Текст книги "Нябожчыкава люстра (на белорусском языке)"
Автор книги: Агата Кристи
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 5 страниц)
– Пакуль што не, – адказаў Пуаро. – Нiчога, што датычыць мяне.
Мiстэр Фобз паглядзеў так, быццам не паверыў у гэтае "нiчога", i скiраваў сваю ўвагу на галоўнага канстэбля.
– Дзякуй вам, мiстэр Фобз. Думаю, гэта ўсё. Я хацеў бы, калi можна, пагаварыць з мiс Шэвенi-Гарэ.
– Вядома. Яна, напэўна, наверсе з лэдзi Шэвенi-Гарэ.
– О, няхай. Можа, я спачатку пагутару з – як яго завуць? – з Бараўзам i з жанчынай, гiстарыёграфам роду.
– Яны абое ў бiблiятэцы. Я скажу iм.
7
– Не так гэта проста, – сказаў маёр Рыдл, калi юрыст пакiнуў пакой. Выцягванне iнфармацыi з такiх старамодных занудлiвых юрыстаў патрабуе намаганняў. Усё, мне здаецца, звязана з гэтай дзяўчынай.
– Напэўна, так.
– А, вось iдзе Бараўз!
Годфры Бараўз увайшоў з мiлай гатоўнасцю быць карысным. Яго ўсмешка была тактоўна афарбавана смуткам i толькi паказвала трошкi болей, як трэба, зубы. Яна была хутчэй механiчная, чым спантанная.
– Дык вось, мiстэр Бараўз, мы хочам задаць вам некалькi пытанняў.
– Вядома, маёр Рыдл. Пытайцеся што хочаце.
– Добра. Першае i галоўнае, гаворачы проста, без хiтрыкаў: цi ёсць у вас свае ўласныя здагадкi, чаму сэр Гервазы скончыў жыццё самагубствам?
– Абсалютна нiякiх. Я ажно аслупянеў, пачуўшы пра гэта.
– Вы чулi стрэл?
– Не, я ў той час, мусiць, быў у бiблiятэцы, так я разумею. Я спусцiўся досыць рана i пайшоў у бiблiятэку ўзяць патрэбную даведку. Бiблiятэка – гэта якраз з другога ад кабiнета боку дома, таму я не мог нiчога чуць.
– Цi быў хто-небудзь з вамi ў бiблiятэцы? – спытаўся Пуаро.
– Нiкога.
– Цi не ведаеце вы, дзе ў той час былi астатнiя сямейныя?
– Большасць, мабыць, пераапраналася наверсе.
– Калi вы прыйшлi ў гасцiную?
– Якраз перад прыездам мiстэра Пуаро. Тады ўсе былi там – акрамя сэра Гервазы, вядома.
– Цi не здзiвiла вас тое, што яго не было?
– Але, здзiвiла, па праўдзе кажучы. Звычайна ён прыходзiў у гасцiную да першага гонгу.
– Цi не заўважылi вы ў апошнi час якой-небудзь змены ў паводзiнах сэра Гервазы? Цi не быў ён заклапочаны? Цi ўстрывожаны? Мо прыгнечаны?
Годфры Бараўз задумаўся.
– Не, не думаю. Трохi – так, заклапочаны, бадай што.
– А ён не здаваўся ўстурбаваны якой-небудзь пэўнай справай?
– О, не!
– Цi не было ў яго якiх клопатаў, звязаных з фiнансамi?
– Ён трохi непакоiўся за справы адной кампанii, а дакладна – "Сiнтэтык пэраган рабэ компанi".
– Што ён, уласна кажучы, гаварыў пра гэта?
Механiчная ўсмешка Годфры Бараўза блiснула зноў, i зноў яна здалася трохi ненатуральнай.
– Ну што ж... Ён сказаў лiтаральна так: "Стары Бэры альбо дурань, альбо махляр. Мяркую, што дурань. Я павiнен быць тактоўным з iм дзеля Ванды".
– А чаму ён сказаў: "дзеля Ванды"? – запытаўся Пуаро.
– Усё ў тым, што палкоўнiк Бэры дужа падабаўся лэдзi Шэвенi-Гарэ, i ён моцна любiў яе. Хадзiў за ёю, як сабака.
– Сэр Гервазы не быў... раўнiвы хоць трохi?
– Раўнiвы? – Бараўз вылупiў вочы, а потым засмяяўся. – Сэр Гервазы раўнiвы? Ён не ведаў, што гэта такое. Ды яму нiколi i ў галаву не прыйшло б, каб хто калi мог аддаць перавагу не яму, а другому чалавеку. Разумееце, такога проста не магло быць.
Пуаро мякка зазначыў:
– Мне здаецца, вы не вельмi любiлi сэра Гервазы Шэвенi-Гарэ?
Бараўз пачырванеў.
– Не, не вельмi. Хаця б таму, што ўсе такiя рэчы даволi смешныя ў наш час.
– Якiя "ўсе такiя рэчы"? – запытаўся Пуаро.
– Ну, феадальныя перажыткi, калi хочаце. Гэты культ продкаў i фамiльная фанабэрыя. Сэр Гервазы быў вельмi здольны ў многiх адносiнах чалавек, i ён жыў цiкавым жыццём, але сам быў бы цiкавейшы, калi б разумеў, што ёсць яшчэ нешта апрача яго i яго эгаiзму.
– А дачка сэра Гервазы была згодна з вамi ў гэтым?
Бараўз успыхнуў зноў – на гэты раз колер быў цёмна-пурпуровы.
Ён адказаў:
– Я думаю, мiс Шэвенi-Гарэ самая сучасная жанчына! Зразумела, я не павiнен дыскутаваць з ёю пра яе бацьку.
– Але сучасныя людзi якраз дыскутуюць пра сваiх бацькоў колькi хочаце! сказаў Пуаро. – Гэта цалкам у сучасным стылi – крытыкаваць сваiх бацькоў!
Бараўз пацiснуў плячыма.
Маёр Рыдл спытаўся:
– I больш нiчога не было – нiякiх iншых фiнансавых клопатаў? Сэр Гервазы нiколi не казаў, што яго ашуквалi?
– Ашуквалi? – вымавiў Бараўз вельмi здзiўлена. – Ды не!
– А вы самi былi ў добрых адносiнах з iм?
– Безумоўна. Чаму ж не?
– Я пытаюся ў вас, мiстэр Бараўз.
Малады чалавек панурыўся.
– Мы былi з iм у найлепшых адносiнах.
– Цi ведалi вы, што сэр Гервазы напiсаў лiст мiстэру Пуаро з просьбай прыехаць сюды?
– Не.
– Сэр Гервазы звычайна сам пiсаў свае лiсты?
– Не, амаль заўсёды ён дыктаваў iх мне.
– Але ён не зрабiў так гэтым разам.
– Не.
– Чаму, як вы думаеце?
– Не ведаю.
– Вы не можаце знайсцi нiякай прычыны, чаму гэты лiст яму спатрэбiлася пiсаць самому?
– Не, не магу.
– А! – сказаў маёр Рыдл, дадаючы спакойна: – Даволi дзiўна. Калi вы бачылi сэра Гервазы апошнi раз?
– Якраз перад тым, як пайшоў апрануцца на абед. Я прынёс яму падпiсаць некалькi лiстоў.
– У якiм стане ён быў тады?
– У зусiм нармальным. Наогул, я сказаў бы, ён быў як быццам задаволены сабой у сувязi з нечым.
Пуаро варухнуўся ў сваiм крэсле.
– А? – сказаў ён. – Дык у вас было такое ўражанне, што ён быў нечым задаволены? I, аднак, неўзабаве страляецца. Дзiўна!
Годфры Бараўз пацiснуў плячыма.
– Я толькi перадаю вам свае ўражаннi.
– Так, так, яны дужа каштоўныя. Апрача ўсяго, вы, мабыць, адзiн з апошнiх людзей, што бачылi сэра Гервазы жывога.
– Снэл быў апошнi, хто бачыў яго.
– Бачыў, так, але не размаўляў з iм.
Бараўз не адказаў.
Маёр Рыдл спытаўся:
– Каторая была гадзiна, як вы пайшлi наверх апрануцца на абед?
– Прыкладна пяць хвiлiн восьмай.
– Што рабiў сэр Гервазы?
– Я пакiнуў яго ў кабiнеце.
– Цi доўга ён звычайна пераапранаўся?
– Ён звычайна аддаваў на гэта аж тры чвэрцi гадзiны.
– Значыцца, калi абед быў у пятнаццаць хвiлiн дзевятай, ён, верагодна, пайшоў бы наверх, самае позняе, а палове восьмай?
– Вельмi верагодна.
– Вы самi пайшлi пераапранацца рана?
– Але, я вырашыў, што пераапрануся i тады пайду ў бiблiятэку i вазьму патрэбныя мне даведкi.
Пуаро задумлiва кiўнуў. Маёр Рыдл сказаў:
– Добра. Я думаю, пакуль усё. Вы не запросiце мiс – як яе завуць – да нас?
Маленькая мiс Лiнгард шмыгнула ў пакой амаль iмгненна. На ёй было некалькi ланцужкоў, яны цiха звiнелi, калi яна сядала i запытальна пераводзiла позiрк з аднаго мужчыны на другога.
– Усё гэта вельмi... э-э... сумна, мiс Лiнгард, – пачаў маёр Рыдл.
– Сапраўды, вельмi сумна, – сказала мiс Лiнгард, як ёй i належала сказаць.
– Вы... калi прыйшлi ў гэты дом?
– Месяцы два назад. Сэр Гервазы напiсаў свайму сябру ў Музеi – палкоўнiку Фозэрынгею, i палкоўнiк Фозэрынгей парэкамендаваў мяне. Я зрабiла нямала гiстарычных даследаванняў.
– Сэр Гервазы быў цяжкi для вашай сумеснай работы?
– О, не. Трэба было, вядома, трохi ўлагоджваць яго. Але ж, я ведаю, гэта заўсёды даводзiцца рабiць з мужчынамi.
З нялёгкiм пачуццём, што мiс Лiнгард, мабыць, улагоджвае яго ў гэтую хвiлiну, маёр Рыдл гаварыў далей:
– Вы павiнны былi дапамагаць сэру Гервазы ў рабоце над кнiгай, якую ён пiсаў?
– Але.
– Што ў гэта ўваходзiла?
Нейкi момант мiс Лiнгард выглядала зусiм па-чалавечы. Яе вочы мiргалi, калi яна адказвала:
– Ну, ведаеце, фактычна – напiсанне кнiгi! Я збiрала iнфармацыю, i рабiла нататкi, i апрацоўвала матэрыял. А потым, пазней, рэдагавала, што напiсаў сам Гервазы.
– Напэўна, вам давялося праявiць нямала такту, мадэмуазель, – сказаў Пуаро.
– Такту i цвёрдасцi. Патрэбны i тое, i другое, – адказала мiс Лiнгард.
– Сэра Гервазы не абурала ваша... э... цвёрдасць?
– О, зусiм не. Вядома, я пераканала яго, што ён не павiнен звяртаць увагi на дробязi.
– О, так, я разумею.
– На самай справе гэта было зусiм проста, – сказала мiс Лiнгард. – Сэрам Гервазы можна было проста кiраваць, толькi належным чынам.
– А цяпер, мiс Лiнгард, адкажыце мне: цi не ведаеце вы чаго-небудзь, што магло б пралiць святло на гэтую трагедыю?
Мiс Лiнгард адмоўна пакiвала галавой.
– Баюся, не. Ведаеце, ён, натуральна, нiколi не раскрываў мне сваю душу. Я, па сутнасцi, яму чужая. Ва ўсякiм разе, я думаю, ён быў занадта ганарысты, каб гаварыць з кiм-небудзь пра сямейныя турботы.
– Дык вы лiчыце, менавiта сямейныя турботы – прычына яго самагубства?
Мiс Лiнгард як быццам трохi здзiвiлася.
– Ну, вядома ж! Хiба ёсць якая iншая?
– Вы ўпэўнены, што былi сямейныя справы, якiя турбавалi яго?
– Я ведаю, што ў яго былi цяжкiя душэўныя пакуты.
– Як, вы ведаеце гэта?
– Ну так, вядома.
– Скажыце мне, мадэмуазель, цi гаварыў ён з вамi па сутнасцi справы?
– Невыразна.
– Што ён казаў?
– Дайце падумаць. Я заўважыла, што ён як быццам не чуе, што я кажу...
– Адну хвiлiнку. Пардон. Калi гэта было?
– Сёння папаўднi. Мы звычайна працавалi з трох да пяцi.
– Прашу вас, гаварыце.
– Як я сказала, сэру Гервазы, здавалася, было цяжка засяродзiцца сапраўды, ён так i сказаў, дадаўшы, што некалькi важных спраў не даюць яму спакою. I ён сказаў... Дайце падумаць... Нешта накшталт (вядома, я не ўпэўнена ў дакладнасцi слоў): "Гэта жахлiва, мiс Лiнгард, калi на сям'ю, адну з самых гордых на зямлi, "падае грэх".
– I што вы сказалi на гэта?
– О, толькi нешта суцяшальнае. Мне здаецца, я сказала, што кожнае пакаленне мае i сваiх слабых сыноў – што гэта частка расплаты за велiч – але што iх памылкi рэдка памятаюцца наступнымi пакаленнямi.
– I гэта дало жаданы эфект, на якi вы спадзявалiся?
– Больш-менш. Мы вярнулiся да сэра Роджэра Шэвенi-Гарэ. Я знайшла вельмi цiкавае ўпамiнанне пра яго ў тагачасным манускрыпце. Але сэр Гервазы зноў стаў няўважлiвы. Урэшце ён сказаў, што сёння больш не будзе працаваць. I яшчэ – што ў яго быў шок.
– Шок?
– Менавiта гэта ён сказаў. Вядома, я не стала задаваць нiякiх пытанняў. Проста сказала: "Мне сумна чуць гэта, сэр Гервазы". I потым ён папрасiў мяне перадаць Снэлу, што прыедзе мiстэр Пуаро i каб той перанёс абед на восем пятнаццаць, i паслаў машыну на вакзал, цягнiк – у сем пятнаццаць.
– Цi заўсёды ён даваў вам такiя даручэннi?
– Ды не... Увогуле, гэта была справа мiстэра Бараўза. Я нiчым не займалася, апрача чыста лiтаратурнай работы. Я не была сакратаркай нi ў якiм сэнсе слова.
Пуаро запытаўся:
– Як вы лiчыце, у сэра Гервазы былi пэўныя падставы прасiць у вас гэтай паслугi замест таго, каб даручыць усё мiстэру Бараўзу?
Мiс Лiнгард задумалася.
– Так, маглi быць... Я не думала пра гэта тады. Я думала, так яму проста зручней. А цяпер прыгадваю, што, сапраўды, ён папрасiў мяне не гаварыць нiкому, што прыязджае мiстэр Пуаро. Гэта павiнна быць сюрпрызам, сказаў ён.
– Ага! Ён так i сказаў? Вельмi дзiўна, вельмi цiкава. I цi гаварылi вы каму-небудзь?
– Вядома, не, мiстэр Пуаро. Я сказала Снэлу пра абед i каб шафёр сустрэў госця, якi прыедзе цягнiком у сем пятнаццаць.
– Цi гаварыў сэр Гервазы што-небудзь яшчэ, што магло мець адносiны да справы?
Мiс Лiнгард задумалася.
– Не... Я не думаю... Ён быў надта напружаны... Добра памятаю, якраз, калi я пакiдала пакой, ён прамовiў: "Нiчога добрага, што ён зараз прыязджае. Занадта позна".
– I вы не маеце нiякай здагадкi, што ён меў на ўвазе?
– Н-не...
Цьмянае падазрэнне ўзнiкла ў Пуаро ад той нерашучасцi, з якой яна вымавiла простае "не". Ён, нахмурыўшыся, паўтарыў:
– "Занадта позна"... Гэта ён сказаў, гэта? "Занадта позна".
Маёр Рыдл спытаўся:
– Вы не можаце нам дапамагчы, мiс Лiнгард, высветлiць сутнасць справы, якая так засмучала сэра Гервазы?
Мiс Лiнгард павольна сказала:
– У мяне ёсць падазрэнне, што гэта нейкiм чынам звязана з Х'юга Трэнтам.
– З Х'юга Трэнтам? Чаму вы так думаеце?
– Ну, нiчога пэўнага не было, але ўчора папаўднi мы якраз закранулi сэра Х'юга дэ Шэвенi, якi, баюся, паказаў сябе не з лепшага боку ў вайне Пунсовай i Белай ружы, i сэр Гервазы сказаў: "I трэба ж было маёй сястры выбраць iмя Х'юга свайму сыну! Яно заўсёды было няўдалым iмем у нашай сям'i. Яна магла б ведаць, што з нiводнага Х'юга не будзе толку".
– Тое, што вы нам кажаце, наводзiць на роздум, – сказаў Пуаро. – Але, гэта падказвае мне новую думку.
– Сэр Гервазы не сказаў нiчога больш пэўнага? – спытаўся маёр Рыдл.
Мiс Лiнгард пакруцiла галавой.
– Не, i, вядома, спецыяльна мне ён не казаў нiчога. Сэр Гервазы, па сутнасцi, размаўляў сам з сабою. Ён, па сутнасцi, не гаварыў са мною.
– Абсалютна так, – сказаў Пуаро. – Мадэмуазель, вы, чужы чалавек, былi тут два месяцы. Было б, я думаю, вельмi карысна, калi б вы шчыра падзялiлiся з намi сваiмi ўражаннямi пра сям'ю i пра ўсiх тутэйшых.
Мiс Лiнгард зняла сваё пенснэ i задумлiва замiргала.
– Ведаеце, напачатку, калi папраўдзе, я думала, што трапiла ў вар'яцкi дом! Лэдзi Шэвенi-Гарэ, якая ўвесь час бачыць рэчы, якiх тут няма, i сэр Гервазы, якi паводзiць сябе, як... як кароль, i нешта вытварае з сябе самым экстравагантным чынам, – так, сапраўды, я i падумала, што яны самыя дзiўныя людзi, якiя мне калi-небудзь сустракалiся. Безумоўна, мiс Шэвенi-Гарэ абсалютна нармальная. А неўзабаве я пераканалася, што лэдзi Шэвенi-Гарэ ў сапраўднасцi вельмi добрая, зычлiвая жанчына. Нiхто не быў дабрэйшы i зычлiвейшы да мяне, чым яна. Сэр Гервазы – так, я сапраўды гэтак думаю, ён быў вар'ят. Яго эгаманiя – здаецца, так гэта называецца – з кожным днём усё больш абвастралася.
– А як астатнiя?
– Мне здаецца, мiстэру Бараўзу ў гэты час было нялёгка з сэрам Гервазы. Мяркую, ён быў рады, што наша работа над кнiгай трохi вызвалiла яго. Палкоўнiк Бэры быў заўсёды прыемны. Ён вельмi шанаваў лэдзi Шэвенi-Гарэ i выдатна спраўляўся з сэрам Гервазы. Мiстэр Трэнт, мiстэр Фобз i мiс Кардвэл толькi некалькi дзён тут, таму, зразумела, я мала што ведаю пра iх.
– Дзякуй вам, мадэмуазель. А што наконт капiтана Лэйка, агента?
– О, ён вельмi сiмпатычны. Усе любiлi яго.
– I сэр Гервазы?
– О, так. Я чула, як ён казаў, што Лэйк – найлепшы агент з усiх, якiя ў яго былi. Зразумела, у капiтана Лэйка таксама былi свае цяжкасцi з сэрам Гервазы, але наогул ён спраўляўся з усiм даволi добра. Гэта было нялёгка.
Пуаро задумлiва сказаў:
– Нешта... нешта яi хацеў запытацца ў вас... адну дэталь... Што ж гэта такое?
Мiс Лiнгард з цярплiвым выразам на твары павярнулася да яго.
Пуаро раздражнёна пакруцiў галавой.
– Ша! Яно круцiцца ў мяне ў галаве.
Маёр Рыдл пачакаў хвiлiну-другую, потым, убачыўшы, што Пуаро па-ранейшаму заклапочана хмурыцца, зноў павёў допыт.
– Калi апошнi раз вы бачылi сэра Гервазы?
– Калi мы пiлi гарбату, у гэтым пакоi.
– Якi быў яго стан тады? Нармальны?
– Нармальны, як i заўсёды.
– Цi адчувалася якое-небудзь напружанне сярод блiзкiх i гасцей?
– Не, я думаю, кожны адчуваў сябе зусiм звыкла.
– Куды пайшоў сэр Гервазы пасля гарбаты?
– Ён, як заўсёды, узяў з сабой у кабiнет мiстэра Бараўза.
– I гэта апошнi раз, калi вы яго бачылi?
– Але. Я пайшла ў маленькi пакой, дзе працую, i друкавала раздзел кнiгi са сваiх нататак, якiя ўзгаднiла з сэрам Гервазы, да сямi вечара, а тады паднялася наверх адпачыць i апрануцца на абед.
– Вы сапраўды чулi стрэл, як я разумею?
– Так, я была ў гэтым пакоi. Пачуўшы нешта падобнае на стрэл, я выйшла ў залу. Мiстэр Трэнт быў там, i мiс Кардвэл. Мiстэр Трэнт запытаўся ў Снэла, цi ёсць шампанскае на абед, i нават пажартаваў. Нам i ў галаву не прыйшло, што гэта нешта сур'ёзнае. Мы засталiся ўпэўненыя, што гэта была зваротная ўспышка аўтамабiля.
Пуаро запытаўся:
– Вы чулi, як мiстэр Трэнт сказаў: "Забойствы бываюць заўсёды"?
– Я ўпэўнена, ён сказаў штосьцi накшталт гэтага – жартам, вядома.
– Што было потым?
– Мы ўсе ўвайшлi сюды.
– Вы можаце ўспомнiць, у якiм парадку ўсе прыйшлi на абед?
– Мiс Шэвенi-Гарэ была першая, мне здаецца, а тады мiстэр Фобз. Потым палкоўнiк Бэры з лэдзi Шэвенi-Гарэ, мiстэр Бараўз адразу ж за iмi. Я думаю, такi быў парадак, але не зусiм упэўнена, бо яны ўсе зайшлi амаль разам.
– Iх сабраў першы гонг?
– Але. Кожны заўсёды спяшаўся, калi чуўся гэты гонг. Сэру Гервазы пунктуальнасць увечары была страшэнна важная.
– Калi ён сам звычайна сыходзiў?
– Ён амаль заўсёды ўжо быў у пакоi, калi гучаў першы гонг.
– Вас здзiвiла, што яго на гэты раз не было ўнiзе?
– Надта.
– Ага, так! – усклiкнуў Пуаро.
Калi другiя двое запытальна паглядзелi на яго, ён сказаў:
– Я ўспомнiў, пра што хацеў спытацца. Сёння ўвечары, мадэмуазель, калi мы ўсе iшлi ў кабiнет, пачуўшы ад Снэла, што ён замкнуты, вы нагнулiся i нешта паднялi.
– Я падняла? – Мiс Лiнгард, здавалася, вельмi здзiвiлася. – Але, якраз, калi мы паварочвалi ў калiдор, якi вядзе да кабiнета. Нешта маленькае i блiскучае.
– Вось дык дзiва – я не памятаю. Пачакайце – ага, успомнiла. Проста я не падумала. Хвiлiнку – гэта павiнна быць тут.
Адкрыўшы сваю чорную атласную сумачку, яна высыпала ўсё, што ў ёй было, на стол.
Пуаро i маёр Рыдл з цiкавасцю агледзелi рэчы. На стале ляжалi дзве насоўкi, пудранiца, малы звязак ключоў, футарал на акуляры i яшчэ адна рэч, якую прагна схапiў Пуаро.
– Божа мой, куля! – сказаў маёр Рыдл.
Рэч, якая па форме сапраўды нагадвала кулю, на самай справе была маленькiм алоўкам.
– Вось гэта я падняла, – сказала мiс Лiнгард. – Я зусiм забылася.
– Вы ведаеце, чый ён, мiс Лiнгард?
– О, так – палкоўнiка Бэры. Ён загадаў зрабiць гэты аловак з кулi, якая трапiла – цi, правiльней, не трапiла, калi вы разумееце, што я маю на ўвазе на паўднёваафрыканскай вайне*.
* Маецца на ўвазе ангельска-бурская вайна 1899-1902 гг.
– Калi апошнi раз гэты аловак быў у яго?
– А, ён быў у яго сёння папаўднi, калi яны гулялi ў брыдж, бо я заўважыла, ён iм запiсваў лiк, як я прыйшла пiць гарбату.
– Хто гуляў у брыдж?
– Палкоўнiк Бэры, лэдзi Шэвенi-Гарэ, мiстэр Трэнт i мiс Кардвэл.
– Я думаю, – мякка сказаў Пуаро, – няхай ён пабудзе ў нас, мы самi вернем яго палкоўнiку.
– О, калi ласка. Я такая забыўлiвая i магла б забыцца зрабiць гэта.
– Цi не маглi б вы, мадэмуазель, запрасiць сюды палкоўнiка Бэры?
– Добра. Я зараз жа пайду i знайду яго. – Яна хуценька выйшла. Пуаро ўстаў i пачаў бязмэтна хадзiць па кабiнеце.
– Мы пачынаем, – сказаў ён, – рэканструяваць гэты поўдзень. Цiкава вось што. А палове трэцяй сэр Гервазы займаецца рахункамi з капiтанам Лэйкам. Ён трохi заклапочаны. А трэцяй ён абмяркоўвае кнiгу, якую пiша з мiс Лiнгард. Ён у страшэнна цяжкiм душэўным стане. Мiс Лiнгард звязвае гэты цяжкi душэўны стан з Х'югам Трэнтам на падставе выпадковай рэплiкi. На вячэрняй гарбаце яго паводзiны нармальныя. Пасля гарбаты, кажа Годфры Бараўз, ён быў у добрым настроi ад чагосьцi. У пяць хвiлiн восьмай ён iдзе наверх, заходзiць у свой кабiнет, крэмзае "даруйце" на кавалачку паперы i страляецца!
Рыдл павольна сказаў:
– Я разумею, што вы маеце на ўвазе. Тут няма паслядоўнасцi.
– Дзiўныя змены настрою ў сэра Гервазы Шэвенi-Гарэ! Ён заклапочаны – ён моцна засмучаны – ён у звычайным стане – ён у гуморы! Нешта вельмi дзiўнае! I яшчэ, гэтая фраза: "Занадта позна". Што я прыязджаю сюды занадта позна. Так, гэта праўда. Я прыехаў сюды занадта позна – каб убачыць яго жывога.
– Разумею. I вы лiчыце?..
– Я нiколi ўжо не даведаюся, чаму сэр Гервазы пасылаў па мяне! Гэта бясспрэчна!
Пуаро ўсё хадзiў па кабiнеце. Ён паправiў адну-другую рэч на камiннай палiцы, агледзеў картачны столiк каля сцяны, адчынiў у iм шуфляду i дастаў маркёры для брыджа. Потым падышоў да пiсьмовага стала i ўважлiва зазiрнуў у кошык для паперы. Там не было нiчога, апрача папяровага мяшэчка. Пуаро дастаў яго, панюхаў, прамармытаў: "Апельсiны" i, разгладжваючы мяшэчак, прачытаў на iм: "Карпентэр i сыны, гандаль садавiнай, Гэмбара Святой Марыi". Ён якраз акуратна складваў мяшэчак, ражок да ражка, калi ў пакой зайшоў палкоўнiк Бэры.
8
Палкоўнiк плюхнуўся на крэсла, пакруцiў галавой, уздыхнуў i сказаў:
– Як гэта жахлiва, Рыдл! I якая цудоўная, цудоўная лэдзi Шэвенi-Гарэ. Вялiкая жанчына! Колькi ў яе мужнасцi!
Мяккiм крокам вяртаючыся да свайго стула, Пуаро сказаў:
– Вы, пэўна, ведаеце яе даўно?
– Так, я быў яшчэ на яе першым балi. Памятаю, у валасах – бутоны руж. I белая, лёгкая, як паветра, сукенка... Цi ж хто-небудзь мог дакрануцца да яе!
Голас яго быў поўны захаплення. Пуаро падаў яму аловак.
– Гэта ваш, я думаю?
– А? Што? О, дзякую, ён быў у мяне сёння папаўднi, калi мы гулялi ў брыдж. Незвычайна, ведаеце, сотня пiкавых анёраў* тройчы запар. Такога не было нiколi раней.
* Картачны тэрмiн.
– Вы гулялi ў брыдж перад вячэрнiм чаем, як я разумею? – сказаў Пуаро. Якi настрой быў у сэра Гервазы, калi ён прыйшоў пiць гарбату?
– Звычайны, зусiм звычайны. Мне ў галаву не магло прыйсцi, што ён наважваўся пакончыць з сабой. Магчыма, ён быў трохi больш узбуджаны, чым заўсёды, зараз я гэта прыгадваю. Пачынаю так думаць.
– Калi вы бачылi яго апошнi раз?
– Вось тады! На вячэрняй гарбаце. Больш я ўжо не бачыў, небараку, жывога.
– Вы наогул не заходзiлi ў кабiнет пасля гарбаты?
– Не, больш я не бачыў яго.
– Калi вы спусцiлiся вячэраць?
– Пасля першага гонгу.
– Вы i лэдзi Шэвенi-Гарэ сышлi разам?
– Не, мы – э-э – сустрэлiся ў зале. Я думаю, яна была ў сталовай, даглядала кветкi, цi што.
Маёр Рыдл сказаў:
– Спадзяюся, вы не будзеце пярэчыць, палкоўнiк Бэры, калi я задам вам, можна сказаць, прыватнае пытанне. Цi былi якiя спрэчкi памiж вамi i сэрам Гервазы наконт "Сiнтэтык пэраган рабэ компанi"?
Твар палкоўнiка Бэры раптам стаў пурпуровы. Ён пачаў гаварыць трохi блытана.
– Зусiм не. Зусiм не. Стары Гервазы быў неразважны чалавек. Вы павiнны памятаць гэта. Ён заўсёды чакаў, што з усяго, да чаго ён нi дакранецца, пацякуць малочныя рэкi! Здавалася, ён не разумеў, што ўвесь свет ахоплены крызiсам. I што крызiс, безумоўна, уплывае на капiтал.
– Дык памiж вамi ўсё-такi былi нейкiя спрэчкi?
– Нiякiх спрэчак. Проста д'ябальская неразважнасць Гервазы.
– Ён вiнавацiў вас за панесеныя страты?
– Гервазы не быў нармальны! Ванда ведала гэта. Але яна заўсёды ўмела кiраваць iм. Я ахвотна перадаваў усё ў яе рукi.
Пуаро кашлянуў, i маёр Рыдл, зiрнуўшы на яго, перамянiў тэму.
– Я ведаю, што вы вельмi даўнi сябар сям'i, палкоўнiк Бэры. Цi вядома вам што-небудзь аб тым, як сэр Гервазы падзялiў спадчыну?
– Ну, думаю, большая частка пяройдзе да Рут. Гэта я зразумеў з яго выпадковых слоў.
– Вы не лiчыце, што гэта было вельмi несправядлiва ў адносiнах да Х'юга Трэнта?
– Гервазы не любiў Х'юга. Цярпець яго не мог.
– Але ж у яго было моцна развiта пачуццё сям'i. Мiс Шэвенi-Гарэ, урэшце, толькi прыёмная дачка.
Палкоўнiк Бэры вагаўся, але потым, трохi пахмыкаўшы i памыкаўшы, сказаў:
– Паслухайце, я думаю лепей сказаць вам. Строга канфiдэнцыяльна, i ўсё такое.
– Безумоўна, безумоўна.
– Рут незаконная, але яна Шэвенi-Гарэ. Дачка брата Гервазы, Энтанi, якi загiнуў на вайне. Здаецца, у яго быў раман з машынiсткай. Калi ён загiнуў, дзяўчына напiсала Вандзе. Ванда паехала да яе – дзяўчына чакала дзiця. Ванда з Гервазы ўсё абгаварылi; ёй якраз сказалi, што сама яна нiколi не будзе мець дзяцей. I яны ўзялi дзяўчынку, калi яна нарадзiлася, i ўдачарылi яе па закону. Мацi адмовiлася ад усякiх правоў на яе. Яны выхавалi Рут, як сваю дачку, i фактычна яна i ёсць iх дачка, i варта толькi паглядзець на яе, каб зразумець, што яна сапраўды Шэвенi-Гарэ!
– Ага! – сказаў Пуаро. – Вось яно што. Гэта робiць стаўленне да яе сэра Гервазы намнога больш зразумелым. Але калi ён не любiў мiстэра Х'юга Трэнта, то чаму ён так хацеў ажанiць яго з мадэмуазель Рут?
– Каб упарадкаваць пазiцыю сям'i. З яго пункту гледжання, гэта быў самы адпаведны шлюб.
– Хоць ён i не любiў маладога чалавека цi не давяраў яму?
Палкоўнiк Бэры фыркнуў.
– Вы не разумееце старога Гервазы. Ён не ўмеў глядзець на людзей як на людзей. Ён наладжваў шлюбы, быццам пары былi каралеўскага роду! Ён лiчыў за належнае, што Рут i Х'юга пажэняцца, што Х'юга возьме iмя Шэвенi-Гарэ. А што Х'юга i Рут думалi самi, не мела значэння.
– А цi мадэмуазель Рут згаджалася прыняць гэтыя ўмовы?
Палкоўнiк Бэры хiхiкнуў.
– Яна! Яна як фурыя!
– Цi ведалi вы, што незадоўга да сваёй смерцi сэр Гервазы складаў новае завяшчанне, паводле якога мiс Шэвенi-Гарэ стала б яго спадчыннiцай толькi пры ўмове, што яна выйдзе за мiстэра Трэнта?
Палкоўнiк Бэры свiснуў.
– Дык яго сапраўды напалохаў яе раман з Бараўзам...
Вымавiўшы гэта, ён прыкусiў язык, але было позна. Пуаро ўхапiўся за гэтае прызнанне.
– Памiж мадэмуазель Рут i маладым месье Бараўзам нешта было?
– Напэўна, нiчога, зусiм нiчога.
Маёр Рыдл кашлянуў.
– Я лiчу, палкоўнiк Бэры, што вы павiнны сказаць нам усё, што ведаеце. Гэта магло мець прамыя адносiны да стану сэра Гервазы.
– Думаю, што магло, – сказаў палкоўнiк Бэры, вагаючыся. – Так, усё ў тым, што малады Бараўз нябрыдкi хлопец, – прынамсi, жанчыны, здаецца, думаюць так. Менавiта ў апошнi час здавалася, што яго з Рут вадой не разлiць, i Гервазы гэта не падабалася – зусiм не падабалася! Ён не хацеў звальняць Бараўза, баючыся прыспешыць ход падзей. Ведаў, якая яна, Рут. Ёю не пакамандуеш. Таму, мяркую, ён i ўхапiўся за гэты план. Рут – не такая дзяўчына, што ахвяруе ўсiм дзеля кахання. Яна любiць раскошнае жыццё i грошы.
– Цi прыхiльна вы самi ставiцеся да мiстэра Бараўза?
Палкоўнiк выказаў думку, што Годфры Бараўз трошкi хамаваты, гэтая заява канчаткова збянтэжыла Пуаро, а маёра Рыдла прымусiла ўсмiхнуцца ў вусы.
Было яшчэ некалькi пытанняў i адказаў, а тады палкоўнiк Бэры пайшоў.
Рыдл зiрнуў на Пуаро, якi сядзеў, паглыблены ў думкi.
– Якую выснову робiце вы з усяго гэтага, мiстэр Пуаро?
Маленькi чалавек узняў рукi.
– Здаецца, я ўяўляю, як усё было. Гэта абдуманы план.
– Гм, складана, – сказаў Рыдл.
– Вядома, складана. Але адна выпадковая фраза здаецца мне ўсё больш i больш iстотнай.
– Што такое?
– Тыя забаўныя словы, якiя сказаў Х'юга Трэнт: "Забойствы бываюць заўсёды..."
Рыдл рэзка сказаў:
– Бачу, вы ўвесь час хiлiце ў гэты бок.
– А вы не згодны, дружа мой, што чым больш мы даведваемся, тым менш i менш знаходзiм матываў для самагубства? А для забойства збiраецца цэлая калекцыя матываў!
– I ўсё ж не забывайце фактаў – дзверы замкнутыя, ключ у кiшэнi нябожчыка. О, я ведаю, ёсць адпаведныя спосабы i сродкi. Сагнутыя шпiлькi, вяроўкi – усе вiды прыстасаванняў. Увогуле, такое магчыма... Але цi было яно на самай справе? Вось у чым я моцна сумняваюся.
– Ва ўсялякiм разе, давайце спачатку разгледзiм сiтуацыю так, што гэта было забойства, а не самагубства.
– О, калi ласка. Раз вы на сцэне, дык, напэўна, будзе забойства!
Пуаро спачатку ўсмiхнуўся, а пасля сказаў:
– Што ж, давайце разгледзiм выпадак як забойства. Чуваць стрэл; чатыры чалавекi ў зале: мiс Лiнгард, Х'юга Трэнт, мiс Кардвэл i Снэл. Дзе ўсе астатнiя?
Бараўз быў у бiблiятэцы, па яго словах. Нiхто не праверыць гэтую заяву. Iншыя былi, мабыць, у сваiх пакоях, але хто ведае, цi сапраўды былi яны там? Кожны нiбыта спускаецца ўнiз паасобку. Нават лэдзi Шэвенi-Гарэ i Бэры сустрэлiся толькi ў зале. Лэдзi Шэвенi-Гарэ прыйшла са сталовай. Адкуль прыйшоў Бэры? Хiба не можа быць, што прыйшоў не зверху, а з кабiнета? Вось i гэты аловак...
Але, аловак – гэта цiкава. Бэры не праявiў нiякiх эмоцый, калi я дастаў яго, але так магло быць таму, што ён не ведаў, дзе я знайшоў аловак, i яму было невядома, што ён згубiў яго. Давайце паглядзiм, хто яшчэ гуляў у брыдж, калi аловак быў ва ўжытку? Х'юга Трэнт i мiс Кардвэл. Яны выпадаюць. У мiс Лiнгард i дварэцкага жалезнае алiбi. Чацвёртая была лэдзi Шэвенi-Гарэ.
– Вы не можаце ўсур'ёз падазраваць яе.
– Чаму не, мой дружа? Паверце, што датычыць мяне – я магу падазраваць кожнага! Дапусцiм, што, нягледзячы на яе вiдавочную адданасць мужу, яна шчыра кахае адданага ёй Бэры?
– Гм, – сказаў Рыдл. – Нейкiм чынам у iх было нешта накшталт menege a trois* – на працягу многiх гадоў.
* Сям'я з трох (фр.).
– I яшчэ канфлiкт праз гэтую кампанiю памiж сэрам Гервазы i палкоўнiкам Бэры.
– Праўда тое, што сэр Гервазы мог намервацца перайсцi да рашучых i небяспечных дзеянняў. Мы ж не ведаем акалiчнасцей. Гэта магло з'явiцца прычынай вашага выклiку сюды. Скажам, сэр Гервазы падазрае, што Бэры наўмысна абiрае яго, але ён не хоча агалоскi, баючыся, што можа быць замешана i яго жонка. Так магчыма. Гэта дае абаiм рэальны матыў. I сапраўды трохi дзiўна, што лэдзi Шэвенi-Гарэ ўспрыняла смерць мужа так спакойна. А гэтыя духi могуць быць гульнёй!
– Потым, ёсць яшчэ адна складанасць, – сказаў Пуаро. – Мiс Шэвенi-Гарэ i Бараўз. Яны зацiкаўлены, каб сэр Гервазы не падпiсаў новага завяшчання. Калi гэта так, яна атрымлiвае ўсё пры ўмове, што яе муж бярэ прозвiшча сям'i...
– Так, i расказ Бараўза пра настрой сэра Гервазы ў гэты вечар трохi насцярожвае. У гуморы, нечым задаволены! Гэта не адпавядае нiчыiм словам.
– А яшчэ тут ёсць мiстэр Фобз. Надзвычай карэктны, надзвычай строгi, за iм – старая i агульнапрызнаная фiрма. Але юрысты, нават самыя рэспектабельныя, вядомыя тым, што яны прысвойваюць грошы свайго клiента, калi ў самiх нявыкрутка.
– Я думаю, вы робiцеся трохi меладраматычным, Пуаро.
– Вы лiчыце, што мае iдэi занадта падобныя на кiно? Але часта жыццё маё, Рыдл, надзiва падобнае на кiно.
– У Вестшыры пакуль што не было такога, – сказаў галоўны канстэбль. Лепей мы скончым нашы размовы з астатнiмi, як вы думаеце? Позна ўжо. Мы не бачылi яшчэ Рут Шэвенi-Гарэ, а яна, напэўна, самая важная з усiх.
– Добра. Але ёсць яшчэ мiс Кардвэл. Можа, нам сустрэцца спачатку з ёю, бо гэта не зойме многа часу, а з мiс Шэвенi-Гарэ пагутарым напаследак.
– Слушная прапанова.
9
У той вечар Пуаро толькi зiрнуў на Сьюзен Кардвэл. Цяпер ён пiльней прыгледзеўся да яе. Разумны твар, падумаў ён, нельга сказаць, што прыгожы ў поўным сэнсе слова, але надзелены прывабнасцю, якой проста мiлавiдная дзяўчына магла б пазайздросцiць. Валасы пышныя, твар з густам дагледжаны. Назiральныя вочы.
Пасля некалькiх папярэднiх пытанняў маёр Рыдл сказаў:
– Я не ў курсе, як блiзка вы знаёмыя з гэтай сям'ёй, мiс Кардвэл?
– Я iх зусiм не ведаю. Х'юга зрабiў так, каб мяне сюды запрасiлi.
– Дык вы сябруеце з Х'юга Трэнтам?
– Такi мой статус у гэтым доме: сяброўка Х'юга Трэнта. – Сьюзен Кардвэл усмiхалася, працяжна вымаўляючы словы.
– Вы даўно знаёмы з iм?
– О, не, усяго нейкi месяц. – Яна зрабiла паўзу, а потым дадала: – Я тут у якасцi нявесты.
– I ён прывёз вас пазнаёмiць са сваiмi?
– О, божа, зусiм не так! Мы трымалi гэта ў глыбокай тайне. Я проста прыехала на разведку. Х'юга казаў мне, што iх сям'я – як вар'яцкi дом. Я вырашыла: прыеду сама i пагляджу. Небарака Х'юга – мiлы пястун, але ў яго не варыць як след галава. Становiшча, ведаеце, было досыць крытычнае. Нi ў Х'юга, нi ў мяне – нiякiх грошай, а сэр Гервазы, галоўная надзея Х'юга, гарэў жаданнем ажанiць свайго пляменнiка з Рут. Х'юга, ведаеце, трохi слабавольны. Ён мог згадзiцца на гэты шлюб, разлiчваючы развесцiся потым.
– Такая iдэя не вабiць вас, мадэмуазель? – мякка запытаўся Пуаро.
– Абсалютна. Рут магла б атрымаць усе i адмовiць яму ў разводзе цi яшчэ што. Я цвёрда рашыла: не зраблю i кроку ў Найтбрыдж Святога Поля, пакуль не змагу з'явiцца сюды, дрыжучы, з ахапкам лiлеяў у руках.