Текст книги "Афiцыянтка"
Автор книги: Алексей Карпюк
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Карпюк Алексей
Афiцыянтка (на белорусском языке)
Аляксей Карпюк
Афiцыянтка
I
Было iх тры. Ранiцой сталовая пуставала, таму, чакаючы клiентаў, дзяўчаты грэлiся ля печы. Спiной да яе прыткнулася гордая, як каралева, з халоднымi карымi вачыма прыгажуня Мiра. Каля Мiры шчакой да белай кафлi тулiлася ўдава Надзя – паблеклая пажылая жанчына. Яна вадзiла далонямi па печы i цiха сыкала, бо кафля пяклася. Трэцяя афiцыянтка, дзяўчына гадоў васемнаццацi – Люся, – лятала па зале.
На Люсi была з ружовага шоўку кофтачка, лёгкая, як ветрык. Светлыя валасы дзяўчыны абхапляў абадок карункаў. На стале блiшчаў крышталь пасуды. Скрозь шыбы падалi промнi сонца, iх афiцыянтка перасякала лёгкай радаснай паходкай. Люся з прытворнай строгасцю, прыемным грудным голасам закрычала:
– Афiцыянтка, меню мне, бягом!
З-за буфета пазiрала тоўстая цёця Глаша. Яна там заўсёды стаяла як укопаная, на адным месцы, i нагадвала пiўную бочку. Толькi бочка цямнела вiльготнымi плямамi, а ў Глашы нос, шчокi чырванелi, дыхалi здароўем i задавальненнем. На ёй самой заўсёды бялеў чысты халат з квадратамi ад прасавання i дзiркамi ад гузiкаў. Гузiкi ў цёцi Глашы нiяк не трымалiся, зараз буфетчыца моўчкi цешылася Люсiным блазенствам. Баючыся, каб дзяўчына чаго-небудзь не разбiла, цёця Глаша дабрадушна прабурчала:
– Люська, абсядзь!
– Люська, абсядзь! – перадражнiла буфетчыцу дзяўчына i пабегла да сябровак.
Калi мала было людзей, афiцыянткi абслугоўвалi клiентаў не па сваiх сталах, а па чарзе. Зараз была чарга Надзi, потым Мiры. Удава не хацела iсцi да клiента проста таму, што надта прыемна ёй было стаяць ля печы. А Мiра не iшла, бо яна гаварыла, што паступiла на працу ў сталоўку толькi для таго, каб выйсцi замуж, а клiент быў пажылы, скрыўлены i, на погляд Мiры, нiчога не варты. Хапiўшы на ляту са стала меню, да чалавека паляцела Люся i здалёк спытала:
– Вам што?
Клiент надзеў акуляры, пачаў прыглядацца да меню. Прыглядаўся ён доўга, быццам там былi не лiтары, а макавыя зернi. Потым стаў уголас чытаць. Прачытаўшы "бiфштэкс", чалавек паморшчыўся яшчэ больш. Прамовiўшы "свiнiна", ён застагнаў i ўзяўся за жывот. Тады Люся спачувальна падказала:
– Вам, можа, блiнчыкаў? Малочнага супу?
– О-о! – з палёгкай уздыхнуў грамадзянiн i ўдзячна падняў вочы на афiцыянтку.
А тая ўжо iмчалася на кухню, успамiнаючы аднаго знаёмага, якi з апетытам еў катлеты, баршчы, вiнегрэты, ды яшчэ i не па адной порцыi.
Ужо з тыдзень, як у сталовую на абед пачаў хадзiць гэты хлопец. Браць заказ у яго першай прыйшлося Люсi. Яна звярнула на яго ўвагу i здзiвiлася.
Наогул дзяўчына дзiвiлася з усяго. Дзiвiлася, калi цёця Глаша прыносiла ў буфет вялiкую рыбiну, дзiвiлася, калi ўвечары буфетчыца здавала ў касу кiпы грошай, дзiвiлася, калi на двары iшоў дождж, дзiвiлася, калi дождж пераставаў. Яна i зараз прыбегла да буфета i шапнула:
– Ой, ён жа раней катлету папрасiў, а потым боршч!
Сыны цёцi Глашы, абедаючы, з'ядалi па кавалку мяса з тушанай бульбай цi капустай, а потым ужо, як яны казалi, запiвалi супам або баршчом. Таму гэта буфетчыцы здалося зусiм натуральным, i яна сказала:
– Ну дык i што? Няхай сабе i есць на здароўе!
З таго дня хлопец наведваў сталовую дзень у дзень у адну пару. Ён садзiўся ў кутку i заўсёды на адно i тое ж месца. Яму было гадоў дваццаць. Твар i нос ён меў абветраны, вочы шэрыя, упартыя i хiтрыя. Калi ён нагiнаўся над талеркай, цёмна-русыя валасы яго рассыпалiся на бакi, утвараючы белы прабор. На хлопцу быў рабочы камбiнезон з засохлымi плямамi ад вапны. Еў хлопец заўсёды па-свойму – спачатку другое. Часамi разгортваў з паперы вясковы хлеб i варанае мяса. Рабiў ён гэта не спяшаючыся i акуратна. Аднаго разу ў яго не было двух капеек. Хлопец нясмела працягнуў ёй дзесяць. Люся не ўзяла. На другi дзень падаў ёй дзве капейкi. Падаючы, ён пачырванеў. Люся таксама разгубiлася i выпусцiла манету на падлогу. Абое нагнулiся яе падымаць i стукнулiся галовамi. Клiенты засмяялiся, а хлопец з дзяўчынай, засаромленыя, разышлiся.
У сталоўцы ўстанавiўся такi звычай: кармiць хлопца кожны дзень – Люсi. Дзяўчына прыкiдвалася, што гэтым нездаволена, але ўсiм было вiдочна, як яна старанна i з наiўным захапленнем выконвае свой абавязак. Калi хлопец заходзiў i садзiўся за стол, Мiра або Надзя казалi сяброўцы:
– Ну, iдзi. Твой прыйшоў!
– Чаму заўсёды мне i мне? – нiбы бурчала яна.
– Яшчэ будзеш тут ламацца? Марш! – гнала яе буфетчыца.
– Ну i пайду, падумаеш... – нiбы абуралася яна i iшла толькi таму, што падпарадкоўвалася сiле.
Але хутка ёй апрыкрала так прыкiдвацца. А яшчэ праз нейкi час Люся выказвала сваю сiмпатыю да маладога клiента ў адкрытую. Калi ён заходзiў, узнiмала на ногi ўсiх. Кухар, дзядзя Грыша, якi правёў вайну на падножцы батальённага катла, наўмысна затрымлiваў на кухнi абед. Тады яна крычала на яго:
– Дзядзя Грыша, вы што, заснулi?
– Ага! – дражнiўся той i яшчэ павольней налiваў у талеркi.
– Ну, хутчэй! Ён жа там чакае, а вам – смешачкi!
Нарэшце кухар аддаваў ёй талерку, паклаўшы туды больш мяса, чым у iншыя. Цёця Глаша паглядала з-за буфета ласкава. Надзiны вочы рабiлiся адразу i шчаслiвымi i сумнымi. Толькi адна Мiра пагардлiва выпiнала губы ды, павёўшы плячыма, гаварыла:
– Таксама мне знайшла! Тынкоўшчык нейкi, фi!
– Ну, няхай сабе i тынкоўшчык! А што, ён не чалавек? – запальчыва заступалася Люся.
Аднойчы, пасля такой размовы памiж дзяўчатамi на кухнi, Люся панесла ў залу талеркi, а Мiра, падфарбаваўшыся, выйшла да буфета пазiраваць афiцэрам, якiя нядаўна ўвайшлi з двара. Вайскоўцы старалiся зачапiць Люсю, але тая нiбы не прыкмячала iх, а калi не магла стрымаць на твары ўсмешкi, выбягала з залы. Тады яны звярнулi ўвагу на Мiру.
Вайскоўцы доўга заставалiся ў сталовай. Яны пачалi запрашаць да стала дзяўчат. А якраз загадчык сталовай, Сямён Макаравiч, быў у адпачынку, яго падмяняла буфетчыца. Цёця Глаша была не строгая. Аднак дзяўчаты за стол не селi, толькi адна Мiра крадком выпiла крыху вiна, а адзiн пры гэтым сцiснуў яе за локаць.
Назаўтра маёр прыйшоў адзiн. Ён доўга сядзеў за сталом, курыў i пазiраў на Мiру. Ад такiх залётаў той было няёмка перад сяброўкамi. Падмаляваўшыся больш ярка, узбiўшы валасы, Мiра стаяла ля буфета ў афiцэра на вачах.
Разлiчваючыся з маёрам, Мiра наўмысля затрымала яго трыццаць капеек. Потым, калi ён пайшоў, быццам спахапiўшыся, яна пагналася за iм на вулiцу аддаваць грошы.
У гэты вечар Мiра з маёрам была ўжо ў кiно.
II
Неяк у сталоўцы панаваў прыўзняты настрой. Люся чакала "тынкоўшчыка", хвалявалася, i гэтае хваляванне перадавалася ўсiм. Цёця Глаша каторы раз папраўляла каўнерык Люсi. Мiры з рання не было. Надзя адна абслугоўвала ўсе сталы. Сама Люся бегала з люстэркам за шырмачку.
Нечакана ў сталовую ўвайшла Мiра. Яна была апранута па-святочнаму i несла пад пахай пакунак. Пахвалiлася адрэзам кiтайскага шоўку – падарунак ад маёра. Афiцыянткi, калi прыйшлi ў сябе ад нечаканасцi, прарвалi паперу i пачалi аглядаць матэрыял. Мiра з гонарам паведамiла, што ў сталоўцы пабудзе толькi да вечара, што яна выходзiць замуж i што, наогул, сталовая ёй усе нервы выматала. Люся здзiвiлася. Надзя няўпэўнена ўсмiхнулася, прамармытаўшы, што, "вядома, маёршы неяк i няёмка працаваць афiцыянткай". А буфетчыца пакiвала галавой i прабурчала:
– Ой, дзеўка, глядзi! У гэтага маёра недзе такiх, як ты, шмат! – I яшчэ раз паправiла складку ў Люсi на каўнерыку.
У Мiры на момант з'явiўся неспакой у вачах. Але цёця Глаша пачала яе лаяць за тое, што клiенты з-за яе ўчора нарабiлi поўную "кнiжку скаргаў" запiсаў.
Увайшоў "тынкоўшчык". Амаль разам з iм увайшла група лётчыкаў, яны заблiшчалi сярэбранымi галунамi. Зайшло яшчэ некалькi наведвальнiкаў. Люсi трэба было iсцi да свайго хлопца, але ёй раптам стала страшна. Яна збянтэжылася i бездапаможна прылiпла да буфета. Цёця Глаша ўзялася за яе непакорны каўнерык, а затым лёгка падштурхнула Люсю.
Буфетчыца бачыла, як дзяўчына перад самым сталом, дзе сядзеў хлопец, разгубiлася зусiм i павярнула туды, дзе сядзелi лётчыкi. Цёця Глаша моцна бразнула нажом, якiм збiралася рэзаць хлеб, i аж пераступiла з нагi на нагу. А хлопец спачатку здзiвiўся, а потым скрывiўся, як асiрацелае дзiця.
Калi да лётчыкаў падышла Люся, яны загаварылi адзiн перад другiм. У бок афiцыянткi пасыпалiся камплiменты. "Тынкоўшчык" пакрыўджана скасiў вочы i ўбачыў, як Люся агрызкам алоўка пачала пiсаць у блакноце заказ. Ад нейчага трапнага слова кампанiя рагатала на ўсю залу. Люся заразiлася агульнай вясёласцю.
– Як вас зваць? – запытаўся адзiн лётчык.
Усе прыцiхлi, чакаючы адказу, але Люся прамаўчала.
– Я з сябрам паспрачаўся на шампанскае! Вы – Маша, праўда?
– Не, яна Валя!
– Ды што вы, яна – Фея!
– А от i не ўгадалi! Мяне зваць... афiцыянтка! – крыху з какецтвам сказала дзяўчына, паказаўшы пры гэтым два рады роўных белых зубоў.
– Яшчэ дзве бутэлькi гарэлкi запiшы на нашу кампанiю, Фея!
– А гарэлкi мы i не трымаем! – пераможна паведамiла Люся.
– Як не? Ух-ты-ы! Э-э-э... Ну, тады каньяку нясi...
– I гэтага няма, бо ў нас сталовая, а не рэстаран, а-га.
Тады яна крыху пастаяла над анямелымi лётчыкамi i здзеклiва ды з пачуццём сваёй сiлы паўзiралася iм у вочы. Затым панеслася да буфета з заказам.
Каля буфета на яе напала Мiра:
– Цябе хто прасiў мой стол абслугоўваць? Лётчыкi былi мае!
Але Люся не звяртала на яе ўвагi, бо цёця Глаша вачыма паказвала на хлопца. Дзяўчына зусiм ужо вольна паляцела да свайго "тынкоўшчыка". Каб яго лепей было чуваць, бо лётчыкi зноў голасна гаварылi, Люся нахiлiлася над хлопцам так, што ён убачыў, як у яе кудзёрках, бы ў крышталi, пералiваецца святло. Вочы дзяўчыны глянулi на яго проста, добразычлiва, яна стала надта блiзкай, i хлопец адразу акрыяў.
Паабедаўшы, "тынкоўшчык" злажыў акуратна адна на адну, спачатку большыя, потым усе меншыя талеркi, на iх палажыў радком вiлку, нож, лыжку, змёў са стала крошкi i доўга не выходзiў са сталовай.
Надзя з Мiрай прылiплi да печы, пакiнуўшы Люсi ўсю залу. А яна яшчэ нiколi не насiлася так, як гэты раз. Лётаючы, Люся намагалася пранасiцца з талеркамi блiжэй да "тынкоўшчыка", абдаючы хлопца вецярком. Усе, хто нi быў тады ў зале, адчувалi нейкi радасны настрой. Клiенты, да гэтага зусiм чужыя адзiн аднаму людзi, размаўлялi памiж сабой, быццам даўно ўжо знаёмыя, i таксама доўга не пакiдалi сталовай. А з-за буфета свяцiлiся добрыя вочы цёцi Глашы.
III
Хлопец, якi хадзiў у сталовую, называўся Андрэем i працаваў мулярам. Ён паходзiў з вёскi i быў сынам удавы Мiронiхi.
Яшчэ хлопчыкам, адбудоўваючы ў вайну спаленую хату, Мiронiшын сын склаў печ. Тады суседзi сталi прасiць удаву, каб яна паслала сына скласцi печы i iм. Гэтак з шаснаццацi гадоў Андрэй прылаўчыўся да муляркi. Потым ён пачаў працаваць у горадзе. Яму зараз даручылi будаваць заводскi комiн, якi даручаюць толькi спрактыкаваным майстрам. Вечарам хлопец ездзiў веласiпедам дахаты.
Заўважыўшы Люсiну ўвагу да сябе, Андрэй пасмялеў, i ў яго душы забурлiла.
У той дзень, калi Люся "адшыла" лётчыкаў, хлопец прыйшоў да сябе на будоўлю ўзбуджаным. Дзяўчаты, якiя яму падавалi раствор i цэглу, зараз адпачывалi, бо абедзенны перапынак не скончыўся. Мiронiшын сын асцярожна абышоў тое месца, дзе, прытулiўшыся адна да адной, ляжалi работнiцы, i палез на комiн. Муравалася ўжо верхняя частка комiна, i пляцоўка для працы была такая малая, што на ёй мог памясцiцца толькi адзiн чалавек. Забраўшыся на трыццацiметровую вышэнь, Андрэй сеў на свежы мур i глянуў навокал. Пад iм быў горад. Па вулiцы, як жукi, паўзлi машыны. Дымiлiся комiны. Сярод iх дымiўся комiн сталовай. Андрэй доўга не мог адарваць вачэй, быццам з-над сталовай яму жывы чалавек памахваў шалем. Горад быў невялiкi. За сталовай яшчэ з дзесятак мураванак, якiя нагадвалi сабой параскiданыя цаглiны. За мураванкамi – палi, узгоркi, лес. Удалечынi ён разгледзеў сваю вёску. А над усiм гэтым плылi хмары, адтуль даносiўся магутны подых ветру. Ён адчуў у сабе дзiўную адвагу i ўпэўненасць. Без ценi страху Андрэй узняўся са сценкi комiна i стаў на яе краi ў повен рост. Уздыхнуў на поўныя грудзi. Яму захацелася крыкнуць гэтак, каб заклубiлiся ў небе хмары, загойдалiся ўзгоркi, каб пачулi яго нават у вёсцы. Яму захацелася ўзняцца i паляцець.
– Ты толькi паглядзi, наш муляр зусiм здурэў! – пацiху, каб сваiм крыкам не спалохаць Андрэя, бо ён тады мог бы разбiцца, праказала адна дзяўчына да сябровак.
Да комiна наблiжалася варона. Канцы яе крылляў свяцiлiся, як канцы сцёртага венiка, i пры ўзмахах iх даносiўся сiплы свiст паветра. Муляр нагнуўся, схапiў камяк сухой вапны, крыкнуў i запусцiў яго ў варону. Варона часта залопала крыллямi, быццам яна забiлася на вадзе, i спалохана паляцела назад. Камяк разляцеўся ў паветры i градам пасыпаўся на дзяўчат. Унiзе пачуўся крык, смех.
Прагудзеў гудок. Да краю комiна быў прымацаваны блок з вяроўкай. Кола пачало круцiцца, натужлiва заскрыпела на iм вяроўка: гэта дзяўчаты знiзу падавалi муляру вядро вапны. Андрэй адагнаў мары, паспрабаваў нагамi, цi моцна пад iм ляжаць дошкi, узяў вядро, кельму i прыступiў да працы.
Але як толькi паклаў першую цаглiну, яго вочы пацягнула ў бок сталоўкi. Далей Андрэй клаў цэглу, ахоплены марамi. То яму здавалася, што ён з Люсяй iдзе ў сваёй вёсцы па лузе, дзе iскрыць на сонцы не то раса на травах, не то крышталь са сталоўкi. То яму здавалася, што яго комiн знаходзiцца дзесьцi сярод хмар, на iм стаiць ён i яна. Гэты малюнак ён так выразна бачыў, што нават адчуваў цяпло Люсiнага подыху.
IV
Аднаго дня, яшчэ задоўга да абеду, Люся рыхтавалася да сустрэчы са сваiм "тынкоўшчыкам".
У гэты дзень дзяўчыне з самага рання не шанцавала. Спачатку яна разбiла цэлы паднос пасуды i расплакалася. Потым, забегшы за цёцiну шырмачку, Люся аб жалеза, якiм былi акаваны скрынi, парвала панчоху. Стала шукаць iголку i, як на бяду, яе нi ў кога не было. Нарэшце кухар паклiкаў дзяўчыну, зняў свой белы каўпак, дастаў з яго iголку i, даючы, сказаў:
– На. Яшчэ салдацкая. А другi раз каб сваю мела, глядзi. А то дзяўчына i без iголкi.
Уладзiлася справа i з талеркамi, жанчыны яе запэўнiлi, што пасуда б'ецца абавязкова на шчасце! А цёця Глаша ад сябе дадала, што заступiцца перад Сямёнам Макаравiчам, каб ён гэтыя талеркi спiсаў.
Ужо, здаецца, усё было добра. Надзя адна абслугоўвала залу. Раптам дзяўчыне стрэлiла ў галаву, што яна ад плачу змянiлася ў твары. Люся пабегла да шафкi, у якой афiцыянткi клалi свё адзенне. У гэтай шафцы Мiра пакiнула аб сабе ўспамiн – памаду. Люся ўзяла яе i пабегла за шырму.
Калi з падфарбаванымi вуснамi, шчокамi i брывамi Люся выйшла з-за шырмы, жанчыны ўспляснулi рукамi: так той было не да твару. Але дзяўчына спадабалася сама сабе i не хацела нiкога слухаць.
Увайшоў Андрэй. Люся крыху пачакала, каб той усеўся, а потым выйшла ў залу. Хлопец узняў ад меню вочы, глянуў на дзяўчыну i сумеўся. Ён заморгаў вачыма, нават азiрнуўся навокал, потым зноў накiраваў свой позiрк на афiцыянтку.
Люся дагэтуль нiколi не фарбавала твару. Зараз ад фарбы яна не стуляла губ, i яны так i заставалiся ў яе адтапыранымi, нiбы дзяўчына збiралася свiстаць, нiбы губы ў яе былi апухлыя. На шчоках вiднелiся плямы пудры. Адчуўшы сябе няёмка, дзяўчына ўставiлася ў меню. З нафарбаванымi вуснамi яна не магла гаварыць. У такiм смешным выглядзе Люся i стаяла перад Андрэем.
У сталоўцы абедала яшчэ некалькi рабочых, якiя працавалi разам з Мiронiшыным сынам. Адзiн з iх, убачыўшы Люсю, пырснуў ад смеху. Хлопец падумаў, што ўсё гэта зроблена назнарок i цяпер з яго насмiхаюцца. Ён грозна кашлянуў i, не паднiмаючы вачэй, пачаў заказваць абед. Афiцыянтка стаяла i толькi кiвала галавой.
Вярнуўшыся на кухню, дзяўчына забегла за шырму i расплакалася. Зараз яна плакала так, што яе нiхто не мог суцешыць. А калi Надзя пачала дапытвацца, чаго яна плача, Люся пабегла да шафкi, схапiла сваё адзенне i ўцякла са сталоўкi.
У гэты дзень Люся не вярнулася, i Надзi зноў адной прыйшлося абслугоўваць усiх клiентаў.
Дзяўчаты, якiя ля комiна дапамагалi Андрэю, неяк даведалiся пра "таямнiцу" свайго муляра. I калi ён прыйшоў са сталоўкi змрочны, як лес цёмнай ноччу, пачалi строiць з яго жарты. Але ён, нiбы глухi, палез па жалезных скабах да сябе на комiн, не адказаўшы iм нiводным словам. Дзяўчаты не пакiнулi яго ў спакоi i там. Разуўшы сяброўку, якая моцна спала, у вядры ад вапны падалi яму наверх чаравiкi з запiскай: "Падарунак ад афiцыянткi". Андрэй, праўда, адправiў чаравiкi ўнiз, натаптаўшы ў iх раствору. Аднак гэта яго не развесялiла. Назаўтра муляр абедаў у другой сталоўцы. Вяртаючыся з абеду, Андрэй спаткаў... Люсю. Яна была апранута ў старэнькае палiто i абвязана цёплай хусткай. Дзяўчына iшла са старой жанчынай, захутанай у такую ж, як i Люся, хустку. Ён здагадаўся, што гэта Люсiна мацi. Бо старая iшла з дзяўчынай так, як звычайна хадзiлi па горадзе з дочкамi старыя з яго вёскi: пусцiўшы дачку ўперад, а самi тэпаючы ззаду i шчаслiва заглядаючы сустрэчным людзям у вочы, намагаючыся разгадаць, цi падабаецца людзям iх дзiця.
Убачыўшы муляра, Люся скiравала ў завулак, пакiнуўшы мацi адну. Нiчога не разумеючы, Андрэй спынiўся, пастаяў i пайшоў на працу, чамусьцi ўжо ў лепшым настроi.
V
Без Люсi чагосьцi не хапала ў сталоўцы. Часцей бурчала цёця Глаша. Жанчына, якая мыла пасуду, сварылася з Надзяй. Настрой жанчын перадаваўся нават клiентам, ад чаго i яны былi якiясьцi iншыя.
Аднаго разу, калi ў зале сталы былi пустыя, праз акенца выглянуў кухар. Ён падпёр шчаку кулаком, уздыхнуў i сказаў да буфетчыцы:
– Эх, няма нашай Люськi! "Дзядзя Гры-ыша, – дакладна да смешнага перадаваў ён iнтанацыю голасу дзяўчыны, – я падлiчыла гэтаму клiенту, што ля акна, а ў яго за абед атрымалася адзiн рубель i адна капейка, гы?!." Нiчога такога, здаецца, i не скажа, а табе адразу весялей жыць на свеце... Хе, што мы вартыя без яе?
Але буфетчыца прамаўчала.
У цёцi Глашы быў сёння цяжкi дзень. Яшчэ з самага рання прыходзiла пастарэлая, з сiнякамi пад вачыма Мiра. Яна папрасiлася зноў на працу. Буфетчыцы прыйшлося доўга слухаць плач Мiры, чытаць ёй мараль i патрабаваць абяцання, што надалей Мiра будзе працаваць добра. Ды гэта яшчэ было паўбяды. Галоўнае, сапраўды ўсiм iм не хапала Люсi. Толькi праз некалькi хвiлiн буфетчыца адазвалася на словы кухара.
– От, горкае дзiця! Каб так надаваў, надаваў венiкам!.. Дзе ўжо той Сямён Макаравiч? Хутчэй бы вяртаўся з таго адпачынку ды камандаваў сам! прабурчала яна за прылаўкам.
– А ты не можаш камандаваць? – дапiкаў кухар. – А яшчэ i бралася! Эх, Глашка, Глашка, цi бабская гэта справа?
– А ты пiльнуй сваiх катлоў, а то зноў у малочным супе клiенты знойдуць капусту! – абрынулася на яго жанчына.
Галава кухара знiкла з акенца.
Буфетчыца паклiкала да сябе Надзю, каб параiцца наконт таго, як вярнуць на працу Люсю. Але Надзя наогул яшчэ нiколi не дала дзельнай парады, i таму толькi пацiскала плячыма. Цёця Глаша тады нi за што нi пра што аблаяла афiцыянтку, адпусцiла яе i стала ламаць галаву адна.
Калi ў сталовую нясмела заглянуў муляр i пачаў асцярожна азiрацца, цёця Глаша паклiкала яго, бесцырымонна i сурова сказала:
– Ты што гэта надумаўся нашых дзяўчат крыўдзiць?
– Калi-i?.. – вырвалася ў яго недарэчнае слова. Хлопец аж уцiснуў галаву ў плечы, быццам яго збiралiся бiць.
– Яна ж, бедная, з-за цябе нават не прыходзiць у сталоўку каторы дзень! – яшчэ больш строга казала буфетчыца.
Андрэй нешта вiнавата прамармытаў, хоць усё яшчэ нiчога не разумеў. Цёця Глаша збавiла крыху строгасцi i тонам, якi не дапускаў нiякiх пярэчанняў, дадала:
– Заўтра на абед мы яе вернем. Толькi глядзi ж, прыйдзi! – i буфетчыца невядома завошта пагразiла хлопцу, а пасля спакойнымi рухамi пачала рэзаць хлеб, даючы зразумець, што размова скончана.
Хлопец адкрыў рот, хацеў пра нешта спытацца, потым перадумаў i выбег са сталоўкi.
– То хай бы паабедаў хоць! – пашкадавала Надзя, калi за iм зачынiлiся дзверы.
– Нiчога, не памрэ! А ты каб мне заўтра прывяла яе! – строга загадала буфетчыца.
– Але ж я не ведаю, дзе яна жыве!
– Даведаешся. У аддзеле кадраў скажуць, там напiсана!
VI
У гэты вечар Надзя знайшла кватэру Люсi. Дзяўчына адмаўлялася прыйсцi на працу.
Але назаўтра, перад самым абедзенным часам, яна ўсё ж такi заглянула ў сталовую. Люся ўвайшла нясмела i села на ражок крэсла. Буфетчыца на яе i вокам не павяла. Дзяўчына доўга на адным месцы не выседзела. Праз хвiлiну бегала па зале i здзiўлялася:
– Ой, як за гэты час прыгожа расцвiў наш вазо-он! Ой, якiя талеркi вы купiлi! А чаму сталы гэтак стаяць? Ну, нiчога, заўтра пастаўлю, як былi!..
– Хто цябе яшчэ прыме назад! – пужала дзяўчыну буфетчыца.
Люся цiшэла, але ненадоўга.
Была якраз нядзеля. На муляру, калi ён, нарэшце, зайшоў, быў не камбiнезон, а цёмны касцюм, якi ляжаў на iм не надта ладна i рабiў хлопца непрыкметным сярод людзей. У сталоўку, як i ў мiнулы раз, хлопец увайшоў нерашуча. Надзя хацела паклiкаць Люсю, але буфетчыца сурова шапнула:
– Не лезь, не твая справа!
Люся крадком выглянула з кухнi, апусцiўшы вочы, выйшла да сталоў, быццам i сапраўды ёй была ў гэтым патрэба. Каля Андрэя яна разгубiлася. Хацела ўцякаць, але перамагла сябе i, не падымаючы вачэй, прамовiла:
– Дзень добры!
– Дзень добры! – адказаў муляр.
Потым ён зняў шапку, пакамячыў, пакамячыў яе i зноў надзеў. Надзя, цёця Глаша, Мiра былi цалкам заняты сустрэчай гэтай пары. Нават клiенты, якiя ўваходзiлi, здзiўлена спынялiся, не разумеючы, што тут адбываецца. Толькi хлопец з дзяўчынай не заўважалi гэтага. Яны разгубiлiся, стаялi, не знаходзiлi слоў i не глядзелi адзiн аднаму ў вочы. Хлопец разглядаў свае рукi, дзяўчына – канец сваёй хусткi. I невядома, чым скончылася б гэтая сустрэча, калi б не падмога цёцi Глашы. Яна ўзяла нож, рэзнула бохан хлеба i прабурчала:
– Ну, iдзiце сабе на вулiцу! Сёння нядзеля, там так хораша!
Люся з мулярам пакорна пайшлi.
У сталовай было акно, з якога вiднелася вулiца. Надзя адхiлiла фiранку, прылiпла да шыбы i пачала паведамляць усiм, што там бачыла. "Няўдалай маёршы" Мiры таксама хацелася паглядзець на вулiцу, але яна баялася буфетчыцы. Прытулiўшы да грудзей стос талерак, Мiра засталася стаяць зводдаль, са слязамi на вачах, прагна прыслухоўваючыся да слоў Надзi.
А па вулiцы iшла маладая пара. Дзяўчына церабiла канцы цёплай хусткi. Хлопец крочыў побач i рукой кранаў сцяну, быццам хацеў упэўнiцца, што яна моцная. Толькi па тым, як асцярожна яны ступалi адзiн ля другога, можна было зразумець, што Люсю не цiкавiць хустка, а Андрэя – сцяна...
1954 г.