвае пра сваю жонку. Нiхто ўжо i не пытае яго пра гэта, i слухаць ужо становiцца непрыемна, а ён усё расказвае. А Зiна спiць у гэты час i нiчога не чуе. Ёй, мабыць, сняцца прывабныя сны, магчыма, тая першая сустрэча на вакзале... Першае светлае каханне...

"А можа, яна ўжо не спiць?"

Ярмолаў цiхенька бярэцца за дзвярную ручку, заглядвае ў шчылiнку. Сапраўды, не спiць.

– Заходзьце, заходзьце! – гаворыць Зiна. – Чаго ж вы ўвесь час стаiце на калiдоры?

I Ярмолаў заходзiць у купэ, збянтэжана апусцiўшы вочы, садзiцца ля столiка. Яму непрыемна, што ён загаварыў з Валодзем аб такiх справах, пра якiя можна было i не гаварыць. Магчыма, Зiна i тады не спала i ўсё чула. Не так сорамна за свае пытаннi, як за Валодзевы адказы.

– Чаму ж вы не адпачываеце? – нясмела гаворыць Ярмолаў. – Няхай бы паспалi, пакуль малая не турбуе.

– Я паспала крыху. – Зiна ўдзячна ўсмiхаецца, але глядзiць не на Ярмолава, а ў акно. – А лепш сказаць – не паспала, а падрамала.

– Станцыю адну нядаўна праехалi, астаноўка была. Не чулi?..

Ярмолаў заўважыў, як у Зiны здрыганулiся вейкi, калi яна памкнулася глянуць на яго.

– Не чула я, – цiха адказала жанчына i зноў пачала глядзець у акно.

А Ярмолаў цяпер зусiм упэўнiўся, што ўсё яна чула, бо напэўна ж не спала. Больш ён не мог сказаць нi слова. Гэтае няёмкае маўчанне цягнулася некалькi хвiлiн, бо i Зiна, вiдаць, не ведала, пра што гаварыць.

Нарэшце яна спавольна ўзняла вочы на Ярмолава i спытала:

– Вы ў Менску жывяце?

– У Менску, – адказаў Ярмолаў.

– А мы цяпер – далекавата ад Менска. Сумна iншы раз... Да таго хочацца дадому... Не чулi, хор Шыловiча дома цяпер цi на гастролях?

– У Менску Макар Iванавiч, – упэўнена адказаў Ярмолаў. – Што, падабаецца вам гэты хор?

Зiна цяжка ўздыхнула i зноў адвяла вочы ў акно.

– Я спявала ў гэтым хоры, – цiха сказала яна.

Ярмолаў здзiвiўся i сам не заўважыў, як яго залiшне здзiўлены позiрк пачаў лавiць Зiнiны вочы, каб нешта сказаць, нешта выявiць хоць позiркам, бо словы ў гэты момант не знаходзiлiся. Зiна заўважыла гэтае здзiўленне, i ёй стала крыху непрыемна. "Чаму ён так здзiвiўся? Няўжо я зусiм не падобная на спявачку або спяваць у хоры – вельмi ўжо складаная, мала каму даступная справа?" Потым убачыла, што гэта – добрае, таварыскае здзiўленне i пагляд у чалавека шчыры, даверлiвы. У вачах Ярмолава не мiльгала тая ледзь прыкметная, але вельмi калючая насмешка, якую Зiна часта бачыла ў Валодзi, калi гаворка заходзiла аб хоры, аб яе голасе. Вiдаць было па ўсiм, што з гэтым чалавекам вальней можна гаварыць пра музыку, пра мастацтва, не трэба баяцца, што ён цябе абсмяе або прынiзiць халодным абыякавым позiркам.

– Больш двух год я спявала ў гэтым хоры, – пачала расказваць Зiна. У яе вачах свяцiлася затоеная i вельмi насцярожаная просьба паслухаць i зразумець яе. – Спявала i вучылася ў вячэрняй дзесяцiгодцы. У многiх харавых нумарах я запявала. Калi Макар Iванавiч даведаўся, што я збiраюся пакiнуць хор, выклiкаў да сябе, угаворваў, прасiў пабыць яшчэ хоць некалькi месяцаў, пакуль ён падрыхтуе замену. Не паслухала я Макара Iванавiча, а цяпер мне сорамна нават сустрэцца з iм, глянуць у вочы...

– Чаму ж вы не паслухалi? – спытаў Ярмолаў. – Прабачце, калi не тое пытанне задаю i, можа, крыху нясцiпла ўмешваюся ў вашы справы.

– А што ж тут нясцiплага? – прыязна сказала жанчына. – Я часта i сама сабе задаю такое пытанне. Пакiнула хор таму, што... Як вам сказаць? Сустрэлiся мы з Валодзем, а ён жа не ў Менску служыў. I цяпер не ў Менску. Я не магла не паехаць з iм...

– Калi ў вас ёсць голас i вы любiце музыку... – пачаў Ярмолаў i спынiўся, бо ў гэты час заварушылася i замахала ручкамi Люда.

– Быў у мяне голас, – ледзь не шэптам працягвала Зiна. – Людзi гаварылi, ды i сама я адчувала, калi выходзiла на сцэну. Гэта няцяжка заўважыць па людскiх вачах. А цяпер, вядома, ужо няма таго, што было.

– Там жа ў вас, напэўна, ёсць харавыя гурткi, – заўважыў Ярмолаў, самадзейнасць. А то маглi б вы i адна выступаць у канцэртах.

– Выступiла адзiн раз, – супакоiўшы Люду, сказала Зiна. – Выступiла, дык Валодзя тры днi праходу не даваў. Не любiць ён у мяне музыкi i сам нiколi не спявае. – Зiна сарамлiва засмяялася. – Толькi свiшча часта, ды i то немаведама што. Калi я iншы раз заспяваю што-небудзь сама сабе дома, дык ён або начынае свiстаць, або ўключае радыё. Смешны ён у мяне...

Людачка зноў замахала ручкамi, i цяпер ужо мацеры не ўдалося прыспаць яе. Дзяўчынка ўстала i адразу засмяялася, зморшчыўшы крыху ўспацелы носiк.

– Вясё-о-лая, – пяшчотна заўважыў Ярмолаў.

Мацi ўзяла дзяўчынку да сябе.

– Амаль што нiколi не плача, – радасна сказала яна, – хiба толькi iншы раз ноччу, або калi вельмi ўжо есцi захоча.

I Людачка раптам заплакала.

Мацi спачатку засмяялася ад нечаканасцi, а потым на твары яе з'явiўся неспакой, сiнявата-шэрыя, стомленыя вочы трывожна ўставiлiся на дзяўчынку.

– Чаго ж ты, Людачка, чаго ты хочаш? Гэта яна галодная, – з папрокам самой сабе i нiбыта са скаргай на некага сказала жанчына. – Малачка хоча. Хочаш, Людачка, малака?

Адной рукой трымаючы дзяўчынку, мацi развязала клунак, дастала адтуль пляшку малака. Дзяўчынка працягнула рукi да пляшкi i перастала плакаць.

– Зараз мы нальем табе ў кубачак, – цешылася разам з дзiцем мацi. – Дзе ж гэта наш кубачак?

Зiна яшчэ раз патармашыла адной рукой клунак, выняла адтуль фарфоравы кубак з адбiтым вушкам, адаткнула пляшку, нахiлiла над кубкам, а малако не палiлося. У мацеры аж спалох мiльгнуў на твары.

– Няўжо скiсла? Яно ж добра кiпела дома.

– Цёпла ў купэ, – спачувальна заўважыў Ярмолаў.

Зiна патрасла пляшку, паглядзела на пабялелае заткала i, мацней абхапiўшы дзяўчынку, выбегла ў калiдор.

– Валодзя, Валодзя! – з роспаччу паклiкала яна. – Хутчэй iдзi на хвiлiначку сюды!

Лейтэнант выйшаў i нездаволена паглядзеў на жонку.

– Чаго ты крычыш?

– Малако ў пляшцы скiсла, – ледзь не з плачам прашаптала Зiна. – Што будзем даваць Людачцы?

– Давай кiслае! – гучна i бестурботна сказаў лейтэнант. – Вось праблема! Кiслае яшчэ лепш!

– Для цябе лепш, – трошкi супакоiўшыся, сказала Зiна. – А для яе?..

– Нiчога, нiчога!

Валодзя сурова пакiваў галавою i вярнуўся ў суседняе купэ.

– У нас ёсць малако-о, – пявучым голасам сказала яму партнёрша па картах. – У тэрмасе. – Пры гэтым яна вiнавата паглядзела на Цюльпана. – Мы можам даць, калi трэба-а. Налiць?

– Дзякую, не трэба, – адмовiўся Валодзя, зразумеўшы, для каго тут вязецца малако. – Ваш ход. Давайце!

Зiна пачала кармiць Людачку кiслым малаком, а Ярмолаў не ведаў, што рабiць з самiм сабою. Ён не мог падняць галавы, не мог глянуць на дзяўчынку. У яго раптам стала глуха шчымець пад грудзьмi, а ў роце зрабiлася так прыкра, нiбы ён сам жывасiлам глытаў гэтае дачасна скiслае малако.

На наступнай станцыi Ярмолаў, мабыць, першым выйшаў на перон. Паколькi жанчына з абручыкамi таксама збiралася выходзiць, то i Валодзя заглянуў у сваё купэ, каб узяць шапку.

– Купi чаго-небудзь Людачцы, – папрасiла яго Зiна.

Пакуль цягнiк стаяў, яна паказвала Людачцы праз акно, якiя вялiкiя яблыкi былi ў кошыках тых цётак, што снавалi сюды-туды па пероне, якiя жоўтыя грушы. А калi заляскалi буферы i цёткi з кошыкамi неяк асаблiва замiтусiлiся, мацi з дачкою пачалi глядзець у канец калiдора, дзе павiнен быў хутка паказацца бацька. Але вось прайшлi ўжо многiя, вярнулiся i адразу зачынiлiся ў сваiм купэ суседзi з Цюльпанам, а Валодзi ўсё не было. Прыйшоў Ярмолаў, ласкава ўсмiхнуўся Людачцы.

– Цi вы не бачылi Валодзю? – звярнулася да яго Зiна.

– Не, не бачыў, – адказаў Ярмолаў. – Ды вы не хвалюйцеся, ён, напэўна, у другi вагон ускочыў.

Але як жа не хвалявацца? Прайшла хвiлiна, другая, цягнiк ужо набраў вялiкую хуткасць, а чалавека ўсё няма i няма.

Ярмолаў бачыў, што ў Зiны збялеў твар, яна раз-пораз перасаджвала дзяўчынку з адной рукi на другую, не магла нi сядзець, нi стаяць на адным месцы. I дзяўчынка, мабыць, нейкiм чынам адчувала матчыну трывогу: часта азiралася, махала ручкамi. Прайшла па калiдоры праваднiца з вядром i мятлою ў руках. Зiна звярнулася да яе: "Што рабiць? Муж астаўся на станцыi!" Праваднiца доўга моўчкi глядзела ў вядро, нiбы там магла знайсцi нейкi адказ, а потым абыякава спытала:

– Ваенны ваш муж?

– Ваенны.

– Не прападзе. Ён там недзе. – I паказала мятлою ў канец калiдора.

Гэта, вiдаць, азначала, што чалавек недзе ў канцы састава, Зiна так i зразумела, але не супакоiлася. З роспаччу i маўклiвай просьбай яна пачала глядзець на Ярмолава. Той рашуча ўстаў, надзеў фуражку, але ў гэты момант у калiдоры пачуўся бязладны пералiвiсты свiст. Зiна ў радасцi кiнулася туды i хутка з'явiлася ў купэ разам з Валодзем.

– Напалохаў ты нас, – тулячыся да грудзей мужа i з бязмежнай адданасцю гледзячы яму ў вочы, гаварыла жанчына. – Што б мы тут рабiлi без цябе? Сядзь адпачнi. Ты, мабыць, даганяў цягнiк?

Ярмолаву неяк аж нiякавата стала, калi ён убачыў, што Зiна так шчыра i глыбока кахае свайго мужа. Унутры з'явiлася нешта падобнае не то на зайздрасць, не то на прыкрасць – самому цяжка было разабраць.

– Я ў буфет забег, – пачаў растлумачваць сваё здарэнне Валодзя i амаль увесь час глядзеў на Ярмолава. – Забег, а там – чарга. Пастаяў крыху, бачу цягнiк наш паплыў за акном. Я крыкнуў на буфетчыцу i бягом. Ледзь ужо самы апошнi вагон дагнаў.

– Купiў што-небудзь Людачцы? – нясмела маргаючы доўгiмi густымi вейкамi, спытала Зiна.

– От, дзiвачка! – сурова адказаў Валодзя. – Яшчэ пытае. – Зiна разгублена нахiлiла галаву да Людачкi. – Я ж кажу, што перад самым званком забег у буфет. А да гэтага не мог. – Лейтэнант засмяяўся i ступiў крок да Ярмолава. Разумееце? Гэты самы Цюльпан з суседняга купэ раптам як падскочыць на пероне, як тузане! I вырваўся з рук гаспадынi. Я за iм, а ён драла. Чорт яго ведае, што яму прыйшло ў галаву. Хвiлiн дзесяць я патрацiў, пакуль злавiў яго.

– А гаспадар што? – хмура спытаў Ярмолаў. – Гэты самы Дзiма?

– Куды яму? – насмешлiва махнуў рукою Валодзя. – Па iм то сабака быў бы ўжо, напэўна, у Менску. Не хоча Цюльпан ехаць на курорт. Давай будзем абедаць! – звярнуўся лейтэнант да жонкi. – Есцi хочацца!

Зiна паспешлiва стала развязваць адной рукой клункi.

– На, патрымай трошкi Людачку, – няўпэўнена сказала яна, а сiнявата-шэрыя пакорлiвыя вочы так прасiлi, каб ён хоць на гэты раз не асаромiў яе перад чужым чалавекам, каб хоць для прылiку ўзяў на рукi дзяўчынку. Ярмолаву аж балюча было глядзець на гэтыя вочы.

– Пасадзi яе! – суха сказаў, нiбы аддаў загад, Валодзя.

Пакуль Зiна падрыхтоўвала ўсё на столiку, Людачка сама знайшла на полцы свой лысы каштан i пачала абедзвюма рукамi падымаць яго вышэй носа i апускаць унiз. Iншы раз пры такiм руху каштан дакранаўся да рота, i ад гэтага ўсе бакi яго хутка сталi мокрымi.

Ярмолаў выпяў з кiшэнi бразготку i працягнуў яе дзяўчынцы.

– Вазьмi, Людачка, вось гэтую цацу. Глядзi, якая прыгожая.

– У яе ёсць такая дома, – заўважыў Валодзя.

А Зiна чамусьцi разгубiлася ў гэтую хвiлiну, не ведала, што сказаць. I толькi калi ўжо Людачка добра завалодала новаю цацкаю i, махаючы ручкамi, пачала залiвацца ўцешным смехам, мацi села блiжэй да дзяўчынкi, сарамлiва паглядзела на Ярмолава i сказала:

– Нашто вы турбавалiся, дальбог праўда.

Тады Ярмолаў выняў з другой кiшэнi пляшку смятанкi.

– Мне здаецца, што гэта можна было б даваць дзяўчынцы, – цiха сказаў ён.

Зiна спалохана глянула на мужа: "Што вы, што вы!.. Не трэба!"

Валодзя ў гэты час прыдзiрлiвым вокам аглядаў падрыхтаваную закуску i таксама вымаў з кiшэнi пляшку, толькi не са смятанкай. Зiна пачырванела i апусцiла вочы.

– Дзякуй вам, – глыбока ўздыхнуўшы, сказала яна Ярмолаву.

– Я думаю, – гаварыў тым часам Валодзя, – я думаю, што мы з калегам... Ён азiрнуўся i ўбачыў у руках Зiны смятанку: – Дзе ўзяла? Ага. Вы купiлi? – Ён крыва ўсмiхнуўся суседу. – Ну, добра. Дык я думаю, што мы з вамi возьмем перад абедам па службовай. Га? Ледзь паспеў ухапiць у буфеце. Дастань, Зiна, шклянкi.

– Я не п'ю, – сказаў Ярмолаў, глянуўшы на столiк, – хiба ўжо толькi за кампанiю. – Ён мiжвольна павярнуўся да гаспадынi.

– Сядайце з намi! – запрасiла Зiна, i Ярмолаў адчуў у яе голасе шчырасць i быццам бы спадзяванне на нешта добрае. Звыклы ўглядацца ва ўсякую з'яву, ён падумаў, што Зiна баiцца пакiдаць свайго мужа аднаго з пляшкаю. Таму, падзякаваўшы, ён стаў даставаць з-пад полкi свой чамадан.

Пасля першай шклянкi Валодзя стаў на рэдкасць гаваркiм i бадзёрым. Кожнае слова, кожны жэст, трапныя яны былi цi не, з'яўлялiся ў яго надзвычай лёгка, мiмаволi. Вiдно было, што выпiўка для гэтага чалавека – справа звыклая i што тут ён умее паказаць сябе.

– Жонка мая не п'е, – ужо ў каторы раз паўтараў ён Ярмолаву. – Зусiм не п'е. Так што вы яе i не прасiце. Артыстка i не п'е. Дзiўна? Праўда, яна былая артыстка. Ну, i дзякуй богу! Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Правiльна я сказаў, таварыш Ярмолаў? Адмiрал Ярмолаў?

"Адмiрал" без крыўды ўсмiхнуўся i хацеў нешта сказаць Валодзю, але Зiна так паглядзела на яго, што ён не рашыўся ўступаць у размову. Зiна i сама ўвесь час маўчала, бадай-што мала i слухала, аб чым гаварыў муж. Яна старанна кармiла свежай смятанкай Людачку. Скажы Валодзю адно слова, ён табе дваццаць. Скажы яму ласкава, ён табе адкажа груба i жорстка. Гэта, вiдаць, добра разумела Зiна, таму i сама маўчала i прасiла, каб Ярмолаў нiчога насупроць не гаварыў. Калi не раззадорваць гэтага чалавека, не падлiваць масла ў агонь, то ён пагаворыць, потым пасвiшча крыху ды ляжа спаць. Зачапiся ж з iм, – усю ноч прагаворыць.

Дапiўшы гарэлку i назваўшы Ярмолава яшчэ разоў дзесяць то адмiралам, то генералам, Валодзя сапраўды неўзабаве палез у ботах на верхнюю полку, i як толькi паклаў на падушку галаву, дык адразу i захроп. Зiна пачала прыбiраць са стала, а Ярмолаў выйшаў, каб не перашкаджаць ёй. Калi ён вярнуўся, то заўважыў, што Валодзя ляжаў ужо разуты, вялiзныя ступнi з шырокiмi пяткамi звiсалi пальцамi ўнiз з полкi. Гэта, вядома. Зiна разула яго. Ярмолаў уявiў, як для гэтага яна, напэўна, падстаўляла да полкi лесвiчку, як спяшалася, каб зрабiць гэта да яго прыходу, i яму стала шкада жанчыну. Вiдаць, не першы раз яна разувала свайго мужа...

Людачка сядзела на полцы адна i гуляла з новай цацкай. У яе руках гэтая цацка грымела i крыху заглушала храпенне Валодзi. Зiна спачатку быццам не адважвалася глянуць на Ярмолава: яна больш, як трэба, корпалася ў клунках, затым узялася выцiраць мокрай паперай столiк, збiраць крошкi хлеба пад столiкам, у тым месцы, дзе сядзеў Валодзя. I толькi калi побач з ёй упала, нiбы разарвалася, бразготка, жанчына глянула з усмешкай спачатку на дзяўчынку, а потым на Ярмолава.

– Спадабалася ёй цацка, – замiлавана сказала яна. – Сваю старую ўжо некуды закiнула.

Мацi пагрымела цацкай, села ля дзяўчынкi i, калi тая зноў стала забаўляцца сама, начала гаварыць далей:

– Бывала, у нас, у хоры... Часта, вельмi часта я ўспамiнаю наш хор. Голас жанчыны гучаў глуха, з глыбокiмi перадышкамi, вочы то пачыналi iскрыцца вясёлай радасцю, то раптам патухалi i прыкрывалiся крышку вiльготнымi вейкамi. – Была ў нас там замужняя адна, таксама салiстка. Мая сяброўка. Дзяўчынка ў яе была. От як мая Людачка цяпер. Бывала, збяромся ў выхадны дзень да гэтае мае сяброўкi... Чалавек дзесяць нас прыйдзе. I кожная прынясе якую-небудзь цацку дзяўчынцы. Як наскладаем, дык – цэлая гара цацак. Дзяўчынка радуецца, iдзе да кожнай з нас на рукi, а мацi яшчэ больш радуецца. Потым муж яе бярэ акардэон... Рабочы ён, просты чалавек, але вельмi любiў музыку. Акампанiруе нам, а мы спяваем, развучваем што-небудзь новае. Дзяўчынка заўсёды слухае, здаецца, што нават i вочкамi не маргае...

– I Людачка, я думаю, любiць слухаць, як мама спявае, – цiха заўважыў Ярмолаў. – Дзецi наогул любяць песнi.

– Я цяпер не спяваю, – сумна сказала жанчына.

– А мы з Людачкай папросiм, каб вы заспявалi нам што-небудзь. Мы таксама вельмi любiм песнi. Праўда, Людачка?

Дзяўчынка зашамацела цацкай.

– У мяне ўжо, мабыць, i голасу няма, – сказала Зiна. – Мне толькi часта ў сне снiцца, што я спяваю...

Выспаўшыся, Валодзя зноў пайшоў гуляць у карты, а Ярмолаў доўга стаяў на калiдоры, слухаў хрыплае радыё, размовы i песнi тых пасажыраў, якiя не надта любiлi ехаць у цвярозым выглядзе, мiжвольна заглядваў у цёмнае акно i бачыў там свой лоб, вядома, больш бледны, як у люстэрку, i амаль зусiм гладкi. Праводзiў рукою па лбу i адчуваў на iм маршчыны, неглыбокiя яшчэ, але частыя. I ўвесь твар выглядаў у акне залiшне маладым. Значыць, не трэба верыць ценю. Пачынаў апаноўваць сум. На хвiлiну Ярмолаву здалося, што ён можа пазайздросцiць Валодзю. Той не сумуе ў дарозе, бадай-што i нiдзе ён не сумуе. I цяпер з купэ даносiлiся яго вясёлыя ўсклiкi, амаль бесперапынная гаворка i бязладныя посвiсты.

Ярмолаў узлез на верхнюю полку, лёг i заплюшчыў вочы. Ён спрабаваў заснуць, а сон чамусьцi не прыходзiў.

Праз адчыненыя дзверы купэ час ад часу даносiлася далёкае ад якой-небудзь меладычнасцi пасвiстванне. Кожны раз пры гэтым пасвiстваннi Зiна прыпаднiмала галаву, нервова азiралася i накрывала Люду. Дзяўчынка спала дрэнна, увесь час варочалася, ссоўвала з сябе прасцiну. А мацi, вiдаць, зусiм не магла заснуць. Гэта мiжволi непакоiла Ярмолава. Жанчына ўжо другую ноч не спiць. Збiралася ў дарогу – таксама не спала. Сам Валодзя аб гэтым гаварыў. Ды цi толькi гэтыя ночы былi ў яе бяссоннымi? Уяўлялася, што кожную ноч Зiна спiць вось так, як цяпер. Гэты неспакой, нервовыя азiраннi наўрад цi толькi сёння з'явiлiся.

На свiтаннi праваднiца цiхенька пастукала ў дзверы. Ярмолаў адразу пачуў, бо спаў вельмi нямоцна. З трывогай заўважыў, што пачула гэта i Зiна: яна ледзь прыкметна паварушыла рукой, якою абнiмала Людачку. Дзiця, мабыць, толькi нядаўна i заснула. Ноччу Людачка плакала. Можа, ад духаты, а можа, i жывоцiк ад чаго-небудзь балеў. Ярмолаў доўга чуў гэты плач, у яго балела ад гэтага на душы, а потым сон усё ж змарыў, – на нейкi час усё адышло. Затым зноў прачнуўся, таму што прыйшоў з гульнi Валодзя i ўключыў святло.

– Пяцьдзесят дурняў iм даў! – сказаў ён Зiне, калi тая прыўзнялася на пасцелi. Сказаў i палез на верхнюю полку.

Ярмолаву трэба было хутка выходзiць. Ён пачаў цiхенька i асцярожна збiрацца, каб нiкога не разбудзiць. Абуўся, выняў з-пад полкi чамадан. Аднак, калi ўзяўся за ручку дзвярэй, Зiна нечакана ўстала.

– Вы ўжо сходзiце? – папраўляючы валасы, прашаптала яна.

– Я разбудзiў вас? – занепакоiўся Ярмолаў. – Прабачце, Зiна. Мне i хацелася развiтацца з вамi, i баяўся перабiць вам сон.

– А я амаль што i не спала, – даверлiва загаварыла жанчына. – Нешта Людачцы нездаровiцца. Толькi яшчэ горш змучылася за ноч i бок стаў балець, пералежала. Усё на адным баку ляжу.

– А мая ўжо станцыя вось тут, блiзка, – нiбы з жалем сказаў Ярмолаў. Трэба сыходзiць. Будзьце здаровенькi! Шкада, што мы ўжо, мабыць, нiколi не ўбачымся... Але вы, Зiначка, павiнны спяваць! Спявайце абавязкова!..

– Жадаю вам шчаслiва вярнуцца ў Менск, – з кранаючай шчырасцю прашаптала Зiна i падала Ярмолаву цёплую, крыху пералежаную за ноч руку. – Вельмi прашу вас, калi ўбачыце там Макара Iванавiча, перадайце яму прывiтанне ад мяне. Маё дзявочае прозвiшча – Вiшнеўская.

– Добра, – паабяцаў Ярмолаў, – абавязкова перадам. Будзьце здаровы.

На цемнаватым пероне ён адышоўся крыху ўбок, паставiў чамадан i стаў чакаць адыходу цягнiка. Адразу пазнаў сваё акно, хоць яно нiчым не вылучалася. Было яно яшчэ цемнаватым, невыразным, як i ўсе астатнiя. Прыгледзеўшыся, ужо можна было заўважыць белыя фiранкi, але толькi прыгледзеўшыся. Вельмi б радасна было, каб гэтыя фiранкi хаця б крышачку, хаця б на адзiн момант заварушылiся.

Аднак што ж зробiш? Не заварушылiся фiранкi. Неўзабаве пачуўся кароткi гудок i адзiн за другiм пачалi ляскаць буферы. Праплыло акно перад вачамi Ярмолава... Блiзкае, незабыўнае акно, нiбыта было яно ў роднай хаце. Услед праплыў белы надпiс на сiне-блакiтным, як i неба ў гэты час, фоне: "Жорсткi". А затым – нумар дванаццаць. Не пакiдала ўяўляцца Зiна ў хвiлiну развiтання: ласкавая, шчырая, трошкi сумная. Пра яе хацелася думаць...

"Будзе яна яшчэ спяваць цi не?" Гэтае пытанне не давала Ярмолаву спакою нават i тады, калi ён выйшаў з маленькага стандартнага вакзала i накiраваўся ў вайсковы гарадок.

1956 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю