Текст книги "Мiф пра Сiзiфа (на белорусском языке)"
Автор книги: Альбер Камю
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 1 страниц)
Камю Альбер
Мiф пра Сiзiфа (на белорусском языке)
Альбэр Камю
Мiф пра Сiзiфа
Пераклад: Змiцер Колас
Багi асудзiлi Сiзiфа вечна кацiць вялiзны камень да вяршынi гары, адкуль ён зрываўся пад цяжарам сваёй вагi. Багi небеспадстаўна меркавалi, што няма пакарання жахлiвей за бясконцую працу, якая не дае нi карысцi, нi спадзявання.
Калi верыць Гамеру, Сiзiф быў наймудрэйшы i найасцеражнейшы з смяротных. Паводле ж iншых паданняў, у яго была схiльнасць да разбойнiцкага рамяства. I я не бачу ў гэтым супярэчнасцi. Погляды розняцца адносна прычын, з якiх ён апынуўся марным працаўнiком апраметнай. Збольшага Сiзiфа вiнавацяць у крыху легкадумным стаўленнi да багоў. Ён выдаваў iх сакрэты. Эгiна, дачка Асопа, была ўкрадзена Юпiтэрам. Бацька, знянацку заспеты яе знiкненнем, расказаў пра сваё гора Сiзiфу. I той, ведаючы пра выкраданне, абяцаў Асопу раскрыць таямнiцу, калi стары бацька пусцiць ваду ў крэпасць Карынф. Замест грому i маланак нябесных Сiзiф абраў блаславенне вадой. За гэта ён быў пакараны ў апраметнай. Гамер распавядае нам таксама, што Сiзiф закаваў ланцугамi Смерць. Плутон не здолеў вытрываць вiдовiшча свайго пустэльнага i маўклiвага царства. Ён паслаў бога вайны, i той вызвалiў Смерць з-пад улады яе пераможцы.
Распавядаюць яшчэ, што на апошнiм крэсе жыцця Сiзiф неасцярожна захацеў выпрабаваць каханне сваёй жонкi. Ён загадаў ёй не хаваць свайго цела, а кiнуць яго пасярод гарадской плошчы. Неўзабаве ён апынуўся ў царстве ценяў. I там, угняўлёны яе паслушэнствам, настолькi супярэчлiвым чалавечаму каханню, ён атрымаў дазвол Плутона вярнуцца на зямлю, каб пакараць сваю жонку. Але калi ён зноў убачыў дзённае святло, зноў зазнаў смак вады i сонца, цеплыню камення i прахалоду мора, ён не захацеў вяртацца ў змрок апраметнай. Напамiны, гнеў, пагрозы – усё было дарэмна. Яшчэ доўгiя гады Сiзiф жыў на беразе блiскучага марскога залiва, сярод усмешак зямных даброт. Спатрэбiлася пастанова багоў, i вось Меркурый явiўся, каб схапiць свавольнага неслуха за каўнер i, адарваўшы ад жыццёвых уцех, сiлаю звесцi ў апраметную, дзе яго ўжо чакаў абломак скалы.
З гэтага ўжо зразумела, што Сiзiф – абсурдны герой. Ён абсурдны сваiмi пачуццямi, як i сваiмi пакутамi. Пагарда да багоў, нянавiсць да смерцi, прага жыцця каштавалi яму жахлiвай кары, калi ўсё iснаванне зводзiцца да марнага занятку, якому няма канца. Такою цаной даводзiцца плацiць за зямныя пачуццi. Апавяданнi нiчога не кажуць нам пра Сiзiфа ў апраметнай. Але мiфы i зроблены дзеля таго, каб наша ўяўленне ажыўляла iх. Што ж датычыцца гэтага мiфа, дык тут можна ўявiць сабе толькi вялiкае напружанне мышцаў, намаганне ўзняць агромнiсты камень, пакацiць яго ўверх па адхоне i караскацца следам, сто разоў паўтараючы ўсё гэта зноў; можна ўявiць сабе сутаргава напяты твар, шчаку, прыцiснутую да каменя, плячо, што падпiрае пакрытую глеем камлыгу, нагу, падаткнутую пад яе, як клiн, далонi, што перахоплiваюць пакутлiвы цяжар, i ўласцiвую адно чалавеку ўпэўненасць дзвюх запэцканых глебаю рук. I вось, у самым канцы гэтага доўгага намагання, што вымяраецца прасторай без неба i часам без глыбiнi, мэта дасягнута. I тады Сiзiф бачыць, як камень кратаецца i за некалькi iмгненняў злятае на самы нiз, адкуль яго зноў трэба ўздымаць да вяршынi. Сiзiф спускаецца ў далiну.
Менавiта падчас гэтага спуску, гэтай разрыўкi мяне i цiкавiць Сiзiф. Бо твар, якi напiнаецца побач з каменем, – сам ужо камень! Я бачу, як гэты чалавек цяжкай, але роўнай хадою спускаецца насустрач пакутам, якiм не будзе канца. Гэты час, калi можна вольна ўздыхнуць i якi паўтараецца гэтак жа немiнуча, як i самыя пакуты, гэты час i ёсць час прасвятлення розуму. У кожнае з тых iмгненняў, калi Сiзiф пакiдае вяршыню i павольна спускаецца да паселiшча багоў, ён узвышаецца над сваiм лёсам. Ён мацнейшы за абломак скалы, якi мусiць уздымаць.
Калi гэты мiф i трагiчны, дык толькi таму, што герой усведамляе сваё становiшча. Сапраўды, цi такiм бы быў яго цяжар, каб на кожным кроку яго падтрымлiвала надзея перамагчы? Сучасны рабочы працуе штодня, усё жыццё – з той жа мэтай, i яго лёс не меней абсурдны. Але трагiчны ён робiцца адно ў тыя рэдкiя хвiлiны, калi яго асвятляе свядомасць. Сiзiф, пралетар багоў, бяссiльны i ўзбунтаваны, разумее ўсю глыбiню свайго мiзэрнага iснавання: менавiта пра гэта ён думае, калi спускаецца ў далiну. Яснасць розуму, якая б мелася стаць яго пакутай, вянчае яго перамогу. I няма лёсу, над якiм было б немагчыма ўзвысiцца сваёю пагардай.
Калi ж iншы раз спуску спадарожнiчае пакута, яму можа спадарожнiчаць i радасць. I ў гэтым слове няма перабольшвання. Я зноў уяўляю Сiзiфа, калi ён вяртаецца да абломка скалы. Спачатку была пакута. Калi выявы зямнога жыцця яшчэ надта свежыя ў памяцi, калi поклiч шчасця занадта магутны, здараецца, што туга агортвае душу чалавека: i гэта – перамога каменя, тады сам чалавек камень. Роспач настолькi вялiкая, што вытрываць яе вельмi цяжка. У кожнага з нас была свая Гефсiманская ноч. Але прыгнятальныя iсцiны развейваюцца, калi iх усведамляеш ясна i цалкам. Так, Эдып спачатку падпарадкоўваецца лёсу, таго не ведаючы сам. I толькi з той хвiлiны, калi ён раптам усё ўсведамляе, пачынаецца яго трагедыя. Але ў той жа час, сляпы i прыведзены ў роспач, Эдып разумее, што адзiная нiтка, якая злучае яго з гэтым светам, – гэта кволая ручка дачкi. I тады ён прамаўляе нi з чым не параўнальныя словы: "Нягледзячы на ўсе выпрабаваннi, якiя давялося мне зведаць, мая старасць i велiч маёй душы дазваляюць мне меркаваць, што ўсё – добра". Сафоклаў Эдып, як i Кiрылаў Дастаеўскага, вызначае такiм чынам формулу абсурднай перамогi. Антычная мудрасць злучаецца з сучасным гераiзмам.
Адкрыць абсурд можна адно адчуўшы спакусу напiсаць падручнiк шчасця. "Як! Прабачце – такiмi вузкiмi пуцявiнамi?.." Але ж свет – адзiн. I абсурд i шчасце – дзецi адной зямлi. Яны неразлучныя. Было б памылкай сказаць, што шчасце вынiкае з адкрыцця абсурду. Але здараецца так, што пачуццё абсурду нараджаецца ад вялiкага шчасця. "Я мяркую, што ўсё – добра", – кажа Эдып, i гэта святыя словы. Яны адбiваюцца рэхам у суровым i цесным чалавечым сусвеце. Яны вучаць, што не ўсё яшчэ было i ёсць вычарпана. Яны выганяюць з гэтага свету бога, якi ўвайшоў сюды разам з незадаволенасцю i густам да марных пакут. Яны робяць лёс справай самога чалавека, справай, якую людзi павiнны вырашаць самi i памiж сабой.
У гэтым i тоiцца маўклiвая радасць Сiзiфа. Яго лёс належыць яму. I абломак скалы – ягоная справа. Вось так, сузiраючы свае пакуты, абсурдны чалавек прымушае змоўкнуць усiх iдалаў. I тады ў раптоўна ацiхлым сусвеце зноў пачынаюць гучаць тысячы тонкiх зачараваных зямных галасоў. Невыразныя i таемныя клiчы, прывiтаннi, якiмi вабiць кожны твар, – гэта i ёсць тое, што нясе з сабой перамога, гэта i ёсць узнагарода за яе. Няма сонца без ценю, i ноч таксама трэба зазнаць. Абсурдны чалавек кажа "так", i цяпер яго намаганням не будзе канца. Калi ж i ёсць свой лёс аднаго, дык нейкага вярхоўнага лёсу не iснуе наогул цi iснуе, прынамсi, толькi адзiн – той, якi абсурдны чалавек лiчыць няўхiльным i вартым пагарды. У астатнiм ён адчувае сябе гаспадаром сваiх дзён. У тое мiмалётнае iмгненне, калi чалавек азiраецца i акiдвае вокам сваё жыццё, Сiзiф, вяртаючыся да камлыгi, сузiрае чараду бязладных рухаў, якiя складаюць яго лёс, створаны iм самiм, злучаны непарушна яго памяццю i гэтак хутка змацаваны пячаткаю смерцi. I так, упэўнены ў выключна чалавечым паходжаннi ўсяго чалавечага, падобны да сляпога, якi прагне ўбачыць i ведае, што ночы не будзе канца, Сiзiф нiколi не спыняе свой крок. Яго камень коцiцца i цяпер.
Я пакiдаю Сiзiфа каля падножжа гары! Свайго цяжару не пазбыцца нiколi. Але Сiзiф вучыць найвышэйшай адданасцi, якая адмаўляе багоў i ўздымае абломкi скал. Ён таксама мяркуе, што ўсё – добра. I цяпер гэты сусвет, дзе няма гаспадара, не здаецца яму нi бясплодным, нi нiкчэмным. Кожны драбок гэтага каменя, кожны водблiск руды, затоенай у гэтай змрочнай гары, самi ўтвараюць сабой цэлы свет. I адной барацьбы за ўзыход да вяршынi ўжо досыць, каб напоўнiць чалавечае сэрца. Сiзiфа трэба ўяўляць шчаслiвым.