Текст книги "Чужанiца (на белорусском языке)"
Автор книги: Альбер Камю
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)
II
Ёсць рэчы, пра якiя мне нiколi не падабалася гаварыць. I калi я апынуўся ў турме, мне ўжо праз некалькi дзён стала ясна, што пра гэтую частку жыцця гаварыць мне будзе непрыемна.
Пазней, праўда, я ўжо не бачыў падстаў для агiды. Але першыя днi я па-сапраўднаму яшчэ не ўяўляў, што я – у турме: я падсвядома чакаў, што вось нешта адбудзецца i ўсё пойдзе iнакш. Сапраўднае турэмнае жыццё пачалося толькi пасля першага i адзiнага наведвання Мары. З таго дня, калi я атрымаў яе лiст (а яна пiсала, што прыходзiць ёй больш не дазваляюць, бо яна мне не жонка), з таго самага дня я адчуў, што камера i ёсць мой дом i ўсё маё жыццё канчаецца тут. Спачатку, адразу пасля арышту, мяне пасадзiлi ў памяшканне, дзе ўжо было некалькi вязняў, больш – арабаў. Яны сустрэлi мяне рогатам. I пасля папыталiся, што я зрабiў. Я адказаў, што забiў араба, тады яны сцiхлi. Але хутка настаў вечар, i яны растлумачылi, як лепей складаць цыноўку, на якой тут даводзiлася спаць. Адзiн край трэба было скруцiць, i тады атрымлiвалася нешта накшталт падушкi. Усю ноч па маiм твары поўзалi клапы. Але праз некалькi дзён мяне перавялi ў адзiночку, i тут я спаў на драўняным ложку. У мяне была параша i бляшаная мiса. Турма ўзвышалася над горадам, i праз маленькае акенца ў камеры можна было ўбачыць мора. Аднойчы, калi я, ухапiўшыся за краты, лавiў тварам сонечныя прамянi, увайшоў наглядчык. Ён сказаў, што да мяне прыйшлi. Я падумаў, што гэта, вiдаць, Мары. I гэта сапраўды была яна.
У пакой для спатканняў мяне вялi па доўгiм калiдоры, пасля па лесвiцы i, нарэшце, зноў па калiдоры. Я ўвайшоў у вельмi шырокую залу з вялiзным акном на ўсю сцяну. Дзве перагародкi ў краты рассякалi пакой на тры часткi. Пустая прастора, шырынёй метраў восем цi дзесяць, аддзяляла наведнiкаў ад арыштантаў. Насупраць узнiкла Мары, я заўважыў яе загарэлы твар i паласатую сукенку. Побач са мной у пакоi стаялi яшчэ некалькi вязняў, чалавек дзесяць, большасць былi арабы. З абодвух бакоў ад Мары таксама былi арабкi: з аднаго – сцiснуўшы вусны, стаяла маленькая бабулька ва ўсiм чорным, з другога – тоўстая кабета з распушчанымi валасамi, яна ўвесь час нешта моцна крычала i размахвала рукамi. З-за вялiкай адлегласцi памiж адгародкамi ўсiм, хто быў у зале, даводзiлася размаўляць вельмi гучна. Рэзкае святло, якое наскрозь працiнала шыбы, i гуд галасоў адбiвалiся ад голых сцен i мацнелi яшчэ больш. Калi я зайшоў, у мяне нават закруцiлася ў галаве. У камеры было намнога цямней i спакайней. I каб асвойтацца, мне спатрэбiўся пэўны час. Нарэшце я выразна ўбачыў кожны твар, ярка асветлены сонцам. У канцы калiдора памiж адгародкамi на крэсле сядзеў наглядчык. Большасць арабаў i iх крэўныя масцiлiся на кукiшках адзiн насупраць аднаго. Гэтыя не крычалi. Нягледзячы на страшэнны гармiдар, iм неяк удавалася разумецца, размаўляючы амаль шэптам. Iх цiхае мармытанне, над самай падлогай, утварала нешта накшталт глухога басавiтага фону для хору тых гучных поклiчаў, што гучалi над iх галавой. Усё гэта я заўважыў неяк адразу, пакуль iшоў да Мары. Яна ўжо прыпала да кратаў i з усяе сiлы намагалася ўсмiхнуцца. Яна мне здалася вельмi прыгожай, але я не здолеў сказаць ёй гэтага.
– Ну што? – голасна крыкнула яна.
– Як бачыш, вось так.
– Табе нiчога не трэба, у цябе ўсё добра?
– Так, усё.
Мы змоўклi. Мары ўсё ўсмiхалася. Тоўстая кабета нешта крычала майму суседу, высокаму бяляваму здаравяку са шчырымi вачыма. Вiдаць, гэта быў яе муж. Сваю гаворку яны пачалi яшчэ да майго прыходу.
– Жана не захацела яго ўзяць, – на ўсё горла крычала кабета.
– Ну, ну, – адказваў муж.
– Я сказала, што ты, як вернешся, забярэш, але яна ўзяць не захацела.
Мары крыкнула з-за кратаў, што Раймон перадае прывiтанне, i я адказаў: "Дзякуй". Але мяне перабiў сусед, якi пытаўся, "як у яго са здароўем". Яго жонка засмяялася i адказала, што "лепей ён сябе нiколi не адчуваў". Сусед справа, невысокi юнак з тонкiмi рукамi, маўчаў. Насупраць яго я заўважыў маленькую бабулю. Яны пiльна ўзiралiся адно ў аднаго. Але паназiраць за iмi яшчэ мне не ўдалося, бо Мары крыкнула:
– Трэба не трацiць надзеi.
I я адказаў:
– Ага.
Я глядзеў на яе, i мне хацелася сцiснуць яе плячо пад тонкай сукенкай. Мне хацелася адчуць пад сваёю рукой гэту мяккую i лёгкую тканiну, i я не ведаў, цi можна спадзявацца на нешта яшчэ. Але Мары, вядома, таксама хацела сказаць тое самае, яна ўвесь час усмiхалася. I я ўжо не бачыў нiчога, апроч бляску яе беласнежных зубоў i вясёлых зморшчынак ля вачэй. Мары зноў крыкнула:
– Ты выйдзеш, i мы пажэнiмся!
– Ты так думаеш? – адказаў я, але сказаў так больш дзеля таго, каб увогуле нешта сказаць.
I тады, вельмi хутка i па-ранейшаму голасна, яна залапатала – але, але, мяне апраўдаюць, i мы зноў будзем плаваць у моры. Але кабета побач з ёю раўла безупынку. Яна казала, што пакiнула ў канцылярыi кошык з перадачай, i пералiчвала ўсё, што там ляжыць. Трэба абавязкова праверыць – гэта каштуе немалых грошай. Другi сусед i яго мацi па-ранейшаму маўчалi i ўзiралiся адно ў аднаго. На кукiшках гэтак жа перашэптвалiся арабы. Святло на дварэ нiбы напiналася i цiснула ў шыбы.
Я адчуваў нейкую кволасць, немач i быў бы рады пайсцi. Ад шуму мне рабiлася млосна. Але з другога боку, хацелася пабыць яшчэ, паглядзець на Мары. Не ведаю, колькi мiнула часу. Мары расказвала пра сваю працу i ўсмiхалася бесперастанку. Шэпт, крык, гамонка гучалi з усiх бакоў. Адзiны астравок цiшынi заставаўся там, дзе, побач са мной, шчуплы юнак i яго мацi моўчкi глядзелi адно на аднаго. Патроху арабаў пачалi выводзiць. Калi вывелi першага, амаль усе адразу ацiхлi. Маленькая бабуля прыгарнулася да кратаў, i ў тую ж хвiлiну наглядчык зрабiў знак яе сыну. Той сказаў:
– Да пабачэння, мама.
Яна прасунула памiж кратаў руку i павольна, мякка махнула яму наўздагон.
Бабуля пайшла, i на яе месцы адразу ўзнiк мужчына з капелюшом у руцэ. Прывялi новага вязня, i яны ажыўлена загаманiлi, але не крычалi, бо ў пакоi было ўжо цiха. Прыйшлi па майго суседа справа. Яго жонка, нiбы не заўважаючы, што ўжо няма патрэбы крычаць, гучна сказала яму:
– Беражы сябе i будзь уважлiвы!
Потым настала мая чарга. Мары рукою паслала мне пацалунак. Ад дзвярэй я яшчэ раз зiрнуў на яе. Яна стаяла нерухома, прыцiснуўшыся тварам да кратаў, i па-ранейшаму неяк напята, сутаргава ўсмiхалася.
Неўзабаве пасля гэтага яна мне напiсала. Тады i пачалося тое сапраўднае турэмнае жыццё, пра якое я нiколi не любiў гаварыць. Праўда, тут не трэба перабольшваць – жыць у турме мне ўдавалася лягчэй, чым iншым. Цяжка было хiба што першы час, бо трапiўшы ў турму, я захоўваў яшчэ думкi вольнага чалавека. Хацелася, напрыклад, на пляж, прагуляцца да мора. Я ўяўляў, як першыя хвалi пляскочуць каля маiх ног, як вада прымае маё цела, i мне адразу робiцца лёгка i вольна. I раптам зноў бачыў турэмныя муры, i мне здавалася, што яны яшчэ шчыльней абступаюць мяне. Але праз некалькi месяцаў гэта прайшло. I пасля ў мяне былi толькi арыштанцкiя думкi. Я чакаў, калi мяне павядуць на прагулку на двор або калi прыйдзе мой адвакат. Я няблага навучыўся прабаўляць i рэшту вольнага часу. Я часта думаў тады, што калi б мяне змусiлi жыць у камлi старадрэвiны i адзiным заняткам маiм было назiраць за барвамi неба над галавой, дык i тады б я патроху прызвычаiўся да гэтага. Я чакаў бы, калi прыляцяць птушкi або з'явяцца хмары, як чакаю цяпер дзiўных гальштукаў майго адваката, а раней, на волi, чакаў суботы, калi можна было абняць цела Мары. Аднак, калi добра разважыць, – я не ў камлi старадрэвiны. Былi i болей няшчасныя за мяне. Зрэшты, гэта не мае – гэта мамiны думкi. Гэта яна часта гаварыла, што ўрэшце чалавек да ўсяго прызвычайваецца. А я ў сваiх думках рэдка заходзiў гэтак далёка.
Першыя месяцы было цяжка. Але намаганне, якое трэба было рабiць над сабой, якраз i дапамагала таму, каб час бег хутчэй. Напрыклад, мне пакутлiва хацелася жанчыны. Гэта натуральна, бо я быў малады. Я нiколi не думаў менавiта пра Мары. Я проста думаў пра жанчыну, наогул – пра жанчын, перабiраў у памяцi ўсiх, каго ведаў, усе тыя абставiны, у якiх кахаўся з iмi, i тады камера напаўнялася тварамi, i ў ёй рабiлася цесна ад маiх жаданняў. З аднаго боку, гэта парушала маю душэўную раўнавагу. Але з другога – дапамагала прабавiць час. Патроху мне ўдалося заваяваць спагаду старэйшага наглядчыка, якi разам з раздатчыкам з кухнi хадзiў па камерах, калi разносiлi ежу. Ён i пачаў са мною гаворку пра жанчын. Ён сказаў, што гэта сама першае, на што ўсе пачынаюць скардзiцца. Я адказаў, што я тут не выключэнне, але, па-мойму, такое становiшча – несправядлiвае.
– Але ж дзеля гэтага вас i садзяць у турму, – сказаў ён.
– Як гэта дзеля гэтага?
– Ну але ж! Бо вас пазбаўляюць свабоды, а свабода якраз у гэтым i ёсць.
Я нiколi не думаў пра гэта. I словы наглядчыка здалiся мне слушнымi.
– Ваша праўда, – сказаў я. – Iначай што б гэта было за пакаранне?
– Вядома! Вось вы разумееце. А iншыя – не. Праўда, яны ўрэшце самi сабе робяць палёгку.
Пасля гэтага наглядчык пайшоў.
Была яшчэ праблема – цыгарэты. Калi я трапiў у турму, у мяне забралi пас, матузкi з чаравiкаў, гальштук i ўсё, што ляжала ў кiшэнях, у прыватнасцi цыгарэты. Апынуўшыся ў адзiночцы, я папрасiў, каб мне iх аддалi. Але мне сказалi, што гэта забаронена. Першыя днi было вельмi цяжка. Тое, што не было тытуню, прыгнятала мяне, мусiць, больш за ўсё. Я смактаў трэскi ад дашчанага ложка. Увесь дзень мяне нудзiла. Я не разумеў, чаму мяне пазбаўляюць таго, што нiкому не прыносiць нiякай шкоды. Але пазней я ўцямiў, што гэта таксама ўваходзiць у пакаранне. Праўда, палiць на той час я ўжо адвык, i пакараннем мне гэта больш не было.
Калi ж не лiчыць гэтых невыгод, я быў не такi ўжо няшчасны. Уся праблема зноў жа ўпiралася ў тое, якiм чынам прабавiць час. I калi я навучыўся ўспамiнаць сваё мiнулае, мне нарэшце ўдалося пазбавiцца ад нуды. Часцей за ўсё я думаў пра свой пакой, я ўяўляў, што стаю ў адным куце, i пачынаў рухацца ўздоўж сцен. Я перабiраў у думках усё, што мне траплялася, пакуль не вяртаўся ў той самы кут. Спачатку ў мяне гэта выходзiла неяк хутка. Але кожны раз, як я пачынаў зноў, займала ўсё болей часу. Я перабiраў усю мэблю, дзе што стаiць, дзе што ляжыць – кожную рэч, кожную дробязь, дзе якая iнкрустацыя, дзе расколiнка, дзе край вышчарблены, што якога колеру, якое навобмацак. У той жа час я стараўся не зблытаць чарговасцi i нi пра што не забыцца. Праз некалькi тыдняў я ўжо цэлымi гадзiнамi мог займацца толькi тым, што пералiчваў рэчы ў сваiм пакоi. Чым больш я думаў i прыгадваў, тым больш у маёй памяцi ўзнiкала новых дробязяў, на якiя раней я зусiм не зважаў. I я зразумеў тады, што нават той, хто пражыў усяго адзiн дзень, мог бы сто год спакойна правесцi ў турме. Яму б хапiла ўспамiнаў, каб не знудзiцца. У пэўным сэнсе, успамiны – вялiкая выгода.
Ну, i пасля яшчэ – сон. Спачатку ўначы я спаў дрэнна, а ўдзень – наогул не мог заснуць. Але патроху з ноччу справа наладзiлася, дый удзень спаць я таксама навучыўся. Апошнiя месяцы я спаў шаснаццаць – васемнаццаць гадзiн на суткi. Заставалася прабавiць толькi шэсць гадзiн, на што iшлi ежа, натуральныя патрэбы, успамiны i гiсторыя пра чэха.
Справа ў тым, што аднойчы я знайшоў на ложку прылiплы знiзу да сеннiка жоўты i амаль празрысты кавалак газеты. Гэта быў урывак з крымiнальнай кронiкi, пачатку не ставала, але дзея, вiдаць, адбывалася ў Чэхаславакii. Нейкi чалавек пакiнуў родную вёску, каб пашукаць шчасця ў iншых краях. Праз дваццаць пяць гадоў, ужо багаты, з жонкаю i дзiцём ён вярнуўся дадому. У роднай вёсцы яго сястра i мацi трымалi невялiчкi заезны двор. Каб здзiвiць крэўных, ён пакiнуў жонку з дзiцём у iншым месцы, а сам пайшоў да мацi – i тая яго не пазнала. Тады, дзеля жарту, яму захацелася зняць пакой. Ён пахвалiўся сваiмi грашыма. А ўначы мацi з сястрой забiлi яго малатком, абрабавалi i выкiнулi труп у раку. Ранiцай прыйшла яго жонка i, нiчога не ведаючы, паведамiла, хто быў гэты падарожнiк. Мацi павесiлася. Сястра кiнулася ў студню. Я перачытваў гэту гiсторыю, мусiць, тысячу разоў. З аднаго боку, яна была неверагодная. Але з другога – абсалютна натуральная. Ва ўсякiм выпадку, я думаю, што гэты чалавек атрымаў у пэўнай ступенi тое, чаго заслужыў – нiколi не трэба прыкiдвацца.
Вось так я гадзiнамi спаў, успамiнаў, чытаў урывак сваёй кронiкi, святло пераходзiла ў цень, i час iшоў. Я, вядома, чытаў некалi, што ў турме паняцце часу знiкае. Але тады я не бачыў у гэтым вялiкага сэнсу. Я не разумеў, якiм гэта чынам дзень можа быць адначасна кароткi i доўгi. Зразумела, ён быў доўгi – бо доўга было яго перажыць, але нарэшце ўсе яны расцягвалiся настолькi, што пачыналi наплываць адзiн на адзiн, зблытвалiся i гублялi сваё iмя i твой твар. Толькi словы "ўчора" i "заўтра" не страцiлi яшчэ свайго сэнсу.
Аднойчы наглядчык сказаў, што я сяджу тут ужо пяць месяцаў, i я паверыў, але ўцямiць не змог. Для мяне ўсё гэта быў адзiн дзень, ён хваляю набягаў у маю камеру i адыходзiў, нiбыта прыбой, i мэта ўвесь час у мяне была адна. Калi наглядчык пайшоў, я ўзяў бляшаную мiсу i зiрнуў на свой твар. Мне падалося, што ён застаецца сур'ёзны нават тады, калi я стараюся яму ўсмiхнуцца. Я пачаў круцiць мiсу ў розныя бакi, я трос яе. Я ўсмiхаўся, але адбiтак глядзеў на мяне па-ранейшаму змрочна i сумна. Дзень канчаўся, i гэта быў той час, пра якi я не хачу гаварыць, час без iмя, калi астатнiя вячэрнiя гукi ўздымаюцца з усiх паверхаў турмы, каб хутка ацiхнуць, пакiнуўшы ўладу цiшынi. Я падышоў да акенца i ў апошнiх водблiсках шэрага святла зноў зiрнуў на адбiтак. Ён быў гэткi ж сур'ёзны, i што тут дзiвiцца, калi цяпер i я быў такi? Але раптам, першы раз за доўгiя месяцы, я выразна пачуў свой голас. Ну але, гэта ён гучаў у маiх вушах усе гэтыя днi, i я зразумеў, што ўвесь гэты час я гутарыў сам з сабою. Тады я прыгадаў, што сказала сядзелка на мамiным пахаваннi. Праўда, выйсця не было, i нiхто не здольны ўявiць, што такое вечар у турме.
III
Можна сказаць, што, увогуле, адно лета вельмi хутка змянiлася новым. Я ведаў, што з прыходам спёкi ў маiм жыццi нешта пераменiцца. Мая справа была вынесена на апошнюю сесiю суда, якая мелася скончыцца ў чэрвенi. Калi працэс адкрыўся, на двары ўсё зiхцела ад сонца. Адвакат запэўнiў мяне, што ўсё зойме не больш як два цi тры днi.
– Суд не будзе марудзiць з вашаю справай, – сказаў ён, – яна не сама важная ў сесii. Адразу пасля вас будзе хлопец, якi забiў свайго бацьку.
А палове восьмай ранiцы па мяне прыйшлi, пасадзiлi ў турэмную машыну i завезлi ў Палац правасуддзя. Два жандары правялi мяне ў невялiчкi пакой, дзе пахла вiльготнай цемрай. Мы селi i пачалi чакаць, з-за дзвярэй даносiлiся галасы, крыкi, соўганне крэслаў, нейкая валтузня, i мне адразу падумалася пра вясковае свята, калi ў зале пасля канцэрта ўсё прыбiраюць, каб наладзiць скокi. Жандары сказалi, што трэба чакаць, калi пачнецца паседжанне, i адзiн прапанаваў мне цыгарэту, але я адмовiўся. Крыху пасля той спытаў:
– Дрэйфiш?
Я адказаў – не. Мне, у пэўным сэнсе, нават цiкава зiрнуць на працэс. Такой магчымасцi ў мяне яшчэ не было.
– Праўда, – азваўся другi жандар, – але з часам гэта пачынае абрыдаць.
Праз некаторы час у пакоi пачуўся кароткi званок. З мяне знялi кайданкi. Дзверы адчынiлiся, i мяне правялi за перагародку для падсудных. Зала была набiта бiтком. Скрозь захiнутыя шторы сям-там прабiвалася сонца, паветра было задушлiвае. Шыбаў не адчынялi. Я сеў, з абодвух бакоў мяне абступiлi жандары. У гэту хвiлiну я заўважыў насупраць шэраг твараў. Усе яны глядзелi на мяне, i я зразумеў, што гэта прысяжныя. Па-мойму, яны нiчым не адрознiвалiся адзiн ад аднаго. У мяне тады ўзнiкла ўражанне, быццам я зайшоў у трамвай, i тыя, хто ў iм ужо ехаў, утаропiлiся на новага пасажыра, нiбы хацелi знайсцi ў iм нешта пацешнае. Я разумею, што гэта бязглуздая думка, – яны тут шукалi не пацешнага, яны прыйшлi дзеля злачынства. Але ўсё роўна – невялiкая рознiца; прынамсi, мне так падумалася тады.
Мяне прыгнятала гэтае скопiшча людзей у зачыненай з усiх бакоў задушлiвай зале. Я паўзiраўся вакол, але не здолеў разгледзець нiводнага твару. Спачатку, вiдаць, да мяне яшчэ не даходзiла, што ўвесь гэты люд прыйшоў, каб убачыць мяне. Звычайна нiхто не цiкавiўся маёю асобай. I мне давялося зрабiць намаганне, раней чым я ўсвядомiў, што ўся гэтая ажытацыя – праз мяне. Тады я сказаў жандару:
– Ну i народу!
Ён адказаў, што ўсё гэта з-за газет, i паказаў на гурт людзей, якiя тоўпiлiся вакол стала побач з лавай прысяжных.
– Вунь яны.
Я запытаўся:
– Хто?
Тады ён паўтарыў:
– Газетчыкi.
Ён ведаў аднаго журналiста, i той якраз заўважыў яго i накiраваўся да нас. Гэта быў пажылы сiмпатычны чалавек з крыху маршчынiстым тварам. Ён горача павiтаўся з жандарам за руку. I тады я заўважыў, што ўсе вакол таксама пацiскаюць адзiн аднаму рукi, аклiкаюць знаёмых, гутараць, – нiбы ў нейкiм клубе, дзе ўсе ведаюць адзiн аднаго i рады сустрэчы з людзьмi свайго кола. Тады я зразумеў, адкуль у мяне такое дзiўнае пачуццё, нiбы я тут лiшнi, як чужанiца. Але журналiст усмiхнуўся, павярнуўся да мяне i сказаў:
– Спадзяюся, усё для вас скончыцца добра.
Я падзякаваў, i ён сказаў зноў:
– Вы, напэўна, ведаеце – мы крыху асвяцiлi вашую справу ў прэсе. Для газет лета – пусты сезон. Апроч вас ды гэтага бацьказабойцы, нiчога вартага не было.
Ён паказаў на гурт людзей, ад якiх толькi што адышоў, i кiўнуў на маленькага таўстуна ў вялiкiх чорных акулярах, якi быў падобны да добра адкормленай ласкi.
– Гэта спецыяльны карэспандэнт адной парыжскай газеты, – паведамiў ён. Праўда, ён прыехаў не дзеля вас. Але ўсё роўна яму рабiць справаздачу на працэс бацьказабойцы, дык яго папрасiлi напiсаць i пра вашу справу.
Я зноў ледзь не падзякаваў яму. Але своечасова падумаў, што гэта выглядала б смешна. Журналiст сардэчна махнуў мне рукой i адышоўся. Мы чакалi яшчэ колькi хвiлiн.
Увайшоў мой адвакат, ён быў у мантыi, з усiх бакоў яго абступалi калегi. Спачатку ён рушыў да журналiстаў i пачаў пацiскаць iм рукi. Яны жартавалi, смяялiся i мелi ўвогуле даволi вясёлы i задаволены выгляд, пакуль у судовай зале не пачуўся званок. Тады ўсе разышлiся на свае месцы. Адвакат падышоў да мяне, пацiснуў руку i параiў на ўсе пытаннi адказваць сцiсла, самому нiякай iнiцыятывы не выяўляць i ў астатнiм пакласцiся на яго.
Я пачуў, як злева рыпнула крэсла, i, павярнуўшыся, убачыў высокага, стройнага чалавека ў чырвоным, з прышчэпленым на носе пенснэ. Ён дбайна расправiў мантыю i сеў. Гэта быў пракурор. Судовы выканаўца абвясцiў:
– Суд iдзе.
I адначасова пад столлю загулi два вялiзныя вентылятары, а ў дзвярах узнiклi тры суддзi – два ў чорным, трэцi ў чырвоным. Пад пахай у кожнага тырчала папка. Яны вельмi хутка прайшлi да трыбуны, якая ўзвышалася над усёй залай, i селi. Той, што быў у чырвонай мантыi, сеў пасярэдзiне. Ён зняў сваю квадратную шапачку i, абцершы насоўкаю вузкi голы чэрап, абвясцiў, што слуханне справы адкрыта.
Журналiсты ўжо трымалi ручкi напагатоў. Ва ўсiх быў аднолькавы – абыякавы i крыху кплiвы выгляд. Праўда, адзiн, многа маладзейшы за астатнiх, у шэрым фланелевым гарнiтуры i сiнiм гальштуку, паклаў сваю ручку на стол i пазiраў на мяне. На яго трошкi перакошаным твары я не ўбачыў нiчога, апроч двух вялiкiх i вельмi светлых вачэй, якiя ўтаропiлiся на мяне без усялякага пэўнага пачуцця. У мяне ўзнiкла ўражанне, нiбыта я сам гляджу на сябе. Напэўна, ад гэтага дзiўнага ўражання i ад таго, што я проста не ведаў тутэйшых звычаяў, я не зусiм добра зразумеў, што адбылося пасля: лёсаваннем выбралi прысяжных, старшыня задаў некалькi пытанняў адвакату, пракурор – засядацелям (кожны раз галовы прысяжных усе разам паварочвалiся да суддзяў), потым хутка прачыталi абвiнаваўчы акт, у якiм я пачуў знаёмыя мне назвы мясцiн i iмёны людзей, i задалi яшчэ некалькi пытанняў адвакату.
Нарэшце старшыня сказаў, што суд пераходзiць да допыту сведак. Судовы выканаўца пачаў называць прозвiшчы, якiя прыцягнулi маю ўвагу. Я ўбачыў, як з дагэтуль яшчэ безаблiчнага натоўпу адзiн за адным уставалi i знiкалi за бакавымi дзвярыма дырэктар прытулку, брамнiк, стары Томас Перэс, Раймон, Масон, Саламано, Мары. Раней як выйсцi, Мары ўсхвалявана махнула мне рукой. Мяне здзiўляла, чаму я не заўважыў iх раней. I тут назвалi апошняе прозвiшча, гэта быў Селест. Ён устаў, i я ўбачыў побач з iм тую маленькую жанчыну, якую сустрэў у рэстаране. Яна была ў той самай камiзэльцы i, як i тады, мела падцягнуты i рашучы выгляд. Яна пiльна глядзела на мяне. Але я не паспеў нiчога падумаць, бо слова зноў узяў старшыня. Ён сказаў, што цяпер пачнуцца сапраўдныя спрэчкi бакоў, i таму ён лiчыць залiшнiм прасiць публiку захоўваць спакой. Ён тут, маўляў, дзеля таго каб бесстаронна кiраваць слуханнем справы i садзейнiчаць яе аб'ектыўнаму разгляду. Прысуд, вынесены прысяжнымi засядацелямi, мае быць прыняты згодна з духам правасуддзя, i таму пры сама малым iнцыдэнце ён, старшыня, вымушаны будзе ачысцiць залу.
Спёка павялiчвалася, я бачыў, як прысутныя ў зале абмахваюцца газетамi. З усiх бакоў чуўся няспынны шолах пакамечанай паперы. Старшыня зрабiў знак судоваму выканаўцу, i той прынёс тры вееры з плеценай саломкi, якiя суддзi адразу пусцiлi ў ход.
Неўзабаве пачаўся мой допыт. Старшыня дапытваў мяне спакойна i нават, як мне здалося, з пэўнай сардэчнасцю. Мяне зноў папрасiлi засведчыць маю асобу, i я, нягледзячы на некаторую прыкрасць, падумаў, што, урэшце, пытанне гэта даволi натуральнае, бо судзiць аднаго чалавека замест другога было б недаравальнай памылкай. Потым старшыня пачаў апавядаць пра тое, што я зрабiў, i праз кожныя тры фразы пытаўся ў мяне:
– Цi так гэта было?
Як таго раiў мне адвакат, я коратка адказваў:
– Так, пане старшыня.
Расказ цягнуўся доўга, старшыня iмкнуўся не прапусцiць нiякай дробязi. Журналiсты ўвесь час пiсалi. Я адчуваў на сабе толькi позiркi сама маладога i маленькай жанчыны, што сядзела нерухома, як аўтамат. Прысяжныя на трамвайнай лаўцы ўсе да аднаго глядзелi на старшыню. Нарэшце той кашлянуў, прагартаў яшчэ раз дасье i, абмахваючыся веерам, павярнуўся да мяне.
Ён аб'явiў, што мае задаць мне некалькi пытанняў, якiя на першы погляд не тычацца дадзенай справы, але, вiдаць, звязаны з ёю сама непасрэдным чынам. Я зразумеў, што зараз ён зноў будзе пытацца пра маму, i мне зрабiлася нудна. Ён спытаў, чаму я аддаў маму ў прытулак. Я адказаў, што ў мяне не ставала грошай, каб даглядаць яе дома. Тады ён запытаўся, цi цяжка мне асабiста было перажыць нашую ростань, i я адказаў, што апошнiм часам мы з мамай ужо нiчога не чакалi адно ад аднаго, як, зрэшты, i нi ад каго наогул, i таму мы хутка прызвычаiлiся да новых абставiн у нашым жыццi. Тады старшыня сказаў, што болей не хоча паглыбляцца ў гэтыя акалiчнасцi, i спытаў у пракурора, цi мае ён задаць якiя iншыя пытаннi.
Той павярнуўся да мяне амаль што спiнай i, нават не зiрнуўшы на мяне, заявiў, што з дазволу пана старшынi яму цiкава было б даведацца, цi меў я намер забiць араба, калi адзiн вярнуўся да крынiцы. Я сказаў:
– Не.
– Тады чаму ж ён узяў рэвальвер i навошта пайшоў менавiта на гэтае месца?
Я сказаў, што гэта здарылася выпадкова. Пракурор з нейкаю злою ноткай у голасе прамовiў:
– Пакуль што ў мяне ўсё.
Далей усё пайшло крыху бязладна – прынамсi, мне так здалося. Але нарэшце, параiўшыся са сваiмi памочнiкамi, старшыня абвясцiў, што слуханне справы перапыняецца i допыт сведак пераносiцца на другую палову дня.
Я не паспеў яшчэ нiчога ўразумець, як мяне вывелi з залы, пасадзiлi ў машыну i завезлi ў турму, дзе мяне чакаў абед. Праз некаторы час – якраз калi я, пад'еўшы, пачаў адчуваць, наколькi стамiўся, – па мяне прыйшлi, i ўсё пачалося зноў. Я зноў апынуўся ў той самай зале, перад тымi самымi тварамi. Але цяпер задуха была яшчэ большая, i ў руках у кожнага з прысяжных, у пракурора, адваката i некаторых журналiстаў нiбы цудам таксама ўзнiклi саламяныя вееры. Малады журналiст i жанчына-аўтамат сядзелi на ранейшых месцах. Яны не абмахвалiся i толькi моўчкi глядзелi на мяне.
Я абцёр пот, якi залiваў мне ўвесь твар, але здолеў прыйсцi ў сябе i крыху агледзецца толькi тады, калi ў залу выклiкалi дырэктара прытулку. У яго спыталi, цi былi ў мамы якiя скаргi на мяне, i ён адказаў – былi, але ва ўсiх прытулкоўцаў гэта амаль што манiя – скардзiцца на сваiх крэўных. Старшыня папрасiў удакладнiць, цi папракала мяне мама за тое, што я аддаў яе ў прытулак, i дырэктар зноў сказаў, што – было. Але гэтым разам нiчога не дадаў. На наступнае пытанне ён адказаў, што на пахаваннi яго больш за ўсё здзiвiў мой спакой. Яго папрасiлi растлумачыць, што ён разумее пад гэтым словам. Тады дырэктар зiрнуў на свае чаравiкi i сказаў, што ў той дзень я не выявiў жадання паглядзець на маму i нi разу не заплакаў, а потым – з'ехаў адразу пасля пахавання, не застаўшыся нават пасядзець каля магiлы. I яшчэ яго ўразiла, што – як сказаў яму службовец з пахавальнага бюро – я нават не ведаў, колькi маме гадоў. На нейкi момант у зале запанавала цiшыня, i старшыня папрасiў дырэктара пацвердзiць, што ўсё сказанае iм тычыцца менавiта мяне. Дырэктар не зразумеў пытання, i старшыня быў вымушаны растлумачыць:
– Гэтага патрабуе закон.
Потым старшыня запытаўся ў пракурора, цi будуць у яго якiя пытаннi да сведкi, але пракурор усклiкнуў:
– О не! Гэтага дастаткова.
Яго твар свяцiўся ад радасцi, i ён кiнуў на мяне такi пераможны позiрк, што – упершыню за апошнiя гады – у мяне ўзнiкла недарэчнае жаданне заплакаць. Я раптам адчуў, наколькi мяне ненавiдзяць усе гэтыя людзi.
Старшыня папытаўся ў прысяжных i адваката, цi, можа, у iх ёсць якiя пытаннi да дырэктара, i потым загадаў выклiкаць брамнiка. З iм, як i з усiмi, паўтарылася тая ж цырымонiя. Брамнiк увайшоў, хутка зiрнуў на мяне i, адвёўшы вочы, пачаў адказваць на пытаннi. Ён расказаў, што я не хацеў паглядзець на маму, што я палiў, спаў, што я пiў каву з малаком. Я адчуў, як па зале пракацiлася быццам нейкая хваля, i першы раз усвядомiў, што я – вiнаваты. Брамнiка папрасiлi яшчэ раз паўтарыць расказ пра каву з малаком i цыгарэты. Пракурор пазiраў на мяне з iранiчным бляскам у вачах. Але ў гэту хвiлiну адвакат запытаўся ў брамнiка, цi не палiў ён разам са мной. Пракурор адразу ўскочыў i катэгарычна запратэставаў супраць такога пытання:
– Нарэшце, хто тут злачынца, i што гэта за метады, якiя iмкнуцца адно зняславiць сведкаў абвiнавачвання i прынiзiць iх сведчаннi, якiя ў любым выпадку застаюцца не меней пераканаўчыя!
Нягледзячы на гэта, старшыня папрасiў брамнiка адказаць на пытанне. Стары сумеўся i прабалбатаў:
– Я разумею, што не меў рацыi. Але калi пан прапанаваў мне цыгарэту, я не асмелiўся яму адмовiць.
Нарэшце ў мяне спыталi, што я хачу дадаць да ўсяго сказанага. Я адказаў:
– Нiчога. Акрамя таго, што сведка кажа праўду. Цыгарэту сапраўды прапанаваў яму я.
Брамнiк зiрнуў на мяне крыху здзiўлена i з нейкай удзячнасцю. I пасля невялiкага вагання заявiў, што каву з малаком прапанаваў мне ён. Адвакат адразу ўскочыў i пераможна абвясцiў, што панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы, як яны таго заслугоўваюць. Але пракурор тут жа ўзвiўся таксама i з гнеўным абурэннем сказаў:
– Так, панове прысяжныя ацэняць гэтыя словы. I яны прыйдуць да высновы, што чалавек пабочны мог прапанаваць кавы. Але сын мусiў адмовiцца ад яе перад целам той, хто спарадзiў яго на свет.
Брамнiк вярнуўся на сваё месца ў зале.
Калi настала чарга Томаса Перэса, судоваму выканаўцу прыйшлося яго падтрымлiваць, каб падвесцi да перагародкi перад суддзямi. Перэс сказаў, што, уласна, ведаў толькi маю мацi, а мяне бачыў толькi раз, у дзень пахавання. У яго запыталiся, што я рабiў у той дзень,i ён адказаў:
– Разумееце, мне ў той дзень было вельмi цяжка. I я нiчога не бачыў. Я не мог нiчога ўбачыць праз вялiкае гора. Бо для мяне гэта было сапраўды вялiкае гора. Аднойчы я нават страцiў прытомнасць. I таму я проста не здолеў разгледзець гэтага пана.
Тады пракурор спытаўся, цi бачыў ён, прынамсi, каб я плакаў. I Перэс адказаў – не. Пракурор павярнуўся да мяне i заявiў:
– Панове прысяжныя ацэняць гэта.
Але мой адвакат незалюбiў. Ён устаў i, як мне здалося, перабольшана абыходлiвым голасам запытаўся ў Перэса, "цi бачыў ён, што я не плакаў". I Перэс сказаў:
– Не.
У зале пачуўся смяшок. I адвакат, закасаўшы адзiн рукаў, катэгарычна заявiў:
– Вось вам аблiчча гэтага працэсу. Усё тут праўда – i нiчога не праўда!
Пракурор сядзеў пануры i моўчкi тыкаў алоўкам у вокладку на дасье.
Пасля пяцiхвiлiннага перапынку, за час якога адвакат паспеў мне паведамiць, што ўсё пакуль iдзе як найлепш, у залу выклiкалi Селеста. Ён выступаў з боку абароны, гэта значыць – за мяне. Час ад часу ён кiдаў на мяне позiркi i камячыў у руках панаму. Ён быў у сваiм новым гарнiтуры, якi часам надзяваў у нядзелю, калi мы разам хадзiлi на скачкi. Але сёння, па-мойму, ён не надзеў крухмальнага каўняра, бо пiнжак, каб схаваць кашулю, быў зашпiлены зверху на медны гузiк. У яго папыталiся, цi быў я яго клiентам, i ён адказаў:
– Так, але, апроч таго, ён быў маiм сябрам.
Што ён думае пра мяне? Што, на яго думку, я – сапраўдны чалавек. Што ён пад гэтым разумее? Кожны сам разумее, што гэта значыць. Цi заўважыў ён, што я – чалавек негаваркi? Ён толькi можа прызнаць, што я нiколi не гаварыў, каб проста мянцiць языком. Пракурор запытаўся, цi спраўна я плацiў па рахунках. Селест засмяяўся i сказаў:
– Гэтыя дробязi датычацца толькi нас.
Потым у яго папыталiся, што ён думае пра маё злачынства. Тады ён узяўся рукамi за перагародку, i ўсе адразу зразумелi, што ён нешта падрыхтаваў.
– Па-мойму, – сказаў ён, – гэта няшчасце. Гэта няшчасце, i ўсе разумеюць, што гэта такое. Ад яго не ўберагчыся нiкому. Дык вось, па-мойму, – гэта проста няшчасце!
Ён хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але старшыня падзякаваў i сказаў, што ён можа iсцi. Селест крыху сумеўся i ўсё ж заявiў, што мае сказаць яшчэ некалькi слоў. Яго папрасiлi быць сцiслым. Тады ён зноў паўтарыў, што, на яго думку, гэта проста няшчасце. Старшыня перапынiў яго:
– Ну, вядома, гэта нам ужо ясна. Мы i сабралiся тут, каб разбiраць падобнага роду няшчасцi. Вельмi вам удзячны.
Селест, вiдаць, сказаў ужо ўсё, што думаў, усё, на што быў здольны. Ён павярнуўся да мяне, i мне здалося, што вочы ў яго налiлiся слязьмi, яго вусны дрыжалi. Усiм выглядам ён пытаўся, чым можа дапамагчы мне яшчэ. Я змаўчаў, я нават не зварухнуўся, але тое было першы раз у жыццi, калi мне захацелася пацалаваць мужчыну. Старшыня зноў загадаў Селесту заняць сваё месца ў зале. Той адышоўся i сеў. Усю рэшту суда ён сядзеў там, нерухомы, крыху схiлiўшыся наперад, i, абапiраючыся локцямi на каленi, камячыў у руках панаму i слухаў прамовы астатнiх. Увайшла Мары. На ёй быў капялюшык, якi вельмi ёй пасаваў. Праўда, мне больш падабалася, калi валасы ў яе распушчаныя. Са свайго месца я ўгадваў мяккi выгiн яе грудзей, пазнаваў як заўжды крыху выпнутую нiжнюю губку. Было вiдаць, што яна хвалюецца. У яе адразу спыталi, калi яна са мной пазнаёмiлася. I яна назвала той час, калi працавала ў канторы. Старшыня пацiкавiўся, у якiх яна са мною адносiнах. I Мары сказала, што яна мая сяброўка. На наступнае пытанне яна адказала, што сапраўды збiралася выйсцi за мяне замуж. I тут пракурор, гартаючы свае паперы, неяк знянацку запытаўся, калi пачалася нашая сувязь. Яна назвала дзень. I пракурор нiбы абыякавым тонам зазначыў, што гэта, здаецца, прыпадае якраз на заўтра пасля мамiнага пахавання. Пасля, з лёгкай iронiяй, ён заявiў, што не хацеў бы настойваць на такiх далiкатных абставiнах i добра разумее няёмкасць, якую, вiдаць, адчувае Мары, але (i тут яго голас счарсцвеў) абавязак прымушае яго быць вышэй за гэтыя ўмоўнасцi. Ён папрасiў, каб Мары сцiсла распавяла, як прайшоў той дзень, калi я яе спазнаў. Мары не хацела нiчога гаварыць, але ўсё ж саступiла настойлiвасцi пракурора i расказала, што спачатку мы былi на пляжы, потым хадзiлi ў кiно, а пасля – пайшлi да мяне. Пракурор заявiў, што пасля паказанняў, якiя Мары дала на следстве, ён пацiкавiўся, што iшло ў кiнатэатрах у той дзень. I дадаў, што зараз Мары сама скажа, што тады паказвалi. I яна, нейкiм амаль зусiм згаслым голасам, сказала, што гэта быў фiльм з Фернандэлем. Калi яна змоўкла, у зале запанавала абсалютная цiшыня. Пракурор вельмi велiчна ўстаў i, як мне здалося, напраўду ўсхваляваным голасам, цягуча прамовiў, паказваючы на мяне пальцам: