Текст книги "Адступнiк, або Затлумлёны дух (на белорусском языке)"
Автор книги: Альбер Камю
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 2 страниц)
Хр-р, спёка крыху адпусаке, каменне больш не дрыжыць, я магу цяпер выйсцi з нары i зiрнуць на пустэльню, на тое, як, адна за адной, яе пакрываюць жоўтая, вохравая, а потым, хутка ўжо, шызая фарбы. Гэтай ноччу я пачакаў, пакуль яны ўсе заснуць, яшчэ загадзя я ўшчамiў у дзвярах замочную засаўку i потым выйшаў, сваёю звычайнай хадой, вымеранай вяроўкай, я ведаў усе вулiцы, знаў, дзе тая старая стрэльба, якую мне трэба ўзяць, i дзе такi выхад, якi не вартуюць, i вось я прыйшоў сюды, я прыйшоў сюды ў той час, калi ноч выцвiтае над жменькаю зорак, а колер пустэльнi трошкi гусцее. I цяпер мне здаецца, што я доўгiя днi сяджу тут, зашыўшыся ў скалы. Хутчэй, хутчэй, о, хутчэй бы ўжо ён прыйшоў! Праз хвiлiну яны спахопяцца i кiнуцца мяне шукаць, яны паляцяць па сцяжынах ва ўсе бакi, iм невядома, што я пайшоў дзеля iх, каб лепей iм слугаваць, о, гэтая млявасць у нагах, я п'янею ад голаду i нянавiсцi. О-о-о! Вунь! Там, хр-р, хр-р, у самым канцы сцяжыны, два вярблюды, растуць, бягуць iнаходдзю, падвоеныя кароткiмi ценямi, нясуцца сваёю звычайнай, шпаркаю i летуценнай хадой. Нарэшце, вось яны, вось!
Стрэльбу, хутчэй, зараджай. О фетыш, мой божа, ты тут, няхай жа ўмацуецца твая магутнасць, няхай расплодзiцца крыўда i над светам праклятых запануе нарэшце бязлiтасная нянавiсць, няхай назаўжды ўладаром i настаўнiкам стане злыдзень i кат, няхай жа нарэшце ўсталюецца царства, дзе ў адзiным салёна-жалезным горадзе чорныя тыраны будуць акрутна ўладарыць i панаваць! А цяпер, хр-р, хр-р, агонь па лагоднасцi, агонь па бяссiльнасцi i яе дабрадзейству, агонь па тых, хто замiнае прыходу лiха, агонь, агонь, i вось, яны куляюцца, падаюць, а вярблюды бягуць да небакраю, узганяючы чорныя гейзеры птахаў у непарушнае неба. Я смяюся, смяюся, а той, вось ён – курчыцца ў сваёй пагарджанай сутане, ён крыху падняў галаву, ён глядзiць на мяне, на мяне, яго ўсемагутнага ўладара з перавязанымi нагамi, чаму ён яшчэ ўсмiхаецца, я раструшчваю гэтую ўсмешку! О, як прыемна гучыць удар прыкладам у твар дабрынi, сёння, сёння нарэшце ўсё даведзена да завяршэння, i ў пустэльнi, паўсюль, на гадзiны вакол, шакалы прынюхваюцца да нячутнага ветру, i бягуць цярплiвым трушком, да банкету над падлай, якi iх чакае. Перамога! Я працягваю рукi да неба, якое мякчэе, па дальнiм краi разлiваецца ледзь прыкметны фiялетавы цень, о ночы Эўропы, радзiма, дзяцiнства, навошта ж я плачу ў такi трыумфальны час?
Ён варухнуўся, не-не, гэты гук прыйшоў не адсюль, ён ляцiць зусiм з iншага боку, вунь – то яны набягаюць, ляцяць, нiбы змрочныя птахi, мае ўладары, яны мкнуць да мяне, i хапаюць, ах, ох, правiльна, бiце, яны баяцца свайго згвалтаванага, расшкуматанага горада, баяцца мсцiўцаў-салдат, якiх я наклiкаў на святую святых, вось што трэба было! Баранiцеся ж, бiце, бiце, спачатку мяне, бо праўда – за вамi! О мае ўладары, яны перамогуць салдат, перамогуць любоў i слова, i знiкнуць у пустэльнях, а потым пяройдуць моры, захiнуць сваiм чорным крыллем святло над Эўропай, – бiце ў вочы, правiльна, бiце ў жывот, пасеюць соль над усiм кантынетам, i ўсё, што расце, пачэзне, уся маладосць пагасне, i нямыя натоўпы з вяроўкамi на нагах пацягнуцца побач са мной па сусветнай пустэльнi пад бязлiтасным сонцам правiльнай веры, i я буду ўжо не адзiн. Ах, якi боль, як балюча яны мяне б'юць, iх раз'юшанасць вельмi прыемная, вось i воiнскае сядло, на якiм мяне распiнаюць, лiтасцi, я смяюся, як прыемна адчуць гэты ўдар, што мяне прыцiнае да крыжа, як цвiк.
..............................
О, як цiха, пустэльня маўчыць. Ужо ноч, я адзiн, памiраю ад смагi. Зноў чакаць, але што там за гукi, здалёк, можа быць, пераможцы-салдаты, не, не трэба, i нават калi перамогуць салдаты, яны не настолькi бязлiтасныя, i не здолеюць панаваць, i зноў скажуць, што трэба стаць лепшым, i зноў мiльёны людзей па-ранейшаму будуць вагацца, раздзiрацца мiж злом i дабром, о мой фетыш, нашто ты пакiнуў мяне? Усё кончана, хочацца пiць, цела згарае ад смагi, i сама цёмная ноч пакрывае мне вочы.
Гэты доўгi, бясконцы сон, прачынаюся, не, я ўжо хутка мушу памерцi, пачынае займацца на дзень, гэты першы прамень, гэты золак – дзеля iншых, для тых, каму жыць, для мяне ж – няўмольнае сонца i мухi. Хто тут гаворыць, нiкога, неба не расчыняецца, не, i бог не гаворыць у пустэльнi, адкуль жа гучыць гэты голас, што кажа: "Калi ты згодзiшся памерцi за моц i нянавiсць, хто зможа прабачыць нам?" А можа, гэта гаворыць другi мой язык, ува мне, або той, што нiяк не хоча памерцi, каля маiх ног, i ўвесь час паўтарае: "Мацуйся, мацуйся, мацуйся"? О! Раптам я зноў памылiўся! Былыя браты мае, людзi, адзiны ратунак, якая самота, не пакiдайце мяне! Вось, вось я, тут, ты хто, увесь разадраны, з акрываўленым ротам, гэта ты, мой шамане, салдаты ўзялi верх над табой, i агонь пажырае ўжо соль, гэта ты, уладар мой, мой мiлы. Скiнь жа гэта аблiчча нянавiсцi, будзь жа добры нарэшце, мы з табой памылiлiся, i мы ўсё пачнём зноў, мы зноў адбудуем горад спагады i лiтасцi, я хачу вярнуцца дамоў. Ага, дапамажы мне, вось так, працягнi сваю руку, дай..."
Жменя солi забiла рот балбатлiваму рабу.