355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Александр Осипенко » Мiрная вайна (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Мiрная вайна (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:44

Текст книги "Мiрная вайна (на белорусском языке)"


Автор книги: Александр Осипенко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)

Осипенко Александр
Мiрная вайна (на белорусском языке)

Алесь Асiпенка

Мiрная вайна

На ўзгорку, пад стромкiмi выносiстымi соснамi – могiлкi, звычайныя вясковыя могiлкi з драўлянымi чорнымi агарожамi, чорнымi драўлянымi крыжамi i парослымi муравой курганамi, таксама чорнымi ад густых ценяў. Толькi тут, на самым высокiм месцы, з якога вiдаць вёска са светлай школкай пад лiпамi, не пануе самотная чарната. Невысокi белы абелiск з зоркай наверсе ўвесь зiхацiць на сонцы. Пад iм пахавана Вера Мiкалаеўна Смолiч, наша настаўнiца. "Колькi ёй было б цяпер гадоў? – думаю я. – Мабыць, пад семдзесят. Магла б яшчэ жыць... Хай бы паглядзела, што сталася з нашай вёскай, з намi. Вось бы ўзрадавалася..."

Успамiны захоплiваюць мяне, i я ўжо не магу стрымацца, каб не прыгадаць тое, пра што ведае ўся вёска.

I

Вёсачка наша Гнiлавостраў, адрэзаная ад усяго свету балотамi i лясамi, рэдка калi здзiўлялася чуткам, што сяды-тады даходзiлi да яе. Нават пра рэвалюцыю гнiлавостраўцы пачулi праз год i не вельмi каб здзiвiлiся таму, што ў Расеi няма ўжо цара. Старыя пачухалi галовы i парашылi, што цар хiтруе, схаваўся ў Сергiеўскай лаўры, каб людзi папрасiлi яго, як Iвана Жахлiвага, вярнуцца на трон, а ён тады возьме ды i ўвядзе апрычнiну.

Яшчэ адна падзея на кароткi час узрушыла была гнiлавостраўцаў. Неяк гады праз тры пасля рэвалюцыi ў вёсцы паявiўся фокуснiк-фальшываманетчык. Ён глытаў кiнжалы i агонь, выцягваў з рота доўгiя каляровыя стужкi i вельмi спрытна даставаў з чужых кiшэняў грошы, якiх там нiколi не было. Знiк ён нечакана, падарыўшы малодшаму сынку васпаватага Верамея Ерку-Чыжыку маленькую шпiлечку, з якой можна было зматаць сотню аршын стужкi.

Днi беглi за днямi, складалiся ў тыднi, месяцы, гады, а ў Гнiлавостраве нiшто не мянялася. I хоць адны гнiлавостраўцы памiралi, другiя – нараджалiся, раслi, жанiлiся, уклад заставаўся стары, дзядоўскi. А потым надышла пара, калi ўсё перайначылася на гэтым кавалачку сухадолу, што быў адрэзаны ад свету балотамi.

Пачалося з таго, што аднаго дня хлапчукi разнеслi па вёсцы незвычайную навiну, якая ўзрушыла нават абыякавых да ўсяго на свеце дзядоў. Здзiўляла не тое, што ў Гнiлавостраве спынiлася на сталае жыццё чужая жанчына. I раней бывалi выпадкi, калi тут хавалiся незнаёмыя людзi. Але ўсе яны былi падобны на самiх гнiлавостраўцаў i таму не выклiкалi асаблiвай цiкавасцi. Жанчына ж, што паявiлася ў вёсцы, была iнакшая, як бы з другога свету. Па-першае, i гэта асаблiва кiдалася ў вочы, яна была коратка падстрыжаная i хадзiла без хусткi, з голай галавой. Па-другое, ранiцай яна вядзьмарыла на Яўпраксiным гародчыку: махала рукамi, кланялася бярозе, не згiнаючы ног у каленях, а пасля аблiвалася халоднай вадой са студнi. Мужчыны клялiся, што стрыжаная жанчына вядзьмарыць у чым мацi парадзiла. Але мы аднойчы, перамагаючы жудасны страх, падгледзелi, што чужая цётка сяк-так прыкрытая. Па-трэцяе, i гэта было самае страшнае, яна была прыгожая, зграбная, насiла не саматканую вопратку, а крамную: белую кофтачку i кароткую сiнюю спаднiцу, i гэта вельмi абурала гнiлавостраўскiх жанчын.

Дзён тры гнiлавостраўцы толькi i гаварылi, што пра гэтую незвычайную жанчыну. I хоть усе ведалi, што жанчына прыехала вучыць дзяцей, што ў яе недзе ў горадзе ёсць муж i дачка, неспакой i трывога апанавалi людзей. Асаблiва ўстрывожылiся людзi пасля таго, як Еркаў дзед, белабароды i лысы Купрыян, вычытаў у бiблii, што настаў канец свету i на Гнiлавостраў паслана богам блуднiца вавiлонская, каб помсцiць людзям за iх грахi.

Падвечар, калi чырвонае, яркае сонца хавалася за вяршалiны соснаў на Ведзьмiнай выспе i мiльярды камароў таўклi над балотам мак, гнiлавостраўскiя жанчыны рушылi да Яўпраксiнай хаты выганяць блуднiцу вавiлонскую з вёскi. Мы, вясковыя хлапчукi ў даўгаполых кужэльных кашулях, хаваючыся за плятнямi, цiкавалi за сваiмi маткамi.

Жанчыны, усе ў чорным, у нiзка павязаных хустках, з-пад якiх злосна зыркалi вочы, iшлi па вулiцы моўчкi; так ходзяць за труной. Наперадзе iх сунулiся па пяску такiя ж чорныя злавесныя ценi. На Яўпраксiным гуменцы яны спынiлiся. Было вельмi цiха, нават глуха. Потым пранiзлiва зарыпелi дзверы, i на парозе Яўпраксiнай хаты паявiлася жанчына, Вера Мiкалаеўна. Яна была ў той жа белай кофтачцы i ў кароткай, па каленi, сiняй спаднiцы.

Вера Мiкалаеўна пайшла насустрач жанчынам, неяк вельмi лёгка прымiнаючы доўгiмi нагамi густую атаву гуменца. Крок у яе быў рашучы, а вочы жмурылiся, бо сонца сляпiла iх яркiм святлом.

– Вельмi добра, што вы прыйшлi, – сказала Вера Мiкалаеўна.

Голас у яе быў мяккi, напеўны, але не скрыпучы, як ва ўсiх вядзьмарак. Яна iшла проста на жанчын, i тыя пачалi адступаць, збiвацца ў цесны, напужаны гурт. Тады Вера Мiкалаеўна загадала iм:

– Прашу сесцi. Мне трэба з вамi пагаварыць. Ну-ну, сядайце, расы яшчэ няма.

Падуладныя яе голасу, мяккаму, але настойлiваму, жанчыны неахвотна селi. А яна стаяла перад iмi, i сонца асвятляла яе прыгожую постаць. Потым яна падняла руку, паправiла валасы i пачала гаварыць ў меру гучна, але не крыклiва:

– Мяне паслаў да вас пралетарыят Расеi, што скiнуў цара, выгнаў буржуяў i паноў, а iх фабрыкi i землi аддаў рабочым i сялянам. Буржуi ўсяго свету хацелi знiшчыць пралетарскую ўладу. Яны чатыры гады лезлi на нас са зброяй у руках, але iм не ўдалося вярнуць цара i старыя парадкi: пралетарыят перамог. I вось цяпер ён паслаў мяне вучыць вашых дзяцей. Пралетарыят хоча, каб усе дзецi ўмелi чытаць, пiсаць i лiчыць.

Мы ўсё смялей высоўвалiся з-за платоў, i Вера Мiкалаеўна нарэшце ўбачыла нас.

– Хадзiце сюды, дзецi, – паклiкала яна, i мы, яшчэ баючыся i чамусьцi ўпершыню саромеючыся свайго несамавiтага выгляду, нясмела падышлi да яе. Хочаце вучыцца, дзецi?

Яна запыталася адразу ва ўсiх, i таму мы прамаўчалi. Вера Мiкалаеўна адказала за нас:

– Вядома, хочаце. Вось вы, жанчыны, не ўмееце нi чытаць, нi пiсаць. Усяго баiцеся, бо цёмныя людзi. У вас, Васiлiна Захараўна, было адзiнаццаць дзяцей, а засталося трое, – гэта яна сказала да маёй мацi, i я вельмi здзiвiўся, што настаўнiца называе яе па iмю i iмю па бацьку. – А чаму яны памерлi? Бо вы iх не да ўрача, а да шаптухi насiлi.

– Бог даў, бог i ўзяў, – сказала мацi.

Настаўнiца як бы не пачула гэтых слоў.

– Вывучыцца ваш сынок, Васiлiна Захараўна, – гэта яна пра мяне сказала, i я затаiў дыханне, бо мне хацелася быць такiм, як той гарадскi фокуснiк, але Вера Мiкалаеўна дадала, – на доктара. Будзе вас лячыць, каб вы i ў семдзесят бадзёра сябе адчувалi.

Потым Вера Мiкалаеўна звярталася да кожнай жанчыны i абяцала вывучыць яе дачку або сына то на настаўнiцу, то на швачку, то на лётчыка. Нашы маткi хутка заспрачалiся, бо ўсе хацелi, каб iх дзецi мелi самую выгадную прафесiю, i нiхто не жадаў, каб сын лятаў у паднябессi, як анёл, таму што бог абавязкова раззлуецца i скiне на зямлю.

– Дык вось, жанчыны, рыхтуйце дзяцей у школу. Заўтра парты прывязуць, а паслязаўтра пачнём, – сказала яна на развiтанне.

II

У школу нас не пусцiлi. Помню, як мой бацька крычаў на мацi, прыехаўшы з поля:

– ...А вы i раты паразяўлялi. Сягоння дзед Купрыян у скiце пабываў. Старац наказаў, каб нiкога ў школу не пускалi. Усiх дзяцей на мыла варыць будуць, каб камiсаравыя жонкi былi з белымi тварамi. Во яна i стараецца...

Мы ўсё ж пабывалi ля школы. Стаiўшыся за густымi агрэставымi кустамi, глядзелi, як доўга стаяла настаўнiца на ганку, выглядаючы вучняў. Але нiхто не пайшоў, бо баялiся не скiцкага старца, якi жывы ляжаў у труне, а тых, хто хаваўся пры iм у скiце. Не дачакаўшыся вучняў, Вера Мiкалаеўна пайшла ў хату. Праз акно мы бачылi, як яна стала ля дошкi i нешта пачала пiсаць на ёй. Мы здагадалiся, што яна вучыць аднаго Цiмоха, Яўпраксiнага сына, i трохi зайздросцiлi яму, але больш злавалiся на яго – здраднiк.

Людзi заўважылi таксама, што Вера Мiкалаеўна раз у тыдзень некуды адлучаецца з вёскi. Неўзабаве нехта дазнаўся, што настаўнiца ходзiць у воласць на сходы. Гэта зноў здзiвiла ўсiх: "Жанчына ды каб парцейная. Чакай цяпер якога лiха".

Гнiлавостраўцы стаiлiся. Нас, дзяцей, не выпускалi на двор. Школа пуставала, i ўсе чакалi, што настаўнiца доўга не ўседзiць без работы, уцячэ з вёскi. А выйшла не так, як думалi.

Аднаго разу ў вёсцы паявiлiся старшыня валвыканкома Ясючэня, начальнiк часцi асобага назначэння латыш Ланге i барадаты ў пенснэ на ланцужку доктар Радзевiч.

Гнiлавостраўцы сабралiся на Яўпраксiным гуменцы. Стаялi, зняўшы шапкi, чакалi, пра што будзе гаварыць начальства.

Першыя замаразкi пачарнiлi ўжо лiстоту i траву. Затое на сугрэве асаблiва ярка чырванелi гронкi рабiны. Чырвоны колер як бы асвяжаў панылы гнiлавостраўскi пейзаж.

Чакаць давялося не доўга. Хутка з хаты паявiлiся прыезджыя, а з iмi Вера Мiкалаеўна. Камлюкаваты дзябёлы Ясючэня гаварыў мала, але людзi зразумелi, што ўпарцiцца далей нявыгадна, бо можна зарабiць штраф, калi не пусцiш дзяцей у школу. Затое другая аб'ява нарабiла шуму: Ясючэня абвясцiў, што вось тут, проста на гуменцы, усе гнiлавостраўцы павiнны прывiць воспу.

Гэта, як i курэнне, лiчылася ў гнiлавостраўцаў вялiкiм грахом. Але мне здавалася, што людзi больш баяцца не граху, а болю i ўрача. Мабыць, адчула гэта i Вера Мiкалаеўна, бо закасала рукаў блузкi i першая падышла да барадатага ўрача. За ёй зрабiў прывiўку Цiмоша i яго мацi Яўпраксiя.

Навiны адна за другой абрушвалiся на гнiлавостраўцаў. Не паспелi яны ачомацца ад прывiвак, як пранеслася чутка, што настаўнiца пайшла ў скiт. Нiхто не хацеў верыць, што яна вернецца адтуль. Але назаўтра, у панядзелак, Вера Мiкалаеўна, як i заўсёды, была ў школе. Мы пазiралi на яе з бояззю i недаверам: старыя людзi казалi, што ўсе, хто пабывае ў скiце, робяца iнакшыя. Вера Мiкалаеўна, здаецца, не пераiначылася.

А яшчэ дзён праз чатыры ў вёсцы паявiўся сiвы i нейкi зеленаваты ад старасцi скiцкi старац Амвросi. Ён iшоў з доўгай сукатавай палкай, i жанчыны, прыцiскаючы да вачэй хусткi, кланялiся яму i галасiлi на ўсю вулiцу.

Спынiўся дзед Амвросi ля хаты самага багатага ў Гнiлавостраве мужыка Епафрадзiта Таркайлы, пастукаў кiем у сiнiя аканiцы. Спачатку ў акне паявiлася доўгая белая барада Епафрадзiта, потым усе ўбачылi яго напужаныя шэрыя вочы.

Пасля, калi Епафрадзiт паявiўся на ганку – рукi за папругай, а на галаве малахай, – ён быў ужо спакойны, як бог перад сусветным патопам, калi загадваў Ною зрабiць каўчэг. Да самага таго часу Епафрадзiт быў для Гнiлавострава богам, бо ён выконваў абавязкi стараверскага папа.

– Пашто мiрам асквярняеш вочы свае i нагамi топчаш не кушчы райскiя, а грэшную зямлю нашу? – пачаў ён i асекся, бо дзед Амвросi нечакана для ўсiх "асквярнiў" вусны свае лаянкай, якой мы даўно ўжо не чулi.

Нас, дзяцей, прагналi, i толькi пазней мы даведалiся, што Амвросi са сваiм братам Епафрадзiтам у восьмым годзе абрабавалi i спалiлi маёнтак панка Залуцкага. Iх злавiлi, i тады Амвросi ўзяў усю вiну на сябе. Яго саслалi на катаргу, а Епафрадзiта выпусцiлi на волю. Золата памагло яму разбагацець, стаць папом у гнiлавостраўскай царкве, рубленай з нячэсаных дубовых кражоў. Перад самай рэвалюцыяй Амвросi ўцёк з катаргi, i вось тады яго брат багацей пабудаваў яму скiт за Ведзьмiнай выспай на ўскрайку Талынскага возера.

Амвросi не ведаў, што была рэвалюцыя, што цяпер яго не вернуць ужо на катаргу, таму i дажываў свой век, лежачы ў труне. Мабыць, Вера Мiкалаеўна адкрыла яму вочы на праўду, i вось цяпер браты сышлiся ў лютай сварцы.

III

Усю зiму гнiлавостраўцы рубiлi з соснаў будынак школы. Пасля ўрокаў мы беглi на будоўлю, збiралi тоўстыя смалiстыя трэскi. Часам туды прыходзiла Вера Мiкалаеўна. Яна моўчкi назiрала, як доўгабародыя богападобныя браты Мiнiны распiлоўваюць на высокiх козлах калоды. З-пад шырокай, крывазубай пiлы сыпалiся на снег буйныя, як шрот, апiлкi.

– Школа-та хвацкая будзе, на ўсю-та акругу, – крычаў зверху старэйшы Мiнiн, Нупрэй, i весела паблiскваў белымi зубамi. – Шкада, што самi-та павырасталi, а то добра было б пасядзець за кнiгай.

– З новага года ўсе вучыцца будуць, – абяцала Вера Мiкалаеўна.

– Нам-та ўжо трохi позна, – няўпэўнена адказваў малодшы Мiнiн. – Мы-та i так веку дажывём...

Будаўнiцтва школы на доўгiя гады раздзялiла гнiлавостраўцаў. Адны, такiя, як Мiнiны, Смiрновы, Канавалавы, сталi на бок настаўнiцы, другiя Таркайлы, Iпатавы – толькi сцiскалi зубы ад злосцi. У вёсцы iшла непрыкметная воку мiрная вайна. Яе можна было заўважыць хiба па дзецях. Мы ваявалi ўсур'ёз, бо хiтраваць, як дарослыя, не ўмелi. Напрадвеснi, калi мякчэў хрусткi снег, мы зацята бiлiся снежкамi. Здаровыя камлюкаватыя iпатаўцы закатвалi ў снег ледзякi. Ад такiх снежак мы ўцякалi, алё не здавалiся.

Вайна спынiлася нечакана, калi пачалiся работы ў полi. Школа таксама апусцела да самай восенi. Вера Мiкалаеўна паехала. Здавалася, усё вярнулася ў сваю звычную каляiну. Епафрадзiт Таркайла часцей, чым у мiнулыя гады, правiў заутраны, абеднi i навячэрнi, а нас, хлапчукоў i дзяўчынак, што хадзiлi ў школу, прымушаў спяваць трапары i каноны. Мы з нецярпеннем чакалi пачатку вучобы.

IV

Новая школа была адчынена на пакровы. Раней гнiлавостраўцы не пусцiлi дзяцей на вучобу – нельга, пакуль не кончыцца ўборка.

У той год ужо было два класы. Памятаю, Вера Мiкалаеўна, як бы памаладзелая пасля адпачынку, доўга расказвала нам пра дзiўнае мора, i кожны падоўгу слухаў, як яно шумiць у гладкай ружаватай ракавiне. Потым яна гаварыла пра тое, што будзе на месцы Гнiлавострава, калi мы вывучымся i станем дарослыя: палi без межаў, а на асушаным балоце будуць працаваць машыны, што самi ўмеюць араць, сеяць i малацiць. Мы гатовы былi хоць зараз iсцi руйнаваць межы, i толькi Лiстрат Iпатаў усмiхаўся сваёй дурнаватай недаверлiвай ухмылкай. На перапынку мы добра палiчылi яму рэбры, i ён здаўся.

Вера Мiкалаеўна засталася жыць у Яўпраксii, i кожны дзень дзяжурны па школе памагаў ёй адносiць вучнёўскiя сшыткi дамоў. У той пахмурны, слотны дзень дзяжурства выпала на маю долю. Не помню чаму, але мы затрымалiся ў школе. Я быў у баковачцы, ставiў у шафу чарнiлiцы-невылiвайкi, а Вера Мiкалаеўна збiрала ў стосiк сшыткi, калi ў школу прыйшоў Епафрадзiт Таркайла.

На iм быў шырокi парусiнавы балахон з башлыком i балотныя, за калена, боты. Ён стаў ля дзвярэй, абапёршыся мокрым плячом аб вушак.

– Прыйшоў з вамi пагаварыць па-харошаму, – пачаў Епафрадзiт, i яго маленькiя вочы прыкрылiся густымi вейкамi. – Мы з вамi, Вера Мiкалаеўна, людзi разумныя, i таму хочацца пагутарыць без хiтрыкаў, напрасткi, як кажуць.

– Ну што ж, давайце. Можа сядзеце?

– Нам стаяць больш спадручна, – але ён сеў на парту насупраць настаўнiцы. Праз шчылiну мне добра вiдаць былi абое.

– Пра што ж мы будзем гаварыць, Епафрадзiт Мiленьцевiч? – запыталася настаўнiца.

– Хачу вам пра нашых людзей расказаць. Вы тут, Вера Мiкалаеўна, чужая, законаў нашых не ведаеце. Дзяды нашы сюды, у Беларусь, з Клязьмы ад ганенняў на веру нашу стараверскую данiканiянскую ўцяклi. Звычкi нашы свой пачатак ад самога Ўладзiмiра святога Кiеўскага бяруць. Яны, як скала, вякi мiнулi, а не змянiлiся. Нi цар, нi яго мiнiстры i генералы разам з папамi-нiканiянцамi нiчога зрабiць не маглi. Гэта вы помнiць павiнны.

– Я знаю гiсторыю старавераў, але не разумею, навошта вы мне яе расказваеце?

– А вось навошта. Я, канечне, добра разумею, што i кнiгачытанне, зноў жа пiсьменнасць i арыфметыка чалавеку патрэбныя i богаўгодныя. Вось i давайце дамовiмся, што гэтаму будзеце вучыць дзяцей. А супраць веры нашай нiчога не кажыце. I парадкi не чапайце. Мы вам будзем павек жызнi дзякаваць, i жыць вы ў нас будзеце цiха i мiрна. Потым, чуў я, што вы пра камунiю людзям гаворыце... Не трэба... У нас свая камунiя, стараверская, i другой мы не хочам. Вы, значыцца, сваёй мяжы не пераступайце, а мы сваёй. Людзям трэба ў мiры i згодзе жыць.

– А калi я не згодна? – запыталася Вера Мiкалаеўна, i твар яе пабляднеў.

– Ну, тады наракайце на сябе. Край у нас цёмны, глухi. Адзiн бог за людскiя справы i помыслы ў адказе.

– Значыць, вайна?

– Чаму ж, мiрна трэба дамовiцца.

– Мiрная вайна... Ну што ж, я згодна.

– А дазвольце пацiкавiцца, навошта вам рызыкаваць? Што за карысць? Можа вы пагарачылiся, дык я не падганяю. У такiх справах не трэба спяшацца.

– Не, я ўсё абдумала. I я раю вам, грамадзянiн Таркайла, не стаяць упоперак на нашым шляху. А што папярэдзiлi, дзякую...

Епафрадзiт Таркайла ўстаў. Ягоны голас стаў рыпучы i незнаёмы:

– Толькi не ўздумайце скардзiцца: я начыста адракуся ад сваiх слоў, а сведак у нас няма.

Ён пайшоў. Было чуваць, як там за сцяной гулка чаўкаюць ягоныя цяжкiя боты. Я нясмела зазiрнуў у клас. Вера Мiкалаеўна, быццам нiчога не здарылася, складала сшыткi ў брызентавую сумку.

V

У канцы сакавiка, апошнiмi маразамi, у вёску прыехаў дзiўны, доўгi, як жэрдка, чалавек у блiскучай хромавай скуранцы. Быў ён калючы, як ажынавы куст. Нiзка прыгiнаючы галаву на парозе школьных дзвярэй, ён укулiўся ў клас на апошнiм, чацвертым уроку. Мы, як i належыць, гулка загрукалi вечкамi парт – усталi. Даўгалыгi махнуў рукой.

Такога цiкавага, трохi страшнаватага дзядзьку мы бачылi ўпершыню. Ён дыбаў па класе, смешна прысядаючы ў каленях, кудлацiў чорныя пакручастыя валасы i ўвесь час дудзеў, быццам гаварыў у пустую бочку. Нам здавалася, што ад гэтага гучнага голасу пачала глухнуць Вера Мiкалаеўна: яна, абапёршыся падбародкам на далонi, пальцамi закрыла вушы.

З усёй крыклiвай размовы мы зразумелi не багата: наша Вера Мiкалаеўна – гнiлая iнтэлiгентка. Яна мiндальнiчае, баязлiва нечага чакае, а не ўзрывае знутры сялянскую абыякавасць, а гэта пахне правым ухiлам.

Вера Мiкалаеўна ўвесь час апраўдвалася.

– Вы – дзiвак, Маркаў, – казала Вера Мiкалаеўна. – Вялiкiя справы так не робяцца... Вы, Маркаў, забываецеся, што Ленiн вучыў цярплiвасцi... Царкву няхай людзi закрываюць, а не мы з вамi... Ды баюся, Маркаў, iншага, што гэта перашкодзiць галоўнай задачы... Слухайце, Маркаў, камунiзм ад вашай паспешлiвасцi не наблiзiцца хутчэй... I вось што, Маркаў, вы мяне на левы загiб не збiвайце... Я гатова, вядома, выконваць указаннi, толькi баюся, што на гэта не партыя, а вы, павятовыя кiраўнiкi, скiроўваеце...

Нарэшце яна змоўкла. Нас распусцiлi, загадаўшы аб'явiць бацькам, каб прыходзiлi ў школу на сход.

Вёска трывожна гула, бо людзi пачулi, што прыезджы збiраецца закрываць стараверскую царкву. Яшчэ нядаўна, калi стварыўся калгас, у вёсцы было шумна. Спрэчкi паступова ацiхлi. I вось цяпер яны ўзгарэлiся зноў.

У Гнiлавостраве рабiлася нешта недарэчнае. У стараверскай царкве з васьмiканечным крыжам на вiльчыку малiлiся жанчыны i старыя дзяды. Гарэлi свяцiльнiкi i васковыя свечкi. Цяжкi лампадны дух быў чуцён за вярсту. Епафрадзiт Таркайла чытаў дванаццаць апосталаў – жахi пра пакуты Хрыста, i хворыя жанчыны падалi ў непрытомнасцi на земляную падлогу. Быў чысты чацвер.

Позна ўвечары, калi мацi вымятала памялом печку, а бацька рыхтаваў снасцi для рыбалкi, у нас паявiўся Яўпраксiн Цiмох.

– Куды ты? – здзiвiлася мацi, калi на Цiмохаў клiч я сабраўся ўцячы з хаты.

Давялося схлусiць. Мы выскачылi на вулiцу. Яркiя, на мароз, зоркi мiгцелi ў небе, як свечкi ў царкве. З поўначы, з-за Талыняў, дзьмуў марозны сiвер, апякаў твар. Недзе на тым канцы вёскi вылi сабакi, як галодныя ваўкi.

– Слухай, царкву патрашыць будуць...

– Хто? – напалохаўся я.

– Маркаў i настаўнiца. Яна не хацела, але ён прымусiў яе. А Епафрадзiт, помнiш, казаў, што царква – святое месца, калi хто дакранецца, дык яго адразу заб'е... Давай паглядзiм.

Мы баялiся падыходзiць блiзка. Прытулiлiся пад плотам, але i адсюль былi добра вiдаць невыразныя постацi. Яны нешта выносiлi з царквы i зноў знiкалi ў ёй. Iх было больш як двое. Цiмох сказаў, што Маркаву памагаюць пiльшчыкi Мiнiны, якiя i раней не вельмi паважалi бога i нават пацiху курылi. Бог не адважыўся пакараць бязбожнiкаў, можа ён спаў у той час. Назаўтра ўся вёска была ўзрушана тым, што з царквы знiклi старыя абразы i бронзавыя падсвечнiкi. Знiк некуды i даўгалыгi Маркаў, пакiнуўшы Веру Мiкалаеўну сам-насам з разгневанымi жанчынамi-багамолкамi.

Нават на цяперашнi розум цяжка зразумець, чаму такi сур'ёзны, сталы чалавек, як Вера Мiкалаеўна, пайшла ўночы "патрашыць" царкву. Чалавек, падуладны свайму часу, бывае, робiць зусiм не тое, што хацеў бы рабiць, што трэба было рабiць. Чаму яна паддалася тады на ўгаворы Маркава? Яна хацела дабра, а наклiкала бяду, i хтосьцi, можа той самы Епафрадзiт Таркайла, выкарыстаў яе адзiную памылку. Мiрная вайна аказалася зусiм не мiрнай. Помню той адлiжны вясновы дзень. Звонкiя капяжы са стрэх будзiлi вясну, i раннiя жаўрукi ўжо весела i радасна вызвоньвалi гiмны сонцу. Мы iшлi па расквашанай, чорнай ад смецця дарозе ўслед за санямi, на якiх стаяла белая труна. Было вельмi цiха, як перад навальнiцай, бо невядомае прымушала задумвацца. Сярод людзей крочыў за труной i стараверскi поп Епафрадзiт Таркайла. Мне здавалася, што па яго твары блукае пераможная ўсмешка. Я чамусьцi верыў i веру, што наша настаўнiца загiнула праз яго, хоць i да сённяшняга дня нiхто не ведае, чыiх рук была тая крывавая справа.

А пасля вось што адбылося ў нашай вёсцы. Царкву зачынiлi, i не ўночы, а ўдзень. I хоць багамолкi лямантавалi, iх нiхто не хацеў слухаць. Казалi яшчэ, што Маркаў аказаўся ворагам народа, i яго след назаўсёды згубiўся.

У той пагодлiвы вясновы дзень мёрзлыя камякi, што гулка бухалi аб труну, як бы адкрылi людзям вочы: мiрных войнаў не бывае. Яшчэ трыццаць чатыры сям'i парашылi тады жыць па-новаму, разам. Так хацела Вера Мiкалаеўна.

1963 г.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю